Родзевіч Л. Беларуская казка |
1 | Жыла сабе бедная ўдава. І былі ў яе тры сыны. Адзін быў валакіта, марнатраўца, а працы баяўся, як чорт крыжа. Не прапускаў ёй ні аднаго кірмаша, на якіх п'яны любіў пабуяніць, напракудзіць местачковым і кірмашуючым. Шукаючы лёгкага хлеба і распусных асалод у жыцці, пачаў ён валэндацца па чужых старонках, аддаючы свае ўслугі шальмоўству, роскашы і душагубцам. Але ж ведама, што хлеб найміта не здаровы і не салодкі, і сын-валакіта кідаўся з месца на месца, прызываючы на помач злыя, шкодныя сілы, а дрыгва жыцця штораз глыбей загортвала яго ў свае абоймы. |
2 | Не адгукнулася сэрца валакіты-найміта на заклік кахаючай маці вярнуцца пад родную страху, не чурацца свайго роду і простых звычаяў. Ані музыка, ані песня не акрылялі яго струхлеўшай душы. Прыкра было з ім маўчаць, а гутарка злой сваркай канчалася. І людзі здалёку абміналі яго, як вужаку ядавітую, як залом вядзьмарскі. Болем балела сэрца маці за блудным сынам. Плакалі яе вочы, узіраючыся ў сінюю даль, а крыж на расстайных дарогах часта-густа чуў яе слёзны стогн. |
3 | А колькі намалілася і наваражылася, і ахвяры клала, і пакутавала! І мілей бы ёй смерць была за жыццё, каб не другі сын – рабачай ад раллі, яе хлебадаўца і апора старасці. Спакойны, рахманы, працавіты, як мурашка, шанаваў хвалу гаспадара, а значыць, і гаспадарка яму спрыяла, рупіла. Карыстаўся пашанай у вёсцы, бо быў добры сусед – нікому, як кажуць, вады не замуціў, ды і на Бога не забываўся. Кожнага жабрака надзеліць, госця прывітае, чым хата багата, а хай зазвініць у якім вуху – дык перажагнаецца і тройчы плюне. |
4 | І нечысць да яго не магла прыкараскацца. Ніколі не пахаяў малодшага свайго брата Янука, празванага статэчнымі гаспадарамі дурным. Цэлымі днямі пралежваў Янук на печы, вытылінкваючы на жалейцы «Былі ў бацькі тры сыны...». Дарма ён еў хлеб, бо каб памагчы што ў гаспадарцы – ніколі. Толькі ж дурната яго была незразумелая, бо часам як аб чым скажа, дык як звяжа, адразу ўсё стане ясна, і ўся вёска падхопіць, і доўга перакідваюцца гэтым сказам. |
5 | Слыў Янук і добрымі вачмі і лёгкай рукой. Каб вельмі добра ручыла навароджаная жывёліна, дык трэба было на яе Януку першаму паглядзець. Каб ураджайная была ніва, дык Янук павінен быў рассеяць хоць адну жменю. Летам Янук рэдка дома сядзеў: любіў ён бадзяцца па лясах і слухаць шум-гоман лясны, пяянне птушак. Стане ў гушчары проставалосы, нерухомы, галаву крыху набок зверне, вочы быццам нічога не бачаць, як у непрытомнага, і слухае цэлымі гадзінамі. |
6 | І птушкі яго не баяліся – садзіліся на калматую галаву ды весела чырыкалі кругом. Тады ніяк не скажаш, вар'ят ён ці святы. Наслухаўшыся сакавітае музыкі прыроды, спрабаваў ён зрабіць новую жалейку, каб пераліць уражайна-даспелую душу ў чулагучнае гранне. Тольжі ж жалейкі такой яму не ўдавалася зрабіць, і песня «Былі ў бацькі тры сыны...» ізноў кацілася пявучымі хвалямі з печы. Занемагла раз удава і напоўніла хату стогнам – хворасць на доўгі час кінула яе на ложак. |
7 | Бяда расселася на покуці, журба стала пры парозе. Не адзін маладзік мінуў, перапробавалі розных зёлак, прыпарак, загавораў, а папраўкі не было. Цэлы век свой удава не знала радасці ў жыцці. Гора вадзіла яе па сцежках жыццёвых, цярпенне сачыла па слядах. Нялёгка было ўтрымацца пад цяжарам непамернай працы. І ўрэшце занядужала і звалілася. Глыбокі сум агарнуў яе добрых сыноў. Нечаканая бяда збіла з панталыку хлебароба – работа стала з рук вывальвацца, не ручыла і ў гаспадарцы, бо апякунчыя думы гаспадара змяніліся ў тугу-сум кахаючага сына. |
8 | Спахмурнеў і Янук. Заціхлі яго песні і гранне. Кідаўся нехаця з кута ў кут і думаў адну думу: як выратаваць дарагую матулю. А як выратаваць? Маліцца Янук не ўмеў, новыя песні не складаліся, лекаў ніякіх не знаў, меў толькі гарачае, кахаючае сэрца і чулую душу. Дык нічога дзіўнага, што Янук браў гарачыя вугельчыкі ў жменю і трымаў, аж пакуль тыя не гаслі, і шаптаў, каб толькі выздаравела. Нічога дзіўнага, што ён цэлымі начамі прыслужваў хворай, без слоў разумеў яе жаданні, сваім поглядам прытупляў яе востры боль. |
9 | Толькі як певень запяе, а зарніца адаб'ецца ў яго бяссонных вачах, тады ён клаўся на печ і засынаў трывожным сном. Аднаго разу, калі змярканне напоўніла хату, недзе на загуменні завыў сабака, а ў сенцах сама па сабе звалілася каса са сцяны, Янук прабудзіўся, з трывожным непакоем стаў туліць да сябе хворую, як бы баронячы яе ад грознай, нявідзімай сілы. Усцешвала яго маці кахаючай гутаркай, гладзіла ласкавай рукой, але Янук быў поўны трывогі. |
10 | Ёй расказаў, што яму ў час сну пачуўся выразны голас, які казаў, што маці датуль не выздаравее, пакуль яе сыны не раздабудуць слёз радасных, слёз ад шчасця. Сын-хлебароб, пачуўшы гэта, заайкаў, ківаючы галавой, махнуў зняверана рукой, бо дзе ж відана, каб у нашай старонцы, спавітай злой ноччу, мог хто плакаць ад шчасця. Затое Янук прысягнуў хворай, што хоць пад зямлёй, але дабудзе, не вернецца без гэтых надзвычайных лекаў, што ён сярод зла і гора здолее знайсці нешта светлае, радаснае, пазнаўшы якое, людзі заплачуць ад умілення, што калі яму смерць перашкодзіць дайсці да мэты, дык ён шчасліў будзе ўжо тым, што жадаў, дабіваўся, што даказаў сваё бязмернае каханне да маці. |
… |
Комментарии