| 1 |
Выпадак звёў нас шмат гадоў таму, і з самае першае сустрэчы душа мая загарэлася нязнаным ёй датуль полымем. Але запаліў яго не Эрот, і горка-пакутна думаў я, што ніяк не магу зразумець яго незвычайны сэнс ці кіраваць яго цьмянай сілай. Але мы сустрэліся, і лёс прывёў нас да алтара, і ніколі я не казаў пра жарсць і не думаў пра каханне. Яна пазбягала людзей і, прысвяціўшы ўсю сябе мне аднаму, зрабіла мяне шчаслівым, бо шчасце – у марах, шчасце – у здагадках. Вучонасць Марэлы была надзвычайнай. Клянуся сваім жыццём, таленты яе былі не тымі, якімі хваляцца звыклыя людзі, – моц яе розуму была тытанічнай. Я адчуваў гэта і стаў яе вучнем – ва ўсіх сэнсах. Хутка я заўважыў, што яна – магчыма, з прычыны свае Прэсбургскае адукацыі – давала мне містычныя творы, якія звычайна лічаць проста адкідамі ранняе нямецкае літаратуры. Я не мог зразумець прычыны таго, але яны былі ўлюбёным і заўсёдным прадметам яе вывучэння, а з часам сталі і маім, што можна патлумачыць простым, але ўладным уплывам звычкі і прыкладу. |
| 2 |
Я не мог больш трываць дотыкаў яе бледных пальцаў, ціхае музычнасці яе мовы, бляску яе сумных вачэй. Яна заўважала гэта, але не дакарала: яна нібы ведала пра маю слабасць ці маю неразумнасць і, усміхаючыся, называла гэта лёсам. Яна ведала, мабыць, і невядомую мне прычыну майго паступовага адчужэння, але ніколі нават не намякала мне на яе сутнасць. Усё ж яна была жанчынай і чэзла з кожным днём. Прыйшоў час, калі чырвань заліла яе шчокі і блакітныя жылкі выступілі на бледным ілбе. І тады мяне ўсяго на момант ахапіла шкадаванне, але тут жа я сустрэў яе шматзначны позірк, і зноў дух мой саслабеў і галава закружылася, нібы я зазірнуў у змрочную недасяжную бездань. Ці трэба казаць, што я неадступна і палка прагнуў смерці Марэлы? Я прагнуў, але кволы дух чапляўся за зямную абалонку шмат дзён, шмат тыдняў і надакучлівых месяцаў, пакуль мае скатаваныя нервы не адолелі розум. Мяне ятрыла гэтая затрымка, і злым сваім сэрцам я пракляў горкія дні, гадзіны і імгненні, якія ўсё расцягваліся, як цень пры канцы дня, пакуль слабела яе пяшчотнае жыццё. |
| 3 |
І яна дзіўна развівалася целам і розумам і была цудоўным падабенствам той, што пакінула гэты свет. І я любіў яе любоўю больш палкай, чым тая, якую можна адчуць да любога чалавека на зямлі. Але неўзабаве яснае неба гэтае прыязнасці пацямнела ад аблокаў, змрок, жах і гора ахапілі мяне. Дзіўна, дзіўна развівалася яна целам і розумам. Дзіўным, насамрэч дзіўным быў незвычайны рост яе цела, але жахлівымі, о, якімі жахлівымі былі неспакойныя думкі, якія апаноўвалі мяне, калі я думаў пра развіццё яе розуму! Ці магло быць іначай, калі я штодня бачыў у словах дзіцяці мысленне і здольнасці дарослае жанчыны, калі ўрокі дасведчанасці зыходзілі з вуснаў малое? Калі мудрасць і памкненні дарослай я чуў штогадзіну, дрыжучы ад яе позіркаў, у якіх свяцілася глыбіня розуму? Калі ўсё гэта стала відавочным для маіх агаломшаных пачуццяў, калі я не мог больш хаваць гэта ад свае душы і выкінуць гэта са сваіх думак, здагадкі, страшныя здагадкі з'явіліся ўва мне, і я ўспомніў неверагодныя аповеды і вар'яцкія тэорыі памерлае Марэлы. |
| 4 |
Я схаваў ад свету істоту, якую лёс прымусіў мяне любіць, і падарыў ёй строгую адзіноту свайго дому, назіраючы з пакутлівым неспакоем за ўсім, што датычыла яе. Міналі гады, і дзень пры дні ўглядаўся я ў яе нявінны, спакойны твар, які так шмат казаў мне, і яе дарослае цела, дзень пры дні бачыў новыя рысы падабенства дзіцяці з яе памерлай маці, бачыў скруху і смерць. З кожнай гадзінай згушчаліся гэтыя цені падабенства, рабіліся ўсё больш рэзкімі, выразнымі, складанымі і жахлівымі. Усмешка рабілася падобнай да матчынай — я мог гэта вытрываць, але дрыжаў ад такое дасканалае тоеснасці; вочы былі падобныя да вачэй Марэлы — я мог гэта цярпець, але яны так часта зазіралі ў глыбіні мае душы з незразумелай уладнасцю. І абрысы высокага ілба, і пасмы ядвабных валасоў, і бледныя пальцы, якія іх перабіралі, і сумная меладычнасць словаў, і асабліва — о, асабліва словы мёртвай на вуснах любай і жывой хвалявалі і жахалі мяне, і тачылі, як чарвяк, які ніколі не памрэ. Так мінула дзесяць гадоў, а мая дачка ўсё яшчэ не мела імя на гэтай зямлі. |
Комментарии