| Янка Купала "Тутэйшыя" |
| 1 | АСОБЫ МІКІТА ЗНОСАК (НІКІЦІЙ ЗНОСІЛОВ) — калежскі рэгістратар, 25—28 г., у першых трох дзеях барада выгалена, у 4-й крыху барадаты. ГАНУЛЯ ЗНОШЧЫХА — яго маці, у вольны час робіць панчоху. ЯНКА ЗДОЛЬНІК — настаўнік, 25—28 г. ЛЯВОН ГАРОШКА — паважаны селянін, заўсёды з люлькай, агонь да яе крэсіць крэсівам. АЛЕНКА — яго дачка, 17—19 г., крыху жвавая і вясёлая дзяўчына, адзяецца чысценька і скромна. |
| 2 | НАСТА ПАБЯГУНСКАЯ — дзяўчына няведамых заняткаў, 23—25 г.; стараецца адзявацца з шыкам, але без густу. ГЭНРЫХ МОТАВІЧ СПІЧЫНІ — Мікітавы настаўнік, сярэдняга веку, бараду і вусы голіць. УСХОДНІ ВУЧОНЫ — носіць велікарускую вопратку — «падзёўку», «касаваротку» і доўгія боты, барада калматая. ЗАХОДНІ ВУЧОНЫ — носіць польскі строй — кунтуш і «конфэдэратку», барада голеная, вусы завесістыя. ДАМА. ПОП. |
| 3 | СПРАЎНІК. ПАН. НЕМЕЦ. ЧЫРВОНААРМЕЕЦ, НАЧАЛЬНІК ПАТРУЛЯ, АБАРВАНЕЦ — у адной асобе. НЕМЕЦ, ДВУХ ПАТРУЛЬНЫХ, ГРАМАДЗЯНЕ, ГРАМАДЗЯНКІ і інш. Усё дзеецца ў Менску. 1-я дзея адбываецца ў лютым 1918 г., 2-я — у снежні 1918 г., 3-я — у ліпені 1919 г., 4-я — у чэрвені 1920 г. 1, 3 і 4-я дзеі адбываюцца ў Мікітавай хаце, 2-я дзея — на Катэдральным пляцы, называным мянчанамі «Брахалка». ДЗЕЯ ПЕРШАЯ Час вячэрні. |
| 4 | Даволі абшырны пакой, беднаваты, па-дробнамяшчанску абстаўлены. 3 правага боку — бліжэй да рампы — адны дзверы, з левага — двое. Напроць два вакны на вуліцу. Справа ў належным месцы стол, у іншых мясцох — пара малых столікаў, на адным з іх грамафон, крэслы венскія і мяккія плюшавыя. У кутку злева вялікае люстра (трумо). На сценах у рамах колькі тандэтных абразоў — партрэтаў высокапастаўленых асоб, балалайка, пажарніцкая куртка і каска. |
| 5 | З'ява I Гануля, Янка. ГАНУЛЯ (сядзіць і робіць панчоху; чуваць стук у дзверы з левага боку, што далей ад рампы). Калі ласка! Заходзьце! ЯНКА (уваходзіць). Выбачайце, цётачка, што так часта назаляюся вам, але, бачыце, неяк моташна зрабілася аднаму сядзець, дык вось і прыйшоў да вас у госці. ГАНУЛЯ. Ды што за цэрамоніі! Можаце гасціць у мяне хоць кожны дзень ад рання да вечара — мне самой весялей, бо хоць вы ў нас нядаўна закватаравалі, а ўжо лічу вас як свайго чалавека. |
| 6 | Толькі не стукайце там па-панску ў дзверы, а проста ўваходзьце, і ўсё тут. ЯНКА. Дзякую вам за шчырасць і ласку, хоць і сам не ведаю, чым я на ўсё гэта заслужыў. (Паўза.) Дзе ж гэта гаспадар ваш малады? ГАНУЛЯ. Паляцеў у горад таго-сяго купіць. Сягоння імяніны яго, дык мо той ці сёй здарыцца ў хату. ЯНКА. Шкада, што я раней аб гэтым не ведаў. То ж належала і аб падарунку якім падумаць. ГАНУЛЯ. Э, мой сынок! Не тыя цяпер часы на падарункі. |
| 7 | Гэтая вайна ды бязладдзе, ці, як там кажуць, рэвалюцыя, пахавалі тыя хвіліны, калі людзі маглі думаць і аб падарунках. ЯНКА. А во, сын ваш не забыўся, аднак, аб імянінах? ГАНУЛЯ. Не забыўся, бо малады яшчэ і ў галаве пуста. Падумайце, скасавалі чыноўніцтва, застаўся без службы, і хоць бы што, ні на грош таей сталасці. Адно маракуе ўсё аб тым, як гэта ізноў вернуцца нейкія там яго рангі і клясы і ўсялякае дабро само пасыпецца з неба. |
| 8 | ЯНКА. А што ж ён, па-вашаму, павінен рабіць у гэтае чыноўніцкае безрабоцце? ГАНУЛЯ. Што? Хоць бы ўзяў, як іншыя, ды падвучыўся боты шыць або хоць латаць. Ну латаў бы, і капейка жывая была б у хаце, а так... (Махнула рукамі.) ЯНКА. Трудна такому далікатнаму панічу за гэтакую чорную работу ўзяцца. ГАНУЛЯ. Які там ён далікатны! Я сама з ягоным бацькам — людзі вясковыя. Мой нябожчык гаспадар жыў пры бацькох на маленькім надзеле. |
| 9 | Адзін яшчэ сяк-так мясціўся ў сям'і, а як жаніўся, дык і не хапіла абаім месца. Тады мы ўзялі і пайшлі сюды ў Менск шукаць службы. Спачатку было вельмі цяжка, а пасля нічога сабе. Я мыла людзям бялізну, а ён прыстроіўся ў акружным судзе: быў там пры вешалках і кур'ерам. А вядома, у судзе: народу ўсялякага прыходзіць шмат, ды пакуль там хто дойдзе да вышэйшага начальства, пачынаць мусіў спярша ад ніжэйшага. |
| 10 | Гэткім ладам недастачы вялікай не цярпелі ды нават хлопца свайго праз усялякія там навукі да чыноўніцтва давялі. Пасля мой памёр, вечны яму пакой, а я засталася адна са сваім Мікіткам. Так што, як бачыце, ніякай далікатнасці нямашака. ЯНКА. А я спачатку меркаваў іначай. Бо дзе ж там! Ён гэтак заўсёды хоча сябе паказаць, як бы сам губарнатар. ГАНУЛЯ. Гэта, мабыць, ён наглядзеўся, бо служыў у губарнатарскай канцэлярыі за нейкага там рэгістратара. |
| … |
Комментарии