[{{mminutes}}:{{sseconds}}] X
Пользователь приглашает вас присоединиться к открытой игре игре с друзьями .
Марта Піньска. Беларуска
(0)       Используют 6 человек

Комментарии

Ни одного комментария.
Написать тут
Описание:
Марта Піньска. Беларуска. Беларуская мова.
Автор:
Lucky_Cat
Создан:
16 мая 2018 в 21:01 (текущая версия от 16 мая 2018 в 21:48)
Публичный:
Нет
Тип словаря:
Тексты
Цельные тексты, разделяемые пустой строкой (единственный текст на словарь также допускается).
Содержание:
1 Люблю заходзіць у гэтую піццэрыю ў цэнтры Менска. Гэта трошкі атмасферы вялікага горада і адчування, што ты пусціў карэнне ў заходні стыль: абед - хуценькая, подбегам, перакуска ў самым цэнтры вірлівага жыцця. Сяджу каля вялікага акна ў памяшканні і разам з тым на праспекце Скарыны сярод людской куламесы, што чакае бітком набітага тралейбуса. Салон піццэрыі ахінае непаўторная атмасфера тусоўкі.
2 Ёмістая неўабхват, высокая афіцыянтка з разложыстымі клубамі калышацца над мною, прымаючы заказ. Яе меланхалічны выгляд яшчэ да нядаўняга даводзіў мяне ледзь не да шалу. Але я ўжо тут цэлы год і цяпер, бадай што, лепей разумею ў яе вачах тутэйшую невымоўную тугу па нечым неакрэсленым. Такі стыль жыцця. Нічога акрамя. Аніякай табе філасофіі.
3 Каля стойкі бара нейкі фраер пацягвае сок. Такім спосабам прабаўляе цалюткі божы дзень. Гаворыць па сотавіку, а сам абсмаквае мяне павабна-юрлівымі вачыма. Але прыкметны недахоп эрэкцыі ў яго вачах знеахвочвае мяне да далейшай забавы ў рэстаранны флірт. Не магу адгадаць, чым жа ён так пераймаецца.
4 Можа, на службе ў КДБ і цяпер проста фіксуе, што робяць, што гавораць людзі. Па-свойму гэта павінна быць багатая інстытуцыя, калі мае на ўтрыманні такіх віжоў. А, можа, валютчык і праварочвае па тэлефоне вялікія партыі даляраў.
5 Аднаго разу нават падумала была, а ці не зладзіў ён тут легальную яўку сваёй агентуры, бо час ад часу да яго клеіліся раздэкальтаваныя паненкі ў кароткіх уабліпку спаднічках. Але будзь яно так, ён мусіў бы не-не ды пастаўляць іх і кліентам. А ён з дзяўчатамі толькі балбоча ды фамільярна агладжвае іх па плечыках і каленцах. Спрабую зноў расшыфраваць асноўны змест заняткаў гэтага шустрыка...
6 Тут я першы раз убачыла яе. Яна ўвайшла ў піццэрыю, уся ў скуры, проста з матацыкла. Следам невысокенькі італьянчык з цёмным загарэлым тварам. Мне адразу кінулася ў вочы яе спакойная, гарманічная ўсмешка. Што рэдкасць у гэтай краіне. Людзі тут наогул не ўсміхаюцца, а ў дзяўчат ва ўсмешцы хутчэй нешта ад вагінальнай адкрытасці, чым простай зычлівасці да свету.
7 А ў ёй я адразу змеціла гармонію і шчырасць. Нават не здзівілася, што такое бывае ў гэтым свеце.
8 Яна прайшла са сваім італьянцам праз увесь доўгі салон і села ў канцы каля акна, так што я магла бачыць яе твар і гуллівыя вочы. Не ведаю, чым я звярнула на сябе яе ўвагу, але ж некалькі разоў нашыя вочы сустрэліся ў ацэначнай прыглядцы.
9 Я спрабавала зразумець цягу беларускіх дзяўчат да італьянцаў, у гэтай халоднай краіне, поўнай тугі па яркім і бесшабашным свеце поўдня. Як лёгка даецца назваць усё гэта прагай да грошай і люксу. А тым часам той італьянскі свет, што прыбіваецца да менскага берагу, гэта нейкая маргінальнасць, каб не сказаць - шумавінне вялікага бізнесу. Няма ладу які там такі вялікі свет, а проста дробныя гандляры, адмывальнікі мафіёзных барышоў, распанелыя ў чэраве падстаркі-паклоннікі славянскай красы.
10 Неяк я прачытала была ў тутэйшай газеце гісторыйку адной маладзенькай дзяўчыны і італьянца з Вероны. Было тое ў часы вайны, і хай сабе кажуць, што фашысты звозілі на тэрыторыю Беларусі італьянскіх вязьняў на прымусовую нявольніцкую працу, сёння я не так ужо і ўпэўненая ў гэтым.
11 У 1943-м ці тое ў 1944-м годзе на абутковай фабрыцы, сёння гэта вядомы «Луч», працавалі італьянцы. Адзін з іх малады веронец Анжэла Ковач надыбаў тут семнаццацігадовую Аду Наркевіч. Злюбіліся. Сустракаліся яны ў мілосным замроенні і, хай не ведалі родных моваў адно аднаго, а от жа целы іхнія паразумеліся дасканала і без слоў.
12 Некалькі гадоў пасля вайны Ада думала, што Анжэла падзяліў лёс многіх сваіх землякоў, целы якіх паўкідалі ў глыбокія равы ў розных лясах і пералесках Беларусі. І раптам неспадзявана атрымала ліст, якога нікому не паказала і не пераклала, баючыся расшалелай цэнзуры і падазрэнняў ў небяспечных кантактах з Захадам.
13 Праз паўстагоддзя нехта пераклаў ёй тэкст ліста. Яна ўжо была пры смерці, але паспела даведацца, што Анжэла пачуваецца добра, сумуе па ёй, хацеў бы, каб прыехала да яго. Апісвае фірму вопраткі, якая вельмі добра раскручваецца, і ўпраўляе ён ёю разам з бацькам, маці і сястрою. Можа, акурат цяпер Анжэлаў зяць шукае рынкаў збыту ў Маскве і плануе закласці швальню ў Менску, Горадні ці ў Берасці, ведаючы, што ў Беларусі ладныя і працавітыя дзяўчаты, гатовыя шыць кашулі багатым рымлянам і міланцам.
14 Італьянцы яшчэ і з іншай прычыны сталіся бывальцамі ў гэтым рэгіёне Эўропы. Гэта ж бо іхнія дойліды будавалі тут палацы Радзівілам і Сапегам, іх інжынеры і майстры прымалі запрашэнні на будаўніцтва ці аздабленне шмат якіх касцёлаў. Ну і, вядома, тутэйшыя дзяўчаты - ясныя, вабныя, усмешлівыя, з нейкай інтрыгай славянскай міладушнасці ў сабе. Ці адзін з іх мусіў уцякаць ад раз'юшанай сварлівай жонкі ў спакойныя абдымкі цярпліва-трывалай беларусачкі...
15 Калі афіцыянтка прыносіць маю піццу, я адрываю вочы ад развіраванага натоўпу каля аўтобуса і гляджу на яе, гэтую цікавую дзяўчыну ў канцы залы, каля якое сядзіць брунет і, жвава размахваючы рукамі, спрабуе ёй нешта давесці. Яна пасміхнулася мне. Я адразу адузаемнілася эычлівым позіркам і праз нейкі момант мне ўжо здавалася, быццм і я і яна з адценнем іроніі паглядаем на выхілясы яе няўрымслівага заляцанца.
16 Нечакана мы спаткаліся зноў у суботу на картынгавым полі, дзе менская моладзь бавіць дапалуднёвы час у спартыўных заездах. Прывёз мяне туды Вова, даўні, яшчэ з савецкіх часоў хіпі, на рахунку якога адсідка ў сярэдзіне васьмідзесятых за дармаедства.
17 Аўтар мяцежніцкіх вершаў, але больш вядомы тут як гаспадар «Harley Davidson'a». Адзін з нямногіх у Беларусі «жалезных братоў», які ў гэтыя цяжкія часіны яшчэ мае сілу разбэшчваць моладзь занадта і залішне, як на саракагадовага, шпаркай і шумнай яздой.
18 Вова паказвае мне свет менскай залатой моладзі, разбагацелых тарбахватаў і беларускіх нуварышаў. Усім падавай нестандартныя машыны, нестандартную хуткасць, грукат і смурод выхлапных газаў.
19 За гэтым светам стаіць патрэба волі і вольніцы. Неацуглянай і неабмежаванай.
20 Нямала мужчын прыходзіць толькі дзеля таго, каб не страціць кантактаў з калегамі. Іншыя - павыстаўляцца з новымі бабамі. А яшчэ - каб папасвіцца сярод дзяўчат, што наведваюцца сюды, а тое і закадрыць каторую. Альбо проста пазнаёміцца з кім-небудзь талковым ды пракінуцца з ім увечары на дыскатэку.
21 Трапляюцца і такія, што прыходзяць з жонкамі, але, напэўна ж, каб паказаць ім, што іх свет не замыкаецца ў чатырох сценах сужэнскіх мусовасцяў.
22 Вова расказвае мне, што большасць яго калегаў - тут на картынгу, гэтым своеасаблівым аўкцыёне новых аўтамабіляў, новых цёлак, прыкідаў. Але сам ён гэтым грэбуе. Прыязджаюць, каб сваёй штучнай і пластыкавай душою прыляпіцца да сапраўднага свету.
23 Махнуў рукою ўбок дзяўчыны каля матора - гэта адна з такіх дзельных баб у гэтым горадзе. Уяві сабе, заснавала з яшчэ некалькімі маетніцамі матацыклаў і скутэраў клуб «жалезных сёстраў». У піку хлопцам надзелі скураныя курткі, пакуплялі матацыклы і з вясны да канца лета аб'язджаюць усёй грамадай цэнтр горада альбо кавалькадай шыбуюць у Горадню, Берасце ці Наваполацак.
24 Там сустракаюцца з намі. Бывае, вітаем і адпраўляем праезджых байкераў на Маскву альбо Парыж. Апошнім часам быў тут у нас Анджэй з Варшавы, валацуга і вырвас, які гадоў наццаць правёў у Штатах і мае на рахунку вялікія жалезныя выправы вакол свету.
25 Прыгадваю, аднаго разу ўлетку я бачыла кавалькаду матацыклаў і адчула, як ад іх павеяла свабодай. Але ў Менску кіроўцы растуркатаных машын не прымаюць на сур'ёзе матацыклістаў ці веласіпедыстаў. Тут небяспечна. Можа, рыхтык дзеля таго і ездзяць. Насуперак.
26 Вова падыходзіць да матацыклісткі, падштурхоўваючы мяне бліжэй, каб я пазнаёмілася з ёю. Яна разгінаецца ад мшыны, паварочваецца, і ў сонечным бляску асфальтавай пляцоўкі ўсю мяне аблівае знаёмая цёплая ўсмешка.
27 Я і не думала, што праз некалькі дзён мы зноў сустрэнемся на канцэрце. Убачыла яе ў тым самым скураным строі, як яна стаяла сярод гітарыстаў нейкага гурту ў антракце і весела размаўляла.
28 Пасля канцэрта мы пілі кепскае беларускае піва ў буфеце Дома афіцэраў. Дом афіцэраў. Гучыць у тон усім гэтым назвам вуліц: Рэвалюцыйная, Камуністычная, Пралетарская... альбо - па імёнах нейкіх савецкіх герояў, што ні пра што мне не гавораць: Харужая, Мяснікоў, Прытыцкі...
29 Парадокс, бо людзі, ходзячы па вуліцы Камуністычнай не маюць нічога агульнага з камунізмам. Разам з уласнікам дарагой забягалаўкі, які, пэўна, штораніцы ачухваецца ад кашмарных сноў, у якіх у яго адбіраюць усё набытае ім за апошнія некалькі гадоў.
30 У Доме афіцэраў хлопцы з NRM ці групы «Новае неба» спяваюць пра нягеглага дырэктара калгаса, у якога на стале ў кабінеце стаіць глобус і які ў хвіліны дэпрэсіі пасля праваленай уборачнай, пішучы чарговую просьбу міністру пра датацыю, суцяшаецца, паглядаючы на вялікі Савецкі Саюз, які дазарэзу трэба неадкладна ўваскрэсіць, і тады адразу папруць угору ўраджаі, надоі і палепшыцца жытка.
31 Кася Камоцкая спявае пра двух польскіх шпіёнаў Болека і Лёлека, а Віктар Шалкевіч пра хамскую ўладу, якая надзела шляхецкі кунтуш, а ў самое з ботаў салома лезе.
32 Моладзь перад эстрадай бушуе, махаючы нацыянальнымі сцягамі памерам з насоўку альбо запальнічкамі, як тое ў нас гадоў дзесяць таму назад на канцэртах «Пэрфэкту» ці «Рэпублікі». Пры гэтым падымаюць пальцы ў форме літары V і ягляць «Жыве Беларусь!».
33 Рэспубліка Мары ў беларускім выданні гэта - Народная Рэспубліка Мроя (NRM) - даслоўна. Але калі я гляджу на хлопцаў, якія па завязкі ўпіваюцца ў буфеце, - не пакідае мяне аптымізм.
34 Некалькі месяцаў таму назад знаёмыя падарылі мне білеты на канцэрт расейскай групы «Машина времени». Паў-Менска збеглася паслухаць «дыназаўраў». Не натхніла мяне тое ані. Расейскі блюз з тэкстамі, як у песеньках Анджэя і Элізы ці групы «Pod budą». Вечна нейкі пункцік і паэтычны вобраз краю поўны залішне меланхалічнага спакою.
35 Мае знаёмыя патлумачылі мне, што гэтая музыка на пераломе сямідзесятых-васьмідзесятых была глытком свежага паветра. Ну, так - трохі ў гэтым Боба Дылана, прызнаю. Але каб аж заходзіцца ад захаплення... Не спрамаглася пераканаць сябе. Толькі адно абудзіла ўва мне сімпатыю, - што сціжма моладзі пад сцэнай паводзіцца чыста, як у нас.
36 Іншая рэч, што ніякай у тым палітыкі. Хоць... усё-такі нейкая там дэманстрацыя антысавецкай поп-культуры.
37 Тут, калі граюць беларускія капэлы, няшмат моладзі, але затое больш дынамікі і маніфестацыйнасці.
38 Пасля канцэрта я стала непадалёк ад яе ў бары і, калі б не музыка групы, якая ахвяравала нам дзве касэты, можа, ніколі не дайшло б да гутаркі. Завялася яна сама. Нібыта мы ўжо знаёмыя каторы там месяц. Яна адразу адгадала, што я з Польшчы.
39 Расказала мне пра NRM як пра бунт маладзейшага пакалення Беларусі супроць расейскай поп-культуры, супроць бальшавіцкіх схемаў у будным жыцці, супроць недалужнасці. У іхніх песеньках на канцэрце я не магла ўлавіць і зразумець паасобных слоў, бо гвалт стаяў неверагодны. І ад музыкаў, і ад публікі. Таму я рашыла купіць касэту і спакойна праслухаць усё дома.
40 Мы развіталіся, і я пабегла да знаёмых. На хвіліну яна знікла ў тлумішчы каля выхаду. Але тут жа вынырнула зноў і падскочыла, трымаючы адной рукой на калене вялікую скураную сумку, другою нешта спехам напісала. Мы падалі адна адной руку, прадставіліся па імёнах. Яна сунула мне на маленькай жоўтай картачцы свой нумар тэлефона. Трэба будзе неяк сустрэцца ды пагаманіць.
41 Я патэлефанавала праз некалькі дзён. Размова як з даўняй знаёмай. Яна папрасіла зайсці да яе на кватэру ў цэнтры. Падала дакладны адрас і код да дзвярэй у пад'ездзе. Гэта як выдача сакрэту ці доказ даверу. Дамафоны ж у гэтым горадзе кепска альбо ўвогуле не працуюць.
42 Я прыйшла таго самага вечара, прыхапіўшы ў прэзент бутэльку чырвонага віна і некалькі дыскаў з джазам, крыху польскага, крыху амерыканскага.
43 Слухаючы Колтрэна, пацягвалі віно. Я ўпершыню слухала Томаша Станьку, і мне падабалася бачыць на яе твары ўхвалу і замілаванасць. Пасля на кухні зрабілі сабе нешта на перакуску. І неяк само сабою гамана і гамана...
44 І ўжо з першых хвілін я пацэліла ў самую нутробу яе настрою. Ёй трэба было з кім-небудзь падзяліцца сваім. І мусова каб з кімсьці звонку. Не цяжка было вычытаць з яе твару, што далягаў ёй нейкі клопат. Праз гадзіну мы ўжо пачуваліся даволі блізка.
45 Як наладжаныя на прыём унутраных вібрацый апараты. Я пачала падкідаць ёй кампліменты пра яе здатнасць, глыбокі і радасны позірк, пра славянскую душу, пра смутак, прыхаваны за гэтай знешняй маскай, якая не вельмі шчытна прыкрывае настальгію і адчуванне няпэўнасці ў сваім лёсе. Я папрасіла, каб яна дазволіла мне дакрануца да яе валасоў.
46 Яна не зрабіла ніякага жэсту нязгоды, але цэлы той час трымала ў сабе вялікі зарад недаверу да мяне, што спрычыніла ўва мне пачуццё няпоўнай раскаванасці. Я пасмяялася, што, бач, спрабую завесці яе, а яна вось вельмі ж чуллівая што да кампліментаў і недаверлівая. Калі хтосьці табе ўточыць камплімента, значыцца, - пачынае гульню, хочучы змусціць альбо падкупіць.
47 Прыглядваліся мы адна да адной доўга. І тады яна пачала мне спавядацца. Да гэтага часу ў жыцці яна, бадай што, не спаткала яшчэ чалавека, які разумеў бы яе і прымаў з усёй авантурнасцю яе натуры, неспакойнай і поўнай вар'яцкіх паваротаў і заскокаў. У асяродку ўсяго гэтага яна часта разбівае сабе галаву, спрабуючы вырвацца з рамак і прынятых тут шаблонаў.
48 Яна даводзіла, што ў адносінах паміж людзьмі найбольшая праблема - няшчырасць з сабой, што спараджае хлусню, выкруткі, ашуканства.
49 Яе папярэдні муж, якому пасля трох гадоў шлюбу і апошняй бурнай начы ў ложку яна паказала на дзверы, не здолеў унаравіць яе фантазіям і жаданням. Найбольш дакучала ягоная рэўнасць да ўяўных, а зрэшты, і рэальных раманаў. Але пры гэтым ён перастаў цікавіцца ёю і адстаўляў яе ўбок як рэч, якая сталася ягонай уласнасцю і не вымагала адмысловай штодзённай увагі.
50 Расказала, як аднаго разу ўвечары пасля году шлюбу ён прынізіў яе, з паблажлівай літасцю заглядваючы ў яе пажадлівыя вочы, пасля чаго груба раздзеў яе і холадна, іранічна пазіраючы ў твар, растрахаў яе без ніякае асалоды. Выліў з сябе сперму і адкінуўся ў крэсла з той самай пакеплівай ухмылкай. Нешта ў ёй прарвалася, зламалася.
51 Адчула, што гэта якраз той момант, калі ведаеш, дзе канчаецца цярплівасць і пачынаецца адчужэнне альбо нават нянавісць. Можа, гэта была і трапная нагода, каб драматычна пакласці крэс жыццю ў клетцы, якое называецца шлюбам. Яна спакойна надзела сваю самую лепшую сукенку, зрабіла кідкі макіяж, уступіла ў туфлі на высокіх абцасах і, заняўшыся добрай парфумай, змеціла ў люстры прыходжай яго ўражаны твар. Гэта была першая частка яе сатысфакцыі.
52 Другая настала, калі вярнулася пад раніцу і ўбачыла, як ён шалее ад злосці. Спачатку стрымліваўся, а тады выліў з сябе цэлы цэбар брудных і ліпкіх слоў. Яна не сказала яму, што правяла ноч, задаўшы гвалту сваёй натуры, з першым лепшым добра ўбраным госцем, якога падчапіла ў італьянскім бары на Нямізе. Пазней яны пайшлі ў гатэль і пілі да поўначы, забаўляючыся непрыстойнымі размовамі.
53 Спачатку госць думаў, што мае справу з прастытуткай. А калі зарыентаваўся, што тут не заходзілася пра заробак, узяў яе ў саўну і, салідна ўпіўшыся, не ўпораўся засмычыць яе. Яна пакінула яго спаць на кушэтцы ў нейкі салоніку, знятым за некалькі сотняў даляраў, і вярнулася дамоў першым ранішнім аўтобусам, атрасаючы з сябе гідлівыя позіркі менскага пралетарыяту, які паслухмяна вырупіўся на першую змену.
54 Яна адчула сябе чыстай курвай-адорвай, і рыхтык гэта пацвердзіў муж, шкумутаючы і раскідаючы яе вопратку. Дзякуючы створанай сабою ж сітуацыі, яна са спакойным сэрцам пачала вызваляцца ад абрыдлівага ўсведамлення: прадмет - уласнік.
55 Спрабую разабрацца ў подлым пачуцці, што агарнула мяне, калі я зноў убачыла яе ў піццэрыі з тым самым італьянцам. Спачатку, як пацыент пасля горкага дыягназу, я не хацела пагадзіцца з фактам, што гэтае пачуццё трэба назывваць раўнівай зайздрасцю. Нейкая млосць недзе ў грудной клетцы, напятасць, як фізіялагічныя праявы пры месячных, раптоўны наплыў асамотненасці і барацьба з мітуснёю думак.
56 Спроба ўпарадкаваць пачуцці і ўлавіць у гэтым сумбуры хоць бы якую там рацыянальную прычыну раздражнення. Яна глядзіць на мяне ўсмешліва і здзіўлена. Як бы разумеючы мой унутраны стан. Падыходзіць. Вітаецца, цалуе ў шчочку. Просіць, каб я ўвечары патэлефанавала, і хуценька ўцякае да свайго залётніка. Мяне захліствае хваля незычлівасці да яе і нават пагарды. Гэта як бы другое аблічча зайздрасці, таго пачуцця, з якім я павінна даць сабе рады і сама ж на яго ўправу знайсці.
57 Такое са мною ўжо колькі бо разоў бывала. Памятаю свайго першанькага ў Кракаве, з якім мы ўзаемна адкрывалі сабе рэакцыю нашых целаў на электрызуючыя дотыкі і цалункі. Не ведаю, ці было тое першым каханнем, але калі аднаго разу я ўбачыла яго з іншай дзяўчынай, адчула востры боль. Як бы нешта ў мяне адабралі ці ўкралі.
58 Я шмат разоў аналізавала гэты стан, які называюць хто зайздрасцю, хто рэўнасцю, і кожнага разу трапляла ў тую самую скрынку, у якой схавана старадаўняя таямніца чалавецтва, то бок, суадносіны ўласнасці. Аж тры пункты дэкалогу прысвечаны гэтаму непасрэдна, астатняя рэшта ў пэўным сэнсе таксама. Ці ж бо гэта не таямніца? У маіх пазнейшых закаханасцях ці мала калі здараліся сітуацыі, што адносіны з каханым пераходзілі ў стан прыўлашчання. Зрэшты, апошнім часам з Маркам, хлопцам, з якім ужо больш года я цацкаюся тут у Менску, перажыла нешта падобнае.
59 Аднаго разу ён уброіў мне авантуру, што, бач, цягаюся начамі па дыскатэках. Гэта была яго апошняя напамінка ў такім стылі. І хоць у мяне была вялікая хэнць на яго ў той вечар, я бразнула дзвярмі і сышла ад яго на добры тыдзень. Потым была сур'ёзная размова за вялікім півам. Ён зразумеў тое, што я ў сваім жыцці ўзяла сабе за галоўны прынцып, - не будзе, хто б ты ні будзь, абмяжоўваць маю свабоду. Я не ўласнасць дзяржавы, я нічыя не ўласнасць. І канец.
60 Якраз тады я і пачула ад яго ладны маналог пра рэўнасць. Як бы яму рассланіліся хмары над галавой. Сказаў, што рэўнасць мае выгляд і рысы, якіх яму акурат і бракуе. Рэўнасць - гэта высокі шатэн са спартовай фігурай, ездзіць на дужа добрым аўто, мае залатую Visa-карту, вядзе рассупоненае жыццё, што дае яму перавагу ў кожнай гутарцы і дыскусіі.
61 Я прызнала за ім рацыю, калі аналізавала сваю рэўнасць. Трапнае апісанне. Зайздрасць, рэўнасць мае статныя ногі, доўгія падвітыя валасы, большыя грудзі, меншы нос, ведае больш моваў, прачытала больш кніг і, вядома ж, разумнейшая.
62 Рэўнасць трэба апісваць як іншую асобу, якая здаецца лепшай, разумнейшай, багацейшай, прыгажэйшай...
63 З камянямі - тое была яе ідэя. Як бы са стыхійнага парыву, што я найбольш цаню і што мяне ў ёй найбольш вабіць.
64 Акруглыя, пляскатыя, зручныя, каляровыя марскія камяні з лета ляжалі на паліцы з кнігамі. Яна прывезла іх з Ніды, дзе правяла цудоўны тыдзень на летувіскім узбярэжжы з групай сяброў з некалькіх менскіх газет. Камяні гэтыя, кажа, збірала з мэтай, што паслужацца ёй для масажу цела. Я недзе чула пра такую методу. Нагрэтыя ў гарачай вадзе пасля масажу кладуцца на спіну. Цяпло камянёў суймае боль, супакойвае, мацуе і дае адчуванне гарту.
65 Але яна ўзбагаціла гэтую ідэю пасля таго, як тады на пляжы ў Нідзе Насця паклала тры разагрэтыя на сонцы камяні ёй на жывот. І яна адчула нязвыклую цеплыню, і якраз тады падумалася, што ў камянях заключана вялікая эратычная моц. Асабліва ў гэтых марскіх, тысячагоддзямі лашчаных вадой, шліфаваных водарасцямі і марскімі істотамі.
66 Калі я першы раз прыйшла да яе на кватэру, камяні падаліся мне звычайнымі мяшчанскімі кічовымі цацанкамі. Як фарфоравыя фігуркі лялек і зверанят. А тым часам яна выбрала адзін з іх - крапчаты, ржава-чырвоны. Глыбока затуліла яго ў далоні і трымала так некалькі хвілін, гледзячы мне ў самыя вочы, нібы хацела ажывіць успаміны гэтага кавалка матэрыі, апелюючы да маёй памяці.
67 Я ўзгадала верш Ганны Каменскай і ўголас прачытала яго па-польску, робячы акцэнт на кожным слове. Яна ўсё разумела. Так, як бы гэтая паэзія была таксама часткай яе памяці, і каменя, і майго позірку, і нашых целаў.
68 У канцы мы самі маем права адчуваць сябе такімі ж цвёрдымі камянямі, якія, абцёртыя ў людскім тлуме, сярод здарэнняў і лёсаў гартуюць сваю сутнасць і глыбока ўсярэдзіну хаваюць цяпло і складаную структуру перажывання свайго ўласнага кавалачка вечнасці.
69 Цёплы ад яе разгарачанай далоні камень яна прытуліла мне да шчакі, вуснаў, носа. Правяла ім па шыі і ніжэй. Пацалавала мяне і сказала, што гэта і ёсць размова з каменем. Пасля ўсунула яго мне ў далонь і сказала прынесці праз некалькі тыдняў, калі, добра разагрэты маім целам, ён будзе трымаць для яе запіс стуку майго сэрца, паху цела, гуку словаў і сілы пагляду.
70 Некалькі ночаў я трымала камень у сваім ложку. Калі кахаліся з Маркам, камень быў сведкам нашых спазмаў і енкаў. Марк таксама браў яго ў далоні і гладзіў ім мае сцёгны, плечы, ступакі.
71 Праз некалькі тыдняў, калі я аддавала ёй камень, мы ўжо выдатна разумелі адна адну. Яна ўзяла ў мяне гэты ржава-чырвоны і паклала на далонь іншы, халодны, з шэра-срабрыстай павалокай. Сказала толькі, што хоча дакрананнем, поўнай далоняй абняць цвёрдае змесціва і выдабыць з яго тое, што я ўклала поўнай сілай маіх найлепшых пачуццяў. Халодны камень назваць прыладай кахання...
72 Я люблю яе кватэру ў цэнтры Менска. І гэта пачуццё супярэчыць маім мяшчанскім кракаўскім прызвычайкам. Праўда, лесвіца няшмат розніцца ад той, якую я з такім задавальненнем пакінула ў Страдоме некалькі гадоў таму назад.
73 Задуха, кухонныя пахі, смурод мачы бамжоў і валацужных п'янчугаў з наваколля. І тыя кракаўскія кашэчыя сцулі, да смуроду якіх так лёгка прывыкаеш, калі любіш жывёлаў. Але ў Кракаве кожная кватэра мела хоць крышку мяшчанскага цяпла. Такога неабходнага эўрапейцу, звыкламу пагарджаць перад сябрамі слабінамі стэпавага воўка.
74 Масіўныя дзверы кватэры паспяхова адсланяюць яе ад знешняга свету. Пасля некалькіх начных выпадкаў, калі ў дзверы ламаліся п'яныя іншаземцы, памыліўшыся дзвярмі з суседняй вышэй паверхам інтымнай установай, яна пастанавіла сабе забяспечыцца саліднымі і моцнымі замкамі, жалезнай засаўкай і мяккай абіўкай, якая глушыла ўсе вонкавыя шумы.
75 І тым не меней ноччу з лесвічнай пляцоўкі далятае рэзкі стукат высокіх абцасаў альбо п'яныя крыкі неспатоленых кліентаў.
76 У калідоры яе кватэры старая мэбля пакрытая цёмнай палітурай, такой моднай у канцы шасцідзесятых, прыгнятае сваёй безгустоўнасцю. Але ўжо пакой, у якім яна праводзіць большую частку жыцця, дае мне адчуванне пэўнасці. Хоць, халодны і поўны пагардлівай, задзірыстай няўкладнасці, ён мае некалькі прадметаў хатняга ўжытку і кніг, моцна абжытых у такой самай эстэтыцы, якую калісьці ў Польшчы апісаў нейкі малады сацыёлаг, высмейваючы хіпі ў доўгіх пацёртых світарах, з акулярамі на носе і прышпіленым на грудзях рэастатам.
77 Што нас яшчэ лучыць, дык гэта яе вялікі альпінісцкі заплечнік у куце за шафай і заквэцаныя боты. У Беларусі цяжка з гарамі, а ейную любоў да вылазак у Судэты і Татры пацвярджаюць шматлікія здымкі, хаатычна развешаныя над сталом і кніжнай паліцай.
78 Калекцыя кампактдыскаў дае ўяўленне як пра добрую музычную адукацыю, так і пра малады ўзрост. Ад Баха, Скарлацці праз Равэля, Стравінскага, Шапэна аж да найноўшых дыскатэкавых хітоў. Іншая рэч, што даступнасцю гэтай моднай прадукцыі можна заўдзячваць пірацкаму бізнесу і нізкім цэнам. Заўсёды, як я прыязджаю ў Кракаў, усе мае знаёмыя карыстаюцца маімі запасамі навінак CD без якіх-колечы азнакаў пачуцця віны.
79 Калі я гляджу ў высокія старыя вокны, поўныя духу сталінскага класіцызму, як і ў большасці гэтых камяніц у цэнтры Менска, мяне забірае ўражанне, нібыта я пабывала ў Новай Гуце. З аднаго боку адчуванне чужароднасці, нават варожасці, з другога - усведамленне, што навокал напэўна ж бо жыве шмат цікавых людзей і яны трактуюць гэтую архітэктуру не як божае дапушчэнне, а як месца адыходу ад навыкаў нянавісці і непрыхільнасці да непрыязнай прасторы.
80 Нехта сказаў мне, што ўвесь цэнтр Менска будавалі ваеннапалонныя вермахту пасля прайгранай вайны. Напэўна ж яны адшкадавалі сабе страчаныя месяцы лагернай бяздзейнасці і галодных пайкоў працай у сваіх прафесіях. З прускай рамесніцкай стараннасцю яны выконвалі заданні савецкіх недавучаных дойлідаў.
81 З яе вокнаў я цяпер азіраю гэты «навагутны» Менск. Найбольш люблю глядзець на тусоўкі каля Макдональда. Тут найбольш праяўляецца значэнне гэтага слова. Тусоўка - гэта спроба наладзіць грамадскія сувязі з апораю на бачанне і павярхоўны дыялог. Нешта як калода картаў, тасаваная спрытнай рукою абавязковай моды. Дзяўчаты какетнічаюць, хлопцы ж тут дужа крутыя.
82 Тусоўка пад Макдональдам, бадай што, найважнейшае месца ў цэнтры, дзе можна ўмовіцца пра спатканне, выпіць альбо зайсці ў падземны пераход і там пад гукі разладжанай гітары і хрыпатых песенек Чыжа купіць газету, каб даведацца, як там бацька - ці не прыдумаў якога дэкрэту супроць тусовак.
83 Неяк бацька ўжо быў папракнуў, што на адкрыццё «закусачнага бара», гэтага сімвалу амерыканскага імперыялізму, прыйшло зашмат моладзі, занаджанай таннымі гамбургерамі. Але я зразумела гэта неадольнае жаданне мець кавалачак Амерыкі дома, калі пачула расказ, як на пачатку дзевяностых менскія дзяўчаты ездзілі начным цягніком у Маскву, каб прывезці адтуль пластмасавы ці папяровы кубачак, упакоўку з-пад бігмаку ці яшчэ якое падобнае смецце.
84 Прыгадаліся і ўспаміны аднаго асістэнта ў нашым інстытуце, як за пару джынсаў ён колісь прывозіў з Масквы залатыя абручыкі і масіўныя пярсцёнкі з жахліва дарагімі камянямі. Амерыканскі міф у цане золата.
85 З нядаўняга часу пад менскім Макдональдам выгульваецца патруль АМАПу. Кантралююць паводзіны моладзі, зганяюць з гранітнай балюстрады, забараняюць пляваць на тратуар, правяраюць дакуманты. Бацька чувае як Старэйшы Брат.
86 З другога боку яе кватэры адкрываецца панарама не надта маляўнічага царства КДБ, пракуратуры, МУС і чагосьці там яшчэ. Вокны гэтых ўстановаў палохаюць тупымі і бяздушнымі правалінамі як і распасвеныя квадратныя храпы іх гаспадароў, перакананых у сваёй усемагутнасці і моцы.
87 Пад вокнамі бліжэй да яе кватэры ў невялікім будынку маса ахоўнікаў ці пажарнікаў, якія выдаюць пасведчанні пра адпаведнасць забеспячэння бяспекі абавязковым цыркулярам.
88 Невялікае святло на вежы самага высокага будынка-дамінанты КДБ нагадвае стары савецкі анекдот пра тое, як адзін тутэйшынец хацеў упэўніцца, ці сапраўды гэтая фірма чувае, і са смехам назвоньваў туды сярод ночы, пытаючы ў дзяжурнага, чаму яго, грамадзяніна, яшчэ не павязалі. Пасля трэцяга званка ён адчуў на сваім плячы лёгкае паляпванне далоняй і, збялеўшы ад перапуду, убачыў некалькі суворых мужчын у скураных плашчах.
89 Цяпер скураныя плашчы замянілі скуранымі курткамі, «скуранкамі», як тут кажуць, часцей за ўсё са стамбульскіх рынкаў. Адтуль павёўся турэцкі ўклад у развіццё сіл бяспекі Беларусі. Калі а шостай людзі выходзяць з працы альбо ўдзень на абедзены перапынак, увесь цэнтр і наваколле яго стракаціць панурымі абліччамі ўсякіх тыпаў у скуранках.
90 Мы стаім каля акна. Я спрабую вытлумачыць ёй свой стан. Страх і ўсё большая і большая хваля рашучасці, гатоўнасці змагацца з гэтым брутальным і ліхім светам. Здалёку мы бачым, як тамтэйшы муэдзін на сваёй вежы круціцца каля пісьмовага стала, скупа асветленага агеньчыкам лампадкі. Святло падае амаль на нашыя твары, хоць адлегласць даволі вялікая. Яна абняла мяне. Я адчуваю прыемны пах яе скуры. Валасы асыпаюць мой твар.
91 Нечакана яна кажа, што, пачакай хвілінку, яна пераапранецца ў нейкі адмысловы прыкід. Знікае ў калідоры, і я чую, як яна дастае з шафы ўбранне. Падыходжу бліжэй - яна перад люстрам здымае блузку і спадніцу. Які цудоўны бюст. Я кажу ёй камплімент, а яна крывіцца, - ай, кінь! - гэта ёй, бач, не да густу. Надзявае бардовую блузку, спадніцу, абувае туфлі на высокіх абцасах. Становіцца перад мною. Такая прыгожая, страшна прыгожая.
92 У вачах чарцяняты, сіне-шэрыя. Матухны, колькі ж бо ў ёй сексуальнасці! Падыходжу яшчэ бліжэй, пагладжваю яе валасы, рукі, сцёгны, і неспадзявана мы ныраем у вірлівую прастору, дзе адкрываецца нешта такое, што ў нас наймацнейшае і не дае зважаць ні на якія рэляцыі і справаздачы, быццам мы былі часткай гэтага грамадства, гэтага горада, часу, зацятасці і граных у ёй роляў.
93 З той самай сілай адначасова з нас абедзьвюх вызваляецца нейкая энергія, якая пазбаўляе нас усякай улады. Яна кідае нас на канапу, на ложак. Прымушае дакранацца да цела ў найбольш інтымных месцах. Яна праводзіць далоняй пяшчотную лінію па ўсіх самых далікатных стацях, на стыку цела і псіхікі, душы і фізічнасці. Мы качаемся па падлозе, ахопленыя хваляй дзікай жарсці. Пацалункі, уздыхі і стогны. Валасы сплятаюцца, рассыпаныя недзе паміж шыяй, далонямі, адзеннем і бялізнай.
94 Мы абедзве ўзрушаныя гэтай сітуацыяй і штохвіліны са здзіўленнем прыпыняемся, каб паглядзець адна адной у вочы. Як бы з пытаннем, ці гэта праўда, ці такое магчыма. Але целы далей, нібы незалежна і без нашага ўдзелу граюць сваю ўласную мелодыю, паводле толькі ім вядомага рытму. Не ведаю, колькі гэта доўжыцца. Можа, некалькі хвілін, можа, гадзіну.
95 Вяртаемся і зноў кідаемся ў тыя самыя рытмы, якія ўзмацняюць і без таго вялікі ўздым. Яна раптам выбухае мне ў твар стогнам асалоды і радасці. Я адчуваю гарачую хвалю яе энергіі, якая выліваецца на мяне і даводзіць да знясільнага аргазму. Мы цалуемся гэтак сама палка, цалуем твар, грудзі і гарачую скуру на ўсім целе. Потым хвіліну ляжым без руху, без духу, каб пасля перабрацца на тапчан.
96 Я зноў гляджу на акно ў бок святла з суседняга дома. Там наш кат за кадэбэшным сталом спрабуе прывесці нас у нармальны стан. Допыт працягваецца. А мы хаваем свае целы пад коўдрай, накрываючы ёю свой перапалох альбо пагарду і бяссіласць супроцуь гэтага мужчынскага свету.
97 Неспадзявана пасля нашай працяглай начной размовы яна дала мне сшытак з запісамі. З таямнічай усмешкай паведаміла, што гэта дазволіць мне крыху лепей зразумець яе ўнутраны лад.
98 Я ўзялася чытаць з пэўным подзівам. Крыху ў гэтым успамінаў, вершаў, малітваў, паэтычнай прозы, выпісак з іншых кніг - яе любімага чытва. Ёсць таксама фрагменты нейкіх яе артыкулаў, ці эскізаў і чарнавікоў. Яна згадзілася, каб частку тых тэкстаў я пераклала.
99 Калі я пачынаю разважаць пра свабоду, я думаю пра абмежаванні, якія не дазваляюць мне адчуваць сябе свабоднай. І тады я задаю сабе пытанне - калі ж я свабодная. Чаму апынулася тут і цяпер, у гэтым часе і прасторы.
100 Разваліўся Савецкі Саюз. Для маіх бацькоў гэта быў сур'ёзны дыскамфорт. Маці камуністка, бацька разважлівы патрыёт, які па начах слухаў «Радыё Свабода». Абое рашылі прыняць гэту новую рэчаіснасць і ўступілі ў нейкі кааператыў, які даваў хуткія і неблагія грошы. Адчулі свабоду і дастатак.
101 Але адначасова і няўпэўненасць - ці ўдасца так далей утрымацца. Бо ў перспектыве ўсё ж пенсія і невядомы лёс. Маці пачала даваць збоі ўжо ў 1994 годзе перад выбарамі прэзідэнта. Нават угоньвалася з улёткамі, каб людзі ў нашым доме галасавалі за Лукашэнку. То былі класічныя ўцёкі ад свабоды. Бацька пасля паражкі БНФ адышоў ад палітыкі. Яго свабода таксама зазнала плягі.
102 А для мяне, нягледзячы ні на што, быў гэта свет знешні, з нічым я сябе не атаясамлівала. Ніякай палітыкі, ніякіх поглядаў. Айчынная вайна яшчэ пэўная святыня, бо ў дзяцінстве ў мяне быў любімы дзядуля, які ўвёў у мяне тую вялікую легенду пра вайну з фашыстамі, вайну за вялікую святую справу.
103 У сярэдняй школе ўсё гэта адбілася ўва мне патрыятычным парывам. Мне было шаснаццаць, калі я звярнулася ў ваенную камендатуру, каб мяне ўзялі ў Афганістан на вайну санітаркай. Калі сёння я чагосьці саромеюся, дык не так высакароднага парыву, як таго невуцтва, якога ніхто з самых блізкіх не мог альбо не хацеў паправіць.
104 Бо пазней і зусім ненаўмысны міф пра высакародную вайну аказаўся містыфікацыяй, а дзядуля сапраўды быў партызанам, але як скінуты з парашутам камісар НКВД. І зусім не ваяваў з фашыстамі. Пасля вайны невядома чаму некалькі гадоў служыў у адным з лагераў на Калыме. У кожным разе не як ахвяра. Усё гэта не было схавана ад мяне, бо ў размовах з бабуляй я завялася занадта моцна цікавіцца падрабязнасцямі.
105 Але ўсе мы, мусіць, былі такім суровым, высакародным матэрыялам, з якога спакваля і сістэматычна пяклі нейкі хлеб, прасавалі ідэалагічныя пляцкі з малых несвядомых кавалкаў, казурак, пазбаўленых абарончых механізмаў.
106 Адна мая знаёмая з мястэчка Беразіно сваім часам была добрай, пачцівай і гарачай камуністкай. Верыла ва ўсе гэтыя глупствы. Мела добрую адукацыю, заслужаную пасаду ў раёне. Уладкаваны свет. Калі ў 1990 годзе ляснуўся яе даражэнькі Савецкі Саюз, лопнула ўся структура, яна месца сабе не знаходзіла. Паўгода хадзіла сама не свая.
107 Страціла працу ў райкаме, з ёю перасталі лічыцца. Аднаго вечара яна кінулася ў плыні ракі з самага высокага ў горадзе маста. Выцягнулі яе ў апошні момант. Ляжала ў бальніцы, лячылася больш года, і тады ў ёй нешта прарвалася. Узялася за паро, панадзілася пісаць вершы. Праз суседку запазналася з каталіцкім ксяндзом. Заўчашчала ў касцёл. Ажыла. Зноў знайшла сваё месца.
108 Калі я гляджу на такі лёс і думаю пра свабоду, адчуваю нейкі фальш і няпраўду ў кожнай навязанай структуры. А я ж тым самым часам ведаю, што свабода - гэта часцяком нейкі выбар акрэсленай праўды, структуры, схемы, што дае сілу быць унутрана моцнай і добрай для іншых.
109 Я ўсё яшчэ захавала ў сабе ўпэўненасць, што ўжо цяпер ніхто мяне больш не ашукае, як мільёны гэтых бедных савецкіх грамадзян, кормленых ідэалогіяй, надзеяй, хлуснёй і страхам. Няма мне месца ні ў якой структуры. Адусюль, дзе толькі прыкмячаю хоць бы які след складзенай кімсьці рэчаіснасці, я выкоўзваюся, уцякаю і шалею як у прыступе клаўстрафобіі. Замкнутая, усю сваю энергію трачу на планаванне ўцёкаў і ўжо калі вырываюся, першы глыток свежага паветра мне больш вартасны і жывасны, чым увесь той спакой і ўнармаваная існасць, да якой мяне дапасавалі.
110 Яна расказала мне пра сваю апошнюю мару. Было, як у цёплым сне, ты яшчэ ўся ў імгненні абуджэння, яшчэ кволішся ў мроіве, а ўжо святло, якое падае ў пакой, уступіла з табою ў блізкі кантакт.
111 Ёй сніўся прыгожы сон з падстрыжаным газонам і дагледжаным кветнікам. На вуліцы перад пад'ездам вялікі аўтамабіль, амерыканскі van з бліскучымі буферамі і ёмістым нутром. На ветравой шыбе прыліплыя бярозавыя лісткі. За ноч стаяння на металічны лак асела раса. Усё гэта разам як вобраз упэўненасці, стабільнасці, заможнасці, перажываных у сямейным коле. Я аж сама дзіву далася, што так кінулася ў мары. Туга па сямейным цяпле, апецы чалавекам, які штодзень надзявае чыстую кашулю і прыносіць у дом гібель колькі даляраў.
112 Сапраўды я здзівілася, бо лічыла яе цвёрдай дзяўчынай, якая, навучаная савецкім вопытам, ведае, што няварта так лёгка аддавацца ілюзіям і марам, бо сутыкненне з брутальнай рэчаіснасцю бывае непрапарцыянальна балючае. Стараюся падтрымліваць яе, каб апорысцей стаяла на зямлі.
113 А яна тады расклеілася і завялася ў румзы.
114 Кажа, што гэтак сама адчула сябе калісьці, вярнуўшыся з Чэхіі. Упадала ў істэрыю праз таго чэскага бізнесоўца, з якім запазналася ў Менску на кірмашы. Стары казёл звёў яе абяцанкамі, запрасіў у Судэты на лыжы, спыняўся ў дарагіх гатэлях, даваў вячэры ва ўтульных кнайпах. Меўся забяспечыць ёй сталы побыт, дазвол на працу, кватэру ў Празе. А пасля раптам знік, пакінуўшы яе каля польскай граніцы. На шчасце аплаціў рахункі, і яна мела пры сабе колькі там даляраў, каб вярнуцца праз Уроцлаў начным цягніком у Берасце.
115 Кажа, што Багуміл спалохаўся яе тэмпераменту ў ложку. Яму ўжо было пад пяцьдзесят за плячыма, а яна мела дужа разгарачаны смак на жыццё, фізіялогію, якая вымагала сістэматычнага пешчання і трэнінгу. Я толькі не магла паверыць, што яна так проста і хутка далася загнаць сябе ў пастку ўласных мараў.
116 Я разважала з ёю скрупулёзна крок за крокам, як яна ўяўляла сабе жыццё ў Чэхіі - сціплай журналісткі з Беларусі, выстаўленай на пажыранне з прычыны гарманічнай славянскай прыгажосці, што адразу кідалася ў вочы, - як безабаронны хутаранін у лесе, поўным ваўкоў, рысяў і драпежных адзінцоў. Дзяўчаты з Менска выязджаюць у Прагу наогул на вуліцу, і толькі некаторым перападае добрая халява ў начным кабарэ, дзе яны растрэсенымі сцёгнамі даводзяць да эрэкцыі поўныя партфелі тлустых і слінявых пенсіянераў з Германіі, Аўстрыі і адкуль бы там яшчэ тое ні было.
117 Яна марыла вырвацца адтуль, з бруднай і бяздоннай ямы, дзе адзіныя сапраўдныя хахалі - гэта злачынцы ў люксусовых аўтамабілях з прэзідэнцкай ці іншай мафіі. Яна доўга спасылалася на нейкіх знаёмых з радыё «Свабода», у беларускай рэдакцыі. Калі б Багуміл дапамог ёй зачапіцца на першых паўгода, яна напэўна знайшла б працу ў якой-небудзь культурніцкай праграме радыё і пісала б карэспандэнцыі пра артыстычную актыўнасць землякоў за граніцай.
118 З першага падарожжа ў Прагу яна і прывезла масу цікавых фотаздымкаў. З усіх веяла яе нерацыянальнай тугой па мяшчанскім уладжаным жыцці. Да знуджэння талдоніла мне, што даўно думала застацца там, бо ў Чэхіі, бадай што, найпрасцей знайсці самую сябе - мова блізкая, краіна славянская, культура заходняя. Прачытала недзе ў менскай газеце, што там адносна лёгка дастаць карту на сталае жыхарства. Вацлаў, з якім тады пазнаёмілася ў начным бары, падрадзіўся паспрыяць. Але калі ён пад'юрыўся да яе ў саўне мала што не праз гадзіну пасля знаёмства, яна скеміла, што павінна змяніць альбо прафесію, альбо тактыку.
119 Калі яна мне ўсё гэта расказала, я адчула крыху нясмаку і нават гідлівасці да яе. Так лёгка знізіла лёт амбіцый з прычыны фатальнай паласы ў жыцці. Вядома, няўдачы змушаюць да карэкцыі планаў, але з яе здольнасцямі гэта не праблема. Яна дасканалая журналістка, паэтка, цудоўна разбіраецца ў музыцы, сама грае на фартэпіяна, па-майстэрску фатаграфуе, мае спартыўнае захапленне і добрыя ўмовы, каб шмат гадоў трымаць сваё цела ў выдатнай кандыцыі і прыгожай форме, без лішняй траты сілы, без адмысловага самаахвяравання. Веданне некалькіх моваў і класнае ўмельства збліжацца з людзьмі, а таксама журналісцкі нюх на ўсялякія актуальнасці.
120 Пазнаёміўшыся з ёю, я сама не магла адысці ад здзіўлення, - чаму я так раптам проста з моста захапілася гэтай самастойнай, упарцістай дзяўчынай, якая з французскай інтэлектуальнай лёгкасцю, нямецкай паслядоўнасцю ў працы і італьянскім тэмпераментам заваявала Менск.
121 А цяпер як звычайная няўдаліца падбівае мяне выехаць з ёю куды-небудзь з гэтай юдолі роспачы і адчаю. Яна імпэтна загараецца новымі ідэямі і, з бліскучымі вачыма, падкурчыўшы ногі на тапчане, уголас чытае фрагменты тэкстаў з газет пра тое, што замежныя інвестары ў Чэхіі могуць і не мець спецыяльных грошай, дастаткова зацікавіць фірму, каб закупіць нерухомасць і дастаць права на жыхарства...
122 Толькі як нядаўна, апошняй зімою, з'ездзіла туды - у чэшскія Судэты - яе першая зачараванасць добрай арганізацыяй кожнай дэталі жыцця перарадзілася ў скепсіс, калі ёй далі зразумець, што яна там такая ж чужая, як цыган альбо хтось такі іншы. Яна пазычала лыжы на цэлы тыдзень, і ніхто яе спецыяльна не чапаў, калі аддавала на дзень-другі пазней. З усмешкай запрашалі прыйсці наступным разам. Жыла ў вялікім гатэлі, з вокан якога былі відны падсвечаныя горы. Праз некалькі дзён нейкі трыбухаты чэх, які ўвесь час ейнага пражывання ўважліва пасвіў яе вокам, намякнуў, што ён там гаспадар і чакае аддзякі за такія прыемныя хвіліны. Можа, не было б у тым нічога брыдкага, але калі ён прапанаваў падмацаваць ужо дадзеныя авансы канкрэтнай платай, яна адчула гідлівасць. Бадай, хутчэй да самой сябе, чым да таго разапселага парвеню. Ён жа аказаўся звычайнай свіннёй, бо за адхіленыя авансы паквітаўся і данёс іміграцыйным уладам, што яна прастытутка. І яна з адміністрацыйнай візай мусіла пакінуць Чэхію на працягу дваццаці чатырох гадзін. Магу сабе ўявіць, колькі сораму і ганьбы ператрывала. Ну, і год перапынку, балючага расстання з квяцістай рэчаіснасцю, да якой паспела ўжо душой прыкіпець.
123 З таго часу седнем засела ў Менску і заўзята піша справаздачы з выставаў, якія наведала ў Празе. Ніхто не хоча публікаваць, дык расчараванасць паглыбляецца.
124 А Марк прыходзіць да яе на кватэру і, убачыўшы нас абедзвюх, прытухлых і нябогіх, прапануе выехаць у Рыгу. Пазней я гутарыла з Маркам, які заўсёды ахвочы да новых выклікаў лёсу і перамен. Не вельмі яму гэта абыходзіць, не дужа далягае. Кантракт з немцамі ўжо канчаецца, а прапановы працы ў гандлёвай канторы пасольства даволі цьмяныя. Але і Марк, які заўсёды цвёрда ходзіць па зямлі, высмеяў такую перспектыву. Хоць ён і не паляк, але раіў ёй, што лепш было б зачапіцца ў Польшчы.
125 Марк са сваім латышскім грамадзянствам і банкаўскай прафесіяй можа не турбавацца. Адзіная праблема, якою ён дастаў мяне, гэта - што мы павінны былі б пабрацца і такім чынам урэгуляваць нашыя адносіны. А ў мяне на тое жаднай ахвоты. Дык вось калі ён прыходзіць да яе і бачыць нас абедзвюх, як мы сядзім блізка адна каля аднае на кухні над чайнікам гарбаты, ён упадае ў ятру і спаганяе на ёй усё сваё раздражненне.
126 Тады яна дэманструе мне мужчынскую салідарнасць і падбівае мяне пагаварыць з ім больш сур'ёна, чым дагэтуль. Зрэшты я трактую гэта як правакацыю ці яе жарт. А Марк недаверліва глядзіць на нас і ўсё гэта прымае за вытанчана далікатную гульню дзвюх кабет супроць адзінага тут вартаснага мужчыны.
127 Часта паўтараю ёй, што такі постсавецкі госць шануе цябе, пакуль ты незалежная. Пайсці на ягоныя хлябы і транты - гэта прыкладна тое самае, як дацца замкнуць сябе ў камеры турмы на Валадарскага, якую ці не кожны дзень я сузіраю са свайго акна.
128 А сёння ён салодзенькі і любенькі, хоць ты цалуйся з ім. І такога яго люблю, але іду ў заклад, што праз дзень па шлюбе ён меў бы мяне глыбока ў срацы. Так і бачу іх абаіх перад тэлевізарам, як яны мастурбуюцца, да позняй ночы праглядаючы парнаграфічныя фільмы, пакідаючы ялавым такое ладнае цела на тапчане. А мне з ім добра, але я хачу незалежнасці і права выбару.
129 Апошнім часам яна загаварыла пра выезд у Новую Зеландыю. Я бяссільная і з такой самай бяссілай мінай выслухоўваю яе новыя намыслы. Кідаецца з ілюзіі ў ілюзію. Я, вядома, нічога не выключаю. Яна ведае мяне настолькі, што ўмее развярэдзіць маю фантазію. Нездарма ж мы паслалі ўнёскі на візавую латарэю ў Штаты.
130 Кантракт з Міністэрствам адукацыі канчаецца ў мяне ў чэрвені. Пасля двух гадоў працы выкладчыцай польскай мовы ў тутэйшых вучэльнях я думаю, што буду вымушана зрабіць сабе перапынак. Выязджаю ў Менск. Вяртаюся ў Кракаў.

Связаться
Выделить
Выделите фрагменты страницы, относящиеся к вашему сообщению
Скрыть сведения
Скрыть всю личную информацию
Отмена