Кірэенка К. Паводка(Аповесць вясковага настаўніка) |
1 | Я пакахаў дзяўчыну і аднойчы няўмела прызнаўся ёй. Я гаварыў ёй пра свае пачуцці і раней, многа разоў, але гэта было не тое. Я гаварыў ёй пра гэта вершамі Пушкіна і Лермантава. Яна выслухоўвала іх з нейкай няпэўнай усмешкай, заўсёды зазначала адно і тое ж: – Як усё прыгожа! Цудоўна! Нарэшце я асмеліўся – прысвяціў ёй і ўласны верш, у якім, як горан у кузні (так і было сказана), палаў агонь майго кахання і гучаў енк не пакідаць мяне. |
2 | Яна спытала: – Гэта чыё? – Гэта... я сам... – павольна, каб не разарвалася адразу маё сэрца, сказаў я і палахліва падняў вочы на сваю адзіную. «Адзіная» пачырванела і цяжка дыхала. «Ну, вось, зараз яна мне адкажа. Які я буду шчаслівы!..» – усхвалявана чакаў я. І яна мне адказала... – Ведаеце, вы... Ведаеце... – губы яе скрывіліся і голас перарываўся. – Я прашу вас больш да мяне не заходзіць... Займайцеся лепш сваім паляваннем!.. |
3 | – адрэзала яна і злосна адвярнулася ад мяне. Я пасядзеў яшчэ некалькі хвілін – як тая «персона нон грата», якая, хоць ёй і загадалі пакінуць чужую дзяржаву, усё ж імкнецца да захавання ўласнай годнасці. А прасцей кажучы, – я надта разгубіўся. І мне было не проста выйсці з яе хаты... Але нарэшце я падняўся. Ціхенька, як бы ў задуме, зачыніў дзверы, гэтак жа ціха перайшоў гразкую вясковую вуліцу. Хата, дзе кватараваў я сам, была амаль побач. |
4 | Я не помню, як зайшоў і ўзяў сваю стрэльбу. Можа, хацеў пакончыць самагубствам? Не... Толькі я доўга блукаў па асенніх палях, каля ўскаламучаных дажджамі рачулак, па гаях, што пажаўцелі і ўжо асыпаліся, пакуль мае юхтовыя боты не зрабіліся рудымі і, як пудовыя гіры, цяжкімі, а галаве не стала лёгка і ясна... «Нічога, – думаў я, заспакоены, ідучы дадому. – Што ж, мы рассталіся... Але не можа гэта быць надоўга... » Для такіх думак я стараўся знайсці свае падставы. |
5 | Мы з ёю толькі ўдваіх у вёсцы настаўнічалі, і як жа, здавалася мне, яна зможа доўга не бачыць маёй адданасці? А каханне маё разгаралася ўсё мацнейшым агнём. Праўда, я ўлічваў, што, магчыма, мы і не зусім з ёю пара. Яна, «мая», як я ў думках зваў Надзю, была такая шыкоўная, гарадская. Яна ўмела так хораша гаварыць і апранацца і любіла ўсё толькі прыгожае. А я быў няўклюдны вясковы хлопец, зусім просты, нават і пасля вучобы ў горадзе аніяк не мог наладзіць свой няхітры гардэроб. |
6 | А яшчэ я любіў паляванне. А яна яго не любіла. Бывала, яшчэ да нашага разладу, яна, хоць і захоўвала суседскую ветлівасць, заўсёды неадабральна ставілася да маіх паляўнічых паходаў. Асабліва мне пападала тады, калі ўдавалася што-небудзь падстрэліць. – Як вам не сорамна! – крычала Надзя, тонкімі сваімі пальчыкамі закрываючы вочы, каб не глядзець на ўпаляванага мною цецерука. – Як вам не брыдка забіваць такую красу! Гэтая ліра яшчэ нядаўна ўпрыгожвала малінавыя зараснікі, пакуль вы не патапталі іх сваімі падкаванымі ботамі! Гэтыя прыгожыя птушыныя вочы так прагна глядзелі на свет! А вы, што вы зрабілі!.. |
7 | Мне такія яе прамовы заўсёды здаваліся крыху мнагаслоўнымі і не зусім дакладнымі. Аднак перад сінім гневам яе вачэй я і на самай справе пачынаў адчуваць сябе вінаватым. Пакорліва, як чалавек, які зрабіў злачынства, стаяў, пакуль яна не казала свайго злоснага «бывайце». А тады панура плёўся дахаты, спатыкаючыся і грукаючы аб каменні сваімі і напраўду падкаванымі ботамі... Так было раней. А цяпер, пасля нашага разладу, яна некаторы час наогул ігнаравала мяне. |
8 | Толькі яе вусны іранічна крывіліся, калі я казаў «добры дзень, Надзя...». Прайшла восень, і настала зіма. Не думалася мне, што так упарта будзе сердаваць на мяне «мая» Надзя. А яна ўсё маўчала і маўчала. І што мне было рабіць? Кожны дзень пасля заняткаў браў сваю стрэльбу ды ішоў на заснежаныя палі і балоты, да сваіх зайцоў. З імі, даўгавухімі шаракамі, было ў мяне самае сумленнае спаборніцтва. Удасца яму напятляць слядоў так, каб я пратаптаўся да вечара, нічога не разабраўшы, ці даць драпака з-пад самага носа, – ну што ж, жыві, касы, і няхай гудуць ад стомы мае ногі. |
9 | А не ўдасца перахітрыць мяне – тады ідзі, дружа шэры, за мае плечы і целяпайся там сваімі доўгімі вушамі, пакуль іду да вёскі... Прыемна, вядома, кожнаму паляўнічаму паказацца перад людзьмі са сваім трафеем. Асабліва калі трафеі здараюцца не часта. Я ж у апошні час быў пазбаўлены такой асалоды. Хацеў менш трапляцца на вочы Надзі – можа, хоць так, спадзяваўся, даб’юся з ёю прымірэння. Вось і стараўся, несучы касога, ісці загуменнямі, ды яшчэ і прыцемкам. |
10 | Але я, відавочна, не заўважаў, што ў Надзі маёй нешта змянілася. Неяк раз у школе звярнуўся да яе з дзелавым запытаннем, і яна – о дзіва маё дзіўнае! – яна не толькі адказала мне вельмі шчыра і прымірэнча, а нават назвала мяне па імені і па бацьку – упершыню пасля нашага разладу. Не скажу, што я аслупянеў, я не так здзівіўся, колькі разгубіўся. Рукі мае дрыжалі і пад нагамі вагалася падлога, калі, забыўшыся падзякаваць, адыходзіў ад Надзі, Надзі Пятроўны, надзеі маёй і смутку майго... |
… |
Комментарии