Андэрсэн Х. К. Садоўнік і гаспадары |
1 | Пасярод старадаўняй сядзібы, прыкладна каля мілі ад сталіцы, стаяў прыгожы панскі палац з масіўнымі сценамі, вежачкамі, франтонамі. У гэтым палацы жылі муж і жонка – багатыя ды знакамітыя дваране. Праўда, яны прыязджалі сюды только летам, але гэта быў самы любімы іхні маёнтак. Палац быў прыгожы звонку, зручны і ўтульны ўнутры. Парадны пад'езд упрыгожваў высечаны з каменю радавы герб гаспадароў. Цудоўныя ружы ўвівалі гэты герб і пляліся ўгару па сцяне, а перад палацам рассцілаўся густы дыван зяленіва. |
2 | Поруч з белым і чырвоным глогам тут красаваліся рэдкія кветкі, якія цвілі не толькі ў аранжарэі, але і пад адкрытым небам. Нездарма гаспадары сядзібы мелі добрага садоўніка. Кветнік, фруктовы сад, агарод – усё гэта было справай яго рук і радавала вока. За агародам яшчэ заставаліся рэшткі старога сада, зарослага кустамі буксу, якія былі абрэзаны ў выглядзе шароў і пірамід. А далей узвышаліся два вялізныя старыя дрэвы, амаль цалкам засохлыя. |
3 | Здалёку здавалася, што раптоўны парыў урагану зверху да нізу абляпіў іхнія голыя сукі густымі камякамі гною. На самай жа справе гэта быў не гной, а птушыныя гнёзды. З даўнейшай пары ў гэтых гнёздах жылі крыклівый чароды варон і гракоў, якія змайстравалі тут сапраўдны птушыны гарадок і непадзельна валадарылі ў сядзібе. Бо яны былі першымі насельнікамі ў тутэйшых мясцінах, спаконвечнымі ўладарамі маёнтка, яго сапраўднымі гаспадарамі. |
4 | Двухногімі жыхарамі маёнтка яны проста грэбавалі, хоць і мусілі змірыцца з існаваннем гэтых пастаянных стварэнняў. А тыя іншы раз смалілі ў птушак са стрэльбаў, і тады чароды натапыраных перапалоханых варон і гракоў узляталі з крыкам: «Карр! Карр!» Садоўнік не раз казаў гаспадарам, што трэба ссекчы гэтыя дрэвы, – яны псуюць садовы пейзаж, а як толькі іх не стане, знікнуць і шумныя птушкі. Але гаспадары і слухаць не хацелі пра тое, каб страціць дрэвы і птушыную гаману. |
5 | У старых дрэвах і карканні птушак яны бачылі асаблівую прывабнасць – адзнаку даўніны, якую хацелі захаваць насуперак усяму. – Дрэвы перайшлі да птушак у спадчыну ад продкаў, дык няхай птушкі і валодаюць імі, дабрамудры Ларсен! – гаварылі гаспадары. (Ларсенам звалі садоўніка, але для нашай гісторыі гэта не мае значэння). Садоўнік сапраўды мог распараджацца кветнікамі, садам і агародам, ён даглядаў іх і апрацоўваў старанна і захоплена. |
6 | Гаспадары былі гэтым вельмі задаволены, але не хавалі ад садоўніка, што ў іншых маёнтках іх частавалі такімі фруктамі і паказвалі такія кветкі, да якіх яшчэ вельмі далёка іхнім кветкам і фруктам. Гэтыя словы засмучалі садоўніка, бо ён усёй душой хацеў, каб сад у ягоных гаспадароў быў лепшы ў свеце, і дзеля гэтага шчыраваў без стомы. Рукі ён меў працавітыя, а сэрца добрае. Аднойчы гаспадары запрасілі да сябе садоўніка і сказалі яму ласкава і паблажліва, як і трэба гаспадарам, што ўчора яны былі ў гасцях у сваіх знакамітых сяброў і тыя пачаставалі іх яблыкамі і грушамі, ды такімі сакавітымі, такімі пахучымі, што самі яны, гаспадары Ларсена, і ўсе іншыя госці былі ў захапленні. |
7 | Гаспадары не сумняваюцца, што тыя фрукты прывезены з-за мяжы, але чаму б Ларсену не паспрабаваць вырасціць гэткія ж і ў іхняй сядзібе, калі толькі капрызныя плады могуць прыстасавацца да мясцовага клімату? Як сведчылі чуткі, яблыкі і грушы, якія яны елі ў гасцях, былі куплены ў горадзе ў самага буйнога гандляра фруктамі; да яго і паслалі гаспадары садоўніка, каб даведацца, з якой краіны прывезены гэтыя плады, і выпісаць адтуль чаранкі. |
8 | Садоўнік добра ведаў гэтага гандляра, бо па загаду гаспадароў прадаваў яму лішкі фруктаў са свайго саду. І вось выправіўся ён у горад, каб спытацца ў гандляра, адкуль той атрымаў хвалёныя яблыкі і грушы. – З вашага ўласнага саду! – адказаў гандляр і паказаў Ларсену яблыкі і грушы, якія той адразу пазнаў. Вось дык узрадаваўся садоўнік! Ён паспяшаўся да сваіх гаспадароў і сказаў, што яблыкі і грушы, якія яны елі ў гасцях, – з іхняга ўласнага саду. |
9 | Гаспадары не паверылі сваім вушам. – Не можа быць, Ларсен! – казалі яны. – Калі вы хочаце пераканаць нас, што гэта праўда, прынясіце распіску ад гандляра. І Ларсен прынёс яе гаспадарам. – Дзіўна! – усклікнулі яны. Пасля гэтага кожны дзень гаспадарам падавалі вялізныя вазы з цудоўнымі яблыкамі і грушамі з іхняга ўласнага саду. Цэлымі карзінамі рассылалі гэтыя фрукты суседзям, у іншыя гарады і нават за мяжу. |
10 | Гаспадарам гэта было вельмі прыемна. Аднак яны ніколі не праміналі выпадку, каб нагадаць садоўніку, што апошнія дзве восені былі вельмі спрыяльныя для фруктовых садоў і ўсе садаводы мелі добры ўраджай. Прайшло няшмат часу. Гаспадары былі запрошаны ў палац на абед. На наступны дзень яны паклікалі да сябе садоўніка і расказалі яму, што на каралеўскі стол падавалі незвычайна салодкія і сакавітыя дыні з уласнай каралеўскай цяпліцы. |
… |
Комментарии