Лёндан Д. Мечаны |
1 | Цяпер я не вельмі высокай думкі пра Стывена Макея, хоць быў час, калі я кляўся яго імем. Я любіў яго некалі, як свайго роднага брата. А цяпер, калі давядзецца зноў сустрэцца з ім, я за сябе не ручаюся. У мяне проста ў галаве не месціцца, як чалавек, з якім я дзяліў харч і коўдру, з якім перабіраўся на сабаках цераз Чылкуцкі перавал, мог зрабіць такую подласць. Я заўсёды лічыў Стыва чэсным хлопцам, добрым таварышам, у натуры ў якога не было ні кроплі помслівасці ці злосці. |
2 | Не, больш ніколі не буду давярацца свайму ўменню разбірацца ў людзях. Вы папытаецеся чаму? Таму, што я выхадзіў гэтага чалавека, калі ён трызніў у тыфознай гарачцы, мы разам здыхалі ад голаду каля вытокаў Сцюарта, ён выратаваў маё жыццё на Малым Ласосе; і пасля ўсяго гэтага, пасля столькіх разам пражытых гадоў адно, што я магу сказаць пра Стывена Макея, – паганца такога я яшчэ не сустракаў. Мы выправіліся на Кландайк восенню 1897 года ў час «залатой ліхаманкі», але выйшлі вельмі позна і не паспелі перабрацца цераз Чылкуцкі перавал да замаразкаў. |
3 | Мы ўжо прайшлі кавалак дарогі, цягнучы на сабе наш рыштунак. Пайшоў снег. Мы вымушаны былі купіць сабак, каб прадоўжыць наша падарожжа на нартах. Так і трапіў да нас той самы Мечаны. Сабакі тады былі дарагія, і за Мечанага мы заплацілі сто дзесяць даляраў. На выгляд ён быў варты гэтых грошай. Я кажу «на выгляд», бо ён быў самы прыгожы сабака, якога я калі-небудзь бачыў на сваім вяку. Важыў ён шэсцьдзесят фунтаў і меў усе якасці добрага ездавога сабакі. |
4 | Мы ніяк не маглі вызначыць яго пароду. Ён не быў ні лайкай, ні мэлмутам, ні эскімоскім сабакам; ён падобны быў на іх усіх і ў той жа час – ні на кога. Было ў ім нешта і ад эўрапейскага сабакі: на адным баку ў яго сярод жоўта-рыжых і папяліста-белых узораў красавалася чорная, быццам вугаль, лапіна велічынёю з патэльню. За гэтую лапіну мы і далі яму мянушку Мечаны. Сабака быў сапраўдны прыгажун. Калі ён быў у форме, мускулы выпіналіся пад скурай. |
5 | На ўсёй Алясцы не знайсці было здаравейшага і разумнейшага на выгляд сабакі. Даволі было толькі зірнуць на Мечанага, каб вызначыць, што ў запрэжцы ён зможа цягнуць за трох сабак адной з ім вагі. Можа, ён і мог, але ж я ніколі гэтага не бачыў. Розум яго скіроўваўся не на гэта. Вось красці ён умеў дасканала. Мечаны вызначаўся адной вельмі агіднай асаблівасцю: ён заўсёды ўгадваў, калі прадбачыцца работа, і заўсёды ўмеў уцячы ад яе. |
6 | У яго быў нейкі незвычайны талент – своечасова згубіцца і своечасова знайсціся. Але як толькі даходзіла да работы, Мечаны зусім траціў кемлівасць і ператвараўся ў бездапаможную, дрыжачую, як кусок студзеня, скаціну, – сэрца аблівалася крывёю ад жалю да яго. Іншы раз мне думаецца, што прычына гэтага зусім не тупасць. Магчыма, Мечаны таксама, як і некаторыя людзі, якіх я ведаў у свой час, быў занадта разумны для таго, каб працаваць. |
7 | Я не здзіўдюся, калі пры ўсёй яго кемлівасці, ён проста ашукваў нас. Магчыма, ён добра памеркаваўшы, вырашыў, што лепей няхай сяды-тады налупцуюць, чым штодзень працаваць, хоць і не лупцуюць. На такія прыкідкі ў Мечанага розуму хапіла б. Ведаеце, бывала, сяду, зірну яму ў вочы і такім розумам яны свецяцца, што ў мяне пачынаюць мурашкі па спіне бегаць і дрыжыкі бяруць. Нават не магу словамі выказаць, якім розумам яны свяціліся. |
8 | Гэта вышэй за ўсякія словы. Я бачыў гэта – вось і ўсё тут. Глянуць Мечанаму ў вочы іншы раз было тое самае, што зазірнуць у чалавечую душу. Тое, што бачыў я тамака, пужала мяне і нараджала ў маім мозгу розныя думкі пра перасяленне душ і пра ўсякае глупства. Не паверыце, але я адчуваў нешта вельмі важнае ў вачах у гэтай жывёліны; у іх была нейкая думка, якую мне было цяжка зразумець, бо я не дарос да яе разумення. |
9 | Як бы там ні было (ведаю, што выстаўляю сябе на смех) гэтыя вочы збівалі мяне з панталыку. Нават не магу прыблізна вызначыць, што бачыў я ў гэтых вачах. Гэта не быў копер або святло: нешта рухалася ў той час, калі самі вочы аставаліся нерухомыя. Я дапускаю, што я, нават не бачыў, як яно рухалася, проста я адчуваў гэта. Выразнасць, экспрэсія – вось што гэта было такое. І я не мог працівіцца. Не, хутчэй гэта было нешта адметнае ад простай выразнасці. |
10 | Не ведаю дакладна, што гэта магло быць, але яно выклікала пачуццё роўнасці. Не сентыментальнага падабенства, не. Гэта было, хутчэй, пачуццё роўнасці. Тыя вочы ніколі не прасілі, як, напрыклад, вочы аленя. У іх быў выклік. Не, гэта быў не ваяўнічы выклік, а проста сцвярджэнне роўнасці. Не думаю, што сцвярджэнне рабілася знарок: усё было натуральна. У яго паглядзе было штосьці, штосьці там свяцілася. |
… |
Комментарии