Фраерман Р. Дзiкi сабака Дзiнга |
1 | 1 Тонкая лёска была спушчана ў ваду пад тоўсты корань, што варушыўся ад кожнага руху хвалі. Дзяўчынка лавіла фарэль. Яна сядзела нерухома на камені, і рака абдавала яе шумам. Вочы яе былі апушчаны. Але позірк іх, стомлены бляскам, што быў рассеяны паўсюды над вадой, не здаваўся пільным. Яна часта адводзіла яго ўбок і глядзела ўдалячынь, туды, дзе круглыя, парослыя лесам горы стаялі над самай ракой. |
2 | Паветра было яшчэ светлае, і неба, абмежаванае гарамі, здавалася сярод іх раўнінай, ледзь азоранай захадам. Але ні гэта паветра, знаёмае ёй з першых дзён жыцця, ні гэтае неба не вабілі яе зараз. Шырока адкрытымі вачыма сачыла яна за вечна бягучай вадой, сілячыся ўявіць у сваёй фантазіі тыя нязведаныя краіны, куды і адкуль бегла рака. Ёй хацелася пабачыць новыя землі, іншы свет, напрыклад, аўстралійскага сабаку дзінга. |
3 | Яшчэ ёй хацелася быць пілотам, а таксама яшчэ спяваць. І яна заспявала. Спачатку ціха, потым гучней. У яе быў прыемны голас. Але побач нікога не было. Толькі вадзяны пацук, напалоханы песняй, плюхнуўся ля самага кораня і паплыў у зараслі чароту, валочачы ў нару зялёную чарацінку. Чарацінка была даўгаватая, і пацук дарэмна стараўся, не маючы сілы працягнуць яе праз густую рачную траву. Дзяўчынка з жалем паглядзела на пацука і замоўкла. |
4 | Потым паднялася і выцягнула лёску з вады. Спалоханы ўзмахам яе рукі пацук шмыгнуў у чарот, а цёмная ў плямах фарэль, што да гэтага нерухома стаяла ў светлым струмені, падскочыла і знікла ўглыбіні. Цяпер дзяўчынка засталася адна. Яна паглядзела на сонца, якое хілілася на захад і кранулася вяршыні яловай гары. І хаця было ўжо даволі позна, дзяўчынка не спяшалася дадому. Яна паволі крутанулася на камені і нетаропка пайшла ўгору па сцежцы, адкуль насустрач ёй па схіле гары спускаўся высокі лес. |
5 | Яна смела ступіла ў яго. Шум вады, бягучай паміж камянёў, застаўся за плячыма, і адкрылася перад ёю цішыня. У гэтай векавой цішыні раптам пачуўся ёй гук піянерскага горна. Ён прабег па прасецы, дзе, не калышучы галінамі, стаялі старыя піхты, і пратрубіў ёй у вушы, напамінаючы, што трэба спяшацца. Аднак дзяўчынка не прыбавіла кроку. Абагнуўшы невялікае балотца, дзе раслі жоўтыя саранкі, яна нахілілася і вострым сучком выкапала з зямлі разам з каранямі некалькі кволых кветак. |
6 | Яна ўжо набрала іх поўныя рукі, калі ззаду пачуліся ціхія крокі і нехта ўголас пазваў яе: – Таня! Яна павярнулася. На прасецы, каля высокага мурашніка стаяў нанайскі хлопчык Філька і зваў яе рукой. Яна падышла, прыветна гледзячы яму ў твар. Побач з Фількам на шырокім пні ўгледзела яна поўны кацялок брусніц. А сам Філька вузкім паляўнічым нажом з якуцкай сталі састругваў кару са свежага бярозавага дубца. |
7 | – Хіба ты не чула горна? – спытаў ён. – Чаму ж ты не спяшаешся? Яна адказала: – Сёння бацькоўскі дзень. Мая маці прыехаць не зможа – яна працуе ў бальніцы, – у лагеры мяне ніхто не чакае. А чаму ты не спяшаешся? – дадала яна, усміхнуўшыся. – Сёння бацькоўскі дзень, – паўтарыў ён яе словы, – і да мяне прыехаў са стойбішча бацька, я ішоў правесці яго да яловай сопкі. – Хіба ты правёў яго? Гэта ж далёка. |
8 | – Не, – адказаў з годнасцю Філька. – Навошта мне яго праводзіць, калі ён застаецца начаваць каля ракі паблізу нашага лагера. Я пакупаўся ля Вялікіх камянёў і шукаў цябе. Я чуў, як ты спявала. Дзяўчынка глянула на яго і засмяялася. І смуглявы Фількаў твар пацямнеў яшчэ болей. – Калі ты не спяшаешся нікуды, дык пастаім тут. Я пачастую цябе мурашкавым сокам. – Ты частаваў мяне раніцай сырой рыбай. – То была рыба, а гэта зусім іншае. |
9 | Пакаштуй! – сказаў Філька і ўторкнуў бярозавы дубчык у самую сярэдзіну мурашніка. Схіліўшыся над ім удваіх, яны счакалі трохі, пакуль тонкая акораная галінка не пакрылася ўся мурашкамі. Тады Філька страсянуў іх, стукнуўшы злёгку галінку аб кедр, і паказаў яе Тані. На свежай забалані блішчалі кроплі мурашкавай кіслаты. Хлопчык лізнуў іх і даў пакаштаваць Тані. Яна таксама лізнула і сказала: – Як смачна. |
10 | Я вельмі люблю мурашкавы сок. Яны рушылі далей, і Філька пайшоў з ёю побач, не адстаючы ні на крок. Яны маўчалі. Таня – таму, што прывыкла думаць патроху аб усім і маўчаць усякі раз, калі ўваходзіла ў гэты маўклівы лес. А Філька таксама не хацеў гаварыць пра такую дробязь, як мурашкавы сок. Зрэшты, гэта быў толькі сок, які яна магла здабываць і сама. Так прайшлі яны ўсю прасеку, не сказаўшы ні слова, і выйшлі на процілеглы схіл гары. |
… |
Комментарии