[{{mminutes}}:{{sseconds}}] X
Пользователь приглашает вас присоединиться к открытой игре игре с друзьями .
Мини-марафон белорусский
(0)       Используют 4 человека

Комментарии

vnest 13 июня 2022
Для словаря есть возможность подключить отображение обложки-автора-названия, как в "Обычном" (пример).
Подробнее здесь.
Написать тут
Описание:
Тексты объемом 800−820 знаков на белорусском языке
Автор:
vnest
Создан:
22 мая 2022 в 15:27 (текущая версия от 11 июня 2022 в 13:43)
Публичный:
Нет
Тип словаря:
Тексты
Цельные тексты, разделяемые пустой строкой (единственный текст на словарь также допускается).
Информация:
Тексты из книг длиной 800-820 знаков, преимущественно повествовательные, с минимумом кавычек, тире, цифр и т.п.
Книги белорусских авторов:

скрытый текст…


Книги зарубежных авторов:

скрытый текст…
Содержание:
1 А не зробіш гэтага, дык ужо будзеш прымушана звярнуць на другую дарогу, куды цябе горне гэтае няяснае, такое павабнае жаданне навіны. Вечар даўно кінуў наметку шараватага змроку на заціхаючую зямлю. Гара маўчала, ціха разважаючы аб чымсьці. Поўны месяц устаў на небасхіле, усміхнуўся, бы той падарожны, страціўшы надзею на добрую долю; яго таемны і тужлівы водбліск разліўся над ціхімі разлогамі зямлі і неба. Крынічка ўсё бегла, гнала хвальку за хвалькай, поўная задумення. Булькала і звінела, як музыка, зачароўваючы зялёныя беражкі; залатыя мары снаваліся над пахіленымі галоўкамі прыгожых красак. Месячык падплыў яшчэ вышэй і кінуў сваю касу ў лона крынічкі і зачараваў яе. Цяпер ёй яшчэ мацней захацелася ісці далёка, бо ёсць невыразнае хараство ў гэтых прыгожых далях, у гэтых няясных парываннях да невядомага.
2 Далёкае неба, сіняе неба! Чаму не дасі адказу на нашу пакуту, на нашы надзеі, на нашы блуканні? Чаму не асушыш нашы горкія слёзы? Не супакоіш хворую душу і сэрца? Чаму не папаліш агнём справядлівым таго ліхога звера, што сее заразу, топча праўду і носіць няшчасце па нашай зямлі? Далёкае неба! Сіняе неба! Што ёсць на свеце дзіўнейшае, як ты? Высокае сонца, белыя хмаркі, як пух, плывуць і плывуць адна за адною, родзяцца, прападаюць, сплываюцца ў цёмную хмару, звісаюць над полем і лесам, блішчуць маланкамі, трасуцца громам, разліваюцца чыстымі халоднымі кроплямі і шчыра льюцца на зямлю. Далёкае неба! Сіняе неба! Як ціха на небе ўночы! Срэбраны месячык, то круглы, то вузкі, як серп, як хораша свеціць над чорнаю цемрай, што густа засцілае Божы свет! А далёкія зорачкі! Божа мой! Як добра ў ціхую ночку!
3 Куды ты нясеш мяне, няведамая дарога? О мой родны край! Хмурна пазіраеш ты з сіняга туману, што лёг па краях палёў, дзе неба, спусціўшыся нізка, абнімаецца з беднаю зямлёю. Парэзалі цябе вузкія сялянскія дарогі, чорныя сцежкі, рэкі і азёры, лагчыны і балоты, лясы і горы. А бедныя вёскі і сёлы без усялякага парадку параскідаліся то там, то сям: па гарах, лагчынах, па беразе рэчак, сярод далёкага поля, па цёмных лясах. Распаўзліся па полі, як чэрві ў нягоду, бедныя мужыцкія хаты. Пакрывіліся яны, абвіслі стрэхі на гумнах, зялёныя купіны моху таўстою карою ляглі на гнілых саламяных стрэхах. Збіўся ў кучу будынак. Навалены ў кучу бярвенне, стружкі, салома. Дзе-нідзе гляне нудная вярбіна, блісне бярэзіна, выскачыць клён. Як нявесела, як непрытульна пазіраеш ты, мужыцкая вёска, сірата між людской будовы!
4 Уласнае шчасце бязроднай Хмаркі не дазваляла ёй прымеціць чужое гора. Ёй здавалася, што ўсе на свеце, як і сама яна, радуюцца і цешацца сваёй доляй. З гэтай прычыны Хмарка не ведала, якую тугу і жаль пакідае яна за сабою на зямлі, з якой прагавітасцю хоча поле задаволіць сваю смагу. Вунь там, за вёскаю, ледзь калышацца ў межах пажоўклае жыта. Гэта вецер, толькі што абудзіўшыся, пачынае пазяхаць, пацягвацца. Бедныя каласкі пільна прыглядаюцца да Хмаркі. Калі-нікалі іх ажыўляе надзея ўздужаць з ласкі шчодрай Хмаркі. Але Хмарка ішла далей, толькі цянёк ад яе праплываў, як здань па жыце, і яно нікла каласкамі, стаяла, нікому не скардзячыся, як быццам самлеўшы. Сумна рабілася ўсюды, і нейкая крыўда і жаль бруіліся над усім, што пакідала Хмарка. Два прыўдалыя конікі перасталі спяваць і пахаваліся пад лісток лотаці.
5 А Хмарка, шчаслівая, радасная, ясная, як майская раніца, усё ішла, ішла далей і далей да невядомых краёў свету. Ёй рабілася крыху сумна, шкада было пакідаць тыя малюнкі, да якіх яна прывыкла, але жывая натура гнала і гнала яе наперад, не даючы супачынку. Так ішла Хмарка ўвесь дзень. Пад вечар, калі сонейка схілілася блізка да захаду, Хмарка зайшла ў край, які непадобен быў да тых краёў, адкуль яна выбралася ў дарогу. Перад ёю пачаліся высокія горы, вярхі якіх пакрывалі адвечныя снягі. Сонейка пачало хавацца за край зямлі, апошнія стрэлы яго праменняў афарбавалі Хмарку ў агнявісты колер і патухлі. Востры холад пустых і жудасных дзікіх горных вяршынь моцна сціснуў Хмарку. Яна скурчылася, зрабілася маленькай і тонкай, знайшла зацішак між гор і спынілася, прыхіліўшыся да старой Скалы. Страшна стала Хмарцы.
6 І само сабою напрашалася параўнанне гэтых дзяўчат. Панна Марына, без спрэчкі, мела перавагу над Ядвісяю ў харастве, але разам з гэтым уступала Ядвісі ў разнастайнасці праяўленняў жыцця. Марына была ціхая, сталая і, напэўна, вельмі добрая душа, але гэта была простая дзяўчына. Адлучыўшы ад Марыны хараство, гэту дзявочую шыльду, ад яе засталося б мала, тады як Ядвіся была натура больш мнагалучная, больш жывая, якая яшчэ не выявілася і не сфармавалася ў пэўны характар. Лабановіч усміхнуўся сам сабе: яму прыпомнілася казка пра асла. Галодны асёл папаў між двух стагоў. Ён спыніўся і пачаў разважаць, да якога стога яму накіравацца. Разважаў да таго часу, пакуль не выпрастаў ногі. У канцы Лабановіч вывеў такое заключэнне, што гэтыя дзве дзяўчыны ахаваюць яго ад таго, каб закахацца ў адну з іх, і яму стала весела.
7 Лабановіч ішоў борзда. Яму было лёгка, проста хацелася бегчы, ганяцца за гэтымі белымі пушынкамі, нібы яны былі жывымі або ён сам быў яшчэ дзіця. З правага боку дарогі лес скончыўся. Лабановіч ішоў і ўзіраўся ў цемру, каб не прамінуць гасцінца, бо дзесь тут ён павінен перасекчы чыгунку. А во гэты шлях, вось гэтыя старыя бярозы-прысады! На гасцінцы, у вярсце ад чыгункі, стаяла хата казённага лесніка Лукаша. Там змяшчалася школа, дзе жыў і вучыў дзяцей Турсевіч. Лабановіч борзда прайшоў гэту вярсту, здалёк убачыўшы сіняваты блеск у акне свайго сябра. Каля самае кватэры ён прыпыніўся. Акно з боку вуліцы было завешана просценькаю занавескаю. Турсевіч хадзіў па пакоіку і меў такі выгляд, як бы ён сам сабе пераказваў лекцыю. Лабановіч ціхенька падышоў да аконца, пастукаў пальцам па шыбе і схаваўся.
8 Ён закрыў кнігу і колькі хвілін ляжаў нерухліва. Спярша ён чуў, як нейкае задаваленне прыемна запаўняе яго ўсяго, бо ў гэты вечар прымеціў, што панна Ядвіся ім вельмі цікавіцца. Яе акруглыя цёмныя вочы затрымліваліся на ім часта і доўга, то радасныя, то ясна-спакойныя, то крыху як бы засмучаныя, і глыбока западалі яму ў самае сэрца, хвалюючы яго. Усе словы яе, сказаныя ў гэты вечар, цяпер прымалі асаблівае значэнне, здаваліся мнагазначнымі, яшчэ яскравей выяўлялі вобраз гэтае дзяўчыны і яшчэ з большаю сілай захаплялі маладога настаўніка... Але і другая думка зараз жа зачала сваю работу ў яго галаве і як бы клікала паглядзець на гэту справу іначай. Калі гэта яшчэ не зусім расцвіўшая краска палюбіць яго з усёю сілай першага кахання і даверыць яму сваё сэрца і маладосць, і ўсё сваё жыццё, тады што?
9 Ён колькі хвілін думае над гэтым словам. Звычайнае, простае слова. А колькі гора і смутку для яго сэрца ў гэтым слове! Паехала!.. Нават і не развіталася з ім. А як многа хацеў ён сказаць ёй у гэтыя апошнія дні! Чаму так здарылася? Ён устае і ідзе ў другі свой пакойчык, глядзіць праз акно на дом, на палісаднічак пана падлоўчага, на ганак, абсаджаны дзікім вінаградам. На гэтым ганачку ён бачыў яе апошні раз. А цяпер ні там, ні ў гэтым доме яе няма. Там цяпер пуста, і ўсюды стала пуста. Вуліца жыве сваім звычайным жыццём. Дзве кабеціны-паляшучкі, убраныя па-святочнаму, аб чымся гутараць, спаткаўшыся на сярэдзіне вуліцы. На прызбе каля старасты сядзяць мужчыны з люлькамі, па вуліцы перабягаюць свінні і пужаюць вясёлыя гурткі верабейчыкаў. Усё гэта так нецікава, усё гэта так далёка ад яго і так чужое яму.
10 Пакуль рэдактар дачытваў і папраўляў сваю газету, агарак свечкі пачынаў канаць. Белае полымя дрыгацела, хісталася, падымалася і ападала і вось-вось, здавалася, пагасне. Раптам з неспадзяванаю сілаю яно зноў выбухала і зараз жа ў знямозе нікла, як апошні прадсмертны ўздых. Рэдактар перавёў вочы на агонь, пазіраў на апошнія моманты яго жыцця. І было штось трагічнае ў гэтым змаганні жыцця і смерці. Рэдактар пазіраў і трос галавою. Не, не падняцца табе са дна жыцця: дайшлі да канца, спустошыліся твае жыццёвыя сокі. Кноцік упаў на стол, агонь зусім апаў, але затрымаўся на момант, падняўся, асвяціў яшчэ на адзін міг газету і знік, як бы заліты гэтым варожым змрокам. І цесная каморка рэдактара, і двор за акном каморкі зліліся ў адну цёмна-шэрую пляму, нямую, зацятую, не парушаную ніводным голасам жывога жыцця.
11 Эх, як прывольны прасторы наднямонскіх лугоў! Часамі над прасторамі зялёнага мора, як вартаўнікі, узнімаліся пышныя постаці адзінокіх дрэў, пераважна дубоў, параскіданых дзе-нідзе сярод лугу, а месцамі і цэлыя дубовыя гаі. Многа тут для іх прастору і сонца. Ёсць дзе разгарнуцца іх магутным карэнням, камлям і галінам. Між гэтых дрэў асабліва кідалася ў вочы падарожнага старадрэвіна-хвоя, што стаяла зусім адна на высокім грудзе непадалёку ад Нёмана. Тоўсты, гладкі, бы вытачаны, камель з карою накшталт адмысловай чарапіцы высока ўзнімаў верхавіну, заламаўшы яе набок пад простым вуглом; на гэтым заломе змайстраваў сабе бусел даўгавечнае гняздо. Ад усяе адзінокае хвоі, ад гэтай пахіленай у бок лесу верхавіны павявала нейкім смуткам, як бы ўзлажыла яна цяжар на свае плечы і схіліла пад ім галаву.
12 Прагавіта прыслухоўваліся да розных чутак, часамі выдумлялі іх і на гэтай аснове стваралі такія рэчы, што самі пачыналі палохацца іх, а потым самі ж дапякалі сябе смехам. Стаіць, бывала, грамада, а перад ёю за Нёманам, як нейкая гадзюка, ляжыць праклятая чорная грэбля, дыхнуць вольна не дае. Многа было аб ёй гутарак і сварак, калі справа заходзіла аб тым, каб яе паправіць. Бывала, так-сяк і збяруцца і падправяць сям-там, але такая рапарацыя мала давала карысці, і грэбля як была, так і заставалася іх бядою. Праўда, не заўсёды грэбля з аднакаю сілай бунтавала сялянскія душы. Часамі аб ёй зусім нават забывалі, і толькі ў часе касьбы і жніва, калі трэба было ездзіць з вазамі, аб ёй думалі, яе пракліналі, з-за яе сварыліся. Жыла гэта грэбля і ў думках грамады і паасобных членаў яе. Жыла, як стрэмка ў целе.
13 Назад жа выходзяць пачырванеўшы, і ногі іх убезладзь ступаюць. Тут ужо і песню пачуеш, і самую шчырую гутарку, і самую ласкавую лаянку, без прымешкі нават і ценю злосці. Проста людзям весела і добра, як вось кульгаваму дзядзьку Есыпу. Есып ужо стараваты чалавек. Барада яго збілася ў лямец, а на самым канцы хвосцікам закруцілася, як у невадзе матня. Краі чорнай світкі разышліся па баках з-пад шырокага даматканага пояса. Белая доўгая кашуля расшпілена. Шырокі прарэх адкрывае грудзіну і жывот да самага пупа. Старая шапка збілася са свайго звычайнага месца на галаве і брылём убок павернута. Усё гэта робіць постаць дзядзькі надзвычайна пацешнаю. Выраз жа яго твару найлагаднейшы і найдабрэйшы. Выступае Есып подскакам. У гэтым вінавата яго кульгавая нага, а піва толькі злёгку водзіць яго па баках.
14 Ёй не спадабалася незалежнасць настаўніка Верханскай школы і яго адносіны да сваіх выхаванцаў без той строгасці, якая ставіць мяжу паміж вучнямі і педагогамі. Яшчэ болей неўзлюбіла яна Лабановіча, калі яе вучні данеслі, што верханскі настаўнік, скруціўшы ў трубку, засунуў за кніжную шафу нямую геаграфічную карту, адкуль дастаць яе было не так лёгка. На такі незаконны ўчынак навёў Лабановіча Мініч. Вучняў Верханскай школы напалохала нямая геаграфічная карта: такой у іх ніколі не было. Ад імя сваіх таварышаў і выступіў Мініч, сказаўшы, што нямая карта для іх незнаёма і яна можа пашкодзіць ім на экзамене па геаграфіі. Настаўнікі іншых школ адобрылі ўчынак Лабановіча, і на гэтым справа з нямою картаю скончылася. Аднак настаўніца Грабёнскай школы на ўсё жыццё затаіла ў сэрцы непрыязнь да свайго верханскага суседа.
15 Лабановіч падбег да акна і даў Лукашу абяцаныя дваццаць капеек. Так паўтаралася некалькі раніц падрад. Пісар, як відаць, дагадаўся аб змове і на ганак болей не выбягаў. Раз у год Лукаш меў адну прывілею: у дзень Святых апосталаў Пятра і Паўла ён мог рабіць усё, што захоча: мог выганяць жывёлу, а мог і не выганяць. Такі быў звычай у Верхані. Але калі Лукаш у гэты дзень выходзіў на работу, кожны двор адараў яго хлебам, скорамам, яйкамі, а хто даваў пры гэтым яшчэ трохі медзякоў. Лукаш, зразумела, праходзіўся па дварах, збіраў статак і браў добраахвотныя падаткі. Выгнаўшы з сяла жывёлу, Лукаш даручаў статак падпаскам, а сам прадаваў сабранае дабро, увесь дзень частаваўся гарэлкаю, частаваў і людзей, хадзіў па сяле і спяваў песні. І людзі саступалі яму дарогу. У гэты дзень Лукаш быў недатыкальнаю асобаю.
16 І Турсевіч цвёрда паставіў сабе пагаварыць з Лабановічам аб гэтым, толькі не зараз, калі жар спрэчак яшчэ не астыў. У сваю чаргу Лабановіч спачуваў Турсевічу як добраму другу дзіцячых і юнацкіх дзён. Перад яго вачамі паўстала Палессе, вандроўка ў Любашава, куды перабраўся Турсевіч з Цельшынскай школы, іх гутаркі і спрэчкі. Тады спрэчкі не разлучалі іх, а, наадварот, яшчэ болей умацоўвалі дружбу. Шкада было Турсевіча як чалавека, якога заела мяшчанскае імкненне да спакойнага і сытнага кавалка хлеба і мірнага, бестурботнага жыцця. У гэтым імкненні было падабенства між Анцыпікам і Турсевічам. Але ні Лабановіч, ні Турсевіч нічым не выяўлялі гэтых прытоеных пачуццяў адзін да аднаго, стараліся проста не гаварыць ні аб іх, ні аб тых пазіцыях, на якіх цяпер стаяць яны, як бы нічога асаблівага паміж імі не здарылася.
17 Дзень быў лагодны, ціхі. Сонца ўжо даўно мінула поўдзень. Прыпарвала. На далёкім захадзе з-за зубчастых пералескаў выплывалі, як мядзяныя горы, клубястыя хмары, пафарбаваныя сонцам у чырванаваты колер. Як прыгожа і велічна выступалі яны над краем зямлі, уздымаючыся ўсё вышэй і вышэй! У іх звілістых клубках, у вычварных і невыразных абрысах таілася магутная сіла зямлі і сонца, гатовая рушыць на мірныя нівы, лясы і даліны стрэлы маланак і рэкі дажджу. Зрэдку павяваўшы ветрык зусім заспакоіўся. Настала вялікая цішыня. Быў нават нейкі неакрэслены страх у гэтай нязвыклай цішыні. Лабановіч не мог адвесці вачэй ад купчастых грамадзін-хмар і ўвесь аддаўся чарам зямлі і неба. Калі пападаўся зручны пункт, адкуль расчыняўся шырокі краявід, ён прыпыняўся і некалькі хвілін любаваўся малюнкамі, што паўставалі перад вачамі.
18 У пакоі значна пацішэла. Райскі як сакратар палажыў на стол пратакол сходу, прагледзеў яго, прачытаў подпісы, зрабіў сякія-такія нататкі на асобным лістку паперы. Тукала, скінуўшы хадакі, тупаў каля кніжнай шафы, час ад часу перакідаючыся жартамі то з тым, то з другім. Садовіч і Янкавец шпацыравалі па пакоі і ціха аб чымсьці гутарылі. Тадорык, прысеўшы каля адчыненага акна, іграў на скрыпцы нейкія музычныя імправізацыі, цалкам аддаючыся ім. Лабановіч сядзеў на абадранай канапцы насупраць Райскага, слухаў, як гаманіла скрыпка ў здольных руках Івана Тадорыка. Яе гукі плылі кудысь у прасторы не дужа цёмнай летняй ночы. Слухаў і думаў. Яму здавалася, што ўжо даўно-даўно было тое, калі ён выпраўляўся ў дарогу з Верханя. Страцілася адчуванне часу, бо сцерліся абыклыя межы, якімі аддзяляецца адзін момант ад другога.
19 Пасажыраў у вагоне было не так многа. Лабановіч прымасціўся на лаўцы каля акна і пазіраў на ўсё новыя і новыя малюнкі, напісаныя шчодраю прыродаю на кожным кавалачку зямлі, а таксама і змайстраваныя рукамі чалавека. Нейкае невыказнае хараство спалучалася ў сумеснай працы чалавека і прыроды і ў тонах іх агульнага настрою. Адно толькі не радуе: наплыўшыя раптам халады і суш запынілі рост збажыны ў палях і травы ў лузе. Асабліва кідаецца ў вочы сваёй убогасцю ярына па вузкіх шнурах, што падымаюцца на пясчаныя ўзгоркі і, дабегшы да сярэдзіны, хаваюцца па другі бок іх. Іншы выгляд мелі дваровыя палеткі, выкраеныя з лепшых кавалкаў зямлі і сабраныя ў шырокія лавы, што акружалі панскія сядзібы і фальваркі. У часе засеяныя, угноеныя багата, пышна растуць тут збажына і ярына і трывала пераносяць нягоды вясны.
20 Не апошнюю ролю ў гэтай справе адыгрывалі і меркаванні пэўнай эканамічнай выгады. Некаторыя экспанаты Ясь Ліскоўскі выменьваў на такія, якіх у яго не было, і пры гэтым з прыбыткам для сябе. Вандруючы па розных кутках Беларусі, па старажытных гарадах і мястэчках, ён не абмінаў кляштараў, касцёлаў і старых цэркваў, заглядаў у панскія двары, у шляхецкія фальваркі, рабіў свае справы і збіраў падпіску на беларускую газету. Ксяндзы, арандатары і фальваркоўцы бачылі ў газеце адзін са сродкаў, што можна выкарыстаць для пашырэння польскасці ў беларускім краі. А можа, на гэтую думку наводзіў іх сам збіральнік беларускай старасветчыны. Ксяндзы і панкі, калі не ўсе падпісваліся на газету, то давалі пэўную даніну на яе выданне. Адгэтуль стала ясна, чаму газету друкавалі некаторы час кірыліцай і лацінкай.
21 Мала ўцехі ў такой пераконанасці знарок падабраных прыхільнікаў царскага самаўладства. Але турботныя і невясёлыя думкі ў дарозе развеяліся. Аптымізм, уласцівы натуры Лабановіча, вера ў лепшае ў жыцці ўзялі верх над прыкрымі развагамі, і ён у добрым гуморы вярнуўся дамоў. Семіпалаў аказаўся сумленным і праўдзівым чалавекам. Роўна праз тыдзень Лабановіч атрымаў пісьмо. Семіпалаў паведамляў, што суд задаволіў хадайніцтва адваката Казіміра Адамавіча Петруневіча назначыць новых экспертаў для праверкі першай экспертызы. Урублеўскі, пісаў Семіпалаў, ахвотна ўзяў бы ўдзел у абароне на судзе Лабановіча і яго сяброў, калі б не быў заняты на другім працэсе. Вось чаму ён дагаварыўся з прысяжным павераным Петруневічам і даручыў абарону яму. Лабановіч чуў, што Петруневіч лічыўся адным з лепшых адвакатаў у Мінску.
22 Не зачыніўшы нават сенцаў, у бахілах набасанож старая хутка пайшла па дарозе. Спачатку яна абмінала гразь, пазіраючы то пад ногі, то на пагорак, потым прыбавіла кроку і ўжо не разбірала дарогі. У нізіне ля калдобін, калі знік з вачэй пагорак, яе ахапіла трывога. Здалося жанчыне, што яна позніцца, што ён упаў там і ляжыць пакалечаны, і маці, цяжка дыхаючы, кінулася подбегам. Сэрца яе ледзь не разрывалася ад гора і напружання, пакуль яна выйшла з лагчыны. Вось-вось, здавалася, яна ўбачыць яго, як у тым сне, на дарозе, зняможанага, пакалечанага. Яна, захліпаючыся ад стомы і хвалявання, узлезла на пагорак, але дарога была пустая. Гэта было першае расчараванне, але яно не пахіснула веры жанчыны. А можа, ён далей, можа, за параснікамі ці ў Лужку, думалася ёй, і старая, не спыняючыся, бегла далей.
23 Пшанічны ледзь не па самыя плечы закапаўся ў рудую кучу гліны; далёка навокал адкідваючы рассыпастыя камякі, зухавата і весела асталёўваўся разгарачаны Свіст. Ён зняў з сябе ўсе папругі і вопратку і, застаўшыся ў гімнасцёрцы, спрытна сыпаў з яміны малой пехацінскай лапаткай. У дваццаці кроках ад яго, таксама над лініяй, час ад часу спыняючыся, адпачываючы і аглядваючыся на сяброў, крыху з меншым стараннем акопваўся Аўсееў. Ля самай будкі спрактыкавана ладзіў кулямётную пазіцыю старшына Карпенка; на другі бок ад яго старанна дзёўб зямлю расчырванелы, потны Глечык. Нарыхліўшы жалезінай грунт, хлопец рукамі выкідваў яго, пасля прыгаршчамі выгортваў пясок і зноў дзёўб. Адзін толькі Фішар без справы самотна сядзеў у быльнягу, дзе яго пакінуў старшына, і, тулячы ў рукавы азяблыя рукі, гартаў нейкую кніжку.
24 Глечык даволі ніякавата адчуваў сябе тут, у гэтай прасторы, усё карцела адстаць ад Свіста, прыхавацца за яго спіну, думалася, што вось-вось ад тых варожых машын загрукаціць чарга і смерць-боль праніжа яго цела. Аднак там пакуль што не бачна было нікога, і хлопец стрымліваў, перамагаў свій страх і ішоў поплеч з таварышам. Так яны перайшлі масток і набліжаліся к пабоішчу, ніхто не страляў у іх, і Глечык паспакайнеў. Свіст жа досыць рашуча, з гранатай за дзягай, на якой блішчала вялікая флоцкая спражка, падышоў да транспарцёра, што стаяў на дарозе, абышоў яго, зазірнуў у адчыненыя ззаду дзверы. Жывога тут не відаць было нікога, воддаль на гразі ляжаў ніцма забіты немец, ля яго ў канаве другі, смярдзела паленай гумай, смылелым рыззём і фарбай. Не бачачы небяспекі, Глечык таксама падышоў да машыны.
25 Немцы на пагорку чамусьці маўчалі, але не знікалі і ўсё хадзілі ўдалечыні за бярозамі, нешта выглядалі. Аднойчы, збочыўшы з дарогі ля вёскі, у поле выехала некалькі машын з гарматамі ззаду. Глечык разумеў, што яны нешта рыхтуюць, але ранейшага страху ў хлопца ўжо не было, была толькі маўклівая злараднасць ад іх шматлікіх намаганняў супраць яго, аднаго. Так ішоў час, ужо, мабыць, настаў поўдзень. Неба ўсё праяснілася, зганяючы хмары, усё часцей і даўжэй паказвалася негарачае сонца. Вецер добра сушыў начную макрату, святлелі размяклыя груды бруствера, бралася ў падсохлыя плямы дарога, толькі Глечыкаў шынель усё быў вогкі, ушчэнт запэцканы глеем і пудовым цяжарам душыў плечы. Міжвольна горнучыся да цяпла і сонца, баец вылез з сырой засені акопа і сеў на бруствер, звесіўшы з калень бязвольныя рукі.
26 Уладкаваўшы свае справы, хлопцы зноў сталі пільнаваць лагчыну. Галкін, мала адпачыўшы ноччу і змораны напружаннем раніцы, адразу пачаў дзёўбаць носам, стоячы за кулямётам. Не давяраючы яшчэ аднаму Матузку, ён імкнуўся назіраць сам, але ўваччу непрыкметна наплываў туман, галава марудна хілілася долу і павісала, амаль кранаючы зямлі. Тады кулямётчык усхопліваўся і як мага шырэй расплюшчваў пачырванелыя вочы, аднак праз хвіліну цішыня, зморанасць і спёка зноў бралі сваё. Матузка трымаўся болей бадзёра. Хоць і на яго дзейнічала нерухомасць і спакой у полі, але ён не думаў пра адпачынак. Наадварот, бачачы, як стаміўся таварыш, ён яшчэ пільней у соты раз аглядаў поле, якое вывучаў да апошняй драбніцы. Так прайшло некалькі расцягненых бяздзейнасцю гадзін, і ў паўдзённай цішыні выспела нарыхтаваная ворагам бяда.
27 Нібыта Сотнікаў пачаў даставаць яго з кабура, трохі павярнуў набок і адламаў ствол, які, аказваецца, быў не стальны, а нібы алавяны, як у пугачы. Сотнікаў надта спалохаўся, хоць у той час бачыў сябе не хлапчуком, а, здаецца, амаль што цяперашнім ці, можа, курсантам, бо, здаецца, усё тое адбывалася ў ружпарку колішняй яго казармы. Ён стаяў каля піраміды са зброяй і не ведаў, як быць: вось-вось сюды павінен быў зайсці бацька. Сотнікаў кінуўся да піраміды, але там не было ні аднаго незанятага месца, ва ўсіх гнёздах стаялі вінтоўкі. Тады ён дрыготкімі рукамі расчыніў бляшаныя дзверы грубкі і сунуў кабур з маўзерам у чорную смярдзючую адтуліну печы. У наступную хвіліну там засвяціўся агонь, але не полымя, а распалены зіхоткі жар, у якім нібы плавілася штось яркае, і ён стаяў насупраць, не ведаючы, як затушыць яго.
28 Трываючы вялікі страх, Сцепаніда пераседзела ў бярэзніку ноч і палову наступнага дня, але бою не было чуваць, только паўднём угары паявіліся самалёты і здрыганулася зямля, дзесьці забахала, засакатала і ў небе за логам паўстаў шэры слуп дыму, нешта там загарэлася. Спакваля, ачуняўшы ад першага страху, яна сцяміла, што гэта далёка, усё на тым жа гасцінцы ці, можа, нават далей, у мястэчку. Адвячоркам усё тое прыціхла, нібы і не пачыналася, яна трохі счакала яшчэ, а пасля боязна павалаклася з каровай да хутара, не ведаючы нават, ці ўбачыць што ад свайго жытла, ды і Петрака таксама. Але хутар, як заўжды, ціха стаяў сабе наводдалек ад дарогі пад старымі ліпамі, а на падворку, вылезшы з пограба, тупаў з саломай у барадзе яе Петрачок. Знаёмы дымок ад яго самакруткі струменіў цераз паркан па ветры.
29 Тут трэба было лезці вышэй у ляшчыннікавым ды алешнікавым зарасніку, парсючок то нязручна скакаў угору, то ўбок, то недаўменна спыняўся, мабыць, прытаміўшыся, і тады на асабліва крутой мясціне Янка абхапіў яго ўпоперак і крокаў некалькі, не зважаючы на ціхі віскат, прабіраўся так, дзе на нагах, а то больш на каленях. Сцепаніда, адной рукой трымаючы чыгунок, другой хапалася за чорнае вецце і ледзьве паспявала за хлопцам. Так яны выкараскаліся да растапыранага ў бакі карнявішча яловай вывараціны на схіле, дзе збоч невялічкай жвіровай пляцоўкі чарнелася вусце барсуковай нары. Выпушчаны з рук парсючок перастаў вішчэць і пачаў супакоена абнюхваць утаптаны хлапечымі нагамі жвір, карані вывараціны, але калі Сцепаніда паставіла перад ім чыгунок, адразу ж, нібы забыўшыся на ўсё, смачна запляцкаў бульбаю.
30 Мусіць, трэба смялей. Што яна, урэшце, не мае права па сваёй патрэбе выйсці з хаты на двор, хіба яна перастала быць чалавекам? Ну і што, што вайна, немцы. Жылі людзі да гэтай вайны і, мусіць, будуць жыць і пасля, а во ці давядзецца жыць гэтым, яшчэ невядома. Хто палез на іншых з ражном, як бы сам не напароўся на той самы ражон. Ціхутка ступаючы, яна сышла з камянёў-прыступкаў на прыстылую ўжо зямлю падворка, па сцюдзёнаватай воглай траве забегла за вугал на дрывотню і там стаілася: здалося, у палатцы хтось нешта буркнуў. Але гэта, мусіць, у сне, якога вартавога на падворку нідзе не было відаць, і гэта яе трохі ўзбадзёрыла. Падумала, што чуліся яны ўпэўнена, нібы гаспадары. Ведама, чаго ім баяцца, хто ім зробіць шкоду? І ўсё ж што-нішто трэба зрабіць, хай не думаюць: калі ўехалі, дык ім усё можна.
31 Але не паспела тая адказаць, як усе ад кухні рушылі да сяней, густа затупалі ботамі і ўжо не адзін, а трое адразу ўваліліся ў істопку, і пайшло... Са злым, рашучым выразам на тварах яны пачалі пераварочваць дагары нагамі ўсе дзежкі, кубелкі, скідаць з цвікоў транты; разграблі нагамі кучу бульбы ў сенцах, з грукатам адкінулі прэч вечка куфра і ўмомант перавярнулі там усё. Пятрок сцяўся ля шула, ён маўчаў, бо ў яго не пыталіся нічога. Ён пазіраў толькі, як даўгалыгі немец зласліва варочае ўсё ў істопцы: кашы, адсоўвае кадзь з канаплёй, рассоўвае спрэс чыгуны. Падскочыўшы да Сцепаніды, каленам перамацаў яе сеннічок на ўслоне. У акенца Пятрок бачыў, як некалькі салдат узлезлі на снапы ў паветцы і таксама пароліся там, ботамі таўкучы яго хлебны запас, скідваючы некаторыя снапы на зямлю ў вароты.
32 Хай паглядзяць. Той жа вечар у Феньчыным сшытку пісала нешта старонках на трох і, прыхапіўшы хімічны аловак, пабегла ў Выселкі. Хутка мелася прыйсці з пашы карова, трэба было даіць, а гаспадыня знікла да поўначы. Аббегала ўсе двары ў Выселках, вярнулася ноччу маўклівая і ўзрушаная і, што-нішто зрабіўшы па гаспадарцы, павалілася спаць. Пятрок таксама лёг позна, хоць назаўтра планавалі расчаць новую лугавіну за ельнікам, ісці туды было няблізка, уставаць трэба было яшчэ раней. Падняўся, як толькі пачало днець, толькі засінелася неба на ўсходзе, а Сцепаніды ўжо не было, пабегла ўжо. Карову мелася выгнаць Феня, але Феня так салодка спала, што Пятрок памарудзіў браць касу, выгнаў карову сам. Але ж адчуваў, што гэта непарадак, гэта разарэнне для гаспадаркі, калі ад яе адцуралася гаспадыня. І праўда, што адцуралася.
33 На прыступках і ля дзвярэй было пуста, але, прыгледзеўшыся, Пятрок заўважыў за шклом штосьці белае, якое спярша памалу варушылася, а затым насцярожана знерухомела. То быў міліцыянер, Пятрок пазнаў яго па белай кашулі, перакрэсленай наўкось чорным паскам ад рэвальвера, белай, з зоркай, фуражцы на галаве. Стала відаць, як міліцыянер з-за шкла з вялікаю ўвагай сочыць за Петраком, які ўжо выйшаў на сярэдзіну падворка, аднак усё болей замаруджваючы сваю хаду. Вялікім намаганнем ён прымушаў сябе ісці, але ногі кепска падпарадкоўваліся яму, упарта наравілі павярнуць убок, туды, дзе было многа людзей і куды не дасягаў позірк міліцыянера. І так сталася, што ногі перамаглі, збочылі ад прамога кірунку. Пятрок перастаў камандаваць імі і сам з вялікай палёгкай падаўся прэч з падворка да вуліцы, на тратуар.
34 На шчасце ці на бяду, яна ведала, у чым яе хопіць да скону. За сваё цяжкое жыццё яна ўсё ж спазнала праўду чалавечых адносін і пакрысе здабыла свой невялічкі чалавечы гонар. А той, хто аднойчы адчуў сябе чалавекам, ужо скацінай не стане. Шмат што ў жыцці, асабліва гора і бяда, пераканалі яе ў тым, што з людзьмі трэба абыходзіцца па-добраму, калі хочаш, каб і да цябе адносіліся па-людску. Напэўна, чалавек такі ўжо ад прыроды, што адказвае дабром на дабро і не можа адказаць дабром на зло. Зло не можа спарадзіць нічога, апроч зла, на іншае яно не здольна. Але бяда ў тым, што людская дабрыня перад злом бяссільна, зло лічыцца толькі з сілай і баіцца адно толькі кары. Толькі непазбежнасць адплаты можа прыцішыць драпежны ягоны нораў, прымусіць задумацца. Інакш на зямлі запануе пекла, аб якім гаворыцца ў Бібліі.
35 Гэта невялічкае начное здарэнне зусім растрывожыла Сцепаніду, яна забедавала ў думках, ступіла да акна і праз спатнелыя шыбіны ўгледзелася ў начны ветраны змрок, услухалася. Не, нідзе болей не было нікога. Рудзька сціх, мусіць, тыя адышліся далёка. Рэшту той ночы яна не заснула ні трошкі і не спрабавала нават. Яна праседзела ля акна, слухаючы і слухаючы невыразную шапаткую цішу знадворку. Галава ўсё балела, але Сцепаніда быццам трохі абвыклася з гэтым болем, і, калі ў вокнах пачало трохі шарэць на золаку, яна ўстала. Усё ж яна была яшчэ жывая, магла пераадолець немач, трэба было нешта рабіць. Яна ўжо адчула, што не можа болей сядзець на хутары, трываць пакуты ад невядомасці. Хопіць ёй той невядомасці, што праглынула Федзьку, Феню дык цяпер яшчэ і Петрака. Не, трэба было некуды ісці, нешта шукаць.
36 Яны пайшлі далей да гасцінца, а яна няпэўным аслабелым крокам пабрыла да Выселак. Тое, што забралі Карнілу, балюча ўдарыла па яе адчуваннях, таксама як і па яе планах, і яна адчула, што, мабыць, неўзабаве ўсё непапраўна рухне. Але яна не магла лёгка з тым прымірыцца. Яна гатова была змагацца, тым больш што ў яе была воля, нейкая свабода дзеяння, рукі яе яшчэ не былі звязаны. Але чаму не забралі яе? Можа, пакінулі на пакуль што? А можа, пра бомбу ім невядома? А можа, яны шукалі бомбу і ўзялі Карнілу? А дзе бомба, ён ім не сказаў. І не скажа. А раптам скажа? Пачнуць катаваць, выцягваць з цела жылы, хіба ўтрываеш? Дык няўжо скажа? Што ж ёй рабіць? Не адразу яна зразумела, што ісці да Александрыны не мае сэнсу, што наогул ісці ў Выселкі ёй няма па што. Што ёй трэба самой ратавацца. Толькі дзе і як?
37 Непадалёк ад ранейшай яміны ў алешнічку яна пачала капаць новы схоў-ямку крокі са тры ўдоўжкі і вузенькі, бы дзіцячая магілка. Спярша капалася хутка, перагной лёгка паддаваўся рыдлёўцы, яна зняла першы штых і спынілася. Далей замінала карэнне, якое жорсткімі бізунамі ва ўсіх кірунках пранізала глебу. Яна секла яго тупою рыдлёўкай, выдзірала рукамі, некаторыя карані спрабавала ламаць, ды яны толькі гнуліся, бы кулакі, выстаўляючы белыя вузлы, і парушылі зямлёй у твар, на галаву і плечы. Уся змакрэўшы ад поту, яна якую гадзіну ці дзве калупалася ў той яміне, покуль выкапала яе па калена, неяк трохі расчысціла ад белых агрызкаў карэння. Зямлю далёка не адкідала, ведала, зямля ёй спатрэбіцца. Калі яма была гатова, Сцепаніда трохі перадыхнула на беражку і адклала рыдлёўку. Трэба было ісці па бомбу.
38 Закопваць было лягчэй, і яна старанна закідала яму зямлёй, патапталася зверху. Рэшту зямлі з краёў выбрала рыдлёўкай і рассыпала неўпрыкмет наўкола. Затым прыбрала ўсё з камлёў, з куставін, абмяла, абтрэсла і абабрала пальцамі, каб і знаку не было ад таго, што тут нехта капаў. Крыху воддаль сабрала ў алешнічку ахапак чорнага лісця, прытрусіла тую мясціну, пасля адышлася далей па ўзроўку, назбірала яшчэ рудага, чорнага, вільготна-сапрэлага лісця, накідала на яміну, каб і зблізку не відаць было свежай зямлі. У дадатак схадзіла да старога схову, прывалакла трохі хворасту, раскідала сям-там. Быццам тут ніхто і не ступаў ніколі. Абапіраючыся на рыдлёўку, яна ледзьве прывалаклася на свой падворак, дзе яе запытальна-ўважлівым позіркам сустрэў згаладнелы Рудзька, але цяпер яна не магла нават сказаць яму добрае слова.
39 Толькі прыйшоў са службы, пачалася Першая сусьветная вайна, быў змабілізаваны ў самсонаўскую армію, недзе ў Аўгустоўскіх лясах трапіў у палон і апынуўся ў Нямеччыне. Працаваў у баўэра. У палоне, казалі, было па-рознаму, як дзе і каму. На заводах і ў шахтах дык дужа кепска, а ў прыватных гаспадароў, здаралася, і нішто. Канешне, трэба было працаваць, але немцы кармілі, апраналі, неяк клапаціліся аб працаўніках, ня тое, што пасьля на радзіме, у калгасах. Бацька часта ўспамінаў свой палон добрым словам, што ў мяне, вечна галоднага падлетка, выклікала непаразуменьне і зайздрасьць. Яшчэ бацька быў на грамадзянскай вайне, наступаў на Варшаву. А перад тым палякі наступалі на нас, у ваколіцах вёскі адбыўся бой, было шмат забітых з абодвух бакоў. Тое месца, дзе ляжалі забітыя, пасьля доўга называлі Бітаю пожняй.
40 Але я ведаю: яе шальмоўскім звычкам няма межаў. Пакутуюць маці, што пагублялі дзяцей. Гадамі баляць у калек адарваныя ногі. Тояцца ў зямлі, чакаюць сваіх ахвяр міны. Спознена адкрываюцца людзям нечуваныя злачынствы вылюдкаў. На рахунку гісторыі ўсё большае бязвінных неадпомшчаных ахвяр. Дзе віноўнікі? Вядома, адны ў зямлі. Другіх судзілі і прах развеялі ветрам. Трэція мараць пачаць усё спачатку. Але ёсць і чацвёртыя, якія вельмі здзівяцца, калі іх абвінавацяць у некаторых, даўніх ужо, справах. Трымаючыся за падрапаныя парэнчы, я паднімаюся на другі паверх. Здаецца, у дадатак да ўсяго, з кожным годам горшае сэрца. Задышка прымушае спыняцца і хапаць ротам паветра. Вось табе і малады чалавек! Зрэшты, я ведаю: гэта, лечачы лёгкія, я пасадзіў сэрца. Пракляты трышкаў каптан!.. Дранае ашмоцце, а не здароўе!
41 Пайшоў ты са сваімі танкамі, думаю я. Лацно табе ў гэтай сталёвай скрынцы... А вось як нам? Але я не паспяваю што-небудзь адказаць, як на вежы варушыцца другі люк і з яго невысока вытыркаецца ссунутая на бок кубанка. Сахно?.. Так, Сахно. А я ўжо думаў, што ён прапаў. Але, ён не прападзе! Ён адразу акідвае нас маўклівым позіркам, нібы лічыць, і, відаць, задаволены тым, што ўсе на месцы, адварочваецца, каб глядзець наперад. Толькі доўга глядзець гэтым двум з люкаў не выпадае. Я, мабыць, першы заўважаю, як у зорным небе нібы штосьці мільгае, ці, можа, мне толькі здаецца так. Але зараз жа абапал дарогі ў снезе зноў вырастаюць некалькі высозных выбухаў. Праўда, у гэты раз яны быццам слабейшыя, чым раней. Можа, таму, што рвуць далей? Я дзёўбаюся галавой аб браню. Побач разгоніста лязгаюць люкі. Танк прыбаўляе газу.
42 Выйграны фронтам, краінай і назаўжды і непапраўна прайграны мной. Неўзабаве, аднак, мяне балюча кідаюць на мулкія пад снегам камякі зямлі. Чыясьці рука расшпільвае на шынялі мой трафейны афіцэрскі рэмень з жоўтай скуры. Лапае зверху па кішэнях штаноў. Я аслабела расплюшчваю вочы і паміж нечых расстаўленых ног непадалёк бачу Сахно. Ён стаіць насупраць у гімнасцёрцы, без дзягі. З ордэнам Айчыннай вайны на грудзях. Почапку яго, відаць, адабралі, і забінтаваную ў локці руку ён прытульвае да жывата. Ягоны нахмураны позірк разгублена бегае па немцах. Выгляд нейкі аглушаны. Напэўна, капітан не ведае, чаго ад іх чакаць, і прыкметна пабойваецца. Кароткае здзіўленне ад таго, што і ён у палоне, на момант заглушае мой боль. Як жа гэта ён не застрэліўся? Ён жа павінен застрэліцца. Ён жа не мог здацца ў палон.
43 Так, я вінаваты таксама. Вінаваты перад табой і перад тваёй маці, за якую ты найбольш непакоіўся пры жыцці. Я не забыўся на яе адрас. Але што я мог напісаць ёй? Каюся, я доўга вагаўся і Недзе гады праз два пасля вайны паслаў ёй паштоўку з паведамленнем, што ты без вестак прапаў пад Кіраваградам. Гэта была маленькая хітрасць, якая мне памагла зрабіць выбар, каб зрабіць як найлепш. Я ведаў тваю маці з яе пісьмаў да цябе, кожнае з якіх было на чатырох лістах пад нумарамі. Я не забыўся, як непакоілася яна пра цябе, пра тваё жыццё. Але я памятаю таксама, што яна ніколі не прасіла цябе, як іншыя, што б там ні стала зберагчы жыццё. Яна заклікала цябе, калі прыйдзе апошні той час, не забыцца, што ты савецкі афіцэр і камсамолец і зрабіць так, як патрабуе ад цябе твой абавязак. На іншае яна не магла пагадзіцца.
44 Турботы было не толькі нагам, але і рукам: вакол хмарамі звінелі, апаноўвалі асатанелыя камары, амаль безупынна даводзілася адмахвацца ад іх, біць. Маці закрыла хусткай ледзь не ўвесь твар, падкурчыла ногі, але ратунку і так не было. Камарэча даставала цераз вопратку, залазіла ў рукавы, за каўнер. Гуз адбіваўся-адбіваўся хвастом, галавой, не вытрымаў, патрухаў уподбег. Але гэта не памагло, і ён зноў пайшоў, круціў хвастом, матляў грывай, стрыг вушамі... Лес тут быў зусім іншы, як на пясчаніку. Рослыя, з чорнымі, быццам абпаленымі, камлямі, з дзіўна паточанай карой, старыя алешыны танулі знізу ў густым балотным разнатраўі, у маладой пораслі алешын, у гнілым, асклізлым ламаччы. Алешнік вельмі часта мяшаўся з лазняком, што рос моцнымі дружнымі купамі, уздымаючы ў лясны прыцемак шызыя кучары пераплеценага галля.
45 За кавалёвым возам ціснуліся цікаўныя: чародка гарачых цыганоў абкружыла дзядзьку, які трымаў порсткага жарэбчыка. Цыганы наперабой аглядвалі і абмацвалі каня, так жа наперабой лаялі яго, пагардліва паказвалі на яго калені, тыцкалі пальцамі ў капыты. Яны крычалі так дружна, што цяжка было зразумець словы. Гаспадар, вялізны, нязграбны, слухаў іх моўчкі, як бы і не чуў, і цыганоў гэта злавала, яны насядалі яшчэ гарачэй. Дробны, цагляна-чырвоны, старэйшы, відаць, між іх, і раз, і другі хвацка працягваў руку, чакаў, што той падасць сваю на згоду, але селянін усё стаяў, як глухі. З натоўпу вакол сыпаліся падчэпістыя воклічы, чуўся рогат, цыганы ж не заўважалі нікога, толькі старэйшы азірнуўся, тыцнуў пагардліва пальцам на селяніна, просячы ў людзей падтрымкі сабе, потым плюнуў і рушыў прэч, ведучы і ўсю хэўру...
46 Эля падбег к печы, стаў завіхацца з вілкамі каля агню. Годля дастала са скрыначкі ў машыне мерку, але толькі запыталася, які Ганне фасон хочацца, як Чарнушка, перахапіўшы Ганнін адказ, прадбачліва завёў гаворку пра плату. Можа, яшчэ і не старгуемся, чаго ж тады агарод гарадзіць! Баяўся, што Годля заломіць і многа і грашыма. Ён прыкметна памякчэў, калі Годля сказала, што можа ўзяць мукою ці бульбаю. Але, хоць Годля брала і нядорага, як яму і казалі тыя, у каго ён выведваў загадзя, Чарнушка ўсё ж патаргаваўся. Не таму, што чуў у гэтым неабходнасць, а таму, што так было заведзена ва ўсіх. Усе так рабілі. Годлю таксама не злавала спрэчка-торг, не першы раз такія гаворкі вяла. Як толькі згода была ўстаноўлена, яна, быццам і не спрачалася зусім, спакойна і дзелавіта пачала хадзіць вакол дзяўчыны з меркай.
47 Васілю гэтыя дні далі таксама багата трывогі. Было яе многа да сходу, жыла яна, білася ў ім на сходзе, з ёю ж падаўся ён і дадому, несучы ў сабе цэлую буру сумненняў, неспакою, недавер'я. Трывога, спачатку няпэўная, няясная, перамешаная з радасцю, з добрымі марамі, з'явілася ў ім, калі ён пабачыў, што камісія пайшла па хатах. Цешачыся тым, што жаданы перадзел усё ж збудзецца, гадаючы, колькі пяройдзе яму зямлі, ён разам з тым непакоіўся, каб як-небудзь не абышлі яго, не схітравалі і не абдзялілі. І на людзей, абраных у камісію, ён глядзеў з надзеяй і асцярогай, як бы гадаў, што яны прысудзяць яму. Сярод гэтых людзей найбольш турботных думак даваў яму Ганнін бацька, які, здавалася Васілю, цяпер не можа быць, каб не стаў заступацца за Карчоў, сваякоў сваіх, падрываць Васілёвы шанцы на ўдачу...
48 Якой ні паказвала вясёлай сябе Сарока, пайшла назад яна, чуў Апейка, недавольная: так нічога толкам і не ўведала! Неўзабаве за ёй наведаўся Андрэй Руды; курыў, разважаў аб вялікай палітыцы, асцярожна, дыпламатычна падступаўся таксама: якія важныя справы прывялі сюды старшыню райвыканкома. Гаманіў, мітусіўся Зайчык; маўчаў найбольш, уважліва, удумліва слухаў Чарнушка; гасцей за дзень перабыло ў Апейкі нямала. Ён усё пасмейваўся, запэўніваў: памагчы Міканору прыехаў і зарабіць трэба. Ён бачыў, што ніхто не верыць яму, і быў давольны той загадкавасцю, якая ўсё расла вакол яго і надавала яго візіту ўсё большую цікавасць. З гэтай загадкавасцю расло нібы і значэнне яго прыезду сюды. Не было нічога дзіўнага ў тым, што надвячоркам, калі стала спадаць дзённая ліхаманка, людзей зноў пацягнула да Міканоравага агеньчыка.
49 Усё лета, усё ў гэтым леце жыло смуткам вялікай, незваротнай страты. Аб страце шумелі лозы ў балоце, шапталі каласы ў полі, спявалі жаўранкі. Аб ёй гулі пераднавальнічныя вятры, грымелі грамы, пісалі агністымі стрэламі бліскавіцы... Толькі пад восень стала патроху аціхаць, зацягвацца рана. Яна яшчэ чулася, ныла, але ўжо не так балюча. Як бы прывыкаць стала Ганна да гора. Ужо не такім жывым згадвала тварык дачушкі, усю яе, ужо не чула жывога цяпла яе цельца. Цьмеў воблік малой, паціху, непрыкметна, але адыходзіў у нябыт. Усё ж такой, якой была, Ганна ўжо не стала. Пакута назаўсёды пакінула ў ёй знак. Штосьці ў яе душы перакіпелае як бы астыла, зацвярдзела, давала ёй большай рашучасці, а другое зрабілася мяккім, вельмі чулым, падатным. Можна сказаць, нейкая не знаная раней чуллівасць паявілася ў Ганне...
50 Чортава вока на глінішчанскім возеры супакоіць ураз!.. За хвілінамі безнадзейнасці і адчаю прыходзілі вера і рашучасць: не ўсё яшчэ прапала! Усё можна яшчэ паправіць: свет вялікі, ёсць у свеце месца для яе і Васілёвага шчасця! Ці ж не бачыць яна, што не любіць Васіль сваю Маню! Пазваць, пайсці з ім хоць на край свету, к шчасцю свайму!.. Як ніколі, нямілая была ёй цяпер Глушакова дамоўка. Як у няволі, у палоне, акружанай з усіх бакоў ворагамі чула сябе Ганна дзень пры дні. Як і раней, рабіла яна, што трэба было, але рабіла нібы заведзеная, поўная ў душы непрыхільнасці і нянавісці да ўсяго, што было Глушаковым дабром, Глушаковай уцехай. Не раз, не два кляла яна ў думках Глушаковы хлявы, Глушакова гумно, Глушаковых свіней, авечак, Глушаковых сабак. Кляла, звала з маўклівага неба пагібель на усё.
51 Не бачыў, як зняў шапку, схіліў галаву, здароваючыся, дзядзька, што ішоў сцежкаю паўз дарогу. У думкі, звыклае ўжо, але крыўднае, як бязлітасны суддзя, як кат, увайшло: не на тую стаўку паставіў порсткі, непрадбачлівы прапаршчык. Не на таго каня сеў. Хоць мог бы сесці і на таго: быў выбар у сваю пару. І меціў жа высока, а не скеміў, не хапіла ў галаве. Не на таго сеў. І вось туляецца па ямах, рыецца ў гразі, ды яшчэ азіраецца, рызыкуе. Хоць мог бы хадзіць у сталіцах, красавацца ў вялікіх кабінетах, на віднейшых трыбунах, і кожнае яго слова лавілі б. І кожнае выступленне адзначалі б у газетах, выдрукоўвалі. Дзіру такую раённую наведваў бы раз у год, як бы рабіў гераічнае падарожжа. Сталічная кватэра з усімі выгодамі, імклівая машына, паслужлівая сакратарка... Як многа значыць, сесці на таго каня!
52 А хто знае, што ў еялян каровы не сухотныя? А цераз малако хвароба можа перадацца ўсім... Трэба шчэ паглядзець на еялянак, бо ўсе прадукты ідуць цераз рукі жанок. Наша еялянка цёмная, яна шчэ мало знае, як культурно карову падаіць і як свінню выкарміць. Куды яе можно і куды не можно пушчаць. Таму свіння ў сяле есць тое, што не трэба, і ў ёй заводзіцца трыхіна. І ето ўсе ідзе рабочым, і рабочы не знае, што есць сало з трыхінаю!.. Трэба, кеб еялянка була граматнай і культурнаю!.. І от я шчэ хочу сказаць сваю думку пра тое, што ў нас няма навучання па сельскай гаспадарцы. У нас е пачатковая школа, патом сямігодкі і розныя тэхнікумы, а такой асаблівай навукі па сельскай гаспадарцы для тых, хто робіць, няма. І от трэба було б адчыніць такія школы, штоб і еяляне і калхознікі вучыліся. Бо раней яны вучыцца не маглі.
53 Возчык мог бы і не пытацца: кожны раз, вяртаючыся, ехалі найперш у райком. Можа, пакуль ездзіў, адбылося што-небудзь важнае: трэба неадкладна даць распараджэнні. Ды і наогул даведацца пра становішча, быць у курсе апошніх падзей. Ведаць усё... Пасада такая і час такі, што трэба ўвесь час быць напагатове... З акна райкома прывітаў жоўты агеньчык. Ураз адкідаючы здранцвенне, што сцінала ўсяго, Башлыкоў ахвоча выскачыў з вазка. Левая нага ледзь не падагнулася, ён прытрымаўся, адужаў млявасць у ёй, яшчэ накульгваючы, падаўся на райкомаўскі двор, узышоў на ганак. Паспрабаваў адчыніць дзверы, але яны былі зашчэплены з сярэдзіны. Цёплай пасля рукавіцы рукой энергічна пастукаў па дошках. Адчынілі не хутка. Дзяжурны, русявы хлопец, убачыўшы яго, лыпаў вачыма санліва і няёмка. Задрамаў. Ухапіўся прыгладжваць валасы.
54 Ленін стаяў у рост, рука ў кішэні, глядзеў кудысьці лагодным, засяроджаным позіркам. Сталін стаяў за сталом, у жаўтаватым, вайсковага крою фрэнчы, костачкамі сагнутых пальцаў лёгка дакранаўся да стала. Башлыкова хвалявала нязменнаю пашанаю тая сціпласць, якая адчувалася і ў простым фрэнчы, і ў самой паставе, і ў кладцы рота пад коратка падстрыжанымі вусамі. Пашана гэта была асабліва трывалаю, бо за сціпласцю Сталіна помнілася такое незвычайнае, вялікае жыццё: ссылкі, уцёкі, рэвалюцыя, Грамадзянская вайна. Больш за ўсё хваляваў Башлыкова позірк арэхавага колеру вачэй з-пад смаляной, без адзінай сівінкі, шорсткай чупрыны. Уважлівы позірк гэты, здавалася Башлыкову, заўсёды глядзеў проста ў яго. Здавалася, пытаўся: як ты тут? Калі справы ладзіліся і быў добры настрой, позірк гэты не толькі не турбаваў, а радаваў.
55 Ведаючы, што баявому, надзейнаму Харчаву нярэдка не хапае ўмення глядзець на з'явы ў іх шырокім палітычным значэнні, Башлыкоў спецыяльна падкрэсліў, што ўсё, што адбылося ў Глінішчах, нельга разглядаць як мясцовую з'яву. Варожыя вылазкі ў Глінішчах, бясспрэчна, выклікаюць варожую актыўнасць у іншых месцах. Па ўсяму раёну. Коратка, патрабавальна скончыў: трэба зараз жа выехаць у Глінішчы, расследаваць усё на месцы. Прыняць самыя строгія меры. Абветраны, важкаваты твар Харчава быў уважлівы. Харчаў толькі раз-другі мелькам сустрэўся з позіркам Башлыкова, але ў Башлыкова было добрае адчуванне еднасці з ім. Гэтаму не толькі не шкодзіла, а нават нібы спрыяла тое, што Харчаў, як заўсёды, трымаўся незалежна, як роўны з роўным. Башлыкоў быў упэўнены ў галоўным: Харчаў разумее ўсё і на яго можна спадзявацца.
56 Мормаль, не інакш, ці ведаў, ці здагадваўся пра адносіны сакратара да сябе. Усё гэта ўскладняла гаворку. Немаладыя гады і настаўніцкае званне загадчыка райана вымушалі Башлыкова гаварыць як мага далікатна. Абавязак лічыцца з гадамі і званнем былога настаўніка, аднак, не перашкодзіў Башлыкову выказаць усё, што трэба было, з належнай прынцыповасцю. Аддзелены ад загадчыка райана мяжой стала, цвёрда ўсклаўшы рукі на яго паверхню, Башлыкоў слова за словам выкладваў, важка, жорстка. Настаўнікі мала працуюць з жыхарамі вёсак. Недастаткова вядуць работу па калектывізацыі. Не ўцягваюць сялян у калгасы, не вядуць растлумачальнай работы пра перавагі калгаснага ладу. Ухіляюцца ад барацьбы з кулацтвам. Амаль не прыцягваюць да калектывізацыі дзяцей. Каб дзеці ўплывалі на бацькоў, дабіваліся ад іх уступлення ў калгасы.
57 Башлыкоў загадаў кіраваць да хаты Міканора Глушака. Калі ехалі вуліцаю, чуў сябе пад маўклівым наглядам з двух бакоў. Пільна лавіў насцярожаную чарнату вокан, стракатасць двароў: і вокны, і двары былі амаль усе пустыя, вёска жыла, здавалася, бесклапотна, але ён добра ведаў, што спакой гэты зманлівы. Заўважыў, як выйшаў з хаты, застыў на ганку дзядзька, пільным вокам праводзіў, пакуль не схаваліся за рагом хаты. Двое жанок унізаліся позіркамі ад калодзежа, адна аж перастала цягнуць вочап. Ад неспакою, ад адчування ўвагі падабраўся, сеў раўней, паставаю ўсёй выказваў рашучасць, смеласць. Бачыў: Дубадзел пажвавеў, выцягнуў шыю, нецярпліва і весела цікаваў за хатамі, за дварамі. Здавалася, трымаўся так, нібы адчуваў блізкую бойку і радаваўся ёй, ірваўся да яе. Гэтая вясёлая задзірлівасць была даспадобы Башлыкову.
58 Было відаць: старая не ведае, што такое далікатнасць. Зацятая, было відаць, і смелая: стоячы за сваё, ні перад чым не спыніцца. Дубадзел, ці то таму, што добра ведаў старую, ці таму, што лічыў не годным паступацца перад жанчынаю, адказаў ёй рогатам: нібы ўхваліў спрыт пажаданняў. Паказаў, што не крыўдзіцца. Усё ж надышла нядобрая няёмкасць. Няёмкасць гняла і Башлыкова, яго, можа, нават больш, чым іншых. Усё тое, што ён адчуў ад старой, маці яго завабнай знаёмай, так не пасавала з усім тым, што ад сустрэчы ў Глінішчах было ў душы. Гэтае так груба таптала тое кволае, добрае, што чулася яму як абраза яго шчырым пачуццям. Абражаны, Башлыкоў не знаходзіў той цвёрдасці, якая прыходзіла заўсёды ў такі момант. Тое, што перад ім быў не нехта чужы, а самы блізкі чалавек загадкавай глінішчанкі, зыначвала, блытала ўсё.
59 Нібы палацамі рызыкуюць! Пякла злосць: гэтыя ўпартасць, недаверлівасць, якія не хочуць, здаецца, ведаць нічога! Дурная сялянская глухата і слепата, бяссэнснае чаплянне за старое, за гнілое, абы было сваё. Гэта асабліва пякло таму, што было іменна бяссэнсным. Ну, калі на тое, кулацтва, што цікуе адусюль, шкодзіць усюды, робіць сваё са свядомай мэтай. Абараняе нажытае эксплуатацыяй, нарабаванае, адстойвае свае класавыя інтарэсы. Яго супраціўленне натуральнае: непрымірымы класавы вораг. Але ж як спакойна думаць пра тое, што з ім, з ворагам, заадно фактычна колькі такіх, што павінны быць з намі. Павінны быць з намі, а фактычна стаяць побач з імі, з кулацтвам, з ворагам! Як іх пасобнікі, як іх сіла! Толькі з-за дурной сялянскай глухаты, з-за чапляння за старое, з-за нежадання бачыць і разумець новае.
60 І раней не любіў гэтае, а цяпер думаў пра яго проста з нянавісцю. Была ў яго думанні пра гэта адна асаблівасць. Ён гэту асаблівасць ужо рэдка калі і заўважаў. Кожны раз у такія хвіліны Башлыкоў ці ўспамінаў, ці проста адчуваў, як звыклае, той час, калі малым уражлівым хлапчуком упершыню сутыкнуўся з усім гэтым. Можна нават сказаць, што ён ніколі не забываў пра гэта, што гэта як бы назаўсёды было ўжо ў крыві. На ўсё жыццё ўвайшлі ў яго гнеў і злосць тых нелагодных, галодных гомельскіх дзён, калі на вірлівым рынку ён упершыню сутыкнуўся з такімі цёткамі і дзядзькамі. Сутыкнуўся, як з незнаёмым і нялітасцівым светам. Светам чужым. На ўсё жыццё асела ў душы яго непрыхільнасць да цётак і дзядзькоў, што, здалося яму, бесчалавечна дралі з іх, гарадской беднасці. Пазней да гэтага далучылася вычытанае з разумных кніг.
61 Было зноў і такое меркаванне. Канешне, спецыяльна дзеля такога ён не паехаў бы, не стаў бы неашчадна траціць дарагі час. А тут жа школа, можна сказаць, проста пры дарозе. Варта толькі збочыць, запыніцца на нейкія хвіліны. Не было ў ім яснасці і тады, калі ўжо збочыў на загуменную дарогу, пакіраваў да школы. Як бы павастрэлымі вачыма бачыў, як ішлі абапал, глядзелі на яго, сачылі за ім з-пад белых, нізка навіслых шапак стрэх панурыя, непрыязныя гумны. Дзе-нідзе каля гумнаў трапляліся людзі, здавалася, усе яны пранізвалі яго пільнымі, здагадлівымі позіркамі. Пранізвалі, падсмейваліся. Гэтыя позіркі, аднак, не толькі не кволілі яго, а нібы дадавалі дужасці. Бачачы, як ідуць побач і як цікуюць за ім гумны і людзі, ён насуперак усяму злому, што магло быць, мацнеў душою. І ехаў усё больш упэўнена.
62 Не можа справіцца з сабою, са сваім жаданнем. Непатрэбным жаданнем. Не можа ўтаймаваць дурной крыві, якая не ў час разгулялася. Мужчынскага імпэту, якому захацелася жанчыны. Бабы. З гэтым злым нездавальненнем увайшла няёмкасць за сябе: да чаго ж, відаць, недарэчна выглядаў перад ёю. Як хлапчук. Вярнулася прыкрасць ад таго, як ён нікчэмна маніў Парасцы. У гэты момант у злосць яго, што давала добрую дужасць, раптам увайшло кволае, амаль беспараднае: што ж гэта завязалася, што будзе? Пачуў жаль: як ён кіне сам такую красу?! Такое шчасце... Думкам не было ладу. Заблытаўшыся ў думанні, ён зноў зазлаваў на сябе, на ўсё і падужэў. Намогся, адкінуў бескарыснае думанне. Узяўся думаць пра паездку. Згадаў, як хадзіў па Куранях, па Мокуці, гаворкі, адчуванні. У душу ўлілася злосць на людскую дурнату, на сляпую ўпартасць.
63 З усіх патрабаванняў, якія ён выстаўляў да чалавека, найпершымі былі палітычныя якасці чалавека, яго адданасць справе. Тут ніякіх кампрамісаў ён не рабіў ніколі. Палітычная надзейнасць была неадменнаю ўмоваю прыдатнасці чалавека. Усё іншае даводзілася вырашаць, кіруючыся складанай жыццёвай дыялектыкай. Тут і выяўлялася тое, што Башлыкоў лічыў сваім уменнем. Башлыкоў ужо і сам не помніў, калі ўзнікла ў ім нездавальненне Гайлісам. Даўно ўжо стала карцець думка, што трэба б замяніць некім гэтага ўпартага, недалёкага чалавека, які нярэдка гне нейкую сваю лінію. Можна сказаць, гэта думка акрэслілася канчаткова на сходзе ў Глінішчах. Тады ж, на недалужным гэтым сходзе, кінулася ў вочы і асоба Дубадзела. Едучы з Алешнікаў, Башлыкоў не так сабе падсадзіў у свой вазок яго, рашыў прыгледзецца, праверыць.
64 Спусцілася з парты, выцерла рукі аб фартух, прыгладзіла валасы. У калідоры, перад тым як адчыніць пакой, прыпынілася, пачула цішыню ў Парасчыным пакоі. Мудра не паверыла цішыні. Не чытае, канешне, сшыткаў сваіх. Не да чытання. Сядзіць, няйнакш, і думае: каго прыгрэла?.. Упэўненай рукой адчыніла дзверы, рашуча ступіла. Ведала: будзе непрыемная, цяжкая гаворка, але гатовая была да яе. Скажа ўсю праўду. Няхай не думае. Ступіла і здзівілася, узяло расчараванне: Параска хілілася за сталом, чытала. Вочы пільна бегалі па лістках, аловак раз-пораз хутка ставіў знакі. Знаёмы чырвоны аловак. Не азірнулася нават на Ганну. Ганна бачыла: не прыкідваецца, уся ў клопаце. У сшытку сваім. У такія хвіліны Ганна раней выходзіла з пакоя. Цяпер цвёрда пайшла да стала, села побач на табурэт. Выказаць усё адразу. Скінуць з сябе.
65 Услед, а можа, і разам, дзіўна з'яднаўшыся са згадкай пра выступленне, увайшло ў душу: быў у школе, дамовіўся! Сёння, як сцямнее, пабачацца!.. Гэта ўзрушыла моцна, гэта аж заліло гарачым, нецярплівым. Сёння, як сцямнее! Ад хвалявання ён захадзіў неспакойна і дужа. Першы момант не думаў нічога, быў перапоўнены хваляваннем, незвычайным, здавалася, неймаверным прадчуваннем. Сэрца білася так гулка, так молада, што адчуў няёмкасць, папракнуў знарок сябе: як хлапчук! Тады ў хваляванне яго прарваліся ўспаміны: нібы нанава ўбачыў яе перад сабой, зноў уразіўся яе хараству. Якая красуня! І дзе вырасла! І колькі хараства не толькі знешняга, а і ўнутранага! Якая годнасць! Згадаў, як кіўнула: сёння, як сцямнее!.. Успомніў: нялёгка было сказаць ёй, але ён сказаў, дамовіўся! Зрабіў тое, чаго так хацелася.
66 Гэта звычайна было тады, калі ўспамінаў сустрэчу ў школе, той момант, калі прыйшла Параска. Няёмка зноў было, што таіўся, хлусіў фактычна, і з гэтым неадступна вярэдзіла: не ўтаіў, напэўна, здагадалася, ведае. Яна-то, відаць, не панясе навіну па свеце, чалавек разумны, але, як там ні таіся, заўтра вядома ўсё будзе многім. У вёсцы ўсё на віду. Усё на віду ў раёне. Як бы ні хаваўся, раней ці пазней усё адкрыецца, стане вядома, у тым ліку і тут. Як ён будзе выглядаць перад людзьмі, перад раёнам! У такія моманты першай думкай было: спыніцца, пакуль не позна. Не ехаць, не сустракацца. Кончыць. У такія моманты ўсё станавілася раптам ясным. Ні да чаго гэта, асабліва цяпер, калі такія справы. Усяго сябе, усё трэба аддаваць справе. Не драбніць сябе. Тады завіхаўся хутка, хадзіў цвёрда. І чуў лёгкасць і дужасць у сабе.
67 Але лёгкасць, і дужасць, і яснасць былі не доўга. Кожны раз за гэтым чуў яе перад сабою, блізкую, вабную, і чуў, як непаслухмяна захлынаецца нечым гарачым, пранізлівым сэрца і тлуміцца галава. І як з гэтым знікаюць і лёгкасць, і яснасць, і як незразумелая сіла адбірае дужасць, вабіць, вядзе наперакор разумным развагам. Тады не першы раз думаў здзіўлена: што ў ёй такое, чым яна займела такую ўладу над ім? Іншы раз, злуючыся на сябе, дакараючы сябе і яе, убіваў у сябе знарок груба: ва ўсім вінаваты яго дурная ўражлівасць, мяккацеласць! І тое, што кроў дурная гуляе, маладая, дзікая. Усё ад таго, што захацелася жанчыны, бабы! І ад таго, што характар, натура дурныя. Калі захацеў што, не ўмее стрымлівацца, адступаць. Ад прыроды такі. І не ўмее зыначыць сябе. Калі спакайнеў, здзіўленне было іншае. Закахаўся, любіць!
68 Неахвотна падалася да школы. Акно ў Парасчыным пакоі свяцілася, і яе кранула вінаватасць. Узяла няёмкасць перад Параскаю, і яна ўжо ясна адчула, што не проста будзе пабачыцца, глядзець у вочы ёй. Падумала мімаволі: лепш было б, каб яна спала ўжо. Каб не бачыцца цяпер, не сарамаціцца. Нацятаю была, калі, прыцішваючы крокі, прайшла паўз паску святла з Парасчынага пакоя. Чакала з насцярожанасцю, што выйдзе з дзвярэй сама, паглядзіць, зразумее ўсё. Не выйшла. На кухні Ганна намацала лямпу, запаліла, больш для таго, каб прыглушыць сумяціцу ў душы, няцвёрдасць, стала пераціраць чысты посуд, перастаўляць тое, што было на месцы. Рабіла так, нібы вярнулася з нейкіх адведак з сяла. Параска ўсё не выходзіла, гнулася, пэўна, над сваімі сшыткамі. Ці, можа, разумела ўсё, што на душы ў яе, Ганны, не хацела даваць прыкрасці.
69 Лягчэй стала, калі выехалі з варот, засталіся адны. Пацверазелым позіркам у паяснелай, без завеі, шэрані бачыла, як сыходзілі яшчэ хаты, трохі ўбаку, якіх учора нібы не было відаць. Спусціўшыся па схіле, апынуліся на цёмнай аднастайнай роўнядзі. Былі цяпер навокал толькі снег, ноч, шырокая цішыня, і яны адны сярод снегу, цішыні. Снег свежа, чыста пах. А ў душы свежасці, чысціні не было. І лёгкасці, радасці не было. Дарога была там і тут замецена гурбамі снегу, і конь груз, ішоў паволі. Яго ніхто і не паганяў, спяшацца не было чаго, часу было даволі. Ужо добра ўехалі другім берагам, калі развіднелася, прасторна расхінулася белая шырыня. Амаль увесь час Башлыкоў маўчаў, думаў, жыў нейкімі сваімі сур'ёзнымі клопатамі. Калі завіднелася наводдаль Бярозаўка, Ганна папрасіла стаць. Сказала: пойдзе далей пешкі.
70 Вы мяне зберажэце? Пашкадуйце мяне! Калі ласка... Пашкадуйце мяне... Даруй мне, алень, і вы, мае чытачы і сябры, за аўтацытату. Мы ўсё ж пастараемся зберагчы цябе. Мы зберажом. І зубраў, і чалавечнасць, і старыя вежы, і ўсплёскі бабра, і дзіва сонечных палян, і вуркатанне дзікага голуба, і святую гучную цішыню Пушчы. Тады будзе мір усім. Усяму жывому. Не будзе каменя ў запазусе і прыхаваных стрэльбаў. Настане такі час. І вось тады ўся зямля, паўсюль, дзе ёсць нечапаныя стэпы, горы, першабытныя лясы, уся зямля стане падобная да цябе, Пушча, бо паўсюль будуць берагчы зямлю, як берагуць яе зараз тут. І прырода адплоціць дабром: неўміручымі дубамі, стронгавымі рэкамі, якія так ласкава мыюць пыльныя ногі, сонцам і крыштальным небам, якое не захмарваюць дым і пыл. І не будуць хавацца ад чалавека бабёр і алень.
71 Над краем у дымна-чырвоных хмарах выплываў то пергаментна-жоўты твар Пабеданосцава, то халодна-пагардлівае цьмянае аблічча Плеве. Была і другая Расія, але яе забівалі ці аддавалі анафеме. Страты. Страты. Страты. Тысячы шыбеніц. Безвыходная Сібір. Загубленыя пакаленні з рабскай душой. Мноства асведаміцеляў-энтузіястаў. Нясцерпная туга ліхалецця. Некалькі разоў па краіне, як гіганцкія маглі, грукочучы, кацілася вайна. Тысячы белацелых сялянскіх хлопцаў валам валілі да чыгункі, плакалі п'янымі слязьмі пад скавытлівае рыганне гармоні, груба адрывалі ад сябе каханак, раўлі дурным голасам бязглуздыя салдацкія песні, а потым тысячамі белых пагорачкаў ляжалі ў палях, ледзь прыцярушаныя снегам, або борсаліся ў ледзяной вадзе паміж абломкаў, з жахам адчуваючы, як нябачныя гіры няўмольна і няўхільна цягнуць на дно.
72 Яму ўдалося прайсці праз заслоны ў вёску Ражкі і прывесці адтуль дзеда-правадніка, які ведаў другі выхад праз дрыгву, да якой іх прыпёрлі. Потым было адступленне праз агонь, дзесяткі плытоў з людзьмі, якія плылі па віруючай вадзе Дняпра, торкаючыся ў розныя бакі паміж соцень узрастаючых і зноў чэзнучых вадзяных слупоў. Потым Андрэя з другімі дзецьмі перакінулі з першым самалётам праз лінію фронту: з вышыні ён здаваўся такім прыгожым ва ўспышках зенітак і рознакаляровых радках трасіруючых куль. Затым была Масква напярэдадні першай зімы: сляпыя вокны, сінія лямпачкі ў пад'ездах, ямы на аколіцах, абстракцыянісцкая мазаніна на плошчах, мазаніна, што павінна была ашукваць самалёты ворага. А па начах пранізлівае выццё сірэн. Андрэю здавалася, што гэта апошні марсіянін у адчаі крычыць на вуліцах мёртвага горада.
73 Вясна з'явілася ў Маскву зусім нечакана. Здавалася, яшчэ нічога не было, толькі цяклі струменьчыкі бруднай вады з-пад наздраватых куп снегу на газонах, ды цяплейшы стаў адбітак вячэрняга сонца на мурах дамоў. Усе гэтыя няўлоўныя прыкметы магло заўважыць толькі чуйнае вуха ды відушчае вока: больш звонкі, чым зімой, стук дзявочых абцасікаў па асфальце, блакітнае сонейка, якое павісла на вострым кончыку ледзюка, праменні, якія пачалі грэць праз шкло вокан. А потым пайшло. Зіма не адступала тут павольна, як у вёсцы, у размераным чаргаванні сонечных дзён і марозных начэй. У горадзе з зімою вялася жорстксія, злая, па-гарадскому, вайна. Зіму скідвалі з дахаў, як з муроў крэпасці. Яна ляцела ўніз і цяжка ляскалася аб каменні. Яе тленныя рэшткі грузілі на самазвалы і вывозілі прэч, ачышчаючы поле пабоішча.
74 За гэта яны і забілі яе. За гэта і забілі. Ён хадзіў і хадзіў па крузе, хадзіў, як змучаны сляпы конь у прыводзе малатарні, якому толькі і засталося, што хадзіць вось так. Яны забілі яе, і для чаго была зараз гэтая няхітрая прылада, якая круцілася пад яго рукой? Ён адпусціў руку. Ён моўчкі пастаяў хвіліну, а потым пайшоў у цемру алей, пакінуўшы пустую дзіцячую карусель. Невядома, колькі ён блукаў, але ўсё яшчэ была ноч і зоры, калі ён убачыў сябе на паркавым адхоне, пад якім павольна бегла ўдалячынь базальтава-цёмная начная рака. Ён сядзеў на лаўцы, сядзеў бяздумна, а рака плыла і плыла. У гэтай вадзе не магла больш адбіцца светлая Нерль, але што было да гэтага рацэ. Нейкае слова гучала ў яго вушах. Дзіўнае, чужое па гуках слова. Рагнарадзі. Рагнарадзі. Рагнарадзі. Што такое Рагнарадзі? Дзе ён чуў гэта?
75 Я гатовы быў зараўці ўголас ад крыўды. І надвор'е на такі выпадак стала псавацца: нізкія чорныя хмары паўзлі нам насустрач, там-сям з іх цягнуліся наўскос зямлі свінцовыя палосы дажджу. Ніводнай птушкі-пасмяцюхі не траплялася нам на дарозе, а гэта была дрэнная прыкмета: павінен быў пайсці цяглы начны дождж. Я хацеў быў завярнуць да першай хаткі, але і яны больш не трапляліся. Памінаючы ліхам майго знаёмага, я сказаў фурману, каб ён ехаў хутчэй, і шчыльна закруціўся ў плашч. А хмары накіпалі, чорныя, нізкія, дажджавыя; над раўнінаю цягнуўся прысмерак, такі непрытульны і халодны, што мурашкі паўзлі па скуры. Недзе бліснула нясмелая асенняя маланка. Я толькі паспеў адзначыць неспакойнай думкаю, што гэта занадта позна для навальніцы, як на мяне, на коней, на фурмана абурыўся акіян халоднай вады.
76 І ноч гэтая была цёмная, як сажа, я не бачыў нават сваіх пальцаў і толькі па паштурхванню вазка здагадаўся, што мы яшчэ едзем. Фурман таксама, відаць, нічога не бачыў і цалкам аддаўся інстынкту коней. Не ведаю, ці сапраўды быў у іх які інстынкт, але хутка вазок наш пачало кідаць з байрака на байрак, з ямы на нейкі бугор і зноў у яму. Шматкі гразі і нейкай твані ляцелі ў вазок, на плашч, мне ў твар, але я хутка асвойтаўся з гэтым і маліўся толькі аб тым, каб не наехаць на якую прорву: самыя жахлівыя твані трапляюцца менавіта сярод такіх балот, праглыне і вазок, і коней, і людзей, і ўранцы ніхто нават не здагадаецца, што тут хтосьці быў, што тут дзве хвіліны крычала чалавечая істота, пакуль бурая каша не налезла ў рот, што зараз гэтая істота ляжыць разам з коньмі на тры сажні ніжэй паверхні праклятага месца.
77 Другі стрэл пулгака Вароны аддаўся ў пакоі. І зноў я не страляў. Але стаяць больш на месцы не было маіх сіл, тым больш што я чуў: Варона пачаў красціся ля сцяны, а пасля, здаецца, у мой бок. Нервы мае не вытрымалі, я асцярожна пачаў кудысьці ісці. А цемра глядзела на мяне тысячамі пісталетных дулаў. Дула магло быць у любой кропцы, я мог налезці на яго проста жыватом, тым больш што згубіў ворага і нават не мог сказаць, дзе дзверы ў пакоі і дзе якая сцяна. Я спыніўся, каб прыслухацца да таемнага інстынкту. І вось у той момант, калі я спыніўся, нешта прымусіла мяне з грукатам кінуцца сцягном на падлогу. Стрэл прагучаў проста нада мною, нават валасы на маёй галаве варухнуліся. А ў мяне яшчэ былі тры кулі. На хвіліну варухнулася дзікая радасць, але я прыпомніў кволую чалавечую шыю і апусціў пулгак.
78 Я імчаў так, што вецер свісцеў у вушах, паліла ў лёгкіх, выядаў вочы пот. А тупат за маёй спіною хоць павольна, а набліжаўся. Хутка мне ўжо здавалася, што я ўпаду, я і сапраўды два разы спатыкнуўся, але выправіўся і бег, бег, бег. Павольна, вельмі павольна набліжаўся цёмны парк, а тупат гучаў усё бліжэй і бліжэй. На маё шчасце, прыйшло другое дыханне, як сказалі б зараз. Я бег напрасткі, праз яры і ямы, агінаючы гарбы, на якіх мяне маглі заўважыць. І тупат гучаў то бліжэй, то далей, то з правага, то з левага боку. Мне не было часу азірацца, але раз я ўсё ж азірнуўся з хмызоў. Яны, людзі дзікага палявання, ляцелі за мною ў малочным нізкім тумане. Коні іхнія распасцерліся ў паветры, верас звінеў пад капытамі, коннікі сядзелі нерухома, і над імі, у лапіку чыстага неба, гарэла самотная вострая зорка.
79 Паабапал яе стаялі амаль абляцелыя асіны. Сярод іх чырвонага масіву плямамі выдзяляліся жоўтыя бярозы і амаль зялёныя яшчэ дубы. Сцежка спусцілася ў яр, дзе бег ручай з карычневай, як густы чай, вадою. Берагі ручаіны былі зялёнымі і мяккімі ад імхоў, і такія самыя зялёныя масты з бураломных дрэў злучалі іх. Па бураломінах ручай і пераходзілі, бо на некаторых мох быў здзёрты. Глуха і бязлюдна было тут. Зрэдку цінькала ў верхавінах дрэў маленькая птушка, ды яшчэ самотныя лісцікі падалі і павісалі на павуціне паміж дрэў. Вада ручаіны несла сумныя жоўтыя і чырвоныя чоўнікі лісцяў, а ў адным месцы, дзе быў вір, лісце круцілася ў вечным танцы, быццам там вадзянік варыў з яго суп на вячэру. Каб перайсці цераз ручай, мне давялося зламаць на падпорку даволі тоўстую, але зусім сухую асінку, зламаць адным ударам нагі.
80 Ідуць, блытаюць, гінуць. Ведаюць толькі, што не такім павінен быць чалавек, што нельга яму абяцаць райскую канюшыну, што шчасце яму патрэбна пад гэтымі вось дымнымі столямі. І мужнасць іхняя большая, чым у Хрыста: яны ведаюць, яны не ўваскрэснуць пасля распяцця. Толькі крукі над імі будуць лётаць ды плакаць жанчыны. І, галоўнае, святыя іхнія маці. Ён здаўся мне ў гэтую хвіліну такім прыўкрасным, такім нялюдскім чалавекам, што я з жахам праз завесу будучага прададчуў яго смерць. Такія не жывуць. Дзе гэта будзе? На прэнгу ў катоўні? На шыбеніцы перад народам? У безнадзейнай бойцы інсургентаў з войскам? За пісьмовым сталом, за якім яны спяшаюцца запісаць апошнія палаючыя думкі, дыхаючы кавалкамі лёгкіх? У калідорах турмаў, калі ім страляюць у патыліцу, не насмельваючыся зірнуць у вочы? Вочы яго блішчалі.
81 Калі я выдраўся на дарогу, я пабачыў даволі далёка два цені, якія шалёна гналі коней ад крыжа Рамана на паўдзённы ўсход. Думкі мае былі невясёлыя: даведаўся, што яны палююць за Яноўскай і за мною, што літасці чакаць нельга, выпусціў двух бандзюкоў ды яшчэ так жорстка памыліўся ў Бермане. І сапраўды, я пераканаўся ў тым, што ён цёмны чалавек, што ён ускрыў мой ліст і чагосьці пайшоў да месца, дзе і дастаў смерць. І самы факт гэтай смерці закрыў ад мяне ўсе астатнія яго правіны. Але размова дала многа цікавага, і, перш за ўсё, я ведаў зараз аднаго з дзікіх паляўнічых. Гісторыя са спаленымі стагамі выдала яго. Стагі спалілі за апошнія дні ў шляхцюка Маркі Стахевіча, якога я бачыў на гулянцы ў Дубатоўка. І гэты чалавек быў тады секундантам Вароны. Няхай я памыліўся ў Бермане, але ў Вароне я не памыляюся, здаецца.
82 Ты ўсё адно перашкаджаў нам. Яна аджыла з табою. Між іншым, Дубатоўк сапраўды любіў Яноўскую. Яму шкада было яе знішчаць,і каб магчыма было абысціся без гэтага, ахвотна згадзіўся б. І цябе ён паважаў. Казаў нам заўжды, што ты сапраўдны чалавек, шкада толькі, што не згодзішся быць з намі. Тады, на баль, Дубатоўк прывёз Яноўскай стары ўбор, бо ён тых, хто не звык да яго, робіць непрыгожым. І сам здзівіўся, так гэта нечакана добра атрымалася. Словам, справы нашы ўскладніліся: трэба было ўбраць і вас, і Свеціловіча, які меў права на спадчыну і кахаў Яноўскую. Дубатоўк запрасіў вас да сябе, дзе Варона павінен быў вызваць вас на дуэль. Ён так добра разыграў усё гэта, што ніхто не падумаў, што не ён, а Дубатоўк быў натхніцелем справы, а мы тым часам разглядалі вас, бо трэба было добра запомніць ваш твар.
83 Статак дзіка гігатаў. Коні ставалі дыбам. Зразумеўшы план гэтага юнака, мы кінуліся да дрыкгантаў і пачалі сцябаць іх. У наступны момант ахоплены панікаю статак памчаў да Волатавай прорвы. На некаторых конях яшчэ сядзелі постаці фальшывых паляўнічых. Дзікі пошчак капытоў раздзёр ноч. Коні імчалі як шалёныя. Дубатоўк, відаць таксама зразумеў, чым гэта пахне, і, азваўшыся шалёным крыкам, пабег з хуткасцю роспачы балотнай сцежкай. Ён бег, а коні за ім, прывучаныя да гэтага тым, хто зараз уцякаў ад іх. Мы бачылі, што шалёна імчала дзікае паляванне караля Стаха, пазбаўленае коннікаў. Развяваліся ў паветры грывы, твань ляцела з-пад капытоў, і зорка гарэла над галовамі коней. Бліжэй! Бліжэй! Адлегласць паміж Дубатоўкам і шалёнымі коньмі змяншалася. У адчаі ён збочыў са сцежкі, але звар'яцелыя коні збочылі таксама.
84 Усё ўразіла іх тады. І сам горад, і круглая крэпасць сінхрафазатрона, і цыклатрон, і пульт упраўлення. Гэта было велічна і цудоўна. А ён ніяк не мог пазбавіцца ад думак, што вакол гэтага фарпоста ляжаць лясы, у якіх, цалкам верагодна, могуць такаваць глушцы. Ізумрудная іскра на экране пульта ўпраўлення паўзла і паўзла наперад, упарта і пераможна, і раптам зрывалася, бязвольна падала наўскос. Якія маладыя яны тады былі! І Антон, і Віталік, і Генусь. Цудоўны Генусь, зямляк, друг, родная душа! Гэты не стаў бы пакутаваць ад таго, што хоча сказаць важлівае і не можа... Розыгрышы, вершы, жарты, ідэі, неўтаймаваная энергія і сіла жыцця так і віравалі ў ім. Гэты ведаў, што рабіць з дарам, які дастаўся яму невядома адкуль, і не адчуваў сябе з гэтай прычыны прыгнечаным, і нібы вінаватым, і нібыта не на сваім месцы.
85 Саракаметровыя калоны дрэў, змрок і буралом, рэдкія плямы святла, буяны, дзікі падлесак. Чорныя, сабраныя ў шары, плады элеўтэракока, медная лістота вінаграду, шызаватыя, нібы запацелыя, гроны яго. Вежы дрэў. І на іх вісяць, аплятаюць, душаць, шалушацца, як маладая сасновая галіна, тоўстыя, са сцягно дарослага чалавека, удавы ліян. Усё заблытана імі, усё перавіта. Змеі, змеі, бясконцыя дравесныя змеі. Падымаюцца да вяршынь, перапаўзаюць на суседнія, звешваюцца. І ліянная лістота драбніцца толькі ў самых верхавінах лясных волатаў. Перахопліваюць святло, сціскаюць, уюцца, плятуць. Часам забіваюць. Унь стаіць сухі аксаміт. А там сухі кедр. Цягнецца, цягнецца да сонца актынідыя з мядова-салодкімі пладамі. Цягніся, ліяна, ніхто не будзе ссякаць цябе, каб адабраць плады, калі ўпадзеш на зямлю, і кінуць, абабраўшы.
86 Віск, хрыпенне, рык, басавітае вуркатанне. Велізарная пачварная кошка не паспела схапіць і пацягнуць сабаку. Будрыс выхапіў з полымя галавешку і шпурнуў яе ў звера. Узляцеў фантан іскраў, засмярдзела паленым. Дэманскі лямант раздзёр ноч... Гэта было неверагодна, але кошка не спалохалася агню, не адскочыла, не адказала нічым, акрамя рыку. І тады чалавек копнуў яе страшэнным выспяткам ніжэй мяккага азадка. Звіўшыся ў клубок, леапард узвіўся ўгору, як мяч, закалаціўся ў паветры з шалёным екатаннем і рыкам, што рвалі, здаецца, барабанныя перапонкі. Ён зваліў бы мужчыну з ног, але Амур паспеў учапіцца яму ў азадак, ірвануць і асадзіць на зямлю. Чалавек толькі на імгненне адчуў на твары павеў смуроднага дыхання, а адурэлая пачвара ўжо зноў кінулася на пса, насела на яго. Гарлавым, страшным крыкам закрычала жанчына.
87 Пасля амаль усе дні ён таксама прастаяў ля акна ў калідоры. Даводзілася наведваць і карміць Амура. І ад шалёнай радасці пса, ад простай яго адданай вернасці лягчэй было пераносіць дарогу. Побач была жывая душа, сведка, сябар, які помніў хату, і чашу вадаспада ў ліянніках, і горыч таго страшнага ўдару на прычале. Друг, які прадчуваў, які цягнуў яе на катэр і выў, калі яна знікла з вачэй. Ва Ўладзівастоку было зелена. Пад Хабараўскам, раніцай, горы нагадвалі букеты: залатыя, барвяныя, малахітавыя, жоўта-лімонныя, іржавыя. У гэтым горадзе яна жыла. Праязджала гэтыя тунелі. Купалася ў гэтай рацэ. Хадзіла міма гэтых дамоў. Ён ледзь не злез тут і толькі вялікім намаганнем волі пераканаў сябе, што гэты горад апусцеў без яе, што выходзіць няма патрэбы. Пасля цягнік ішоў па грані, па мяжы восені і зімы.
88 Ні аб тым страшным, што патрызнілася табе і што прымусіла мяне прыйсці да цябе самой. Ні аб жэньшэні я не шкадую, ні аб ліянніках. Ні аб чым. Дзякуючы ўсяму гэтаму я зведала цябе. Лепшых, іншых няма і не будзе. Я зноў схлусіла. Зусім не гэты твой сон, зусім не жаданне суцешыць. Я сама шукала суцяшэння. Больш не магла. Прыйшла да цябе з радасцю і палёгкай, з пачуццём самага вялікага шчасця. Дый хто мог бы адчуваць нешта іншае побач з такім, як ты. Родны мой, як мне і зараз хочацца сесці ля тваіх ног, пакласці галаву табе на калені, цалаваць твае моцныя рукі, не пярэчыць тваёй пяшчоце. Як мне горка, што гэтага не будзе. Пастараюся хоць трохі растлумачыць табе чаму. А ты зразумей, даруй дурной бабе, якая больш за ўсё на свеце кахае цябе. Я ўсё ж баба. Не думай пра мяне ні лепей, ні горай таго, чаго я вартая.
89 Адна Марыля цёмным высокім ценем стаяла ля варот, быццам праводзячы хлопцаў бог ведае ў якую дарогу. Наперадзе ехаў на мышастым Кахновым кані Андрэй. Ехаў, высока закінуўшы галаву. За ім на цісавай Кахновай кабылцы, неяк бокам, па-заліхвацку, ехаў Кандрат. Кабылка няспешна трухала і часам, быццам адчуваючы вільготны водар далёкіх паплавоў, шумна пырхала мяккімі ноздрамі. За старэйшымі братамі ехалі побач, нага да нагі, Павал і Алесь. Павал на сплова-стракатым жарэбчыку, Алесь на спакойнай белай кабыле. Конскія капыты з мяккім плясканнем паглыбляліся ў цёплы пыл вуліцы. Вёска ўжо засынала. Рэдка-рэдка ў якім акне свяціў, як паміраў, ружовы агеньчык. У схаладнелым паветры гучна разлягаўся недзе далёка сабачы брэх. З дубовых шатаў на могілках гучаў часам неўразумелы крык дрэўнага жабяняці-квакшы. Больш нічога.
90 Амаль за яго спіною, кроках у пяцёх ад вогнішча, узвышаўся чалавек на вараным кані. Менавіта ўзвышаўся, бо конь быў ледзь не ў два разы вышэйшы за гэтых коней, якіх пасвілі хлопцы. Так, ва ўсякім разе, здавалася. Коннік гэты ўзнік, як здань, быццам сама цемра спарадзіла яго якраз на тым самым месцы, дзе ён стаяў цяпер. Магчыма, мяккая трава прыглушыла конскую ступу, магчыма, хлопцы, заслухаўшыся, проста не звярнулі ўвагі і палічылі ступу варанога за тупат сваіх коней... Конь быў вараны. Пад ільснянай скурай пераліваўся кожны мускул. Цуглі адцягвалі маленькую галаву трохі ўбок, і дзіка бялеў у цемры бялок вока, падобны на аблупленае яйка. А коннік сядзеў на кані, і дарожны плашч, таксама чорны, падаў з яго плячэй на крыж каня ледзь не па самую рэпіцу хваста. Доўгі чорны плашч. Як абвіслыя вялізныя крылы.
91 Успышкі ўсё часцелі. І вось чалавек ля горна зняў з сагана зусім круглую бутэльку з вузкім рыльцам, ускалаціў нейкі асадак і паказаў чалавеку з паласой. Той сцвярджальна апусціў галаву. Трапятала чырвонае полымя. Чалавек падаў паласу аднаму з тых, што сядзелі. Вызваліў другую паласу, крутой дугою выгнутую між двума ціскамі, і падаў суседу першага. Тыя скінулі плашчы і, застаўшыся ў суконных нагавіцах і белых сарочках, пачалі маўклівую і страшную сваёй маўклівасцю гульню ва ўспышках чырвонага святла. Пачалі біць паласой аб паласу, па-рознаму трымаючы іх, білі па чарзе. Потым адзін біў па паласе другога, уторкнутай адным канцом у шчыліну паміж плітамі падлогі. Потым другі біў даволі тоўстай доўбняй па паласе першага. Адзін з удараў доўбні зламаў метал. І ўладар доўбні моўчкі, са змрочным тварам, развёў рукамі.
92 Сонца ўздымалася ўсё вышэй. Ярасны шар, калматы шар над зямлёй. На гарызонце лягла ўжо белая смуга, над якой плавалі ў паветры, ні на што не апіраючыся, верхавіны дрэў і вежы загорскай камяніцы. Лес сустрэў холадам, звонам ручаін, сонечнымі зайцамі на салатавых плоскіх крыжыках заечай капусты. Хутка Паўлюк заўважыў лясны ставок, маленькі, схаваны між дрэў. І тут усе зразумелі, што ніякі млынар ім не патрэбен. Распраглі коней, а самі разлегліся ў густой траве. Над ставам ззяла сонца. Над люстранай паверхняй вады стракозы ганяліся за сваім ценем. Заміралі ў паветры, каб падмануць цень, а потым кідаліся. А ніжэй за іх слізгалі па паверхні вадамеркі. Іхнія лапкі апіраліся на ваду і прагіналі яе, і таму па дне стаўка ад кожнага малога канькабежца бегла па шэсць маленькіх плямак ценю з арэолам вакол кожнай плямкі.
93 Касюнька ступала стомлена, але ўсё яшчэ гулліва. І вось за Кручай, за невялікім разлівам, перад Алесевымі вачыма паказаліся ўзгоркі, на якіх, як вока сягала, густа зелянеў неаглядны парк. А ў парку, на грэбені высокай грады, зіхацела нешта блакітнае і залатое. Белае, блакітнае і залатое ў пералівах вясёлкавых вадзяных струменяў. За мостам дарога зварочвала і вяла ўздоўж Дняпра. Сажняў праз пяцьдзесят ён заўважыў пазалочаную паркавую агароджу, нібы звітую са сцяблін і траў, простую і прыгожую. Агароджа ішла і ўправа і ўлева, губляючыся ў зеляніне. А там, дзе да яе падыходзіла дарога, была брама, шырока расчыненая ў зялёны змрок алеі. Людзей не было. Толькі недзе далёка, у шатах, мякка гучалі нейкія струны, як Эолава арфа. Алесь не ведаў, што за ім сочаць і што цяпер на яго непрыкметна глядзяць дзве пары вачэй.
94 Але няхай ён хаця б здалёк, хаця б дажджавой кропляй на лісціку дняпроўскага явара, кропляй, якая праз хвіліну ўпадзе ў крыніцу, убачыць далёкае-далёкае мора, да якога ляжыць ягоны шлях. Яму так будзе лягчэй. І нясцерпна больш цяжка. Бо, пабачыўшы мора, чалавек перастае быць дзіцем, чалавек робіцца чалавекам. Не трэба адгаворваць. Час. Хай шпарчэй пабяжыць вада. Досыць маруднасці. Іначай доўга, занадта доўга давядзецца бегчы. А мора чакае. І няхай ручаінка ўбачыць яго нечакана, бо так было тады з кожнай ручаінкай, бо яны не ведалі, якое мора чакае іх, і падалі туды, яшчэ не ведаючы аб існаванні мора, кожная паасобку, зрываючыся з замшэлых скал, як звонкі струменьчык у сердалікавую бухту. Часам так бывае і цяпер. Тады гэта здаралася толькі так. Спяшайся, цурок вады! Мора чакае! Мора шуміць пада мной!
95 Рыпелі колы вазоў, ішлі каля іх мужыкі. А малады Загорскі то ехаў ля абозу на мышастай Касюньцы, то зварочваў з дарогі і скакаў мяккімі прасёлкамі, праязджаючы вёскі і хутары, то ляжаў на возе, высока-высока, і глядзеў на залатыя аблокі. Якія бясконцыя дарогі! Якія заблытаныя раздарожжы з дзесяткамі сцежак, што ўліваюцца ў іх! Якія пахілыя драўляныя крыжы, усе шэрыя і ў глыбокіх трэшчынах, стаяць на скрыжаванні шляхоў. Цягнуцца паўз іх вазы, ідуць вандроўнікі з трохграннымі вострымі кіямі і клункамі за спіною. Ідуць баркалабаўскія старцы з сінявокімі хлопчыкамі празрыстай іканапіснай прыгажосці. Бабы нясуць за спіной паклажу, вузлом закруціўшы на грудзях канцы хустаў. І вузкімі, нейкімі асабліва жаноцкімі і пададзенымі наперад здаюцца іхнія плечы, сціснутыя жорсткай тканінай, у якой ляжыць нерухомы цяжар.
96 Той пісаў пра страшныя рэчы, пра жабрацтва адных і несумненную раскошу другіх. Цар ведаў гэта, але не хацеў нічым памагчы зямлі, жыхары якой дайшлі да апошняй ступені галечы і прыніжэння. І хлопцы зразумелі, што гэта не бацька, а айчым. Айчыма можна ненавідзець, і яны цяпер ненавідзелі яго ўсёй сілай нянавісці, якую толькі маглі змясціць іх дзіцячыя душы. Алесь зрабіў і першую выснову з гэтай нянавісці, калі яны з Мсціславам ехалі дадому на калядныя вакацыі ў прысланым Вежай вазку. Снежнае поле курэла. Белыя змеі паўзлі па гурбах да кібіткі і перасякалі сляды палазоў. Прывідна матляліся ў зеленаватым святле месяца чорныя палыны ля дарог. Фурман спяваў нешта сабе пад нос, ціха-ціха. Юнакам было трохі халаднавата, і яны шчыльней заціскаліся пад мядзведжую апону. Няяснае святло месяца падала ў акенца вазка.
97 Яна ўжо нічога не баялася, ні аб чым не думала, нічога не збіралася сцвярджаць. Яна проста прайшла лоджыяй і спусцілася сходамі ў парк. Зоры ззялі над галавою. Яна ішла і ішла алеямі, нібы ў сне, не ў змозе даць сабе адказ на пытанне, куды і чаго яна ідзе. Зоры ззялі над галавою. Раптам нібы нехта сыпануў іх і ў траву. Слабыя, зеленаватыя, яны мігцелі ў ёй, амаль пад нагамі. Гэта былі светлякі. Цалкам неасэнсавана яна брала халодныя агеньчыкі ў руку. Урэшце рука заззяла, нібы ў ёй ірдзеў зялёны жар. Выгарнуўшы з галаўной сеці некалькі срэбных ніцей, яна спрытна пляла іх пальцамі. Яна рабіла гэта, не ведаючы, што сотні пакаленняў жанчын рабілі гэта да яе. Рабіла, нібы ў сне. Потым яна ўзняла гатовую дыядэму і павязала яе вакол галавы. У змроку над яе чалом успыхнуў німб з зеленаватых халодных зорак.
98 Майка, у лёгкім футрачку, накінутым на аголеныя плечы, і Алесь. Кашлатыя, сінія стаялі вакол дрэвы. Маўчалі. Парк і ўвесь свет вакол былі нерухомыя. І ў гэтым непарушным, нібы адвечным, спакоі дзіўна было бачыць над шатамі дрэў мігатлівыя, жывыя іскрынкі зор. Майка спрытна штурхала ў ствалы нестарых ялінак, выслізгвала з-пад іх і імкнулася далей. А за ёй з шолахам асыпаўся з галін іскрыста-сіні і сухі, як порах, снежны пыл. Асыпаўся проста на Алеся, на галаву, на плечы, на ўскінуты твар. Змярцвела-сіні, абыякавы да жыцця і цеплыні стаяў вакол парк. А гэтыя двое, не зважаючы ні на што, парушалі гэты сон. Молада, дзёрзка і нахабна разбівалі гэты спакой. Зрывалі саваны са змярцвелых дрэў. Сыпаўся і сыпаўся іскрысты пыл. І Алесь бег і бег за ёю са снегам у валасах, з трывожным захапленнем у сэрцы.
99 Маленькі чысценькі гарадок аж кіпеў. У будынку тэатра, у камяніцы дваранскай зборні, у гарадскім садзе, дзе стаяла рэстарацыя, на цвінтарах трох цэркваў і кляштара і проста на драўляных тратуарах віравалі страсці. Пілі і елі як не ў сябе, спрачаліся, нібы справа ішла пра іхнія ўласныя душы. У замку Боны Сфорцы, двухпавярховай каменнай будыніне з магутнымі кантрфорсамі і вузкімі, як байніцы, вокнамі, у сутарэнні, дзе быў цір, збіраліся найбольшыя крыкуны. Спрачаліся і лаяліся. А потым стралялі ў мішэнь са злосцю, нібы ў галаву ворагу. І наогул усё пайшло вірам: спакой, сяброўства, звыклыя чалавечыя адносіны. Ціхае Паддняпроўе ад Сухадола да Дошчыцы нібы раптам ашалела. Прахам ішлі прыхільнасці і сімпатыі, узнікала варожасць. Нібы хвароблівы мікроб раздражнення ўразіў людзей. Трывога вісела ў паветры.
100 Была б тады зямля, і ставы, і салаўіны гром. Якая ж гэта дробная лухта разбурыла ўсё гэта? Як можна было хлусіць, калі на свеце ёсць салаўі?! Як можна было хлусіць і, галоўнае, верыць хлусні, калі яны тут, побач?! Ён пачаў успамінаць яе аблічча. Яна ўзрадавалася спачатку там, ля царквы, у гэтым не магло быць сумнення. Але чаго яна потым спалохалася? Так спалохалася, што нават аблічча стала шэрае? І нашто яна так зрабіла, што вось ён зараз адчувае ўсю гэтую дзівосную прыгажосць як здзек. Аднекуль з глыбіні істоты наплыла, затапіла ўсё ярасць. Ён ненавідзеў цяпер самі ўспаміны. Дарэмна ён дараваў абразу. Месца сустрэчы можна было б прызначыць на азярышчанскіх паплавах, трохі далей таго месца, дзе яны на начлезе стрэліся з Войнам. Пісталетны стрэл быў бы чуцен... Раніца... Раса. Не больш за пятнаццаць крокаў...
101 Бо каб не давялося вас вешаць. Другі афіцэр, побач з ім, быў цёзка Серакоўскага, Зыгмунт Падлеўскі. Ніхто тады яшчэ не мог прадбачыць ягонага лёсу. Проста ведалі, што чалавек ён цвёрды. Затое нельга было не звярнуць увагі на апошняга з гледачоў. Сухі і прыгожы польскі твар, цвёрдыя мускулы на худых шчоках, вострыя невялікія вусы, стрыманасць у падабраным цвёрдым роце. І вочы як вугалі. Тлеюць суровым і добрым агнём. Зацягнуты, як і Серакоўскі, у мундзір афіцэра Генеральнага штаба, увесь наліты спакойнай, але ў кожную хвіліну здольнай на імпэт сілай, ён сядзеў, нібыта нічога яго не датычылася, але чуў усё. Звалі афіцэра Яраслаў Дамброўскі. Ён хутка быў прыкмечаны ў арганізацыі і стаў адным з яе кіраўнікоў. У невялікім пакойчыку сядзела амаль у поўным складзе кіраўніцтва нелегальнай арганізацыі.
102 Загонныя з бубнамі і ляскоткамі, абмінаючы лесам паляну, даўно прайшлі ў пушчу, па той бок ад берлагу. Сок на верхавіне магутнага дуба павінен быў свістам даць ім сігнал, калі звер пабяжыць на іх. Аб гэтым можна было меркаваць напэўна: логвішча было ў парасці ля самага таго краю паляны. Але стаць там было нельга: не было належнай адлегласці ад нетраў да мярла. Паляўнічыя не паспелі б стрэліць, маглі ў гушчары параніць адзін аднаго. Трэба было пакінуць між мядзведзем і стралкамі прыблізна тую адлегласць, на якой знаходзіўся цяпер ад берлагу пан Юры: сажняў трыццаць. План быў такі: звер пабяжыць на загоншчыкаў, і тады, па сігналу сока на дубе, ланцуг загонных падыме згэлк і грукат, будзе біць у бубны, крычаць, ляскаць ляскоткамі і страляць у паветра. І тады зверу нічога не астанецца, як бегчы проста на пасты.
103 І са страшным гарлавым крыкам, кленучы сябе, што пабег да Раткевіча і кінуў князя, кленучы мядзведзя, пушчы, душу і бога, ляцеў ад сёмага нумара на шырокіх лыжах даязджачы Карп... Мядзведзь не звяртаў увагі на крыкі. Яму трэба было дабрацца толькі да аднаго, што так балюча кусаўся на адлегласці. Боль, непаразуменне і ярасць былі ў дрымучых вочках. Ён адчуваў, што сэрца ў яго разрываецца, што ідзе нешта непапраўнае, чаго ўжо ніяк, ніколі на свеце не выправіш. Пан Юры сунуў рацішча ў звера, проста так, як дзіду, і паставіў, ускінуў-такі яго старчма, але ад страшнага цяжару дрэўка зламалася. Як камяк жывога болю, рыку, крыві, ярасці насунулася цёмнае. Чалавек схаваў галаву і з кордам кінуўся проста пад звера. Уцэліў сталь туды, куды і хацеў, у жаўтаватую, мякчэйшую навобмацак поўсць пад левай лапай. Націснуў.
104 Усё адразу. Усё на гэтым тыдні, сёння, зараз. Здохнем, калі не зробім. Рызыка? Без рызыкі жыццё не жыцце. Гэты сонны спакой, гэтая абуральная, як лямант у пустыні, беднасць ад безгаспадарлівасці, яны забіваюць, гнуць у дугу жыцці людскія. У вёсцы Бель, самай закінутай з яго вёсак, за Копысем, адсутнасць промыслаў і неўраджаі давялі людзей ледзь не да роспачы. Карчма давяршыла справу гарэлкай, пазыкамі, распустай. Даведаўшыся аб гэтым, Загорскі наляцеў туды, сунуў у зубы прайдзісвету-карчмару мужыцкі доўг і выгнаў яго з сяла. Жонкам былі дадзены грошы, і пад гэтыя грошы да самага ворыва мужчыны пацягнуліся на аршанскія стапелі: валіць лес і ламаць вапну. Губернатар Аляксандр Беклемішаў выклікаў быў яго да сябе і паспрабаваў крычаць, што яго дзеянні пахнуць разбоем: пагнаў людзей, збіў карчмара і сядзельцаў.
105 Веданне Франца было таксама безумоўнае і вартае: веданне жыцця і бяды знізу. Акрамя таго, Сабіна бачыла яшчэ адно. Франц дазваляў апекавацца над сабою, пакуль у яго самога яшчэ няма гэтага беспамылковага інстынкту адрозніваць ману і праўду, чужое і патрэбнае, смецце і золата, тыранства, прыкрытае прыгожымі словамі, і яснае разуменне таго, што такое свет і якое месца займаеш у ім ты. Гімназія рабіла з рамантычна-ўзнёслых, летуценных і справядлівых падлеткаў будучых тайных саветнікаў, пшутаў, снобаў і барычаў, і Франц разумеў, што ён павінен трымацца таго фарпосту чалавечнасці, які хаця і па-юначаму, але змагаўся з гэтым, і перш за ўсё Вацлава. А душа ў яго была, і не абы-якая. Яна толькі пачынала развівацца, але ў глыбінях сваіх даўно ўсё разумела і абяцала далёка пакінуць за сабою многія і многія душы.
106 Стафан Кагут, старэйшы і пакуль адзіны жанаты з братоў, Юллян Лапата ехалі на адным возе з Сухадола. Вазілі сёе-тое прадаць. Прадаўшы, купілі чвэрць гарэлкі, узялі з яе па чарцы, пад хатняе сала, ды па другой, астатняе закаркавалі і паклалі пад посцілку: у Кагутовых пачыналі капаць студню два майстры, то хоць пры пачатку і не належыць, а напаіць трэба, няхай не кажуць, што Кагут скупірака. Стафан купіў яшчэ поршнікі для малой. Надта ўжо добрыя былі поршні, як крамныя: ніз суцэльны, вяршок, як андарак, клятчасты, з жоўтых і сіненькіх скураных лычак, а раменьчык, якім зашморгваюць, чырвоны, як мак-відук. Стафан увесь час даставаў і разглядаў іх, усміхаючыся ў маладыя, густаватыя ўжо вусы, прыемна-залацістыя, як у бацькі. Самы бяскрыўдны з усіх Кагутоў, вады не замуціць, ён быў добры муж і добры бацька.
107 Ва ўсім гэтым, што вакол, была вялікая чысціня і адлучанасць. І ён нібы плыў на сваім ложы насустрач аблокам. Між небам і зямлёй, як на паветраным караблі. Сядала макавая кветка сонца. Халаднела. Срэбныя трубы пачыналі звінець. Ціха-ціха, нібы ў іх лілася крыштальная і звонкая вада. І сумна-сумна, нібы сама зямля развітвалася з сонцам. Ён амаль не ўставаў. Толькі ў гарачыню абліваўся вадой. Ніхто не прыходзіў да яго. Людзей не было. Ён не ўспамінаў і не думаў. Уначы, прыемна халаднеючы пад прасціной, ён чуў праз дрымоту крыкі соў. Глядзеў у неба, бачыў, як каціліся з яго зоры. Прыходзіў дзень. Трубы пачыналі награвацца і звінець радасна. І яму, які саграваўся разам з імі, пачало праз некалькі дзён здавацца, што гэта ў ім самім звініць цеплыня і вецер, і тое, што вярталася аднекуль, поўнячы свежае цела.
108 Ён скоса глядзеў на Міхаліну і здзіўляўся нават таму, што яна тут. Такая нейкая чужая і не свая. Вялікае шчасце, што Мсціслаў паклапаціўся аб уборы: ведаў, што магла нічога не паспець узяць. Дзіўна, якая чужая яна стаяла побач з ім. І гэты водбліск свечкі, што дае ёй у руку поп. Адразу за гэтай думкай ён адчуў пякучы сорам. Здрадай гэта можна было назваць, вось чым. І ўсё ж гэты пярсцёнак, што зараз знялі з прастола... Трэба што, абмяняцца ім? Тройчы? Што гэта азначае? Што ўзаемна будуць палягчаць жыццёвы цяжар? Адкуль ён ведае, які ён, гэты цяжар, каму трэба рабіць палёгку? Ён жа не ведае нават яе, той, з якой назаўсёды хоча звязаць жыццё! Гэта назаўсёды можа быць і доўгае, а можа і скончыцца праз гадзіну ад залпа, які рване па галерэі, знадворку. І, аднак, ён ведаў, чым рызыкаваў, ідучы сюды.
109 Ну і злуйцеся. А я ўсё адно буду там бываць. Мне прыемна. Цёплыя вочы хлопца аглядалі з-пад белай чупрыны Дняпро, маладую зеляніну на яго берагах, само Азярышча, якое прыгожа раскінулася над ракой. Не ведаў, што рабіць. Збіраўся быў разам з Кастусём паступаць у нейкую ваенную ўстанову. Скарыстаць ільготы для студэнтаў, што скончылі універсітэт, і дваран. Нешта і ў Кастуся не ладзіцца. Дысертацыі яшчэ не падаў, у кандыдаты, значыцца, залічаны ўмоўна. Са штаба ўстаноў адказу няма. Дый сапраўды. Недавер да мясцовых людзей вялікі, а тут чалавек, які ведае права, фінансы, статыстыку, палітычную эканоміку, гаспадарку вясковую, тэхналогію і іншае, хоча яшчэ набыць і ваенныя веды. Не ўжо, досыць. Чорт ведае што з такіх людзей можа атрымацца пры разбэшчанасці цяперашняй моладзі. Магчыма, якабінскія міністры.
110 Валуеў хадзіў па перадпакоі, чакаючы, пакуль яго выклічуць даваць звесткі па сельскай гаспадарцы. Ён ведаў, што гасудар зараз пачынае пасяджэнне кароткай прамовай, у якой нагадвае аб папярэдніх фазах сялянскай справы і паўтарае патрабаванні, каб справу разгледзелі без зацяжак. І хоць ён ведаў, што потым прачытае чарнавік прамовы, яму было непрыемна і суцяшала яго толькі тое, што хутка і ён, Валуеў, будзе сядзець сярод членаў савета, а для некаторых гэтая магчымасць днямі скончыцца, і таму яму, Валуеву, лепей, бо для яго яшчэ ўсё наперадзе. Валуеў ведаў: чакаць доўга, не менш як да пяці-шасці гадзін, і нудзіўся. Часам, праходзячы паўз дзверы, чуў галасы. Ага, Гарчакоў паўстае супраць парушэння дваранскіх правоў. Строганаў і Гагарын падтрымліваюць яго. Паважаныя старыя ў сівізне. Пляшывыя малпы.
111 Млявасць нарадзілася ў целе. Цёплая-цёплая. Цягнуўся ў неба дуб. Пачуліся гукі лірных струн. А можа, гэта зазвінелі, гойдаючыся, самі галіны дуба? Дуб раптам вырас так, што зацямніў сонца. І толькі неба яшчэ трошкі свяціла праз звонкія галіны. Потым неба згасла... Мінула два дні з таго моманту, калі корсту з Кагутом апусцілі ў магілу. Алесь усе гэтыя дні сядзеў дома, бавячы час з Вацлавам і кнігамі. Нікуды не хацелася ісці, а ў душы было пуста. Алесь успамінаў гукі ліры, і песню пра белага каня, і белага-белага дзеда ў белым садку, і чырвань залітай зарывам грушы. Нібы адляцела з гэтай смерцю юнацтва. І ніхто больш не заспявае пра белае жарабя. У шэры і золкі дзень прыехаў па мокрым снезе Адам Выбіцкі. Кінуў лейцы на рукі Змітру, скочыў на снег, амаль пабег па сходах у палац. Быў, відаць, устрывожаны.
112 Потым пярэднія пачалі суцішваць крок. Ля царквы цямнеў салдацкі ланцуг. Спадзістым частаколам ружавелі ўздзетыя ўгору багнеты, і ў іх адбіваўся агонь шматлікіх паходняў. Натоўп глуха загуў і стаў. Людзі баяліся пераступіць нябачную мяжу, якая аддзяляла іх ад салдат у канцы вулачкі. Але маўчалі і салдаты. Нават Мусатава прабіралі непрыемныя мурашкі, так многа было перад ім людзей і агнёў. Рысіныя вочы капітана мацалі натоўп і ўрэшце сустрэліся спачатку з ястрабінымі вачыма Паківача, а потым з чорнымі і дрымучымі вачыма Корчака. І тут Мусатаў упершыню адчуў няўпэўненасць і жах. Ён не ведаў людзей з гэтай белай масы, але аблічча Корчака ён ведаў. І Мусатаў падумаў, што тут, відаць, не проста мужыкі, а лясныя браты, а паколькі гэта так, справа будзе гарачая. Ён памыляўся, але не мог ведаць, што памыляецца.
113 Рагачоўская грамада, усе мужы статэчныя і радцы, дзякуючы ім страцілі чалавечае падабенства. Ужо нібы не чалавечая зборня сядзела ў радзе і на капе, а статак галінастых аленяў. І не глядзелі алені адзін аднаму ў вочы ад вялікага сораму. Адабралі яны жонак у пана земскага пісара, і ў пана лоўчага, і ў пана старасты, і ў пана кашталяна, і ў пана наглядчыка за бабровымі гонамі. А сам Гервасій Выліваха звёў і паіў вельмі многіх, і нават каханку палкоўніка Чыжа. Палкоўнік спаймаў іх з ліцом і кінуўся быў біць, то яны палкоўніка напаілі пад прымусам і, п'янага, павезлі ў госці да рагачоўскага пробашча, дзе палкоўнік з пробашчавай аканомкай аскароміўся, учыніўшы свальны блуд. Пробашч раніцою, з гарачкі ды болем у галаве пакутуючы, закаціў імшу і на той імшы пана Чыжа пракляў у імя рымскай царквы да дзевятага калена.
114 Павесілі. Судзілі разам з гаспадаром, лекарам Карнеліусам з Майнца, ягонага барана, у якога ўсяліўся дэман. Судзілі год пяцьдзесят таму ў Францыі Сулара і ягоную свінню. Яго спалілі, яе закапалі ў зямлю. Дэману, ворагу рода чалавечага, нельга патураць, нават калі ён знаходзіць сабе прыстанак у бесславеснай істоце. Судзілі ўжо і мышэй, у Швейцарыі. І казлоў судзілі і палілі. Гэтых часцей за ўсё, за схожасць з чортам. І, аднак, Лотр усміхаецца. Ён не ведае, аб чым думалі іншыя суддзі, ці верылі ў правіну Суларавай свінні і лекаравага барана, але ён, Лотр, не ўпэўнены, што зубамі мышэй дзейнічаў на гэты раз д'ябал. Ён ведае, што гэты суд нешта накшталт пластыра, які адцягвае гной, або п'явак, якія смокчуць лішнюю кроў, каб яна не кінулася ў галаву. Можна праявіць і міласэрнасць, якой славута Хрыстова царква.
115 З вялікім здзіўленнем сачыў народ, як рухалася ім насустрач разубранае шэсце з крыжамі і як ішлі перад ім трынаццаць чалавек, апранутыя ў радно. Людзі стаялі моўчкі. Завязваўся світанак, і ў ягоным няпэўным святле цьмяна ззяла золата рыз і адзіная залатая пляма ў гурме тых, што нападалі: залатыя вышэй кісцяў рукі Ціхона Вуса. І, нягледзячы на тое, што святлела, некаторым у натоўпе рамеснікаў здалося, што наступае ноч. Зноў наступае. Таму што невялікі хрэсны ход падыходзіў, а з усіх нібы вынялі душу. І Вус, і Зянон, і Турай з сынам, і разьбяр, і каваль, і яшчэ некаторыя разумелі, што гэтых, залатых, трэба няшчадна да апошняга біць. Але біць іх было нельга. Паперадзе, перад шэсцем, ішлі трынаццаць, апранутыя горш за апошняга мешчаніна, але ўсё ж так, як усе. Яны былі шчытом, які нельга было патрушчыць.
116 Прыніжаны і крыху напалоханы, адразу ацверазелы, Лотр зразумеў: усё было памылкаю, гэты чалавек адчуў сілу. Ён згодзен зараз нават на паганыя ўчынкі, бо нешта зламалася ў ягонай душы. І ён, калі нават і будзе працаваць, то для ўласнага поспеху, а не для іхняга. Зразумеўшы, якую пачвару ён нарадзіў і выпусціў на святло, Лотр схаладнеў. І тут яго чакаў яшчэ адзін удар. Машынальна ён зірнуў у той бок, куды глядзеў Хрыстос, і ўбачыў, што пад гульбішчам стаіць адна Анея. Магдаліны і служкі з канём не было. І тады, разумеючы, што куды ўжо яму строіць высокія планы, што ўсё сарвалася, што цяпер абы зберагчы тое месца, якое ў яго ёсць, застацца на ім і яшчэ перашкодзіць гэтаму шалберу заняць месца ў сэрцы дзяўчыны, якую ён, Лотр, за апошнія дні так шалёна і ўсё мацней жадаў, Лотр пачаў утрапёна думаць.
117 Лотравы пакоі ў трансэпце гародзенскага замка нагадвалі пакоі багатай і не суровай норавам радавітай дамы. Каменныя сцены завешаны кілімамі і габеленамі з трохі легкадумным зместам. Іконы, дзе яны былі, здзіўлялі ўвагаю мастакоў да жывой плоці. А той пакой, у якім зараз сядзеў кардынал, быў увогуле легкаважны. Шырокае, на шасцёх, ложа пад гарнастаевай накрыўкай, крэслы з мяккімі падушкамі, нейкія каменныя і шкляныя пляшкі і флаконы на валошскім століку ля ложа. Пах якіхсьці салодка-гаркавых маслаў. Адзіныя духоўныя рэчы ў пакоі былі статуямі святога Себастыяна і святой Інэсы, дый тыя давалі відавочна пабольшанае ўяўленне аб сутнасці мужчыны і жанчыны. На ложы ляжала Магдаліна, ляніва пагойдвала перад вачыма залаты медальён. Басяцкі, што сядзеў на крэсле каля сцяны, імкнуўся не глядзець у той бок.
118 На сірот! Народ рынуў наперад. У тую ж ноч, калі яны ўцякалі з Любчы, над змрочнай зямлёй ляцеў у вышыні асветлены апошнімі промнямі сонца і ружовы ад яго камячок жывой плоці. Ён нёс звестку аб тым, што рачоны Хрыстос узняў руку на майно царквы і загад самога папы, якога, да таго ж, бэсціў несамавіта разам з царквою. Ён нёс вестку аб тым, што рачоны Хрыстос забыў сваё месца і тое, што ён махляр, і падбухторыў натоўп на рынку. Ён нёс вестку аб тым, што вядомы царкве чалавек распусціў чутку аб вядомай жанчыне, якая нібыта знаходзіцца ў наваколлі наваградскім і зараз вядзе Хрыста з апосталамі ў цэнтр ваяводства, дзе і паспрабуе затрымаць іх на тры дні. Вядомы чалавек прасіў, каб сотнік з атрадам паспяшаўся. Голуб ляцеў, і промні апошняга сонца згасалі на ім, а на перайкі клаўся сіні водсвет ночы.
119 Яны ўцякалі ўначы, бо ведалі: за тое, што зрабілі ў Любчы, мала ім не будзе. Яны не ведалі аб тым, што па слядах іхніх імчыць Карніла, але, пабойваючыся любчанскага кашталяна, блыталі сляды, ідучы непрамою дарогай. Адну ноч, замятаючы сляды, яны ішлі прэч ад Наваградка, на поўнач, начавалі ў пушчы, а потым рушылі кружным шляхам, кіруючыся на Ўсялюб. Апоўдні наступнага дня наблізіліся яны да сяла Хадасы. Магдаліна ішла з Хрыстом, быццам баючыся, што вось цяпер ён можа ўзяць і знікнуць. А ён, апусціўшы галаву, думаў пра сваё, не заўважаючы нічога вакол... Усё ж гэта былі чуткі. Зноў чуткі. Толькі чуткі. А мінулі тыдні, і лета ўвайшло ў панаванне сваё. І невядома, ці сапраўды Анею схавалі, ці яна сама кінула яго. І трывога разрывала ягонае сэрца. І нічога ён не заўважаў. А заўважаць было што. Вёска нібы вымерла.
120 Магдаліна, што праўда, перадала раніцай Братчыку залаты, але ён не сказаў сябрам, збярог манету. Мала што магло здарыцца. На ягоную прыдумку маглі і не клюнуць. Кірмаш ляжаў на плошчы між чорным, дзікім Наваградскім замкам і вялізнай карчмою. Плыў натоўп, свісцелі свісцюлькі, вялі свой напеў сляпыя жабракі, нібы душу з казла цягнулі. Штурхаліся мужыкі, дзеўкі, багатыя кабеты. Зрэдку паважна, як каравела пад ветразямі, плыў праз натоўп дваранін у плашчы. Магдаліна не знаходзіла сабе месца. Нават уначы, даводзячы каханка да непрытомнасці і ўтрапення, сама задыхаючыся ад яго абдымкаў, яна думала краем думкі, ці здолее выканаць загад, вызваліцца, магчыма, назаўжды застацца з гэтым. Не жонкай, дык каханкай. Бо гэтага яна не адпусціць. Гэты ніколі, удзячны ёй, не здолее забыць яе і гэтыя начныя пацалункі.
121 І тут за спінамі людзей, недзе ў цемрыве, пачалі павольна біць барабаны, раўці дуды, уздыхаць бубны. Заспявалі смыкі. Палілася павольная музыка. Рытм яе ўсё пачашчаўся. У ім было нешта пагрозлівае, д'ябальскае і, аднак, поўнае жыцця, страснае. Успыхнулі раптам яшчэ два вогнішчы... Яшчэ. Разам з узрастаннем языкоў агню паскараўся тэмп гукаў. У гэтым рытме было нешта такое заразлівае, што нават Хрыстос з вялікай цяжкасцю падавіў міжвольныя рухі сваіх ног і прымусіў сябе сядзець нерухома. Усё меншыя рабіліся паўзы, усё больш прыбаўлялася мігатлівага святла. Нагія людзі пачалі павольна пагойдвацца. Натоўп, зачараваны ўсім гэтым, нібы забыў аб жыцці, аб тым, што чакала ў хатах з гною, прыйшоў у рух. Рукі шукалі другія рукі, спляталіся. Ногі пачалі спачатку павольна, а потым хутчэй і хутчэй папіраць зямлю.
122 Самога сябе, драўлянага. Нехта закрычаў унізе. Пчолы знайшлі ворагаў. Яны не чапалі тых, што ляжалі нерухома. Яны раямі кідаліся на тых, хто рухаўся і цягнуў і хапаў, чые коні скакалі ў паветры. Немы лямант. Нехта адпусціў паланянку, замахаў, нібы млын, рукамі. Завыў Тумаш, трапіла і яму. Гэта карысней, чым ісці на аркане... Яшчэ ўдар нагою. Зрабіў свечку адзін конь, другі, трэці. Яны пачалі шалёна кідацца, гігатаць, збіліся ў поўную жаху чараду. Узляталі і ўзляталі чорныя, як хмара, раі. Татары пачалі кідаць палонных, адмахвацца, круціцца. Юрась убачыў, што галовы ў некаторых ужо нагадваюць рухомы жывы шар. Вызваленыя кінуліся да ставоў, пачалі змаху скакаць у іх, ныраць. Знізу ляцеў ужо не галас, а рык. Адзін, другі, трэці ляснуўся долу з шалёнага каня, што перакінуўся на спіну, каб пазбавіцца ад укусаў.
123 Ён страшэнна любіў іх. Гэтай хвілінай ён страшэнна любіў іх. Такімі нельга было ўладарыць, такіх нельга было падманваць. Ён вельмі, ён страшэнна любіў іх, аж сціскалася сэрца. Ён сам здзіўляўся, як ён усім на свеце гатовы ахвяраваць дзеля іх, дзеля такіх вось. І ехала на велізарным, падобным на сабаку, ільве Анея. Чамусьці не глядзела на яго, і ён спалохаўся, што не заўважыць, і кінуўся да яе... Рып, галасы і крык жывёлы былі не ў сне. Ён убачыў на грабяні скамянелую постаць Іуды, глянуў і жахнуўся. Бег натоўп. Знясілены, выснажаны, ён, праўдзівей, хацеў бегчы, ды не мог. Нібы ў жахлівым сне. Гналі чароды: няшчасных кароў, запыленых авечак. Дзяўчынка ледзь перастаўляла ногі, несучы на руках кацяня. Цягнулі нейкія каляскі, штурхалі тачкі з мізэрным скарбам. Ехалі вазы і рыпелі, рыпелі, рыпелі.
124 Але як бы ні балела сэрца, ён бачыў, што без сечы не абыдзешся. Не кінулі б зброі самі людзі, задзертыя за жывое спусташэннем, крыўдай і забойствамі. Усе нібы моўчкі вырашылі: не выпускаць. Урэшце яны самі пачалі паліць лес і перастаялыя сухія травы. Малыя атрады рассыпаліся наперад, каб падпальваць там, дзе арда магла прарвацца. Адразаючы дарогу агнём, прымушаючы арду зварочваць туды, дзе ёй не трэба было, раць паступова сцягвала вакол крымчакоў агнявую пятлю. Людзі ішлі чорныя ад дыму, толькі зубы ды вочы блішчэлі. Паўсюль дзень і ноч, дзень і ноч палалі лясы, і нізка вісела над зямлёй засмужанае, спякотнае неба. Урэшце ім удалося зацягнуць мех. Яны прыціснулі мурзу Сяліма да Нёмана, ля вёскі Бяроза. На тым баку таксама, як і на гэтым, з бакоў зырка гарэлі лясы і курэлі балоты. Ісці ракой Мурза не рызыкнуў.
125 Астатнія правіліся ў Ваўкавыск за падмогай. А сеча ля брамы замка віравала. Віселі на дзідах, білі бярвеннямі ў палавінкі, і муры калаціліся. Падалі камяні на ўзнятыя над галовамі шчыты. Секліся на зубцах, і паперадзе ўсіх трос пузам Тумаш. Іншыя між тым выбівалі дзверы цэркваў і касцёлаў, ірваліся туды. Скураныя поршні ўдарамі адчынялі алтары, сякеры расколвалі дараносіцы. Гнеў і жаданне знішчаць усё гэта былі вышэй за прагнасць. І таму рукі колеру зямлі з трэскам раздзіралі рызы, рабілі з іх анучы. Не абышлося і без пабояў, якімі адзначылі асабліва ненавісных і прагных расафорнікаў. Урэшце выбілі браму замка і ўдзерліся ў яго. Беглі пераходамі, секліся, цягнулі з пакояў людзей, апранутых у парчу. Купка людзей падымала з каменных мяхоў вязняў. Падымала, завязаўшы вочы, нібы коней з шахты, каб не аслеплі.
126 Падзялілі чароды багатых, лішнюю вопратку і грошы. Кожны чалавек на Гародзеншчыне мог цяпер бязбедна жыць з працы сваёй. Усе ведалі: засеяныя будуць палі, ніхто не будзе прымушаць, няма каго будзе баяцца, бо кожны будзе бараніць бязбеднае сваё жыццё. Зброю раздалі ўсім, здатным яе насіць. Хрыстос не забываў: за кожным ягоным крокам сочаць і толькі і чакаюць, каб аступіўся. Удзень і ўначы рапаравалі муры, брамы, вежы, валы, усцягвалі на іх каноны. На Мечнай вуліцы збройнікі, пад наглядам Гіава Турая, удзень і ўначы кулі зброю. Ачысцілі студні, назапасілі паліва на ўсю зіму. Вястун і іншыя вучылі людзей бойцы да знясілення. На званіцы Дамініканаў увесь час сядзелі дудары і сачылі за дарогамі. Старым званарам не верылі. Чорт іх ведае, што надумаюць. На ноч брамы зачыняліся і каля іх ставілася падвойная варта.
127 І, аднак, за гэтыя лічаныя дні горад ажыў. Паўсюль жарты, смех, простыя смелыя позіркі, шчырыя размовы. Паглядзелі б на гэта Бекеш або Крыштофіч!.. Але іх не было ў горадзе. Амаль апусцелі храмы. Не было відаць мёртва п'яных. Патрэбы ў гэтым не было. Вечарамі на плошчах скакалі вакол вогнішча людзі, і песні ляцелі да ясных зор. Стаяў канец жніўня, і ў гэтым была адна з пагроз. Прышлыя мужыкі снілі і трызнілі аб ворыве і пасеве. Што з таго, што гэтым можна было займацца са жніўня і аж да замаразкаў, абы зерне паспела ўзысці. Што з таго, што, магчыма, і лепей пасеяць пазней, а не раней. У прадчуванні бедаў мужыкі хацелі хутчэй кінуць зерне ў зямлю. Яна цягнула, як любая жонка, як каханая. Рукі снілі яе мяккасць, вочы марылі аб яе льсняным бляску, ноздры прымушаў пашырацца ўяўны, саладкаваты пах руні.
128 Дзверы зачыніліся за ім. Усе як быццам чулі ўсё бліжэй і бліжэй крокі Хрыста, але, магчыма, гэта ўсяго толькі тахкалі іхнія сэрцы. Мацней і мацней. Мацней і мацней. Урэшце здрыганулася рука ў Баўтрамея. Ён не вытрымаў. Не думаючы пра тое, што будзе, калі астатнія не прыбяруць грошай, схапіў манеты, пачаў прагна рассоўваць іх па кішэнях. Працягнулася па грошы другая рука. Рыпнула фортка. І тут дзевяць рук бліскавічна змялі срэбра са стала ў торабкі. Засталася адна грудка. Перад Іліяшам. Цыганаваты Сымон з трыумфам глядзеў вугальнымі вачыма на збялелыя твары хаўруснікаў. Абводзіў іх вачыма, нібы ацэньваў. Бачыў ва ўсіх вачах жах, сквапнасць, тупую прыціснутасць. Адчыніліся дзверы. Хрыстос абцёр ногі аб жорны перад парогам і ступіў у пакой. На стале былі пляшкі, бачонак, місы. Грошай на стале не было.
129 Яны пускалі стрэлы ў нападаючых і секліся з тымі, што імкнуліся забралам дабрацца да вежы, апусціць брамныя краты і гэтым самым адрэзаць дарогу ўцекачам з горада. Гэтай дарогі нельга было аддаць. Толькі адсюль яшчэ і маглі выбрацца з пасткі, згубіцца ў палях і пушчах параненыя. Менавіта сюды, па думцы Фамы, павінен быў адвесці баяздатныя рэшткі мяцежнага войска адрэзаны Хрыстос. Ні Тумаш, ні Вястун не ведалі, што Хрыстос не здолее прабіцца сюды праз магутную сцяну варожых ваякаў, што ў яго мала сілы. І менавіта таму, што Тумаш з сябрамі не ведалі гэтага, яны секліся ўтрапёна. Унізе, ля ўвахода ў браму. Фамоў твар яшчэ больш пачырванеў, вочы вырачыліся да таго, што здавалася, вось лопнуць. Вусы луналі, шчокі натужна раздзьмуваліся, цяжка варушыўся, вывяргаючы праклёны, вялікі рот, рот аматара выпіць і задзіры.
130 З другога боку да дома прымыкаюць закінутыя могілкі. Іхнюю браму ў стылі позняга барока відаць, калі падыходзіш да дома напалову выпляжанай алеяй высачэзных ліп. У пакоях сапраўдны Грунвальд: лётаюць пад столлю анёлы, ускідваюць крыжы з лазы Яны Ксціцелі, а Яны Непамуцкія нясуць пад пахаю ўласныя галовы, нібы кавун у трамваі. Юры з вылупленымі ад жаху вачыма папірае нагою цмока, рыдаюць ужо трыста год Магдаліны. Іконы на сценах, іконы, нібы ўкрытыя ржою па кутах, і іконы, распасцёртыя на сталах, свежанькія, нібы толькі з Ярдані, усміхаюцца чалавеку, што іх зноў стварыў. Пахне хіміяй, дрэвам, пахучай старой фарбай. Залацяцца спінкі кніг. Скаляць зубы грыфоны, падобныя на сумных курэй. І ўсё гэта дзіва як хораша! І сярод усяго гэтага, створанага сотнямі людзей, два сабакі і чалавек. Лепшы мой сябар.
131 На вякі будавалі. Лупась, хлопцы. І тут я адчуў, што нешта мяняецца. Да групы дбайнікаў набліжалася два чалавекі ў атачэнні чародкі дзяцей і падлеткаў чалавек на дваццаць. Наперадзе крочыў невысокі худы мужчына ў дужа акуратным чорным гарнітуры і белай сарочцы з чорным гальштукам. Аблічча вясковага інтэлігента, простае і нічым не адметнае, хіба што шнарам, які перасякаў левае брыво. За акулярамі разумныя і раздумлівыя вочы. Валасы моцна сівыя на скронях. Другі быў высокі і плячысты і вельмі нагадваў нейкага амерыканскага каўбоя з фільмаў пра дзікі Захад. Саламяныя валасы, аблічча, прадубленае сонцам і ветрам да адцення цёмнага золата. Шырокі і высокі лоб, нос просты і нядоўгі, рот цвёрды, шчокі прыемна праваленыя. І ўсё гэта асвятлялі вочы такой глыбокай сіні, што рабілася радасна на душы.
132 І я, як яны, пачуў бязгучнае набліжэнне чагосьці нядобрага. Здалёк яшчэ, праз дзверы, якія раптам ціха адчыніліся, я ўбачыў, як нехта няўлоўным ценем, без аніводнага шолаху, набліжаецца да вартоўні. Бліжэй, бліжэй. І раптам партрэты ўсе скасілі вочы ў бок дзвярэй. І ў вачах быў несамавіты жах. Нешта, якое блізілася, матэрыялізавалася на парозе і ўступіла ў пакой. Кшталт гэтага нечага ўвогуле быў чалавечы. Толькі шыі не было. Патыліца з усіх бакоў спадзіста пераходзіла ў апрафігіяльныя канцы ключыц, у плечы. І вачэй не было, і рота. Проста футра на гэтым месцы ішла невялікімі паглыбленнямі. Таму што істота была ад патыліцы да ступакоў пакрытая белай і тоўстай, як лішайнік, даўжынёю сантыметраў у сем поўсцю. Ён набліжаўся ў нерухомым паветры, і партрэты вадзілі поўнымі жаху вачыма з яго на мяне.
133 Хістаючыся, я выбраўся наверх, адышоў як мага далей і сеў на траву, нібы мне падсеклі ногі. З мяне было досыць. Як праз вэлюм, я пазнаваў Сташку, Хілінскага, ксяндза. Я стрымліваўся ад мата, толькі ўважаючы на гэтых трох. Ён нічым ужо не мог дапамагчы, я ведаў, што вось пралом у вежы, вось чорнае зеўра атвора, а там, унізе, яны. Трох. І я нічым ужо не дапамагу. Ні ім, што ўсё ж зведалі найгарчэйшае і найвышэйшае на зямлі. Ні яму, які ніколі не ўбачыў ні зямлі, ні яе святла. Хаця кожная душа створана, каб гэтае святло бачыць. І хто пазбаўляе яе гэтага, той губіць навекі тую душу. І яшчэ болей сваю, хаця праваліся ён разам з ёю. Мат, па-мойму, толькі і створаны, што для такіх выпадкаў. Калі мужыку ўжо нельга іначай. Калі, здаецца, узялі верх здзек, катаўство, расстрэлы, добра прадуманыя пакуты.
134 А пасля ён нанёс скрышальны цёс кіркаю па гэтай мармуровай трупна-зеленаватай руцэ. Мармур пырснуў кавалкамі ва ўсе бакі. Я ледзь паспеў перахапіць руку айца Леанарда перад другім цёсам. У аблічча, якое так нагадвала мне штосьці. Аблічча, акрэсленае, адмечанае ў сваёй беспрынцыповасці і бяздушнасці нібы самой эпохай. Дый ці адной ягонай эпохай. Счарсцвелы, бязлітасны, цмочы твар. Мне ледзь удалося справіцца з ім. Бо ў сваім узбуджэнні і агрэсіўнасці ён нібы набыў сілу добрых дзесяцёх чалавек. І, мабыць, з дзесяццю мог бы даць сабе рады. Я забыў, як гэты стан завецца медыкамі. Афект? Не, ёсць іншае слова. Але ўсё ж мне пашанцавала ўтаймаваць гэты выбух несамавітай сілы. А я падумаў, як працавалі б вось гэтыя яго сялянскія, звыклыя да працы, жылаватыя рукі. Падумаў зусім у духу аднаго з нашых паэтаў.
135 Пятро, як і кожны ў яго гады, быў паэт у душы, і ў яго хапіла занятку на добрую палавіну дарогі. Ён не заўважаў ні спёкі, ні аднастайнасці пожняў, ні пылу, нават Дняпро не вабіў яго. Першая празаічная рэч, на якую ён мусіў звярнуць увагу, былі ўласныя парусінавыя чаравікі. Пра іх нельга было не падумаць, бо гэта была самая ненадзейная частка яго ўбрання. Пятро прысеў на запыленую ўзбочыну, разуўся і, загарнуўшы чаравікі ў газету, паклаў іх у партфель побач са сваім духоўным скарбам. Але самы шчаслівы закаханы і самы натхнёны паэт урэшце стамляецца. Тады знікае жаданне марыць, чалавек пачынае чытаць лічбы на кіламетравых слупах і адразу заўважае, якая па сутнасці гэта аднастайная і цяжкая дарога і як гола і сумна на полі ў жніўні: убрана збажына, пажоўк бульбоўнік, пачарнела няскошаная грэчка.
136 Цалавала горача, прагна... А потым была бяссонная і вельмі кароткая ноч. Яны гаварылі бясконца. Яны як бы спяшаліся выказаць усё тое, чаго не маглі сказаць адно аднаму больш чым за месяц жыцця пад адным дахам. Безумоўна, Адасёвай сілы ў яго не было. Але было іншае, чаго яна не ведала раней: незвычайная пяшчотнасць і ў словах, і ў пацалунках, і ў трапяткой усхваляванасці, і ў дыханні яго, і ўдарах сэрца, якія яна чула, тулячы яго да сябе. Алесь прызнаўся, што дагэтуль не ведаў ніводнай жанчыны, што яна першая, і Вольгу кранула гэта і напоўніла яшчэ большай закаханасцю і радасцю; усё, што адбылося паміж імі, здавалася такім чыстым, бязгрэшным, што сумленне ніколькі не трывожыла яе, не адчувала яна віны ні перад Адасём, ні перад дачкой. Віну такую адчуваў ён. Сказаў пра яе. Вольга адказала пацалункамі.
137 Іх прынёс упрыцемку ўжо юнак у паліцэйскай форме, якога Вольга не паспела разгледзець. Сказаў пароль, перадаў з рук у рукі ў цёмнай кухні цяжкую бляшанку і адразу нырнуў у дзверы, быццам баяўся, каб яго не пазналі ці не запомнілі ў твар. Вольга адкрыла вечка высокага чатырохграннага вядра і адвярнула нос: поўна ванючай мазуты. Хоць гранаты былі загорнуты ў парусіну, але мазута ўсё адно прасачылася, і Вольга вельмі акуратна і асцярожна, як вялікую каштоўнасць, працерла іх чыстымі анучамі, загарнула кожную паасобку ў купленыя і свае хусткі, сарочкі, кофтачкі, дзе ўсунула ў чаравікі, штук колькі ў торбу з соллю, не пашкадавала і тых рэчаў, якія ніколі не думала выменьваць, упакавала ўсё ў мяшок так, каб ніхто, ні Друцька, ні немцы на пастах, не мог намацаць цвёрдыя прадметы. Увесь мяшок мяккі.
138 Я не адказаў. Яму зрабілася блага. Ён пачаў ванітаваць, узваліўшыся на пісьмовы стол. Я застаўся каля акна адзін. Вось ужо павесілі другога чалавека. Трэцяй была дзяўчына. Партызанская сувязная Надзя Кузьменка. Пасля я даведаўся: яе арыштавалі на дарозе, знайшоўшы ў кошыку пад грыбамі міну. Яна крычала пракляцці катам. Натоўп маўчаў. Натоўп, напэўна, застыў, як і я. Кожны чалавек у гэты міг да нечага рыхтаваў сябе. Прымаў рашэнне. Здавалася, што жудасная машына карнікаў запрацавала без перашкод, па дэталёва прадуманаму д'ябальскаму плану. Чарговую ахвяру дужыя гестапаўцы хапалі пад рукі, падымалі ў кузаў. Грузавік падыходзіў пад шыбеніцу. Кат ускідваў пятлю на шыю. Машына адыходзіла, паварочвалася. Хутка. Спрытна. Механізавана. Начальства і варта заспакоіліся. Адзін з афіцэраў пачаў рабіць фотаздымкі.
139 Сёння ў восем. Яна анямела ад нечаканасці. Успомніла, што паабяцала Славіку сустрэцца з ім. Яна ніколі не была такой ветранай, каб ад аднаго бегчы да другога. Праўда, да яе раней не надта заляцаліся. І раптам два такія хлопцы, розныя і цікавыя! Каго ж выбраць? Адмовіцца ад спаткання з Тарасам ды яшчэ на канцэрце, на які немагчыма дастаць білетаў? Не, не, не. Пра Тараса яна думала больш, чым пра каго другога. Падвесці Славіка? Яму можна пазваніць. Не, не трэба і званіць. Няхай паблукае па парку. У яго залішне самаўпэўненасці, хоць учора пад канец ён і быў сур'ёзны. Няхай не думае. Ёй зрабілася смешна, калі яна ўміг уявіла, як Славік будзе шукаць яе. Два дні, учора і сёння, быццам нейкі вясёлы чорцік штурхаў яе на гарэзлівыя ўчынкі. Пакуль мільгалі гэтыя думкі, яна чула, як цяжка дыхаў у слухаўку Тарас.
140 Машына павярнулася і выехала за вароты. Зося азірнулася на бальніцу, але без жалю, без жадання застацца там і без страху перад тым, што чакае яе наперадзе. Яраш вёў асцярожна, павольна. Зося залюбавалася горадам, амаль незнаёмым, новым. Хоць жыла яна тут ужо чатыры гады, але ёй цяжка было хадзіць па горадзе, рэдка яна выязджала са сваёй далёкай ускраіны на аўтобусе ў цэнтр. Са здароўем, з сілай да яе вярталася разуменне прыгожага, замілаванне хараством. Калі яе вывелі першы раз у сад, яна глянула на яблыні з рэдкімі пладамі і, як дзіця, засмяялася ад радасці. Там, у бальніцы, і гэтае пачуццё яе палохала. А тут, на цэнтральнай вуліцы, яна глядзела на маладыя ліпы, каштаны, і сэрца яе поўнілася здаровай, незнаёмай ці даўно забытай радасцю. Яна ўсміхалася, не падазраючы, што Яраш бачыць яе ўсмешку праз люстэрка.
141 Тут няма чаго размяжоўваць асабістае і грамадскае. Пошукі фактаў пра падполле выклікалі ў Шыковіча гэты ваяўніча-наступальны настрой. Памяркоўны, ленаваты і ліберальны раней, ён здзіўляўся цяпер сам сабе: адкуль бярэцца такая энергія, такі імпэт і рашучасць? Яраш не паспеў у другі раз перабудаваць свой даклад, а таму гаварыў, амаль не заглядваючы ў напісанае. Але гэта прыдало выступленню пафасную жвавасць і злосць да тых бюракратычных непарадкаў, якія мелі месца ў медыцынскім абслугоўванні. Ніхто з дэпутатаў не чытаў больш газеты, ніхто не кляваў носам. Разоў колькі яго перапынялі воплескамі. Тамара Аляксандраўна кляла тую хвіліну, калі дала згоду заняць старшынскае месца. Сотні вачэй свідравалі яе. Яна бачыла ўсмешкі, розныя па сваіх адценнях, ад зларадных да спачувальных. Дасталося і выканкому гарсавета.
142 Гукан выступае з невысокай трыбуны. Ці то здымак выцвіў ад часу, ці ў той дзень не хапала святла, але быў ён цьмяны, невыразны, твары другіх людзей расплыліся. Але прамоўца выйшаў лепш за ўсіх. Зося ўзяла здымак, паднесла блізка да вачэй, хоць блізарукасці ў яе Кірыла раней не прыкмячаў. Яна таксама стаяла каля канапы, бліжэй да акна, уся асветленая ззяннем снегу. І Шыковіч убачыў, як раптам змяніўся яе твар: у адзін міг нейкія рыскі, зморшчынкі быццам памяняліся месцамі ці быццам ценявы зайчык праскочыў па твары знізу ўгору. Шчака яе, што была павернута да яго, відавочна пабялела. Безумоўна, яна пазнала. Шыковіч чакаў. Зося доўга разглядала здымак, але на твары яе больш нічога не адбівалася. Нарэшце яна адарвалася ад здымка, перавяла позірк на Шыковіча і паківала галавой: не, нікога я тут не пазнаю.
143 Ты ціхом можаш ад усіх жыць, і ўсе пра цябе забудуць. А ты будзеш чакаць прыходу спакою і радасці для твае Лізы. Ці памятаеш ты, як было Волечцы, калі ты застаў яе адну ў хаце? Бо калі натурыцца, то ты адзін ці вас хоць тысяча збярэцца, цяжка парадзіць што. Бо гэта жалезны звер! Я на дарозе бачыў, як толькі дзіцячыя косці трашчалі пад жалезным колам. Божа мой, Божа мой, нявіннае дзіцячае вока глядзіць на жалезнае кола і ведае, што над колам чалавечая галава. А галава кіруе кола на дзіця, і трэск дзіцячага чэрапа так страсяне чалавечую душу, што яна павек-вечны спакою мець не будзе, пакуль смерць не выветрыць яе з цела і яна стане нічым. У маіх вушах стаіць трэск дзіцячых касцей, хоць нада мною ціхае неба ў зорах і захад датлявае спакоем, і ціхая ноч стаіць як шчасце маё, што я сам з сабою...
144 Ратуйце яе і мяне цераз гэта... Каб праз вашы вушы да сэрца дайшло... Чалавек жа, нават і акамянелы, не бывае без сэрца. Я так прашу, што аж не ведаю, ці глядзеў я калі на каго з сваім гонарам... Дзеля просьбы мае я нёс сюды цэлы месяц, прапытваў, туляўся... Тут ён дастаў з-пад падшэўкі крыж і застыў маўкліва. Можа, ён успамінаў, ці не асталося яшчэ чаго, і не бачыў, як Паліводскі раптам збялеў тварам і рукамі зрабіў рух туды да яго. Нявада выпрастаўся і паклаў усё на стол. Поўны вялікага чакання, ён стаў перад Паліводскім і не зводзіў вачэй з яго твару. Некалькі разоў твар Паліводскага зменьваў свой колер: то чырванеў, то зелянеў, то бялеў, то зноў чырванеў. Нарэшце ён як бы абмярцвеў, і вочы быццам ашклянелі. Ён падсеў да стала і глядзеў на крыж, на якім мільгацелі нават у сваёй нерухомасці каменні.
145 Добра прыгледзеўшыся, можаш прызнаць: так як бы ў сярэдніх гадах чалавек, а можа, і намнога менш; выгляд нейкага няпэўнага ўзросту. Як бы там ні было, а гэты чалавек разам з усімі стаў на работу і скромна працаваў у корпусе электрастанцыі, падрыхтоўваючы там усё да ўстаноўкі машын. Людзей там працавала многа, і да ўсіх ён быў падобен. Ён узяў сабе прывычку ў часе перарыву ў рабоце або пасля яе, нейкі час сядзець з махорачнаю самакруткай у губах на цэглах або на бярвенні і прыглядацца да людзей навокал сябе. Так сядзелі тут многія, заўсёды так вельмі шмат людзей тут сядзела. Але ўсе не мелі на гэта сталай прывычкі: сёння сядзіць, а заўтра і не. А гэты сядзеў вельмі часта. Прыглядаючыся так да людзей, гэты чалавек убачыў раз Наўмысніка. Наўмыснік толькі што злез з рыштавання. Ён, як і ўвесь апошні час, мураваў.
146 Як быццам бы ўсе яны разумелі адзін аднаго як не трэба лепш. Згода была паміж імі і яднанне. На іх насядаў голад. Ратунак! Вось гэта было іх сяброўствам. Тоўсты ў кажуху па-гаспадарску агледзеў быка і падышоў да яго. Малады ў летнім пінжаку нарыхтаваў свой фінскі нож. Самы маладзейшы дастаў з-пад гімнасцёркі кінжальчык з медным тронкам і ў раменным чахле. Ён стаяў бліжэй за ўсіх да быка. Тоўсты працягнуў руку, каб узяць гэты кінжальчык. Вельмі можа быць, а напэўна так і было, што ён сам хацеў гэтым кінжальчыкам закалоць быка. Малады чалавек з недавер'ем адмахнуў руку назад і адступіў на крок. І гэта было як бы сігналам да таго, каб усім ім нават і перад тварам адзінага свайго ратунку зачыніць наглуха адзін перад адным свае душы. Усе стаялі ў маўклівай нерухомасці. Раптам малады ў летнім пінжаку не вытрымаў.
147 Мусіць, ад усяго разам. А човен ад яго руху так захістаўся ды закруціўся, што Мірон ледзь уседзеў, ухапіўшыся рукамі за бакі яго. Але пры гэтым ён выпусціў з рук вясло. Струмень падхапіў бездапаможны човен і панёс яго далей, да другой алешыны. Падплываючы да яе, Мірон перахіліўся цераз борт і ўчапіўся рукамі за галіну. Тут ён адчуў, што човен нібы выслізгвае з-пад яго. Трымаючыся за галіну бадай што над вадой, Мірон стараўся падцягнуць да сябе човен нагамі, але скончылася гэтая справа тым, што галіна абламалася, хлопец паляцеў у ваду дагары нагамі, а човен, атрымаўшы апошні штуршок і паварочваючыся ў розныя бакі, жвава панёсся наперад. Пакуль Мірон зноў учапіўся за дрэва ды агледзеўся, човен быў ужо так далёка, што дагнаць яго не было ніякай магчымасці, тым больш чалавеку адзетаму і абутаму.
148 Вышыня была такая, што адпаведную жэрдку можна было знайсці. Знайшлі добрую арэшыну, запалілі камяк моху і прасунулі ў дзірку. Як загуло там! Хлопцы зараз жа адбегліся, але зноў падысці не маглі: раз'юшаныя пчолы лёталі навакол і, відаць, зусім не думалі адлятаць. Нарэшце хлопцы вымушаны былі пакінуць іх, каб прыйсці ў другі раз. Перад адыходам Мірон яшчэ запхнуў камяк, хоць і пацярпеў за гэта: два гузакі ўсхапіліся на твары. Пакінулі гаршчок каля дрэва, а самі пайшлі на сваё абследаванне. Зноў пачалася такая ж пакутная і бескарысная праца. Гадзіны чатыры яны бадзяліся каля балота і вярнуліся без нічога, як заўсёды. Па дарозе яшчэ раз наведалі пчол. На гэты раз там было ўжо ціха. Толькі дзе-нідзе жаласна звінела адзінокая пчала. Насілу Віктар выцягнуў з дупла соты. Але здабыча была вельмі малая: усё чарва.
149 Яны ўжо і хадзіць не мелі ахвоты. Часам па некалькі гадзін ляжалі нерухома. Аднаго разу яны гэтак ляжалі пад кустом на палянцы і мутнымі вачыма пазіралі навакол. А дзень быў ясны, прыгожы. Уверсе шчабяталі птушкі, унізе гулі розныя мухі, жукі, мільгалі матылі. Раптам па-за кустамі ціхенька хруснула. Уздрыгануліся хлопцы, азірнуліся: у кустах стаіць казуля, зграбная, прыгожая. Задраўшы галаву з невялікімі рагамі, на якіх было па два атожылкі, яна скубла маладыя парасткі, і на шыі яе відаць была белая пляма. Кожны момант яна азіралася, уздрыгвала і была гатова знікнуць. Умомант ад млявасці ў хлопцаў і следу не засталося. Яны захваляваліся, напружыліся. Кожны з іх добра ведаў, што ад гэтага можа залежаць іхняе жыццё і што яны маглі страляць цяпер з падпоры, а гэта была ўжо зусім іншая справа.
150 Яны зрэзалі доўгую жардзіну, прасунулі яе палонніку між рукамі і каленямі і звязалі яго так, што ён і паварухнуцца не мог. Хлопцы былі задаволены. Гэта азначала, што бандыты збіраюцца ісці ўсе трое. І сапраўды яны ўсе накіраваліся да бабровай хаткі. З вялікім жалем убачылі хлопцы, што чорны ўзяў сваю стрэльбу. Бабровы ручай быў зусім блізка, але, здаецца, адтуль нельга было бачыць палонніка, бо ён сядзеў на зямлі і яго засланяў зараснік, што рос на беразе ручая. Хлопцам не трэба было дамаўляцца, што рабіць. Абы толькі паспець, пакуль бандыты вернуцца, бо калі яны выявяць недахоп сваіх рэчаў, то ўстрывожацца і зараз жа прыйдуць назад. Мігам папаўзлі яны да таго месца, дзе сядзеў палоннік. Яны так спяшаліся, што нават не звярталі ўвагі на шолах і хруст, які яны робяць. Палоннік пачуў і азірнуўся.
151 Ці ж можна словамі перадаць, як Даніла падбіраў клён, бярозу, дуб, асіну на цабэркі, вёдры, начоўкі і лыжкі, арэшнік на абручы з сваіх лепшых запасаў? Ці ж можна апавядаць аб тым, як ён пераглядаў, перамацваў рукамі, пробаваў на язык палены, дошкі і звычайныя кавалкі дрэва, як ён іх сушыў, як з імі няньчыўся, каб стварыць з іх новае хараство, каб у іх душу пераліць. Ці ж можна казаць аб тым, як ён бачыў мастацкім вокам старога майстра ў нямых кавалках дрэва гаварлівыя, пявучыя, вабныя сваёй зграбнасцю і грацыяй начоўкі, вядзёркі і лыжкі? Ці ж можна адмаляваць пры гэтым жывую ігру яго твара, выразныя рухі яго цела, як ён усё разважаў і туды і сюды, і ў добры і ў кепскі бок, нібы закладваў фундамент вялікаму гораду? Даніла гарэў на сваім уласным агні. Даніла лез усё вышэй і вышэй па невідочнай лесвіцы.
152 Так, прынамсі, думаў Даніла, а з ім, разумеецца, і яго жонка Аўдоцця, калі яны на малых саначках везлі ў двор пані бялюткія, як малако, як пена марская, гучныя, як шкло, пасудзіны. Яны былі зграбныя, лёгкія, як бы жывыя: вось-вось у паветра ўзнімуцца. Вось-вось зайграюць, як скрыпкі. Пад яркім зімовым сонцам яны пераліваліся рознымі колерамі, нібы крыштальныя. Штохвіліну Даніла і Аўдоцця спыняліся і здзьмухвалі снежныя пылінкі з новых пасудзін. Кожную пасудзіну Даніла пробаваў рукамі на звон. Яна выдавала свой асабісты голас. Лёгка было падабраць з іх новы, па-свойму цікавы, музычны інструмент, на якім можна было б іграць шчырыя, чулыя песні шчырага і чулага сэрца бондара Данілы... Нашто тут патрэбны струны, ноты, пышныя абставіны багатых салонаў, калі ўсё прыгожае відаць і ў прастаце і шчырасці?
153 Як ашпараныя, выскачылі з панінай кухні Даніла і Аўдоцця. Пані нават не зацікавілася глянуць на пекную работу Данілы. Заплаціла не таргуючыся, і гэтым справа скончылася. Грошы ён кінуў ля ганку, выйшаўшы на двор. Употайку ад яго іх падняла Аўдоцця. Пані, сама гэтага не разумеючы, бязлітасна плюнула чалавеку ў самую душу, зрабіла яму такую рану, якая ніколі не загоіцца. Крыўда была бязмежна балючая, неспадзяваная, хацелася яму валасы сівыя рваць на галаве і выць. Яго скінулі з гары ў глыбокую яму. Усю дарогу, ідучы назад у вёску, ён сваёй жонцы ні слова не сказаў. Ішлі яны, як з пахавання. Даніла пахаваў найлепшую частку сваёй душы. Памерлі яго мары, якімі ён цешыўся ўсё жыццё. Сонца засумавала разам з ім. Поле снежнае непрытульным зрабілася. Хвоі пад сівымі зімовымі шапкамі шапацелі аб вялікім Данілавым горы.
154 Ядвіся палезла на вышкі, кінулася на сена і аддалася панаванню гора. Нітка думак парвалася, і дзяўчынка плакала доўга і няўцешна, чуючы толькі, што на свеце робіцца нешта незразумела страшнае, што на хатку прыйшло незвычайнае няшчасце, што герман іх забірае. Выплакалася Ядвіся ўволю і троху прыціхла, у пакоі з прыемнасцю палепшанага пацягнулася на мяккім паху чым сене, закінула рукі за галаву, глыбока ўздыхнула і прыслухалася. Гарматны гул не сціхаў, але далятаў здалёку, як глухі гром, глухімі раскатамі. Наўкола ж блізка ўсё было ціха. З хаты не чуваць было ані гуку. Шкло вакенца на вышках ледзь дрынчэла і званіла, калі мацней гудзеў гул. Мусі, дожджык ішоў: вакенца было затуманена дробнымі капачкамі, запацела. На вышкі залезла кошка, упёрлася зялёнымі зрэнкамі на дзяўчыну, падняла хвост і замяўкала.
155 Сёння раніца марозлівая. Лог белы ад парошы. У паветры не туман, а густая, цёплая пара. Ногі шыбка ідуць па скрыпучай траўцы. За кустом выкінуў з дзесятак белых, чарнаватых пасярод, буйных вошын. Палягчэла на душы. Па абедзе разбіраў і чысціў карабін. Трэба памазаць, а няма чым. Пашын пажартаваў: даў раду чым памазаць, але і гэтага ў нас мала, бо кормяць толькі ўвечары адною бурдою. Пад вечар прост замучыла пякотка. Мусіць, ад хлеба. Трымаемся хлебам. Апроч таго, меў другую прыкрасць. Праходзячы міма камандзіра, не аддаў чэсці, бо думаў, што не дваццаць жа разоў на дзень аддаваць. Аказваецца, яшчэ няважны я салдат: хоць сто разоў праходзіш міма, трэба казыраць і казыраць. Дастаў добрую праборку ад камандзіра, потым ад старшага. Старшаму за мяне было ад камандзіра вымова. Ану вас усіх к чорту!
156 Шчыра дзякуем Андрэю Мікалаічу Сухому і ўсім тым грамадзянам, яго і тваім знаёмым, што склаліся нам на махорачку, каб весялей нам тут было. Пасылаем ім усім наш нізкі паклон, ад ясных вачэй да сырой зямлі. Таксама і табе, наш баявы таварыш Лявон Задума, пасылаем свой нізкі паклон і прывет, і радуемся, што застаўся ты пры назе, а не адрэзалі, і што на пабыўку дамоў пусцілі. Гуляй, весяліся там, пакуль можна пагуляць, а калі забяруць ізноў і пашлюць на фронт, ад чаго няхай цябе бог бароніць, дык старайся ўсё ж ткі, каб ізноў трапіць у сваю родную батарэю, бо могуць паслаць у другую часць. Яшчэ кланяецца вам ваш добры знаёмы, старшы батарэйны фельчар Сямён Сямёнавіч Лябёдкін, і вашы добрыя знаёмыя, батарэйныя санітары Абрам Фельдман і Мі рон Лабкоў і жадаюць вам добрага здароўя і ўсяго найлепшага.
157 А брат старшага тэлефаніста Лапцева пісаў цяперашняму старшаму тэлефаністу Пашыну з родзіны, з Кастрамской губерні, што памёр Лапцеў у шпіталі ў Маскве на аперацыі. Яшчэ забілі ў нас яго благародзіе прапаршчыка Вільгельма Георгіевіча Валка, хай будзе яму вечная памяць за добрае сэрца і справядлівасць да ніжніх чыноў. Яшчэ забілі ездавога ад тэлефоннае двухколкі Яхімчыка і яшчэ некаторых менш знаёмых вам людзей з батарэйнай прыслугі. А то найбольш было параненых, і шмат каго параніла цяжка, так што старых батарэйцаў цяпер засталося ў батарэі мала, хоць некаторыя ўжо павярнуліся ізноў, але найбольш цяпер новыя людзі, якіх вы не ведаеце. Батарэяй камандуе яго высокаблагародзіе, нядаўна праізведзены ў падпалкоўнікі Антон Антонавіч Смірноў, камандзір баявы і чалавек да ніжняга чына, можна сказаць, справядлівы.
158 Жыта сушылі, панясуць у вёску малоць у жорны. На вячэру будуць варыць толькі зацірку. Тата гаворыць, што яму не пашэнціла. Думаў, што купяць цяліцу на зіму, нават стажок сена назапасіў. Але ж да цялічкі і ўвосень і цяпер на базары было не падступіцца. Тата яшчэ думаў, што яму, можа, удасца забіць ваўка, за скуру добра плацяць і даюць прэмію, але ж і ваўкі, як наліха, сышлі з Бярэзаўца. Тата за восень падстрэліў толькі двух зайцаў. Мяса патроху клалі ў булён, які варылі на палудзень. Які з таты паляўнічы? У яго нават сабакі няма. Абы-якога тата не думаў карміць, а дзе дастанеш добрага? Хацеў прывезці з раёна, дык жа трэба было аддаць увесь стажок сена. Ліха з ім, з такім сабакам. Ці будзе выйгранка, можа, калі ваўкі сабе горла заткнуць, кармі толькі, а сена хай стаіць. Прадасца пад вясну, не прападзе.
159 Аленяў было толькі трое, і яны блізка былі ад яе. Яна дагоніць іх, ёй бы толькі дагнаць, а там яна заверне іх сама ў Бярэзавец. Ірка хрыпла і не магла больш крычаць. Горка стала ў роце. Неба пачало рабіцца зялёным-зялёным... Вунь ужо Старыя Вольхі. Гэта ж далёка ад дому, думае яна. Наперадзе ўжо згіналася і закідала на плечы вязку сена толькі адна баба і рабілася ўсё меншая і меншая. Пасля раптам вязка ўпала ў яе з плячэй і рассыпалася. Па белым балоце пабеглі маленькія алені. Многа-многа... Усё поле ўкрылі... І ўсе рагатыя, сівыя, у чорныя плямы... Ірка пачула, як яе нешта душыць, сціскаючы горла. Пракляты гузік, не адшпіліла. Яна выпусціла кійкі і хацела зняць з галавы шапку, каб можна было адвязаць рагі ў хустцы. Але рукі не слухаліся. Падвярнула раптам пад грудзі і моцна-моцна стукнула ў галаву.
160 Калі моцна закашляў уперадзе Панок, Таня, апёршыся на рукі, паднялася, каб угледзець яго: кашляе недзе як не на сваіх калёсах. Панка яна не ўбачыла... Там, дзе дарога, ведучы з Сушкава на гару, паварочвала ля могілак на лог, куды ім трэба было ехаць, якраз там, дзе стаяў да вайны маяк, паднялася кучка белага пылу, маленькая, з ахапак. Пыл быў густы, доўга стаяў над дарогай на адным месцы, пасля адразу стаў брацца ў клубы, што дым, калыхацца, расці і, падымаючыся ўгару, папоўз сюды, да іх. Ехаў з-за могілак немаведама хто па самым пяску на гару. Тут, на гары, усягды пяску па калені, і летам, калі вазілі з Кур'янаўшчыны снапы, за падводамі доўга цягнуўся ззаду пыл, падымаючыся ля самай грэблі вышэй альшэўніку. Калі на яго свяціла сонца, ён рабіўся што бурыя тулягі на небе і быў відаць аж з вёскі.
161 Ён доўга сядзеў, не могучы ўстаць. Падумаў тады, што трэба хоць выкруціць, зняўшы з сябе, гімнасцёрку і штаны... Пачуў, як па целе поўзаюць чорствыя мурашкі. Лапнуўшы рукой за шыю, намацаў пад пальцамі тоўстую, круглую канапліну... Паднёсшы да вачэй, убачыў, што раздушыў мурашку. Пазнаў толькі цяпер, што сядзеў не на купіне, а на муравейніку, шырокім і плоскім, як магіла. Над вухам зазвінеў камар, цененька і нудна, як усё роўна быў адзін ва ўсім лесе. Боганчык махнуў быў рукой ля вуха... Тады падняўся з муравейніка і пачаў счышчаць са штаноў мурашак. Падумаў, што ў лесе зусім цёмна, не відаць зямлі. Калі ён ступіў, хруснулі ў нагах косці, што снег у мароз пад абуткам. Яго зноў кінула ў стужу... Ён падумаў, што загібее зусім, калі не зменіцца ў сухое; што можна налучыць на немцаў і тады ўсё роўна капцы...
162 Ля ракі ён пачуў, што падняўся вецер: у альшэўніку на беразе шапацела лісце. Пасля вецер падзьмуў у шчокі, баючыся, як на рану. Там, дзе закацілася сонца, неба ля самай зямлі стала белае як снег; угары яно было сівое, што замурзанае, бы хто павёў па ім памялом, злазіўшы ў печ і падмёўшы попел. Высака над самай галавой жаўцела паласа, як раскручанае з трубы нявыбеленае палатно: угары на рэдкую смугу, мусіць, яшчэ свяціла сонца. Далёка на ўсходзе над лесам слалася чорная хмара, усё роўна як там збіралася на дождж. Алёша адразу ўспомніў, дзе яны: ззаду за падводамі стаялі ліпы, заступаючы поле. Высокія, старыя, яны раслі пад канец Завішына ля саду, ён ведаў. Ля саду яшчэ была малочная; ён з бацькам перад вайной раз быў звазіў сюды малако: два бітоны на калёсах з драбінкамі. З дому сюды дванаццаць кіламетраў.
163 Алёша падумаў зноў, што Вандзя прыгожая, і не верыў нават Юзюку: як гэта такую могуць застрэліць паліцаі з Даўгынава?.. На качэлях першы дзень яна доўга не была. Папрасіла ні з таго ні з сяго Таню, каб тая злавіла рукамі лавачку; скокнула на зямлю ў маленькіх чорных і стаптаных чаравічках, што каза ў збітых аб зямлю капытах; страсла з прыпала пясок і адышлася пад прызбу. Клікнула пасля Таню, і яны пабеглі з двара адна за адной. Доўга пасля яе калыхалася яшчэ лавачка... Вандзя да іх больш не хадзіла аж да лета. Была якраз нядзеля, хмурная з самай раніцы, калі Вандзя прыйшла да іх другі раз. Прыйшла сама, без Тані. Бегла некуды вуліцай, згледзела яго, Алёшу, у гародзе пад прызбай і пералезла цераз плот з вуліцы, як вясной. У той жа сукенцы, без свэтара; каса ў яе была, як і перш, за плячыма.
164 Кашаль б'е без сціханага, аж совае ў горла нечым вострым і сухім, што ражном; не дае дыхаць: душыць; пасля спірае ля горла, падняўшы ўсё з сярэдзіны... Робіцца цёмна ў вачах, і баліць, здаецца, расшчэпіцца, галава... Баляць плечы, высака ля шыі... Панку здаецца, што ён захліпаецца... Тады яму падварочвае пад грудзі, і ён адкрывае рот, нагнуўшыся ў рудую асаку. Калі яго перастае тузаць, ён усё яшчэ сядзіць, прыгнуўшыся ў траве... У Карчаватках ціха. З вёскі страляць перасталі, як развіднела. Узышло сонца. Далёка за лесам яно халоднае і чырвонае; ад яго чырванее на лазе і на траве раса. Там, дзе яно ўзышло, папоўз угару руды туман. Ён густы, і за ім хаваецца сонца; пасля яно выбягае і зноў коціцца над лесам у Дальву... Угары відаць краёк чыстага неба, і Панок думае, што будзе ўдзень горача...
165 Але ніхто не лез на страху, кашляў толькі ўнізе ля плота Панок. Тады Махорка, намацаўшы ніжэй на страсе латы, апусціўся і пачаў таптаць нагамі агонь у яміне. З ямы паляцелі іскры і салома з агнём. Ён чуў, як паспякаў ногі, і баяўся, каб не зваліліся зусім чаравікі і не загарэліся штаны. Узварушаная салома займалася яшчэ больш, і ён крыкнуў, каб паставілі да страхі ад гароду драбіну і падавалі мокрыя пасцілкі, бо што думаюць сабе людзі... Але ніхто не ставіў у гародзе да страхі драбіну і не падаваў пасцілак, і Махорка зноў, ухапіўшыся рукамі за лату, таптаў нагамі страху ў тым месцы, дзе ў яме скакаў агонь. Пасля трэснула паднізам лата і сашмыкнуліся ногі... Не справіўшыся схапіцца за вітку, ён паляцеў у свіран... Зверху на галаву пасыпаліся іскры. У свірне ён пачуў, як закрычаў на страсе Панок.
166 Яна падумала, што забілі Янука. Дваіх забілі: Таню і Янука... Пасля злякнулася: а дзе ж мужчыны? Павярнуўшы, нямогучы, галаву, каб глянуць уперад на дарогу, яна ўбачыла на зямлі Янукову белую кабылу. Кабыла ляжала ў аглобнях, адкінуўшы галаву, як завалілася ўсё роўна ў баразне. Наперадзе нікога не было відаць: ні Боганчыка з жарабком, ні Панка, ні самога Махоркі, ні іхніх вазоў... Вісеў толькі пыл над парытай, як зрэзанай чым, дарогай, і ўсюды было ціха. Калі Наста адхінулася ад воза, на вочы ёй лучыўся мех, той, на які яна была аперлася. Мех быў праколаты ля завязкі як нажом: пракалолі, мусіць, немцы, калі выскачылі былі з сосніку... Шырокая ад нажа дзірка была заткнута сенам, каб не сыпалася на дарогу з меха жыта... Наста пачула раптам, як у яе зрабіліся цвёрдыя ногі, змярцвелі. Яна была клікнула Махорку...
167 Ён яшчэ нешта гаварыў, але яго ўжо было не разабраць. Пасля дарога звярнула ў лес, і ён схаваўся адразу з воч. Падаслаўшы фуфайку на сядзенне на плугах, адкуль злез нядаўна Красоўскі, я сеў на яе і доўга глядзеў яму ўслед. Там, у зялёным, яшчэ ліпкім маладым бярозавым лісці, чыркала сарока, але яе нідзе не было відаць. Перастаў сапці трактар, з радыятара не капала вада, сціхла сарока, і зрабілася так ціха і ў лесе і на ўсёй Жукаўшчыне, што аж шорах пайшоў па спіне... У тым баку, дзе схаваўся Красоўскі, сонца, вялікае і чырвонае, дагарала за соснамі ўвачавідкі, паявіліся дробныя камары, у вочы палезла машка... Цямнелася. На сядзенні стала нязручна, вяло ў бакі галаву, можна было зваліцца пад плугі, і я злез з яго, забраўшы фуфайку, і падышоў да трактара. Ён ужо быў халодны і густа пах карасінай.
168 Выбух засціг нас ужо ў арэшніку. Гэта быў страшэнны выбух. Здаецца, асвяціўся ўвесь лес. Мы ўпалі, потым зноў пабеглі ў самы гушчар. З будкі пачалася бязладная страляніна. Мы адбегліся, мабыць, кіламетраў пяць. З мяне пот ліў цурком, а мокрыя сінія штаны лёпалі па нагах так гучна, нібы хто-небудзь біў па голым целе далоняй. Каля будкі ўжо не стралялі, і мы прыпыніліся. Трэба было вызначыць цяпер, дзе мы. Моўчкі мы прайшлі цугам, адзін за другім, яшчэ з паўкіламетра і выйшлі на сенажаць. Над ёй густой шчыльнай заслонай вісеў туман. Гэта была Гарадзінка, асушанае яшчэ да вайны балота. Тут мы адшуквалі некалі яйкі дзікіх качак, кнігавак, пекураў, аднойчы збіралі стрэленыя гільзы пасля вайсковых манеўраў. Сенажаць мы ведалі, і можна было тут, у кустах, схаваць нашу зброю. Але рабіць гэтага ніхто з нас не захацеў.
169 І вось я ў сваёй адрыне. Я адразу схаваў прамоклае адзенне і пераапрануўся ў старое. Дзесьці там, на станцыі, усё яшчэ раз-пораз стралялі. Захліпаючыся, брахалі сабакі. За сцяной глуха ўздыхала карова, перажоўваючы жвачку. Рыпнулі дзверы, і да хлява, ледзь чутна ступаючы босымі нагамі па зямлі, падышла маці. Не адчыняючы варот, яна спалоханым шэптам дакарала мяне за тое, што я не шаную ні сябе, ні сям'і. А я, стараючыся гаварыць сонным голасам, спытаў, дзе гэта і чаму страляюць. Няхай пакуль што нічога не ведае маці. Ёй будзе так спакайней. Калі развіднела, я агледзеў сваё адзенне. Ад новых сініх штаноў засталося адно толькі званне. Яны падраліся ў некалькіх месцах, а на левай калашыне не хапала вялікай латкі. І тут толькі я адчуў, што ў мяне баліць нага. Галёнка была распаласавана, мабыць, аб калючы дрот.
170 Пасашка ўжо месяц, як зноў савецкі. Ім валодае дзіўны, узбуджаны і прыўзняты настрой, хоць сякія-такія рэчы, якія ён назіраў у мястэчку за гэты месяц, яму не зусім падабаюцца. Ён заўважыў: партызаны і наогул усе тыя, каму прыйшлося хадзіць не прамымі, а звілістымі, пакручастымі сцежкамі вайны, не надта раскрываюцца перад байцамі, камандзірамі, што мералі да прыдняпроўскага мястэчка крывавыя кіламетры ад самай Волгі. Вайскоўцы іх проста не разумеюць. Яны гордыя пройдзеным шляхам, перамогамі і як бы забываюць, што акрамя сорак трэцяга года быў сорак першы, калі гэтая самая дарога пятляла адступленнямі, акружэннямі, калі па ёй панура пляліся доўгія калоны ваеннапалонных. У сваю чаргу партызаны не надта прызнаюць тых, хто, чым мог, шкодзіў немцам, не адрываючыся ад сям'і і роднага паселішча...
171 Над гэткім лістком плакала ў тую восень мая маці. Яна часта плакала ў той год: і раніцай, калі выпраўляла мяне ў школу, пачапіўшы палатняную торбачку з кніжкамі на маё плячо і даўшы ў рукі новенькую трохрублёўку на Чырвоны Крыж, і раніцай, калі не пускала мяне ў школу і я сядзеў цэлы дзень на печы, бо не было чаго абуць на ногі. Над такой паперкай плакала ў тую восень і твая маці. Але твой бацька не загінуў, ён вярнуўся: памятаеш, ты саромеўся казаць мне, што ён быў у палоне. Ты не мог дараваць яму гэта, і, навошта таіць, не мог дараваць і я. Давай жа цяпер, дружа, паклонімся невядомай магіле майго бацькі, і камень той, кінуты на пакутную дарогу бацькі твайго, давай падбяром таксама. Ні мой, ні твой бацька не вінаватыя перад часам і перад вайной... Многа чаго не разумелі мы з табою тады...
172 Можна доўга глядзець наўкол, і позірк тады робіцца бяздумным, падобным да таго, калі забірае тваю ўвагу полымя. І нешта шчымлівае і трошкі самотнае кладзецца на сэрца, і зноў хочацца думаць, ну, хаця б пра той іх першы з Марынаю вечар... Само сабой здарылася так, што, калі скончылася вечарынка, яны адсталі ад усіх і пайшлі па вуліцы побач. І адразу ўзяла іх у свае абдымкі шырокая, недаступная маўклівасць цёплай ночы. Свяціў месяц, маленькія аблачынкі застылі ў небе, нібы той качыны пух на вадзе. Сцішанасць панавала наўкол, і нават тое, што наперадзе гаварылі, смяяліся хлопцы і дзяўчаты, не магло парушыць агульнага ўражання ночы: вёска спала. Паціху ішлі яны вуліцай. Шырокая абчэсаная калода трапілася ім, і яны селі на яе пад трапятлівую засень таполі, прасвечанай зіхоткімі пералівамі месячнага святла.
173 Расказаць трэба было пра юнака, які безразважна і смела рынуўся ў жыццё і не ашчаджаў сябе, шчыра беручы ад людзей і гэтак жа шчыра аддаючы ім сваё. Ды і што тут было ашчаджаць ці шкадаваць! Яму здавалася, што не можа быць на свеце чалавека, які, уведаўшы, не палюбіў бы яго: ну хаця б за гэтую ягоную прагу спагады і ласкі для сябе і для ўсіх! Толькі часам, у шумлівым разгары ягонай з людзьмі злагады і любові, нечакана задумлівым рабіўся ягоны пагляд, і здавалася тады, што цішыня, высокая і сцярожкая, вырастала за ім, і адчуванне было такое, нібыта нехта ў яго стаяў за спіной. І час надышоў, і пабурылася за спіною цішыня, і бяда пастукалася ў дзверы, і зазнаў ён тое, што хоць аднойчы ў жыцці зазнае кожны чалавек: і расчараванне, і адчай, і нудліва-вінаваты позірк сяброў, і нетрывалую ласку жаночага сэрца.
174 Так падумалася яму, і ён сцепануўся ад іншай, непрадбачна вострай думкі, што прыйшла разам з гэтай, але якая ўжо, мусіць, жыла ў ім з той пары, як сядзеў у гасцях і браў чарку, і слухаў сябе і ў самім сабе гаспадаровы словы. Гэта думка пра маці была, яна так увачавідкі падступілася да яго, што зусім невыпадковым, несумненна і адзіна значным падалося яму імгненне, у якое цень ад бэзавага лісця калыхнуўся на сцяне і неспадзеўна ціўкнула за плотам птушка. У маркотным, дзіўна запаволеным одуме ішоў ён дамоў, і разам з ім думка пра маці ішла, ці, дакладней, памяць аб нейкай віне перад ёй, успамін пра марна растрачаную сілу любові, якая, можа, не сагрэла нікога. Бруілася крыніца пад засенню родных ліп, і, прыклаўшы руку да вачэй, углядалася ўдалеч маці... З таго дня неспакой і трывога пасяліліся ў ім.
175 У далейшым амаль так і атрымалася... Здарылася, што адзін раз Дземідзёнак не знайшоў на рынку птушак. Стары вяртаўся адтуль узрушаны. Насупраць нашай хаты Дземідзёнак спыніўся. Ён пастаяў крыху непадалёку ад лаўкі, на якой я сядзеў, затым павярнуўся на Калгасную вуліцу. Тады я і рашыўся пайсці следам. Але ўсю дарогу, пакуль плёўся за ім, адчуваў, што раблю нешта не тое, і мне было сорамна. Дземідзёнак між тым не звяртаў на мяне ніякай увагі. Стары, напэўна, нават не чуў за спіной маіх крокаў. Тым часам кончыліся цагляныя будынкі, якіх тут панастаўлялі за апошнія гады, і зноў пачаліся драўляныя хаты, як і на Ганчарнай вуліцы. Адно, што на Калгаснай яны былі ўсе новыя, бо ў вайну вуліца цалкам згарэла, і цяпер людзі адбудаваліся. Неўзабаве Дземідзёнак нырнуў у чыюсьці фортку, і на вуліцы я застаўся адзін.
176 Свяціла яркае сонца, булькала ў рэчцы вада. Паветра тут было па-летняму настоена пахам красак, і некранутая яшчэ трава пагойдвалася пад сухім ветрам, і часам здавалася, што недзе на ўзлеску ледзь чутна калоцяцца блакітныя званочкі. Я загледзеўся на гэтае ціхае хараство прыроды і не заўважыў, як неспадзявана перамяніўся Дземідзёнак. Стары раптам выпрастаўся, памаладзеў, і ўжо ад таго, ранейшага Дземідзёнка, нічога і не засталося. Ён з нейкім не па гадах дзіцячым захапленнем пазіраў услед сваім птушкам, якія, трапечучы крыламі, пырхалі з клеткі, і твар яго ўвесь свяціўся. Нарэшце я ўбачыў чалавека, які перажываў вялікую радасць... Дамоў мы вярталіся, як харошыя знаёмыя, аднак размовы ў нас не выйшла. Затое цяпер нішто ўжо не перашкаджала мне заходзіць да Дакуліхі. Там я і даведаўся пра самае галоўнае.
177 Паток бежанцаў патрохі радзеў, потым зусім спыніўся. І ў лесе ўжо сустракаліся пераважна толькі салдаты. Пасля і іх не стала, хоць яшчэ доўга чуўся пад Вітунём пошчак кулямётаў. Нарэшце настаў дзень, калі зрабілася ў наваколлі зусім ціха і на ўсе Лясныя Дачы засталіся толькі Дземідзёнак і яго ўнучка. Рабіць цяпер не было чаго, ды і невядома, дзеля чаго будзеш рабіць, і Дземідзёнак сноўдаўся так па лесе, слухаў, як дзень за днём па-новаму пачыналі шумець хвоі: блізілася восень. Тады і прыйшлі да яго зноў людзі. То былі партызаны. Спачатку яны жылі ў лесніковай старожцы, але з надыходам зімы, калі выпаў снег, перабраліся за Мёртвае возера. Зіма тая выдалася лютая, снежная. Мароз лез ва ўсе шчыліны, і ў старожцы даводзілася круглыя суткі паліць у печы. Дзед з унучкай з нецярплівасцю чакалі цёплых дзён.
178 З таго часу Рэйдзіха ў Бароўцы не паказвалася. Але ў сорак другім годзе паявіўся ў Бароўцы Якаў Рэйда. Ён наляцеў на вёску разам з карным атрадам, у чужой вайсковай форме з чарапамі на рукаве. Рэйдзішын сын, ціхі і непрыкметны чалавек, якога ніколі не было відаць з-за бацькавай спіны, апынуўся раптам у немцах. Стаяў здраднік поплеч з нямецкім афіцэрам на высокім ганку былога калгаснага праўлення і зларадна пазіраў, як салдаты зганялі на пляц людзей з усяе Бароўкі. На гэтым пясчаным пляцы, дзе да вайны калгаснікі збіраліся пасля ўсходу сонца, каб атрымаць ад брыгадзіра нарад, цяпер была падрыхтавана вісельня. Каго надумалі немцы павесіць на ёй, бароўцы не ведалі аж да таго часу, пакуль не сышоў з ганка Якаў Рэйда. Ён падскочыў да старога Тараська і, штурхаючы аўтаматам у спіну, павёў яго да вісельні.
179 Назаўтра, хоць ад стомы за ноч не ўляглася ламота ў касцях, Рэйдзіха ўсхапілася рана. Агледзеўшы з непрывычкі Ганніну хату, старая ўлезла ў свой шырокі андарак, потым асцярожна, каб не разбудзіць гаспадыню, прашмыгнула, як мышка, у сенцы, дзе на лаве стаяла кадка з вадой, апаласнула свой маршчыністы, рубцаваты твар і выйшла на ганак. Туман яшчэ не паспеў зусім асесці, хоць на вёсцы яго і не было ўжо. Затое над возерам ён плаваў, як абястлушчанае малако: то паднімаўся, паказваючы цёмнае люстра вады, то апускаўся заслонаю, хаваючы ўсё ад вачэй. Лес, што падступаўся да возера з другога боку, здавалася, калыхаўся, стоячы на воблаках. На ўсходзе па чыстым небе, толькі што адарваўшыся ад зямлі, узбіралася ўгору сонца. Але яно было нейкае цяжкое, бы перагружанае чым, і амаль не праменілася. Вёска як бы драмала яшчэ.
180 Паны гавораць глупства, а ты паўтараеш. Ну чым гэта ты вышэйшая, а я ніжэйшы? З мужыкамі, кажаш, не жыла, а з кім жыла? З нягоднікамі! Няўжо з нягоднікамі жыць лепш, чым з мужыкамі? Дурніца ты! Пачнеш жыць іншым жыццём, дык і думкі іншыя ў цябе будуць. Вось паглядзіш! Ён пачаў гаварыць, што з сястрой і шваграм ужо дамовіўся, і яны ахвотна на гэты час возьмуць яе да сябе; што яму прыйдзецца паехаць у горад за патрэбнымі паперамі, без якіх ксёндз не дасць ім шлюбу; што сёння ён не рыбачыў, бо цэлы дзень мыў і бяліў сваю хату. Слухаючы яго, Франка павесялела, а калі ён сабраўся адплываць, яна, як і ўчора, моцна абняла яго. Яна дзякавала, што ён бярэ яе за жонку, назвала яго прыгожым, мілым, залатым, брыльянтавым. І Павел паехаў дадому памаладзелы і шчаслівы, хоць, як заўсёды, быў спакойны і паважны.
181 Франка раптам перастала плакаць, прыпала да яго ўсім сваім целам і, абхапіўшы рукамі за шыю, пачала прагна цалаваць. Павел падхапіў яе на рукі, як пёрка, і падняў пад самую столь. Яго блакітныя вочы, заўсёды такія спакойныя і ясныя, успыхнулі. Шчаслівы смех Франкі і звонкія пацалункі напоўнілі хату. Праз гадзіну яны разам сышлі на бераг Нёмана, селі ў човен і паплылі, а неўзабаве можна было бачыць, як на тым беразе ракі яны закідвалі ў ваду свае вуды. У вёсцы даўно ўжо заўважылі, што Павел з таго часу, як ажаніўся, меней бывае на рацэ і радзей ездзіць у мястэчка і панскія двары прадаваць рыбу. Зрэшты, нікога гэта асабліва не дзівіла, бо ўсе ведалі, што, жывучы самотна і сціпла і маючы нядрэнны заробак, ён мог назапасіць крыху грошай, ды і гэты бацькаў гаршчок, закапаны пад печчу, ні для кога не быў таямніцай.
182 Весела было Францы на рацэ з мужам, не сумавала яна і тады, калі заставалася часам у хаце адна. Прыходзіла тады да яе жабрачка Марцэля, якая ў гэтым годзе ў Казлюкоў займала кут, і расказвала розныя цікавыя гісторыі. Калі яна ўпершыню прыйшла неяк перад полуднем у хату Паўла, босая, грузная і гарбатая ад лахманоў, у якія была апранута, Франка яшчэ ляжала ў пасцелі, пазяхаючы і праціраючы вочы. Марцэлю яна бачыла не раз і на прывітанне яе прыязна кіўнула галавой. Шырокі твар Марцэлі, белы, нібы крэйда, быў пакрыты глыбокімі маршчынамі, з-пад бруднай анучы, якая замяняла ёй хустку, звісалі сівыя пасмы валасоў. Нягледзячы на свае не менш як семдзесят гадоў, Марцэля была яшчэ даволі рухавая. Хадзіла яна, праўда, павольна і цяжка, але гаварыла шмат, і малыя вочкі яе з-пад набрынялых павек глядзелі цікаўна і жыва.
183 У просьбе гэтай гучала нешта падобнае на страх. Здавалася, яе палохала думка аб блізкасці дзіцячага цела. На твары яе часта без усялякай прычыны адбівалася боязь, блізкая да жаху, нібы палохалі яе нейкія патаемныя думкі або паўстаўшыя перад яе вачыма прывіды. Яна рабіла ўсё, што трэба было: замятала хату, гатавала ежу, хадзіла па ваду на досвітку або ўвечары, каб не сустракацца з людзьмі. Хадзіла са збанком, бо вядра падняць не магла. Раз нават хлеб спякла і час ад часу бралася за шытво. Усё гэта яна рабіла хутка, ціха, старанна, але часта сярод работы раптам спынялася, нібы стомленая або страшнымі думкамі апанаваная, і доўга стаяла перад агнём з гаршком у руках або з мятлой пасярод хаты, утаропіўшы некуды ўдалячынь пануры і сумны, а часцей спалоханы позірк. Аднойчы яна нават спалохана ўскрыкнула.
184 Ён узяў жанчыну за цёплы плячук і лёгенька адпіхнуў ад сябе. Яна, як белая здань, растварылася ў цемры, а Браціла з тэўтонам лёгкім спорным крокам, пільна ўзіраючыся ў змрок, накіраваліся да княжацкіх харомаў. Густым бурлівым дажджом плакала ноч аб грахах чалавечых... Чым глыбей уваходзілі яны ў Кукейнос, тым усё больш прыгожых высозных палат сустракалася ўздоўж вуліцы. Тут жылі багатыя купцы, якія срэбра мераюць гаршкамі, а ракавіны кавуры, што на ўсім двухбярэжжы Дзвіны аж да самага Варажскага мора служаць і грашамі і ўпрыгожаннямі, мераюць мяшкамі. Тут жылі і баяры: полацкія і мясцовыя, латгальскія. Было на што падзівіцца, але вочы Брацілы і тэўтона туманіла прага крыві, і была гэта прага сляпою, як бычыны пузыр, што зацягвае акенцы ў хатках смердаў. Толькі ўперад імкнуліся яны, толькі да княжацкага двара.
185 Маці прыбірала ў хаце, варыла есці, а Мірошка, з чырвонымі ад марозу рукамі, гойсаў па лесе, прыглядваўся да звярыных слядоў-хадоў, цікаваў за дупламі, адкуль можа ў любы міг выглянуць пушыстая мордачка якога-небудзь звярка. Цяжкі лук Чухомы цягаў ён на правым плячы. Аднойчы белы зайчык выскачыў, выкаціўся з невысокага, засыпанага снегам асінніку, стаў на доўгія заднія лапы, памахаў кароценькімі пярэднімі, быццам некаму пагразіў. Ён быў як гарэзлівае дзіця. Мірошка, суцішваючы хваляванне, нацягнуў цеціву з пругкіх бычыных жыл. Свіснула цяжкая кляновая страла з алавяным наканечнікам, і заяц, разы са два перакуліўшыся, упаў, паторгаў лапамі, заціх. Мірошка, кінуўшы ад радасці лук, падбег да яго, нецярпліва схапіў першую ў сваім жыцці здабычу. Як хацелася яму, каб бачыў яго ў гэты міг стрый Якаў!
186 Неўзабаве сон, як цяжкі надмагільны камень, наваліўся на грыдніцу. Чэлядзь, змучаная за дзень, спала, храпучы і раз-пораз нешта мармычучы. Спаў Чухома. Толькі Якаў, лежачы на спіне, падклаўшы пад галаву рукі, ніяк не мог заснуць. Душа ягоная, усе думкі былі на плошчы перад Сафіяй, там, дзе зусім нядаўна шчодра свяціла сонца, дзе шумеў полацкі люд. Няўжо ён, Якаў, малады, моцны, так і памрэ нявольнікам? Начныя зоркі ззялі над Полацкам. Ззяў месяц. Срэбныя воблачкі лёгка плылі ў цішыні празрыстага неба. Раптам сусед Якава па палатках, малады, высокі і хударлявы чалядзін, узняўся, быццам яго нешта падкінула, са свайго месца. Колькі імгненняў ён сядзеў з заплюшчанымі вачамі, з нейкім ціхім смуткам на твары. Прамень месяца праз шчыліну ў акне, зацягнутым бычыным пухіром, упаў на высокі бледны лоб.
187 Кукейноскага князя павялі ў пакоі епіскапа. Вячка расціраў знямелыя ад халоднага жалеза рукі, у якіх, здавалася, спынілася кроў. Ён быў як у нейкім сне, ішоў, дыхаў, бачыў людзей і бачыў вінтавую лесвіцу перад сабою, бачыў высокія дзверы, на якіх былі выразаны крыжы і анёлы. Ён бачыў, як нямы служка епіскапа нялоўка спатыкнуўся на парозе, ледзьве не ўпаў, і епіскап так глянуў на служку, што той пабялеў, змізарнеў ростам. Вячка сеў на мяккі пуф. Альберт, Генрых і тлумач Фрэдэрык стаялі насупраць. Свечак не палілі, бо яркае дзённае святло шырокімі струменямі ўрывалася ў пакой праз вокны, зашклёныя каляровым венецыянскім шклом. Толькі там, дзе на глухой сцяне вісела распяцце Хрыста ў цярновым вянку, было змрачнавата, бо промні сонца не даляталі датуль, расквечвалі бліскуча нацёртую воскам дубовую падлогу.
188 Сілу ў целе мае незвычайную, можа скідваць з сябе ланцугі, можа, паклаўшы на калена, пераламаць тоўсты драўляны слуп. Вочы мае шэрыя, вялікія. Пагляд гэтых вачэй такі пранізлівы, што амаль ніхто не можа яго вытрымаць. Чалавечая душа быццам згінаецца пад такім паглядам. Позіркам сваім князь можа здымаць боль і спыняць кроў. На галаве ў князя, лявей цемені, ёсць невялікая ямінка, след ад даўняга цяжкага ўдару. Князь кажа, што яшчэ ў маленстве яго стукнуў капытом неаб'езджаны конь. Але гэта ямінка можа быць адмецінай, знакам д'ябла, які прысутнічае пры нараджэнні кожнага дзіцяці і таго, каго ўпадабае, меціць сваім кіпцюром. Норавам князь вясёлы, жвавы, але часам находзіць на яго сум, ды такі горкі, што князь аж плача. Як вядома, д'яблы таксама плачуць, але іхнія слёзы буйнейшыя, чым у людзей, і не такія салёныя.
189 Полацкі князь вельмі адважны і дужа горды. Кажуць, і мы цвердзім гэта, што ён ні перад кім не схіляе галаву. Гэта дзівіла нас. Выю чалавечую Бог і зрабіў мяккай, каб яна магла гнуцца, каб яе мог узяць меч адплаты і помсты. Але Усяслаў сказаў нам аднойчы, што ў чалавека, з усіх ягоных частак цела, галава бліжэй за ўсё да неба, да сонца, да Бога і, схіляючы галаву, мы аддаляемся ад Хрыста. Кашчунныя неразумныя словы! Чалавек жа і створаны Богам дзеля таго, каб жыць у вечнай пакоры. Мы згодны з князем толькі ў тым, што галава чалавечая, дом душы, нездарма ўзнята Тварцом вышэй усяго. Ніжнія ж часткі цела, як вядома, створаны д'яблам, і іх патрэбна караць жорсткім пастом і няспыннай малітваю. У полацкага ж князя гэтыя самыя часткі дужа адметныя, і ён, як мы зразумелі, ніколі не караў іх пастом. Грэх, вялікі грэх!
190 Глянулі туды-сюды, аж гэта ён. У багну праваліўся па самую шыю. Можа, ваўкі гааліся, можа, хто страху наддаў. Канаў ужо. Авадні ноздры заляпілі. Як убачыў нас, не спалохаўся, а заіржаў, як бы прасіў найхутчэй дапамагчы. Выцягнулі, балотную твань з яго саскрэблі, і сябрам нашым па край жыцця зрабіўся конік. Пагрузіўшы на тарпана большую частку хатулёў і торбаў, рушылі з Менска. Белавалод на сінюю пакаленную кашулю надзеў лёгкую драцяную кальчугу, прычапіў да шырокага скуранога пояса меч у старэнькіх драўляных похвах. Выйшлі на бераг Менкі, пакланіліся гораду, які пакідалі назаўсёды. Горад глянуў на іх апусцелым вокам, глянуў сумна, з дакорам. Зашчымела на сэрцы ў Белавалода, туга пад горла падкацілася, але ён толькі перасмыкнуў сухімі губамі, некалькі разоў кашлянуў, каб Ульяніца не ўбачыла ягонага хвалявання.
191 Іхнія коні, што перад гэтым скублі толькі рэдкую, выпаленую сонцам траву, разляталіся ў бакі перад шыракагрудымі коньмі русічаў, адкормленымі аўсом і ячменем. Кіяне, пераяслаўцы і чарнігаўцы білі стэпнякоў цяжкімі вострымі коп'ямі, крышылі мячамі. Полаўцы не вытрымалі тараннага ўдару, пакаціліся назад. Воблака рыжага пылу ўзмахнулася над стэпам. Коні, страціўшы сваіх гаспадароў, з дзікім іржаннем несліся ў пыльную імглу. Адусюль чуліся стогны і пракляцці тых, каму не пашанцавала, хто быў выбіты з сядла і ўжо канаў, абліты крывёй і потам. Пераяслаўцы, якім асабліва моцна дапякалі апошнім часам полаўцы, гналіся за імі ў стэп, секлі без літасці. Вялікі князь загадаў трубіць у трубы, астудзіць гарачыя галовы і вярнуць іх назад, бо некаторыя гатовы былі імчацца на край стэпу, каб вынішчыць усе палавецкія улусы.
192 Што зычыць мне гэты сон? Добра ці дрэнна быць буслом? Арлы захапілі неба, але неба, як і зямля, створана для ўсіх. У горадзе стаяў вялікі крык. На Падоле казалі, што палавецкія дазоры ўжо бачылі перад Залатой брамай. Купцы хавалі сваё срэбра. Мацеркі хавалі маладых дачок. У палацы, як мне здалося, ніхто нават не заўважыў знікнення вялікага князя. Бязладна мітусілася дваровая чэлядзь. Натоўп рукадзельных людзей і смердаў у незвычайнай ярасці крышыў клеці, павалушы, амбары. Я ледзьве адшукаў сыноў. Барыс ужо быў п'яны, сядзеў у велікакняжым крэсле. На ягоных каленях заліваліся смехам дзве ружовашчокія прыгожыя маладухі. Я, нібы хлапчука, схапіў Барыса за вуха. Маладухі анямелі ад жаху, потым рынуліся ў дзверы. Расціслава я ўбачыў у княжай малітоўні. Ён стаяў на каленях перад абразамі. Вузкія плечы ўздрыгвалі.
193 Ляхі не першы ўжо раз рашылі пагрэць рукі на пажары. Чакалася грозная раць з-за Буга. Усяслаў вельмі стамляўся за дзень, але ўначы, калі клаўся на свой рдр, з тугой адчуваў, што ні макулінкі сну няма ні ў вачах, ні ў душы. Тады ён пляскаў у ладкі, і маўклівы Агафон, слуга-палачанін, прыносіў у апачывальню срэбны рукамый. Вялікі князь кідаў жменю-другую халоднай вады на твар, загадваў запаліць тоўстую вітую свечку, браўся за чытанне. Пад рукою заўсёды былі Псалтыр, Евангелле, пасланні апосталаў і Апакаліпсіс апостала Іаана, а таксама пергамены Пракопія Кесарыйскага, хронікі Малалы і Арматола. У думках ляцеў Усяслаў у далёкія часы, шкадаваў, што няма побач сына Расціслава, бо прывык дзяліцца з ім радасцю ад прачытанага. Расціслаў паехаў у Ноўгарад, не вытрымаўшы слёзных просьбаў брата Барыса.
194 Але стары бабёр ведаў, што сюды яны прыйшлі. Прыйшлі з вялікае, прасторнае рэчкі, не раўня гэтаму раўчуку, які праз пяць кіламетраў прападае ў чыстым полі. Сюдою паўз лес, па глыбокай лагчыне, дзе ўвесну, як на рацэ, шумела расталая вада, была дарога да вялікае рэчкі, дзе жылі спрадвеку вольна і неабсяжна бабры. Стары бабёр памятаў і ведаў гэта. Цяпер ён сабраўся пайсці туды. Ён шукаў дарогу да свайго прасторнага спрадвечнага пасялення. Ісці трэба было цяпер. Стары бабёр адчуваў, што трэба ісці не пазней чым гэтым летам. Бо пазней невядома, ці астанецца ў яго сіла, каб прывесці туды маладую сваю сям'ю, пабудавацца і пакінуць іх там, на спрадвечным месцы. А зрабіць гэта можа толькі ён адзін, бо ён памятае пра тое, што яму расказвалі старыя бабры, яго бацькі, і толькі ён адзін можа знайсці дарогу.
195 Калі б нават падняў на работу ўсіх сваіх пенсіянераў На Альховыя Крыніцы астаўся толькі адзін конь, стаіць у кароўніку разам з каровамі. За коней Сцяпан пасварыўся са старшынёй. Старшыня запомніў яму гэта. Коні спатрэбіліся старшыні, каб даздаць план па мясу. Пляцы людзям заараць старшыня браўся калгаснымі трактарамі. Дзямідчык ведаў, што з гэтага будзе. Вёска без каня як не сапраўдная. Як без душы жыве. Сцяпан выйшаў у канец вёскі. Ён думаў пра коней і ўсміхаўся. Ад гэтых думак было цёпла на душы. Ён памятаў коней, кожнага як і звалі, і кожнага па мордзе, усё роўна як і людзей, якія жылі і якіх ужо не стала ў вёсцы. Адышлі людзі, адыходзяць і коні, кажуць, адыходзіць, вымірае і сама вёска. Вось дажывуць яны, цяперашнія старыя, і не будзе больш Альховых Крыніц... Сцяпан цяжка ўзышоў на ўзгорак, спыніўся.
196 Паўз алешнік Сцяпан выйшаў за крайнія хаты, да сажалкі, у якой паілі кароў. Ад сажалкі згорблена патупала дадому старая Аўдоця. Да каштана, што рос пры вугле Аўдоцінага плота, быў прывязаны крыж, які некалі стаяў у пачатку вёскі. Такія крыжы пасля вайны стаялі ў кожнай вёсцы. Крыж гэты падгніў, упаў, так і ляжаў пад плотам паўз дарогу, ніхто не адважыўся забраць на дровы, спаліць ці пасекчы. Пасля таго як памёр Аўдоцін Антось, яна падняла крыж і прывязала дротам да каштана. Канчаўся ранішні Сцяпанаў абход. Даўні абход, які ён рабіў з таго часу, калі стаў старшынёй калгаса. Тады Альховыя Крыніцы былі калгасам. Тут ён прарабіў усё жыццё, не перапыняючыся, толькі два разы перапынак быў. Першы, калі выходзіў асколак, другі, калі, ратуючы калгасную карову ў балоце, прастудзіўся і моцна захварэў на запаленне.
197 Пасля ўвайшоў у ваду. Яна была цёплая і чырванаватая, як чай. Сцяпан, каб не пырскаць, асцярожна лёг і паплыў, спачатку павольнымі сажонкамі, потым на баку, а потым перавярнуўся на спіну. Здавалася, што вада сама нясе яго, пагойдвае. Успомнілася тая парослая алешнікам лагчына, якую яны ўручную карчавалі ў выхадныя дні, гэтакаю ж самаю парою, як цяпер, да сенакосу, пакуль было крыху вольнага часу. А потым на падводах вазілі пясок і каменне, насыпалі грэблю. За лета перад грэбляю сабралася возера... А вясною паводка прарвала тую грэбельку, і ўсё пачыналі спачатку. Чатыры гады назад спусцілі ваду, прыбралі карчы і той балотны востраў з кустамі, які плаваў пасярод возера. Але гэта ўжо бульдозерамі, экскаватарамі, а грэблю падсыпалі скрэперы. Высока гайдалася рэдзенькае, гарачае летняе неба, сонца грэла ў твар.
198 Хай будзе і гэтак, па-вашаму. Назаўтра Сцяпан завёз заяву. Цераз чатыры дні ўжо былі гатовыя провады яго на пенсію, з фермы яму быў адпушчаны падсвінак і паўцяляці. Гарэлка ў Сцяпана была ў запасе. Дзямідчык ведаў, што старшыня яму не даруе. Ён гатовы быў ваяваць з ім, але ён не чакаў, што гэтак усё будзе абстаўлена, што выжане старшыня яго з пашанаю і Сцяпан за гэта яшчэ частаваць яго пакліча... Сцяпан крута павярнуўся на бок, як адмахнуўся ад успамінаў, моцна паплыў да берага. Там старанна мыліў голаў, цела, потым спаласнуўся, праплыў, выцерся, па-салдацку, насуха, адзеўся ва ўсё новае. Шапку сваю паклаў на ніз карзіны, зверху скамячыў штаны і гімнасцёрку, боты за вушкі звязаў кавалкам дроту, запхнуў у іх анучы і агародамі, як і прыйшоў, пайшоў дадому. І ўсю дарогу яму не хацелася, каб хто ўгледзеў яго.
199 У памяці назаўсёды засталіся тая дарога і цёплае, даверлівае Аксаніна дыханне на плячы ў яго. Хацелася, каб яна даўжэй спала і каб даўжэй чуць цяпло яе шчакі. Пацалаваў ён Аксану, калі дарога канчалася, ужо ў Ленінградзе. Пацалаваў, сам баючыся да адчаю, што больш ніколі не будзе так блізка да яе. Пасялілі іх на Кіраўскім базары, у калгаснай гасцініцы, чыстай, барачнага тыпу будыніне. З гадамі ў памяці сцерлася вастрыня ўражання ад вялікага горада, але запомнілася, што ён купіў вінаграду, яблык, цукерак. Яны з Аксанаю не пайшлі ў горад, засталіся ў пакоі, замкнуліся, елі вінаград і цалаваліся да знямогі. Запомнілася, як і вярнуліся з тае школьнае экскурсіі. Ноч была месячная, высокая. Бялела зямля, качаўся па ёй у клубах дарожнага пылу марозны, калючы вецер, перабягала цераз дарогу насохлае калянае лісце.
200 Паміраў Сцяпан тры дні. У палаце, застаўленай прыборамі, у цішыні і белізне, нават у сваёй перадсмяротнай бледнасці, ён здаваўся чужым тут, нейкім чорным, як корч. Ён ні разу не расплюшчыў вачэй, не сказаў ніводнага слова, не паварухнуўся нават, нібы доўга і ўпарта плыла ягоная душа тою, не пазнанаю нікім паласою ўздоўж смерці і жыцця, ад цяперашняга свайго веку туды, дзе быў пачатак, а перад пачаткам пустата небыцця. Ён і памёр, так і не ачнуўшыся. Толькі па твары яго за гэтыя дні як па кнізе можна было прачытаць і задумёнасць, і ціхую радасць, і боль, і злосць, і адчай, і крыўду... А перад тым як сканаў, нейкай дзіцячаю пяшчотнасцю асвяціўся ягоны твар, потым з вачэй скацілася па буйной, як боб, слязіне, і ён ціха, але жахліва ўскрыкнуў, напружыўся, нібы хацеў ад нечага вырвацца, і заціх.
201 Колькі яна перажыла і равеснікаў і маладзейшых? Нават не верылася, што гэтак доўга можа жыць чалавек, які век рабіў, ішоў усё жыццё, як конь у баразне. Зжахнула Анэту і бытта спалохала тое, што спарахнелі вербы ў краі вёскі. Тыя вербы, якія яна памятала маладымі, з чыстымі святочнымі лісцікамі; з вербаў ламалі дубчыкі, каб ісці на Вербную ў цэркаў. Чатыры вярбы раслі на аселіцы, вялікія, што толькі ўдваіх, узяўшыся за рукі, і абхваціш. Летам стаяла яшчэ адна вярба. Ад дзвюх не засталося і следу, як і ад тае грэблі, пры якой раслі дрэвы. Ад трэцяе тырчаў толькі Высакаваты чорны ашчэмак. Мабыць, восенню пастухі клалі агонь у пні. Пень выгараў з аднаго боку і ўсярэдзіне. Другая палавіна, пабялелая ад ветру і з сярэдзіны абвугленая, стаяла пад маладым травяным покрывам, як ашчэмак вялікага клыка.
202 Памерла Волька ў красавіку, калі ўжо добра прыгравала сонца і зусім мала засталося снегу ў полі, калі стары чалавек, выйшаўшы з хаты і прыгрэўшыся ў зацішку на сонейку, думае, што перажыў зіму і цяпер пажыве ўжо да новых халадоў. Тады неспадзявана ўсхадзілася мяцеліца, дзень і ноч ляпіла мокрым разлапістым снегам, і ад ветру над Анэцінаю хатаю трывожна і пагрозліва гуў веццем стары вяз. Анэта тае ночы не магла звесці вачэй, усё прыслухоўвалася да лютага, несуцішнага разгулу мяцеліцы, як усё роўна хацелася пачуць што за ветрам... А ўдзень стала нечакана спакойна і сонечна, як і не прападала сонца і яго вясновая цеплыня. Роўнае яго цяпло растапляла наляпаны ў пазы ў сценах снег, бярвенне мокра чарнела, і ад яго ішла пара. Вуліца была выраўнавана вышэй платоў снегам, снег паабломліваў галлё ў садах.
203 Клён, тая палавіна, якая засталася, стаяў яшчэ многа гадоў, абсмалены, аднабокі, але зялёны, і трымаў буйнае, раскошнае лісце. І ім, дзецям, не трэба было далёка хадзіць па ліст, якім высцілалі под печы, калі пяклі хлеб. Спачатку пачаў аддаляцца гром, чуўся неяк дабрадушней і раскацісцей, здалёку, хоць яшчэ люта, кустамі, успыхвалі і сляпілі маланкі, але непрыкметна пачынала шарэць, і ў тым баку, адкуль прыйшла навальніца, рабілася святлей, адыходзіў, адступаўся ўдалечыню цень навальнічнага прыцемку, пакідаў за сабою спакой, маладое паветра і каламутны ручай пасярод вуліцы, які намываў тугога вільготнага жвіру, што пругка, быццам снег, парыпваў пад босымі нагамі. Пасля навальніцы прыйшло чыстае святло. Мокра, але ўладарна наплываў водар жыта, вечны на гэтых палях, прыглушаны пахам мокрае лістоты ў садах.
204 Гаворачы, Гэлька налівала старой у збанок малака, падавала, як нічога і не было. Анэта брала збаночак, яшчэ стаяла ў парозе, потым садзілася на заслончык. І ўжо гаварылі мірна, пра ўсіх знаёмых-суседзяў, дружна, згодна хвалілі або ганілі. Каб хто папытаў у Анэты, чаму яна так лёгка адпусцілася на Гэльку, то Анэта б сказала, што шкода ёй Гэльку. Ззамаладу ж была і рослая, і здаровая, і з твару харошая. От выйшла гэтак, што да вайны не пайшла замуж, а пасля вайны і мужчын не засталося. Любіла работу рабіць, за работаю свету не бачыла. Можа, каб больш дзе па гулях шастала, то і знайшла б якога мужчыну ці хоць дзіця прыдбала. А цяпер выбіла сілу, грошы тыя, што зарабляе, бесталку распускае. З Анэцінае б гаворкі выйшла, што каб не яе спагада з Гэлькі і не яе парады, то прапала б даўно Гэлька, нічога б не мела.
205 Федзя адчуў, што солена зрабілася на губах, цярнуў рукою па шчоках і зразумеў, што плача, нізка, быццам пакланіўся, нагнуў голаў і асцярожна, каб не спатыкнуцца, хуценька выйшаў у сенцы. Паволі, мацаючы нагамі дарогу, як ішоў па залітым вадою льду, ступаў па гразі, не адчуваў, што прамок да ніткі, усё яшчэ са слязамі, ад якіх было солена ў роце і якіх не трэба было стрымліваць. Дома, нават не пераапрануўшыся, паставіў на прыпечак газоўку і расклаў за чалеснікамі невялікі агонь. Адліў у алюмініевы салдацкі кубак прынесенага малака, гатаваў яго і потым, узлезшы на печ, памог маці прыўзняцца, сесці, прытуліўшыся плячыма да сцяны, са сваіх рук паіў маці малаком. Яна піла маленькімі глыткамі, толькі цяжка ўздыхала, і з воч у яе цяклі слёзы... Маці дасюль пераканана, што ад смерці яе ўратавала тое малако.
206 Спяшаючыся па вуліцы да свае хаты, Анэта ўшчувала самую сябе, што не здагадалася пра Федзеў прыезд, бо і ён жа баіцца за яе ў гэты холад. Ды пакуль мароз і няма снегу, сама ж дарога сухая на яго машыну, сама ж прыехаць. Анэта зайшла на двор, агледзелася, бытта шукаючы вокам сынаву машыну, і нечаму з палёгкаю ўздыхнула, агледзелася. Нічога не было на двары, нават і кастра дроў пад страхою ля хлява. Дровы Федзя склаў у хлеў яшчэ ўлетку. Анэта адчыніла хлеў, пастаяла, паглядзела, як усё роўна не ведала, што няма ж нічога жывога ў хляве, мо хіба толькі мышы, зачыніла хлеў, падышла да дзвярэй у клець, але не адчыніла дзвярэй. У хаце Анэта прайшлася туды-сюды, не распраналася, прысела. Хіба адзежыну якую толькі ўзяць, але ж і гэта можна зрабіць за часіну якую, няма ж як загадзя звязваць вандзэлкі ды сядзець на іх.
207 Цьфу, каб ты спрахла! Убілася ж у голаў на старасць гадоў тая канюшына. Над ёю ўжо цэлае жыццё быллю парасло! Анэта азірнулася па баках, як бытта хто мог убачыць тое, пра што ўспомнілася. Нідзе нікога. Халодны, шэры восеньскі дзень, і вёскі ўдалечыні з голымі садамі таксама шэрыя, як прыпаўшыя да поля, каб не так студзіў іх вецер. І мо таму і новы пасёлак, і новая цэнтральная сядзіба выдаюць гэтак уладарна над наваколлем. Даўно Анэта нідзе ўжо і не была і памятала тыя старыя палеткі, дзе яшчэ рабілі ўручную, на конях, дзе жалі сярпамі. Госпадзі! То ж яе жыццё! Чаму толькі, гледзячы на поле, на гэтыя далёкія зялёныя палеткі руні, здаецца, што не з ёю ўсё, што помніцца, было, а даўным-даўно з нейкім другім чалавекам, у другім свеце. І чаму гэтакаю блізасцю і лёгкім болем абвяваюць душу тыя ўспаміны?
208 Калі машына выехала з двара, Анэта ўспела азірнуцца цераз плячо і ўбачыць зялёны гонтавы дах, забітыя клёпкамі вокны, якія глядзелі на вуліцу, як мёртвыя вочы. Анэта прыглядалася па баках. Ёй быццам бы стала лягчэй, хацелася ўбачыць каго на вуліцы. Машына выехала на дарогу. Федзя з палёгкай уздыхнуў, усміхнуўся, азірнуўшыся на Лену, якая ціха сядзела на заднім сядзенні, заклапочана паглядзеў на неба, якое ўсё цямнела і апускалася да зямлі. У полі машына пабегла вольна, тоненька, як зазвінеў, засвістаў вецер. Анэта сядзела, прытуліўшыся плячыма да спінкі сядзення, скрозь прыплюшчаныя павекі глядзела на дарогу. І не хацелася ёй нічога, нават глядзець, думаць. Было пуста на душы і брыдка за тое, што зрабілася з ёю на дварэ... Думкі ішлі млявыя, і быццам яна сама прападала, расплывалася, знікала...
209 І быццам здалёку яны бачылі і гэтае высокае светленькае неба, і сонца на ім, і самую зямлю, бо ехалі аднекуль здалёку і зверху. Ехалі да зямлі і адначасна быццам і па ёй самой. Ад гэтага было дзіўна і страшна. Такое неабсяжнае поле, уробленае чалавекам. Паўз самую дарогу, па якой яны ехалі, густа, зялёна, запылены прыдарожным пылам, стаяў самотны бульбоўнік з нібы абвялым лісцем, пахла сенам, і крыху дзёгцем, і конскаю збруяй, мулка было ў спіну ад аглабіны, прытуліўшыся да якой плячыма, сядзела яна. Дзіўна, што і не трэсла, і не відно каня. Але яны ехалі. Бацька спакойна і мудра, як рабіў нейкую ўрачыстую работу, трымаў у руках вераўчаныя лейцы, спаважна глядзеў удалечыню. Маці таксама сядзела на драбінах, прытуліўшыся плячыма да аглабіны, і твар у яе быў гэтаксама ўрачысты і засяроджаны, як і ў бацькі.
210 Анэце не хацелася варушыцца. Яна глядзела, бытта не нагледзелася за век на поле, якое на зіму нібы засцілалі самымі тоненькімі, самымі чыстымі і дарагімі абрусамі. Калі машына імкліва наблізілася да лесу, што нядаўна яшчэ далёка цямнеўся, бы паясок, Анэта аж прыўстала з сядзення, усё роўна як хацела пазнаць, ці не гэты гай з паніклым бярозавым веццем, ці не гэтая палявая ў тры сцяжынкі дарога пры ім снілася ёй? Машына з ходу праскочыла па невялічкім мастку, глуха стукнула па няроўным асфальце коламі і ўвайшла ў лес. Анэта адкінулася да спінкі сядзення, заплюшчыла вочы: нібы цякла вада, шумелі напорыста па асфальце колы. Яна стомлена і спустошана глядзела на лес, на густы малады бярэзнік і асіннік, пад якім было чорна і непрыветна, і таму так нечакана і ярка-бела ляжаў снег на абочынах і на галінах.
211 А якая яна была добрая!.. У вачах у яго Булановіч убачыў слёзы. Не адказаў нічога. Адвярнуўся й пайшоў. Ішоў усё шыбчэй і шыбчэй, быццам хацеў уцячы ад гэтага недарэчнага чалавека, ад гэтага дома, ад усяго таго, што перажыў тут, што асадкам гнілым асела на сэрцы. Гарадскі тлум канчаткова яго ацвярозіў, вярнуў да звычайнай жыццёвай свядомасці. І побач з глыбокім жалем зарадзілася ўнутры нібы здаволенне нейкае. А мо так лепей? Для яго лепей, бо разарвала тыя ліпучыя путы, павучынне тое атрутнае, што хмелем спавівала волю яго, што цягнула ў прыгожую, але грузкую, дрыгвяную багну. І лягчэй рабілася на сэрцы. Узнімалася бадзёрасць, смага да гэтага сумятлівага, пярэстага жыцця, поўнага здаровага, магутнага руху. А тое, што было, адлятала некуды ўдалеч, здавалася даўно-даўно прамінулым, ахіналася туманам зыбучым.
212 Маўкліва насупіўся старавечны купрыянаўскі парк. Сцішыўся, прытаіўся, быццам хоча ўсё падслухаць, усё захаваць у сваіх старых грудзях, сабраць цэлую векавечную гісторыю жыцця. Сабраць і пахаваць, нікому не сказаць ні аб чым, занесці з сабой у небыццё... І ўсё чуе стары цёмны парк. Усё, усё чыста, кожны ледзь чутны шолах, кожны рух, кожны ўздых чалавечых грудзей, кожны ўдар чалавечага сэрца. І дарма думаюць тыя людзі, што вунь паўзуць па магутных карэннях, што сцелюцца дзеразой па зямлі ў нагах волата лесу, дарма яны думаюць, што ніхто іх не ўгледзеў, ніхто не пачуў! Людзі не пачулі, а маўклівы лес усё чуе і ўсё знае, толькі нікому не скажа... А людзі паўзуць... Ціхенька, нішчыкам. Ані зыку, ані шолаху. Нават дыханне зацялі. Толькі во тут двое шэпчуцца. Шэпчуцца так, як часам трава пад павевам кволага ветрыку.
213 У доме пачуўся глухі рух. Пэўна, збіраюцца. Яшчэ колькі доўгіх, цягучых часінак... Во ўжо крокі загрукалі блізка, у сенцах... Ляпнуў завал, і ў расчыненыя дзверы разам з густой мужчынскай гамонкай хлынула паласа слабага свету, які выходзіў, пэўна, з унутраных пакояў палаца. Цемра ўвабрала ў сябе гэты свет, разбавіла сваёй чарнатой і абярнула ў шэры, дрыжачы змрок, у якім можна было згледзець толькі туманныя, няясныя постаці выйшаўшых з дома людзей. Гуторскі ўпяўся ў іх напружаным, прагным поглядам. Сэрца забілася ў грудзях моцна, няроўна. Па целу пацякла нейкая нервовая млявасць. А рукі сударгава сціснуліся ў кулакі... Колькі іх? Раз, два, тры, дзевяць чалавек... Чаму не дзесяць? Няўжо Матрос памыліўся? Спускаюцца з ганкаў... Гутараць, рагочуць... Занадта смелыя... Пачакайце!.. Спусціліся. Сталі, аглядаюцца.
214 Ён доўга хадзіў па пакоі, доўга думаў, змагаўся з сабой. Да яго прыходзілі, ён адказваў на пытанні, даваў загады і не прыкмячаў гэтага. Рабіў неяк махінальна, не думаючы. Потым успомніў, што трэба спяшацца; трэба ўзяцца за выкананне таго, што абяцаў Ніне і чаго цяпер у глыбі душы жадаў сам. Ён таго часу склікаў патрэбных асоб і на патаемнай нарадзе выклаў сутнасць справы. Ён упарта даводзіў, што неабходна прыняць прапанову, што гэтага патрабуе момант. Даводзячы другім, ён і сабе даводзіў, бо ў глыбі душы і сам не быў перакананы ў пільнай неабходнасці гэтага, стараўся падманіць сябе, бо баяўся сазнацца, што нешта іншае, апрача інтарэсаў справы, кіруе ім у гэтую часіну. Прапанова была прынята, і выкананне прысуду над Купрыянавым затрымана. А на другі дзень Гуторскі запрасіў да сябе Ніну і Матроса.
215 І толькі калі дасталі яны паўкацялка мёду, спакусіўся Мішка і цёмнай парою пайшоў за імі, ішоў аж да самага палка. А там накінуліся на Мішку, звязалі яго, прывязалі да воза вяроўкамі. Так і вандраваў Мішка ў другім палку зусім другой дывізіі, увесь час прывязаны да воза. А калі і адвязвалі яго, дык пасля колькі дзён дарогі Мішка страціў усякую надзею вярнуцца ў родны батальён. Але за час паходу палкі зноў збліжаліся і, як бачым, нават начавалі ў адным лесе непадалёчку адзін ад аднаго. Тут Мішка і ўчуў уначы галасы сваіх таварышаў, Жука і Барадатага, і, пайшоўшы на гэтыя галасы, патрапіў зноў у родны батальён. Але, успомніўшы пра некаторыя харчовыя склады, якія па несвядомасці лічыў за сваю ўласную маёмасць, Мішка надумаўся перацягнуць гэтыя запасы ў родны батальён і перацёг сёе-тое паціхеньку з чужога палка.
216 З-за маладога алешніку ўставала сонца. За ровам, за гэтым цыбатым алешнікам, чуў Яська, прачыналася выспа. Недзе ў самым глухім куточку яе, у ельніку, таемна застагнаў лясны голуб; мусіць, абуджаная ім, нездаволена рэзка затрашчала сарока, гулка пераклікнуліся між сабою дразды. Востра запах валяр'яннік. Сонца разам з расою ўзнімала, цадзіла над лугам церпкі, аж кружыла галаву, водар. З высокай травы, з-пад самых Яськавых ног, шэрымі камячкамі пырхала, разляталася ў бакі дробнае птаства. Асцярожна, як баючыся парушыць цнатлівае хараство наваколля, апускаў Яська касу. Пакорліва паддаваліся, падалі ружовыя, трапяткія маланкі, падатліва-мякка слаўся ў пракос духмяны, у зялёных, што маладыя гуркі, стручках аер, купчаста клалася густая, як сцягнуць касою, балаціна, пахла свежаю рыбаю, рачным глеем, водарасцямі.
217 Пачалі браты дзяліцца. Калаціліся, калаціліся яны, пакуль дзялілі гаўяда ды ўсё дабро, а як пайшлі дзяліць зямлю, дык так пачалі біцца, што чуць адзін аднаго не пазабівалі. Калоцяцца браты паміж сабою за зямлю, захопліваюць чужыя дзялянкі, і няма ў іх спакою. Толькі два малодшыя браты жылі паміж сабою вельмі згодна: куды адзін, туды і другі. Не захацелі яны калаціцца з братамі; кінулі сваю бацькаўшчыну дый пайшлі ў свет шукаць сабе зямлі. От занялі ды і пагналі яны свой статак, зрабілі з двух дубоў з карэннямі вялізныя сані, запрэглі дванаццаць пар валоў, наклалі ўсялякага дабра, яшчэ пасадзілі жанок з дзецьмі ды і паехалі па пяску. Працяглі трохі валы дый сталі, не могуць цягнуць сані па пяску. От большы брат давай падкладваць упоперак пад палазы круглыя калодкі. Коцяцца калодкі, і сані паўзуць уперад.
218 Дачуліся ворагі, што палешукі і палевікі калоцяцца паміж сабою, што яны не бароняць свае рубяжы, от яны зноў сабралі вялікае войска дый пайшлі паліць вёскі ды забіваць як палешукоў, так і палевікоў. Ачомаліся палешукі і палевікі, годзе калаціцца самі з сабою, давай біцца з ворагам. Біліся яны, біліся, можа, палавіна іх палягло, а нічога не зробяць, бо ворагі лезуць усё новыя і новыя. Шмат палягло ворагаў у чыстым полі, шмат заблудзілася ў лесе, у балотах і там загінула ад голаду, ад холаду ці патапілася ў гразі, але яшчэ шмат засталося. Лезуць яны, як свінні ў агарод, лезуць ды забіраюць палешукоў і палевікоў у палон, забіраюць іх зямлю, гаўяда і ўсё дабро, а старых і малых забіваюць ці цкуюць сабакамі. Забілі яны ў калодкі ўсіх палешукоў і палевікоў дый загадалі сабе служыць. Нічога на парадзіш.
219 Лёнік трымаў у кожнай руцэ па лямпе, двума слупамі агню зганяў поўсць, распаленую да чырвані, да залацізны, якая тут жа і гасла, асыпалася шэрым прысакам. Сцяпан трымаў кабана за ногі, падварушваў, каб Лёніку лаўчэй было смаліць, следам за лямпаю абшкрабаў гар і так захапіўся, што не бачыў нічога, акрамя кабана, суседавых рук з лямпамі ды нажа ў сваёй руцэ. Абодва стараліся, як сабе. Абсмалілі і абшкрэблі з аднаго боку, пасля, перавярнуўшы кабана, з другога, паклалі на спіну і абсмалілі жывот, ногі, пахвінне. Нарэшце Лёнік адставіў лямпы, абшкроб і абмыў вушы, лыч, хвост, капыты. Кабанчык быў гатовы. Ён ляжаў чысты, румяны, быццам пірог, які толькі што дасталі з печы. Сусед млосна разагнуў спіну, у добрым настроі ўсміхнуўся цётцы, рады і сваёй удалай рабоце, і ўдаламу кабану, і памочнікам.
220 Ён падкупіў пана, несумленна пагарджаючы тваім выбарам і воляю тваіх бацькоў. Паслухай мае рады, калі маеш хоць частку тае прыхільнасці да мяне, якую я маю да цябе і да тваіх бацькоў. На зямлі ёсць высокія горы, зарослыя густым лесам; ёсць цёмныя пушчы, што чарнеюцца каля нашых вёсак. У засень іх нетраў ніколі не заглядвала чалавечае вока; яны цягнуцца бясконца. Давай пойдзем прэч з гэтых краёў. Давай схаваемся ад усіх знаёмых у гэтых дзікіх пустэльнях. Я буду тваім вартаўніком і правадніком. Свет вялікі, знойдзем і мы дзе-небудзь свой куток. Ёсць і людзі з ласкавым сэрцам, якія даюць прытулак уцекачам ад суда, а мы ж невінаватыя ні перад Божым судом, ні перад людскім і дзе-небудзь працаю заслужым сабе кавалак хлеба. Добры Бог дасць нам здароўе і сілы, падтрымае ў тых цёмных лясах сваёй апекаю.
221 Часам лаяў сваю жонку, што яна лайдакаватая. Адразу пасля захаду сонца ідзе адпачываць, і не хацеў, каб яна займалася да позняга якой-небудзь работай або малілася. Апоўначы часам уставаў з пасцелі і ля дзвярэй ці праз вакно размаўляў невядома з кім, выбягаў за дзверы і невядома дзе прападаў, аж пакуль певень не заспявае. Меў ён прыяцеляў, якім даваў грошы і з якімі заліваў свой неспакой гарэлкаю; бывала, што па некалькі дзён не бачылі яго дома. Аднойчы, калі чэлядзь пасля дзённае працы ўжо адпачывала, Агапка сядзела самотная ў пакоі і чакала мужа. Тут знянацку, нібыта ад маланкі, святло асвяціла сцены. Пасля зноў зрабілася цёмна. На Агапку нападае нейкая трывога. Нібы баючыся чагосьці, паглядае яна ў цёмныя куткі. Кот, пырхаючы, скочыў ад дзвярэй і, натапырыўшыся, застыў сярод хаты, свецячы неспакойным вокам.
222 Ужо колькі гадоў уся воласць гаворыць, што Сямёну дапамагае на ловах сам нячысцік, якога трымае ён за пахолка, але паны адно смяяліся з гэтага і не давалі веры. Хоць пан, будучы неяк з лоўчым на паляванні, не бачыў чорнага сабаку, аднак змеціў, што дзікае птаства само ляціць да Сямёна і той ніколі не схібіў. Жыла ў вёсцы непадалёку Марыся, прыгожая і маладая дзяўчына, дачка набожных бацькоў. Шмат каму яна падабалася, і Сямён меў на яе вока; спадзеючыся на сваё багацце ды на панскую ласку, меў надзею, што Марыся будзе ягонай. Аднаго дня, калі ішоў на паляванне, убачыў ён Марысю. Тая мела вянок на галаве, і кветкі так ёй пасавалі, што выглядала яна надзвычай прыгожаю. Ходзячы непадалёку ад свае нівы, збірала суніцы. Падыходзіць Сямён, просіць ягад; не адмаўляе яму дзяўчына; пытае лоўчы, ці падабаецца ён Марысі.
223 Лютая бура завыла за сцяною, задрыжала ўся будова. Віхор сарваў дах з карчмы. І не пра весялосць думалі ў той час, а шапталі, стоячы, малітвы. Госці з суседніх вёсак, як толькі пачало світаць, вярнуліся дамоў, а Плаксун з жонкаю, цешчай і ўсім сваім почтам выехаў у Полацак. Пакінутая без даху карчма і сёння стаіць пустая. Праксэда, як атрымала волю ад пана, жыла пры дачцэ і, кажуць, зусім перамянілася: зрабілася пабожнаю, кожны дзень слухала святую імшу, адбывала рэкалекцыі, выконвала ўсе рэлігійныя абавязкі; там, у доме Плаксуна і памерла. А вось цяпер пачула я, што і Варка памерла. Ах! Яе ўсе любілі ў Полацку. Яна была надзвычай ціхая, з добрым сэрцам; аніводзін убогі не пакінуў яе дом без дапамогі і ўцехі. Радзімы знак, які быў у яе на вуснах, зусім знік, і, кажуць, была Варка прыгожая, як анёл.
224 Пачуў голас касцельных званоў, нехта яму сказаў, што гэта звоняць па нябожчыку; змяніўся з твару і неспакойны доўга хадзіў сюды-туды па пакоі і слова не сказаў прыяцелям. Адскочыў ад вакна, калі ўбачыў людзей у жалобных уборах з паходнямі ў руках, што ішлі за возам, на якім стаяла труна. Задрыжаў увесь, калі пачуў, што той, хто ўчора з ім баляваў, ужо не жыве на свеце. Неспакой і меланхолія штодзённым цяжарам ляжалі на яго думках; гурт лісліўцаў не весяліў яго, жанчыны страцілі прывабнасць у яго вачах, у Мальвіны ўбачыў тысячы заган і не хацеў яе больш бачыць. Самотны і задуменны блукаў Альберт па полі, зайшоў у густы лес, убачыў там чалавека з чырвонымі валасамі на галаве і ў пунсовым адзенні, які сядзеў на пні. Пазнаў яго; гэта быў той самы, што вучыў яго, як набыць золата і кіраваць духам.
225 Скамароха быў адзін у пакоі. Ён як зазвычай пазіраў у люстэрка, падкручваў вус і ўважліва прыглядаўся да свайго круглага твару, што, як расказваюць, быў накшталт поўні. Пасля сеў у крэсла, закурыў люльку і задумаўся, а побач на падлозе заснуў чорны сабака. Між тым, калі ён перабіраў у думках розныя спосабы, як павялічыць свае ўладанні, на зямлю апусціўся вечар і шэры змрок. Нечакана над яго жытлом павіслі хмары, зашумеў за сцяною вецер і лінуў дождж. У пакоі цёмна, толькі цьмяна свяціліся шыбы. Ледзь Скамароха ачнуўся ад думак, як бліскавіца асвяціла пакой і ён убачыў, што нейкая дзіўная і страшная постаць стаіць у кутку ля дзвярэй. Пан спалохана закрычаў, стаў клікаць да сябе лёкаяў, але грымоты і шум ветру глушылі крык, ніхто не пачуў яго і не прыбег. Высокая худая постаць падышла да пана.
226 Пані ляжала на пасцелі, каля яе сядзела паручнікава жонка, што прыехала тым часам пераведаць хворую; пакаёўкі стаялі ля дзвярэй, кожную хвіліну гатовыя выканаць загад, і чорны кот сядзеў, варкочучы, побач. Заходзіць пан з Тамашом, кот глянуў на чараўніка агністым вокам, натапырыўся, пырхнуў і скочыў пад ложак. Тамаш, гледзячы на хворую і мовячы свае таемныя словы, падышоў да яе. Пані, убачыўшы чараўніка, усхапілася ўгневаная з ложка і толькі раскрыла рот, каб нешта сказаць, як рой восаў вылецеў з яе вуснаў і разляцеўся па пакоі. Яны джалілі ўсіх і блыталіся ў валасах у людзей. Кот, жахліва лямантуючы, бегаў па сталах, кідаўся на вокны і сцены. Нарэшце схаваўся за грубкаю і пранізліва мяўкаў. Страх агарнуў усіх, пані ўпала на ложак. Чараўнік адчыніў дзверы, і ўся тая куслівая жамяра знікла.
227 Я прайшоў у габінэт, адчуваючы, што ў сьпіну мне глядзелі яе вочы. Адзначыўшы гэтыя станоўчыя вынікі маёй кароткай размовы зь дзяўчынай, я ішоў у габінэт шырокімі, упэўненымі крокамі і нават сымуляваў некаторую распусную развальцу ў хадзе, чаго звычайна ў мяне ня прыкмячалася. Дзяўчына памылілася. Старшыня тав. Сом ужо вярнуўся з раёну і сядзеў у габінэце. Я назваў сябе. Старшыня сустрэў мяне досыць раўнадушна. У яго нізкі, грузлы голас, самы звычайны, з усімі адценьнямі, сялянскі голас. Ні кроплі адукацыі ня бачна. Калі ён гаворыць, ад яго слоў у вагульным і цэлым пахне жытам, полем, непарушнай моц'ю лясоў і сенажацяў. І я канкрэтна разумею прычыну ўплыву яго на людзей. Тав. Сом ня доўта гаварыў із мною. Я пашоў у вагульную канцылярыю прыняць справы. У маім веданьні два сталы, дзьве шафы і тры зэдлі.
228 У суседнім пакоі чутны былі лёгкія крокі Крэйны. Я падумаў: напэўна яна стаіць перад люстэркам і глядзіць, не наглядзіцца на сябе. Магчыма, думае, што ў гэтым глухім мястэчку яна, канешне, самая прыгожая, маладая і прывабная дзяўчына. Не! Яна, мабыць, ніколі і ня думае пра гэта, затое я добра ведаю, што ніводная дзяўчына ня мае такога сьвежага, бела-ружовага твару як у Крэйны, такіх глыбокіх, не стандартызаваных, таемных вачэй, такога спрунжыністага, як у п'яўкі, роту. Уся яе постаць, зграбная, умяркавана мясёная, запальвае мяне, напаўняе кроў ліхаманачным агнём, абяцае вар'ятна-гарачыя пяшчоты, саракаградуснае шалёнства. Што мне рабіць? Уся мая фізычная структура адчувае, што першачарговым заданьнем будзе заваяваць яе сымпатыі і спагаднасьць і потым ужо дабівацца практычных вынікаў у гэтым кірунку.
229 Каб унікнуць гострых непаразуменьняў, я зламаў сваю ўпартасьць. Прасіў выбачэньня. Пасрэднікам у гэтай справе быў камсамолец Дусік, які прыдумаў лоўкую камбінацыю. Сабраў некалькі дзяўчат і хлапцоў і арганізаваў начную экскурсію ў саўгасны дзіўны парк. Там і адбылося маё прымірэнцтва з тав. Мычкай. Дасягнуўшы згоды, я ўжо не адходзіў ад яе ні на крок. Мы адлучыліся ад кампаніі і ноч скончылі на самым краю парку, там, дзе ў начы бялела бязьмежнае мора грэчкі і яе мёдны пах круціў галаву, напаўняў істоту выразнымі імкненьнямі. Мы сядзелі пад белай бярозай. Белая бяроза бязь ветру шумела, калі я, прытуліўшыся да пляча дзяўчыны, паакторску выконваў ролю спакусьніка. Мы вярталіся дамоў, калі апошняя зорка патухла ў небе. Я дзівіўся: як непасьлядоўныя жанчыны! Дзяўчыну звалі Люля. Люля, сустрэнемся яшчэ раз?
230 Гваздом нашага музэю быў антырэлігійны аддзел. У ім былі мошчы сьвятога Лындзія. Я спэцыяльна езьдзіў за імі ў Баркалабаўскі кляштар і там, можна сказаць, гвалтам вырваў зь кіпцюроў фанатыкаў, прэлатаў. Раней гэта быў сьвяты, у ядвабныя дарагія тканіны і каменьне ўбраны. Нейкая таемнасьць велюмам абвівала сьвятога і прымушала цёмных людзей замусольваць тканіны шчырымі пацалункамі. А цяпер, калі мошчы былі прывезены ў Шапялёўку, і я разгарнуў іх да апошняга рызьзя, там быў чорны, чорны чэрап. Вочныя ямкі былі залеплены шэрай глінай. Гнілыя, счарнелыя зубы глядзелі дакорам сьмерці, ськівіцы сумна былі сьціснуты, і рот ніякай каштоўнай прапановы ўжо ня мог унесьці. Сулдыжкі рук бяспомацна былі скрыжаваны на грудзёх, а на назе была нейкая прыкарэлая поўсьць. Магчыма, гэта нага і не чалавечая была.
231 Шмат пісалі пра мяне, але я гэтыя карэспандэнцыі з прычыны элемэнтарнай няпісьменнасьці і недапушчальна грубага тону накіроўваў у свой архіў, а большую частку аддаваў аўта-да-фэ. Таксама я не прапушчаў карэспандэнцыі, накіраваныя супраць тав. Сома. Шмат было закідаў супроць судзьдзі Торбы, як шкоднага ў савецкіх умовах філёзафа. Пісалі, што ён у часе судовых працэдураў дазваляе сабе ўжываць моцныя прыказкі, дзівацкія прыслоўі, якія потым распаўсюджваюцца ў народзе і перадаюцца з вуснаў у вусны, пераходзячы нават межы раёну. У гэтай зьяве рэдкалегія справядліва ўбачыла ідэялёгічную небясьпеку і апублікавала, нават супроць маёй думкі, найбольш гучныя карэспандэнцыі. І тут нечакана для мяне райком высунуў мяне выкрыць ідэялёгічныя хістаньні Торбы на грамадзка-паказальным таварыскім судзе, які арганізаваў райком.
232 Ён настаўнік, у горшым сэньсе гэтага слова, нашай моладзі, ён ідэйны хістальнік і бязьмен без галавы! Яго трухлявая філязофія прыводзіць да мяшчанскага ўхілізму, культурна-буржуазнага зьдзічэнства і бязьмежнага разьвіцьця самадурства. Усё гэта можна знайсьці ў яго блёкноце. У практычнай працы Торба працягвае гэту крывую лінію, не зьмяншаючы тэмпу. Яго прыказкі вядомы ўсяму раёну. Аб гэтым яскрава сьветчыць той факт, што на працэс сабраліся ўсе быўшыя кліенты Торбы. Каб быць аб'ектыўным, скажу, што частку філязофіі Торбы можна прызнаць. Некаторыя тэзісы яго правільныя, пад імі кажны разумны чалавек двумя рукамі й двумя нагамі згодзен падпісацца. Другія яго тэзісы яшчэ патрабуюць досьледаў на прадмет выяўленьня іх шкоднасьці, патрабуюць разгляду іх празь люпу часу і дырэктывы вышэйстаячых арганізацыяў.
233 Колька быў галодны, але і інтэрас меў, таму толькі матлянуў галавой: разумей, маўляў, як хочаш. Спачатку Лецечка наогул не хацеў Бурачку адказваць, але, памятаючы аб толькі што прынятым рашэнні быць да ўсіх справядлівым, палічыў, што не варта абыходзіць справядлівасцю і Бурачка. На першым жа кроку пачыналіся супярэчнасці, на першым жа кроку трэба было змагацца з самім сабой: справядлівасць да Козела, бабы Зосі, Асталопа была неабходная і абгрунтаваная, а як паводзіць сябе з гэтым асталопам Бурачком? Не цярпеў ён Бурачка і разам з тым вінаваціўся перад ім. Нецярпімасць гэтая аднойчы прарвалася, як прарываецца струп. Пабіўся аднойчы Лецечка з Бурачком, даў кухталёў. Наогул справядліва даў. Але, ведаючы, што справядліва, прыгадваў ён той выпадак з сорамам і агідай да сябе, да сваіх рук, якія білі чалавека...
234 Колька паглядзеў на яго твар і ўбачыў на ім такую злараднасць, столькі асляпляльнай радасці, што яму захацелася зажмурыцца. Над яго вухам са свістам праляцела талерка з лапшой і з чмяканнем уляпілася ў спіну дырэктарыхі. Але яна нават не азірнулася. Ішла як ішла, і лапша ападала са спіны белымі бездапаможнымі чарвячкамі. Кольку стала шкада дырэктарыху. Ён адчуў, што адбываецца штосьці не тое, штосьці мярзотнае, брыдкае, аб гэтым сведчыць самазадаволеная ўхмылка Бурачка, Бурачок аж ільсніцца, яго нібыта подмазкай падмазалі. Угадаў на гэты раз Бурачок: дырэктарыха сапраўды будзе плакаць, будзе плакаць з-за яго, Бурачка. І як ні вінаваціцца Лецечка перад Бурачком, а дырэктарыха яму даражэй, таму што яна больш дзетдомаўская, чым Бурачок. Яна спрадвеку ў дзетдоме, а Бурачок стаў дзетдомаўцам нядаўна.
235 На стале тужліва пазвоньвала шклянка з пазаўчарашнімі павялымі ўжо кветкамі. Лісце было яшчэ свежае, зялёнае, а блакітныя пялёсткі, нібыта іх прысыпалі пылам, як прыхопленыя агнём, пажухлі, скруціліся, ападалі, асыпаліся на стол пры кожным кроку Козела. Лецечка ўслухоўваўся, як цененька і тужліва дзвінькае шклянка, як падаюць пялёсткі, слухаў, як тлумна і супярэчліва бягуць думкі. Папікаў сябе, што распачаў гэтую гаворку з Козелам. Раскалоў яго Козел, як грэцкі арэх, блазнуе, смяецца з яго. Панясе па ўсім дзетдоме, як ён, Лецечка, заляцаўся да Лены, як ён мілаваўся, цалаваўся з ёй, якую казу яна яму ўпарола. Сабака, Асталоп, і той будзе аб усім ведаць. Усім нашэпча Козел. І Лецечка шукаў і не знаходзіў выйсця, скарыўся, быў ужо гатовы цярпліва трываць усё, што выпадзе яму, усе кпіны зносіць моўчкі.
236 Хлопчык заблытаўся ў гэтых гацінах і ўпаў. І тут з-за лесу выслізнуў месяц, яркі, шчарбаты, нібыта быў ён да гэтага на прывязі, на вяроўцы ці нават на ланцугу, на дроце нейкім. Матляўся, круціўся, коса рэзаў сябе гэтым дротам і вось перарэзаў, меншай сваёй часткай адарваўся, слізгануў на неба і свяціў утрая. І пры гэтым святле хлопчык убачыў, што ніякае не бярвенне зваліла яго, а людзі. Людзі густа ўслалі сваімі целамі дарогу. І хлопчык ляжаў на чалавеку, на дзядулю. Тулава дзядулі ляжала на бугры, а галава ў ямцы і задзёрта ў неба, як усё роўна звярталася з якімсьці запытаннем да неба, чакала ад яго адказу, была звернута да неба, утыркалася ў неба сівая бародка, у неба ўтыркалася яблыка вострага дзіцячага кадыка, звяртаўся да неба востры нявінны дзіцячы ўсохлы носік. А ў хлопчыка ўтаропіліся ашклянелыя вочы.
237 Лена пырснула смехам, як сцюдзёнай вадой, і падала Грыбу вядро. І Грыб піў таксама прагна, як толькі што Лена, нібыта высмяг ён увесь. Потым яны, смеючыся ўжо разам, плёхнулі ваду на зямлю, кінулі вядро ў калодзеж: набіраючы хуткасць, усё хутчэй мільгаючы, проста б'ючы па вачах бліскучымі ручкамі, закруціўся калаўрот, і пакрыўджанае вядро пайшло гуляць па зрубе. Ланцуг яшчэ працягваў раскручвацца, дзілінькаў тоненька і таксама пакрыўджана, як выгаворваў, за штосьці, а Лена скочыла на раму веласіпеда, Грыб абняў яе, ашчаперыў рукамі руль, прыціснуўся да Лены грудзінай і пакаціў, паварочваючы на ліпавую алею, на якой дзень ці то два назад Лецечка цалаваў Лазу. І тое, што яны абралі менавіта гэтую алею, балюча абразіла Лецечку, абурыла яго. Ён не вытрываў, пабег за імі, каб выказаць усё Лене, хто яна такая ёсць.
238 І птушкі абляталі тое месца, мурашкі і казяўкі апаўзалі яго, трава і тая збегла адтуль прэч. Сонца саромелася зірнуць на зямлю. Яно таксама заплюшчыла вочы, закрыла вушы, каб не параніць сябе памяццю, успамінам, калі ўсё ўжо скончыцца, каб не несці на сваіх промнях іншым людзям і іншым народам страх і жудасць таго, што тут адбылося. Хлопчыка адарвалі ад маці і пацягнулі на руках па паветры, нібыта баяліся, што ён папаўзе чарвяком у зямлю, і ён выгінаўся, віўся, выкручваўся чарвяком у дужых руках мужчын, слізгацеў у руках, нібыта стаў раптам голым, слізгацела за ім, коўзалася, як пупавіна, скрабла, драпала зямлю вяровачка. Яго падхапілі за гэтую вяровачку-пупавіну, узнялі і кінулі ў кузаў машыны, і машына, атрымаўшы гэтае дзіцячае цела, якое глуха дзвяньгнула ў яе нутры, ірванулася з месца і памчала...
239 Учуўшы цяпло ў гразкіх, без гною, хлявах, рыкалі каровы, і нехта выпускаў сваю на зрудзелы прыгумень, каб выветрылася, а потым гнаў вуліцаю да вады, забягаючы наперад, лёгка ляпаў рукою па шыі, заварочваў да рэчкі. З вёскі было відно, як праз голы і карычняваты, нібы дзяркач, алешнік блішчыць настылым холадам вада. Узяўшы за дзве полкі спадніцу і пераступіўшы калючы дрот, наўпрасты праз садок, дзе між радкоў карчыстых яблынь ляжалі на козлах накрытыя кажухамі яловай кары шарыя калоды вулляў, да рэчкі спускалася кабета з лазовым кошыкам у руцэ, з якога выпіраўся сіняваты авечы трыбух. У чорным лісці пад вішнямі грабліся і ціўкалі, шукаючы яшчэ квактуху, цыбатыя, бясхвостыя байстручкі-кураняты, што вывеліся пад самую восень, недзе за хатаю, у дзіравым і сівым, нібы абсыпаным попелам, лопусе.
240 На тлустае, ужо гнілое лісце на зямлі, што пахла гаркаватаю сырызнаю, сыпаўся, шархочучы па галлі, дробным раструшчаным шклом галалёд. У выбрукаваную грэблю, дзе ўкарчэлі крывыя з жоўтымі плямамі лішая на чарнаватай кары, вербы, плюхала, як у бераг балеі, і пырскала раскалыханая вада. З другога канца возера, дзе стаяў, як чубок нязжатага жыта, белаваты троснік, разбушаваны вецер гнаў адну за адною цяжкія хвалі. Пры беразе ў бруднай пене гойдалася набрынялая салома. Пад старым, залапленым новымі жоўтымі дошкамі мостам густа шумела, недзе падаючы ў шчыліны паднятых заставак і выгінаючыся шырокім пасам, цяжкая вада. Пырскала дробным шнурочкам пацерак, разбівалася аб слізкія ў зялёным моху каменні, кіпела, што на агні. Было відаць, як па нізкай, за мостам, рэчцы плыве, круціцца да берага белы шум.
241 Збоку санак ішоў Міця, падтрымліваў парсюка, паклаўшы растапыраныя рукі на яго гладкую, яшчэ цёплую спіну. Ззаду ішоў стары малацьбіт, перакідваў з рукі ў руку, як гарачую дзе з прыску картоплю, сівы, абмерзлы, недзе выкашчаны каля падрубы камень. Алеся, збегаўшы яшчэ ў сені па драўляную лапату, пабыла тут, каля мужчын, паглядзела, як яны збіраюцца смаліць парсюка, усунуўшы яму ў незастылы лыч абынелы камень, абкладваюць яго саломаю, і заспяшалася ў хлеў карміць і паіць скаціну. Чула, як за спіною густа зашумеў агонь, абляшыўшы рэдзенькай жаўтаватай яснасцю снег і маладыя абвязаныя ўшчэпы. У порсткай саломе востра патрэсквалі цвёрдыя каленцы. На абшэрхлым ад марозу акенцы хлява адсвечвалася жоўтае полымя. З трапятлівага, як мроіва, дымка вілася і сеялася чорнымі чарвячкамі на белы снег перагарэлая салома.
242 Пад полудзень да Мондравай хаты, учуўшы свежыну, збіраліся чужыя каты, з абынелымі, белаватымі вусамі, цішком абнюхвалі чорны ад перапаленай саломы і сточаны агнём снег, дзе Мондрыя смалілі парсюка і дзе валяліся цяпер, адпараныя гарачым кульком саломы і скручаныя з свіных ног сіняватыя лейкі капытоў. Да полудня мужчыны справіліся абсмаліць і ўнесці ў хату, зламаўшы пад ім старыя драбіны, ужо гладкага, пахарашэлага, вымытага цёплаю вадою і паскрэбенага нажом парсюка. У хаце ад яго пахла жоўтаю скураю і свежым сырым салам. Задраўшы спруцянелыя, з адпаранымі капытамі ногі, ён ляжаў на двух кароткіх, пазычаных у Літавараў заслонах. На карабатым, трохі падпаленым жываце двума радкамі гузічкаў цямнелі бародаўкі незнарок зрэзаных саскоў. На сытым азадку вострым хвішчом закручваўся асмалены караткаваты хвост.
243 Выехалі на белы пакаты грудок. З сіняе імглы дзвюма чырвонымі вежамі высунуўся дварчанскі касцёл, за ім ужо ў чорным прысаддзі хаваліся хаткі з белымі мяккімі стрэхамі. Перад грудком абарваўся і сціх шум старых, разгойданых ветрам бярэзін. Падшлёгнуўшы каня пугай, Літавар выехаў з канавы на шашу. На роўненькім, зрэзаным плугам снезе ўжо блішчалі гладкія сляды ад чужых палазоў. З грудка, дзе да бойкае шашы пруткім растапыраным галлём нахіліліся старыя, абсыпаныя жаўтаватым мохам вербы, конь пабег сам. Пад чырвонаю пафарбаванаю дугою захліпнуўся тоненькім доўгім звонам медзяны званочак. Учуўшы яго, хлопец у стракатай, трохі спушчанай на правае вуха кепцы пераступіў высокі, нассыпаны плугам брыль снегу, сышоў на край шашы. На пальцы ў яго целяпаўся пусты, прывязаны вяровачкай за рыльца, сіняваты літар...
244 Заняўшыся недзе, мусіць, з сеняў, гарэла Міронава хата. Па абгарэлых латах расчасанымі пасмамі скакалі і шумелі чырвоныя лапікі полымя. Праз іх, як праз голыя рэбры, свяціўся чорны комін. Чорным густым і мігатлівым мурашнікам каля агню стаўкліся верасаўцы. На ружаватым, падсвечаным полымем снезе варушыліся і снавалі доўгімі слупамі іхнія раздвоеныя цені. Хрысця прашылася бліжай да агню, учула, як пачыналі раставаць і налівацца набрынялаю гарачынёй шчокі. З расчыненых сенцаў, задыхаючыся ад дыму, мужчыны неслі куфар. На снезе ўжо валяліся вывернутыя шэрсцю, мусіць, у спешцы знятыя з жэрдкі кажухі. Стаялі вынесены недзе са стопкі кубелец і старая шафка, зашчэпленая на драцяны кручок. У хаце меркла ад сіняга, як накуранага, дыму павешаная на цвічок у бэльцы шкляная з паліванай талеркай лямпа.
245 З акна, праз шчыліну, дзе добра не прыстала да акна радзюжка, высунуўся косы сіняваты пучок сонца, у якім, як дробныя чарвячкі ў завоньцы, кішэў пыл, кругленькім, прадаўгаватым, як яйцо, кружочкам на падлогу лягла яснасць. Хрысця аж сумелася, падумаўшы, што Літавар праз гэтую шчылінку, можа, папраўдзе бачыў яе. Да цяперашняе крыўды прымяшалася і даўнейшая злосць. Было гэта яшчэ ўлетку. Парным задушлівым вечарам. Вярнуўшыся з жніва, яны, дзяўчаты, пайшлі мыцца, выбраўшы далей ад вёскі тое ціхае глыбейшае месца, дзе рэчачка абмывае дзве доўгія купіны-выспы, што пазарасталі зялёнымі дудкамі тоўстае лодзьмы, лапушыстым карычняватым конскім шчаўем і старымі карчыстымі вербамі, дзе між вілаватых камлёў шарымі перавернутымі каўпакамі сядзяць выплеценыя з пырніку і сухое травы пустыя ўжо драздовыя гнёзды.
246 Дарога ўсунулася ў насуплены яловы лес. З абвіслых пацяжэлых лапаў з шоргатам вялікімі камякамі сыпаўся снег. Доўга не асядаючы, у косых слупах сонца вострымі іголкамі пераліваўся пыл. Фыркалі і круцілі галавамі спуджаныя коні. Поверх лесу перагонамі хадзіў вецер. Уперамешку з сухім лускатам галля плыў цяжкі, як шоргат пяску, глухаваты шум. Церліся адна аб адну і рыпелі зеленаватыя ў жоўтым лішаі намерзлыя асіны. Фурманкі выехалі на ясную высеку. Як глыбокі роў, яна разразала лес. Ад яснага снегу калола ў вочы. Засыпаныя снегам і, мусіць, абазначаныя на метры, ляжалі штабелі дроў. Саскочыўшы з саняў і грузнучы па самыя торбачкі брычэсяў у шорсткім, васпаватым снезе, ляснік пайшоў у канец высекі. Фурманы заварушыліся каля сваіх абсівераных коней, накрывалі іх радзюжкамі, вешалі на абынелыя храпы торбы з аўсом.
247 На вачах мянялася пагода. Назаўтра пачало адлежыць. З хмурнага насупленага неба пасыпалася імжа. Узбунтаваўся вецер, нарваўшы дождж. За адну ноч зліняў малады снег. На грудках зноў выпралі чорныя лапікі зямлі, застракацела на полі рудая кіслая ралля. Выслізнуўшы з-за косае сцяны сівых хмар, у трапяткіх лужынах адсвечвала сляпучае сонца. Стракатаю плоймаю дарогу абсядалі ружаватыя на сонцы гракі. Стаяла тая пара, калі не было дарогі, як кажуць, ні ў калах, ні ў санях. Санныя фурманкі, што ехалі недзе з дальшых вёсак, з халоднае наваградскае стараны, выбіралі тыя вузенькія пасачкі шарага, як абсыпанага сажаю, снегу, што ляжаў яшчэ ў канавах абапал голае шашы. Саскочыўшы з саняў, падпіхалі іх, памагаючы запараным, змучаным коням. Клялі гэтую пясчаную лёгкую зямлю, дзе на тыдні два раней сыходзіў снег.
248 Недзе там, над нядужым, што напінаецца ў плузе, канём, над босым аратым дрыжыць і нікне ў небе жаваранак. Вялікі абветраны спакой стаіць над полем. Міця любіць гэты абветраны, пусты разгон поля, адзіноту, і чуе ад яе радасць, нават помніць, яшчэ змалку, калі ў светлую, пагодную, як казала маці, маладзікову нядзельку на пашу прыбягала Алеся, каб адмяніць яго пры каровах, і ён ішоў дадому снедаць, ішоў адзін, босы па цёплай, утравелай і няезджанай сценцы сярод высокага жыта, з ружаватай зіхатлівай расою на лёгкіх, яшчэ не налітых каласах. А над цэлым светам мроівам дрыжаў слепаваты ад яснасці вясновы дзень. Прыгрэўшыся на сонцы, з травы падымаліся і, пабліскваючы карычняватымі крыльцамі, рахмана гулі грачанікі, а ў зялёным, трохі ліловым ад маладога коласа жыце пакалыхваліся і глядзелі ў вочы сінія валошкі.
249 Эй-ва! Музыканта, мусіць, вывелі з цеснае хаты на надворак. Нехта пусціўся ўпрысядкі, біў з усяе моцы нагамі ў глухую цяжкую зямлю. Грузнучы ў зямлі, яна памалу дайшла да плота. Ад яго пахла цвілым дрэвам, адсырэлым, гаркаватым, як воўчы грыб, мохам. За плотам шарэла вузкая з чорнымі калдобінамі дарога. Не саромеючыся ўжо нікога і паднімаючы вышэй каленяў спадніцу, Алеся пералезла цераз жэрдку. Ногі ўчулі цвёрдую ўтоптаную сцежку, што тачылася па леташняй неперапрэлай траве ўздоўж дарогі. У лагчынцы блішчала, выліўшыся з каляін і адбіваючы густое сіняватае неба, доўгая вострая лужына. Ззаду ляскатала, перавальваючыся з боку на бок, фурманка. Баючыся, што нехта нагоніць, Алеся прыспешыла хаду. За гумнамі ў вёсцы сціхаў дробненькі рып гармоні, толькі спуджанай пташкай з глухога поцемку паднімаўся крык і рогат.
250 Вось ты пачуеш шмат чаго сягоння і сам. Першую раніцу быў Алесь у сяле, а жыццё, такое прывабнае, калі на яго глядзець збоку, паказала цяпер яму свае выбоіны і калдобы. Заняты такімі думкамі, ён не заўважыў, як апынуўся на школьным двары. Але, адчыніўшы невялічкую штакетную фортку, адчуў нешта даўно знаёмае. Нават сам пах густых кустоў руты і агрэсту, што абляпілі ўсю агароджу, вярнуў яго да тых дзён, калі ён тут навучаўся. Вялізны, зарослы травою двор з фізкультурнаю пляцоўкай, дзе да высозных слупоў нахілілася гімнастычная лесвіца і віселі шасты, сустрэў яго як свайго. Якуб Панасавіч увайшоў у адзін з класаў і паставіў вудачкі каля грубкі. Нерухомая цішыня спавівала цяпер сасновыя сцены, пазавешаныя картамі, а Алесь помніць, як, быццам той разварушаны вулей, гудзеў гэты клас на перапынках.
251 Нельга сказаць, што пасля гэтага Алесь адразу супакоіўся. Зноў набрылі тыя неспакойныя думы: а каб чаго не выйшла? Адзін час ён нават меркаваў, як гэта зрабіць, каб здабыць пісьмо назад. Вярнуўшыся да скрыпкі, прыўзняў вечка, глянуў усярэдзіну. Але, убачыўшы, што справа безнадзейная, пісьма не відаць і кавалачка, канчаткова пераканаўся, што ўсё зроблена правільна, і пайшоў адпачыць у парк. За Свіслаччу, у парку імя Горкага, ён прысеў на лаўцы ў даўно аблюбаваным ім месцы. Гэта была сасновая горка непадалёк ад велатрэка, куды ён некалі ўвесну прыходзіў рыхтавацца да залікаў. Тут было параўнальна ціха. А яшчэ гэтая мясціна падабалася Алесю тым, што нагадвала гаёк каля возера Доўгага. І калі ён прыплюшчыў вочы, як рабіў гэта некалі раней, дык шум разгалістых сосен над ім прыгадаў яму родны куток.
252 Колькі ўспамінаў выклікала ў Алеся гэта мясціна! Ажно сэрца зашчымела! Вось сюды многа разоў прыязджаў ён некалі з бацькам. Не ведае, колькі яму было тады год, але памятае адно, што быў у адных зрэбных штоніках, са шлейкай цераз плячо, якая зашпільвалася на драўляную бірку. Вясёла тады яму было тут. Што на кірмашы! Каля мельнікавай хаты, на ўзгорку, мітусіліся завознікі. Выпражаныя калёсы былі парастаўляны без парадку, з задзёртымі ўгару аглоблямі. На панарадах, як адкормленыя япрукі, ляжалі пузатыя мяхі са збожжам. Коні, адмахваючыся хвастамі ад мух і аваднёў, хрумсталі свежую траву і канюшыну. Пахла жытам, пшаніцаю, свежай размолатаю мукою. Аднастайна гудзелі жорны і наводзілі на сон. Каля става ў празрыстай вадзе мігцелі вёрткія плоткі, тоўстыя галаўні паважна праплывалі, ледзь варочаючы шырокімі хрыбтамі.
253 Але сёння песні не чулася. Анежкаў бацька быў не ў настроі. Гэта яшчэ азначалася тым, што маці хуценька злезла з воза і з мяшэчкам у руках шпарка пайшла ў хату. Стары Пашкевічус адпрог каня і, сцебануўшы яго пугаю, выгнаў на прыгуменне. Пасля доўга корпаўся ў сене і нешта даставаў, сам сабе мармычучы пад нос. Зацягнуўшы калёсы пад павець, ён пастаяў і паглядзеў на гумно. Анежка пазірала на бацьку і прыгадвала ранейшае. Ён стаяў, як і заўсёды пасля касцёла, у сваім чорным пінжаку і карычневых штанах, што былі ў яго святочныя. Шыю абвіваў саматканы шэры шалік, а на галаве красавалася сіняя шапка з бліскучым чорным казырком. Звычайна, у добрым настроі, ён абавязкова паклікаў бы яе і пажартаваў бы з Зосітэ. А сягоння толькі глянуў коса на дзяўчат, адразу павярнуўся і, цяжка ступаючы, пацягнуўся дахаты.
254 Ён адчуваў, што Каспар і Восілене затрымліваць яго не мелі жадання, і гэта навяло на думку, што сядзелі яны ўдваіх недарма. Некалькі разоў прайшоўся Алесь вакол барака, дзе размяшчалася сталовая, пакуль узышоў на ганак. Нерашуча ён браўся за клямку на дзвярах. Затое лёгка ўздыхнуў, калі апынуўся ў агульнай зале. Там нікога не было, а на кухні мільганула знаёмая постаць у шэрай сукенцы з белым фартушком. Значыць, Анежка адна, і ён, перасіліўшы ваганні, проста накіраваўся да яе. Анежка стаяла каля шырокай пліты з двума вялікімі катламі пасярэдзіне, з якіх клубамі валіла пара. Твар дзяўчыны, ахутаны густою параю, быў чырвоны, а на вачах ледзь не праступалі слёзы. Відаць, Анежка, была рада прыходу Алеся, бо калі ён, нічога не сказаўшы, прытуліў яе да сябе, яна прыхінулася да яго грудзей і заплакала.
255 Яна ўвайшла, расчырванелая з марозу, і весела прывіталася. Распранулася і адразу прыцягнула ўвагу ўсіх. Нават Алесю здалася прыгожай. Хвалістыя валасы спадалі на плечы. Толькі трымалася яна неяк вельмі вольна, занадта выкручвалася пры хадзе, прыжмурваючы вочы. Адэля заўважыла Алеся адразу, але, можа, таму, што ён так няветла разышоўся з ёю ў той раз, прывіталася толькі здалёку і не падышла. Моладзь ужо зноў скакала, і над вухам Алеся заліваўся акардэон, але гэта не збаўляла яго ад трывожных думак. Усё часцей расчыняліся дзверы, і ў хату ўваходзілі сталыя людзі. Скокі спыніліся. Суседзі прыходзілі парамі і віталіся з гаспадарамі. Жанчыны перадавалі штосьці, загорнутае ў ручнікі. Юстасене цалавалася з імі і адносіла падарункі ў другую палову. Сэрца Алеся калацілася. А што, калі зараз прыйдуць і яны?..
256 Дружба Круміня і Восілене ўсё больш мацнела. І хоць Каспар ніколі больш не гаварыў аб вяселлі, Восілене сама адчувала, што да гэтага ідзе. Аднойчы сама спаймала сябе на тым, што без Каспара сумна. А Каспар не прымушаў сябе доўга чакаць і разы два-тры на тыдні заяўляўся ў Доўгае. Нікога ўжо не дзівіла, што ён заўсёды спыняецца каля барака, дзе жыве Восілене. Аднойчы ён угаварыў Восілене паехаць у Эглайне. Яна адпіралася дзеля вока, а самой вельмі хацелася пабыць у Каспаравай хаце. Удава ўжо наважылася пайсці туды за гаспадыню, толькі яшчэ палохалася дзяцей. Сам Каспар добры, раўнаважны чалавек, разважала яна, такі якраз ёй даспадобы, але што рабіць з малымі сіротамі? Палохалася, а ў душы вельмі любіла дзяцей, бо не давялося мець сваіх. З якім болем успамінала яна аб тым, як гаравала, што не мела дзіцяці.
257 Няпрошаны, праўда, госць, але а ну ж як-небудзь згаворымся. Мэндрык са мною пойдзе. Па-за садкамі, па-за хлявамі, пазавуголлю, гародамі краліся адзін за адным папацёмку ўчатырох, як ваўкі. Туліліся да платоў, прыпыняліся, шапталі, краліся далей. А той, у гетрах і фрэнчы, ішоў з загумёнак па сцежцы, без асаблівай асцярогі, час ад часу ціха загаворваў з тым, каго ён назваў Мэндрыкам, і нават прабаваў нешта спяваць сам сабе пад нос. Нібы гэта ён хадзіў некуды па справе, запазніўся, справа ўдалася, і цяпер ён ідзе, спакойны і ў добрым гуморы. Вароты ад гарода ціха рыпнулі, і яны ўвайшлі ў двор. Як гаспадар, якому ўсё тут добра вядома, Уладзік накіраваўся да хлява, дзе стаяць коні. Чуваць было, як яны хрумаюць, жуючы нешта, і ціха пафыркваюць. На варотах вісеў здаравенны, кавальскай работы, замок.
258 У другім кутку скупілася чародка жанчын, і чутны адтуль іх тонкія галасы і смех. Аўдоля сядзіць на канцы лаўкі і, як ад тае заедзі, бойка адсякаецца ад мужчынскіх жартаў. З-за яе пляча відаць бялявы ўсмешлівы твар Зосі. Яна падмацоўвае вясёлым смехам кожны ўдалы Аўдолін адпор. З боку ля Зосі, абапёршыся ёй на плячо, стаяла Шура, камсамолка, дачка Рыгора Варанца. Яна не зусім ёмка адчувала сябе сярод кабет, смяялася стрымана, занадта вольныя жарты пускала міма вушэй, быццам не чула, і толькі лёгкая чырвань на шчаках паказвала, што яна саромеецца і ёй гэта непрыемна. А ў дзвярах, пераступіўшы парог, спыняліся ўсё новыя постаці. Праз сінюю заслону тытунёвага дыму яны стараліся выгледзець выгодную мясціну, дзе б можна было атаўбавацца на цэлы вечар. Нарэшце ўвайшлі Ганскі, Каржакевіч і даўганосы з раёна.
259 Ён злез з печы, апрануўся і ўзяў рукавіцы. Вузкія, згорбленыя плечы ў палатаным кажушку і шалік на шыі надавалі яму нейкі хваравіты выгляд. Бацька ўзяў з-за лавы сякеру і выйшаў, не сказаўшы больш ні слова, а Якуб усё павальней і павальней раскручваў мокрую анучу. Разуўшы адну нагу, ён спыніўся і стаў задуменна глядзець на проціпечнае акно. Самі пабеглі дзве слязіны, заказыталі каля носа, і адна з іх капнула на руку. Ён патрымаў у руках мокрую анучу, узяў за канцы, чагосьці паглядзеў на яе проці газоўкі і пачаў павольна зноў накручваць на нагу. Абуўшы нагу, ён, не спяшаючыся, апрануўся, змахнуў прусака, які адзінока бегаў па стале, патушыў газоўку і выйшаў. Конь ужо быў запрэжаны ў простыя сані, і бацька, сабраўшы лейцы, рыхтаваўся сесці на воз. Якуб моўчкі сеў на задні вязок. Сані ціха паплылі па белым моры.
260 На вуліцы сабраў каля сябе чараду мужчын дзед Агей. Нізенькі і шчуплы, на крывых, выгнутых у каленях ножках, у палатаным падпяразаным вераўчакай кажушку. Стаўбунаватая аблезлая кучомка наехала аж на самыя вочы, і здавалася, што мяцёлка светла-рыжай барады яго расце з самай кучомкі. Ранейшы панскі паплаўнічы, ён і цяпер наймаўся ўлетку вартаваць ад патравы Заброддзе і Бугайнік, а зімою яшчэ сталяркаю трохі займаўся: таму заслон зробіць, таму прасніцу альбо матавіла, а часам і куфэрак які змайструе. Збудаваная за панам халупіна наводшыбе ад Мядзведзіч, на Заброддзі, засталася цяпер Агею ва ўласнасць, ніхто ў яго яе не забіраў. Жыў ён толькі ўдваіх з сваёю бабаю, быў трохі бзікаваты, як большасць старых і адзінокіх людзей, але заўсёды гаваркі і бесклапотны. Цяпер ён быў чамусьці асабліва ўзрушаны.
261 Прыемна заклапочаны, Жагула хадзіў з хаты ў адрыну, з адрыны ў павець альбо ў гумно, падоўгу кешкаўся ў свірне. Часамі спыняўся сярод двара. Трымаючы адну руку ў барадзе, другою разважаў у паветры, пасля паварочваўся і ішоў зноў туды, адкуль толькі што выйшаў. Манька каторы раз прымярала ўжо сваё шлюбнае ўбранне. Надзявала белую баціставую сукенку з ружоваю стужкаю ў поясе, вянок з фатою і станавілася перад люстэркам так, як яна думала стаяць пад вянцом, з насоўкаю ў правай руцэ. Стану свайго яна не бачыла, і ёй думалася, што ў гэтым убранні яна павінна здавацца танклявай, стройнай і лёгкай. Ківала галавою, як бы ў адказ на прывітанне, і ледзь усміхалася. Але тут з-за тоўстых сочных губ паказваліся вялікія конскія зубы, і яна хутчэй замыльвалася, каб як-небудзь схаваць тое, што ўсе ўжо даўно бачылі.
262 Барсукова Гара, дзе вызначана было чатырыста пнёў лесу на школу, маўклівая і па-зімоваму сумная, аднае раніцы абудзілася вясёлым гоманам. Захрабусцела пад лапцямі нечапаная скарынка снегавой цаліны, застукалі наўзахваткі сякеры, распырскваючы жаўтавата-белыя трэскі, дваццаць піл заядла ўгрызаліся ў смольныя, сырыя хваёвыя пні. Выносныя стромкія хвоі са стогнам хіліліся зялёнавалосай аснежанай галавой і, як абамлелыя, выпростваліся на снягу, упіраючыся ў мёрзлую зямлю жоўтымі вілаватымі рукамі. Часамі каторая прыхілялася да грудзей суседкі, павісала на яе тоўстым галлі і на момант замірала, чакаючы далейшага лёсу. А гоман шырыўся і мацнеў. На падмогу лесарубам прыехалі вазакі, і першыя гатовыя кавалкі, ускінутыя камлём на сані, пакідалі за сабой глыбокі след і, віляючы паміж дрэў, выкіроўваліся на дарогу.
263 Абсалютна няма. Вам паставяць новыя дзверы. Я псіхолаг з Цэнтра медыцынскай рэабілітацыі пры надзвычайных сітуацыях. У вас абсалютна няма падставы для хвалявання. Выбухі газавага абсталявання здараюцца, бо яно вельмі старое. У вашым доме яно будзе цалкам дэмантаванае. Нічога страшнага не адбылося. Ваша кватэра была застрахаваная. Дзяржава вас зараз паселіць у прыстойны гатэль і адрамантуе тут усё за два тыдні. Вам паставяць новыя дзверы. Так, я згодны, што гэтыя дзверы моцна пацярпелі. Жалеза выгнулася ад выбуху. Але дзяржава вам паставіць новыя дзверы, за якімі вы будзеце адчуваць сябе цалкам абароненым. Вы атрымаеце кампенсацыю. Вялікую кампенсацыю. Бо ваша кватэра была застрахаваная. А дзверы вам усталююць новыя, металічныя, з уступам ад узлому, я асабіста прасачу. Надзейныя, добрыя дзверы.
264 І ён за гэта загінуў. Па выніках. Мы вярнулі народу мову. А тое, што народ яе не прыняў, тое, што мільёны нас не зразумелі... Тое, што гэта не змяніла ўвогуле нічога... Ну, не ведаю, не мне ацэньваць. Я не стратэг і не тактык. Я ўсяго толькі дублёр асноўнага падрыўніка, сорак дзявяты, просты салдат па мянушцы Дзёгаць. Мы зрабілі ўсё, што маглі. Вядома, неяк па-іншаму ўяўлялася... Вось што я хачу сказаць. Кожнаму чалавеку на жыццё даецца адна спроба, адзін шанц на галоўны бой. І лепей загінуць у гэтым баі, чым прайграць і застацца жывым. Каб не бачыць, да якіх паскудных наступстваў прывяла святая справа. Лепей загінуць, чым лічыць сябе вінаватым перад тымі, хто застаўся кучамі вопраткі на падлозе ў прыцемках залі. Так, мы былі зброяй у руках Госпада. Але часам бывае так, што Бог памыляецца.
265 У гандляра мядком я ўзяў гарачай гарбаты ў папяровы кубак. Збочыўшы з пратораных сцежак, на якіх нага ведала кожную выбоіну, я ўключыў налобнік. Герда ішла побач з такой эмоцыяй на мардаглядзе, з якой вядоўцы тэлевізійных навінаў у эру тэлебачання пераходзілі да паведамлення, якое толькі што паступіла ў студыю і не мае рэжысёрскіх пазнак, а таму невядома, як яго ацэньваць. Псюля не разумела, што адбываецца, чаму ў гаспадара за плячыма велізарны пляцак, з якой галамазды ад яго прэ няўпэўненасцю і адрэналінам. А таму ішла нейтральная і ўрачыстая, як былая дзяўчына жаніха на вяселлі. Мы заглыбіліся ў тапаліны гаёк, што цягнуўся ўздоўж сцяны. Некалі, падчас моцнага ветру, гэтыя таполі рыпелі, бы мачты агромністага парусніка. Цяпер, калі вецер знік разам са святлом, тут панавала маўклівая вусціш.
266 Я паправіў заплечнік і паплёўся направа. Для майго кірунку не было назвы. На мерзлым снезе амаль не траплялася чужых слядоў. Дарога ўзабралася на эстакаду і пасля велізарнай развязкі перайшла ў шасціпалосную магістраль. То тут, то там трапляліся закінутыя машыны, якія назаўсёды спыніліся там, дзе ў іх рухавіках перастаў запальвацца бензін ці дызель. На скрыжаваннях, пад святлафорамі, пакінутых машын было болей. Я ішоў па шырокай праезнай частцы паміж гэтых абледзянелых касцякоў і думаў пра тое, што, калі сонца нарэшце ўзыдзе і рухавікі запрацуюць, у людзей будзе да халеры работы па прыбіранні гэтага паржавелага ламачча з дарог, па якіх можна было б ездзіць на працаздольных тачках. Хаця, калі сонца нарэшце ўзыдзе, гэта будзе адной з найменшых праблем цывілізацыі, якая ўжо загінула і плануе адрадзіцца.
267 Калі, нарэшце, я сарваў з пляча стрэльбу, запаліў святло, нацэліў у напрамку голасу ды зняў засцерагальнік, я пачуваўся ідыётам. Бо калі за час, што я вошкаўся, нам не зрабілі аніякай шкоды, дык значыць намеру шкодзіць і не было. Герда глядзела на маю мітусню няўхвальна. Кшталту, было б чаго кіпішыць, пане дурань, я б падала гукавы сігнал, ну! У промні святла паказаўся хударлявы, парослы шчаціннем, дзядзечка. Апрануты ён быў у моцна заношаны камуфляж, побач з якім мая шапка выглядала навінкай апошняга паказу высокай моды ў Мілане. Ягоная вопратка была не проста дзіравай. Дзіркі ў ёй былі нават на тых заплатах, што закрывалі іншыя дзіркі. Ці не ў той момант я дапусціў, што дзядзечка не падсвятліў мяне ліхтаром проста таму, што ў яго папросту не было цынку, які можна было б у той ліхтар заправіць?
268 І нават манекены побач з выкапанымі ямінамі раскідваць было не трэба, каб трымаць люд наводдаль. Тросы чапляліся за бетонныя падмуркі вагою не менш за палову танка. Мабыць, падчас добрай вятрыны вежу гайдала, як Гацака пасля двух дозаў Цугундаравай брагі. Я ўскараскаўся на пляцоўку ды абшнарыў паверхню ў пошуку лічбавага замка. Але наверсе нічога не было. Тады я злез і стаў правяраць зямлю ля рубінавага пастамента. Зрабіў амаль поўнае кола, покуль не зачапіўся нагой за нешта, падобнае да музычнай калонкі. Скрыня была гладкая, з вузкай шчылінай уздоўж накрыўкі. Кіруючыся логікай цёмных часоў, я дастаў нож, уставіў лязо і стаў разгойдваць шчыліну, і невядома, чым бы ўсё скончылася, калі б выпадкова пальцам не націснуў паглыбленую ў метал кнопку. Накрыўка ссунулася ўбок з пнеўматычным шыпеннем.
269 Мы рухаліся кудысьці, ішоў дождж, ён быў па-ліпеньску цёплы і меў пах каляндры, кмену ды марской солі. У фіялетавых нябёсах кірлікалі чайкі, падсветленыя знізу памяранцавым святлом мегаполісу. Яны былі падобныя да вёрткіх самалёцікаў для ліліпутаў, якія зайшлі на пасадку занадта нізка, так нізка, што зараз зачэпяцца за гэты мінарэт, за гэтую шыльду, за гэты абрэз даху. Прадавец каштанаў сунуў нам у рукі куль з пахкімі, падобнымі да печанай бульбы, камячкамі. Нейкім чынам мы апынуліся ў трамваі, які валок нас праз масты ды хаатычныя россыпы плошчаў. Насупраць сядзела дзяўчынка, яшчэ не дастаткова сталая для таго, каб яе прыгажосць трэба было хаваць пад хіджабам. Яна боўтала нагамі, лізала марозіва і разглядала нас. Запытала штосьці. Я перапытаў па-ангельску, без усялякай надзеі на паразуменне.
270 У лесе нас ужо чакалі: некалькі мужчын і жанчын у плашч-палатках. Нам загадалі зьняць зь сябе боты і каштоўныя рэчы. Для нас ужо быў выкапаны неглыбокі равок. Трэба было падыходзіць да раўка, паварочвацца сьпінай і нахіляць галаву. Жанчыны нашывалі нам сінія пагоны і сьпіхвалі па адным уніз. Воддаль, на самым краі раўка, стаяў, хістаючыся, нейкі афіцэр. Ён агучыў баявую задачу: мы мусілі чакаць загаду і сядзець тут у засадзе. Мы правялі ў лесе ўвесь дзень, у нейкім ачмурэньні, бязмэтна бадзяючыся па кустах, мацюгаючыся, рагочучы, як дэбілы, з нашых сініх пагонаў. Па абедзе ваенрук кудысьці зьнік, зьніклі і тыя ў плашчпалатках. Увечары аўтобус забраў нас, галодных і дурных, і адвёз у Шабаны. На гэтым тая Задніца патухла. Магчыма, былі і іншыя. Ня выключана. Нашае ратаваньне было ў тым, што мы былі шабаноўскія.
271 З кожным паднятым пакетам, з кожнай адпраўленай наверх скрыняй, з кожнай валізай і кожным скруткам Сафія адчувала, як яна набліжаецца да канца нейкай дзіўнай гісторыі, якая зь ёй адбылася. Гэтая гісторыя пачалася даўно... Калі яна аднойчы апоўдні ў нядзелю гатавала рыбу. Няўжо і праўда існавала нейкае акно, да якога патрабаваўся асаблівы падыход? Дзе цяпер гэтае акно, на якім сьметніку, на якім лецішчы? Што празь яго відаць цяпер: дзьмухаўцы, дзядоўнік, засохлую грушку, гасьцінец са сьлядамі асфальту, заблукалы трактар? Ці ў тым акне асінае гняздо і, прадраўшыся скрозь слой лаку і фарбы, у ім ужо жывуць жучкі-чарвячкі? Даніла мыецца ў душы, нешта занадта доўга мыецца, мыецца і сьпявае, няхай сьпявае, сал, бэн, рош, ён быў зь ёй увесь гэты час, час быў зь імі ўвесь гэты ё... Тут можна жыць. Тут трэба жыць.
272 Яна зразумела і сунула флэшку ў кішэнь сваіх шортаў, якія ёй выдала ўчора непрыветная грудастая дзяўчына. Там, у гэтай кішэні, ляжала яшчэ нешта. А менавіта неахайна складзены лісток паперы, на якім былі няроўныя крамзолі, выведзеныя ці то дзіцячай, ці то старэчай, ці то параненай рукой. Сёньня на досьвітку ў пакой, дзе спала Касія, увайшла старая жанчына. Маці гаспадара, якую Касія ўратавала ў моры, недалёка ад берага. Яна страціла лодку, затое дзякуючы ёй жыў чалавек. Гэта напаўняла Касію гордасьцю. Ёй яшчэ ніколі не даводзілася ратаваць людзей. Жанчына была такая старая, што Касія нават прыкладна не магла б вызначыць яе ўзрост. Можа, дзевяноста. А можа, сто дзесяць. А можа, яна была несьмяротная. У апошняе верылася. Толькі несьмяротная жанчына ў такім веку можа пайсьці ўначы ў неспакойнае мора.
273 І мужчын у мяне не было таксама, удакладню на ўсялякі выпадак. Не, не падумайце толькі, што я нейкі вычварэнец. Проста я ня ведаю, навошта гэта мне, калі ў сьвеце існуе, напрыклад, лета. Вось гэтае лета: зь ягонымі сонцамі, пахамі, травамі, гарачым асфальтам, людзьмі і шумам. Я зроблены зь лета: у мяне пад пахамі пахне скошанай травой, мае пазногці пахнуць асфальтам менскіх вуліц, у маіх вачах скачуць сонцы, і разглядваючы людзей, я паўтараю іхныя звычкі і ціха сьмяюся, калі ў мяне выходзіць распусьціцца ў іхным шуме. Я шчасьлівы і так, бадзяючыся начамі па менскіх парках і думаючы рознае пра людзей, птушак і расьліны. Вядома, я ведаю, што такое стасункі: я прачытаў столькі кніг і паглядзеў столькі рознага кіно, што мог бы, напэўна, імітаваць гэта з большым ці меншым посьпехам, як, зрэшты і ўсе.
274 Першамайская пахне прахалодай пустаты, тут мала хто выходзіць, а заходзяць зь іншага боку, у іншым напрамку, Пралетарская пахне электрычкай і семачкамі, Трактарны Завод бляскам яркіх лямпаў сьмярдзіць, шумны і гулкі, нібы ліцейка, а на Партызанскай заўжды цёмна, як у летнім лесе перад чыгуначнай дывэрсіяй, і пах тут такі: пах небясьпекі. Аўтазаводзкая белая з касьцяным адлівам, як сукенка шабаноўскай нявесты, і пахне абуткам, які насілі ўвесь дзень не здымаючы. Ужо тут, у тунэлях, пах зьмяняецца канчаткова, і ты разумееш, што едзеш на край гораду: водар холаду, тынку, жалеза, рабочага подыху, прахадной, мэтал і цемра. І вось на Магілёўскай ты выходзіш і забіраеш з сабой на паверхню апошні, разьвітальны пах, так пахне горад, які кінулі ў атаку на сырую зямлю, давай, давай, зраўняй зямлю зь зямлёю.
275 Мы слухалі: нехта чырванеў, нехта апусьціў вочы долу, нехта калупаўся ў носе, што разьюшвала яе яшчэ больш. Я глядзеў на яе, і мяне перапаўняў дзікі гнеў: гэтая жанчына лічыла, што мае поўнае права на нас крычаць, і толькі з той прычыны, што выкладала ў нас нейкую там мэтодыку, нудны, бязглузды, абсалютна не патрэбны мне прадмет, ёй было пляваць на ўсе мае кнігі, тэксты, музыку, на маю маладосьць і свабоду, на маю будучыню, яна называла ўбоствамі некалькіх ня самых дурных на факультэце хлопцаў толькі таму, што яны не хадзілі на яе цудоўны курс па маніпуляваньні дзецьмі. Я нічога не сказаў. Ніхто нічога ёй не сказаў. Мы ведалі, што ад яе залежыць: заставацца нам студэнтамі або ісьці ў салдаты. Яна выкрычалася, выцерла пот, паглядзелася ў люстэрка, пагардліва адвярнулася і паставіла нам усім залік.
276 Помню, было холадна. Мы, я і Глеб, стаялі каля дзвярэй, зачыненых і шкляных. Нам было па дванаццаць гадоў, і другі год мы займаліся плаваннем. Мы прыйшлі на трэніроўку першымі. Дакладней, калі прыйшоў я, Глеб ужо стаяў на прыступках бетоннага ганка. За шклянымі дзвярамі нас чакаў вестыбюль басейна, цёмны і пусты. Глеб заўсёды прыходзіў першы. Ёсць такія людзі, што прыходзяць раней за іншых. Калі прыйшлі мы, вартаўнік яшчэ спаў у гардэробе на раскладушцы. Мы бачылі праз шкляныя дзверы, як ён спіць. Але ні я, ні Глеб не мелі жадання пабудзіць вартаўніка. Быў пачатак зімы, і падаў дробны, як алюмініевае пілавінне, снег. Было чуваць, як сумна гудуць тралебусы і далёка звіняць на прыпынках трамваі. Снег напаўняў мітуснёю конусы ліхтарнага святла. Мы чакалі трэнера на холадзе, пад снегам на прыступках.
277 Потым я адчуў, што плоскасць, якая несла Глеба да перамогі, знікла, і Глеб перастаў мяне цікавіць. Мне пачало здавацца, што чорная стужка на дне басейна зусім не рухаецца. Астатнія пяцьдзесят метраў я ледзь праплыў, нават не праплыў, а праіснваў у стане руху на вадзе. Калі я дакрануўся да сцяны і стаў на дно, рукі ўсплылі і леглі на паверхні, а вада зрабілася гарачай і шчыльнай, быццам тлушч. У душ Глеб зайшоў адразу за мной. Мы стаялі пад халоднай вадою. Мы ведалі, што вада халодная, але не адчувалі гэтага. Зайшоў трэнер і пачаў хваліць вынікі. Я глядзеў на трэнера праз ваду, і ён у сваім чырвоным касцюме нагадваў мех з яркага цэлулоіду. З-за шуму вады мы не чулі трэнера. Мы толькі разумелі, што ён хваліў нас. Я падумаў, што трэнеру абавязкова трэба набыць сінія фірменныя спартыўныя штаны.
278 Ярак прайшоў у спартыўны аддзел, дзе на паліцах знайшоў мячы. Хлопец выбраў пругкі, ярка-чырвоны, з цёмна-сіняй палоскаю, двухрублёвы, такі, як і хацеў, мяч. А навокал купляліся і купляліся навагоднія цацкі, а прадаўшчыцы складалі і складалі тыя цацкі ў кардонкі, выбівалі і выбівалі чэкі. Гулі касавыя апараты, звінелі капейкі, шапацелі рублі, называўся кошт, лічылася рэшта... Здавалася, увесь горад прыйшоў купляць забаўкі. Снег ляцеў наўскос і заштрыхоўваў святло ў вокнах. Чым вышэй паверх, тым шчыльней клаліся жывыя штрыхі. Ярак спыніўся пад святлафорам і глядзеў на чырвоную смірную фігурку. Побач стаяла жанчына і трымала за руку хлопчыка, які прыціскаў да сябе вялікую светлую кардонку. Раптам вецер сарваў накрыўку з кардонкі і кінуў яе на дарогу. У кардонцы цьмяна паблісквалі гладкімі бакамі ёлачныя шары.
279 У аўтобусе Яраку цяжка было глядзець на хлопчыка, які трымаў непатрэбную накрыўку. Яму хацелася дапамагчы хлопчыку. Аўтобус прытармазіў на прыпынку. Ярак сунуў грошы ў руку хлопчыка і саскочыў на тратуар. Аўтобус пакаціў па льдзістым асфальце, пад бязлістымі галінамі бульварных ліп і таполяў. Калі Ярак зайшоў у кватэру, бацькі ўжо апраналі Броню, каб ехаць дамоў. Хлопец хацеў падараваць мяч, але спыніўся. Яму зрабілася крыўдна, бо такі самы, чырвоны з сіняй палоскаю, мяч трымала ў руках Броня. Маці сказала, каб Ярак распранаўся і ішоў вячэраць, а яны паедуць, бо Броню трэба класці спаць. Ярак аддаў мяч бацьку і пайшоў на кухню, дзе на стале зіхацеў толькі што вымыты святочны сервіз. Баба дастала з халадзільніка блюда з кавалкам торта, у які былі ўторкнуты тры свечкі. Ярак адчуў, што прагаладаўся. Ён еў торт.
280 Але нам гэта падабалася. Мы верылі ў сябе, у сваю моц, у тое, што мы здольныя на вялікія справы, здольныя скалануць гэтыя антычныя калёны застою й савецкасьці, мы мянялі сьвет, але ён чамусьці не мяняўся. Мы пачыналі зь сябе. Выкладчыкі на лекцыях звычайна пазіралі на нашу кампанію недаверліва, быццам мы прыйшлі не туды. Мы сапраўды існавалі ня ў тым месцы, кожнаму з нас было наканавана зьдзейсьніць у жыцьці іншае. Шызафрэнік часта бажыўся, што будзе новым прэзыдэнтам, лез у нейкую палітыку, піў, пакуль яго на трэцім курсе, на якім ён вучыўся ўжо чацьвёрты раз, не пасадзілі на восем год у турму. Але ён нават адтуль дзіўным чынам намагаўся раз на месяц тэліць загадчыку катэдры й распавядаць пра свае грандыёзныя пляны, пытацца пра справы. Шлёндра раптам апынулася вельмі файным, таленавітым фатографам.
281 Здаецца, у нас усё атрымлівалася занадта файна й лёгка, але насамрэч гэта было ня так. Дзьве выкладчыцы моцна варушылі нас на сваіх лекцыях. Яны кожны раз трымалі нашае падсьвядомае ў сваіх рукох. Мы, быццам падлеткі, заляцаліся да іхных ведаў, мы хадзілі на лекцыі з трымценьнем, кожны раз адкрываючы для сябе новае... Менавіта гэтыя дзьве выбітныя выкладчыцы, сапраўдныя прафэсіяналы, якіх мы вельмі паважалі й баяліся, зрабілі з нас тых, хто мы ёсьць, яны заклалі падмурак, на які мы ўжо надбудавалі ўсё астатняе... Яны шмат чаго нам даравалі, яны нас разумелі й шмат у чым дапамагалі, выцягвалі нас з палітычнай і адміністрацыйнай багны... Яны былі нашымі інтэлектуальнымі мамамі, і мы стараліся не апусьціцца ў іхных вачах... Але збольшага мы так і заставаліся студэнтамі-ёлупнямі з прэтэнзіямі на літаратуру.
282 Бахарэвіч кажа, што вельмі любіць гэты горад, але ён надта пералюднены, рыба пагаджаецца зь ім. Кафка кажа, што гэты горад навявае на яго смуту і дэпрэсію, але раней такога не было, раней ён вельмі добра адчуваў пульсацыю думкі. Ад раніцы да вечара ідзе працэс адваёўваньня тэрыторыі, ідзе працэс вычварэнізацыі, сукупленьня, блядзкасьці, фатаграфаваньня адных і тых жа месцаў... Чэшскі народ невядома дзе жыве, але ня ў Празе. У Влтаву ўпадаюць тры ракі: ромавая, піўная і сьлівовая, рыба баіцца патануць, сом-Бахарэвіч дадае мужнасьці, так проста рыба не патоне, хутчэй зь яе зварыць суп які рыбак з субмарыны. Рыба абірае ромавую раку, каб даплыць да Глобуса сьвету. Сьвяты Віт з кожным днём становіцца ўсё вышэй і вышэй, ягоныя карані ўжо спусьціліся ў раку, прывіды і вычварэнцы не даюць яму спыняцца ў росьце...
283 Вось у той ятцы на спуску ад пляца Волі да Нямігі, у якой раней мяса прадавалі і на месцы якой, калі мяса прапала, аўтамат з газіроўкай паставілі, штодня й круціўся каля кранікаў з вадой і сіропам Саламон Майсеевіч Бланк. Хударлявы, перакошаны ў плячах, з гарбузаватай, злыселай ад лобу да макаўкі, галавой. Мітуслівы, ён вытыркаўся і вытыркаўся з вакенца яткі, як зязюля з гадзінніка. Ці як шпак са шпакоўні. Цяпер можна сказаць, што ён увогуле вытыркаўся з часу. Яшчэ больш мітуслівымі, чым сам Саламон Майсеевіч, былі ягоныя рукі, якія жылі, здавалася, асобным і адна ад адной, і ад Саламона Майсеевіча жыццём. Калі нехта ваду без сіропу прасіў, дык дзвюх рук гэта не займала... Адной рукой кранікі круцячы, Саламон Майсеевіч другую ўскідваў, нібы ўвагі прасіў, каб з вакенца яткі зараз жа прамову пачаць.
284 Бацькі Палкоўніка былі нейкімі надта заўзятымі бальшавікамі, нават большымі бальшавікамі, чым сам таварыш Сталін, якога Кім неўзлюбіў хоць і пазней за Саламона Майсеевіча, але сказаў пра гэта раней: не па смерці правадыра ўсіх народаў, у тым ліку і татарскага з габрэйскім, а пры ягоным жыцці. І сказаў не з вакенца яткі, каля якой стаяла млявая чарга па газіроўку, а ва ўніверсітэце, дзе праходзіў бурлівы сход самага зацятага атрада Камуністычнага Інтэрнацыяналу моладзі. Праз гэта Кім, які пазней, зарабляючы на хлеб і гарэлку, напісаў процьму кандыдацкіх і доктарскіх дысертацый, назаўсёды застаўся недавукам, пераведзеным з універсітэта ва Уладзімірскі цэнтрал, са студэнцкай лаўкі на турэмныя нары, на якіх навучыўся не любіць не толькі таварыша Сталіна, але і Хрушчова, і Брэжнева, і ўсіх, хто быў пасля.
285 Я прынёс яму невялічкі, італьянскі, на запальнічку падобны, ён і яго ня ўзяў... Так пісталецік той у мяне і застаўся. Нашу яго з сабой, ніхто ня думае, што сапраўдны. А хлапчук вяроўкай абыйшоўся... У бацькі ягонага ў ахове мой аднакашнік армейскі, былы сьпецназавец, служыў, які мяне папярэдзіў, што гаспадар, як толькі сына пахаваў, адразу ў Маскву паехаў. Каб давесьці там, што партыец даўно ўжо ўсім замінае. І давёў, з ім згадзіліся. Так што чакай, сказаў аднакашнік, гасьцей. Ці саскоквай, каб мы адзін аднаго не пастралялі. Я ня стаў чакаць. Перад тым, як саскочыць, пачысьціў партыйца. Ламануў, можна сказаць, партыйную касу. Праз гэта мяне і пачалі даставаць за мяжой: вярні не сваё. Хрэн вам. Чаму яно не маё, а ваша? Вы што: каралямі нарадзіліся?.. Дома мне не выпадала жыць. Хіба што зусім нядоўга.
286 У канавіне я заўважыла, што ён усё ж паглыбіў падкоп пад валуном, каб той лёг плазам. Каб усе костачкі мае раструшчыў, каб сьледу не засталося. Я ўсё думала і думала пра жарабя. Пра тое, што зратавала яго ад агню, каб у агні спаліць. Супярэчаньне было такім вострым, што разразала мяне напалам. Гэта цяпер я ведаю: чалавек толькі тым і займаецца, што стварае, каб парушыць, і ратуе, каб зьнішчыць. А тады, ня ведаючы законаў гэтага сьвету, я ніяк не магла зразумець: як такое сталася?.. З усяго, што мясьцілася і не магло ўмясьціцца ў маёй сьвядомасьці, вынікала адно: калі б я ня выбралася з-пад валуна, жарабя засталося б жывым. Цяпер мне цяжка ўспомніць, як я дадумалася да таго, што, калі я жывая, а жарабя праз мяне мёртвае, дык мне трэба пахаваць ягоныя абгарэлыя костачкі там, дзе маглі б ляжаць раструшчаныя мае.
287 Але я забылася на тое, дзеля чаго ванна набіралася... Пажар слаўся на ветры, вецер закручваў языкі агню то ў адзін бок, то ў другі, полымя паўставала сьцяной, у якой не знаходзіла выйсьця, паратунку, хоць ён быў... З фотакарткі ў пашпарце Веры глядзела я. Я ўспомніла, што зьбіралася зрабіць гадзіну таму... Ускаціла Веру на коўдру і асьцярожна, каб нідзе не драпнуць, зацягнула да прыбіральні. Там узяла пад пахі і падняла ў ванну. Эмаліраваны край ванны быў гладкі, ня драпаўся. Уладкаваўшы Веру роўненька, я дабрала цёплай вады, узяла скальпель і рэзанула па запясьці левай рукі. Паклала скальпель на край ванны. На ім не было ні крывінкі. Выйшла, прыкрыла дзьверы. Апранулася ў адзежу Веры. Прыбралася ў кватэры. Хоць там і прыбіраць не было чаго: дзьве шклянкі памыць ды пляшку на сьметнік выкінуць.
288 Не ўсё і не ўсе людзі бачаць, што існуе на гэтым свеце. На тваіх землях, менавіта ў гэтай пушчы год таму я высачыў аднарога. З вясны да глыбокай восені я вывучаў нораў і звычкі гэтага каня, каб падабрацца да яго. Але ўзяць яго немагчыма было ні сілай, ні хітрасцю. Вяртаючыся ні з чым да сваёй нявесты, я набрыў на лясную зямлянку. Старому, які ляжаў у ёй на хваёвай падсцілцы, закіданай імхом, нядоўга заставалася жыць. Ён адмовіўся падзяліць са мной ежу, але папрасіў вады. На раніцу стары закончыў свой зямны шлях, але ён паспеў расказаць мне, што скарыць аднарога можа толькі нявінніца, некранутая мужчынам дзяўчына. Калі яна падыдзе да каня, прылашчыць яго і пацалуе ў рог -той будзе служыць ёй да скону. Падмануць аднарога нельга. Жанчыну, якая намерыцца завалодаць ім, конь нанізвае на свой рог.
289 У Даруты ажно круцілася ў галаве ад ведаў, што шчодра сыпаліся на яе ў той дзень. Яна хацела яшчэ распытаць цыганку пра многае, але тая змоўніцкі прыклала палец да вуснаў. Зара навучыла дзяўчынку трапна кідаць нож. Дарута кідала нож з левай рукі, але гэта не замінала ёй. Яна магла трапна зрэзаць ім шышку на вершаліне сасны. І не прамахнулася нават у ястраба, які на яе вачах ледзь не ўчапіўся сваімі кіпцюрамі ў лясную галубку. Пасля яна плакала над скалечаным ястрабам, ужо шкадуючы яго. Зара параіла вылечыць птушку. З дапамогай зёлак, якімі Дарута лекавала птушку, ястраб загаілася крыло і ён суправаджаў іх, часам адлятаючы па сваіх птушыных справах. Цяпер Дарута не толькі не ратавала ад яго галубоў але іншым разам і ласавалася птушкай, засмажанай маці або Зарай са здабычы, ахвяраванай ім ястрабам Рабі.
290 Каб суняць узрушанасць, што нарастала ў крыві, князь вырашыў сам зазірнуць у пакой княгіні. Уцеха бегла наперадзе, нібыта чытала ягоныя думкі. Перад дзвярыма князь на нейкі час прыпыніўся. Яму не хацелася бачыць там чужую жанчыну, а сэрца тым часам замірала, нібыта зараз адчыняцца дзверы, а там... Князь далікатна пастукаўся. Ніхто не азваўся і, мяркуючы, што дзяўчына можа моцна спаць пасля страты здароўя, ён хацеў павярнуць да бібліятэкі, як Уцеха сама прашмыгнула за дзверы, адкуль адразу пачуліся гукі плачу. Князь усхвалявана кінуўся ў пакой. І гэты пакой быў пустым, але цяпер Уцеха не тое плакала, не тое скавытала, стоячы на кленях перад раскіданым, як у бойцы ложкам. Князь не любіў нечаканасцей у сваім замку. Апошнім часам яны на-дарваліся тут усе часцей. Гэта нараджала прадчуванне трывожных падзей.
291 Па дарозе Змога прадбачліва, каб не прыцягваць да сябе ўвагі напрасіўся навязаць свайго каня каля былога гумна наводшыбе сядзібы лоўчага, мяркуючы, што прымусіць старога дапамагчы яму вывезці дзеўку з замчышча. Хаваючы позірк, ён нацягнуў на лоб лямцавую магерку, ды, нібыта з нагоды халаднечы, прыхапіў з-пад стрэшкі гумна шэрую ваўняную світку. Ён некалькі разоў бываў у замчышчы, але тады сваёй звычайнай апраткай болей адпавядаў шляхціцу. Наўрад ці яго там памятаюць. Ды, папраўдзе, свіслачанаў ён не цікавіў. Ціхі, утойлівы бабыль, які зрабіўся шляхціцам і атрымаў чын харунжага, дзякуючы таму, што некалі падаўся ў войска. Амаль адразу пасля кантузіі быў вызвалены ад службовых абавязкаў. Пра кантузію ён тут нікому не апавядаў. Ды і што апавядаць? Проста бачыў кантужанага і хапіла розуму падрабіцца.
292 Другой рукой ён заціснуў свой нос карункавай хусцінкай. Ад хусцінкі, якая апынулася побач з яе тварам, сыходзіў незнаёмы Даруце, але прыемны пах. Граф клапатліва пасунуў да дзяўчыны крэсла, якая з цяжкасцю паднялася на ногі, спакойна і ўважліва аглядаючы пакой па-над галовамі прысутных. У яе ўпэўненасці графу пачулася прыроджаная веліч. Можа быць, ён сустракаў яе ў Варшаве? Вавелі? Ці Львове? Празе?.. Перабіраючы ў памяці жанчын, якія трапляліся яму ў яго прыдворным жыцці, ён не знаходзіў там падобных да гэтай зялёнавокай дзяўчыны, якую паспеў разгледзець у атачэнні яе раскудлачанага шызага валосся, і, разумеючы жаночае хараство, быў цяпер прыемна ўражаны. Ён нават не падумаў, што на пару ягонага прыдворнага жыцця яна была яшчэ маленькай дзяўчынкай. Але, Матка Боска, які смурод ішоў ад яе!
293 Мальчук, якому было загадана перадаць Зенку, што князь выпраўляецца ў маёнтак, хутка знік за абрывам над Свіслаччу. Князь ужо начуўся пра сквапнасць графа, разлічаная шчодрасць якога дорага абыходзілася таму, на каго была скіраваная. Можна было спадзявацца, што граф не адмовіць мяккаму, уедліваму бляску скіфскага золата і пранізліваму, сляпучаму ззянню вялікамагольскіх адамантаў і карундаў. Раней князю і не ўяўлялася нават, што ён здольны сам аддаць гэтыя скарбы ў рукі ворага. Але цяпер, не вагаючыся, ахвяраваў бы ўсім, чым валодаў, каб вызваліць сваю дачку. Вядома, ён паднясе гэта графу, як падарунак за клопат аб князёўне. Хто ж адмовіцца ад такога падарунка? Хіба што Радзівілы. Прыкра, але што яшчэ заставалася ў яго апроч замчышча і зямлі, што карміла князя і ягоных людзей, якія зараз сядлалі коней.
294 Халей бухнуўся на калені. Ён разумеў, што пан усё адно дазнаецца цяпер. Ці ў дзеўкі выпытае, ці хто з шэйпіцкіх шапне, што Ходзька з грэблі прыскакаў, ды выцягнуў яго з Тамашам з полымя, таму ніяк не мог быць забітым у бойцы. Дазнаецца, што ўспомніў Халей пра дзядзьку пана, калі дах ужо абваліўся. Можа быць, каб раней, дык таксама жывым застаўся. Здагнала Ходзькава кроў... Тое, што граф пачуў ад цівуна, уразіла настолькі, што цівун мог спакойна пакінуць маёнтак. Напалоханы сваім прызнаннем, Халей не мог крануцца з месца. Граф нанова перажываў смерць свайго дзядзькі. Ён раптоўна адчуў вострую нянавісць да гэтай зямлі, на якой заставаўся чужынцам. Крыўда, агіда, гнеў на ўсё тутэйшае мужыцкае племя, на хуткаспелых шляхціцаў, якія множацца ў часе няспынных войнаў, і нават на лаву, што была пад ім.
295 Людзі, наладаваныя самым неабходным у паходзе скарбам, прабіраліся ў халоднай вадзе амаль гадзіну, ужо непакоячыся, што канца гэтаму ходу не будзе. Нарэшце тыя, хто ішоў наперадзе, падалі знак спыніцца. Ход упіраўся ў глухую сцяну, складзеную з дубовых бярвёнаў. Усе ў разгубленасці азіраліся. Ніхто не ведаў, што рабіць далей. Князь, які цёмнымі калідорамі і доўгім спускам па каменнай спіральнай лесвіцы вывеў іх на гэты шлях, вярнуўся ў замак, дзе заставаўся маленькі атрад на чале з Войцехам, чакаючы ягоных распараджэнняў. Выйсця з тупіка не было. Пра тое, каб вярнуцца, баяліся і думаць. Усе бачылі, як за князем павярнулася каменная сцяна, калі яны спусціліся ў гэты ход. Ніхто не ведаў, колькі часу яны таміліся з таго моманту, як пакінулі замчышча. Дапякала не толькі стома, але і холад, які даставаў да касцей.
296 Прыйшла, урэшце, звестка. Андрэя Кагута павінны былі скора прывезці ў Маскву, каб, адразу пасля вялікадня, адправіць з этапам у Сібір. І Андрэя і яшчэ некалькіх катаржан павінны былі пасяліць у Бутырскай турме, аддаць у лапы сумна вядомаму Кірушку, набіць кайданы і адправіць праз Рагожскую заставу па Ўладзімірцы. Трэба было дзейнічаць неадкладна. Перш за ўсё Алесь накіраваўся на Смаленскую заставу і дамовіўся там з чатырма ямшчыцкімі тройкамі. Даў грошай і папрасіў, каб людзі чакалі на працягу тыдня пасля вялікадня і ўдзень і ўначы. Ён не збіраўся карыстацца гэтымі запрэжкамі. Ён ведаў: збеглага перш за ўсё кінуцца шукаць на тую заставу, адкуль вядзе дарога дамоў. І тут яны знойдуць падрыхтаваныя тройкі, зробяць засаду і стануць чакаць прыходу заказчыкаў, якія не прыйдуць, дадуць уцекачам магчымасць уцячы.
297 Потым, пахаваўшы Марылю, амаль усіх сталага веку людзей, у тым ліку і Антося Клаўдзя запрасіла на памінкі. Яна рыхтавала і распараджалася ўсім, бо Марыліна дачка была неспрактыкаваная, нават бездапаможная ў гэтых справах, жывучы як у Хрыста за пазухай, за гаспадарлівай і ўвішнай свякрухай. А свякруха тут, на чужых людзях, не надта хацела ўмешвацца, тым больш што нябожчыца, як памірала, прасіла гаспадарыць на памінках не яе, сваццю, а сваю даўнюю сяброўку Клаўдзю. Клаўдзя больш за ўсіх гаравала па Марылі, больш нават, чым Марыліна дачка, не кажучы пра іншых сваякоў. Яна аж учарнела ад бяды і слёз, не магла ніяк выйсці з няўцешнай роспачы. Антосю было вельмі шкада Клаўдзю, хацелася нечым супакоіць, нечым дапамагчы, хоць якая ад яго можа быць помач, чым ён можа супакоіць-суцешыць Клаўдзю, ён не ведаў.
298 У нас да вайны ў Гомеі было брацтва. Рукапісы і друкі зьбіралі, чыталі. Дык я і ведаю пра многае ня толькі зь дзядоўскіх паданьняў. Шмат расказалі кнігі мне старыя. Вось я і раю быць асьцярожнымі. Лепей мы хітрасьцю, чым яны нам шчырым агнём. Пакуль трэба акапацца і пачакаць. Нашы абавязкова адчыняць браму. Палкоўнік Забела слухаў Лявона з крывой усьмешкай, але разумеў, што паказачаны гомейскі братчык мае ў сваіх развагах рацыю. Хітнуўшы на знак згоды галавой, ён скіраваў каня ў бок загонаў Літвіненкі і Паповіча, якія акурат набліжаліся. Учыніўшы раду, тры палкоўнікі аддалі сваім казакам загад рыць вакол горада шанцы, разыгрываючы перад ворагам гатовасьць да працяглае аблогі. А каб ня быць засягнутымі зьнянацку, частку казакоў выправілі ў разьезд па вёсках і па ўсіх дарогах на колькі вёрст для вартаваньня.
299 Абаронцы Гомея марнавалі сябе няспаньнем. Ні паручнік Заякот, ні сотнік Пац нават на волас не задрамалі і не давалі рабіць гэтага сваім падначаленым. На колькі атрымлівалася, яны выглядвалі, што робіцца за парканам. Панавала цемра. Апроч паходняў, якія давалі зусім мала сьвятла, адзінай вялікай сьвяцільняй служыў месяц. Але ягонага зьзяньня было недастаткова, каб добра разгледзіць немалы абшар да казацкіх намётаў. Там палалі вогнішчы. Там раз-пораз выбухаў рогат. Ад гэтага рогату абаронцам горада рабілася непамысна вусьцішна, нібы цемра між імі і казакамі была ня проста полем, а мостам паміж зямною явай і безданьню апраметнай. Іштван Заякот у думках прысьпешваў надыход сьвітаньня. Ворага ён хацеў бачыць у твар і пры неабходнасьці перайсьці да чыннай абароны, пакуль не ачомаўся асьцярожнік Мантгомэры.
300 Ён падазрона ўзіраецца ў акно. Ён чагосьці баіцца... Аўтобус паволі выбіраецца з натоўпу нэрвовых людзей і мёртвых дамоў. Нібы навобмацак, грузнавата, але ўпэўнена аўтобус выяжджае на шашу. Аўтобус вязе нас у Замак. Жанчына ў белай сукенцы, зьніадкуль, раптоўна, з майго цёмнага юнацтва... Адзіны знаёмы мне твар. Гэта цяпер я магу расказаць пра кожнага з пасажыраў так падрабязна, быццам яны ўсе былі ў мяне на споведзі. А тады я меў свае пляны. Блышыны рынак у галаве разгортваўся, раскладваў тавар, заляжалыя, смутныя думкі. Як толькі я заняў сваё месца, вакол маёй галавы быццам бы ўтварыўся празрысты шар, і адтуль, з глыбіні гэтай сфэры, я, прыплюшчыўшы вочы, назіраў за пасажырамі, думаючы пра сваё. Але пра мае пляны пазьней. Мы ўсе тады мелі пляны. Але толькі адзін зь іх быў увасоблены ў жыцьцё.
301 Памахваючы голымі нагамі, варушачы пальцамі, Босая глядзела на мяне і ўсьміхалася, быццам толькі што ўдала пажартавала. Белая сукенка ледзь закрывала яе загарэлыя калені. Аголенымі рукамі яна ўпіралася ў стол і ўсім сваім выглядам паказвала, што, па-першае, зусім ня зьдзіўленая майму зьяўленьню, а па-другое, цалкам задаволеная становішчам. Справа ад яе стаяў белы, колеру сукенкі, адчынены ноўтбук, а зьлева мірна ляжаў Фалічны Сымбаль, і ў адтуліне ягонага дула быў нейкі сэнс, які мне ня надта хацелася спасьцігаць. Я расказаў ёй, навошта прыйшоў. Па яе твары было відаць, што яна не паверыла ніводнаму майму слову. Дакладней, не паверыла, што я прыйшоў да яе ня сам па сабе, а як пасланьнік мудрых і магутных, паланёных ёй мужоў. Відавочна, яна думала, я буду прасіць для сябе літасьці, па знаёмству.
302 Яна ўкусіла яго, мая Глюмдалькліч. Яна з усяе моцы ўкусіла яго ў цемры разьдзявальні сваімі дзявочымі, дробнымі, мушынымі зубамі проста за запясьце, яна ўкусіла яго так, быццам ад гэтага залежала яе жыцьцё, і пракусіла яму артэрыю. Прыбеглі настаўнікі, нехта кінуўся ў мэдпункт, а са спартзалі ўсё гэтак жа чуліся раўнамерныя ўдары мяча. Глюмдалькліч усьміхалася. Кажуць, у яе на вуснах была кроў, і хаця я ня бачыў гэтага, мяне апанавала такая рэўнасьць, што я не пайшоў у той вечар да маёй дзіўнай сяброўкі, я ня мог. Пракусіўшы яму руку да крыві, яна нібыта здрадзіла мне, мне, яе Гулівэру, мне, зь якім мела столькі таямніцаў, мне, зь якім у яе было столькі нявымаўленых размоваў. Я не хацеў яе бачыць. Толькі ўспамінаў, разгрызаючы скуру на пальцах, нашую апошнюю размову, і моршчыўся ад крыўды.
303 Адным з такіх прадпрыемстваў і быў Яраслаўскі шынны завод. Утвораны асобны лагпункт з ліку зняволеных павінен быў закласці толькі падмурак, але атрымалася так, што яны і ўзводзілі сцены, і манціравалі станкі. Бо ў горадзе такіх прадпрыемстваў-навасёлаў былі дзесяткі, і ўсе патрабавалі дармовай рабочай сілы. Працавалі на будоўлі разам і вольнанаёмныя, і зняволеныя. Такое Міхась сустрэў упершыню за ўсе чатыры гады свайго паднявольнага жыцця. Цяжка было адрозніць зэка ад астатніх рабацяг. Толькі па адзенні можна было ўлавіць розніцу паміж гэтымі катэгорыямі людзей ды яшчэ па тым, што сярод зняволеных былі толькі мужчыны, а сярод вольнанаёмных пераважалі жанчыны, таму што мужчыны ваявалі на франтах Айчыннай вайны. Што ж датычыць сытнасці, а пасля ўжо і вопраткі, дык паміж імі можна было паставіць знак роўнасці.
304 У мяне проста слёзы на вачах. Каб жа твае словы ды Богу ў вушы. За гэты час, што яны палуднавалі і гаманілі, прайшоў невялікі дожджык, пастукаў, як гарохам, па шыферным даху, нібы кажучы: не спяшайцеся, пагаварыце спакойна, я тут трохі пакраплю зямельку і усе жывое на ёй, каб яно расло, цвіло, выспявала, каб людзям лягчэй жылося, каб іх праца аплацілася, акупілася... Янка думаў, што на гэтым усё і закончыцца, але памыліўся. Рагнеда нечакана перавяла гутарку на тэму, якую яны закраналі, але яна не была абмеркавана з усіх бакоў, якую яны адкладвалі на канец свайго адпачынку, каб маці магла канчаткова вырашыць, прымаць іх сюды ці не прымаць. Рагнеда паўтарыла амаль слова ў слова тое, што гаварыла тады, як яны хадзілі ў госці да Янкавай сястры Жэні: пра важнасць такой рэчы ў чалавечым жыцці, як уласны дом.
305 Ві-іцечка! Цётка Маня адарвала нітку, але мы не паспелі нават валёнкі скінуць, каб надзець штаны, бо ўжо немец збіраўся стрэліць у зямлянку, і дзед крычаў нам і махаў рукой, каб зараз жа вылазілі. Цётка накінула на Галю паліцечка, схапіла яе на рукі і штурхала мяне па выхадзе наверх. Людзі ўжо ўсе стаялі на паляне. На двое санак пасадзілі самых хворых і зусім малых. Галю цётка трымала на руках. Сцяпаніха з раскіданымі валасамі, закінуўшы рукі за шыю, галасіла ў снезе. Немцы валаклі, білі ботамі і прыкладамі яе сына. Віця цягнуў за сабою па снезе вінтоўку. Немцы завалаклі яго з паляны ў кусты, і адтуль грымнулі два стрэлы. Сцяпаніха ўткнулася галавой у снег, бабы паднялі яе і занеслі на санкі. А нешта не відаць мужчынаў, дзеда, дзядзькі Васіля, усіх старэйшых хлопцаў. Іх немцы павялі ўжо...
306 Вайцех заўважыў, што хлопцы нырнулі ў цемнату. Ён рынуўся да бруствера і скокнуў уперад. Цяпер па ўсім сасонніку шумела страляніна. Вайцех шмыгнуў у гушчар ля нейкага бліндажа, відаць, штабнога. Каля яго не было салдат, толькі адзін вялізны немец стаяў у дзвярах навыцяжку і не звяртаў увагі ні на страляніну, ні на чалавека, што пёрся амаль на яго. Тут было цэлае скопішча эсэсаўцаў. Сасняк ля самай дарогі, за якім пачыналася багна, даў ім тут прытулак. Яны ляжалі ў акопах параспрананыя або проста на зямлі ля агнёў... Стралялі ўжо ў Вайцеха, але кулі свісталі недзе ўверсе. Ад агню яму раптам насустрач кінуўся нехта сагнуты з пісталетам у руцэ. Вайцех, націснуўшы на курок, ткнуў ствалом аўтамата яму ў грудзі, адкінуўшы таго потырч на зямлю. Лес стагнаў ад стрэлаў і крыку. Трэба было ратавацца...
307 Вайцех кінуўся да яго. Той плакаў, заплюшчыўшы вочы і ашчэрыўшы сціснутыя зубы. Плакаў без слёз, наўзрыд... Вайцех схапіў яго за плечы і стаў трэсці, затым кінуўся ў парог, шукаючы вядро з вадою. Толькі цяпер ён заўважыў, што ў хаце амаль нічога не было: ні ў першым, ні ў другім пакоі, дзе гарэў агонь. Ні стала, ні лаў, ні пасуды. У запечку было поўна саломы, якую, відаць, вытраслі з сенніка. Усё было перавернута ўверх дном. Развёўшы рукамі, Вайцех вярнуўся да ложка, не ведаючы, чым вярнуць да прытомнасці Андрэя. Але той ужо сядзеў, звесіўшы долу доўгія ногі. Сядзеў, неяк занадта выпрастаўшыся, і адкідваў назад галаву. Барада яго трэслася, і, здавалася, што яго ўсяго схапіў стаўбняк. Вось Андрэй перавёў чырвоныя вочы з Вайцехавага твару некуды ў глыб хаты, і зноў яго затрасло, курчачы ў сутарзе рукі.
308 Уперадзе, недзе на шашы, успыхнулі агні фар і, нібы спалохаўшыся цемнаты, адразу згаслі. Толькі цяпер Вайцех успомніў, што навокал ноч, кароткая летняя ноч, і што трэба спяшыць вярнуцца назад, што хлопцы таксама рызыкуюць і што з імі няма больш Гарэліка. Вайцех з мальбою глядзеў на каня, калі той рухавей затупаў, падымаючыся на горку. Ляскаталі калёсы, парушаючы спакой ночы і зноў хаваючы ад вушэй Вайцеха рэдкія стрэлы. Неўзабаве рызматай чорнай пасцілкай на фоне неба паказаліся вялікія старадаўнія вясковыя могілкі. Разведчыкі моўчкі знялі труну з калёс і гэтак жа моўчкі апусцілі яе ў чорную ад цемнаты яміну. Гарачыя слёзы змешваюцца з халодным белым пяском. Іх ніхто не можа ўбачыць у начным змроку. Іх толькі можа адчуць жалеза лапаты, якая назаўсёды закрывае ад вачэй Вайцеха любімага чалавека.
309 Роўна, спакойна гамонячы, нібы працягваючы старую няскончаную гутарку, Тацяна прыладзіла свае начоўкі і ўзялася за бялізну. Закіпела дружная спорная праца, у якой Марына Паўлаўна не толькі не тамілася больш, а нібы адпачывала ад ранейшае зморы. Гаваркая Тацяна без канца апавядала ёй разныя цікавыя гісторыі ці з свайго, ці з чужога жыцця, падаючы ўсё ў такім тоне, які мімаволі настройваў на лёгкія жартліва-іранічныя адносіны да жыцця і будзіў смелы бязрупатны смех, якога даўно ўжо не знала Марына Паўлаўна. Расказала Тацяна ўсю гісторыю свайго замужжа, і хоць шмат чаго тут знайшла Марына Паўлаўна блізкага сабе, балюча перажытага, але ў святле пацешнага Тацянінага апавядання здалося яно куды прасцейшым, звычайным і не толькі не раструіла незагоеных ран, а ў значнай меры падбадзёрыла Марыну Паўлаўну.
310 Гэта і ложак быў доччын, але, як Карызна выказаў быў свой непакой з прычыны таго, што высялялі яе, яна з поўнай шчырасцю яму растлумачыла, што спіць на ім вельмі рэдка, толькі ў якое вялікае свята. Ва ўсёй гэтай палавіне была застыўшы халодная чысціня, пазбаўленая цёплага людскага бязладдзя, што цалкам пацвярджала дзяўчыніны словы. Пакуль дачка парадкавала ў святліцы, ладзіла Карызну ложак, пакуль давалі вячэраць, гаспадар скрозь сядзеў на парозе, што з аднае хаты ў другую, смактаў піпку і маўчаў. Карызна быў-ткі паспрабаваў завесці з ім гаворку, дык ён адказаў нешта каротка і, як здалося Карызну, знехаця. Больш яго Карызна не турбаваў. Затое з дачкой яны праз цэлы вечар вялі вясёлую гутарку, якая Карызну давала вялікае здаволенне, узмацоўваючы той добры настрой, у якім ён выйшаў са сходу.
311 Ён ужо гатоў быў наракаць на яе за яе сухую замкнёнасць. Ці дзіва! Ён жа не ведаў таго, што яна цеперся стаіць за дзвярмі, закамянеўшы ў невымоўным болі, і сочыць праз маленькую шчэлачку за незразумелым ёй, але, мабыць, страшэнна цяжкім мітушэннем свайго мужа. Увечары пайшоў Карызна да Веры Засуліч. Яшчэ тады, адразу як агарнуў яго цяжкі смутак, залунаў быў уваччу ў яго бліскучы маладосцю і радасцю твар з любай прыветнай усмешкай і вабіў да сябе, абяцаючы цудоўную слодыч спацяшэння. Але ён перш і гэты вобраз адштурхваў, каб не разбаўляць ім так патрэбнага яму ў тую часіну болю. Таму і не ішоў так доўга да яе, хоць і ведаў пэўна, што ўсё роўна пойдзе... Смешны часам бывае чалавек з сваімі недарэчнымі перажываннямі. Веры ў хаце не было: сказалі, што пайшла ў нардом на рэпетыцыю. Карызна пайшоў туды.
312 Карызна ўсё гэта браў на сябе, на сваю няўдачу, страшэнна хваляваўся і злаваў. Чаму не пачне хто з сваіх? Многа ж хто меўся выступаць. Чаго яны маўчаць? Гэта ж немаведама што, гэта ж злачынства! Але раптам настрой разарваўся самым неспадзяваным чынам. На ўсю залу, закамянелую ў цішыні, балесна ўздыхнула тая маленькая бабулька, якую старанна расчульваў падчас прамовы Карызна. Нехта пырснуў, нехта перадражніў яе, і раптам завіхраваў у натоўпе рэзкі нервовы смех. Атмасфера разрадзілася. Цяпер пайшло другое: усе чыста разам, як па камандзе, закрычалі бабы. Аб чым яна каторая крычала, чаго дамагалася, гэта было вядома толькі ёй самой, бо нават адна адну яны не ўпраўляліся слухаць. Угаворы з прэзідыума толькі падгарачвалі іх, падлівалі масла ў агонь. Іншыя пераходзілі ў істэрычны крык, іншыя спрабавалі плакаць.
313 Пацяроб канцом разлютаваўся. Ён крычаў, махаў рукамі, лаяўся, пагражаў. Яму адказвалі ўсё смялейшым і мацнейшым гоманам, які гатоў быў перайсці ў аднадушны крах абурэння. Карызна з трывогай сачыў за тым, што дзеецца на сходзе. Ён бачыў, што Пацяроб лішне загнуў, што ягоныя крыкі, пагрозы толькі адштурхаюць людзей, узнімаюць агульнае нездаволенне. Але разам з тым ён мімаволі спачуваў яму, працінаўся тымі самымі пачуццямі, у якіх кідаўся Пацяроб. Ён пачынаў дрыжаць у нястрымнай злосці, пачынаў ненавідзець увесь гэты тупы раз'юшаны натоўп, і кожнае вострае Пацяробава слова, кожная яго грубая лаянка давала яму нейкую звярыную асалоду. Ён разумеў, што трэба суняць Пацяроба, што ён праваліць усю справу, і разам з тым хацеў яшчэ больш паддаць духу яму, каб яшчэ смялей, яшчэ крапчэй лупіў ён упартую гурму.
314 Прыйшоўшы дахаты, яна доўга і марна шукала сярнічак, каб запаліць святло, шукала не там, дзе яны зазвычай ляжаць, і штохвіліны забывалася зусім, чаго ёй уласна трэба. Калі ж сярнічкі самі трапілі ёй пад руку, яна ўзяла іх і доўга без сэнсу бразгала імі, пакуль іхні гук, дайшоўшы, нарэшце, да свядомасці, не ўзбудзіў у ёй цьмянага разумення, што цяпер трэба запаліць лямпу. Тады, узяўшы лямпу, з метадычнай павольнасцю чысціла шкло, папраўляла кнот і, запаліўшы, бясконца ўкручвала і падкручвала, рэгулюючы агонь. Потым пайшла да канапы і ўкленчыла на ёй перад цёмным, шчытна прыслоненым да ночы акном. За акном тузаўся бяздомны вецер і ў злоснай забаве разгойдваў пустую клетку; клетка сіратліва цыгала нейкай невядомай зімовай птушкай, выліваючы ў сваю дзіўную песню ўсю чорную беспрытульнасць сцюдзёнай начы.
315 Карызну стала сумна. Проста сумна, маркотна, як чалавеку, які разлучыўся з блізкімі людзьмі, як дзіцяці, што асталося без маткі. Гэта было першае адчуванне Карызны ў новым жыцці, і яно вярнула яго думкамі на хвіліну назад, у райком, адкуль павеяла на яго цудоўнай цеплынёй неўзваротнае дружнасці і сяброўства. Але яно і адштурхнула яго ад ганкаў райкомаўскага дома, бо ён ужо ведаў, што яму трэба ісці зараз у мізэрную чорную каморку заезнага дома і перажываць там першыя глухія гадзіны свае самоты. Прайшоўшы крокаў з дзесяць па вуліцы, Карызна раптам заўважыў, што ён не адзін, што побач з ім пасуваецца ў цемры нейкі няясны цень. Ён прыгледзеўся і, пазнаўшы ў няясным цені жанчыну, адразу зразумеў, што гэта Марына Паўлаўна. Ясна: яна падпільнавала яго фатальна-трагічную хвіліну і прынесла яму сваю спагаду.
316 Між тым Адэля ў чарговы раз, пацокваючы па прыступках чырвонымі абцасікамі, што гэтак спакусна паказваліся з-пад фальбонаў спадніцы, пабегла наверх, на гэты раз не так хутка, бо срэбны тазік у яе руках быў поўны цёплай вады. Дакладна наверсе высакародная дама... Пранцысю так і карцела паглядзець на таямнічую незнаёмку. А можа, праз Адэлю прапанаваць ёй паслугі свайго лекара, вось і будзе падстава для візіту? Вырвіч азірнуўся. Лёднік змрочна ўтаропіўся ў келіх, нібыта хацеў убачыць скрозь яго сваю вартую жалю будучыню... Але ў келіху ўсяго толькі пенілася не самае лепшае піва. Музыкі завялі чарговую песню, заплакала скрыпка, загула басэтля, задрыжэлі па кутах вечаровыя цені, якія не магло разагнаць дрогкае полымя бледных свечачак, што рыхтаваліся стаць бруднымі лужынамі воску. Куды едзеш, Рамане?
317 Ой, вір-вір, бом-бом. На кірмаш, васпане! Ой, вір-вір, бом-бом. Алхімік правёў доўгімі пальцамі па худым твары, нібыта не пазнаваў сам сябе. Палез у кішэню і дастаў маленькую шкляную бутэлечку... Пранцысь ведаў, што ў ёй. А што вязеш, Рамане? Ой, вір-вір, бом-бом. Воз дзяўчат, васпане! Ой, вір-вір, бом-бом. Пачым цэніш, Рамане? Ой, вір-вір, бом-бом. Па чырвонцу, васпане! Ой, вір-вір, бом-бом. Скрыпка галасіла, нібыта была жывой істотай, якая страціла самае дарагое. Нават за суседнім сталом на імгненне прыціхлі галасы гульцоў у косткі. Бутрым паднёс блізка да вачэй бутэлечку, страсянуў, углядаючыся ў сваё апошняе золата... Нават здалёк Пранцысь бачыў, як крывяцца ягоныя вусны. Куды едзеш, Рамане? Ой, вір-вір, бом-бом. На кірмаш, васпане! Ой, вір-вір, бом-бом. А што вязеш, Рамане? Ой, вір-вір, бом-бом.
318 Найперш ён яшчэ зверху забачыў Адэлю, што моўчкі стаяла каля лесвіцы, схаваўшы рукі пад фартух, нібыта яны ў яе змерзлі. Дастаткова было аднаго позірку на яе твар, каб зразумець, што здарылася нешта жахлівае. Твар быў застылы, нават з усмешкай, але такой, якую зацюканы шкаляр адрасуе цэнзарам, што стаяць ля ганебнай лаўкі з розгамі ў руках, чакаючы, пакуль ён спусціць нагавіцы ды ўкладзецца зручненька. Сышоўшы яшчэ на некалькі прыступак, Пранцысь пабачыў і тых, каму Адэля ўсміхалася пакорліва-прыніжана. Трое былі ў мундзірах кароннага войска, адзін у парыку і чорным камзоле, з такой надзьмутай, пагардлівай пысай, што вакол уяўлялася адразу зала чарговага сойму, галасы якога купленыя загадзя. Тут жа, бы пацук вакол пасткі з кавалкам сала круціўся і віж, якога Пранцысь згледзеў учора ў карчме.
319 Жахлівае аблічча раптам знікла, нібыта растала ў начы. Юдыцкі не адразу наважыўся падысці да вакна. А калі ўсё-ткі падыйшоў, з запаленай дрыготкай рукой свечкай... Ну не дарэмна ж ён дасягнуў вышынь у судовай справе, якая пры каралях Сасах ператварылася не тое што ў лабірынт, а ў непралазныя нетры, дзе няма ні сцежак, ні дарожак, а з-пад кожнага карча можа скочыць драпежны звер. На лапіку мокрага снегу пад вакном, які яшчэ не паспеў растаць, бачыўся ланцуг слядоў, які ніводзін прыстойны прывід па сабе пакідаць не стане. Крыкі суддзі скаланулі слаўны горад Менск і прыпешылі бег аднаго дзёрзкага і задужа жывога прывіда. Вялікае ягонае шчасце, што замест мокрага снегу зноў лінуў дождж, змываючы сляды. Пранцысь імчаў да кляштара бернардзінак, а галасы пагоні ўжо гучэлі дзесьці на суседняй вуліцы...
320 Перапыняўся толькі, каб залячыць раны, аднойчы нават руку зламаў у земляных нетрах. Колькі свечак звёў, вяровак! А заадно перачытваў летапісы, дабіўся доступу да захаваных парэшткаў архіваў Сафійскага сабору, апытваў старых людзей, што яны чулі... Аптэкар не ў сваю справу не лез. Напачатку, вядома, спрабаваў прыяцеля ад згубнага захаплення выратаваць. Але пераканаўся, што прывесці да розуму кнігара ніяк не выпадае, і калі перакрыць яму ход у сутарэнні, можа ўвогуле нарабіць глупстваў і яшчэ бяду на гаспадара пограба накліча. Рэніч нават грошы пачаў суседу за кожны свой візіт на ягоны двор плаціць, абы не звягаў. Тады Лейба выдаў апантанаму ключ ад праклятага месца і пастараўся забыцца на дзірку ў прорву. Больш, уласна кажучы, туды нават не падыходзіў, дзякуй прабацьку Абраму, пограб на заднім двары.
321 Праўда, сам гаспадар кабінету, які ўзвышаўся над сталом памерам з невялікі пляц падобна чорнай скале, аб якую разбіваюцца спадзевы бедных студыёзусаў, наганяў страху паболей заспіртаваных пачварынак ды расфарбаванага воску. Нават Вырвіч, якога прафесар упарта не заўважаў, працягваючы нешта крэмзаць пяром, нервова перамінаўся з нагі на нагу і спрабаваў пракаўтнуць даўкі камяк боязі. Нарэшце прафесар Лёднік зрабіў ласку падняць вочы на Пранціша і адкінуў пяро... Усё, раз не паклаў акуратненька ў адмысловую срэбную падстаўку ў выглядзе грыфона з разяўленай пашчай, а кінуў, аж атрамант пырснуў на стол, значыць, злосны, як той грыфон, і цяпер ратуй маю душу, святы Франтасій... Дакладней, тую частку студэнцкага цела, праз якую адбываецца працэс перавыхавання з дапамогай бярозавых розаг ды скураных дысцыплінаў.
322 І з прыкрасцю разумеў, што вочы людзей навакол гараць такім самым азартам, як у публікі ў Дракошчыне, якая прагла паглядзець на цмока. Нешта было ў гэтым асабліва агіднае... Святыя старцы не дарэмна сцвярджалі, што малітоўныя подзвігі трэба здзяйсняць кялейна, і не выхваляцца імі. А тут... Балаган нейкі! Як тыя пакаянні з бічаваннем, што ўчыняў Радзівіл Пане Каханку ў віленскіх храмах. Гадзіна, другая... Імша даўно скончылася. Людзі, у якіх знайшліся пільныя справы, разыходзіліся па дамах. Пошасць пошасцю, а есці, піць ды задавольваць іншыя патрэбы грэшнага цела неабходна. Але цікаўнікаў хапала. Тым болей многія сыходзілі і вярталіся, каб дагледзець прадстаўленне. Зваліцца, не зваліцца, вытрымае або не, што папросіць, калі дастаіцца? Нехта ўслых лічыў колькасць адчытаных грэшнікам пацераў.
323 Чарнявае, бялявае за ручаньку не вадзіці! І жыццё на некалькі туманістых хвіляў набыло сэнс. Так што калі Вырвіч вярнуўся ў дом з зялёнымі аканіцамі, мяшэчак з манетамі быў трохі лягчэйшы, а вусны самі сабой напявалі песеньку пра сівога каня, які ўсё бяжыць-бяжыць, пакуль дзяўчыначка да шлюбу не з тым малойцам ідзе... А ў доме быў госць. Вырвіч нават рот па-дзіцячы раззявіў, утаропіўшыся ў прыхадня, як гусь на бліскавіцу. Маленькі шчуплы старэча з жоўтым зморшчаным тварам, з вузкімі, як прарэзанымі нажом, вачыма быў апрануты ў сіні халат і смешную шапачку з пампонам, бародка і вусы рэдкія, так, некалькі сівых валасінак. Але, калі ўгледзецца, ад усяго аблічча сыходзіў ціхі спакой, на дне якога драмала нешта небяспечнае, як у сухім калодзежы кубло гадзюкаў. Кітаец, ці што? Адкуль Лёднік яго выпараў?
324 Во цяпер павет будзе гудзець ад пагалосак... Такога напрыдумляюць урэшце, не адрозніш, што насамрэч на сеансе магіі было. Праз нейкі час Вырвіч апынуўся ў маленькім пакоі з зачыненымі аканіцамі, дзе быў накрыты стол на шэсць персон. Пакой асвятляўся свечкамі ў бронзавых падсвечніках у выглядзе райскіх дрэваў, якія стаялі на стале, таму здавалася, што вакол сціскаецца кола няўтульнай цемры. Памяшканне, цалкам прыдатнае да таемных перамоў. Але саксонскі парцалянавы посуд пабліскваў вясёлкавай глазурай, цытрыны і апельсіны ў вазах свяціліся, як маленькія сонцы... Графін з віном, чырвоным, як пакаранне егіпецкае, таксама надаваў утульнасці. Лёднік і абодва езуіты, таксама ў масках, былі ў наяўнасці. Драгун усеўся каля былога слугі і пачаў гадаць, хто ж яшчэ сядзе з імі. Няўжо гаспадары маёнтка?
325 Бясшкодныя сэрцу, якое аддадзена Богу. Перамовы з ігуменняй узяў на сябе Лёднік, як старэйшы і самавіты. Але пані-матухна, падобная да скандынаўскай Кунігунды, якая перамагла ў збройным паядынку ўсіх жаніхоў, таму й засталося адно пайсці ў кляштар, да размоваў была не схільная. Яна паведаміла, што і сапраўды, у кляштары апынулася дзяўчына, якая назвалася напачатку князёўнай Багінскай. Паводзінаў нахабных, грэшніца акаянная. На шчасце, яе забралі сваякі, а болей лёсам дзеўкі ніхто ў кляштары не цікавіўся. Што за сваякі, дзе жывуць, ігумення не ведала. Абодва госці, сыходзячы, адчувалі, быццам між лапатак кожнаму зараз уторкнецца дзіда. Цяпер вароны абселі не толькі званіцы, але й крыжы манастырскага храма. З неба, глухога, як атынкаваны мур, сыпаў драбнюткі дождж. Пранціш спыніў унуранага Лёдніка.
326 І рушыў да дзвярэй... І калі праходзіў за спінай пана Шрэдэра, зрабіў рэзкі, такі хуткі, што вока ледзь усочыць, рух рукой, як тады, калі гасіў на адлегласці свечку. З усіх прысутных у зале штукарства Батысты заўважыў толькі Пранціш, бо сядзеў на рагу стала, праваруч ад Шрэдэра... Удар на адлегласці, які не толькі гасіць агонь, але пашкоджвае ўнутраныя органы. Стары, не паспеў граф выйсці за дзверы, схапіўся за сэрца і пачаў асядаць на падлогу. Яго падхапіў слуга. Той, вядома, нават не западозрыў, што да хваробы пана мог быць датычны граф, які, не прыпыняючыся, прайшоў ад хворага далей, чым дастане рука, нават узброеная кінжалам. А вось Шрэдэр напэўна нешта зразумеў, бо кінуў на Батысту, які схіліўся над ім з клапатлівым выглядам, ненавісны позірк. Аднак гаварыць ужо не асабліва мог, толькі хрыпеў.
327 Вось і адкрыўся сакрэт чарнавалосасці Раіны... А што зробіш, калі ў егіпецкай прынцэсы русявых ліцвінскіх косаў быць не можа. Уночы артыстка з вясёлымі жарцікамі пафарбавала Пранцішу валасы і бровы найлепшай індыйскай басмай, якой карысталася сама. Пранціш мімаволі млеў ад дотыку далікатных, але моцных ручак, і нат не засмучаўся пераменай аблічча, бо цікаўнасць у вырвічаўскай авантурнай натуры заўсёды перамагала ўсе разумныя і практычныя разважанні. Брунатны тлусты крэм і адпаведны касцюм давершылі пераўвасабленне. З люстэрка ў круглай жалезнай раме на Пранціша глядзеў нахабны смуглявы юнак, з-пад цюрбана з бліскучай жоўтай матэрыі выбіваўся смаляны чуб, вочы з-пад падведзеных сурмою броваў блішчэлі блакітным гарэзным агнём, падпярэзаны жоўтым пасам чырвоны халат ладна абцягваў драгунскую постаць.
328 Батыста сустрэў гасцей у пакоі, асветленым трыма свечкамі ў кандэлябры, ад чаго вечаровыя цені клаліся густа, як масла на лусту пасля посту. Вырвіч ледзь не замыкаў ад расчаравання, калі не пабачыў Міхалішыўны. Дзе яна, што з ёю? Але вось паказалася танклявая фігурка, наблізілася да згаслага каміну, на якім стаў кандэлябр, і шчыпчыкамі для нагару падправіла свечкі... Падалося, ці не, што ў пакоі адразу стала светла? Міхалішыўна нарэшце падняла вочы на драгуна, усміхнулася куточкамі вуснаў... Здаецца, яе трагічны твар трошкі абсунуўся... Лёднік між тым абменьваўся з Батыстай рытуальнымі ветлівымі фразамі, потым усеўся з магам за столік. Вырвіч бачыў, што доктар дастаў складзены ў чатыры столкі пажаўцелы ліст, які Батыста схапіў прагна і тут жа спаліў на свечцы, попел расцёр па каміннай дошцы і садзьмуў...
329 А цяпер у княстве рабілася папера і на галантныя лісты, і на бясконцыя судовыя справы, і на метрыкі, і на філософскія трактаты. Асабліва з лёну, мяккая, бялюткая... Вось і тураўскі пан Жалоба, кліент Багінскіх, пераабсталяваў звычайны свой млын пад папяровы. Паперу тут разгладжвалі па старым звычаі цяжэннымі шліфавальнымі камянямі ў пяцьдзясят фунтаў, падклаўшы авечую скуру... І вадзяны знак, альбо філігрань, на аркушах, што вырабляліся на гэтым млыне, выяўляў змея. Ён высоўваў з хваляў галаву, увенчаную рожкамі і трохі смешнаватую, як бы перад гэтым выпіў збан піва і не мог уцяміць, дзе паветра, дзе вада, дзе хвашчоўскі ёлуп. Менавіта пра вадзянога змея ў гэты момант і распавядаў падобны да кабольда шматняк Грынька, паціраючы пачырванелы кончык носа, нібыта яго ў той нос змей і пацалаваў.
330 Галілей назіраў праз удасканалены ім тэлескоп сонца, пакуль зусім не страціў зрок. Шведскі хімік-фармацэўт Карл Шэеле каштаваў ды ўдыхаў усе рэчывы, якія вынаходзіў. Калі ён паспрабаваў адкрытай ім сінільнай кіслаты, то паспеў запісаць толькі, што яна мае смак горкага мігдалу. Лонданскі доктар Уільям Старк апантана падбіраў дыеты для змагання з цынгой. То харчаваўся адным мясам, то адным хлебам, то мядовымі пудынгамі. Калі шаноўны эскулап у якасці дваццаць чацвёртай дыеты пераключыўся на сыр чэстар, шматпакутны арганізм здаўся, і містэр Старк адышоў у лепшы свет харчавацца амброзіяй і нектарам. Хаця, хто ведае, можа, смаліцы гарачай давялося небараку адсёрбнуць? Бо што занадта, то не здарова, як засведчыў полацкі доктар Баўтрамей Лёднік, калі ў мінулым годзе даведаўся пра смерць маладога лонданскага калегі.
331 Згадалася легенда, якую Вырвіч чуў ва ўніверсітэце Манпелье. Пра паўночнага караля, магутнага прыгажуна, непераможнага, ганарыстага... Ягонае войска разбілі ў жорсткай сечы, скарыстаўшыся здрадай. На радзіме караля барды і менестрэлі наперабой сачынялі ўрачыстыя песні пра яго, героя, які мужна загінуў, забраўшы з сабою мноства ворагаў. А праз шмат гадоў адзін з ваяроў, які шчыра захапляўся ўладаром і тужыў па ім, патрапіў у горад ворагаў. І там, у гнілой канаве, сярод рабоў пабачыў свайго караля. Адразу пазнаў яго па рудых валасах... Але кароль быў пачарнелы ад голаду і пакутаў, стары, скалечаны, схвастаны бізунамі, у ланцугах, і пакорліва капаў вільготную зямлю, не падымаючы вачэй... І тады ваяр зрабіў выгляд, што не пазнаў свайго ўладара. Праехаў паўз яго, вярнуўся дадому і нікому не расказаў пра пабачанае.
332 Не хацеў бы Пранціш Вырвіч спаткацца з тым зайцам, Паядальнікам Металу. Прынамсі, меч князя Глеба быў выкаваны з самага звычайнага жалеза, здабытага дзесь непадалёк, і тутэйшым кавалём. Яшчэ ў тыя часы, калі каваль лічыўся жрацом бога агню Жыжаля, практычна ведзьмаком, які можа загадваць цмоку і злавіць за язык Бабу-Югу. Былы прафесар Віленскай акадэміі Баўтрамей Лёднік глядзеў на сваю новую зброю, як пражскі раві Бен Бецалель на Галема, што ніяк не хоча ажываць. Ён паспрабаваў ужо вытварыць з мячом князя Глеба свае звыклыя практыкаванні, вынік адлюстроўваўся на ягоным твары. Князь Глеб ціха змагаўся з ікоткай пад тоўстым слоем менскага замчышча. Пранціш сам узяўся за двуручнік... І хутка з раздражненнем кінуў на падлогу двухметровую жалезную паласу: рукі нылі, у галаве быццам узрываліся нясвіжскія феерверкі.
333 Вашамосць не толькі за волю жонкі, але й за гонар маёй дачушкі адпомсціць. Таму вось што... Зараз ужо позна... Памаліцеся ды кладзіцеся спаць, пан Лёднік. Добра адпачніце, каб вярнуліся сілы. А заўтра з раніцы перабірайцеся да мяне разам з гэтым мячом. У нашым доме зручны дворык. Дворык у доме, які зняў Гараўскі непадалёк ад Ніжняга рынку і дзе пасяліліся і Пранціш з Дамінікай, сапраўды быў вельмі зручны, абсаджаны з усіх бакоў яблынямі, з высокім плотам. Роўны лужок пасярэдзіне якраз для фехтавання. Пан Гараўскі, вядома, быў не такі спрытны, як Лёднік ды Пранціш, але цяжкі меч трымаў цвёрда, круціў яго, як саломінку, хоць і крахтаў пра свае гады і страчаную моц. Прынамсі, ён мог прыняць на сваю зброю ўдар пудовага мяча, не прысеўшы ды не паваліўшыся, што Вырвічу, да яго сораму, не заўсёды ўдавалася.
334 Вядома, навастрылі агульнымі намаганнямі лязо, каб аркуш паперы магло разрэзаць... Колькі казак Пранціш чуў пра тое, як зачараваны меч уторкваюць у зямлю, а з яго вырастае альбо дрэва, альбо кветка, альбо цэлы лес густы, у якім можа схавацца герой са сваёй любай ад пагоні. Каб жа мячы князя Глеба, ці каму яны там належалі, маглі прарасці каранямі ў менскую плошчу, каб не даць праліцца крыві! У прызначаны для Божага суда дзень Лёднік, узяўшы сына, адправіўся на ранішнюю службу ў Жоўтую царкву, збудаваную калісь на грошы пані маршалковай Аўдоцці Друцкай-Горскай. Царква была колісь прыпісаная разам з манастыром да Віленскага Свята-Духава сабора, што падпарадкоўваўся Канстанцінопальскаму патрыярху, і была адзіным праваслаўным храмам, які застаўся дзейнічаць у горадзе. Вырвіч з жонкай і цесцем таксама пайшлі.
335 Паколькі віноўнік тлуму захоўваў ганарыстае маўчанне, гісторыю агучылі добраахвотнікі. Было так... Да Петрака Бадонаса, які ў святых акадэмічных мурах другі год біўся шырокім ілбом аб сцяну навук юрыдычных, прыехала радзіна. Бацька, пан Бадонас, падстолій Крэцінгенскі, з сужонкай і дачкой, абедзве масластыя ды кашчавыя. Радавітыя госці пасля месы ва ўніверсітэцкім саборы Святых Янаў былі ўрачыста праведзеныя ў кабінет да рэктара. А пан Алесь Лёднік той жа галерэяй нёс слоік з нейкай паддоследнай жыўнасцю. Высакародныя дамы не павінны сузіраць усялякую гідкасць. Вунь аднойчы блазан расейскай імператрыцы Лізаветы Пятроўны па прозвішчы Аксакаў прыпёр ёй ва ўласнай шапцы вожыка: пацешыць, падлабуніцца. Ды венцаносная асоба так пералякалася, што блазна зараз жа адправілі ў катавальню: замах на імператрыцу!
336 Па вільготнай каменнай падлозе карцара паўзла рудая мурашка, худая і драбнюткая. Можа, асуджаная на баніцыю з роднага мурашніка? У Акадэміі юны Лёднік часам і сам адчуваў сябе казюркай, заціснутай дзеля доследу між шкельцаў. Тыя, хто памятаў прафесара Лёдніка, параўноўвалі з ім сына. А Чорны Доктар персонай быў цяпер не самай папулярнай. Пасля падзелу Рэчы Паспалітай Панятоўскага, які на крэс дзяржавы маладушна пагадзіўся, лічылі здраднікам, ягонага паплечніка Антонія Тызенгаўза ненавідзелі яшчэ больш. А пан Баўтрамей Лёднік па загадзе Тызенгаўза разам з жабаедам-рэспубліканцам Жыліберам ствараў медычную школу ў Гародні і ўваходзіў у Адукацыйную камісію, якая адбірала калегіюмы ў манаскіх ордэнаў. Ды яшчэ гэтыя чуткі пра асаблівую міласць да Чорнага Доктара расейскай імператрыцы Кацярыны...
337 І абодва Сасы, за якімі еліся лыжкай кілбасы. І Ян Сабескі, што круціўся пад абцасікам каралевы Марысенькі. І Ян Ваза, езуіт суровы, кароль кісялёвы. І недалужны Вішнявецкі, які ад перайманняў за паразы вайсковыя маладым памёр. І кароль Стась Ляшчынскі, што двойчы трон губляў... А папраўдзе, дык за кожнай каралеўскай мосцю крывавай поліўкі ліцвіны ды іншыя народы Рэчы Паспалітай насёрбаліся, а цяперашні Цялок яшчэ горшага наварыў. Добра, Менску пакінулі Магдэбургскае права, а шмат якія гарады ліцвінскія страцілі яго: у Расейскай імперыі вольнасцям местачковым не існаваць. Цяпер там не ваяводствы, а губерні. У Менску ваявода застаўся, але прызначылі на гэтую пасаду гарбатага Юзэфа Мікалая Радзівіла, крэатуру Чартарыйскіх, які з задавальненнем кіраваў секвестраванымі маёнткамі сваяка-выгнанніка Пане Каханку.
338 З незямных эфіраў вучоны Саламон вынырнуў не адразу, але калі засяродзіўся на госцю і пазнаў, узрадаваўся. А як пачуў пра тлумачэнне таемных тэкстаў, аж вочы загарэліся, заківаў, залапатаў ухвальна. Пранціш габрэйскай не надта валодаў, але зразумеў, што да новых ведаў Саламон ласы не менш, чым Лёднік. Перш чым паглыбіцца ў вывучэнне прывезенага гасцямі пергаменту, рэбе трывожна кінуў сюды-туды пагляд, як бы ў чаканні нападу. Ягоныя вучні паўтарылі тое за ім, круцячы тонкімі шыямі і нязграбна пацепваючы плячыма. Вучняў, зрэшты, Саламон зараз жа і адпусціў. Бо працэс тлумачання скрадзенага пергаменту быў няпросты. У Пранціша, які прыстроіўся на зэдліку ля печкі, ажно ногі сцерхлі. Нат пазайздросціў Алесю, які застаўся ў карэце разам з пераапранутай у хлапчыску князёўнай Багінскай-Агалінскай.
339 А Баўтрамей усё занудна разважаў, што вось, трэба ліцвінскія корчмы зрабіць такімі ж чыстымі, абавязаць гаспадароў мыць посуд і падлогу, мяняць бялізну, труціць блох і клапоў. І як бы стварыць па ўзоры Адукацыйнай якую Медычную камісію, якая б сачыла за гігіенай народа. Можна падумаць, не выгнаннік, абылганы злачынца, а па-ранейшаму чалец каралеўскай рады. Некаторыя людзі і на пласе будуць свет да лепшага перарабляць. Не, каб проста радаваўся віну і каўбаскам, і што ўдасца пераначаваць у цяпле і спакоі. Але спакойна выспацца не ўдалося. Пасярод ночы гасцей пабудзіў адчайны дзіцячы плач. Дзіця крычала, задыхалася. А вось і ўстрывожана-роспачныя галасы дарослых на першым паверсе. Пранціш вызірнуў у калідор: Лёднік са сваёй валізкай збягаў па драўлянай лесвіцы, засцеленай доўгім вязаным дыванком.
340 На пляцы, дзе стаялі ганебныя слупы, груганнём збіраўся народ. Кагосьці зараз будуць лупцаваць. Тэрмінова ў Капанічы! Праксэда спакавала рэчы і сядзела на куфры, сціснуўшы тонкія рукі. Алесь нервова хадзіў па здымным пакоі, паглядаючы на сваю чароўную даму пяшчотна і сумна. А тая так і не змагла схаваць непатрэбнага позірку, якім сустрэла доктара. Гэтак калісьці і на Вырвіча глядзелі. Светла-зялёныя вочы ягонай нявесты Раіны Міхалішыўны. З бязмежнай адданасцю і гэткай жа бязмежнай безнадзейнасцю. Неба над Траецкім прадмесцем зрабілася шэрым, як брудная ануча. Відаць, вечарам паваліць снег. Прыслуга загружала куфры ў карэту. Стралялі крокаў за дзвесце, з руінаў замка на тым беразе ракі. Стралкі ўмелыя, і зброя ў іх была самая лепшая, дарагая, прыстрэленая. Падобна, наразныя карабіны, замежная навінка.
341 Вядома, людзі пляткарылі. Але пані Агна была ціхмянай, набожнай і такой гожай, што мала хто даваў веры плёткам. Тым больш, праз год па нараджэнні сына Канстанціна пані Агна памерла. Лекары сказалі, ад сардэчнай хваробы. Праз трыццаць гадоў пасля гэтага, у спякотны травеньскі дзень, на самым парозе лета, апошні візантыйскі імператар загінуў на сценах сваёй сталіцы. Яна адна і заставалася ад былой магутнай імперыі. Але апошні з Палеалогаў быў варты сваіх продкаў. Ён не абавязаны быў біцца, як просты рыцар, наперадзе войска. Але ён заўсёды хацеў сам вырашаць свой лёс. Яго забіў светлавалосы, блакітнавокі янычар. Ворагі не былі ўпэўненыя, што гэты рыцар той, чыёй смерці яны чакалі доўгія гады. Да таго ж трэба было пераканацца, ці гэта чалавек, а не іфрыт, які з нечалавечай сілай і мужнасцю біўся супраць іх.
342 Аж непамысна ад ейнага адданага пагляду. Напэўна, ніяк не забудзе той выпадак са слоікам. Чым яна дапаможа, карункавае дзяўчо? Пераказам чарговай сенсацыйнай ксёнжкі? Відэлец у руцэ дзяўчыны дробна дрыжэў, так і не скарыстаны па прызначэньні. Так што нязьменная мадам Лецьен зрабіла выхаванцы не адну заўвагу наконт добрых манераў. Вінцэсь угледзеўся ў твар мадам, падобны на васковы... Гладка зачасаныя сівыя валасы, вузкі прамы рот, высока прыўзьнятыя тонкія бровы, нібыта намаляваныя... Ніяк ня мог вызначыць, ці была мадам у маладосьці прыгожай, і тым больш ня мог уявіць, якім быў яе муж, пан Лецьен? Ні адценьня пачуцьцяў у сухіх рысах. Толькі, калі сустракаецца вачыма са сваёй выхаванкай, усё аблічча нібыта цяплее. Нешта яны сёньня зачаста па-змоўніцку пераглядаюцца, Хрысьціна і мадам Лецьен...
343 Ліст гэтак трымцеў перад вачыма, што адразу Паліна не магла прачытаць ні слова. Потым з мітусяніны пачалі праступаць дакладныя абрысы Стасевага почырка. Стась у сваёй звычайнай дзелавой манеры паведамляў, што ўладкаваўся някепска, ёсьць персьпектывы на сталую працу. Зьняў невялікі, але прыстойны дамок на шэсьць пакояў, набыў машыну... І не хапае ў гэтым раі толькі Евы. Вядома, яе, Паліны. Стась выказваў стрыманае шкадаваньне, што гэтак пасьпяшаўся скасаваць адносіны, але зараз гатовы гэта выправіць. Хутка прыедзе, яны з Палінай зноў возьмуць шлюб, і цемнавокая беларусачка ўрэшце апынецца ў сонечным штаце Каліфорнія. Відаць, знайсьці сярод амерыканак дурніцу, якая будзе, па-першае, шчыра ім захапляцца, па-другое, падтрымліваць філасофскія размовы, і яшчэ штодзень гатаваць улюбёныя галубцы, Стасю не ўдалося.
344 Янка любіў зімовы лес. Хлопцу падабалася шапаценне галінак над галавой. Падабалася назіраць, як ад раптоўнага парыву ветру белымі аблачынкамі сыплецца з дрэваў снег. Падабалася тое пачуццё спакою і адзінства з прыродай, якое абуджаў лес у хлапечай душы. Але сёння ўсё было не так. Чым бліжэй Янка падыходзіў да ўзлеску, тым мацней у ягоным нутры распальвалася трывога. Хлопцу здавалася, што за сцяной цёмных, пакрытых шэранню ствалоў стаілася нешта небяспечнае. Гасцінны і шчодры лес падаваўся чужым і незнаёмым. Яшчэ раніцой, атрымаўшы загад збірацца на паляванне, Янка ўзрадаваўся выправе за муры замка. Кашталян даў яму стрэльбу, з тузін набояў са шротам і паўжартам прыстрашыў без дзічыны не вяртацца. Учора ў госці да графа прыехаў пляменнік з Пецярбурга, і кашталян паабяцаў гаспадару разнастаіць стравы да вячэры.
345 Жах пусціў кіпцюры мне ў душу і прымусіў дзейнічаць. Усё адбывалася, нібыта ў сне. Мая рука, тая, што сціскала пістолю, паднялася ўгору. Далонь накіравала рулю проста ў галаву мярцвячкі. Палец пацягнуў спускавую дужку. Цыркнуў крэмень і праз імгненне галава мёртвай пакаёўкі выбухнула, нібы пераспелы кавун. Абезгалоўленае цела мехам грымнулася на зямлю. Гэты момант расцягнуўся для мяне ў вечнасць. Я назіраў, як павольна лятуць у паветры часцінкі Палінінага мозгу, як уздымаюцца ўгору бязвольныя рукі і падкошваюцца ногі пакаёўкі. Краем вока я бачыў, як павольна азіраецца дзядзька, як разварочваецца Казімір, як паступова мяняюцца выразы іх твараў. Я чуў кожны ўдар свайго сэрца, нібы бой гадзінніка, павольны і разважны. Я адчуваў, як смурод спаленага пораху ад майго стрэлу разлятаецца па памяшканні.
346 Міхал выцягнуў з-за паса адну з пістоляў і ўзяўся яе набіваць. Пакуль рукі былі занятыя гэтай механічнай справай, граф ліхаманкава перабіраў варыянты далейшых дзеянняў. Душа імкнулася ўварвацца са зброяй у натоўп, прарубіць сабе шлях да брамы, каб апынуцца побач з абаронцамі замка, і разам з хлопцамі адбіваць напады мерцвякоў. Агінскі разумеў, што гэты парыў раўназначны самагубству. Адзінцом ён нічым дапамагчы дзядзьку не зможа. Трэба было шукаць дапамогі ў іншым месцы. Міхал прыгадаў, што яшчэ перад выездам з Пецярбурга нехта са знаёмых афіцэраў казаў яму, што недалёка ад Маладэчна ў вёсцы Краснае месціцца невялікі вайсковы гарнізон. Тылавы батальён з апалчэнцаў і ветэранаў, якія вярнуліся ў войска пасля раненняў. Магчыма, іх камандзір выслухае імператарскага сенатара і вылучыць яму атрад у дапамогу.
347 Пры гэтым ён запаліў тоўстую, як добрая бэлька, васковую свячу, што стаяла ў канцы труны. Кнот трашчаў і дыміў, але памалу ўгарэўся. Мы адкрылі корст, і маім вачам паказаўся забальзамаваны нябожчык з густой сівой барадой, адзеты ў злататканую павалоку. Я заўважыў што твар памерлага быў нечым падобны да аблічча Падземнага чалавека і таксама быў выцягнуты нібыта меў змяіныя сківіцы. Ляжаў нябожчык, крыху на правы бок павернуты, адна рука яго была пад галавой, другая ляжала на залацістым поясе; левая нага крыху паднятая ў сагнутым калене. Выглядала, што гэта не нябожчык, а заснуўшы старац з шэра-папялістым абліччам. Падземны чалавек сказаў мне стаць у нагах, а сам стаў каля галавы на ступеньках падмурка. Ад руху, калі ён праходзіў, закалыхалася полымя свечкі, і мне здалося, нябожчык змігнуў вачыма.
348 Я не магу сказаць дакладна, калі маё ўяўленне трансфармавалася ў цяперашні зрок; проста ў нейкі момант я заўважыў наперадзе цьмянае свячэнне, і да мяне дайшло, што я бачу абрысы калідора і скрыняў. Святло нібыта праступала адусюль з прычыны нейкай невядомай падземнай фасфарэсцэнцыі. У першыя хвіліны ўсё было якраз урыхт, як я сабе ўяўляў, паколькі свячэнне было вельмі слабым; але па меры таго, як, спатыкаючыся і ледзь утрымліваючы раўнавагу, я працягваў механічна прасоўвацца наперад, у простым напрамку, станавілася ўсё больш відавочным, што маё ўяўленне малявала толькі слабое падабенства сапраўднай карціны. Сцены лабірынта не былі крануты пячаткай недапрацаванасці, як выява на бронзавым медальёне, які паказваў мне Падземны чалавек; не, гэта быў дасканалы помнік самага велічнага экзатычнага мастацтва.
349 Амаль і не гаворыць. А як там з яго галавой і чаму верыць... Мы заехалі ў сельвыканкам, я папрасіў сакратара, каб падрыхтавалі і да вечара перадалі звесткі пра ўсіх жыхароў вёскі. Папярэднія размовы з мясцовымі і з бацькам забітай будуць весці аператыўнікі. Мяне чакаў кабінет: папяровая работа, трэба было тэрмінова заканчваць заключэнне па тапельцу, а найперш прыбрацца. Хоць сонца і не было відаць, у паветры адчувальна пацяплела. Жах падумаць, якія водары там. Але, на здзіўленне, пах у кабінеце быў амаль нармальным: выцягнула ўсё праз фортку. На навядзенне парадку патраціў хвілінаў дваццаць, нават бутэлькі паспеў вынесці, балазе, вялікі кантэйнер для смецця стаяў непадалёку ад будынка пракуратуры. Яшчэ з гадзіну выпраўляў-дадрукоўваў паперы. Невядома, як цяпер закруцяцца справы з забойствам...
350 Мне тут заначаваць? Канешне, з дзённым святлом уся гэтая жуда знікне без следу. Вельмі нават верагодна, што ўсё яшчэ дзейнічае пітво. Так, я цяпер чую гукі, вось жа і крокі свае ў густой траве чуў, і цяпер чую сваё цяжкае дыханне. Але хіба дзеянне напітку на тым скончылася? Чым жа яны мяне так напаілі? Нейкі наркотык раслінны? Можа быць. Сапраўдныя траўнікі ведаюць мноства сакрэтных зелляў. Трэба абаперціся спінай аб ігрушу. Быццам збоку, я назіраў за сваімі адчуваннямі і адзначаў, як мяне цяпер амаль што не хвалюе маё здарэнне. Здарылася, дык няхай. Падумаеш, усяго ноч перацярпець. Не змерзну... Лета ж... Пацягнуўся па цыгарэты, але спыніў сябе: не хацелася курыць. Водар нечага прэснага з лёгкім балоцістым адценнем усё больш мацнеў, але ён не быў мярзотным ці нават непрыемным. Я заплюшчыў вочы.
351 Некаторых, мабыць, падахвочвае да палавога жыцьця. Але, каб гэта абагульніць, мяркую, што падобныя здымкі лечаць хворыя фантазіі, бо цалкам здымаюць таямніцу. Потым настае заспакаеньне, перасычанасьць ды нават нуда. Чалавека найбольш цікавіць тое, што забаронена, і тое, што схавана. Я бачыў некалі каляровы малюнак. У вялікай залі рэстарацыі сядзяць за столікамі добра ўбраныя госьці, пераважна мужчыны. Пасярод залі танчыць голая кабета, прыкрываючыся толькі стравусіным пяром. Але ўсе мужчынскія галовы зьвернуты не да танцоркі, але да аднаго са столікаў, дзе кабета, якая сядзіць на крэсьле, узьняла трохі спадніцу і папраўляе на сьцягне зашпілкі, што трымаюць панчохі. З гэтага вынікае, адпаведна, што аголенасьць поўнасьцю заспакойвае і нават нудзіць; затое распальваюць уяўленьне рэчы схаваныя, загадкавыя.
352 Я сёньня зьяжджаю. Няхай яны пойдуць на карысьць. Ён быў надзвычай узрушаны і сардэчна мне падзякаваў. Я цешыўся, што даў яму грошы. Але тыя, якія даў Паўлу... я хацеў бы нават зьнішчыць. Некалькі разоў я задумваўся: каму напісаць, каб пераслалі мне якуюсь дробную суму і дапамаглі ператрываць у турме. Колька, відаць, ахвотна зрабіў бы гэта, але я ня ведаў яго адрасу. Рэванскі? Ён бы не адмовіў мне дапамагчы. Але я саромеўся напісаць яму, бо кожны мой ліст прайшоў бы праз рукі сьледчага. Паўлам я пагарджаў. Яшчэ ёсьць дзядзька. Але я сумняваўся, ці дапамог бы ён мне. Відавочна, ён паведаміў бы майму бацьку, што я ў турме. Для старога гэта была б велізарная прыкрая навіна... Давядзецца таму далей цярпець. Зрэшты, час ляціць хутка. Манатоннасьць жыцьця вязьня пазбаўляе яе фарбаў, і я не заўважаю, як мінаюць дні.
353 Шклянкай аб бутэльку звоніць! Позна ноччу я вяртаўся дахаты. На небе мігацелі зоркі. Увайшоў на дзядзінец Трафідавай сялібы. Засоваў брамку. У гэты момант справа ад мяне ляснуў стрэл... Потым другі, трэці і чацвёрты... Я зваліўся на зямлю побач з брамай. З саду даляцелі крокі, якія паспешліва аддаляліся. Я хутка падняўся і, выняўшы з кішэні нож, праз адчыненую фортку кінуўся ў сад. Там было ціха. Хвіліну прыслухоўваўся, пасля вярнуўся да брамы і выйшаў на вуліцу. Паблізу нічога не бачыў. Шкада, што не меў пры сабе ліхтарыка. Можна было б па садзе дагнаць таго, хто страляў, а зараз быў бездапаможны што-небудзь зрабіць. Ад таго часу заўсёды насіў пры сабе ліхтарык. Назаўтра ўважліва агледзеў брамку і сцяну хаты пры браме. Усе кулі сядзелі ў тоўстых бярвеннях. Адну здолеў выцягнуць і схаваў яе.
354 Граніца ўмацавалася, і тоўстай коўдрай з халоднага пуху накрылася зямля да доўгага сну. Лягла белая сцежка. Скончыўся залаты сезон. Хлопцы забаўляліся, пілі, гналі самагонку, заляцаліся да дзяўчат. Гэта выглядала так, нібыта кожны імкнуўся як мага хутчэй прасадзіць заробленыя грошы. Асаблівым поспехам карысталася Гінта. Наш салон быў заўсёды поўны, дзверы проста не зачыняліся. Перамытнікі купаліся ў гарэлцы... Болек Камета знаходзіўся ў сваёй стыхіі. Піў, піў, піў. Невядома калі адпачываў. Фэлік Маруда хоць падтрымліваў яму кампанію, але піў меней, увесь час заняты ежай. Антось іграў без перапынку. Камета прывёз новы, вельмі дарагі гармонік, аддаў яму ў падарунак. Вось чаму гарманіст іграў, рэзаў, сёк і піліў на ім, як той закляты. Неяк увечары я сустрэўся на рынку з Ёськам Гусяром. Ён весела прывітаўся.
355 Мяжа прыцягвала іх да сябе, як магніт жалеза. Тут яны жылі з дня на дзень, тут працавалі, тут гінулі. Жыццё значнай часткі гэтых хлопцаў магло стаць тэмай каляровага, неверагоднага рамана. Літаратар знайшоў бы тут невычэрпнае прадонне сюжэтаў і вобразаў. Мы ж не разумелі таго і ўвогуле не задумваліся пра такое. Мала хто з нас умеў пісаць, ніхто нічога не чытаў. Палітыка не цікавіла нас увогуле. Неаднойчы, назіраючы за сваімі сябрамі, бачыў іх незвычайныя характары, нечалавечую энергію і думаў: колькі ж гэтыя людзі маглі б прынесці карысці, калі б іх энергію, здольнасці, фантазію накіравалі для карыснай працы. Тут жа не раз безвынікова марнаваліся вялікія сілы. Каля другой гадзіны ночы мы прыйшлі на мяліну. Гэта быў адзінокі хутар, да якога з усіх бакоў падступаў лес. Раней тут была смалакурня.
356 Паціху адышоўшы ад вакна, спыніўся пасярод дзядзінца. Доўга вагаўся, пасля рашучым крокам накіраваўся да дзвярэй. Узяўся за клямку. Гэта працягвалася з хвіліну. Потым павольна падаўся да брамы, доўга, знерухомлены, стаяў на вуліцы. Вузкі серп маладзіка плыў па небе. Зоркі свяцілі ясна. Пахла ноччу, Вялікая Мядзведзіца была асабліва прыгожай. Адчуваў: не змагу адысці адсюль, павінен убачыць Фэлю, пачуць яе голас, штосьці сказаць ёй... Нешта вельмі значнае! Зноў пакрочыў да хаты. Паварушыў клямку ў дзвярах. Замкнуты. Раптоўнае жаданне: магу яшчэ адысці!.. Бо што ёй скажу?.. Але міжволі набліжаюся да вакна. Да таго вакна, у якое летась увосень стукаў, калі прынёс на сабе Сашку Вэбліна... Стукаю у шыбіну. Ведаю, раблю гэта занадта моцна. Аднак, няведама чаму, пачынаю стукаць яшчэ грамчэй, упарцей.
357 Учора бавіліся ўсю ноч. Каб зусім вызваліць памяшканне, Сашкаў сябра, Стасік Удрэнь, у якога мы спыніліся, адправіў двух малых братоў на ноч да суседкі. Ведаў, якая будзе забава. Неспадзяванкай для мяне стаў прыезд з Ракава гарманіста Антося. Прывёз яго, спецыяльна для гэтай мэты высланы, Янкель Парх. Удзень Стасік з Сашкам за некалькі разоў прынеслі мноства скрынак рознай велічыні. Хата ў Стасіка была вялікая, але вельмі занядбаная. Я з Жывіцам крыху давялі яе да парадку. На чорнай палове і кухні развязалі прынесеныя з горада пакункі, расклалі іх на стале і на паліцах. Тут было шмат дабраных рэчаў: каньякі, лікёры і гарэлку паставілі ў шафку. Пазіраючы на такое багацце, у мяне ўзнікала жаданне палепшыць сабе настрой, аднак Жывіца сказаў, каб я пачакаў, паколькі трэба пакінуць месца на вечар.
358 Хутка развіталіся, і Шчур спяшаючыся пайшоў па дарозе, што вяла на тракт, а я вярнуўся на хутар. Застаў усіх за сталом. Доўга яшчэ размаўлялі і смяяліся, прыгадваючы жарты і апавяданні Шчура. Адзін з братоў узяў у рукі балалайку і пачаў іграць на ёй. Аднак у яго руках інструмент зноў стаў паспалітым брынкалам. Словы Шчура пра дзяўчат абудзілі ў мяне да іх цікавасць. Пачаў уважлівей і інакш, чым раней, сачыць за імі. Штораз больш падабаюцца мне. Маюць ладныя, карыя вочы, бялкі якіх аддаюць сінявой, зацяняюць іх густыя доўгія павейкі. Вусны малыя, выразныя, шчокі ружовыя, зубы выдатныя, і павінны быць цудоўна збудаваныя. З усё большай зацікаўленасцю аглядаю дзяўчат. Яны адчуваюць гэта. Заўважыў у іх пэўнае какецтва: хочуць мне спадабацца. Але як яны падобныя! Нават розніца ва ўзросце сціраецца.
359 Нейкі час працавалі ў згодзе. Яна пякла аладкі і скідала з патэльні ў вялікую міску, а я еў іх яшчэ гарачымі. Хутка Кася заўважыла, што ў місцы нічога не прыбывае, і наша ўзаемнасць скончылася. Перад пагрозай вялікай драўлянай лыжкі, з якой Кася налівала на патэльню цеста, змушаны быў адысці ад міскі. Тады падаўся да Магдзі, якая, пабліскваючы мускулістымі плячамі, у клубах пару, мыла ў балейцы бялізну. Скарыстоўваючы тыя аблокі, як дымавую заслону, вырашыў паспрабаваць, ці цвёрдыя ў яе мускулы. Але гэтая спроба скончылася для мяне фатальна. Магдзя трэснула мне па плячах моцна скручанай штукай мокрай бялізны, і я вымушаны быў як мага хутчэй уцякаць, атрымаўшы пераканаўчае пацверджанне моцы яе мускулаў. Нарэшце падваліў да Алены, якая на чыстай палове хаты шаравала пяском і гарачай вадой стол, лаўкі і падлогу.
360 Ісці без ношак было лёгка, і мы хутка крочылі ўперад... на захад. Прыкмеціў, што вяртаемся дарогай, па якой я ўпершыню, разам з братамі і Касяй, хадзіў за мяжу. Зразумеў, Базыль хоча абысці засекі з поўначы. Мінаем лес, выходзім на поле. Зноў лес і зноў поле... Нарэшце апынуліся ў невялікім ляску, які ўпіраўся ў пагранічную паласу. Гэты лясок, утвараючы на снежнай бялізне палёў цёмны востраў, нібы плыў у моры месячных промняў. Перамахнулі на другі бок і затрымаліся ў густых хмызах. Злева, у сотні кроках ад нас, бачу засеку, якая хаваецца ўдалечыні. Справа, паміж канцом засекі і цёмным сілуэтам кустоў, адрозніваю чыстую шырокую прастору. На другім баку пагранпаласы, у месячным ззянні, плавіцца змрочна-цёмная лясная смуга. Доўга стаім на месцы і ўважліва аглядаем абшар. Нічога падазронага не заўважаем.
361 Ноч цёплая і ціхая. Цёмнае неба пакрыта мноствам зорак, якія асвятляюць мясцовасць на значнай адлегласці. Сяджу на беразе высокага, у некалькі метраў, адхону, унізе якога ляжыць тракт, што вядзе з Ракава на Менск. У левай руцэ трымаю ліхтарык, у правай зараджаны парабелум. Уважліва ўглядаюся ў напрамку моста, які знаходзіцца ў ста кроках ад мяне. Сюды далятае шум вады, але я не бачу ні моста, ні рачулкі. Злева ад моста вада булькае па каменнях. Чакаем паўстанцаў, якія будуць вяртацца гэтым шляхам з Саветаў, несучы скуркі. Павінны, як лічым з дакладнай інфармацыі і ўласных назіранняў над мясцовасцю, перайсці па камянях рачулку, а пасля, праз выкапаную ў доўгім узгорку дарогу, выйсці на вялікую паляну. Тут дарога ўтварае нешта накшталт яра шырынёй на чатыры-пяць метраў, а ўдоўжкі на некалькі дзесяткаў крокаў.
362 Шчур забірае сабе аднаго чырвонаармейца, а я другога. Вяртаемся на свае месцы і цікуем далей. Паціху размаўляю з салдатам. Ён з Барысава. Расказаў мне падрабязна пра сябе і службу. Кажа, што на адным прамежку падпольнікі возам перавозяць тавар у Менск. Абяцае дапамагчы нам наладзіць засаду. Пытаецца ў мяне, якой фірмы рэвальвер. Упершыню за сваё жыццё бачыць такую зброю. Каля трэцяй гадзіны ночы перастаём пільнаваць. Шчур ціха двойчы свіснуў і са сваім кампаньёнам сышоў уніз. Мы таксама збягаем з пагорка і выходзім на дарогу. Пасля дамаўляемся сустрэцца з чырвонаармейцамі ў нядзелю а дзевятай гадзіне вечара, непадалёку ад купіны кустоў, справа ад дарогі, на тым беразе рэчачкі. Развіталіся з салдатамі, якія пакрочылі ў напрамку граніцы. Пасля мы пайшлі шукаць Грабара. Вылез нам насустрач з кустоў.
363 Заканчваецца шосты дзень майго побыту ў Краснасельскім лесе. Спірту няма ўвогуле. Шакалад таксама скончыўся. Засталося ў мяне крыху сала. Ашчаджаю яго і таму ўвесь час галодны. Печаная бульба без солі мне ўжо абрыдла. Група Павука дагэтуль не пайшла за граніцу, і нішто не прымушае мяне сачыць за імі далей. Лягчэй можна даведацца пра яе ў мястэчку. Разважыўшы, вырашыў сёння ўначы ісці за граніцу. Адзін дзень і ноч дажджу ўвогуле не было, а зараз пачалі збірацца чорныя хмары. Яны шчыльна засцілаюць неба, і робіцца цёмна. Рыхтуецца вялікая залева. Кот непакоіцца. Усё круціцца, хоча некуды бегчы, мяўкае. Супакойваю яго. Надыходзіць вечар. У лесе зусім сцямнела. Запанавала цішыня. Усё замерла, і здаецца, што толькі хмары з глухім лапатаннем нясуцца па небе. Закідваю ў полымя ўсе дровы і раскладаю вялікае вогнішча.
364 Напачатку вялікі горад зрабіў на мяне незвычайнае ўражанне. Проста ашаламіў. Мяне раздражняў вулічны рух. Аглушаў галас... Мінуўшыя два гады жыцця на воўчай назе не прайшлі марна. Мноства нявыспаных начэй, заўсёднае ўзіранне вачыма ў цемру, сталае знаходжанне пад кулямі, неабходнасць паводзіць сябе асцярожна стварылі з мяне іншага чалавека. Я змяніўся нават фізічна. Даўно не бачыў сябе ў вялікім люстэрку. Калі зараз я, апрануты з ног да галавы ва ўсё новае, паглядзеў у люстэрка, то здзівіўся: убачыў незнаёмага чалавека! Асабліва ўразіў мяне твар і вочы... халодныя, а ў іх затаіліся незвычайныя глыбіні, якіх не было раней... З таго часу не люблю ўзірацца ў вочы людзям і стараюся, каб мой погляд быў спакойны, лагодны... Доўга прыглядаўся да сваіх вачэй, стараючыся зразумець: што гэта? Але не мог таго ўцяміць!..
365 Андзя напудрыла твар, што было даволі марнай чыннасцю, бо студэнт і так не змог бы яе як след разгледзець. Уверсе, насупраць уваходу на гарышча, было амаль зусім цёмна, і толькі вочы, прызвычаеныя да змроку, маглі там нешта адрозніць. Праз чвэрць гадзіны яна пачула рып дзвярэй студэнцкай кватэры і нечыя крокі. Яна прыслухоўвалася з моцным грукатам у сэрцы, якое, здавалася, магло выскачыць з грудзей. Крокі затрымаліся па пляцоўцы чацвёртага паверху, але не скіраваліся ўніз, а загучалі яшчэ вышэй. Крокі ў кірунку гарышча гучалі асцярожна, аддаляючыся павольна. Пасля некалькіх хвілінаў чакання Андзя досыць хутка, але бязгучна прыпусціла наверх. На апошнюю пляцоўку з чацвёртага паверху вялі два ярусы сходаў. Калі Андзя апынулася на самай верхняй прыступцы, дык адразу ж трапіла ў моцныя, нецярплівыя абдымкі.
366 У сутарэнні, насупраць дзвярэй у іхняе жытло, былі іншыя дзверы. Там жыў з жонкаю начны вартаўнік тартака, сталы чалавек. Калі Алік хаваўся ў калідорчыку, жонка вартаўніка, зварыўшы ежу для сабакаў, выставіла яе ў вядры за дзверы, каб ежа астыла. Пах прывабіў Аліка. Вылезшы са свайго кута, ён падышоў да вядра. Апарваючы рукі, выцягнуў з вядра кавалак мяса. Даўшы драпака ў свой закутак, там прагна еў. Потым прадбачліва зацёр сляды на падлозе, выняў яшчэ нешта з вядра і схаваўся ў кватэры. З таго часу ён стаў сістэматычна красці з вядра прызначаны для сабакаў корм. Хлопчык браў ежу на запас, бо перад гэтым некалькі разоў яму перашкодзілі, і ён не паспеў раздабыць харчоў. Таму ён зрабіў сабе ў цётчыным жытле схованку, у якой пакідаў у бляшанцы кавалкі мяса, пабранага ад сабакаў, а таксама мокрыя кавалкі хлеба.
367 Неўзабаве Алік пачаў выходзіць з сутарэння часцей і далей. Цётка яму гэтага не забараняла. А ён знаёміўся са светам. Перш-наперш яго зацікавіў сметнік на іншым падворку, недалёка ад прыбіральні. Там была крыніца вялікіх багаццяў, якімі ён стаў спраўна карыстацца. На сметніку яму трапляліся адкроеныя з хлеба сухія скарынкі. У бляшанках ад кансерваў часам былі рэшткі ежы. Здаралася знайсці і кавалкі зацвілай кілбасы. З костак ён выцягваў мязгу. А колькі ж там было іншых скарбаў, якія ён сабе прысвойваў і прадбачліва хаваў, рассоўваючы па розных кутах на падворку і ў сутарэнні! Гэтак жыў хлопчык-шчанюк, няшчаснейшы за сапраўднага звярка, бо ён мацней пакутаваў ад галечы і быў значна больш бездапаможны. Гэтак ён змагаўся за сваё жыццё. І калі ацалеў, то толькі дзякуючы сабе і сабакам. Людзі тут былі ні пры чым.
368 Папера згарала або гасла, не даляцеўшы да дна. Сабака скалечыўся, зваліўшыся на дно калодзежа. Амаль цалкам ён сядзеў у муле. У роспачы ён уздрапаўся на скрынку, якая ўпала каля адной са сценаў студні. Ён углядаўся ўверх і бачыў увенчаныя галовамі дзяцей берагі калодзежа. Ён пачаў вішчаць, выць, молячы сваіх нядаўніх сяброў аб ратунку... Ён яшчэ верыў у людзей. Але безвынікова... Яго ахапіў страх, калі ўніз пачалі ляцець падпаленыя кавалкі паперы. Ён дрыжаў. Туліўся да вільготнай сцяны калодзежа. Аднак агонь не дабраўся да яго. Ён зноў пачаў упрошваць аб дапамозе, аб выратаванні... Яго добрае сабачае сэрцайка не магло зразумець таго, што адбылося. За што ж яго гэтак пакаралі? Ён жа іх так любіў. Ён так цешыўся і скакаў, калі іх бачыў. Ён стараўся адгадваць кожнае іхняе жаданне, быў ім гэтак верны.
369 Баран выкарыстоўваў газету, і хоць доўгі час ужо не быў кішэннікам, газеты па-ранейшаму купляў. Была ў гэтым і іншая рацыя. Чалавека, які мае ў руцэ, у кішэні або за адваротам пінжака газету, цяжэй западозрыць у прыналежнасці да рыцарскага ордэну з-пад знаку адмычкі, чымся некага іншага. Сёння Баран таксама купіў на Саборнай плошчы газету і пайшоў на Нізкі рынак. Ён спадзяваўся пабачыцца там, у прытоне Цыпы, з Казікам Марацкім, з якім не спаткаўся мінулым разам, бо тады перашкодзіла яму работа, а потым Паўка, сабака Мілы, кантакты са швачкай, абсталяванне майстэрні... І так прамчаў час. Цяпер ён хацеў спатоліць цікавасць, што чуваць у Вільні, і думаў абмеркаваць з ім якое-кольвек новае заданне. Ён выдаткаваў амаль усё за апошні час на абсталяванне жытла, а на пошукі новай работы не меў часу.
370 Аднойчы Ясь пайшоў з дзядзькам на базар на Траецкую гару. Дзядзька меў на продаж пяць параў ботаў з халявамі. Жардонь разбіраўся ў абутку, бо сам вырабляў халявы ды меў шмат знаёмых сярод шаўцоў. Гэтыя знаёмствы дазвалялі яму танна пашыць боты з самай тандэтнай скуры ды потым выгадна іх прадаць на рынку. Звычайна ж ён, аднак, скупляў старыя боты, туфлі і чаравікі, сам іх рамантаваў, а потым выстаўляў на продаж, часта зарабляючы нават у тры разы больш, чым выдаткаваў. Ясь, які навучыўся гандлявацца і расхвальваць тавар, насіў на базары боты ў руках. Калі знаходзіўся кліент, пераважна селянін з вёскі, то пачынаўся торг. У той жа час да Яся падыходзіў дзядзька, які рэшту тавару меў у мяшку, ды таксама пачынаў разглядваць боты і, у залежнасці ад сітуацыі, падбіваў цану. Гэтак разам яны прадалі ўжо шмат абутку.
371 Паўка закахалася ў цырульніка. Ён быў такі незвычайны, гэтак моцна адрозніваўся ад іншых людзей з ейнага атачэння. Ад яго заўсёды прыемна пахла мылам, пудраю і адэкалонам. Ён так прыгожа апранаўся. А якія меў манеры!.. Са свайго боку Толік аніякіх асабліва палкіх пачуццяў да яе не меў. Зусім інакш магло б быць, калі б яна была графіняй або дачкой графа. А так што ў яе было незвычайнага: здаровая, маладая, сімпатычная дзяўчына і толькі. Ён лічыў нават ганьбай тое, што водзіцца з дзяўчынай з простанароддзя. Але іхны раман трываў і надалей. Паўка не абцяжарвала Толікава жыцця. А для дзяўчыны цырульнік быў першым каханнем. Чым мацней закранала яе жорсткасць бацькі і атачэння, тым больш яна прыкіпала душою да Толіка. Паўлінка раўніва ахоўвала сваю таямніцу. Яна нікому пра яе не расказвала і была вельмі асцярожная.
372 Тры разы на тыдзень Ясь хадзіў на заняткі французскай мовы да Марусі Лобавай. Настаўніца мела арыгінальны метад. Спачатку яна чытала Ясю з кнігі нейкі кароткі анекдот або апавяданне. Потым тое самае чытаў Ясь, прычым Маруся папраўляла ягонае вымаўленне. Потым яна тлумачыла яму змест. Пазней яны разбіралі ўсе сказы па чарзе, прычым Ясь запісваў у сшытак невядомыя яму выразы. Калі ён ведаў усе словы і мог без памылак прачытаць тэкст, Маруся задавала яму пытанні, адказаць на якія можна было сказамі з тэксту ці яго фрагментамі. Потым Ясь самастойна рабіў пераказ па-французску. Гэтак ён дакладна засвойваў французскія словы і звароты. Навука ішла лёгка, і Ясь рабіў поспехі. Граматыкі Маруся свайму вучню не выкладала. Вучыла яго як дзіця: давала штораз новыя серыі словаў і дапамагала ўжываць іх на практыцы.
373 Праз вузкае акенца Баран вылез на дах камяніцы і пачаў паволі паўзці па краі ўздоўж вадасцёкавай трубы. Было цёмна. Ірваў моцны вецер. Рукі злодзея здранцвелі ад холаду. Кожны крок мог прывесці да падзення, бо труба была старая і пагнутая. Аднак Баран паволі дапоўз да краю даху з боку падворку. Тут ён пабачыў, што трапіў у пастку, бо дом стаяў далёка ад іншых. Ён апынуўся на краі прорвы. Абапёршы ногі на трубу, Баран лёг на даху і адпачываў, чакаючы, што будзе далей. Ён спадзяваўся, што пераследнікі не заўважаць выламаных і прысунутых на ранейшае месца дошак, праз дзірку ад якіх ён пралез на паддашак, і, пабачыўшы, што ўсе дзверы зачыненыя, падумаюць, што ён неяк уцёк з дому. Тады Баран мог бы перачакаць на вялікім паддашшы ноч, а для бяспекі і цэлы наступны дзень, і толькі тады адсюль выбрацца.
374 Баран пакуль нічога не заўважаў. Тое было акурат тады, калі ў яго зусім не ішлі справы. Але аднаго разу, вяртаючыся з гораду, ён прыкмеціў, што ў сабакі скалечаны бок. Гэта Паўця лінула на жывёліну кіпнем. Баран толькі цяпер звярнуў увагу на Мілага. Ён падышоў да сабакі і пачаў гладзіць яго па галаве. Сабака, як звычайна, стуліў вушы ад ласкі гаспадара і з лёгкім бурчэннем схапіў зубамі руку Аліка ды трымаў яе. Ён не ўмеў падлашчвацца і патрабаваць увагі, як іншыя сабакі... Эх, каб ён толькі ўмеў скардзіцца, каб мог гаварыць... Баран адзначыў сабе, што сабака страшна схуднеў. Шэрсць у яго пашарэла і аблезла. Ён згадаў, як Паўця яго ўвесь час пераконвала выкінуць сабаку, бо той нібыта робіць псоты і ўвогуле небяспечны. І цяпер яму стала ясна, чаму Мілы ў такім кепскім стане. Ён зайшоў у дом.
375 Прынеслі дошку. Мяккае цела Сыроня перавярнулі тварам долу. Сякера замільгала ў паветры, з хрустам апускаючыся на дошку, з якой ляцелі трэскі. Інструмент вырывалі адзін у аднаго з рук. Кожны хацеў хоць раз ударыць. Сыронь не варушыўся. Ён быў мёртвы. І раптам лопнула шыба, і ў пакой уляцеў вялікі камень. Пасля другі, трэці, чацвёрты. Турак ашалеў. Па ягоным твары ляцелі слёзы. Ён схапіў вялікі шабер і хуткімі, ціхімі скачкамі кінуўся да ўваходу ў сенцы. Там левай рукой уключыў ліхтарык. Турак бачыў, што мужыкі пачнуць уцякаць з цёмнай хаты, бо адзін з камянёў змёў са стала лямпу. І злодзей не памыліўся. Людзі ўнутры аслупянелі на нейкі момант, а пасля іх агарнула паніка. Яны кінуліся да дзвярэй. Усёй фйтурмой. У сенцах Турак выцяў першага шаберам па галаве. Селянін асунуўся на падлогу. Злодзей ударыў другога.
376 У крымінальным свеце так не атрымаецца. Там чалавек можа заняць толькі тое месца, якое яму належыць. Уваходзячы ў турэмную камеру, чалавек пакідае за яе мурамі ўсю тую зброю, якая дазваляла яму, насуперак законам прыроды, займаць неадпаведнае становішча. У камеры і ў турме вязень атрымлівае такое месца, якога ён варты. Яго пазіцыю ў турме вызначае сіла характару і волі. Там жыццё, быццам гадзіннікавы майстар, размяшчае ўсё на адпаведных месцах. Турэмная адміністрацыя можа прызначыць вязню аддзяленне і камеру. Пазіцыю сярод вязняў вызначыць ягоны характар. Натуральна, што турэмная эліта складаецца з прафесійных злачынцаў. Яны маюць вызначальнае слова і ад іх часта залежыць лёс турмы. Прафесійныя злачынцы выступаюць у якасці палітычнай сілы, з якой вымушаныя лічыцца і вязні, і адміністрацыя.
377 Запэўнівалі, што ў таго шмат грошай. Жабрак жыў на ўскраіне горада, ва ўбогай кватэрцы. Справа была лёгкая, і Зыхер, як толькі жабрак выправіўся на сваю работу, пачаў апрацоўваць яго жытло. Часу было досыць, таму ён старанна праверыў пакой і куханьку. У сенніку знайшоў дзесяць з гакам тысяч ост-рублёў, некалькі тысяч царскіх банкнот і крыху керанак. А ў коміне намацаў бляшаную скрыначку. У ёй было шмат срэбных манет і каля тысячы рублёў золатам. Усё гэта разам было значнай сумай. Зыхер аддаў дваццаць адсоткаў наводчыку і з таго часу пачаў спецыялізавацца на абкраданні жабракоў, амаль заўжды беручы вялікія кушы. Яго кліенты ніколі не падавалі заявы ў паліцыю і ніколі не расказвалі пра іх каму-колечы, не жадаючы прызнаваць, што на жабрацтве яны сабралі някепскія капіталы. Таму Зыхер працаваў пэўна і бяспечна.
378 Камендант выйшаў. Кацярына засталася адна. Ёю авалодала роспач. Яна адчувала сябе кволай дзяўчынкай, якая згубілася ў цёмным, страшным лесе. Тое, што адбывалася з ёю ад пачатку рэвалюцыі, здавалася ёй кашмарным сном. Яна бачыла столькі жахлівых рэчаў, перажыла столькі прыніжэнняў, але ніяк не магла з імі змірыцца. Навошта гэта ўсё? За што? З дзяцінства яна старалася быць з усімі добрай і зычлівай. Муж яе проста абагаўляў. Нікому яна не зрабіла нічога благога. А тут раптам яе пачалі маральна і фізічна гвалціць. Ставіцца як да рэчы, якая дае задавальненне. Высмейваць ейную далікатнасць, дабрыню, сарамлівасць. Магчыма, цяпер ейны боль крыху прытупіўся. Але яна дагэтуль не перастала сачыць вачыма спалоханага дзіцяці за тымі людзьмі, якія яе атачалі. Быў перыяд, калі яна спрабавала падладзіцца пад стыль акружэння.
379 Апрача ўжо вядомых нам гасцей, быў запрошаны таксама старшыня Надзвычайнай камісіі Сідар Міцін, былы чыгуначнік, непрыемны з выгляду і пануры тып. Ён прыйшоў са сваёй грамадзянскай жонкай, якой было толькі блізу сямнаццаці гадоў Яна выглядала як дзіця. Муж быў старэйшы за яе больш як у тры разы. Далей сядзеў старшыня гарвыканкама, габрэй, вельмі разумны, нервовы і худы. Ягонае прозвішча было Родзін. Імаверна, яно было змененае. Старшыня прыйшоў са сваёй сакратаркай, ідэйнай камуністкай Вольгай Рамскаю, немаладой ужо, брыдкай і высахлай жанчынай з гарачым тэмпераментам. Вольга сублімавала сваю празмерную сексуальную энергію ў фанатычную партыйную працу. Амаль усе даволі хутка напіліся як бэлі, бо ўсе тосты былі рэвалюцыйныя і дзяржаватворчыя, таму іх нельга было ігнараваць. Найлепш трымаліся камендант і Філіп.
380 Чырвоныя плямы былі ўжо зусім побач. Ясь азірнуўся і пабачыў, што каля яго прапаўзла доўгая металічная змяя. Яна прамільгнула з неверагоднай хуткасцю, бясшумна, і знікла. Ясь хацеў зноў узяць дзяўчыну за руку і крочыць з ёй далей, але таварышкі нідзе не было. Ясь кінуў позірк направа і налева. Прабегся ўпохапкі туды і сюды. Пуста. Адно дамы дзіўнай формы паблісквалі ў цішыні, залітыя зыркім святлом штучнага сонца. Ясь шпарка шыбаваў вуліцаю. Сваіх крокаў ён не чуў. Горад быў загадкавы. Будынкі то грувасціліся на штучных узгорках, то спускаліся долу па спадзінах. Усюды было мноства кветак. Моцны струмень іх водару біў у паветра. А Ясь у роспачы ўсё шукаў дзяўчыну. Яго не пакідала адчуванне, што яна мусіць быць недзе недалёка, тут, у горадзе. Магчыма, яна таксама, як і ён, блукае па вуліцах і выглядае яго.
381 Блатныя занепакоіліся, што не паспеюць перацягнуць тавар нават у найбліжэйшую маліну. Тады Мішчанка распавёў, што ведае добрае месца, дзе можна схаваць здабычу да наступнай ночы. Недалёка ад кааператыва жыла Мішчанкава цётка, якая цягам некалькіх гадоў будавала невялікі драўляны дом, бо стары знаходзіўся ў жудасным стане. Дом быў ужо накрыты дахам. Мікалай запэўніў, што там ёсць зацішныя закуткі, каб добра ўкрыць тавар. Злодзеі пагадзілася. Блатныя аддзялілі такую колькасць самага дарагога тавару, якую маглі забраць з сабою, а рэшту пачалі перацягваць паводле ўказанняў Мікалая ў завулак непадалёку. Мікалай пералез праз высокі плот, які аддзяляў падворак ад завулка. Супольнікі падавалі яму тавар паўзверх штыкецінаў. Скора было па рабоце. Мікалай перанёс тавар у незакончаны дом і там яго прыхаваў.
382 Пасля доўгай і цяжкай вандроўкі, віхляння між варожымі лагерамі, Ажур нарэшце дабраўся з расійскага поўдня ў Маскву. Ён пераадолеў шмат цяжкасцяў і дакладна вывучыў дарогі, якімі планаваў вывезці Марысю з Менска. Цяпер ён вельмі непакоіўся і нерваваўся. Ён усведамляў, што Марыся можа не знаходзіць сабе месца і думаць немаведама што пра ягоны лёс. Ён заўсёды быў вельмі пунктуальны, а цяпер спазняўся на два тыдні. Але, нягледзячы на вялікія намаганні ды высілкі, яму гэтак і не ўдалося вярнуцца раней. Ён мусіў перакрочваць дзіўныя межы, якія змяняліся ледзь не штодзённа. Пераапранаўся, змяняў дакументы. Адзін раз прадзёрся праз фронт паміж белымі і чырвонымі. Пад Масквой ягоны цягнік сышоў з рэек, праз што загінула мноства людзей. Ажур быў ранены, што праўда, лёгка, але і так мусіў хадзіць у бінтах.
383 Чарговасць адпраўкі на расстрэл вызначалі выпадак і фантазія турэмнага каменданта. Сюды кідалі пераважна тых, чые справы не трэба было расследаваць. Усё было ясна: пакараць смерцю, каб прысабечыць іхнюю ўласнасць. З арыштаваных проста немагчыма было нешта выцягнуць, бо іхныя сумленні былі чыстыя. З вузкіх акенцаў пад сырым скляпеннем сачылася слабае святло. Есці амаль не давалі. Ды і навошта? І так усе мусілі памерці. А галодныя мукі не краналі начальства. Толькі зрэдчас сюды прыносілі ваду ў бляшанках. Жанчыны сядзелі ў камерах разам з мужчынамі. Усім было ўсё роўна. І ахоўнікам, і вязням. Тут адчувалася дыханне смерці, а ў камеры зазірала шаленства. Двойчы на дзень арыштаваных па двое выпускалі з камераў у прыбіральню. Для гэтага ў калідоры паставілі вялікі драўляны цэбар, смурод з якога выклікаў ваніты.
384 Запольская сядзела ўжо чатыры дні. За гэты час з ейнай камеры двойчы забіралі вязняў. Першы раз вывелі паводле спіса трох мужчын. Другі раз з дваццаці васьмі чалавек узялі сямнаццаць. Затрымаліся акурат перад ейным месцам на зямлі, дзе яна ляжала, скурчаная ад холаду. Спакой, які заўладаў ёю падчас вобшуку, трываў і далей. Яна адчувала сябе па-за жыццём. Дапускала, што і Ажур таксама там. Думала, што нават... яе чакае. Смерць падавалася ёй вызваленнем. Яна зусім не баялася. Цягам чатырох дзён нічога не ела. Спачатку адчувала голад, але калі прынеслі суп і сто пяцьдзясят грамаў хлеба, кусок не ішоў ёй у горла, Гэтак жудасныя былі місы і рукі, якія раздавалі хлеб. На трэці дзень яна зусім перастала адчуваць голад. Толькі пачалася лёгкая гарачка і аслаблі ногі. Таму яна адно ляжала або сядзела на зямлі.
385 Казік больш не настойваў. Адчуў, што не існуе на свеце словаў, якія б адахвоцілі калегу зрабіць задуманае. Перад сёмай гадзінай вечара Алік быў ужо ў Паўлінчынай кватэры. Доўга хадзіў узад-уперад, крыху сланяючыся на нагах. Прысеў. Паглядзеў на гадзіннік. Прабіла роўна сем. Паўлінка вярталася заўсёды ў пяць хвілін на восьмую, бо крама была блізка. Але сёння яе не было і ў пятнаццаць хвілін на восьмую. Пайшла па спірт. Ажно а палове восьмай Алік пачуў, як на падворку бразнула брамка і затухкалі спешныя крокі. Паўлінка энергічна адчыніла дзверы і ўвайшла ў пакой. Баран сядзеў на крэсле каля сцяны. На галаве ў яго тырчала шапка. Ён уважліва ўглядаўся ў Паўлінчын твар. Здзівіўся, што яна мела на сабе новы прыгожы касцюм, ягоны колішні справунак, а не тую сукенку, у якой раніцай выйшла ў краму.
386 Марацкі згадзіўся, хоць яму гэта не зусім пасавала. Ён быў падрыхтаваны да падарожжа. Цяпер мусіў змяніць планы. Ён не мог адмовіць дружбаку, ды і не вельмі хацелася аднаму выпраўляцца ў далёкі шлях. Праз дзесяць хвілін ногі самі неслі Аліка на Залатую Горку. Зайшоў у дом з усмешкай на твары і пабачыў прыгожа ўбраную Паўлінку і застаўлены прысмакамі стол. Гарэлка была вельмі моцная і нясмачная, але Аліку вельмі спадабалася. Закускі таксама. А Паўлінка ўвесь час гавэндзіла пра тое, што і як будзе прадаваць. Намагалася зацягнуць вячэру наколькі было можна, каб пазней стомлены Алік мацней спаў. Калі ж а дванаццатай гадзіне яны пайшлі ў ложак, Паўлінка выбухнула там, як гарачы вулкан, нястрымнай жарсцю, чым вельмі здзівіла свайго каханка. Было тут не толькі жаданне змучыць яго ласкамі, але і пэўная разбэшчанасць.
387 Яшчэ адзін дзень выйгралі ў латарэі! Давай запалім! Яны зноў выпалілі адну цыгарэту і леглі спаць. Цырульнік адразу заснуў, а Ясь яшчэ доўга ляжаў з расплюшчанымі вачыма. На раніцу ім зноў далі цёплай вады. Гэта не спатоліла голаду, але прынамсі прагнала смагу. Потым яны панура сядзелі на нарах, часам паасобку хадзілі вузкім праходам паміж нарамі і сцяной. Апрача нараў, у камеры быў толькі нізкі драўляны зэдлік, на які ставілі вядро. Цырульнік пераважна ляжаў. Ён быў знясілены шматдзённым голадам. Ясь хадзіў па камеры. Яму хацелася паліць. Ведаў, што ў сукамерніка ёсць яшчэ некалькі цыгарэт, якія яму ўдалося пранесці за краты, але думаў, што цырульнік спіць, і не хацеў яго будзіць. Нечакана скручаны абаранкам Давідка заварушыўся і жвава сеў на нарах. Даў Ясю знак рукой, той наблізіўся да яго.
388 Калегіі былі перадусім машынамі для вынясення смяротных пакаранняў. Гэта былі мясарубкі, у якія з аднаго боку заганялі жывых людзей, а з іншага выходзіла крывавая калатуша. Інструкцыі, на якіх грунтавалася дзейнасць калегіі, дазвалялі пасылаць на смерць кожнага, хто аказаўся за кратамі. Самым галоўным доказам віны ў тыя часы быў факт арышту. Сёння ў рукі старшыні, які найчасцей вырашаў за траіх, трапіла надзвычай цікавая справа. Паперы Грамадзяніна. Ён быў затрыманы на вуліцы. Пры ім знайшлі набор зладзейскіх інструментаў і зацухмоленыя, абадраныя па краях старонкі рукапісу. Затрыманага даставілі ў Следчы аддзел. Там павярхоўна апыталі. Прылады канфіскавалі, а пратакол, разам з далучаным рукапісам, перадалі ў распараджэнне Надзвычайнай камісіі. Там пастанавілі аддаць яе на разгляд калегіі.
389 На Камароўцы, пад лесам, калючым дротам была абгароджаная вялікая пляцоўка. Гэта быў прастакутнік з адной пярэрвай на ўезд для машын. Спачатку расстрэльвалі на адкрытай прасторы. Алё некалькі разоў смяротнікі кідаліся наўцёкі, нягледзячы на рызыку. Некалькім нават удалося ўратавацца. Пасля гэтага месца расправы абгарадзілі калючым дротам. Трупы закопвалі неглыбока, часам толькі прысыпалі зверху пяском. У шмат якіх месцах з зямлі вытыркалі людскія канцавіны. Агідны пах раскладання разносіўся далёка навокал. Ужо развіднела, калі варанок апынуўся на месцы экзекуцыі. Канваіры першымі пакінулі аўтамабіль. Потым загадалі выйсці асуджаным. На запясцях ім раскруцілі дрот, каб яны маглі раздзецца. Вязні стаялі, збіўшыся ў кучу, і панура маўчалі. Янка Залаты Зуб дапытлівым позіркам акінуў наваколле.
390 Брацца за даследванне сутнасці нацыянальнай ідэі, яе складаючых нацыі і нацыяналізму вельмі няўдзячная задача. Яшчэ моцна жыве ў нашых посткамуністычных краінах стэрэатып насцярожанасці і нават адмоўнага стаўлення да кожнага з гэтых паняццяў. І ўсё ж разуменне паблемы і падтрымка шэрагу вядомых людзей у Беларсі натхніла і дала моц аўтару пры напісанні гэтай кнігі. Сярод тых хто спрычыніўся да напісання прапануемай манаграфіі я б хацеў найперш адзначыць доктар філасофскіх навук, прафесара Крукоўскага Міколу Ігнатавіча, які выканаў складаную і адказную працу навуковага рэдактара кнігі. Яго бліскучая эрудыцыя і імкненне да новага часта ўражвала мяне. М.І.Крукоўскі, бадай першы ў Беларусі, хто засвоіў і выкарыстаў сістэмны аналіз у філасофіі. Гэтыя ідэі, а таксама шэраг іншых знайшлі развіццё ў манаграфіі.
391 З левага боку ад праспекта, на якім стаяла Хвілінка, пачынаўся Верхні Горад. Паўзруйнаваны, ён адразу ж абрываўся ў Нямігу, метафізічную раку з крывавымі берагамі, з якой пачалася тутэйшая гісторыя. Яна цякла ў шматлікіх тэкстах і ўжо адтуль патрапляла ў нашую свядомасць. Рака бяссоння, так яе называлі старыя балты. Людзі, якія жылі тут, былі неяк выкінутыя са звычайнага радаснага колазвароту мільённага горада, з ягонымі тралейбусамі і аўтобусамі, выставамі і кінатэатрамі, новымі мікрараёнамі, дзе горда луналі духі часу. Яны выглядалі так, як быццам пражываюць ужо не першае жыццё і проста крыху стаміліся ад яго навязлівага карнавалу. Зрэшты, тут жылі не толькі людзі, але й цені, іншым разам здавалася, што яны і ёсць сапраўднымі жыхарамі менскіх руінаў, што толькі яны маюць правы на іх адлюдненую самоту.
392 Яго можна было знайсці ў даведніку, і я аднойчы так і зрабіў. Проста каб упэўніцца, што ўсё гэта мне не прыснілася. Што Хвілінка сапраўды існуе, альбо існавала. У адным з гарадоў аднае з краінаў. Справа ад Праспекта і паралельна яму ішла зарослая старымі дрэвамі і невялікімі мадэрнымі будынкамі вуліца Карла Маркса. Самая рэспектабельная, самая ціхая і буржуазная вуліца горада. Па ёй было добра шпацыраваць, але там чамусьці не адбывалася анічога сутнаснага. І ўсё ж найлепей падыходзіць да Хвілінкі было менавіта па ёй, каля Музея Усіх Мастацтваў збочыць налева, нырнуць у затоку сквера, і выйсці на паверхню ўжо на Праспекце, каля самага ўваходу. Прайсці наскрозь бістро, дайсці да барных стоек і заняць сваё месца каля вакна, з левага боку. Праз вакно адкрываўся асаблівы від, як унутр, так і навонкі.
393 Гэтыя размовы здараліся выпадкова, і не заўсёды, у рытме самога жыцця, якое нічога не любіць рабіць па плане. Але ўсё ж такі здараліся. Часам яны адбываліся за суседняй стойкай, і тады прыходзілася цягнуць шыю, прыслухоўвацца і прыглядацца. Іншым разам я патрапляў у эпіцэнтр, і тады ледзьве стрымліваў сябе, каб самому не стаць іх удзельнікам. Апрача гэтага, тут усё было як звычайна: заходзілі маўклівыя мужчыны пад сорак і кампаніі нявыхаваных падлеткаў, прыходзілі старыя піякі, каб вызначыцца на трох, і далікатныя, паслухмяныя дзяўчаты, што бралі кубачак гарбаты з пірожным і надалей стаялі, як кветкі ў вазончыку, ціха і засяроджана. Яны ўсе таксама штосьці прамаўлялі, вышэптвалі. Пра штосьці думалі. Усяго адно ці два словы. Самыя звычайныя. І далей трэба было разгадваць, расшыфроўваць: што адбылося, чаму.
394 Мусіць быць нейкі сэнс усяго, думаў я. Не можа быць, каб усе жылі проста так, разумеючы, чым усё скончыцца, і не спрабуючы штосьці зрабіць. Потым я вырашыў: трэба навучыцца з гэтым жыць, так, як усе. Не задаючы лішніх пытанняў, спрабуючы заглушыць гэтую веду. Боль сапраўды заціхаў, адпускаў на гады і дзесяцігоддзі. Але праз пэўны час вяртаўся. У самыя нечаканыя і нязручныя моманты. У Лондане, у інтэрнаце на Пэдынгтан, у пакойчыку, які я дзяліў з інданезійскім прыяцелем, дзе я тры месяцы рабіў выгляд, што чытаю кнігі, хаця думаў толькі пра гэта. Альбо значна пазней, у Менску, калі пачаў падбірацца да сарака, і раптам зразумеў, што я на плато, што ўзыходжанне адбылося, і наперадзе мяне чакае толькі спуск. Спускацца заўсёды больш складана, чым узыходзіць. Тыя, хто быў на вышынях, ведаюць пра гэта.
395 Менавіта там я ўпершыню сустрэў Францішка. Я памятаю, быў самы пачатак кастрычніка. Свяціла сонца. Я спускаўся ад Бібліятэкі ўніз, да Свіслачы, па кароткай вулачцы, назву якой ніхто не мог надоўга запомніць. Унізе мяне чакаў Парк, таксама яшчэ неназваны, і мой самотны паўгадзінны шпацыр, падчас якога я планаваў задумацца пра праўдзівыя імёны. Я тады моцна перажываў, нават пакутваў ад усіх гэтых вуліцаў Кірава і праспектаў Пушкіна, якіх былі сотні і тысячы і якія былі гвалтам над рэальнасцю. Я думаў пра свой ідэальны горад, з вулкамі, плошчамі, паркамі, назвы якіх ведаў бы толькі я, і яны самі. І вось я спусціўся ў восеньскі Парк, пакуль безыменны, поўны разнастайных адценняў, колераў, эмоцый. І раптам адчуў штосьці незвычайнае. Там было крыху суцішанасці, восеньскага спакою. Але не толькі.
396 Інжынеры ганарыліся сваімі заводамі і змагаліся за тое, каб выканаць і нават перавыканаць план. Лекары лячылі людзей і страшна пакутвалі, што, нягледзячы на дасягненні медыцыны, людзі ўсё ж такі паміралі. Ветэраны расказвалі пра перамогу савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Партыйныя сакратары сачылі за тым, каб усе былі правільнымі, усе гралі свае ролі згодна з напісаным сцэнаром. І каб усё ўрэшце заставалася на сваіх месцах. Праўда, недзе далёка быў другі, іншы свет, дзе людзі жылі па-іншаму. Па чутках, там не было ніякіх сцэнароў, ніякіх партыйных сакратароў. Там не было нават піянераў. Але ён быў амаль нерэальным: сярод маіх знаёмых не было нікога, хто мог бы пра яго расказаць. Пацвердзіць, што ён сапраўды існуе, што гэта не прыдумка прапаганды, не частка таго самага правільнага сцэнара.
397 Ксераксы старых кнігаў. Пераважна дарэвалюцыйных, але часам і сучасных, эмігранцкіх альбо проста заходніх. А таксама розныя госці, якія прыязджалі да яго: збольшага з Пецярбургу, але часам з Алтаю, Башкірыі ці нават з Далёкага Ўсходу. Дзякуючы Францішку я прачытаў тады Судзукі і Уотса, Гурджыева і Блавацкую. У самвыдаце. Яшчэ да таго, як ад іх твораў пачалі ламіцца паліцы з эзатэрычнай літаратурай. Некаторыя рэчы былі відавочна небяспечныя: за ўспаміны Надзеі Мандэльштам, якія ён аднойчы прынёс у Хвілінку, можна было атрымаць тэрмін. За прапаганду і распаўсюджванне. Іншыя былі мілыя і бяскрыўдныя: на адзін з маіх дзён нараджэння ён прынёс самаробную кнігу перакладаў Эмілі Дыкінсан. Пераклады былі дбайна сабраныя з часопісаў і анталогіяў, перадрукаваныя і пераплеценыя ў адзін невялічкі томік.
398 Раптам знік Леа. Казалі, што ён не спадабаўся новым гаспадарам. Сапраўды, ён зусім не быў падобны да бармена. І троечка ў яго была нейкая нетакая. І самае галоўнае, ён не меў таго характэрнага выразу твару, які, напэўна, выхоўваецца стагоддзямі, як і ангельскія газоны. Выразу адсутнай гатоўнасці, найбольш запатрабаванаму ў афіцыянтаў, швейцараў, ва ўсёй той чэлядзі, якую ў нас толькі пачыналі асцярожна вырошчваць. А потым закрылася і сама піцэрыя. А на яе месцы пачалі паўставаць розныя рэстарацыі, імёны якіх ніхто не мог потым прыгадаць. Стала неяк асабліва сумна і самотна жыць. Але Францішак па-ранейшаму прызначаў там нашыя сустрэчы. Заставалася толькі здагадвацца, што ён мае на ўвазе. Дзе, у якім месцы знаходзіцца сёння Хвілінка, пытаўся я ў яго, але ён толькі сумна ўсміхаўся і нічога не адказваў.
399 Тое, што раней знаходзілася ў жывым адзінстве, цяпер вымушана быць паасобку. Ясная, вызначаная паэтычная эмоцыя больш немагчымая. У гэтым хаосе, дзе няма пакуль анічога сэнсоўнага, лепш увогуле не варушыцца. Не рабіць нічога. Бо гэта час галодных духаў, якія выходзяць на паляванне. Мы мусім прайсці праз гэта, як праз спакусу, сказаў ён тады. І выйсці на той бок эпохі. А што нас чакае на тым баку, пытаўся я, але ён не адказваў, альбо адказваў зусім не пра гэта. Складвалася ўражанне, што ён чытаў па аблоках, але не разумеў тады таго, што побач, свайго ўласнага жыцця. Зрэшты, ён і не імкнуўся да гэтага. Яму здавалася недаравальнай наіўнасцю, нават злачынствам, спыняцца і супадаць з занадта часовымі формамі, казаў ён, у той час як трэба ісці наперад і сведчыць. Але куды наперад? І пра што сведчыць?
400 Ён быў звыкла самотны, сваёй асаблівай, паэтычнай самотай. Але ў пэўны момант для большасці ён стаў яшчэ і няўтульным. Пачыналася ўсё з дробязяў, з эмоцыяў і думак, якія не супадалі з агульнапрынятым меркаваннем. Былі бамбардаванні, бамбілі амерыканцы, але каго, я ўжо не памятаю. Ды гэта і неістотна. Потым яны ўвесь час кагосьці бамбілі. Усе замоўклі ў няёмкасці. Тады ні ў кога, якрамя пары-тройкі журналістаў, не паднялася рука хваліць забойствы. Ды й журналісты хвалілі неяк ускосна, а потым апраўдваліся на калідорах. Але і крытыкаваць ніхто не адважыўся. Дакладней, крытыкаваць было можна і нават трэба, але дачакаўшыся, калі адтуль будзе дадзены знак. І тут Францішак, які ўвесь гэты час трымаўся ў ценю, нарэшце дазволіў сябе выйсці навонкі. На авансцэну. Ён друкуе артыкул пад назвай Канец прыўкраснай эпохі.
401 Але Францішак не спыняўся. Наступны тэкст называўся Пра дзве душы. Артыкул быў іранічны і гратэскавы, і быў ён зусім не пра аповесць Гарэцкага. Мы ніколі не станем сапраўднымі людзьмі Захаду, пісаў у ім Францішак, пакуль мы не выгадуем у сабе дзве душы. І не зразумеем некаторыя важныя рэчы. Пакуль мы не навучымся так, як яны, сядзець у дарагіх рэстарацыях і абмяркоўваць лёсы бедных і заняпалых правінцый. Альбо выдаткоўваць купу грошай на дапамогу жыхарам гэтых правінцый, і большасць пакідаць сабе, на ганарары і кансультацыі. І лічыць гэта справядлівым і нават натуральным. Альбо важна выступаць на канферэнцыі пра талерантнасць і дыялог між культурамі, але пры гэтым забыцца выслухаць тых, з кім і ў абарону каго плануецца талеранцыя. А ў кулуарах яшчэ скардзіцца, якія яны грубыя і якія няўдзячныя.
402 Некаторыя нават студэнты. Усе яны не проста ведалі беларускую мову, яны гаварылі на ёй штодня. Падкрэслена і дэманстратыўна. Але не гэта было галоўнае. Калі пачалі лічыць мовы, з якіх яны збіраліся перакладаць, збіліся на трэцім дзясятку. Няясна, адкуль яны ўсе павылазілі, з іранічным энтузіязмам казаў Францішак. Яшчэ пару год таму пра такое немагчыма было падумаць. Мы хадзілі па менскіх вулках, і ўсе твары зліваліся для нас у шэрую невыразную масу. А тут зусім іншая інтанацыя, цалкам новыя твары. Яны і належылі тутэйшай прасторы і ў той жа час вылучаліся, выпадалі з яе. Мы былі сляпымі эгацэнтрыстамі, сказаў тады Францішак, мы нікога не бачылі, акрамя сябе. Я разумею, казаў ён, што гэта было адной з умоваў выжывання. Што выжыць можна было, толькі калі ты заплюшчыш вочы і пойдзеш унутр сябе.
403 Пра беларускую мову, якая была несправядліва выкінутая на сметнік гісторыі. І пра шмат якія іншыя рэчы. Трэба сказаць, што забойцы ў тыя часы былі яшчэ жывыя. Замкі стаялі ў руінах, а ў тутэйшым грамадстве раптам пачала абуджацца памяць. І сорам, і няёмкасць. Віравалі эмоцыі, людзі не проста спрачаліся, яны былі гатовыя разарваць адно аднаго. Але калі ён выходзіў на сцэну, усё заціхала. Ён стаяў на сцэне перад амаль прамінулай эпохай, як Давід перад Галіяфам. Ён не проста не баяўся. Ён стаяў як чалавек, пэўны свайго выбару, гатовы павесці за сабой. Адчувалася, што ён не адзіны. Што дзясяткі, сотні, тысячы гатовыя пайсці разам з ім у невядомую будучыню. Зрэшты, за ім былі не толькі жывыя, але і мёртвыя. Усе тыя, хто жылі і прамінулі, тыя, хто лічыў гэтую зямлю сваёй. Там, на сцэне, ён быў непераможны.
404 Была нейкая асаблівая пяшчота, і асаблівая інтымнасць у тым, як яна прамаўляла радкі верша, перад тым як распачаць спевы. Альбо раптоўна спынялася на сярэдзіне і пачынала расказваць пра аўтара, пра сябе, пра пачуцці, якія паўставалі ў яе падчас перакладання верша на музыку. Гэта было штосьці, што ўкарэнена ў традыцыі прыватных музыкаванняў, што адбываліся ў шляхецкіх маёнтках у далёкія, даўнія часы. Можна было ўявіць сабе вечар, стары, крыху заняпалы дом, з партрэтамі і старымі кнігамі. Сяброў і добрых знаёмых, якія сабраліся з навакольных сядзібаў. А некаторыя нават прыехалі здалёк, з горада. Усё проста і натуральна. Хтосьці перамаўляецца, хтосьці сумуе, некаторыя глядзяць у вакно. Музыка не ёсць чымсьці штучна завезеным, яна свая, тутэйшая, распушчаная ў ландшафце, сярод пагоркаў і пералескаў.
405 Мне цяжка было ўявіць, што яго новыя прыяцелі маглі штосьці разумець, і больш за тое, цаніць у ягоных вершах. Можа быць, тут было і крыху рэўнасці: я прызвычаіўся быць ягоным першым чытачом, а цяпер вымушаны быў здалёк назіраць, як Францішак апякуецца сваімі новымі знаёмымі. Яны стаялі і проста размаўлялі. Была сувязь, была і нейкая тайна, недагаворанасць. Яны, відавочна, былі звязаныя чымсьці большым, чым проста выпадковым знаёмствам на адной з сустрэчаў. Было штосьці яшчэ. Штосьці мусіла адбыцца раней, нейкая падзея, якая іх наблізіла. Так, менавіта наблізіла. Бо першае, што кідалася на вочы, гэта тое, што яны стаялі занадта блізка. З аднаго боку, было ясна чаму: яны стаялі ў чарзе, яны толькі сустрэліся і вымушаныя былі гаварыць ціха, каб не звяртаць на сябе шмат увагі. Каб не замінаць астатнім.
406 Бо звычайна і проста знаёмыя, і нават сябры інтуітыўна адчуваюць міжсобку дыстанцыю блізкасці і далёкасці. І рэдка парушаюць яе. А калі парушаюць, дык звычайна маюць на гэта правы. А тут усё было па-іншаму. Трэба было толькі пераключыць увагу на гэсты, на мову цела, і ўгледзецца. І ўбачыць. Убачыць пяшчоту, з якой Францішак схіляўся да Эвы Дамінікі, калі штосьці тлумачыў, недачутае ці незразуметае. Як Багдан клаў рукі на плечы ім абаім, гэстам, які паказваў яго радасць, і давер, і нават шчасце ўтрох. Альбо як Эва Дамініка ўсміхалася, цьмяна і крыху загадкава, калі яны пачыналі нешта нашэптваць ёй на вуха, з двух бакоў адначасова. Гэсты гаварылі за іх больш, чым яны маглі сабе ўявіць. Тут я зразумеў, што Францішак не толькі не расказаў мне пра сваіх новых сяброў. Ён не расказаў мне пра галоўнае.
407 Але нават калі ты патрапіў увышыню, праз пэўны час трэба сыходзіць. Прыняць рэальнасць так, як яна ёсць. Пагадзіцца на салодкае і балючае развітанне. З марамі і ідэаламі. Большасць так і робіць, недзе ад дваццаці пяці да трыццаці і далей угрызаецца ў жыццё, трымаецца за рэальнасць абедзвюма рукамі. Большасць, але не ўсе. Некаторыя спрабуюць там застацца. Дык вось, у дачыненнях са сваімі вышынямі Багдан і Эва Дамініка былі падобнымі. Яны патрапляюць туды вельмі рана. Можа быць, занадта рана. І занадта высока. І ясна, праз пэўны час разумеюць, што там, на вышынях немагчыма ўтрымацца. І не толькі таму, што жыццё зносіць, здзьмувае цябе з занадта рэдкага і нязвыклага. На вышынях увогуле не жывуць. Жыццё выбірае іншыя месцы, другія формы. Немагчымасць забыцца і прыняць гэтыя формы злучае іх лёсы.
408 Гэта гісторыя можа быць расказаная па-іншаму: як разгорнуты каментар да аднаго з вершаў Лесмяна. Балады, што была напісаная напачатку мінулага стагоддзя. І якая называецца Дзяўчына. Францішак сказаў мне аднойчы, што ў гэтым вершы ёсць усё, што здарылася з яго пакаленнем. Я не адразу зразумеў, якія здарэнні ён меў на ўвазе. У баладзе расказваецца загадкавая гісторыя. Пра дванаццаць братоў і дзяўчыну. Ці, больш дакладна, пра дзявочы голас, які ім пачуўся аднойчы за невыпадкова сустрэтым мурам. Баладу гэтую геніяльна пераклаў М., ягоны сябра. Праўда, некаторыя знаўцы Лесмяна лічаць, што ён крыху спрасціў другі план. І, наадварот, яшчэ больш узмацніў асноўную эмоцыю. Адаптаваў тэкст, зрабіў яго больш выразным. І ў гэтым сэнсе крыху менш трывожным. Але для нас гэта не так важна. Вось ягоны пераклад.
409 Багдан тады зусім не хваляваўся. На ім быў шакаладны загар, побач у купе сядзела прыгожая спадарожніца, у гонар вяртання быў ужо адкаркаваны крымскі партвейн. Усё гэта настройвала на лагоднае і крыху паблажлівае стаўленне да людзей, што займаюцца сумнай і, па вялікім рахунку, нікому не патрэбнай працай у такую чароўную летнюю раніцу. Але тут чалавек без формы знайшоў кнігу. У першыя секунды ён, напэўна, падумаў, што перад ім муляж, у якім і схавана ўсё, што ім патрэбна. І рынуўся на яе, як каршук на здабычу. Бо такіх вялікіх кніг не бывае, прынамсі, іх не возяць з сабой на адпачынак. Але гэта была толькі кніга. Відавочна расчараваны, ён пачаў меланхалічна гартаць старонку за старонкай. Як быццам штосьці спадзяваўся знайсці між імі. Уважліва вывучыў вокладку і выходныя дадзеныя. Урэшце запытаўся, пра што яна.
410 Звычайна ж яны пачыналі гуляцца: падвойваліся і патройваліся, ішлі ў розныя бакі, і ўрэшце можна было гадзінамі кружляць на невялікім лапіку, думаючы, што ты едзеш наперад. Але тут было штосьці іншае, ён практычна не вагаўся: рашуча налева і праз хвіліну ягоны мінівэн паплыў праз хваёвы акіян на другой хуткасці. Дарога віхляла, ішла разам з краявідам, абмінаючы пагоркі і невялічкія балотцы. Яна сапраўды была вельмі старая, і часам Багдан амаль навобмацак пазнаваў завароты, схаваныя сярод густой травы. Пару разоў прыходзілася вяртацца, але гэта было не страшна. Гэтым разам ён быў упэўнены: і ў дарозе, і ў лесе, і нават у канчатковай мэце свайго падарожжа. Усё складвалася так, як трэба, так, як у глыбіні душы яму хацелася. Ён адключыў мабільнік і выцягнуў батарэйку. Можна было ўрэшце расслабіцца. Забыцца.
411 Што адбываецца, ён сам разумеў не да канца. Пэўна, штосьці здарылася з часам. Ён, відавочна, стаў больш хуткім. Дні і тыдні ўжо не цягнуліся доўга, ці хаця б заўважна, а згаралі ўмомант, як запалкі. Зрэшты, ён і сам паслабіў хватку, перастаў за іх трымацца, дазволіў ім сплываць ціха і незаўважна. Раней тое, што пражывалася месяц, год таму, стаяла перад вачыма і не хацела сыходзіць, а цяпер тое, што было на мінулым тыдні, адразу правальвалася ў палонку адсутнасці, а калі ўсё ж выбіралася адтуль навонкі, выглядала шэрым, халодным і безнадзейна далёкім, нібы гэта тычылася не яго, а некага чужога, амаль незнаёмага. Да ўсяго гэтага дадаліся іншыя трывожныя сімптомы. Знікла адчуванне чагосьці новага, што мусіць адкрыцца за даляглядам. І што трэба было выглядаць і цікаваць, чакаць, нават прыспешваць.
412 Паступова да яго далучыліся іншыя ўспаміны. Цяпер у яго была цэлая калекцыя, і ён не проста патрапляў у пэўнае месца, ён вандраваў па іх, пераходзіў ад аднаго да другога, застаючыся тут альбо там, у залежнасці ад настрою. Урэшце ён зразумеў, чаму старыя людзі так цешацца прамінулым. І чаму ў старасці, напрыканцы жыцця, яны памятаюць значна больш, чым у момант пасля падзеяў. Больш насычана. І неяк больш сэнсоўна. Праўда, было крыху дзіўна, што тое, чаго больш няма, аказваецца не менш важным, чым тое, што было навонкі. Але ўрэшце стала лягчэй і нават весялей жыць, не так страшна адпускаць імгненне, разумеючы, што нічога не знікае, ўсё патрапляе ў гэты нябачны куфэрак. І ён вярнуўся і жыў далей, і, часам, пражываючы пэўныя рэчы, ён ужо наперад прадчуваў, які гэта будзе рэдкі і прыгожы ўспамін.
413 Ён іх прыдумаў, калі раптам зразумеў, што сілы сканчаюцца і ён можа сарвацца, не дацягнуць да канца выбарчай кампаніі. Што цяпер самае важнае адляжацца, заціхнуць, як кацянятка, дазволіць цяпельцу жыцця, што ўсё яшчэ жыло, там, пад прысакам, зноў адрадзіцца. І ён не памыліўся, ён адчуваў гэта з кожнай новай хвілінай, з кожным кіламетрам. Ён заглыбіўся ў пушчу, лес вакол быў стары, але дыхаць станавілася лягчэй, і, самае галоўнае, у сэрцы пачыналі прачынацца радасныя прадчуванні. Дарога зрабіла яшчэ адзін паварот, і ён выехаў на лясную палянку. Магчыма, яна і была мэтай ягонага падарожжа. Налева ішла сцяжына. Досыць шырокая, яна нібы запрашала збочыць і працягнуць вандроўку. Але ўсё ж такі на машыне там не праехаць. Да таго ж было ўражанне, што сцяжына не вяла да нейкага месца, а наадварот, аднекуль вярталася.
414 Пачаліся спевы. Напачатку ціха, недзе па кутах, як быццам шукаючы патрэбны тон, па двох-трох. Потым дзяўчаты сабраліся чародкай і кудысьці зніклі. А калі вярнуліся, у прыцемках, гэта былі ўжо німфы, наяды, русалкі з навакольных затокаў. І спевы былі ўжо зусім не тыя, гарадскія, вывучаныя па кніжках. Яны імкліва грамчэлі, набывалі тэмбр і жарснасць. Ён таксама адчуў гэтае месца, перастаў камандаваць, за ўсім сачыць і на ўсё звяртаць увагу, і проста прысеў ля вогнішча. Поруч села дзяўчына, крыху разгубленая і агаломшаная, у лёгкай вышыванцы. Яна відавочна дрыжала, ад хвалявання і ад вечаровай прахалоды. Сонца амаль зайшло, а вогнішча грэла толькі з аднаго боку, і ён накінуў ёй на плечы вятроўку, прытуліў да сябе, і сказаў, што ўсё будзе добра, зараз яна сагрэецца, трэба толькі глытануць крупніка і расслабіцца.
415 Багдан тады крыху прыдрамаў, яны ляжалі на дыванку каля вогнішча, пад ягоным спальнікам, а калі расплюшчыў вочы, пабачыў, не, хутчэй адчуў, што ўсё змянілася. Паўсюль былі шэпты, прыцішаныя, але жарсныя. Плёск і смех там, каля возера. Там купаліся русалкі, і яны спакушалі, клікалі далучацца. Пазней, на рэтраспектыве Таркоўскага, гледзячы поўную версію Андрэя Рублёва, у яго было адчуванне дэжа вю, як быццам бы гэта іх здымаў міліцэйскі аператар. Ён нават убачыў самога сябе, яму так здалося, на заднім плане, за дрэвамі. Тады ж, прачнуўшыся і пабачыўшы, што адбываецца, ён паспеў толькі падумаць, што калі міліцыянты сапраўды іх вялі і высочвалі, цяпер самы час забраць усіх разам, і гэта будзе сапраўдны канец усяго. Падумаць перад тым, як аддацца хвіліне, праваліцца разам з усімі ў гэтую амароку.
416 Праўда, надалей гэтая звычайнасць прыцёрлася, перастала вабіць. І, самае непрыемнае, пасля яе заставаўся прысмак лёгкай трывогі: як быццам ён проста адклаў штосьці на пэўны час, і гэтае штосьці ціха і няўхільна чакала. Ён усё яшчэ шукаў сваю Купалінку, хаця цяпер забываў пра яе на тыдні і нават на месяцы. І ўсё ж, калі аднойчы пабачыў на вуліцы знаёмую паставу, сэрца шалёна загрукатала, а яшчэ праз секунду ён зразумеў, што тая ідзе з вазочкам, і раптам падумаў, што гэта магло быць іх дзіцё. І тады ён яшчэ раз абвясціў агульны пошук, перазваніў усім сябрам і знаёмым, хто быў на Купаллі, і нават тым, хто проста мог штосьці ведаць. Аніякага выніку. Можа быць, тады ўпершыню ў яго паўстала кепскае прадчуванне. Ён падумаў, што лёс не абавязкова можа быць на іх баку, і яны могуць так ніколі і не сустрэцца.
417 Ніякія яны не гаспадары, сказаў ён. Гаспадары яшчэ прыйдуць. З разбухлымі ад грошай гаманцамі і жаданнем скупіць усё, што варушыцца. І вось з імі, сапраўды, прыйдзецца лічыцца. А гэта, хутчэй, абслуга, што стаіць на ўваходзе. І якая нюхам адчувае, што гэтага можна не пускаць далей, прынесці халоднае, нахаміць, а таму трэба глядзець у вочы аддана і стаяць на дыбачках. Мы для іх відавочна не запрошаныя на свята будучыні. Штосьці накшталт дыназаўраў, якія выпадкова захаваліся ў тутэйшых рэзервацыях. Магу сабе ўявіць, што яны гавораць пра нас без сведкаў. У тым новым свеце, дадаў М., у які, яны лічаць, яны ўжо ўступілі, палітыкі мусяць быць альбо цынічным лайном, што трымаецца на паверхні бясконцых шоў, альбо шэрай пераходнай тканкай, што сядзіць у офісе і строчыць розныя праграмы, рэзалюцыі і пастановы.
418 На самым пачатку. Пайшлі з імі. Якія гатовыя былі пакласці свае жыцці. І якія цяпер адчувалі сябе пакінутымі і здраджанымі. Выбітымі са сваёй праўды. Іх заставалася ўсё меней. Большасць ціха занялася асабістым жыццём. І пры сустрэчах адводзіла вочы. Некаторыя пайшлі ў бізнес і прасілі забыць нумары іх тэлефонаў. Былі і такія, што пайшлі ва ўладу. Тыя наадварот, прагнулі сустрэчаў, і доўга тлумачылі, што нашыя мусяць быць паўсюль, і што, працуючы ва ўладзе, мы зробім значна больш, чым там у вас, у акопах. Няясна было толькі, чаго больш. Ад баявой дружыны засталася толькі назва. Канечне, маладых хлопцаў, каб выйсці на мітынг з павязкамі, заўсёды хапала. Але падрыхтаваныя байцы, гатовыя на акцыю, былі распушчаныя. І сапраўды, што было ім рабіць? Ахоўваць семінарчыкі, на якіх дзяліліся гранты?
419 Прафесар быў легендай супраціву, адсядзеў пяць год у часы ранняга ПэРэЭлю, два гады ў часы позняга і нарэшце быў, як ён казаў, на заслужаным адпачынку. Адпачынкам ён называў факультатыўны семінар, па тэорыі палітычнага дзеяння, які існаваў пры ўніверсітэце. Семінар ён трымаў дзеля асалоды і гаварыў там усё, што думаў. І ўсё, што лічыў патрэбным. Гаварыў зусім не пра тое, пра што пісалі газеты і паведамляла тэлевізія. Ды і ягоныя слухачы былі іншымі, чым палякі, якія дагэтуль сустракаліся Багдану. Мы звыкла лічым, працягнуў ён тады, што, каб дзейнічаць, каб перамагчы і застацца ў рэальнасці, мы мусім выскачыць з свайго ўяўлення. І патрапіць у свет, якім ён ёсць насамрэч. Праблема толькі ў тым, што ніхто не ведае, якім свет ёсць сам у сабе, без нашага ўяўлення. І ці ён сапраўды існуе, у такой якасці.
420 У яго была свая версія таго, што адбываецца. Зрэшты, гэта больш выглядала не на версію, а на дыягназ. Ён выклаў яго ў кнізе, што выйшла пару год таму ў невялікім нішавым выдавецтве і выклікала сапраўдны скандал. Кніга называлася Гнілая мадэрнасць і выйшла з прысвячэннем Зыгмунду Баўману, старому сябру. У прадмове дырэктар выдавецтва пісаў, што ў польскай традыцыі не было анічога падобнага ад Анджэя Фрыча Маджэўскага, і што ўсё, пра што піша прафесар, паасобку нібыта і вядомае, але мала хто адважваецца дайсці да канца з гэтымі пасылкамі. У рэцэнзіях, праўда, асцярожна намякалі, што прафесар зайшоў занадта далёка, а ў кулуарах проста круцілі пальцам каля скроні. Ён пачынаў не ад Маджэўскага, а ад Арыстоцеля. Усе ведаюць яго апісанні палітычных рэжымаў, пісаў прафесар у прадмове, але не зважаюць на самае важнае.
421 Два сімптомы паказваюць, як глыбока мы ўсе загрузлі. Першае: у публічнай прасторы людзі пачынаюць сябе паводзіць, як быццам яны не на агоры, а на кірмашы. Палітычныя войны ідуць цяпер не за праўду і справядлівасць, не за вартасці. І, ясна, не за Радзіму. Хаця, канечне, можа быць і праўда, і радзіма. Але толькі як каштоўны тавар, добра ўпакаваны і дакладна ацэнены, а таксама пажадана, каб ад вядомага якаснага прадуцэнта. Галоўны рухавік еўрапейскай гісторыі цяпер не самаадмаўленне Духа, як лічыў Гегель, і не вайна класаў, як думаў Маркс. А істэрыка масавага спажыўца, які падазрае, што ў ягоным гіпермаркеце свету штосьці адсутнічае, а ён мае на гэта права. І другое. Пра сэнс чалавечага жыцця і ўладкаванне космасу гэтаму самаму масаваму спажыўцу паведамляе ўжо не царква, не навука і нават не абкам партыі.
422 Быў толькі першы вечар, а ён адчуваў спакой і бяспеку, як быццам хтосьці нябачны ахоўваў яго тут. Звычайна ў лесе нават з вялікай кампаніяй бывала трывожна. Асабліва ўначы, калі адыходзіш убок, па патрэбе, і раптоўна застаешся адзін, у чужой і халоднай цемры. Але тут месца было відавочна намоленае, як яны казалі. Хаця і не ясна кім і калі. Не было аніякіх слядоў турысцкай прысутнасці: рэштак вогнішча, пластыкавых бутэлек, яміны са смеццем. Ён распрануўся і асцярожна ўвайшоў у ваду. Было нават цяплей, чым на беразе. Возера дымілася, вада была падобная да цёмнага люстэрка. Ён лёг на спіну і, павольна падграбаючы, выплыў на сярэдзіну. Адчуў, як вада змывае ўсё: успаміны, думкі, пачуцці. Усё гэта сцякала, распушчалася ў возеры, пакідаючы яго пустым і шчаслівым. А яшчэ ўверсе свяцілі зоры, як ніколі ў жыцці.
423 Месца сапраўды было адмысловым. Гэта была вялікая выспа, аддзеленая ад зямлі шырокім пасам зарослага хмызам балота. Кладка была зробленая даўно, яна ўтравела і утрываліла, і ўсё ж наўрад ці хто рызыкнуў бы ісці праз яе ўвесну альбо ўвосень, пасля дажджоў. Возера атачала выспу з трох бакоў і ўзвышша, на якім ён паставіў намёт, нагадвала рубку карабля. Ён абышоў выспу цалкам, знайшоў шчаўе і чабор, а таксама зарасці арэшніка і нейкія чырвоныя ягады, на далёкім канцы выспы. Нацягаў камянёў і абклаў вогнішча. Зрабіў навес, лаўкі. Падумаў, што будзе вяртацца сюды кожны год. І што гэтае месца будзе ягоным сакрэтам. У ім відавочна была загадка. Яно было аж занадта прыгожае. Падрыхтаванае. Як быццам перад ягоным прыездам хтосьці добра папрацаваў над ландшафтам. Гэта мог быць стары схрон, дзе калісьці хаваліся людзі.
424 Узышло сонца, ён пайшоў да возера, купацца. Купаўся амаль да абеда, пасля схаваўся ў цень разлеглых соснаў і ядлоўца. Прыгадаў пра кнігу, ён прыцягнуў яе на выспу разам з прыпасамі. Было прыемна разгарнуць старонкі са знаёмымі персанажамі. Сунь У-кун, князь малпаў, суправаджае мніха Сюань Цзана у ягоным падарожжы. Змагаецца з пярэваратнямі, духамі. Ужо чым чым, а духамі і пярэваратнямі кніга была набітая пад завязку. І што цікава, пярэваратні не былі чымсьці чужым і варожым. Збольшага, гэта звычайныя людзі, якія дазволілі сабе патануць у крыўдзе, помсце, нянавісці. І душы якіх прымалі пачварныя формы. Іх можна было вярнуць да сябе, у чалавечы свет. Дзеля гэтага і былі патрэбныя будыйскія сутры. А яшчэ кніга нагадвала яму пра Францішка і Эву Дамініку. І адну цудоўную ноч, што здарылася з імі ў далёкую эпоху.
425 Ён падышоў да іх і спыніўся. Паэт і арыенталіст-аматар, сказаў ён, вытрымаўшы паўзу. І працягнуў руку для знаёмства. Багдан прамаўчаў. Усё пачынала нагадваць тэатр абсурду. Спачатку прыпаліць папяроску, потым арыенталіст-аматар. Верагоднасць сустрэць на калідоры першага інтэрната чалавека, які звернецца да цябе па-беларуску была зусім малая. А арыенталіста-аматара дык і зусім знікомая, тысячная доля працэнта. І гэта прымушала насцеражыцца. Але Эва Дамініка прыняла выклік. Нікому не вядомая спявачка, назвалася яна і працягнула руку ў адказ. Багдан зразумеў, што не мае выйсця. І што план адыходу, які пачынаў складацца ў яго галаве, адкладаецца на няпэўны тэрмін. Проста герой, сказаў ён. Пакуль на свабодзе, але ўжо заўтра мае ўсе шанцы патрапіць у месца, дзе звычайна й сканчаюць сваё жыццё проста героі.
426 Пачалі з фальклору. Потым перайшлі да Акуджавы. Потым спявалі варшавянку, надрыўна і гераічна, са слязамі на вачах. А потым Францішак прапанаваў танец дэрвішаў. Ён сказаў, што Балеро напісанае на аснове старых суфійскіх гімнаў. І, калі ў іх атрымаецца, яны патрапяць туды, дзе ўжо няма словаў. Напэўна, у іх атрымалася, бо пасля танца Багдан заціх без словаў, з шчаслівым тварам, прыладкаваўшыся на дыванку каля шафы. Далей быў канцэрт па заяўках. Калі Францішак адважыўся запрасіць Эву Дамініку на танец, грала італьянскае рэвалюцыйнае. Яны пачалі досыць бадзёра, потым запаволіліся, напрыканцы ж перасоўваліся пад адно ім чутную музыку. Мадэрка была зусім неблагая, сказаў Францішак, чамусьці паўшэптам. Яшчэ крыху засталося, сказала Эва Дамініка. Трэба дапіваць і знікаць як найхутчэй, пакуль нас не вылічылі.
427 У ленінскім пакоі на трэцім паверсе, дзе і разгортваецца асноўная дзея нашага маленькага хатняга кіно. Найперш крыху агульнага плану. Перад намі адзін з апошніх гадоў Імперыі, з яе томнай насычанай атмасферай заняпаду. Савецкая цывілізацыя дасягнула сваёй поўніцы. Дэкарацыі жыцця крыху абтрапаліся, але спектакль ішоў поўным ходам. Некаторыя лічылі, што ў такія часы лепей жыць у глухой правінцыі, каля мора. Але мора на ўсіх не хапала, туды патраплялі пераважна вайсковыя пенсіянеры. І большасці даставалася проста глухая правінцыя. Жыццё было ясным і прадказальным, таму самыя адчайныя прагнулі жахлівых глыбіняў. Што там, у гэтых глыбінях, ніхто не ведаў, не было пэўнасці, што яны ўвогуле існуюць, але там прынамсі мусіла быць цяплей, чым на паверхні. І ўсё ж самыя абачлівыя заўважаюць некаторыя прыкметы заняпаду.
428 Ён не адразу зразумеў, дзе ён, і пару секунд проста ўглядаўся ў карцінку, што адкрывалася перад вачыма. Яму прымроілася выспа, і ён, самотны і роспачны, паўзе праз багну, уначы, сярод сляпнёў і камароў з іншай эпохі. І яшчэ цьмянае адчуванне пражытага жыцця, як быццам ён штосьці выбраў, і далей доўга ішоў на самоце сярод чужых людзей. І не было там аніякай надзеі і радасці, толькі сумны абавязак ісці наперад, запаўняючы сваім целам аднастайныя каморы дзён. У тым, пражытым, жыцці яны разам, утрох больш не сустракаюцца. Разыходзяцца па сваіх кармах. Няясна было толькі адно: ці ён сапраўды прачнуўся і ўсё гэта яму прыснілася, ці гэта наадварот агонія, апошнія секунды, у якія ён патрапіў ва ўспаміны, і праз хвіліну ён заціхне ў спакоі, пасярод начной багны. Ён быў не гатовы заціхнуць, гэта было напісана на твары.
429 Але калі за імі вылецела Малая зямля, адразу ў колькасці дзесяці экземпляраў, і разляцелася матылькамі па ўсім ходніку, стала зразумела, што дабром усё гэта не скончыцца. А потым упала гіра. Гэта стала апошняй кропляй. Пра яе палёт расказвалі потым легенды. Гаварылі, што за хвіліну адчулі, што нешта адбудзецца. Некаторыя сцвярджалі, што чулі, як яна ляцела зверху, рассякала паветра з ціхім шыпеннем. І калі яна ўгрызлася ў зямлю побач, было такое адчуванне, што будынак інтэрната падскочыў уверх на пару сантыметраў. Увесь, цалкам, разам з усімі паверхамі, мэбляй, студэнтамі, Аднарукім Джо. І калі апусціўся назад, на зямлю, гэта быў ужо зусім іншы будынак, пільны савецкі інтэрнат, які стаіць на варце, сочыць за парадкам і сувора карае тых, хто дазваляе сабе такое. Пасля гэтага ўсё адразу заварушылася.
430 Гэта было тое самае бістро, у якім я знаходзіў сябе апошнія гады. Да адкрыцця заставалася пятнаццаць хвілінаў, але невялічкая чарга ўжо стаяла каля апарата. Здалёк наплывалі пахі прыгарэлай піцы і нішчымнага бульёну за восем капеек. За барнай стойкай, у глыбіні, вісела ўсё тая ж карціна. Леа штосьці запісваў у сваім сшытку, раз-пораз падымаючы голаў на гадзіннік. Усе адпаведныя прыкметы часу і прасторы былі на сваіх месцах. У той жа час я разумеў, што якраз з часам і прасторай усё было няпроста. Усё выглядала надзвычай ясна і выразна, як у кіно. І гэта выклікала пэўныя сумневы. Не давала расслабіцца. Рэчаіснасць ніколі не бывае настолькі выразнай, яна заўсёды крыху паюзаная, зацёртая. Стомленая ад самой сябе. Гатовая даць месца чамусьці іншаму. А тут усё было неяк занадта пэўна. Самадастаткова. На стагоддзі.
431 Потым яе пераказвалі шмат разоў, і ў кожным пераказе яна гучала па-рознаму. Малады прынц выпраўляецца ў падарожжа. І не проста ў звычайную вандроўку з пункта А ў пункт Б. А ў важнае падарожжа. Ён нудзіцца залатой клеткай. Перадвызначанасцю свайго лёсу. Хоча дасягнуць усяго сам. Самому пражыць сваё жыццё, пакаштаваць ягоныя вышыні і прадонні. Адкрыцца ў невядомую будучыню. Таму ён бярэ з сабой толькі двух сяброў. І мінімум рэчаў. Праз пэўны час яны вырашаюць збочыць з шырокіх гасцінцаў і пайсці праз лес, напрасткі. І ў першы ж дзень гэтай прыгоды яны заблукалі. Лясныя сцежкі не маюць паказальнікаў. І нічога нікому не абяцаюць. Але калі тут раз-пораз праходзяць людзі, мусіць быць і прытулак. Трэба толькі верыць, і чакаць, і ісці наперад. Яны ідуць, у начным сутонні. Пакуль здалёк не пачынае мільгацець агеньчык.
432 Ён сустракае ў лесе дзяўчыну, і з ёй застаецца. У гісторыі толькі дзве сцэны. У першай прынц прачынаецца зранку і спускаецца да ракі. І там бачыць яе. На другім беразе. Яна падымае вочы і іх пагляды сустракаюцца. На момант. Толькі на адзін момант. Ён усё разумее. Спыняе падарожжа. Адпускае сяброў. Просіць яго не шукаць, і нікому нічога не расказваць. І другая сцэна. Як праз многа-многа год, у далёкай вёсцы, да якой не так проста дабрацца, стары чалавек расказвае малым дзеткам пра маладога прынца. Які жыў у палацы і пакінуў усё дзеля адной цудоўнай дзяўчыны. Дзеці слухалі зачаравана, як казку. І прасілі расказаць больш пра само каралеўства, пра гарады і палацы. Пра далёкія краіны. Пра ўсё тое, што малады прынц пакінуў. Ад чаго адмовіўся. Яны ведалі, што так не бывае. Але ж побач сядзела бабуля, і не пярэчыла.
433 Лора жыла з маці, якая часта працавала ў начную змену. У такія дні я вяртаўся дадому пад раніцу, асцярожна адмыкаў дзверы і шчасліва выцягваўся на ложку пад выразанымі з польскіх часопісаў партрэтамі Джона Ленана і Міка Джагера. Мае неверагодна адчувальныя, як нядаўна высветлілася, смочкі нават ад дотыку прасціны зноў запальвалі жаданне, інтымна дамаўляючыся з якім я і правальваўся ў кароткі сон. Фігурыстая, з воблакам медных валасоў і агатавымі вачыма, Лора сталася і каханкаю, і сяброўкай. У другой іпастасі яна замяніла Артура, што пасля восьмага класа паступіў у мараходку і прыслаў на памяць пра дзіцячае сяброўства дзве паштоўкі з балтыйскімі краявідамі, якія разам з іншымі рэліквіямі знайшлі сабе месца ў шуфлядцы маёй роднай швачнай машынкі, як і раней засцеленай салатавым настольнікам.
434 Танчу ў памяць пра кожнага. У памяць пра Настаўніка і ягоную іншую форму душы, што знайшла прытулак сярод зорак, адна з якіх калісьці пацалавала яго. У памяць пра Гімнастку, што робіць бясконцае сальта ў вечнасці. У памяць пра Кіяскёрку і яе дом з дзвюма поўнямі на карціне. У памяць пра нашую ласкавую Котку і мае здагадкі, кім яна насамрэч была. У памяць пра Залацістую Эфу, ейны пярсцёнак і наструненых вужоў у высокай траве. У памяць пра надзею на вяртанне яе ядвабных падушачак, якія апякуць руку шчасцем. І бываюць ночы, калі я напраўду адчуваю: кожны з іх таксама танчыць недзе ў недасяжнай прасторы з такімі ж думкамі й адчуваннямі, што і я, а потым замірае, ускінуўшы рукі. І бываюць ночы, калі я прысвячаю свой танец усім тым, хто зараз танчыць на дахах у іншых гарадах гэтага і таго свету.
435 Я неблагі плывец і, здаралася, перамерваў не надта шырокае ў тым месцы возера па тры разы туды і назад без адпачынку. Прычым добра ведаў, што на процілеглым баку з ягоным бузяна-багністым дном выходзіць на бераг не проста непрыемна, але і вельмі небяспечна. У вечна каламутнай вадзе там таілася мноства карчоў, таплякоў і цэлых дрэваў, абрынутых з падмытага краю. Зрэшты, я дакладна ведаў, адкуль паварочваць назад, што, праўда, аднойчы неўратавала. Два гады таму, плывучы на спіне, я безразважна захапіўся і моцна параніў сябе аб схаваны пад вадой слізкі і востры, бы корд, сук, на якім пры іншым збегу абставін мог бы павіснуць, як рыбіна на кручку. Назад, пакідаючы рудаваты ад крыві след, я з астатніх сіл плыў кролем, а на беразе напалохаў афіцыянтак летняй кавярні, куды прыбег перавязаць рану.
436 Больш за прыгоды і фантастыку ў дзіцячыя гады Марцін любіў чытаць розныя даведнікі, а таксама кніжкі і часопісы з цікавосткамі ды таямніцамі, што друкаваліся пад рубрыкамі накшталт Загадкі мінулых стагоддзяў або Вучоныя дагэтуль шукаюць адказ. Там ён знаходзіў займальныя для юнага розуму звесткі пра жорсткую помсту егіпецкіх фараонаў археолагам ці пра высокаразвітую цывілізацыю інкаў, якая, тым не меней, не ведала кола. Яго захапляла загадка шумераў, што не толькі вынайшлі кола, аднак за тысячы гадоў да Каперніка былі ўпэўненыя, што Зямля рухаецца вакол Сонца. Ну а пошукі ў Гімалаях снежнага чалавека хвалявалі тады і шмат якіх дарослых, у прыватнасці ягонага старэйшага стрыечнага брата-студэнта. Той ставіўся да Марцінавага захаплення з разуменнем і забяспечваў аматара тайніц адпаведнай літаратурай.
437 Хмару перагнала, маланкі білі радзей і недзе ўбаку. І раптам, калі да прыбярэжнага трыснягу заставалася мо якіх пару сотняў метраў, сляпучая серабрыста-блакітная страла ўдарыла паміж лодкай і берагам проста ў возера. Не, гэта была не страла: у навальнічнай прасторы між небам і хвалямі вырас жывы зіхотка-пульсоўны слуп, па якім імкліва прабягалі чорныя змеі. Слуп як быццам спрабаваў падтрымаць гатовы абрынуцца на зямлю небасхіл. На момант чорныя змеі зніклі, і на слупе як быццам праявіліся невыразныя абрысы жаночай постаці. Але ў наступнае імгненне, успыхнуўшы наастачу сінім агнём, слуп абрынуўся ў возера. Марціна скаланула і, каб не страціць зрок, ён закрыў твар рукамі. На хвіліну аглух і не пачуў грукатання перуна, а як вушы адклала і ён адняў далоні ад вачэй, то адчуў, што і слых, і ягоная оптыка змяніліся.
438 Бога я ўсё ж ня зрокся. Калі я быў малым, Нёман здаваўся мне Богам, Нёман-бацька, дзе я купаўся, лавіў рыбу, сустракаў сьвітанкі і ночы. Я скончыў школу ў Любчы ў той самы год, калі маці скончыла свае курсы ў Варшаве. Ёй знайшлася праца ў Наваградку, і мы перабраліся туды. Жылі мы з маці ўдваіх у малюпасенькім пакойчыку пры шпіталі. Ня дзіва, што я пачуваўся ў шпіталі як дома і з малых гадоў прызвычаіўся да мэдыцыны. Шпіталь, дарэчы, стаяў побач з астрогам, дзе былі ўвязьненыя шматлікія беларускія патрыёты. Лета я праводзіў у Любчы, жывучы там звыклым жыцьцём вясковага хлапчука. Асабліва я любіў лавіць на Нёмане рыбу. Мы яе смажылі проста на вогнішчы, на беразе, прыносілі дахаты, клалі напразапас у лядоўню да нашага суседа-жыда, а яшчэ й прадавалі, мянялі на цукар, надзвычай дарагі ў тыя часы.
439 Я марыў пра тое, як патраплю нарэсьце дадому, дзе мяне пяшчотна сустрэне маці й я ўбачу сьлёзы ў ейных прыгожых вачах. Я быў нават няўпэўнены ў тым, ці ведае яна, што я жывы. Мы спрабавалі даслаць аб сабе весткі дадому, але невядома, ці дайшлі яны. У рэсьце рэшт я заснуў. А сёмай раніцы нас пабудзілі на сьняданак, што мне ў гэным лазарэце вельмі падабалася. Потым, а дзевятай раніцы, прыйшоў нейкі ахоўнік, і я адчуў, што маё сэрца вось-вось спыніцца. Ахоўнік размаўляў з лекарам, а той ківаў галавой у знак згоды. Калі ахоўнік пайшоў, лекар сказаў мне, што мяне жадаюць бачыць у камэнданта. Я, відаць, зьбялеў на той момант, бо лекар спытаўся, як я пачуваюся. Я адказаў, што гэтая нечаканая сустрэча будзе, напэўна, вельмі непрыемнай. Лекар зразумеў мае падазрэньні й запэўніў, што ахоўнік быў даволі прыязным.
440 Я нахабна адказаў, што так, ён перамог, але будзе й наступны раз, і тады ўжо мы пераможам. Немец пажадаў нам удачы і паведаміў, што нас пераводзяць у іншы лягер, на захадзе Германіі. Камэндант таксама дадаў, што, згодна з патрабаваньнямі, мы будзем два дні абыходзіцца бязь ежы й нас будуць муштраваць па чатыры гадзіны на дзень. Камэндант адпусьціў нас, і Вова выйшаў разам з намі. Ён паціснуў нам рукі й сказаў, што захапляецца нашым учынкам. Я падзякаваў яму й паабяцаў, што наступная спроба будзе больш удалай. У лягер мы вярнуліся героямі. Шмат хто з палонных быў уражаны ўжо тым, што мы хаця б паспрабавалі ўцячы. Яны пачаставалі нас ежай і цыгарэтамі, і мы ўвечара бавілі час тым, што сьпявалі й распавядалі пра свае прыгоды. Мы забаўляліся й забыліся на лягер, на вошы й на вечны голад, які мы адчувалі.
441 Упершыню ў жыцьці я пашкадаваў, што вывучаў не ангельскую й не французскую мовы, бо апошнія адкрылі б мне зусім іншы сьвет. Хаця я не губляўся, спрабаваў вучыцца й камунікаваць з астатнімі палоннымі. Празь некалькі дзён мы з Косьцікам пачалі вывучаць мясцовасьць, каб сплянаваць уцёкі. Мы агледзілі высокія сьцены й пралічылі, колькі нам спатрэбіцца папругаў ці вяровак, каб пералезьці празь яе. Шанцаў на гэта, здаецца, ніякіх не было. Другая праблема была знайсьці цывільную вопратку. Мы былі поўнасьцю ізаляванымі ад навакольнага сьвету. Аднойчы, калі я стаяў у чарзе на кухні, я падслухаў, як адзін палонны казаў, што яму праз Чырвоны Крыж даслалі вопратку. Да мяне таксама даходзілі чуткі, што ў брытанцаў мелася арганізацыя, якая дапамагала палонным уцякаць. Мы пачалі разглядацца й шукаць сувязяў.
442 Мае маці адкрыта выказала свае страхі й хваляваньні. Яна загадала мне пайсьці да гарадзкіх уладаў, каб зарэгістравацца й атрымаць дакументы. Яна баялася, што маёй гісторыі не павераць і я магу апынуцца ў астрозе альбо ў лягеры на ўсходзе Савецкага Саюза. Каля шасьці вечара вярнулася медсястра. Яна была высокай, хударлявай, з прыгожай таліяй й маленькім задком у шчынкай спадніцы. У яе былі маленькія грудзі, і, здаецца, я мог бачыць саскі пад сіняй кашуляй. У яе былі карыя вочы й тонкія выгнутыя бровы. Яна была пекнай, але нечага не хапала. У ёй не было жыцьця. Калі яна ўвайшла, маці прадставіла мяне, і медсястра зьлёгку ўсьміхнулася, хаця выдавала на тое, што я яе не зацікавіў. Потым яна павярнулася й пайшла ў свой пакой. Празь нейкі час яна зьявілася йзноў, папіла з намі гарбаты й вярнулася да сябе.
443 Я супакоіў дзеда, што па старым, і толькі тады ён заснуў ізноў. Яму зусім не падабалася новая сытуацыя, і ён заўсёды бурчэў наконт яе. Ён цяпер згубіў уладу саматужнага адваката й дарадцы, бо зьмяніліся законы. Ён больш ня меў права слова ў грамадзкім жыцьці, бо цяпер усім кіравала Камуністычная партыя. На дзедава месца былі прызначаныя новыя людзі, якія прыехалі здалёк, і мяне непрыемна ўразіла тое, што яны ўсе размаўлялі выключна па-расейску. Школа, дзе я выкладаў, разьмяшчалася ў старым маёнтку сямьі Набокавых. Нашыя заняткі праходзілі ў прыгожых, але крыху занядбаных пакоях. Шкада было бачыць, што гэныя пэрлы архітэктуры барока выкарыстоўваюцца ў мэтах русіфікацыі. Усе каштоўнасьці з маёнтка зьніклі, бо тады было звычайным тое, што гістарычныя каштоўнасьці вывозяцца зь Беларусі ў Расею.
444 Наступным днём дырэктар спытаўся ў мяне, ці ня ёсьць я пляменьнікам Базылю Рагулю, які выкладае рускую мову ў той самай школе. Я пацьвердзіў гэта, і дырэктар параіў мне пераняць сьветапогляд дзядзькі. Мой дзядзька Базыль атрымаў адукацыю ў Расеі й размаўляў па-расейску. Ён вельмі добра ведаў рускую літаратуру. Калі я спытаў яго, чаму ён, беларускі патрыёт, так захапляецца рускай літаратурай, ён адказаў, што яна надта прыгожая. Я ня стаў пярэчыць дзядзьку й нічога ня меў супраць таго, каб ён размаўляў па-расейску, каб выказаць свае думкі й пачуцьці. У польскім парлямэнце й сенаце ён абараняў правы беларусаў і заўсёды размаўляў па-беларуску дома. Дырэктару я адказаў, што дзядзька Базыль ня мае на мяне ніякага ўплыву ў дачыненьні да нацыяналістычных і палітычных поглядаў і, здаецца, запэўніў дырэктара.
445 Раніцай я паскардзіўся, што мяне змучылі клапы, і мне далі нейкае прыстасаваньне, з дапамогай якога іх можна было выгнаць з ложка й шчылінаў у сьцяне, дзе яны хаваліся. Да таго ж зьмянілі матрацы, і наступнай ноччу клапы мяне ўжо не турбавалі. Мне далі вады й нейкага адсырэлага ліпкага хлеба. Хлеб трэба было расьцягнуць на цэлы дзень, бо на палудзень і на вячэру яго не давалі. Я сеў у куце за стол і скамянеў. Я больш нічога не адчуваў. Жыцьцё, здавалася, скончылася, мары разьбіліся, спадзяваньні ня спраўдзіліся. Я думаў пра сваю маці, пра сямью й разважаў, нашто трэба было ўцякаць зь Нямеччыны. Калі ўзышло сонца, я заўважыў, што шчыліна ў вакне была сантымэтра два-тры. Сонца асьвятляла сьцяну, і я стаў пазначаць на ёй ня толькі дні, але й час сьвітанку, паўднё й захад сонца. Прынамсі, я ведаў час.
446 Я заўважыў, што мы йдзем ня ў камеру, а некуды ў сутарэньні. Яны прывялі мяне да нейкіх дзьвярэй, упіхнулі ўнутр і зачынілі дзьверы. У камеры было напаўцёмна, але я заўважыў матрац у куце. Пакой быў футаў чатырох-шасьці, а то й меней. Сьцены былі вільготнымі, і стаяў смурод. Гэта й называлася йзаляцыяй. Людзі бавілі ў ёй дні й тыдні ў якасьці пакараньня. Няўжо я сапраўды абразіў сьледчага? Я толькі сказаў, што ў паперах была хлусьня, але ён прыняў гэна на свой рахунак. Альбо гэна была проста нагода зламаць мой супраціў? Я ня ведаў. Празь нейкі час мне прынесьлі вады й хлеба, якіх мусіла хапіць на цэлы дзень. Потым ізноў стала ціха. Я сядзеў на матрацы й абмяркоўваў сваё становішча й будучыню. Я пачуваўся поўнасьцю бездапаможным. Я мог спаць толькі ўрыўкамі ў гэнай халоднай вільготнай камеры.
447 У двары пасьпешліва паставілі стол, і за яго селі тры гэбісты. Усе павінны былі падыходзіць да іх, казаць імя й злачынства. Мой сябар, інжынер з камеры сьмертнікаў, спытаўся, што я зьбіраюся рабіць. Я адказаў, што яны ня могуць ведаць, у чым нас абвінавачваюць. Я папярэдзіў яго, што ён мусіць маніць, што заўгодна: што ён вор, злачынца, але толькі не шпіён і контррэвалюцыянер. Інжынер баяўся, што гэбісты могуць знайсьці ягонае ймя. Я адказаў, што мы не павінны ні ў чым прызнавацца, каб паспрабаваць унікнуць сьмерці. Ён не адказаў. Ён быў бледным і дрыжэў. Ягоныя валасы былі зусім сівыя, і здавалася, што яны яшчэ больш пасівелі за два тыдні ў камеры сьмертнікаў. Я ня мог больш нічога параіць яму. Сам я цьвёрда вырашыў не здавацца, бо быў упэўнены, што ахоўнікі ня змогуць праверыць, хто я такі.
448 Будзіць людзей і гатаваць ім раніцаю каву прыносіла Роберціку велізарнае задавальненне. Ён, усміхаючыся, сядзеў у канцы стала і ўважліва сачыў за людзьмі. Роберт адрозніваўся ад тых серыйных робатаў, якія калісьці выкарыстоўваліся экспедыцыямі пры асваенні планет. Ён насіў кароткія штонікі. Праўда, спачатку ён патрабаваў надзець яму такі самы касцюм, які насілі ўсе астранаўты. Аднак такі касцюм закрыў бы мноства індыкатараў і кнопак кіравання ў розных месцах яго корпуса, якія павінны былі заўсёды быць на вачах. Так што давялося яму згадзіцца на спецыяльна яму пашытыя кароткія штонікі. З усіх астранаўтаў, якія працавалі на Фаіс, Роберцік больш за ўсё пасябраваў з Увальдам, якога тады называлі проста Увіс. Ён быў самы малады ў экіпажы, і маленькая планета стала першым месцам работы ў яго жыцці.
449 На гэты раз павінен быў ляцець Увіс. Ён папрасіў дазволу ўзяць з сабою Роберціка. Яму дазволілі, бо пэўны час можна было абысціся і без робата. Так Роберцік убачыў Зямлю, сапраўдную жывую планету. Дагэтуль ён ведаў толькі Фаіс. Але што такое Фаіс у параўнанні з Зямлёй! Яркая паверхня Фаіс нагадвала ўбранне, пашытае з мноства лапікаў аднаго колеру, Зямля ж была шматфарбная, гарманічная і, галоўнае, жывая. Вярнуліся яны ў дакладны час. Увіс, поўны новых уражанняў, з падвойнай сілай узяўся за работу, не перастаючы паўтараць, як добра і спакойна дома. Гледзячы на яго, астранаўты прыгадвалі свае першыя палёты і першыя вяртанні і толькі ўсміхаліся. Аднак даволі хутка іх увага пераключылася з Увіса на Роберціка. Бо з робатам відавочна рабілася нешта незразумелае. Пачалося гэта адразу пасля палёту.
450 Ён казаў праўду. Сход вырашыў паведаміць пра няспраўнасць робата на базу. Па хуткім часе ім адказалі, што новы робат высланы, а Роберціка трэба разабраць на часткі. Выканаць гэта, аднак, аказалася вельмі цяжка. Усе згаджаліся трываць Роберцікавы капрызы, рамантаваць яго, наладжваць і ўгаворваць, але разабраць?.. Гэта было амаль тое самае, што забіць. Насуперак усім інструкцыям людзі вырашылі даць Роберціку поўную свабоду дзеянняў. Ён жа не рабіў нічога дрэннага. Трэба было хіба што пільней сачыць за ім, але меры прымаць толькі ў выпадку крайняй патрэбы. Вестку пра тое, што хутка на Фаіс з'явіцца яшчэ адзін робат, Роберцік сустрэў зусім спакойна. Некалькі сутак ён нерухома сядзеў у цеснай аранжарэі, дзе клімат нагадваў зямны і дзе астранаўты ў вольны час саджалі, палівалі і палолі прывезеныя імі расліны.
451 Самым дарагім талісманам, што прывёз на Зямлю доктар трох касмічных навук Увальд, быў невялічкі крышталёвы блок. Усе дваццаць гадоў, якія прабыў вучоны на розных планетах, станцыях, касмадромах, а потым і ў навуковай групе Цэнтра, Увальд бярог і ўсюды вазіў з сабою гэтую цацку. Вярнуўшыся на Зямлю, ён пасяліўся ў сваёй лясной хатцы і часта цэлымі днямі блукаў сярод маладых елачак, а вечары бавіў каля каміна. Зрэдку, у нейкія яму аднаму вядомыя дні, Увальд уключаў тэлевізійны запіс. Крыніцай запісу быў маленькі крышталёвы блок. Мала хто бачыў гэты запіс. Сярод астранаўтаў хадзілі чуткі, што ён паказвае нейкую аранжавую планету, вельмі прыгожую і маленькую. Яе акрывалі зялёныя лясы і квітучыя сады. Птушкі, звяры і насякомыя на гэтай планеце вельмі нагадвалі зямных. Рэкі і азёры былі таксама як зямныя.
452 Даўным-даўно гэта было, але таму і трэба расказаць гэту гісторыю, пакуль яна яшчэ не забылася зусім. У цэлым свеце не знайшлося б палаца лепшага, чым палац кітайскага імператара. Ён увесь быў з каштоўнага фарфору, такога тонкага і крохкага, што страшна было да аго дакрануцца. Палац стаяў у прыгожым садзе, у якім раслі дзівосныя кветкі. Да самых прыгожых кветак былі прывязаны сярэбраныя званочкі. І калі дуў ветрык, кветкі пагойдваліся і званочкі звінелі. Гэта было зроблена для таго, каб ніхто не прайшоў паблізу кветак, не паглядзеўшы на іх. Вось так разумна было прыдумана! Сад цягнуўся далёка-далёка, так далёка, што нават галоўны садоўнік і той не ведаў, дзе ён канчаецца. А адразу за садам пачынаўся дрымучы лес. Гэты лес даходзіў да самага сіняга мора, і караблі праплывалі пад шатамі магутных дрэў.
453 Цяпер ён кожную ноч жыў на тым узмор'і, чуў у снах, як шуміць прыбой, бачыў, як хвалі ягоныя ўзнімаюць і апускаюць лодкі тубыльцаў. Ён спаў і адчуваў пах смалы і пакулля, як на палубе, а ўранні берагавы вецер прыносіў пах Афрыкі. Звычайна, калі да яго далятаў вецер, ён прачынаўся і, апрануўшыся, ішоў будзіць хлопчыка. Але гэтай ноччу пах берагавога ветру завітаў нашмат раней, і ён ведаў, у сне, што яшчэ занадта рана, і таму сніў аснежаныя пікі на Канарскіх выспах, што ўставалі з мора, а потым розныя тамтэйшыя гавані і рэйды. Яму больш не сніліся ні штормы, ні жанчыны, ні вялікія падзеі, ні вялікая рыба, ні бойкі, ні спаборніцтвы ў сіле, ні ягоная жонка. Цяпер ён сніў толькі мясціны ды львоў на ўзбярэжжы. Сутоннем яны бавіліся, што тыя кацяняты, і ён любіў іх, як любіў хлопчыка. Ён ніколі не сніў хлопчыка.
454 Кожнага разу ён занадта доўга раздумваў, як бы паспець дабрацца да туалета, як яго занудзіць, але бабуля заўсёды садзілася каля самага ўвахода, і каб трапіць у туалет, трэба было прайсці міма пяці, шасці, сямі вялікіх сталоў. Ён нясмела пералічваў іх, руда-чырвоная дарожка, здавалася, праходзіла ўздоўж бясконцага рада ненажэрных людзей. Ён ненавідзеў іх, як ненавідзеў бабулю, іх разгарачаныя твары здаваліся каля белых сурвэтак яшчэ больш чырвонымі. Дымячыя судкі, храбусценне костак, дзіцячых костак, кроў з вочкамі тлушчу, халодныя, прагныя вочы худых ненажэр і гарачыя, налітыя крывёй, да брыдкасці лагодныя вочы тоўстых ненажэр; а афіцыянты ўсё падносілі і падносілі ад буфетнай стойкі забітых, скрамсаных дзяцей, і тыя, у каго на сталах яшчэ не было талерак, праводзілі афіцыянтаў прагнымі вачамі.
455 Я яшчэ дадаў кроку. Я імчаўся, як вар'ят, праз людныя вуліцы. Урэшце мінакі ўстрывожыліся і пачалі мяне пераследаваць. Тут я адчуў, што мой лёс вырашаны. Я вырваў бы сабе язык, калі б мог, але грубы голас прагучаў увушшу, чыясьці рука яшчэ больш груба схапіла мяне за плячо. Я павярнуўся, задыхаючыся. На момант я адчуў усе пакуты ўдушша, я аслеп, аглух, галава пайшла кругам, і тут мне падалося, што нейкі нябачны д'ябал штурхануў мяне ў спіну шырокай даланёй. Доўга хаваная таямніца вырвалася з мае душы. Кажуць, што я гаварыў вельмі выразна, хаця і празмерна падкрэсліваючы кожнае слова і страшэнна спяшаючыся, нібыта хваляваўся, што мяне перапыняць да заканчэння кароткіх, але важкіх фразаў, што аддалі мяне кату і пеклу. Расказаўшы ўсё неабходнае для незваротнага юрыдычнага абвінавачання, я страціў прытомнасць.
456 У гэтым пакоі я з'явіўся на свет. Абудзіўшыся пасля доўгай ночы, якая здавалася небыццём, аднак не была ім, я апынуўся ў казачнай краіне, палацы фантазіі, у пустэльных землях, дзе я быў анахарэтам думкі і вучонасці, і таму няма нічога незвычайнага ў тым, што я пазіраў на свет здзіўленымі бліскучымі вачыма, што марнаваў дзяцінства за кнігамі і траціў юнацтва на мроі; незвычайным было, аднак, тое, што ішлі гады, і росквіт сталасці заспеў мяне ўсё ў тым жа бацькоўскім маёнтку. Дзіўным было і тое, як замерла тады маё жыццё, як перакуліліся з ног на галаву самыя звычайныя думкі. Рэальнае жыццё падавалася мне відзежай і толькі відзежай, а вар'яцкія ідэі, што прыходзілі да мяне з краіны мрояў, рабіліся, наадварот, нават не з'явамі майго штодзённага існавання, а самім існаваннем, сапраўдным і адзіным.
457 З часу нашай апошняй сустрэчы адбыліся падзеі, якія моцна мяне ўзрушылі. Мне неабходна вам нешта сказаць, але як гэта зрабіць і ці варта казаць наогул, не ведаю. Цягам вось ужо некалькіх дзён я пачуваюся блага, а бедны стары Юпі сваёй добразычлівасцю і ўвагай прыносіць мне толькі раздражненне, часам я ледзь стрымліваюся. Можаце сабе ўявіць? Надоечы ён падрыхтаваў вялізную палку, каб пабіць мяне толькі за тое, што я ўцёк з-пад яго нагляду і ўвесь дзень правёў на самоце між узгоркаў мацерыка. Думаю, толькі хваравіты выгляд выратаваў мяне ад лупцоўкі. Да маёй калекцыі не дадалося нічога новага. Калі гэта толькі будзе зручна, калі ласка, прыязджайце разам з Юпітэрам. Вельмі прашу. Я хачу пабачыцца з вамі сёння ўвечары па справе, якая не церпіць адкладання. Запэўніваю вас, справа гэтая важная надзвычайна.
458 Але ўвесь шум разам перапыніў Юпітэр, які, з надзвычайнай няспешнасцю выбраўшыся з ямы, перавязаў жывёліне пашчу адной са сваіх падцяжак і, змрочна хіхікаючы, вярнуўся да працы. Праз згаданыя дзве гадзіны працы мы дасягнулі глыбіні пяць футаў, але і знаку схаванага скарбу не было. На гэтым мы спыніліся, і я ўжо пачынаў спадзявацца, што нарэшце фарс набліжаецца да свайго канца. Але Легран, хоць і відавочна збіты з панталыку, задуменна выцер лоб і зноў узяўся за працу. Да гэтага мы пракапалі кола дыяметрам чатыры футы, а цяпер крыху пашырылі яго і заглыбіліся яшчэ на два футы. Але ўсё роўна нічога не знайшлі. Наш золаташукальнік, якому я шчыра спачуваў, з выразам горкага расчаравання на твары і ва ўсёй паставе, вылез нарэшце з яміны і пачаў павольна і неахвотна надзяваць паліто, якое папярэдне так жвава скінуў.
459 У выніку мадам Лаланд зноў павярнулася да сцэны і некалькі хвілінаў, здавалася, уважліва сачыла за спектаклем. Праз пэўны адцінак часу яна, аднак, прывяла мяне ў экстаз, другі раз абярнуўшыся; ларнет, што да таго вісеў на руцэ, зноў быў накіраваны на мяне, і, выклікаўшы паўторнае перашэптванне ў залі, яна ўзялася аглядаць мяне з ног да галавы з тым самым дзівосным халаднакроўем, якое было так усхвалявала маю натхнёную душу. Гэткія нечуваныя паводзіны, пасяліўшы ўва мне ліхаманку захаплення, наўсуцэль ап'яніўшы мяне каханнем, хутчэй падбадзёрылі, чым збянтэжылі мяне. У мілосным шале я забыўся на ўсё, апроч велічнай красуні, якая апанавала мой зрок. Прычакаўшы момант, калі заля, здавалася, была занятая адно операй, я нарэшце злавіў позірк мадам Лаланд і зрабіў хуткі, лёгкі, але выразны паклон.
460 Маючы ўсё гэта на ўвазе, я быў асцярожны, размаўляючы з маладою лэдзі, бо не быў упэўнены, што яна здаровая, да таго ж нейкі трывожны бляск у яе вачах амаль упэўніў мяне ў адваротным. Я ўважліва сачыў за сваімі словамі, гаворачы толькі на агульныя тэмы, якія не маглі раздражніць ці ўсхваляваць нават вар'ята. На ўсё, што я гаварыў, яна адказвала выключна разумна, і нават яе незвычайныя назіранні сведчылі пра непахісна здаровы сэнс; але доўгае знаёмства з метафізікаю шаленства навучыла мяне не даваць веры такім доказам нармальнай псіхікі, і я па-ранейшаму прытрымліваўся ў размове той абачлівасці, якую абраў з самага пачатку. Праз некаторы час спрытны служка ў ліўрэі прынёс садавіны, віна і іншых пачастункаў, якія я пакаштаваў; неўзабаве маладая лэдзі выйшла з пакоя, і я запытальна паглядзеў на гаспадара.
461 Такім самым футаралам шыю муміі ахоплівалі каралі з цыліндрычных рознакаляровых пацерак, сплеценых у форме багоў, скарабеяў і іншага, а таксама шару з крыламі. Такія ж каралі, ці пояс, ахоплівалі і талію. Зняўшы папірус, мы ўбачылі, што цела ў выдатным стане і зусім не пахне. Скура была чырванаватага колеру, цвёрдая, гладкая і бліскучая. Зубы і валасы таксама добра захаваліся. Вочы, відаць, дасталі і замянілі на шкляныя шарыкі, надзвычай прыгожыя і неверагодна праўдападобныя, хіба што пазіралі яны занадта рашуча. Пазногці і пальцы блішчэлі пазалотай. Містэр Глідан выказаў думку, што, мяркуючы па чырвоным колеры эпідэрмісу, цела бальзамавалася выключна асфальтавай смалой, аднак калі са скуры саскрэблі крыху парашкападобнага рэчыва і кінулі яго ў агонь, усе выразна адчулі водар камфоры і духмяных смолаў.
462 Скрудж сказаў, што ведае яго, і ўсхліпнуў. Яны збочылі з галоўнай дарогі на добра памятную Скруджу сцежку і хутка наблізіліся да панылага будынка з чырвонае цэглы. Дах вянчала вежачка з флюгерам наверсе і звонам унутры. Будынак быў вялікі, але зусім занядбаны: прасторныя гаспадарчыя памяшканні амаль не выкарыстоўваліся, замшэлыя сцены адсырэлі, вокны былі выбітыя, а дзверы прагнілі. У стайнях кудахталі куры, вазоўня і пуня зарасталі травой. Унутры таксама мала што сведчыла пра былую веліч. Увайшоўшы ў змрочную вітальню і зазірнуўшы праз некалькі адчыненых дзвярэй, яны пабачылі шырачэзныя, халодныя і кепска мэбляваныя пакоі. Зябкая пустата памяшканняў і пах зямлі ў паветры гаварылі пра тое, што тут часта ўстаюць пры свечках і рэдка ядуць удосталь. Скрудж і Дух прайшлі праз усю вітальню да дзвярэй у канцы дома.
463 У гэты момант ён раптам прачнуўся ад сваіх летуценняў. Дзяўчына за суседнім столікам напалову павярнулася і глядзела цяпер на яго. Гэта была тая самая чорнавалосая дзяўчына. Яна глядзела на яго крадком, але з дзіўнай праніклівасцю. Калі іх позіркі сустрэліся, яна зноў адвярнулася. Ўінстан абліўся халодным потам. Яго працяў дзікі страх. Пасля страх суняўся, але засталася нейкая неадчэпная трывога. Чаму яна назірала за ім? Чаму яна ўвесь час ходзіць за ім? На жаль, ён ужо не мог прыгадаць, ці сядзела яна за столікам, калі ён прыйшоў, ці прыйшла пазней. Ва ўсялякім разе, учора, пад час Двуххвілінкі Нянавісці, яна села якраз за ім, хоць не мела на гэта ніякай пільнай патрэбы. Цалкам верагодна, што яе заданнем было ўважліва прыслухоўвацца, ці дастаткова актыўна ён далучаецца да ўхвальных воклічаў.
464 І ўсё ж, калі і была надзея, дык толькі ў пролаў. За гэта трэба было трымацца. На словах гэта гучала разумна, але, калі паглядзець на людзей на вуліцы, тэзіс гэты рабіўся справай веры. Вуліца, на якую ён павярнуў, спускалася з узгорка. Яму здалося, што ён ужо аднойчы быў у гэтым месцы і недзе непадалёку павінна праходзіць галоўная вуліца. Аднекуль спераду да яго данёсся шум галасоў. Вуліца паварочвала і канчалася прыступкамі, што вялі ў вузенькі завулак, у якім стаяла пара латкоў з звялай гароднінай. У гэты момант Ўінстан згадаў, дзе ён быў. Завулак выходзіў на галоўную вуліцу, і за наступным паваротам, менш чым за пяць хвілін адсюль, была антыкварная крама, дзе ён купіў альбом з чыстымі старонкамі, што цяпер быў яго дзённікам. А ў маленькай папяровай краме непадалёк адсюль ён купіў пяро і бутэлечку чарніла.
465 Ён павярнуўся і нейкую хвіліну не мог яе пазнаць. Ён чакаў убачыць яе голую, але яна была не голая. Перамена, што адбылася ў ёй, была значна дзіўнейшая. Яна нафарбавала твар. Напэўна, яна зайшла ў нейкую крамку ў пролаўскіх кварталах і купіла поўны касметычны набор. Вусны ў яе былі цёмна-чырвоныя, шчокі нарумяненыя, нос напудраны. Нават пад вачыма было нешта, што дадавала ім бляску. Зроблена гэта было не надта ўмела, але Ўінстанавы веды ў гэтай галіне каштавалі няшмат. Ніколі раней ён не бачыў і не мог сабе ўявіць партыйную жанчыну з нафарбаваным тварам. Перамена ў яе абліччы была неверагодная. Усяго некалькі штрыхоў там, дзе трэба, і яна зрабілася не толькі прыгажэйшая, але і больш жаноцкая. Кароткія валасы і хлапечы камбінезон толькі ўзмацнялі ўражанне. Калі ён абняў яе, у нос яму ўдарыў пах штучных фіялак.
466 Часам ён спрабаваў падлічыць колькасць кафляных плітак у сцяне камеры. Гэта нібыта было і няцяжка, але ён заўсёды збіваўся на тым або іншым месцы. Часцей яго хвалявала, дзе ён і каторая цяпер гадзіна. Нейкі момант ён адчуваў напэўна, што звонку быў дзень, у наступны ж момант яму з гэткай жа пэўнасцю здавалася, што там апраметная цемра. Тут жа, як ён здагадваўся, святло не выключалася ніколі. Гэта было месца, дзе няма цемры: цяпер ён зразумеў, чаму О'Браэн разгадаў яго намёк. У Міністэрстве Любові не было вокнаў. Яго камера магла знаходзіцца ў самай сярэдзіне будынка або пры яго вонкавай сцяне, на дзесятым паверсе пад зямлёй або на трыццатым над ёю. Ён у думках пераносіў сябе з месца на месца і спрабаваў вызначыць з цялесных адчуванняў, вісеў ён высока ў паветры ці быў пахаваны глыбока пад зямлёй.
467 У адказ на гэта пачуўся страшны брэх знадворку, і дзевяць вялізных сабакаў з абабітымі бляхай ашыйнікамі ўварваліся ў гумно. Яны кінуліся проста на Сняжка, які адно што паспеў адскочыць убок і ўхіліцца ад іх вострых зубоў. Праз момант ён быў ужо за дзвярыма, і сабакі беглі за ім. Знямеўшы ад страху і здзіўлення, усе жывёлы выйшлі паглядзець на пагоню. Сняжок бег праз доўгі выган у бок гасцінца. Ён бег, як толькі можа бегчы свіння, але сабакі былі ўжо ў яго на пятах. Раптам ён паслізнуўся, і здалося, што зараз яны схопяць яго. Але ён падхапіўся і пабег яшчэ хутчэй, аднак сабакі зноў амаль яго дагналі. Адзін з іх ужо блізка не схапіў зубамі Сняжкоў хвост, але Сняжок паспеў вырвацца. Тады ён дадаў яшчэ крыху спрыту і, пад самым носам у сабакі, шуснуў праз дзірку ў жываплоце, і больш яго ніхто ўжо не бачыў.
468 Напалеон стаяў і сурова разглядаў прысутных, пасля раптам пранізліва завішчаў. Сабакі зараз жа кінуліся наперад, схапілі чатырох свінняў за вушы і пацягнулі іх да ног Напалеона, не зважаючы на іх страшны віск ад болю і страху. З свіных вушэй цякла кроў, сабакі адчулі яе смак і на нейкі момант зусім ашалелі. Раптам, усім на здзіўленне, трое сабак накінуліся на Баксёра. Убачыўшы іх, Баксёр выставіў наперад свой вялізны капыт, збіў аднаго сабаку з лёту і прыціснуў яго да зямлі. Сабака заенчыў аб літасці, і два другія ўцяклі, падціснуўшы хвасты. Баксёр паглядзеў на Напалеона, каб ведаць, што яму рабіць: раздушыць сабаку насмерць ці адпусціць. Напалеон, як здалося, змяніўся з твару і рэзка загадаў Баксёру адпусціць сабаку, на што той падняў капыт, і сабака, скалечаны, пабег прэч, жалосна скуголячы.
469 Тым часам драўніна спешна перавозілася. Калі ўсё было скончана, у гумне склікалі яшчэ адзін адмысловы сход, каб агледзець Фрэдэрыкавы банкноты. Начапіўшы абедзве свае ўзнагароды, шчасна пасміхаючыся, Напалеон ляжаў на саламяным подсціле, а побач з ім, раўнютка складзеныя на парцалянавай талерцы з панскай кухні, ляжалі грошы. Жывёла павольна праходзіла паўз іх, і кожны глядзеў, колькі хацеў. Баксёр нахіліўся, каб панюхаць банкноты, і лёгкія белыя паперкі задрыжалі і зашалахцелі пад яго ўздыхам. Праз тры дні ўзняўся страшэнны гармідар. Спалатнелы Ўімпэр прыехаў на ровары, кінуў яго ў двары і пабег што меў сілы да сядзібы. Праз хвіліну шалёны крык абурэння пачуўся з апартаментаў Напалеона. Як лясны пажар, разнеслася па ферме страшная навіна. Банкноты фальшывыя! Фрэдэрык атрымаў драўніну за нішто!
470 Яна не выглядала зморанай. Яна была свежая, быццам добра выспалася. На развітанне яна пацалавала мяне. Я пастаяў каля дома, пакуль не ўбачыў, што ў яе пакоі загарэлася святло. Потым я вяртаўся. Па дарозе мне прыйшло ў галаву шмат прыгожых слоў, якія я павінен быў сказаць ёй. Я блукаў па вуліцах і думаў пра тое, што я мог бы сказаць і зрабіць, калі б быў не такі, які быў. Потым я пайшоў на рынак. Ужо пад'ехалі фургоны з гароднінай, мясам і кветкамі. Я ведаў, што тут на тыя ж самыя грошы можна купіць удвая больш кветак, чым у крамах. На ўсе грошы, колькі ў мяне было, я купіў цюльпанаў. Яны вельмі прыгожыя, зусім свежыя, з кропелькамі вады ў чашачках. Я набраў поўнае бярэма. Прадаўшчыца паабяцала мне, што адашле кветкі Пат у адзінаццаць гадзін. Абяцаючы, яна засмяялася, а потым дадала яшчэ ладны букет фіялак.
471 Ён здольны ў апошні момант перадаць рэстаран мясцовай абшчыне метадысцкай царквы. Тут я здаўся. А ўвогуле Фрэд быў аптыміст. Стары прастудзіўся, на думку Фрэда, у яго быў грып, а грып вельмі небяспечны. Я з жалем павінен быў паведаміць яму, што грып для алкаголікаў нічога не значыць, а што, наадварот, самыя запойныя здыхлякі часам ачуньвалі і нават тлусцелі. Ну і няхай, сказаў Фрэд, тады, можа, ён трапіць дзе-небудзь пад машыну. Я згадзіўся, што на мокрым асфальце такая магчымасць ёсць. Пасля гэтага Фрэд выйшаў, каб паглядзець, ці ідзе дождж. Але яшчэ было суха. Толькі грымець пачало мацней. Я даў яму выпіць шклянку лімоннага соку і пайшоў да талефона. У апошні момант я апамятаўся і вырашыў не тэлефанаваць. Я ўзняў руку, вітаючы апарат, і хацеў зняць перад ім капялюш. Але потым заўважыў, што быў без капелюша.
472 Я сеў да акна і пачаў глядзець на дождж. За акном сек суцэльны шэры лівень, і дом здаваўся маленькім востравам у змрочнай бясконцасці. Я занепакоіўся: рэдка бывала, каб Пат зранку губляла мужнасць і сумавала. Але потым я ўспомніў, што яшчэ некалькі дзён назад яна была ажыўленая і вясёлая і што, можа, калі яна прачнецца, усё яшчэ пераменіцца. Я ведаў, што яна шмат думае пра сваю хваробу, і я ведаў ад Жафэ, што ёй яшчэ не палепшала, але ў сваім жыцці я так часта бачыў смерць, што любая хвароба азначала для мяне жыццё і надзею. Я ведаў, што памерці можна ад раны, тут у мяне быў вялікі вопыт. Але менавіта з гэтай прычыны мне часта бывала цяжка паверыць, што і хвароба, пры якой чалавек знешне здаваўся здаровым, можа быць небяспечнай. Вось чаму мне ўдавалася хутка пераадолець такія выпадкі адчаю...
473 Яна прачнулася як ад раптоўнага штуршка і з цяжкасцю стрымала крык жаху, які ледзь не сарваўся з яе вуснаў. Хлопчык глядзеў шырока расплюшчанымі вачымі ёй проста ў вочы, і ёй спатрэбілася даволі шмат часу, каб успомніць, як яна апынулася тут, на ягоным ложку. Паволі, не адводзячы ад яго позірку, яна спусціла на падлогу спачатку адну, потым другую нагу. Кінуўшы імклівы спалоханы позірк угору, яна напружыла мускулы на апошні рашучы рывок, намагаючыся ўстаць з ложка. Але ў той жа момант хлопчык выцягнуў руку, дакрануўся да яе вуснаў сваімі падобнымі на цурбалкі пальцамі і штосьці сказаў. Гэты дотык прымусіў яе адхіснуцца. Пры дзённым святле ён быў невыносна агідны. Хлопчык зноў паўтарыў нейкую фразу, а потым, раскрыўшы шырокі рот, рухам рукі спрабаваў паказаць, быццам штосьці выліваецца ў яго з рота.
474 Пілат растлумачыў. Рымская ўлада не спрабуе замахвацца на правы духоўнай мясцовай улады, першасвятару гэта добра вядома, але тут яўная памылка. І ў выпраўленні гэтае памылкі рымская ўлада зацікаўлена. На самай справе: злачынствы Вар-равана і Га-Ноцры зусім непараўнальныя з-за цяжару зробленага. Калі другі яўна ненармальны чалавек, уся віна якога ў несусветных выдумках, якія бянтэжаць народ у Ершалаіме і ў іншых мясцовасцях, то злачынствы першага намнога цяжэйшыя. Мала таго што ён заклікаў да паўстання, дык ён яшчэ забіў вартаўніка, калі яго паспрабавалі затрымаць. Вар-раван намнога небяспечнейшы, чым Га-Ноцры. У выніку ўсяго сказанага пракуратар просіць першасвятара перагледзець рашэнне і пакінуць на волі таго з двух асуджаных, хто менш шкодны, а такім, без сумнення, з'яўляецца Га-Ноцры. Ну?
475 Наперад! Варта было, мабыць, запытацца ў Івана Мікалаевіча, чаму ён думае, што прафесар менавіта ля Масквы-ракі, а не дзе-небудзь у іншым месцы. Ды бяда ў тым, што запытацца не было каму. Змрочны завулак быў зусім пусты. Праз некаторы час можна было бачыць Івана Мікалаевіча на гранітных прыступках амфітэатра Масквы-ракі. Пасля таго як распрануўся, Іван папрасіў сімпатычнага барадача, які паліў самакрутку каля парванае белае талстоўкі і расшнураваных стоптаных чаравікаў, павартаваць і яго адзенне. Іван памахаў рукамі, каб астыць, ластаўкай скочыў у ваду. Аж дух заняло, гэтакая халодная была вада, мільганула нават думка, што не ўдасца вынырнуць на паверхню. Аднак вынырнуць удалося, Іван аддыхваўся, фыркаў, з круглымі ад жаху вачыма плаваў у прапахлай нафтаю і мазутам вадзе між зігзагаў ад берагавых ліхтароў.
476 Дабрадушная фельчарыца Праскоўя Фёдараўна наведала паэта ў час навальніцы, устрывожылася, калі ўбачыла, што ён плача, зашморгнула на акне штору, каб маланка не палохала хворага, паперкі сабрала з падлогі і з імі пабегла да доктара. Той адразу ж прыйшоў, зрабіў укол Івану ў руку, пераканаў Івана, што той болей плакаць не будзе, што цяпер нічога не здарыцца, што ўсё пройдзе, зменіцца і ўсё забудзецца. Доктар сказаў праўду. Хутка зарэчны бор стаў ранейшым. У ім відаць было кожнае дрэва пад небам, якое ачысцілася да поўнага блакіту, а рэчка супакоілася. Нуда пачала адступацца ад Івана адразу ж пасля ўколу, і цяпер паэт ляжаў спакойна і глядзеў на вясёлку, якая выгнулася ў небе. Гэтак працягвалася да вечара, і ён нават не заўважыў, як растала вясёлка і як засумавала і зліняла неба, як пачарнеў бор.
477 Іван выпіў гарачага малака, прылёг і сам здзівіўся з таго, як змяніліся яго думкі. Неяк падабрэў у памяці пракляты д'ябальскі кот, не палохала болей адрэзаная галава, і, адрынуўшы яе, пачаў раздумваць Іван пра тое, што на самай справе нядрэнна і ў бальніцы, што Стравінскі разумны і знакаміты і што быць у яго надзвычай проста і прыемна. І вечаровае паветра прыемнае і свежае пасля навальніцы. Журботны дом засынаў. У ціхім калідоры матавыя белыя лямпачкі патухалі, і замест іх адпаведна раскладу запальваліся слабенькія блакітныя начнікі, і ўсё радзей за дзвярыма чуліся асцярожныя крокі фельчарыц на гумавых дыванках у калідорах. Цяпер Іван у салодкай млявасці ляжаў і пазіраў то на лямпачку пад абажурам, якая разлівала з-пад столі мяккае святло, то на поўню, якая выходзіла з-за чорнага бору, і гаварыў сам з сабою.
478 Мы размаўлялі гэтак, быццам развіталіся толькі ўчора, быццам ведалі адно аднаго многа гадоў. Мы дамовіліся спаткацца заўтра там, на Маскве-рацэ, і сустрэліся. Травеньскае сонца свяціла нам. І хутка, хутка стала гэтая жанчына маёй тайнаю жонкаю. Яна прыходзіла да мяне кожны дзень, а чакаць яе я пачынаў зранку. Чаканне гэтае ўвасаблялася ў перастаўлянне на стале прадметаў. За дзесяць хвілін я сядаў да акенца і пачынаў прыслухоўвацца, ці не грукнуць старэнькія варотцы. І які кур'ёз: да спаткання з ёй у наш дворык мала хто прыходзіў, а дакладней, ніхто не прыходзіў, а цяпер мне здавалася, што ўвесь горад накіраваўся сюды. Грукнуць варотцы, грукне сэрца, і, уявіце, на ўзроўні майго твару за акенцам абавязкова нечыя брудныя боты. Тачыльшчык. Ну, каму патрэбны тачыльшчык у нашым двары? Што тачыць? Якія нажы?
479 Да гэтых цікаўных гараджан далучыліся і багамольцы, якіх без перашкод прапусцілі ў хвост працэсіі. Пад тонкія пранізлівыя крыкі глашатаяў, якія суправаджалі калону і крычалі тое, што апоўдні крыкнуў Пілат, яна ўсплыла на Лысую Гару. Ала прапусціла ўсіх на другі ярус, а другая кентурыя наверх прапусціла толькі тых, хто меў адносіны да пакарання, а потым хуткімі манеўрамі рассыпала натоўп вакол усяго ўзгорка гэтак, што ён апынуўся між пяхотным ачапленнем наверсе і кавалерыйскім унізе. Цяпер натоўп мог бачыць пакаранне скрозь няшчыльны ланцуг пехацінцаў. Тры гадзіны прайшло, пакуль працэсія ўзышла наверх, і сонца апускалася ўжо над Лысай Гарой, але спякота яшчэ была невыносная, і салдаты ў абодвух ачапленнях пакутавалі ад яе, нудзіліся ад суму і ў душы пракліналі разбойнікаў, шчыра жадалі ім хуткае смерці.
480 Калі асуджаных павялі на Лысую Гару, Левій Мацей бег побач з ланцугом у натоўпе зявак, стараўся як-небудзь непрыкметна падаць знак Іешуа хаця б пра тое, што ён, Левій, тут, з ім, што ён не пакінуў яго на апошняй дарозе і што ён за яго, каб смерць да Іешуа прыйшла як мага хутчэй. Але Іешуа, які глядзеў удалечыню, туды, куды яго везлі, вядома, Левія не заўважыў. І вось калі працэсія прайшла амаль паўвярсты па дарозе, Мацею, якога штурхалі ў натоўпе паўз самы ланцуг, прыйшла простая і геніяльная думка, і адразу ж, у гарачцы, ён пракляў сябе за тое, што не падумаў пра гэта раней. Салдаты ішлі няшчыльным ланцугом. Паміж імі былі прамежкі. Пры добрым спрыце і дакладным разліку можна было сагнуцца, праскочыць паміж двума легіянерамі, дарвацца да павозкі і ўскочыць на яе. Тады Іешуа будзе выратаваны ад пакут.
481 Як толькі машына гайданулася ў варотах і выехала ў завулак, служачыя, якія стаялі ў кузаве і трымаліся за плечы адзін у аднаго, разявілі раты, і завулак напоўніўся папулярнаю песняй. Другі грузавік падхапіў, а за ім і трэці. Гэтак і паехалі. Людзі на вуліцы толькі незнарок кідалі вокам на машыны і не здзіўляліся, думалі, што гэта экскурсія едзе за горад. Ехалі і на самай справе за горад, але толькі не на экскурсію, а ў клініку прафесара Стравінскага. Праз паўгадзіны зусім звар'яцелы бухгалтар дабраўся да фінглядацкага сектара ў спадзяванні ўрэшце пазбавіцца грошай. Навучаны ўжо вопытам, ён спачатку асцярожна зазірнуў у прадаўгаватую залу, дзе за матавым шклом і залатымі надпісамі сядзелі служачыя. Ніякае трывогі ці непарадку бухгалтар тут не западозрыў. Было ціха, як і належыць у прыстойнай установе.
482 Пад шчасліваю зоркаю нарадзіўся крытык Латунскі. Яна выратавала яго ад сустрэчы з Маргарытай, якая ператварылася ў ведзьму ў гэтую пятніцу. Ніхто не адчыняў дзвярэй. Тады адным духам Маргарыта зляцела ўніз, лічачы паверхі, вырвалася на вуліцу, вылічыла, якія вокны кватэры Латунскага. Несумненна, гэта былі пяць цёмных вокнаў на рагу будынка на восьмым паверсе. Маргарыта пераканалася ў гэтым, узмыла ў паветра і праз некалькі секунд праз адчыненае акно заходзіла ў цёмны пакой, у якім серабрылася толькі вузенькая палосачка ад поўні. Маргарыта прабегла па ёй, намацала выключальнік. Праз хвіліну ўся кватэра была асветлена. Швабра стаяла ў куце. Маргарыта пераканалася, што дома няма нікога, адамкнула дзверы і паглядзела на шыльдачку. Шыльдачка была на месцы. Маргарыта трапіла туды, куды ёй трэба было.
483 Тут Маргарыта падумала, што на самай справе яна дарэмна гэтак гоніць швабру, пазбаўляе сябе асалоды разгледзець што-небудзь як след, нацешыцца палётам. Ёй нешта падказвала, што там, куды яна ляціць, яе пачакаюць і што няма патрэбы сумаваць ёй ад гэтакае шалёнае хуткасці і вышыні. Маргарыта нахіліла швабру вехцем наперад, гэтак, што тронак падняўся ўгору, запаволіла ход і пайшла ўніз, да зямлі. І гэтае імчанне, быццам на паветраных саначках, прынесла найвялікшую асалоду. Зямля падалася да яе, і з незразумелай да гэтага чорнае гушчы паказаліся яе таямніцы і прыгажосць у месячную ноч. Зямля ішла насустрач Маргарыце, і Маргарыту ўжо абвявала водарам зялёных лясоў. Маргарыта ляцела над самым туманам роснага луга, потым над сажалкай. Пад Маргарытаю хорам спявалі жабы, а недзе ўдалечыні хваляваў сэрца, шумеў цягнік.
484 Цяжкі шум распоратага паветра пачуўся ззаду і пачаў даганяць Маргарыту. Пакрысе да гэтага шуму чагосьці лятучага, як снарад, далучыўся жаночы рогат. Маргарыта азірнулася і ўбачыла, што яе даганяе нейкі дзіўны цёмны прадмет. Ён даганяў Маргарыту і ўсё болей абазначаўся, можна было пазнаць, што нехта ляціць вершкі. Нарэшце ён і зусім абазначыўся: запаволіўшую хуткасць Маргарыту дагнала Наташа. Яна, зусім голая, з растрапанымі на ветры валасамі, ляцела верхам на тоўстым япруку, які ў пярэдніх капыціках трымаў партфель, а заднімі люта перабіраў у паветры. Пенснэ яго ляцела побач на шнурку, зрэдку паблісквала пры месяцы і патухала, а капялюш увесь час спаўзаў япруку на вочы. Маргарыта прыгледзелася і пазнала ў япруку Мікалая Іванавіча, і тады рогат яе загрымеў над лесам, змяшаўся з Наташыным рогатам.
485 Голая ведзьма, тая самая Гела, што гэтак збянтэжыла самавітага буфетчыка з Вар'етэ, і тая самая, якую спалохаў певень у ноч знакамітага сеанса, сядзела на падлозе на дыванку пры ложку, памешвала нешта ў рондалі, з якога валіла серная пара. Акрамя іх, быў яшчэ ў пакоі вялізны каціла, які сядзеў на высокай табурэтцы перад шахматным столікам і трымаў у правай лапе шахматнага каня. Гела прыўстала і пакланілася Маргарыце. Тое самае зрабіў і кот, саскочыўшы з табурэткі. Ён шаркануў праваю лапаю, згубіў каня і палез па яго пад ложак. Маргарыта замірала ад страху і разгледзела ўсё гэта ў падманлівых ценях ад свечак збольшага. Позірк яе прыцягваў ложак, на якім і сядзеў той, каго яшчэ зусім нядаўна бедны Іван на Патрыярхавых пераконваў у тым, што д'ябла не існуе. Гэты неіснуючы і сядзеў зараз на ложку.
486 Ні Гай Кесар Калігула, ні Месаліна ўжо не цікавілі Маргарыту, гэтаксама як і ніводзін з каралёў, герцагаў, кавалераў, самагубцаў, атручальнікаў, вісельнікаў і зводніц, турэмшчыкаў і шулераў, катаў, даносчыкаў, здраднікаў, вар'ятаў, сышчыкаў, разбэшчвальнікаў. Усе іх імёны пераблыталіся ў галаве, твары змяшаліся ў адну вялізную аладку, і толькі адзін твар застаўся ў памяці, аблямаваны сапраўды вогненнай барадой, твар Малюты Скуратава. Ногі Маргарыціны падгіналіся, яна кожную хвіліну баялася, што пачне плакаць. Найбольшыя пакуты былі ад правага калена, якое цалавалі. Яно распухла, скура на ім пасінела, хаця некалькі разоў Наташыны рукі з'яўляліся з губкаю і чымсьці духмяным абціралі яго. У канцы трэцяе гадзіны Маргарыта зірнула ўніз зусім безнадзейна і радасна здрыганулася: плынь гасцей парадзела.
487 Але цяпер інтарэс мае наступнае, а не тое, што адбылося ўжо. Вы заўсёды былі прыхільнікам той тэорыі, што пасля таго, як адрэзана галава, жыццё ў чалавеку канчаецца, ён ператвараецца ў прах і адыходзіць у нябыт. Мне прыемна паведаміць вам пры гасцях, хаця яны самі доказ іншае тэорыі пра тое, што ваша тэорыя грунтоўная і дасціпная. Дарэчы, усе тэорыі варты адна аднае. Ёсць сярод іх і такая, што кожнаму будзе аддзячана ў адпаведнасці з яго вераю. Няхай збудзецца гэта! Вам адысці ў нябыт, а мне радасна будзе з чашы, у якую вы ператвараецеся, выпіць за існаванне! Воланд падняў шпагу. Адразу ўсё на галаве пацямнела, скурчылася, потым паадвальвалася кавалкамі, вочы зніклі, і хутка Маргарыта ўбачыла ў місе жаўтлявы, з ізумруднымі вачыма і жамчужнымі зубамі, на залатой ножцы чалавечы чэрап. Адчынілася накрыўка.
488 Усё праглынула цемра, якая напалохала ўсё жывое ў Ершалаіме і наваколлі. Дзіўную хмару прыгнала з мора пад канец чатырнаццатага дня вясновага месяца нісана. Яна ўжо насунулася, навалілася сваім чэравам на Лысую Гару, дзе каты спехам забівалі пакараных, яна навалілася на Ершалаімскі храм і яго наваколле, спаўзла дымнаю лавінаю з гары і затапіла Ніжні Горад. Яна цякла праз акенцы і заганяла з крывых вуліц людзей у дамы. Яна не спяшалася аддаваць сваю вільгаць і аддавала толькі святло. Як толькі дымнае чорнае варыва распорваў агонь, з непрагляднага мораку ўзлятала ўгору вялізная глыба храма з зіхатлівым лускавіністым дахам. Агонь патухаў імгненна, і храм патанаў у чорнай прорве. Некалькі разоў ён паўставаў з яе, потым зноў правальваўся, і кожны раз гэты правал суправаджаўся катастрафічным грукатам.
489 Нізіны сандалі загрукалі па плітах у дворыку. Служанка незадаволена зачыніла дзверы на тэрасу. Ніза пакінула свой дом. У гэты самы час з другога завулка ў Ніжнім Горадзе, завулка пакручастага, які тэрасамі спускаўся да адной з гарадскіх сажалак, з варотцаў звычайнага доміка, які глухой сцяной выходзіў у завулак, а вокнамі на двор, выйшаў малады чалавек з акуратна падстрыжанай барадой у белым чыстым кефі, які падаў на плечы, у новым святочным блакітным таліфе з кутасікамі ўнізе і новых рыпучых сандалях. Гарбаносы прыгажун, які прыбраўся перад вялікім святам, ішоў бадзёра, абганяў мінакоў, якія спяшаліся дадому на святочную вячэру, глядзеў, як запальваліся адно за адным вокны. Малады чалавек накіроўваўся па дарозе, якая вяла паўз базар да палаца першасвятара Каіфы, які размяшчаўся ля падножжа храмавага ўзгорка.
490 Свяцільнік у каланаду! Афраній ужо ўваходзіў у сад, а за плячыма Пілата ў руках слуг мільгалі агні. Тры свяцільнікі на стале паўсталі перад пракуратарам, і месячная ноч адразу ж адступіла ў сад, быццам Афраній павёў яе за сабой. Замест Афранія на балконе з'явіўся маленькі худы чалавечак побач з гігантам кентурыёнам. Гэты другі перахапіў пракуратараў позірк, адступіў назад і адразу знік у садзе. Пракуратар прыглядаўся да прышэльца прагнымі і крыху спалоханымі вачыма. Гэтак глядзяць на таго, пра каго чулі многа, пра каго думалі і хто, нарэшце, з'явіўся. Чалавеку было гадоў пад сорак, учарнелы, абшарпаны, у засохлай гразі, глядзіць па-воўчы з-пад ілба. Адным словам, прывабнага мала, больш падобны на жабрака, якіх шмат таўчэцца на тэрасах храма альбо на базарах шумнага і бруднага Ніжняга Горада.
491 Увесь паверх быў заняты следствам па справе Воланда, і таму лямпы гарэлі ноч напралёт у дзесяці кабінетах. Уласна, усё было зразумела з учарашняга дня, з пятніцы, калі давялося закрыць Вар'етэ пасля знікнення яго адміністрацыі і ўсяго, што адбылося там напярэдадні ў час знакамітага сеанса чорнае магіі. Але справа ў тым, што ўвесь час бесперапынна паступалі на бяссонны паверх усё новыя і новыя матэрыялы. Цяпер следству па гэтай дзіўнай справе, ад якой увачавідкі патыхала д'ябальшчынаю, ды яшчэ з дадаткам нейкіх гіпнатызёрскіх фокусаў і відавочнага крыміналу, трэба было ўсе розныя і заблытаныя здарэнні, якія адбыліся ў розных канцах Масквы, зляпіць у адзін камяк. Першы, каму давялося пабыць у зіхоткім ад электрычнага бяссоння паверсе, быў Аркадзій Апалонавіч Семпляяраў, старшыня Акустычнай камісіі.
492 Але працягвалася гэтая страляніна не доўга і сама сабой заціхла. Справа ў тым, што ні кату, ні аператыўнікам яна не прынесла ніякае шкоды. Не аказалася не толькі забітых, але нават і параненых, усе, у тым ліку і кот, былі цэлыя. Нехта з прыйшоўшых, каб праверыць гэта, разоў пяць стрэліў у галаву праклятай жывёліне, і кот бойка адказаў цэлаю абоймаю. Як і раней, ніякага эфекту. Кот пагойдваўся на люстры, размахі якое паволі меншалі, дзьмухаў у дула браўнінга і пляваў сабе на лапу. У тых, што стаялі ўнізе на двары, было поўнае недаўменне. Гэта быў ці не адзіны з выпадкаў, калі страляніна не мела ніякага выніку. Можна было дапусціць, што ў ката браўнінг цацачны, але пра маўзеры аператыўнікаў гэтага не скажаш. Першая катовая рана было не што іншае, як фокус і свінскае прытвоства, гэтак жа, як і піццё бензіну.
493 І рыцару давялося пажартаваць пасля гэтага намнога болей, чым ён меркаваў сам. Але сёння такая ноч, калі закрываюцца рахункі ўсіх даўгоў. Рыцар свой доўг выплаціў і рахунак закрыў! Ноч адарвала і пушысты хвост у Бегемота, садрала з яго шэрсць і развеяла яе камякі па балотах. Той, хто быў катом, цяпер аказаўся худзенькім юнаком, дэманам-пажам, лепшым шутом, які хоць калі быў на свеце за ўвесь час. Цяпер заціх і ён і ляцеў нячутна, падстаўляў свой малады твар пад святло, якое струменіла поўня. Збоч ад усіх ляцеў, пабліскваючы сталлю даспехаў, Азазела. Поўня перамяніла і яго твар. Бясследна зніклі недарэчныя, непрыгожыя іклы, і крывое вока аказалася фальшывым. Вочы ў Азазелы былі аднолькавыя, парожнія і чорныя, а твар белы і халодны. Цяпер ляцеў сапраўдны Азазела, як дэман бязводнае пустыні, дэман-забойца.
494 Воланд спыніў свайго каня на камяністай, сумнай, пляскатай вяршыні, і тады коннікі рушылі далей ступою, слухалі, як коні трушчаць падковамі каменне і крэмень. Поўня асвятляла пляцоўку ярка і зялёна, і Маргарыта хутка разгледзела ў пустэльнай мясцовасці крэсла, а на ім белую постаць чалавека. Магчыма, ён быў глухі альбо занадта задумаўся. Ён не чуў, як дрыжала зямля пад цяжарам коней, і коннікі не патрывожылі яго, калі пад'ехалі. Поўня добра дапамагала Маргарыце, свяціла лепей, чым электрычны ліхтарык, Маргарыта бачыла, што чалавек, які здаваўся сляпым, пацірае рукі і невідушчымі вачыма глядзіць на поўню. Цяпер ужо Маргарыта бачыла, што побач з цяжкім каменным крэслам, на якім пабліскваюць у месячным святле нейкія іскаркі, ляжыць вялізны вастравухі сабака і гэтаксама трывожна, як і гаспадар, глядзіць на поўню.
495 Чорны кот толькі закочваў пакутліва вочы. Пазбаўлены слова, ён ніяк не мог апраўдацца. Выратаваннем сваім звер абавязаны ў першую чаргу міліцыі і сваёй гаспадыні, паважанай старэнькай удаве. Ледзь толькі ката прывялі ў аддзяленне, там пераканаліся, што ад грамадзяніна дабравата тхне гарэлкаю, таму ў яго сведчанні ўсумніліся. А тым часам бабулька пачула ад суседзяў, што яе ката замялі, пабегла ў міліцыю і паспела ўпору. Яна расхваліла ката, сказала, што ведае яго пяць гадоў, яшчэ з таго часу, як той быў кацянём, ручаецца за яго як за сябе самую, даказала, што ён ніколі нічога благога не рабіў і ў Маскву не ездзіў. Як нарадзіўся ён у Армавіры, гэтак у ім вырас і навучыўся лавіць мышэй. Ката развязалі і вярнулі гаспадыні, але ён паспеў хапіць гора: спазнаў на сваёй скуры, што такое памылка і паклёп.
496 Нейкага грамадзяніна ссадзілі,звязанага,з севастопальскага цягніка на станцыі Белгарад. Грамадзянін гэты задумаў пацешыць спадарожнікаў картачнымі фокусамі. У Яраслаўлі, якраз у абед, у рэстарацыю зайшоў грамадзянін з прымусам у руцэ, які ён толькі што забраў з рамонту. Абодва швейцары, як толькі ўгледзелі яго, кінуліся ўцякаць, а следам за імі ламанулі і ўсе наведвальнікі рэстарацыі і служачыя. Пры гэтым у касіркі не зразумела якім чынам знікла ўся выручка. Было яшчэ многа ўсякага, чаго і не запомніш. Шмат у каго балелі галовы. Яшчэ і яшчэ раз трэба аддаць належнае следству. Уся работа была зроблена не толькі дзеля таго, каб злавіць злачынцаў, але і дзеля таго, каб растлумачыць усё, што яны навытваралі. І ўсё было вытлумачана, і тлумачэнне гэтае нельга не прызнаць і талковым, і бясспрэчным.
497 Спачатку да поручняў выйшла пажылая пані, велічная на выгляд, у сіняй сукенцы, белай хустцы, з белым, моцна напудраным тварам. Над вачыма былі груба нафарбаваныя высокія бровы, на шчоках, нібы бураком, намаляваныя круглыя плямы. Каля яе з'явіўся мужчына сярэдніх гадоў з доўгім, сумным, але разумным тварам. Ён быў багата адзеты. На зялёны кафтан накінуты кароткі сіні плашч-карзно з залатым шлякам і спражкай з золата на левым плечуку ў выглядзе львінай мызы. На галаве ў яго сядзела насунутая на лоб невысокая шапка з футра, хоць было зусім не холадна. Ганна вырашыла, што гэта і ёсць князь. Паміж імі праслізнуў нейкі дзіўны хлапчук з сярдзітым, знявечаным тварам. Ён паклаў падбародак на поручні. У хлапчука на правым воку было бяльмо і на адной руцэ, якой ён учапіўся за брус, не хапала двух пальцаў.
498 Каля чатырох гадзін раніцы хуткасць руху ўзрасла. Нам стала цяжка ўтрымлівацца на паверхні карабля, асабліва, калі нас залівалі хвалі. На шчасце Нэд намацаў рукою шырокае кальцо, прымацаванае да вышкі, і нам удалося ўсім учапіцца за яго. Нарэшце гэтая бясконцая ноч мінула. Я не магу зараз аднавіць у памяці ўсе свае перажыванні, але адна падрабязнасць востра ўрэзалася ў памяць: часамі, калі шум ветру і песні хваль сціхалі, мне здавалася, што чую гукі якойсьці музыкі, беглыя акорды, урыўкі мелодыі. Якую тайну хаваў гэты падводны карабель? Якія дзіўныя істоты жылі ў ім? Які рухавік перамяшчаецца з такою велізарнаю хуткасцю? Развіднела. Ранішні туман ахутаў нас. Але і ён хутка рассеяўся. Толькі я хацеў распачаць падрабязны агляд выступаўшай з вады часткі падводнага судна, як раптам яно павольна пачало апускацца.
499 Капітан Нэма змоўк у глыбокай задуменнасці. Я глядзеў на яго з жывейшай увагай, моўчкі вывучаючы асаблівасці яго твара. Абапершыся аб вельмі дарагі столік з інкрустацыямі, ён не бачыў мяне і, здавалася, зусім забыўся на маё існаванне. Я рашыў не перашкаджаць яму і прадаўжаў аглядаць цуды, сабраныя ў гэтым салоне. Побач з творамі мастацтва віднае месца займалі прыродныя рэдкасці. Гэта былі галоўным чынам расліны, ракавіны і іншыя прадукты акіянскай флоры і фауны відаць, усе сабраныя рукамі самога, капітана Нэма. Пасярод салона біў фантан, асветлены знізу электрычнасцю: струменькі вады спадалі ў басейн, зроблены з адной гіганцкай ракавіны-трыдакны. Акружнасць трыдакны дасягала шасці метраў. Значыцца, па велічыні яна перавышала нават славутую ракавіну, падараваную Венецыянскай рэспублікай каралю Францыску І.
500 Гэта новая дарога дужа крутая, а таму і дужа ўтомная, хутка наблізіла нас да паверхні мора. Аднак зварот у верхнія пласты вады быў не настолькі хуткім, каб пагражаць нам непрыемнымі вынікамі: як вядома, раптоўная змена ціску выклікае ў чалавечым арганізме кровезліянне з прычыны разрыву крывяносных судзін. Гэтая небяспека пагражае ўсім неасцярожным вадалазам, якія хутка падымаюцца на паверхню з вялікіх глыбінь. Неўзабаве мы зноў вышлі ў асветленыя пласты вады. Таму што сонца ўжо стаяла нізка над гарызонтам, яго праменні, пераламляючыся, зноў запалілі вясёлкавыя колеры па краях раслін. Мы ішлі на глыбіні дзесяць метраў, акружаныя зграямі самых разнастайных рыбак, больш шматлікіх і больш рухавых, чымся птушкі ў паветры. Але да гэтага часу ніводная вадзяная жывёліна, вартая стрэлу, не траплялася нам на вока.
501 Я ляжаў пад кустом водарасцяў, не разумеючы, што адбываецца, як раптам, падняўшы вочы, убачыў, што над намі праносяцца нейкія велічэзныя фасфарасцыруючыя тушы. Кроў застыла ў мяне ў жылах. Я пазнаў у гэтых страшыдлах пару акул. У гэтых страшных жывёлін вялізны хвост, жалезныя сківіцы, якія могуць адным узмахам перарубіць чалавека напалам, і цмяныя шкляныя вочы. Не ведаю, ці займаўся Кансель класіфікаваннем, але што датычыцца мяне, дык я глядзеў на іх срэбнае чэрава і пасць, усеяную велізарнымі вострымі зубамі, больш як ахвяра, чымся вучоны даследчык прыроды. На наша вялікае шчасце ў гэтых пражэрлівых жывёлін дрэнны зрок. Яны прайшлі над намі, не заўважыўшы нас, хоць іх цёмна-карычневыя плаўнікі бадай закранулі нас. Мы шчасліва выратаваліся ад небяспекі больш страшнай, як сустрэча з тыграм у глухім лесе.
502 Тым часам яма павольна вырастала ў каралавым дне. Спалохаўшыся ад удараў кіркі, рыбы ўцякалі ва ўсе бакі. Я чуў глухі стук і бачыў іскры, калі жалеза кіркі ўдарыла па кавалку крэмня, загубленаму ў глыбіні вод. Яма выцягвалася ў даўжыню і расла ў шырыню і, нарэшце, стала досыць прасторнай, каб змясціць труп. Тады наблізіліся насільшчыкі. Цела, ахутанае белай тканінай, слізганула ў запоўненую вадой магілу. Капітан Нэма і яго матросы сталі навакол са скрыжаванымі на грудзях рукамі. Я і мае таварышы, глыбока ўзрушаныя гэтай сцэнай, адступілі на крок назад, каб не перашкаджаць іхняму гору. Магілу засыпалі вырытымі з ямы кавалкамі карала і надалі насыпу правільны абрыс. Калі гэта было зроблена, капітан Нэма і ўсе яго спадарожнікі апусціліся на адно калена і паднялі ўгару рукі ў знак апошняга развітання...
503 Каля сямі гадзін раніцы мы, нарэшце, дабраліся да перлавай мяліны, дзе параскіданы мільёны ракавін. Гэтыя каштоўныя малюскі прыклейваюцца да скал пры дапамозе вылучаемай імі-ж слізістай вадкасці і больш ужо не рухаюцца, у адрозненне ад спажыўных ракушак, якія не трацяць здольнасці перасоўвацца. Ракавіна, у якой ствараецца перл, мае амаль аднолькавыя вельмі тоўстыя створкі, шурпатыя звонку. Некаторыя з ракушак мелі зеленаватыя палосы, якія, як праменні, ішлі ва ўсе бакі ад іхняй вярхушкі. Гэта былі маладыя ракушкі. Іншыя, старэйшыя на дзесяць і больш год, былі цмяныя, амаль чорныя, і дасягалі пятнаццаці сантыметраў шырыні. Капітан Нэма паказаў мне рукою на безліч ракавін, і я зразумеў, што гэтыя пяскі сапраўды невычарпальныя, бо ўраджайнасць прыроды ўсё-такі заўсёды стварае больш, чымся можа разбурыць чалавек.
504 Мы некалькі разоў траплялі ка такія месцы, што, падняўшы руку над галавою, я даставаў ёю паверхню мора. Але тут-жа дно зноў апускалася. Часта нам прыходзілася абмінаць высокія пірамідальныя скалы. У іхніх шчылінах і расколінах гняздзіліся буйныя ракападобныя. Балансуючы на сваіх высокіх ножках, падобныя на нейкія фантастычныя вайсковыя машыны, яны пільна глядзелі на нас. Нарэшце мы апынуліся каля ўвахода ў пячору, вырытую ў прыгожай, з капрызнымі абрысамі скале, густа паросшай найлепшымі прадстаўнікамі марской флоры. Спачатку мне здалося, што ў пячоры пануе непранікальная цемра і што сонечныя праменні гаснуць каля ўвахода; аднак, аказалася, што вада, якая запаўняе пячору, свеціцца нейкім празрыстым і невыразным святлом праглынутых сонечных праменняў. Капітан Нэма зайшоў у пячору. Мы паследвалі за ім.
505 Вада зноў сцямнела ад новых патокаў крыві і закруцілася ад шалёных удараў хваста акулы. Але Нэд Лэнд не прамахнуўся. Яго гарпун трапіў акуле ў самае сэрца. Гэта была агонія. Хваляванне, узнятае сударгавымі рухамі страшыдлы, было настолькі вялікім, што зваліла мяне з ног. Тым часам Нэд Лэнд дапамог капітану падняцца на ногі. Не атрымаўшы ніводнае драпіны ў барацьбе, ён зараз-жа падбег да індуса, адрэзаў вяроўку з каменем, схапіў яго ўпоперак цела і, адапхнуўшыся ад дна, усплыў на паверхню акіяна. Мы ўтрох паследвалі за ім і праз некалькі секунд дасягнулі лодкі няшчаснага вадалаза. Першай турботай капітана Нэма было вярнуць небараку прытомнасць. Я баяўся, што гэта яму не ўдасца, але не лічыў справу безнадзейнай, бо індус не доўга быў пад вадой. Вось толькі ўдар хваста акулы мог забіць яго на месцы.
506 З гэтымі словамі канадзец выйшаў з каюты, пакінуўшы мяне ў поўнай трывозе. Я чамусьці думаў, што калі прыйдзе час для ўцёкаў, можна будзе ўсё дэталёва абмеркаваць і паспрачацца з Нэдам Лэндам. Але ўпарты канадзец не дазволіў мне нават і слова сказаць. Ды і што я яму мог адказаць? Нэд Лэнд тройчы меў рацыю. Гэта быў больш-менш зручны выпадак, і ён рашыў скарыстаць яго. Ці меў я права адмовіцца ад свайго слова і ставіць з-за асабістых інтарэсаў на карту лёс сваіх таварышаў? Хіба заўтра капітан Нэма не мог зноў зацягнуць нас у водную пустыню, далёкую ад усякай зямлі? У гэты час пачуўся моцны свіст. Я зразумеў, што Наўтылус напаўняе свае рэзервуары вадой і апускаецца ў глыб акіяна. Я застаўся ў сваёй каюце, каб не сустракацца з капітанам Нэма, які мог заўважыць на маім твары апанаваўшае мяне хваляванне.
507 Гэта быў яшчэ незнаёмкі мне свет страшыдлаў. Да якіх відаў належаць гэтыя членістаногія, якім скалы служылі нібы другім панцырам? Як магла прырода захаваць тайну іхняга існавання? Колькі вякоў жывуць яны ўжо ў гэтых глыбінях акіяна? Але я не меў магчымасці спыніцца, каб лепей разгледзець іх. Капітан Нэма даўно прызвычаіўся да гэтых страшэнных істот і праходзіў міма, не звяртаючы на іх увагі. Мы ўзабраліся на першую пляцоўку гары, і там я сустрэў руіны чалавечых пабудоў! Гэта былі высокія груды каменняў, у якіх можна было пазнаць руіны палацаў, храмаў, будынкаў... Усё гэта было цяпер пакрыта квітнеючымі садамі зоафітаў і апавіта зялёным плюшчом водарасцяў. Але што гэта была за частка сушы, і якая катастрофа пагрузіла яе на марское дно? Дзе я знаходзіўся? Куды прывяла мяне фантазія капітана Нэма?
508 Вярнуўшыся на пясчаны бераг возера, я пачаў знаёміцца з яго флорай і фаунай. Флора была прадстаўлена шырокім дзірваном кропу, невялічкай парасонавай расліны, якая служыць добрай прыправай для стравы Кансель набраў некалькі пучкоў яе. Што тычыцца фауны, дык яе прадстаўлялі тысячы разнастайных ракаў, крабаў, амараў і мноства малюскаў усіх відаў і памераў. Мы натрапілі тут на цудоўную пячору, пасыпаную тоўстым пластом мяккага, як пух, пяску. Стаміўшыся ад лазання па скалах, я і мае таварышы з асалодай разлягліся на ім. Падземны агонь адпаліраваў паверхню ўнутраных сцен пячоры і асыпаў іх слюдзяным пылам, які блішчэў, як брыльянты. Нэд Лэнд пачаў выстукваць сцены, спрабуючы вызначыць іхнюю таўшчыню. Я не мог стрымаць ухмылкі, гледзячы на яго дарэмныя спробы. Гутарка, вядома, зноў пачалася вакол пытання аб уцёках.
509 Чым цяжэй рабілася дыхаць у сярэдзіне судна, тым з большай ахвотай мы адзявалі скафандры, калі прыходзіла наша чарга працаваць. Кіркі звінелі, утыкаючыся ў лёд. Плечы і спіны нылі ад стомы, рукі пакрываліся мазалямі, але што значылі гэтыя стамленні і боль, калі была магчымасць поўнай грудзямі ўдыхаць свежае паветра, калі можна было дыхаць! І тым не менш ніхто не заставаўся пад вадою больш, чым трэба было. Адпрацаваўшы свае дзве гадзіны, кожны з нас спяшаўся перадаць свайму пакутуючаму ў душнай атмасферы карабля таварышу збавіцельны рэзервуар з чыстым паветрам. Капітан Нэма першы падаваў прыклад суровай дысцыпліны. Калі канчаўся час працы пад вадою, ён цвёрдым крокам вяртаўся на карабель, у атрутную атмасферу. Твар яго па-ранейшаму быў спакойны і строгі, і ніводная скарга не зрывалася з яго вуснаў.
510 Азірнуўся: ноч здавалася перад ім яшчэ больш бліскучаю. Нейкае дзіўнае ўпаяльнае ззянне дамяшалася да бляску месяца. Ніколі яшчэ не здаралася яму бачыць падобнага. Срэбраны туман упаў навакола. Пах ад цвітучых яблынь і начных кветак ліўся па ўсёй зямлі. Са здзіўленнем глядзеў ён у нерухомыя воды сажалкі; старасвецкі панскі дом, абярнуўшыся ўніз, відзён быў у ёй чысты і ў нейкай яснай велічы. Заместа змрочных акяніц глядзелі вясёлыя шкляныя вокны і дзверы. Праз чыстыя шыбы мільгала пазалота. І вось здалося, быццам акно адчынілася. Затаіўшы дух, не здрыгануўшыся і не спускаючы вачэй з сажалкі, ён, здавалася, перасяліўся ў глыбіню яе і бачыць: спачатку белы локаць выставіўся ў акно, пасля выглянула прыветлівая галоўка з бліскучымі вачыма, якія ціха свяціліся праз цёмнарусыя хвалі валасоў, і абаперлася на локаць.
511 Запарожцы прайшлі яшчэ дзве залы і спыніліся. Тут загадана было ім чакаць. У зале тоўпілася некалькі генералаў у вышываных золатам мундзірах. Запарожцы пакланіліся на ўсе бакі і сталі ў кучу. Хвіліну пачакаўшы, увайшоў у суправаджэнні цэлай світы велічнага росту даволі мажны чалавек у гетманскім мундзіры, у жоўтых боціках. Валасы на ім былі крыху ўскудлачаны, адно вока крыху падслепаватае, на твары вымалёўвалася нейкая пагардлівая велічнасць, ва ўсіх рухах відаць была звычка загадваць. Усе генералы, якія пахаджвалі даволі надзімана ў залатых мундзірах, замітусіліся і з нізкімі паклонамі, здавалася, лавілі кожнае яго слова і нават драбнейшы рух, каб зараз ляцець выконваць яго. Але гетман не звярнуў нават і ўвагі, ледзь матнуў галавою і падышоў да запарожцаў. Запарожцы ўсе злажылі паклон у пояс.
512 На радзіме ён здолеў бы без цяжкасцей дабіцца поспеху ў сваёй рабоце і шчасця. Мы хоць і небагатыя людзі, але сякія-такія сродкі ў нас ёсць. Ён можа жыць разам з намі, не маючы ні ў чым патрэбы. А калі ўжо ён наважыўся падарожнічаць, то зведае цяжкія нягоды і пашкадуе, што не паслухаў бацьку. Не, я не магу пусціць яго ў мора. Далёка ад радзімы ён будзе ў самоце, і калі з ім здарыцца няшчасце, у яго не знойдзецца сябра, які б здолеў яго суцешыць. І тады ён будзе каяцца, ды будзе позна! І ўсё роўна праз некалькі месяцаў я збег з роднага дому. Адбылося гэта так. Аднойчы я паехаў на некалькі дзён у горад Гуль. Там я сустрэў аднаго прыяцеля, які збіраўся плыць у Лондан на караблі свайго бацькі. Ён пачаў мяне ўгаворваць ехаць разам з ім, спакушаючы тым, што праезд на караблі нічога мне не будзе каштаваць.
513 У гэты час невялікія грузавыя судны, якія не маглі ўтрымацца супроць ветру, узнялі якары і выйшлі ў адкрытае мора. Убачыўшы гэта, наш капітан загадаў стрэліць з гарматы, каб папярэдзіць іх, што нас чакае смяротная небяспека. Пачуўшы стрэл гарматы і не разумеючы, у чым справа, я ўявіў сабе, што наша судна разбілася і вось-вось пойдзе на дно. Мне зрабілася так страшна, што я страціў прытомнасць і паваліўся. Аднак у гэты час кожны клапаціўся перш за ўсё пра выратаванне ўласнага жыцця, і на мяне ніхто не звярнуў увагі. Ніхто нават не пацікавіўся, што са мною здарылася. Адзін з матросаў стаў на мае месца да помпы, адсунуўшы мяне нагою. Усе былі ўпэўнены, што я ўжо нежывы. Так я праляжаў вельмі доўга. Ачухаўшыся, я зноў узяўся за работу. Мы працавалі без пярэдыху, а вада ў труме падымалася ўсё вышэй і вышэй.
514 Нарэшце адно невялікае судна, што было бліжэй да нас, рызыкнула спусціць шлюпку, каб прыйсці нам на дапамогу. Шлюпка кожную хвіліну магла перакуліцца, але яна ўпарта набліжалася да нас. І ўсё роўна мы не маглі перабрацца ў шлюпку, таму што не было ніякай магчымасці прычаліць яе да нашага карабля, хоць людзі веславалі з усяе сілы, рызыкуючы ўласным жыццём для выратавання нашага. Мы кінулі ім канат. Яны доўга не маглі злавіць яго, таму што бура адносіла яго ўбок. Але, на шчасце, адзін смяльчак пасля неаднаразовых няўдалых спроб нарэшце злаўчыўся і схапіў канат за самы канец. Тады мы падцягнулі шлюпку да нашай кармы і ўсе да аднаго перабраліся на яе. Мы меркавалі даплыць да іх карабля, але не змаглі адолець хваль, якія неслі нас да берага. Выявілася, што толькі ў гэтым напрамку і можна было веславаць.
515 Ніякімі словамі немагчыма выказаць, як былі ашаломлены дзікуны, калі пачулі грукат і ўбачылі агонь майго стрэлу: некаторыя ледзь не паўміралі са страху, пападалі ніцма на зямлю, як нежывыя. Але, убачыўшы, што звер забіты і я раблю ім знакі падысці бліжэй да берага, яны пасмялелі і стоўпіліся каля самай вады: відаць, ім вельмі хацелася знайсці пад вадою забітага звера. У тым месцы, дзе ён затануў, вада была пафарбавана крывёю, і таму я вельмі лёгка адшукаў яго. Зачапіўшы звера вяроўкаю, я кінуў канец яе дзікунам, і яны прыцягнулі забітага звера да берага. Гэта быў вялізны леапард з незвычайна прыгожай плямістай шкурай. Стоячы над ім у здзіўленні, дзікуны ўзнялі рукі ўгару; яны не маглі зразумець, чым я забіў яго. Другі звер, наплохаўшыся майго стрэлу, падплыў да берага і памчаўся назад у горы.
516 Наступная хваля была велізарная: не менш дваццаці ці трыццаці футаў вышыні. Яна пахавала мяне глыбока пад сабою. Затым мяне падхапіла і з незвычайнай хуткасцю памчала да зямлі. Доўга я плыў па цячэнні, памагаючы яму з усяе сілы, і ледзь не задыхнуўся ў вадзе, як раптам адчуў, што мяне нясе кудысьці ўгару. Хутка, на маё вялікае шчасце, мае рукі і галава апынуліся над паверхняй вады, і хоць секунды праз дзве на мяне нахлынула новая хваля, усё ж гэта кароткая перадышка надала мне сілы і бадзёрасці. Новая хваля зноў захліснула мяне з галавою, але на гэты раз я прабыў пад вадою не вельмі доўга. Калі хваля разбілася і схлынула, я вытрымаў яе націск, паплыў да берага і хутка зноў адчуў, што ў мяне пад нагамі зямля. Я пастаяў дзве-тры секунды, уздыхнуў на ўсе грудзі і з апошняй сілы кінуўся бегчы да берага.
517 Апошняя хваля з такою сілай шпурнула мяне аб скалу, што я страціў прытомнасць. Нейкі час я быў зусім бездапаможны, і калі б у гэты момант мора паспела дагнаць мяне, я абавязкова захлынуўся б у вадзе. На шчасце, я ў час апрытомнеў. Убачыўшы, што мяне зараз зноў захлісне хваля, я моцна ўчапіўся за выступ скалы і, затрымаўшы дыханне, стараўся перачакаць, пакуль хваля схлыне. Тут, бліжэй да зямлі, хвалі былі не такія велізарныя. Калі вада схлынула, я зноў пабег наперад і апынуўся зусім блізка ад берага. Наступная хваля хоць і абліла мяне ўсяго з галавой, але ўжо не здолела знесці ў мора. Я прабег яшчэ некалькі крокаў і з радасцю адчуў, што стаю на сухой зямлі. Я пачаў карабкацца па ўзбярэжных скалах і, дабраўшыся да высокага пагорка, упаў на траву. Тут я быў у бяспецы: тут вада не магла захліснуць мяне.
518 Выбраўшы некалькі лягчэйшых бярвенняў, я выкінуў іх за борт, папярэдне абвязаўшы кожнае бервяно канатам, каб іх не знесла. Затым я спусціўся з карабля, прыцягнуў да сябе чатыры бервяны, моцна звязаў іх з абодвух канцоў, зверху змацаваў яшчэ дзвюма ці трыма дошчачкамі, пакладзенымі накрыж, і ў мяне атрымалася нешта накшталт плыта. Мяне гэты плыт цудоўна трымаў на сабе, але для большага грузу ён быў вельмі лёгкі і малы. Давялося мне зноў лезці на карабель. Там я адшукаў пілу нашага карабельнага цесляра і распілаваў запасную мачту на тры бервяны, якія і прыладзіў да плыта. Плыт зрабіўся шырэйшы і больш устойлівы. Гэта работа каштавала мне вялікіх намаганняў, але жаданне зрабіць запас усяго неабходнага для жыцця падтрымлівала мяне, і я зрабіў тое, на што пры звычайных абставінах у мяне не хапіла б сілы.
519 Гэта прымусіла мяне падумаць пра тое, каб назапасіць не толькі ежы, але і адзежы. На караблі было дастаткова і куртак і штаноў, але я ўзяў адну толькі пару, бо мяне пакуль што куды больш цікавіла многае іншае, і перш за ўсё рабочы інструмент. Пасля доўгіх пошукаў я знайшоў скрынку нашага цесляра, і гэта была для мяне найкаштоўнейшая знаходка, якую я не прамяняў бы ў той час на цэлы карабель золата. Я паставіў гэту скрынку на плыт, нават не глянуўшы ў яе, таму што мне было добра вядома, які інструмент там захоўваўся. Цяпер мне заставалася запасціся зброяй і зарадамі. У каюце я знайшоў дзве добрыя паляўнічыя стрэльбы і два пісталеты, якія я паклаў на плыт разам з парахаўніцай, мяшэчкам шроту і дзвюма заржавелымі шашкамі. Я ведаў, што ў нас на караблі было тры бочачкі пораху, але я не ведаў, дзе яны захоўваліся.
520 Караскацца на вяршыню пагорка было цяжка. Калі ж, нарэшце, я ўскараскаўся, я ўбачыў, які горкі лёс чакаў мяне: я быў на выспе! Кругом, з усіх бакоў, было толькі мора, за якім нідзе не бачылася зямлі, калі не лічыць усяго некалькі рыфаў, якія тырчалі ўдалечыні, ды двух выспачак, што ляжалі міляў за дзевяць на захад. Гэтыя выспачкі былі маленькія, куды меншыя за маю. Я зрабіў і яшчэ адно адкрыццё: расліннасць на выспе была дзікая, нідзе не відаць было ні шматка ўробленай зямлі. Значыць, людзей тут і сапраўды не было! Драпежныя звяры тут як быццам таксама не вадзіліся, ва ўсякім выпадку я не прыкмеціў ніводнага. Затое птушак вадзілася мноства, усё нейкай не вядомай мне пароды, так што потым, калі мне даводзілася падстрэліць птушку, я ніколі не мог вызначыць па выгляду, ці прыдатнае яе мяса для ежы.
521 Гэта думка доўга хвалявала мяне: свежая зеляніна цудоўнай даліны так і клікала мяне да сябе. Мара аб перасяленні захапляла мяне і радавала. Але калі я дакладна абдумаў гэты план, калі разважыў, што зараз з мае палаткі я заўсёды бачу мора, а гэта азначае, маю хоць маленькую надзею на шчаслівую змену ў маім лёсе, я сказаў сабе, што мне ні ў якім разе не варта перабірацца ў даліну, з усіх бакоў закрытую пагоркамі. Можа ж так здарыцца, што хвалі занясуць на гэты бераг другога небараку, пацярпеўшага караблекрушэнне ў моры, і хто б ён ні быў, той няшчасны, я буду рады яму, як лепшаму сябру. Вядома, на такую выпадковасць надзеі было мала, але схавацца сярод гор і лясоў, у глыбіні выспы, удалечыні ад мора, азначала б назаўсёды замураваць сябе ў гэтай турме і да самае смерці забыць усякія мары пра волю.
522 Тут увесь бераг быў усеяны чарапахамі, а там, дзе я жыў, за паўтара года я знайшоў толькі тры. Тут была безліч птушак разнастайных парод. Былі і такія, якіх я ніколі не бачыў. Мяса некаторых здалося мне вельмі смачным, хоць я нават не ведаў, як іх завуць. Сярод вядомых мне птушак самымі лепшымі былі пінгвіны. Зноў паўтараю: гэты бераг быў лепшы ва ўсіх адносінах і больш прывабны за мой. І ўсё роўна я не меў ніякага жадання перасяляцца сюды. Пражыўшы ў сваёй палатцы каля двух гадоў, я паспеў прывыкнуць да тых мясцін; тут жа я адчуваў сябе падарожнікам, госцем, тут я адчуваў сябе ніякавата, і мяне цягнула дадому. Я выйшаў на бераг, павярнуў на ўсход і прайшоў узбярэжжам каля дванаццаці міляў. Тут я ўмацаваў у зямлю высокі шост, каб прыкмеціць месца, таму што ў наступны раз я вырашыў прыйсці сюды з другога боку.
523 Калі прыйшла пара пячы хлеб, я расклаў на гэтым ачагу вялікі агонь. І калі дровы выгаралі, я разгроб вуголле па ўсім ачагу і даў яму паляжаць з паўгадзіны, каб ачаг напаліўся да чырвані. Тады я згроб жар у адзін бок і паклаў на ачаг свой хлеб, накрыўшы яго перавернутым дагары блюдам, а блюда засыпаў гарачым вуголлем. І што ж? Мой хлеб пёкся, як у самай лепшай печы. Прыемна было мне паспытаць свежага, толькі што спечанага хлеба! Мне здавалася, што ніколі ў жыцці не спытваў я такога ласунку. Наогул за вельмі кароткі тэрмін я зрабіўся выдатным пекарам; не кажучы пра звычайны ўжо хлеб, я навучыўся пячы пудзінгі і праснакі з рысу. Толькі пірагоў я не пёк, бо, апрача казляціны і птушынага мяса, у мяне не было ніякай іншай начынкі. На гэтыя гаспадарчыя работы ў мяне пайшоў увесь трэці год майго жыцця на выспе.
524 Я вырашыў зірнуць на наш карабельны бот, які яшчэ ў тую буру, калі мы пацярпелі караблекрушэнне, выкінула на выспу за некалькі міляў ад майго жытла. Гэта лодка ляжала непадалёку ад таго месца, куды яе выкінула. Прыбоем яе перакуліла дагары дном і аднесла крыху вышэй, на пясчаную водмель; яна ляжала на сухім месцы, і вады вакол яе не было. Калі б я здолеў адрамантаваць і спусціць на ваду гэту шлюпку, я змог бы без асаблівай цяжкасці дабрацца да Бразіліі. Але для такой работы адной пары рук было мала. Мне няцяжка было зразумець, што аднаму мне зрушыць гэту шлюпку з месца гэтак жа немагчыма, як, скажам, зрушыць з месца маю выспу. І ўсё роўна я вырашыў паспрабаваць. Я накіраваўся ў лес, насек тоўстых жэрдак, якія павінны былі служыць мне рычагамі, вычасаў з чурбакоў два каткі і ўсё гэта перацягнуў да шлюпкі.
525 Аднак неўзабаве пасля таго я вынайшаў новы спосаб апранацца і з таго часу не меў недахопу ў адзежы. Справа ў тым, што ў мяне захаваліся шкуры ўсіх жывёл, на якіх я паляваў. Кожную шкуру я высушваў на сонцы, расцягнуўшы яе на жэрдках. Толькі спачатку я, не маючы практыкі, вельмі доўга трымаў іх на сонцы, і таму першыя шкуры былі такія каляныя, што іх нельга было выкарыстаць. Затое астатнія былі выдатныя. З іх я і пашыў перш за ўсё сабе вялікую шапку поўсцю наверх, каб яна не баялася дажджу. Футравая шапка была такая ўдалая, што я вырашыў з такога ж матэрыялу змайстраваць сабе яшчэ і поўны гарнітур, гэта значыць штаны і куртку. Штаны я пашыў кароткія, да каленяў, і вельмі прасторныя; куртку таксама зрабіў вольную, таму што і тое і другое патрэбна было мне не так для цеплыні, як для таго, каб бараніцца ад сонца.
526 Я ўжо аднойчы пабываў на супрацьлеглым беразе, і адкрыцці, якія я там зрабіў, так зацікавілі мяне, што мне яшчэ тады захацелася агледзець усё ўзбярэжжа, якое мяне акружала. І вось цяпер, калі ў мяне з'явілася лодка, я вырашыў, чаго б гэта ні каштавала, аб'ехаць сваю выспу морам. Перш чым рушыў у дарогу, я старанна падрыхтаваўся да свайго падарожжа. Я змайстраваў для свае лодкі невялічкую мачту і пашыў такі ж невялічкі ветразь з кавалкаў парусіны, якой у мяне было яшчэ дастаткова ў запасе. Калі лодка была аснашчана, я выпрабаваў яе ход і ўпэўніўся, што пад ветразем яна ідзе даволі прыстойна. Тады я прыбудаваў на карме і на носе невялічкія скрынкі, каб захаваць ад дажджу і хваль правізію, зарады і іншыя неабходныя мне рэчы, якія я буду браць з сабой у дарогу. Для стрэльбы я выдзеўбаў у дне лодкі вузкі жолаб.
527 Цяпер ён для мяне быў такі дарагі і мілы, і мне было горка думаць, што я павінен ужо навек развітацца з надзеяй яго ўбачыць зноў. Мяне несла і несла ў бясконцую водную далячынь. Але хоць я і адчуваў смяротны страх і адчай, я ўсё ж не паддаваўся гэтым пачуццям і веславаў з усяе сілы, стараючыся скіраваць лодку на поўнач, каб перасекчы цячэнне і абагнуць рыфы. Раптам апоўдні пацягнуў ветрык. Гэта мяне падбадзёрыла. Але ўявіце сабе маю радасць, калі ветрык пачаў хутка свяжэць і праз паўгадзіны зрабіўся ўжо добрым ветрам! Да гэтага часу мяне адагнала ўжо далёка ад маёй выспы. І каб выпадкова ў тую пару ўзняўся туман, мне быў бы канец! У мяне не было компаса, і калі б я згубіў з вачэй сваю выспу, я не ведаў бы, куды кіраваць шлях. Але, на маё шчасце, быў сонечны дзень і нішто не прадказала туману.
528 Гады праз паўтара ў мяне ўжо было не менш дванаццаці коз, лічачы з казлянятамі, а яшчэ праз два гады мой статак вырас да сарака трох галоў. З цягам часу я збудаваў пяць загароджаных загонаў; усе яны злучаліся паміж сабой варотцамі, каб можна было пераганяць коз з аднаго лужка на другі. У мяне цяпер быў невычарпальны запас казінага мяса і малака. Кажучы па шчырасці, калі я толькі браўся разводзіць коз, я нават і не думаў пра малако. Толькі пазней я пачаў іх даіць. Я думаю, што нават самы пануры чалавек не стрымаўся б ад усмешкі, каб убачыў мяне з маім сямействам за абедзенным сталом. На галоўным месцы сядзеў я, кароль і ўладар выспы, які поўнаўладна распараджаўся жыццём усіх сваіх падданых: я мог караць і мілаваць, дараваць і адбіраць волю, і сярод маіх падданых не было ніводнага бунтаўшчыка.
529 На чацвёртыя суткі я набраўся адвагі і выйшаў. А тут яшчэ ў мяне з'явілася адна думка, якая канчаткова вярнула мне маю ранейшую бадзёрасць. Якраз тады, калі мой страх, здавалася, дасягнуў вяршыні, калі ад адной здагадкі я кідаўся да другой і ні на чым не мог спыніцца, мне раптам прыйшло ў галаву, а ці не выдумаў я ўсю гэту гісторыю са следам чалавечай нагі і ці не мой гэта ўласны след. Ён жа мог застацца на пяску, калі я перадапошні раз хадзіў глядзець сваю лодку. Праўда, вяртаўся я звычайна другой дарогай, але гэта было даўно, і хіба мог я з ўпэўненасцю сцвярджаць, што ішоў тады менавіта той, а не гэтай дарогай? Я пастараўся запэўніць сябе, што так яно і было, што гэта мой уласны след і што я быў падобны на таго дурня, які выдумаў байку пра нябожчыка, што ўстаў з труны і сам жа палохаўся свае байкі.
530 Ля ўвахода пячора была шырокая, але паступова яна рабілася ўсё вузейшай, так што недзе ў глыбіні яе мне давялося стаць на карачкі і каля дзесяці ярдаў паўзці наперад, што было, сказаць праўду, даволі смелым учынкам, таму што я зусім не ведаў, куды вядзе гэты ход і што мяне чакае наперадзе. Але вось я адчуў, што з кожным крокам праход робіцца ўсё шырэйшы і шырэйшы. Крыху пазней я паспрабаваў устаць на ногі, і выявілася, што я магу стаяць на ўвесь рост. Скляпенне пячоры ўзнімалася футаў на дваццаць. Я запаліў дзве свечкі і ўбачыў такую цудоўную карціну, якой у жыцці ніколі не бачыў. Я знаходзіўся ў прасторным гроце. Полымя маіх дзвюх свечак адбілася ў яго ззяючых сценах. Яны адсвечвалі сотнямі тысяч рознакаляровых агнёў. Ці то былі ўкрапаныя ў камень пячоры дыяменты ці іншыя каштоўныя камяні? Гэтага я не ведаў.
531 Усю раніцу я назіраў за морам і тым прадметам і пераканаўся, што ён нерухомы. Можна было меркаваць, што гэта карабель, які стаіць на якары. Я не вытрымаў: схапіў стрэльбу, падзорную трубу і пабег на паўднёва-ўсходні бераг, да таго месца, дзе пачыналася каменная града, што выходзіла ў мора. Туман ужо развеяўся, і, забраўшыся на бліжэйшы ўцёс, я мог выразна распазнаць корпус карабля. Сэрца маё сціснулася ад гора. Відаць, няшчасны карабель наскочыў на нябачныя падводныя скалы і разбіўся на тым месцы, дзе яны заступалі шлях шалёнаму марскому цячэнню. Гэта былі тыя ж самыя скалы, што некалі пагражалі і мне. Калі б тыя, што пацярпелі крушэнне, заўважылі выспу, яны напэўна спусцілі б шлюпкі і паспрабавалі б дабрацца да берага. Але чаму яны стралялі з гармат адразу пасля таго, як я запаліў сваё вогнішча?
532 Я дастаў падзорную трубу і навёў яе на тое месца, дзе бачыў іх учора. Але іх і след прастыў: на беразе не было ніводнай лодкі. Я не сумняваўся, што дзікуны паехалі, нават не паспрабаваўшы шукаць двух сваіх таварышаў, якія засталіся на выспе. Я, вядома, узрадаваўся гэтаму, але мне хацелася мець больш дакладныя звесткі пра маіх нязваных гасцей. Бо цяпер я ўжо быў не адзін, са мною быў Пятніца, і таму я зрабіўся куды смялейшы, а разам са смеласцю ў мяне абудзілася і цікаўнасць. У аднаго з забітых засталіся лук і калчан са стрэламі. Я дазволіў Пятніцы ўзяць гэту зброю, і з таго часу ён не разлучаўся з ёю ні днём ні ўначы. Хутка мне давялося ўпэўніцца, што лукам і страламі мой дзікун валодае па-майстэрску. Апрача таго, я ўзброіў яго шабляй, даў яму адну сваю стрэльбу, а сам узяў дзве другія, і мы рушылі ў дарогу.
533 Але гэта мая перасцярога аказалася зусім дарэмнай. Неўзабаве Пятніца даказаў мне на справе, як самааддана ён любіць мяне. Я не мог не прызнаць яго сваім сябрам і перастаў асцерагацца яго. Ніколі ніводзін чалавек не меў такога вернага і адданага сябра, як мой Пятніца. Ні раздражнення, ні хітрасці не было ў яго ніколі ў адносінах да мяне; заўсёды прыветны і гатовы да паслугі, ён быў прыхільны да мяне, як дзіця да бацькі. Я ўпэўнены, што, калі б спатрэбілася, ён ахвяраваў бы дзеля мяне сваім жыццём. Я быў вельмі шчаслівы, што ў мяне нарэшце з'явіўся таварыш, і даў сабе слова навучыць яго ўсяму, што магло прынесці яму карысць, а перш за ўсё навучыць яго гаварыць на мове мае радзімы, каб мы з ім маглі разумець адзін аднаго. Пятніца аказаўся такім здольным вучнем, што лепшага і пажадаць было нельга.
534 Ён і потым яшчэ доўгі час не здольны быў адолець у сабе страх і здзіўленне перад кожным маім стрэлам. Мне здаецца, калі б я толькі дазволіў яму, ён пачаў бы пакланяцца мне і маёй стрэльбе, нібыта мы былі багамі. Першы час ён не адважваўся нават дакрануцца да стрэльбы, але затое размаўляў з ёю, калі думаў, што я не чую, як з жывою істотай. Пры гэтым яму здавалася, што стрэльба яму адказвае. Потым ужо ён мне прызнаўся, што ён упрошваў стрэльбу, каб яна злітавалася над ім. Калі Пятніца крыху апамятаўся, я прапанаваў яму прынесці мне забітую дзічыну. Ён зараз жа пабег па яе, але вярнуўся не адразу, таму што яму давялося доўга шукаць птушку: як выявілася, я не забіў яе, а толькі параніў, і яна адляцела далёка ўбок. Нарэшце ён усё-такі знайшоў яе і прынёс; я ж выкарыстаў яго адсутнасць, каб зноў зарадзіць стрэльбу.
535 У хуткім часе Пятніца навучыўся працаваць не горш за мяне. І таму, што цяпер я вымушаны быў карміць двух чалавек, мне патрэбна было падумаць пра будучыню. Перш за ўсё мне трэба было павялічыць свае пасевы і сеяць больш збожжа. Я выбраў вялікі ўчастак зямлі і ўзяўся абгароджваць яго. Пятніца не толькі старанна, але і вельмі весела і з задавальненнем памагаў мне ў працы. Я растлумачыў яму, што гэта будзе новае поле для хлебных каласоў, таму што нас цяпер двое і патрэбна будзе зрабіць запас хлеба не толькі на мяне, а і на яго таксама. Яго вельмі расчуліла, што я так клапаціўся пра яго: ён усяляк стараўся растлумачыць мне пры дапамозе знакаў, што ён разумее, як многа мне дадалося зараз спраў, і просіць, каб я хутчэй навучыў яго рабіць розную карысную работу, а ўжо ён будзе старацца з усяе сілы.
536 Тут думаць не трэба было: на выспе расло столькі велізарных дрэў, што з іх можна было збудаваць не толькі лодку, а, бадай, цэлы флот. Але я добра памятаў, якую зрабіў памылку, калі будаваў сваю вялізную пірогу ў лесе, далёка ад мора, а потым не здолеў прыцягнуць яе да берага. Каб гэта памылка не паўтарылася, я вырашыў знайсці такое дрэва, якое расце бліжэй да мора, каб можна было без асаблівай цяжкасці спусціць лодку на ваду. Але ля самага берага раслі пераважна дробныя і чэзлыя дрэвы. Я абышоў амаль усё ўзбярэжжа і не знайшоў нічога прыдатнага. Выручыў мяне Пятніца: выявілася, што ў гэтай справе ён разумеў больш за мяне. Я і сёння не ведаю, якой пароды было тое дрэва, з якога мы тады пабудавалі лодку. Пятніца стаяў на тым, каб мы агнём выпалілі ўнутранасць дрэва, як робяць пры пабудове сваіх пірогаў дзікуны.
537 Набліжаўся сезон дажджоў, калі большую частку дня даводзіцца сядзець дома. Неабходна было перачакаць гэты час і зрабіць захады да таго, каб дажджы не пашкодзілі нашу лодку. Мы прывялі яе ў тую бухтачку, у якую я прыставаў са сваімі плытамі, і, дачакаўшыся прыліву, падцягнулі яе да самага берага. Потым мы выкапалі на тым месцы, дзе стаяла лодка, даволі глыбокую яму такіх памераў, што лодка змясцілася ў ёй, як у доку. Ад мора мы адгарадзілі яе моцнай плацінай, пакінуўшы для вады толькі вузкі праход. Калі з наступным прылівам наш маленькі док запоўніўся вадою, мы наглуха заклалі плаціну, так што лодка засталася на вадзе, але марскія хвалі не маглі захліснуць яе і прыліў не мог знесці яе ў мора. Каб абараніць лодку ад дажджоў, мы прыкрылі яе тоўстым слоем галін, і яна такім чынам апынулася нібы пад страхой.
538 Ён тут жа закрычаў, куды мацней за мяне. На жаль, маё ўзбраенне было такое цяжкае, што перашкаджала мне бегчы. Але я як быццам не адчуваў яго і імчаўся наперад, колькі меў сілы, проста да няшчаснага эўрапейца, які, як ужо гаварылася, ляжаў убаку, на пясчаным беразе, паміж морам і вогнішчам дзікуноў. Каля яго не было ніводнага чалавека. Тыя двое, што хацелі зарэзаць яго, уцяклі пры першых жа стрэлах. Страшэнна напалоханыя, яны кінуліся да мора, ускочылі ў лодку і пачалі адчальваць. У тую ж лодку паспелі ўскочыць яшчэ тры дзікуны. Я павярнуўся да Пятніцы і загадаў яму расправіцца з імі. Ён у момант зразумеў маю думку і, прабегшы крокаў сорак, наблізіўся да лодкі і стрэліў у іх. Усе пяцёра пападалі на дно лодкі. Я думаў, што ўсе яны забітыя, але двое адразу ж падняліся. Відаць, яны ўпалі толькі са страху.
539 Гішпанец з удзячнасцю ўзяў тое і другое і, адчуўшы ў руках зброю, як быццам зрабіўся другім чалавекам. Адкуль у яго ўзялася сіла! Як бура, наляцеў ён на дзікуноў і ў адзін момант пасек двух на кавалкі. Праўда, для такога подзвігу не патрабавалася вялікай сілы: няшчасныя дзікуны, аглушаныя грукатам нашай страляніны, былі да таго перапалоханы, што не здольны былі ні ўцякаць, ні бараніцца. Многія падалі проста ад страху, як тыя два, што зваліліся на дно лодкі ад стрэлу Пятніцы, хаця кулі і не зачапілі іх. Аддаўшы шаблю і пісталет гішпанцу, я застаўся толькі з мушкетам. Ён быў зараджаны, але я пакідаў свой зарад на выпадак якой-небудзь нечаканасці і таму не страляў. У кустах, пад тым дрэвам, адкуль мы ўпершыню распачалі агонь, засталіся нашы паляўнічыя стрэльбы. Я паклікаў Пятніцу і загадаў збегаць па іх.
540 У руках у дзікуна быў вялізны драўляны меч. Дзікуны выдатна валодаюць гэтай смертаноснай зброяй. Такім мечам яны хацелі і прыкончыць гішпанца, калі той ляжаў каля вогнішча. Цяпер гэты меч зноў быў занесены над яго галавой. Я нават не чакаў, што гішпанец акажацца такім ваяўнічым; праўда, ён усё яшчэ быў слабы пасля перанесеных пакут, але біўся адважна і нанёс праціўніку шабляй два страшэнныя ўдары па галаве. Дзікун быў велізарнага росту, вельмі мускулісты і дужы. Раптам ён адкінуў свой меч, і яны схапіліся ўрукапашную. Гішпанцу давялося вельмі кепска: дзікун адразу ж збіў яго з ног, наваліўся на яго і пачаў вырываць у яго шаблю. Убачыўшы гэта, я ўскочыў і кінуўся яму на дапамогу. Але гішпанец не разгубіўся: ён знарок выпусціў шаблю з рук, выхапіў з-за пояса пісталет, стрэліў у дзікуна і палажыў яго на месцы.
541 Гледзячы на гэтага хворага чалавека, цяжка было нават уявіць сабе, як ён пры такой знямозе мог толькі што так адважна біцца з ворагам. Я параіў яму сядзець і не рухацца і даручыў Пятніцу расцерці яму ногі ромам. Пакуль Пятніца расціраў гішпанца, ён кожныя дзве хвіліны, а магчыма, і часцей паварочваўся, каб пабачыць, ці не трэба чаго-небудзь яго бацьку. Пятніца бачыў толькі галаву старога, бо той сядзеў на дне лодкі. Раптам азірнуўшыся, ён убачыў, што галава знікла; у той жа момант Пятніца ўжо быў на нагах. Ён не бег, а ляцеў: здавалася, ногі яго не дакранаюцца зямлі. Але калі, дабегшы да лодкі, ён убачыў, што бацька прылёг адпачыць і спакойна ляжыць на дне лодкі, ён зараз жа вярнуўся да нас. Тады я сказаў гішпанцу, што мой сябар дапаможа яму падняцца і давядзе да лодкі, у якой мы прывязём яго да нашага жытла.
542 Мы накрылі стол у новай палатцы і паабедалі на наваселлі ўчатырох. Я на гэтым абедзе выконваў абавязкі старшыні і займаў нашых гасцей гутаркай. Пятніца быў пры мне за перакладчыка не толькі тады, калі я размаўляў з яго бацькам, а таксама і з гішпанцам, таму што гішпанец даволі прыстойна размаўляў на мове дзікуноў. Калі мы паабедалі, ці, дакладней, павячэралі, я папрасіў Пятніцу ўзяць адну пірогу і з'ездзіць па нашы стрэльбы, якія мы за недахопам часу пакінулі на месцы бойкі; на другі дзень я паслаў яго закапаць трупы забітых, а таксама жахлівыя рэшткі крывавага балю. Пятніца дакладна выканаў маё даручэнне. Ён так старанна знішчыў сляды ўсіх дзікуноў, што, калі я зноў пабыў на тым месцы, я не адразу здолеў пазнаць яго. Толькі па дрэвах на ўскрайку ўзбярэжнага лесу я здагадаўся, што людаеды балявалі якраз тут.
543 Цяпер, калі нас было чацвёра, дзікуны маглі б напалохаць нас толькі тады, калі б яны нечакана напалі на нас у вельмі вялікай колькасці. Мы не баяліся дзікуноў і вольна хадзілі па ўсёй выспе. А паколькі ўсе мы марылі толькі пра тое, як бы хутчэй адсюль з'ехаць, кожны з нас стараўся як мага, каб здзейсніць гэту мару. У час сваіх блуканняў па выспе я прыкмячаў дрэвы, прыдатныя для пабудовы карабля. Гішпанец і Пятніца з бацькам узяліся секчы гэтыя дрэвы. Я паказаў ім, якія неверагодныя цяжкасці давялося адолець мне, каб вычасаць з цэлага дрэва кожную дошку, і мы пачалі ўсе разам рыхтаваць новы запас дошак. Мы начасалі іх каля тузіна. Гэта былі моцныя дубовыя дошкі каля трыццаці пяці футаў у даўжыню, двух футаў шырыні і ад двух да чатырох дзюймаў таўшчыні. Кожнаму зразумела, якая гэта цяжкая была праца.
544 У той жа час я імкнуўся па магчымасці павялічыць свой маленькі статак. З гэтай мэтай двое з нас кожны дзень хадзілі лавіць дзікіх казлянят, так што хутка ў нас было каля дваццаці галоў. Затым нас чакала яшчэ адна важная справа: трэба было паклапаціцца пра нарыхтоўку разынак, бо вінаград пачынаў паспяваць ужо. Мы назбіралі і насушылі яго велізарную колькасць. Адначасова з хлебам рызынкі складалі аснову нашага харчавання. Мы ўсе вельмі любілі разынкі. Сапраўды, я не ведаю больш смачнай і спажыўнай ежы. Надышоў час жніва. Ураджай ячменю і рысу быў някепскі. Праўда, мы чакалі, што ён будзе лепшы, але ўсё роўна ён быў нішто сабе, і цяпер мы здолелі б пракарміць хоць пяцьдзесят чалавек. Больш таго, з такім запасам правіянту мы смела маглі рушыць у плаванне і дабрацца да любога берага Паўднёвай Амерыкі.
545 Куды ж ссыпаць увесь рыс і ячмень? Для гэтага патрэбны былі вялікія карзіны, і мы адразу ж узяліся плесці іх. Гішпанец пры гэтым паказаў сябе як выдатны майстар гэтай справы. Цяпер, калі ў мяне было дастаткова мяса і хлеба, каб пракарміць гасцей, я дазволіў гішпанцу ўзяць лодку і ехаць па іх. Я строга загадаў яму не прывозіць ніводнага чалавека, не ўзяўшы з яго прысягі, што ён не толькі не зробіць мне ніякага зла, не нападзе на мяне са зброяй у руках, але, наадварот, будзе бараніць мяне ад розных ворагаў. Гэту прысягу яны павінны будуць напісаць на паперы, і кожны павінен будзе распісацца пад ёю. У той момант я неяк забыў, што гішпанцы, якія пацярпелі крушэнне, не мелі ні паперы, ні чарніла. З гэтымі павучаннямі гішпанец і стары дзікун рушылі ў дарогу на той самай пірозе, на якой іх прывезлі на маю выспу.
546 Палонных яны пакінулі пад наглядам двух сваіх таварышаў. Але тыя, напэўна, былі п'яныя: як толькі астатнія пайшлі, абодва яны залезлі ў лодку і адразу ж заснулі. Такім чынам палонныя засталіся адны. Але, замест таго каб выкарыстаць момант і дзейнічаць, яны сядзелі на пяску і азіраліся па баках у поўным адчаі. Гэта нагадала мне першы дзень майго з'яўлення на выспе. Гэтаксама і я тады сядзеў на беразе, безнадзейна азіраючыся наўкол, і таксама лічыў сябе загінуўшым. Я быў упэўнены тады, што мяне разарвуць драпежныя звяры, залез на дрэва і праседзеў там усю ноч. Наогул не было такіх жахаў, якія б не здаваліся мне на тым першым часе. А між тым як ціхамірна пражыў я ўсе гэтыя гады! Але нічога гэтага я тады не прадбачыў. Таксама і гэтыя трое няшчасных былі ў адчаі, не ведаючы, што выратаванне блізка.
547 Тыя, што выйшлі на бераг, відаць, вырашылі не разыходзіцца. Яны ішлі адзін пры адным і пачалі падымацца на гару, пад якою знаходзіўся мой дом. Мы бачылі іх добра, яны ж не маглі нас бачыць. Мы былі б вельмі рады, калі б яны падышлі да нас бліжэй і каб мы маглі стрэліць у іх. Мы спадзяваліся, што яны накіруюцца да супрацьлеглага берага выспы, таму што, пакуль яны заставаліся на гэтым яе баку, мы не здолелі б пакінуць нашу крэпасць. Але, дабраўшыся да вяршыні гары, адкуль відаць была ўся паўночна-ўсходняя частка выспы, яе лясы і даліны, яны спыніліся і зноў пачалі моцна крычаць. Нарэшце, не дачакаўшыся адказу і, напэўна, баючыся аддаляцца ад берага, яны селі пад дрэвам і пачалі раіцца. Добра было б, калі б яны леглі і заснулі, як тыя, што прыехалі раніцой; тады мы хутка здолелі б з імі расправіцца.
548 Джымі Рой крыкнуў, што ён прывёз усіх матросаў, але прыпазніўся, бо доўга шукаў іх, а потым пачаў падрабязна плесці і выдумляць розныя байкі наконт гэтага. Пакуль ён балбатаў такім чынам, баркас і шлюпка прычалілі да борта. Капітан і яго памочнік першыя ўскочылі на палубу са зброяй у руках і адразу ж збілі з ног ударамі прыкладаў двух піратаў, якія, ні аб чым не здагадваючыся, выйшлі ім насустрач; выявілася, што гэта карабельны цясляр і другі памочнік капітана, якія перайшлі на бок піратаў. Увесь капітанскі атрад дзейнічаў дружна і адважна. Усе матросы, што знаходзіліся на палубе, былі схоплены, пасля чаго капітан загадаў замкнуць люкі, каб усіх астатніх затрымаць унізе. Тым часам падаспелі камандзір і матросы другой шлюпкі; яны занялі ход у карабельную кухню і ўзялі ў палон яшчэ трох чалавек.
549 Я глянуў у той бок, куды ён паказваў: карабель стаяў ужо на другім месцы, менш чым за паўмілі ад берага. Выявілася, што, расправіўшыся з піратамі, мой сябар капітан зараз жа загадаў зняцца з якара і, карыстаючыся спадарожным ветрыкам, падышоў да тае бухты, дзе я некалі прычальваў са сваімі плытамі, затым, дачакаўшыся прыліву, ён на яліку зайшоў у бухту і заспяшаўся да мяне, каб паведаміць, што яго карабель знаходзіцца, можна сказаць, ля маіх дзвярэй. Ад гэтай нечаканай радасці я ледзь не страціў прытомнасць: я ж на ўласныя вочы бачыў цяпер сваю доўгачаканую волю! Яна была тут, у мяне ў руках! Да маіх паслуг быў вялікі карабель, які гатовы быў везці мяне, куды я захачу. Я да таго ўзрадаваўся, што ў першы момант не здолеў адказаць капітану ні слова, і пэўна паваліўся б на зямлю, калі б ён не падтрымаў мяне.
550 Я загадаю пакінуць вам сякую-такую зброю, харчовыя запасы і дам неабходныя ўказанні на першы час. Вы здолееце цудоўна тут жыць, калі будзеце настойліва працаваць. Пасля гэтых перагавораў я вярнуўся дадому і пачаў рыхтавацца ў далёкае плаванне. Я, аднак, папярэдзіў капітана, што мне спатрэбіцца некаторы час, каб сабрацца ў дарогу, і папрасіў яго адпраўляцца на карабель аднаго, без мяне, а раніцой прыслаць па мяне шлюпку. Калі капітан адчаліў, я загадаў паклікаць да сябе палонных і завёў з імі сур'ёзную гутарку. Я зноў сказаў ім, што, па-мойму, яны робяць разумна, застаючыся на выспе, таму што калі б капітан узяў іх з сабою, іх абавязкова павесілі б. Я падрабязна расказаў ім, як я сам трапіў на гэтую выспу, як патроху паляпшаў сваю гаспадарку, як збіраў вінаград, як сеяў рыс і ячмень, як навучыўся пячы хлеб.
551 Неба было ўжо ўсё залітае сонцам. Пачынала прыпякаць, і спёка хутка мацнела. Не ведаю чаму, мы яшчэ доўга чагосьці чакалі. У цёмным гарнітуры мне было дужа горача. Дзядок надзеў капялюш, але потым, відаць, перадумаў і зняў. Я трошкі павярнуўся, каб лепей яго разгледзець. А дырэктар зноў пачаў распавядаць. Ён сказаў, што мама і Перэс часта гулялі тут увечары і часам даходзілі аж да самай вёскі. З імі хадзіла сядзелка. Я азірнуўся вакол. За шэрагамі гонкіх, высокіх кіпарысаў, якія ўзбягалі па ўзгорках пад самае неба, віднелася рудая, а дзе ўжо з зялёнымі парасткамі зямля, сям-там стаялі рэдкія, акуратныя хаткі. Я разумеў маму. Увечары гэты краявід, напэўна, выклікае ціхія, сумныя думкі. А цяпер, калі паветра дрыжыць пад спякотнымі промнямі сонца, ён выглядае занадта жорстка і нават прыгнятае.
552 Калі ён заўважыў мяне, ён адразу прыўзняўся і сунуў руку ў кішэню. Я, натуральна, таксама адразу намацаў Раймонаў рэвальвер, які ляжаў у мяне ў куртцы. Тады ён зноў адкінуўся на спіну, але рукі з кішэні не выняў. Я быў ад яго даволі далёка, метраў, мусіць, за дзесяць. Часам я адчуваў, як ён пазірае на мяне праз паўзаплюшчаныя павекі. Але часцей абрысы ягонага цела пачыналі скакаць прад маімі вачыма ў гарачым паветры. Хвалі плёскаліся яшчэ марудней, яшчэ з большай лянотаю, як апоўдні. Вакол былі ўсё тое ж сонца, усё той жа распалены бліскучы пясок. Вось ужо дзве гадзіны, як дзень застыў, не маючы сілы зрушыць далей, дзве гадзіны, як ён кінуў якар у неабсяжным акіяне расплаўленага металу. На даляглядзе прайшоў параход, і краем вока я ледзь заўважыў яго чорную плямку, бо ўвесь час неадрыўна глядзеў на араба.
553 Бо і там, у гэтым прытулку, дзе згасае жыццё, вечар нагадвае кароткі і сумны спачын. У самым канцы жыцця мама мусіла адчуваць сябе вольнай, пазбаўленаю ад усяго і гатоваю перажыць усё зноў. Ніхто, ніхто не меў права плакаць над ёю. І цяпер я таксама, як і яна, адчуваў, што гатовы перажыць усё зноў. Нібы гэты нядаўні гнеў ачысціў мяне ад злосці і пазбавіў астатніх надзей, я зірнуў у начное неба, усеянае зорнымі знакамі, і першы раз расчыніў душу насустрач пяшчотнай абыякавасці свету. І адчуўшы, наколькі ён падобны да мяне, наколькі ён мне па-брацку блізкі нарэшце, я зразумеў, што быў заўсёды шчаслівы і застаюся шчаслівы цяпер. І каб добра ўсё завяршыць, каб адчуць сябе меней самотным, мне заставалася пажадаць, каб у дзень майго пакарання было шмат гледачоў і каб яны сустрэлі мяне ровам нянавісці.
554 Але будзем справядлівыя: здаралася, і мая няпамятлівасць была вельмі пахвальнаю. Вы заўважалі, напэўна, што ёсць людзі, якія свята вераць таму запавету, паводле якога трэба дараваць усякую крыўду, і яны сапраўды яе даруюць, але ніколі не забываюцца пра яе. Я ж быў не настолькі высокай натуры, каб дараваць, але нарэшце забываў нават сама чорныя абразы. І майго абражальніка, які лічыў, што я люта яго ненавіджу, літаральна збівалі з панталыку маё нечаканае прывітанне і шчырая ўсмешка. Тады, у залежнасці ад свайго характару, ён або захапляўся маёю шырокай душою, або пагарджаў маёй баязлівасцю, не падазраючы, што прычына намнога прасцейшая: я не памятаў нават, як яго зваць. Такім чынам, тая самая прыродная загана, якая рабіла мяне абыякавым і няўважлівым да людзей, адначасова забяспечвала мне высакароднасць.
555 Мяне ўсе лічылі за дзейнага, энергічнага чалавека, а маёю стыхіяй быў ложак. Я паўсюль крычаў пра сваю вернасць, але ў мяне, бадай, не было ніводнага сябра, якому б я нарэшце не здрадзіў. Здрады, праўда, ніколі не заміналі маёй адданасці, я мог занядбаць добрую справу хіба праз сваю ленаватасць, але ніколі не адмаўляў у дапамозе блізкаму чалавеку, калі знаходзіў у тым асалоду. І ўсё ж дарэмна я паўтараў сабе гэтыя збітыя ісціны, яны мала мяне суцяшалі. Часам, уранку, я выклікаў сябе на бязлітасны суд і прыходзіў тады да высновы, што найбольшага поспеху мне ўдалося дабіцца ў сваёй пагардзе да іншых. Прычым больш за ўсё я пагарджаў менавіта тымі, каму часцей за другіх памагаў. З вялікай пачцівасцю і заўжды ўсхваляванай спагадай я, па сутнасці, кожны дзень пляваў у твар усім сляпым, якіх сустракаў на дарозе.
556 Але хутка звяры пачалі сварыцца за харч, хоць пашаў хапала на ўсіх. Яны разгультаіліся. Кожнаму хацелася пасвіцца там, дзе ён адпачываў, як бывае часам і ў нас, калі вясновыя дажджы пройдуць дружна. У Тха, Першага са Сланоў, было шмат работы: ён ствараў новыя джунглі і пракладваў рэчышчы рэк. Ён не мог паспець усюды і таму зрабіў Першага з Тыграў уладаром і суддзёй над джунглямі, і Народ Джунгляў прыходзіў да яго са сваімі спрэчкамі. У тыя часы Першы з Тыграў еў траву і плады разам з усімі. Ён быў ростам з мяне і вельмі прыгожы: увесь жоўты, як кветкі жоўтай ліяны. У тыя добрыя старыя часы, калі джунглі толькі што нарадзіліся, на шкуры тыгра яшчэ не было ні палосаў, ні плямаў. Увесь Народ Джунгляў прыходзіў да яго без страху, слова яго было законам для ўсіх. Не забывайцеся, што ўсе мы былі тады адзін народ.
557 Калі Маўглі вынырнуў, яго падтрымліваў Каа, а з выступу скалы падалі ў раку, як гіры, вялікія глыбы, аблепленыя пчоламі, і як толькі глыба дакраналася да вады, пчолы ўзляталі ўгору, а труп сабакі, кружачыся, плыў уніз па цячэнні. Над скаламі раз-пораз чуўся раз'юшаны брэх, які патанаў у гуле, падобным на гром, у гудзе крыльцаў Маленькага Народа Скалаў. Некаторыя сабакі зваліліся ў яры, якія злучаліся з падземнымі пячорамі, і там задыхаліся, біліся, ляскалі зубамі сярод абваленых сотаў і, нарэшце, ледзь жывыя, аблепленыя раямі пчол, выбягалі з якога-небудзь ходу да ракі, каб скаціцца ўніз, на чорныя груды смецця. Некаторыя ўпалі на дрэвы, што раслі на скалах, і пчолы абляпілі іх усіх чыста; але большасць, ашалеўшы ад пчаліных укусаў, кідаліся ў ваду, а Вайнганга, як сказаў Каа, была прагная рака.
558 Пад акном паказалася ледзь прыкметная ў цемры постаць Ярмолы, які, накрыўшыся з галавою світкай, выбег з кухні, каб прычыніць аканіцы. Але ён спазніўся. У адну з шыбаў раптам з такой сілай стукнуў вялізны кавалак лёду, што яна разбілася, і кавалкі шкла са звонам пасыпаліся на падлогу пакоя. Я адчуў сябе моцна стомленым і прылёг, не распранаючыся, на ложак. Я думаў, што мне зусім не ўдасца заснуць у гэтую ноч і што я да раніцы буду ў бяссільным смутку варочацца з боку на бок, таму я вырашыў не распранацца, каб потым хоць крышку стаміць сябе аднастайнай хадой па пакоі. Але са мною здарылася вельмі дзіўная рэч: мне здалося, што я толькі на хвілінку заплюшчыў вочы; калі ж я расплюшчыў іх, дык праз шчыліны ў аканіцах ужо цягнуліся яркія сонечныя праменні, у якіх кружылася безліч залатых пылінак.
559 Яна саставіла для іх вінт, запрасіўшы чацвертым Густава Іванавіча. Ганна зводдаля, у знак падзякі, прыкрыла вочы павекамі, і сястра адразу зразумела яе. Усе ведалі, што калі не пасадзіць Густава Іванавіча за карты, дык ён увесь вечар будзе хадзіць ля жонкі, як прышыты, паказваючы свае гнілыя зубы на твары чэрапа і псуючы жонцы настрой духу. Цяпер вечар пайшоў роўна, без прымусу, весела. Васючок спяваў упаўголаса пад акампанемент Жэні Рэйтар італьянскія народныя канцанеты і рубінштэйнаўскія ўсходнія песні. Галасок у яго быў маленькі, але прыемнага тэмбру, паслухмяны і правільны. Жэні Рэйтар, надзвычай патрабавальная музыкантка, заўсёды ахвотна яму акампаніравала. Між іншым, казалі, што Васючок да яе заляцаецца. У кутку на канапе Ганна заўзята какетнічала з гусарам. Вера падышла і з усмешкаю прыслухалася.
560 Бачыце, усюды, дзе мы спыняліся на пастой, гарадскія жыхары паводзілі сябе па-рознаму, але ў Букарэсце яны абыходзіліся з намі так проста, што калі аднойчы я пачаў іграць на скрыпцы, дык дзяўчаты хуценька апрануліся па-святочнаму і прыйшлі танцаваць, і гэтак павялося кожны дзень. Аднойчы ў часе танцаў, увечары, пры святле месяца, я зайшоў у сенцы, куды схавалася і мая балгарачка. Угледзеўшы мяне, яна стала прыкідвацца, што перабірае сухія пялёсткі ружаў, якія, дарэчы, тамашнія жыхары збіраюць цэлымі мяхамі. Але я абняў яе, прытуліў да свайго сэрца і колькі разоў пацалаваў. З тае пары, кожны раз, калі паяўляўся на небе месяц з зорамі, я спяшаўся да маёй каханай і разам з ёю забываў пра ўсе дзённыя клопаты. Калі ж прыйшоў час пакідаць тыя мясціны, мы пакляліся вечна кахаць адно аднаго і развіталіся назаўсёды.
561 Зноў ішоў Рамашоў дадому, адчуваючы сябе адзінокім, сумным, згубленым у нейкім чужым, цёмным і варожым месцы. Зноў гарэла на захадзе ў шызых цяжкіх хмарах чырвона-бурштынавая зара, і зноў Рамашову мроіўся далёка за небасхілам, за дамамі і палямі, цудоўны фантастычны горад з жыццём, поўным красы, велічы і шчасця. На вуліцы ўсё гусцей і гусцей клаўся змрок. Па шашы з віскам бегалі жыдоўскія хлапчукі. Дзесьці на прызбах, ля варот, у садах звінеў жаночы смех, звінеў бесперапынна і ўзбуджана, з нейкім гарачым, жывёльным, радасным дрыжаннем, як звініць ён толькі ранняю вясною. І разам з ціхім, задуменным смуткам у душы ў Рамашова нараджаліся дзіўныя, няясныя ўспаміны аб шчасці, якога ніколі не было, і аб мінулых, яшчэ больш цудоўных вёснах, а ў сэрцы варушылася невыразнае і салодкае прадчуванне будучага кахання...
562 Бывайце, мой бедны. Небарака! Дайце вашу руку. Пацісніце моцна-моцна, так, каб мне зрабілася балюча. Вось так... Ой!.. Цяпер бывайце. Бывай, радасць мая! Не даходзячы да агню, яны разышліся. Шурачка пайшла проста ўгору, а Рамашоў нізам, у абход, уздоўж ракі. Вінт яшчэ не скончыўся, але іх адсутнасць была заўважана. Ва ўсякім разе, Дзіц так нахабна паглядзеў на Рамашова, які падыходзіў да агню, і так фальшыва кашлянуў, што Рамашову захацелася запусціць у яго гарачай галавешкай. Потым ён убачыў, як Мікалаеў устаў з-за карт, адвёў Шурачку ўбок і доўга нешта ёй гаварыў з гнеўнымі жэстамі і са злосным тварам. Яна раптам выпрасталася і сказала яму некалькі слоў з абурэннем і пагардаю. І гэты вялікі, дужы чалавек раптам пакорліва сагнуўся і адышоў ад яе з выглядам утаймаванай, але з прытоенай злосцю дзікай жывёліны.
563 Часцей за ўсё яму, нібы нявопытнаму іграку, які прайграў за адзін вечар усё сваё багацце, раптам уяўляўся са спакуслівай выразнасцю, што зусім нічога не было непрыемнага, што прыгожы падпаручнік Рамашоў вельмі добра прайшоў у цырыманіяльным маршы перад генералам, заслужыў агульную пахвалу і што ён сам зараз сядзіць разам з таварышамі ў светлай сталовай афіцэрскага сходу і рагоча і п'е чырвонае віно. Але кожны раз гэтыя мары абрываліся ўспамінамі пра лаянку Федароўскага, пра з'едлівыя словы ротнага камандзіра, пра размову з Мікалаевым, і Рамашоў зноў адчуваў сябе непапраўна зганьбаваным і няшчасным. Патаемны ўнутраны інстынкт прывёў яго на тое месца, дзе ён разышоўся сёння з Мікалаевым. Рамашоў у гэты час думаў пра самагубства, але думаў без рашучасці і без страху, з нейкім скрытым прыемна-самалюбным пачуццём.
564 Ён усім дараваў: і Шурачцы, і Сліву, і Федароўскаму, і карпусному камандзіру. Няхай жа не плачуць па ім. Ён быў занадта чысты і добры для гэтага жыцця! Яму будзе лепш там! Слёзы наплылі на вочы, але Рамашоў не выціраў іх. Было так прыемна ўяўляць сябе нябожчыкам, несправядліва пакрыўджаным! Ён ішоў цяпер уздоўж бураковага поля. Нізкае тоўстае бацвінне пярэсцілася пад нагамі белымі і чорнымі плямамі. Прастор поля, асветленага месяцам, нібы душыў Рамашова. Падпаручнік узышоў на невялікі земляны вал і спыніўся ля чыгуначнай выемкі. Гэты бок быў увесь у чорным ценю, а на другі падала ярка-бледнае святло, і здавалася, што там можна было разгледзець кожную былінку. Выемка ішла ўніз, быццам цёмнае прадонне; на дне яго слаба бліскалі адпаліраваныя рэйкі. Далёка за выемкай бялелі сярод поля роўныя рады палатак.
565 Міжволі пашукаў вачыма ў кутах ля столі закратаваныя вентыляцыйныя адтуліны. Прыклееныя да іх рамак палосы паперы трымцелі, гэта сведчыла, што кампрэсары падтрымліваюць нармальны ток паветра. Я перанёс кнігі, апаратуру і інструменты з двух крэслаў у кут, парасстаўляў іх як удалося, у выніку чаго вакол ложка паміж шафай і паліцамі з'явілася крыху вольнага месца. Прыцягнуў вешалку, каб павесіць на яе скафандр, узяўся пальцамі за хвосцік замка-маланкі, але адразу ж яго адпусціў. Я ніяк не мог адважыцца скінуць скафандр, нібыта з-за гэтага мог стаць безабаронным. Яшчэ раз абвёў позіркам увесь пакой, упэўніўся, ці добра зачынены дзверы, бо ў іх не было замка, пасля кароткага вагання падсунуў да іх дзве найцяжэйшыя скрыні. Забарыкадаваўшыся такім чынам, я трыма заходамі вызваліўся з маёй цяжкай, скрыпучай абалонкі.
566 Я шукаў акенца альбо хоць якую-небудзь шчыліну ў пластмасавай сцяне; я не лічыў некарэктным падглядваць за Сарторыусам. Мне надакучылі здагадкі, я хацеў ведаць праўду, хоць нават не ўяўляў, ці здолею яе зразумець. Я ўспомніў, што святло ў лабараторыю трапляе праз ілюмінатары ў столі, гэта значыць у верхняй абшыўцы, і калі я выберуся вонкі, то, мажліва, здолею зазірнуць уніз. Для гэтага трэба было спусціцца, каб захапіць скафандр і кіслародны апарат. Спыніўшыся ля трапа, я разважаў, ці варта аўчынка выдзелкі. Зусім верагодна, што ў верхніх ілюмінатарах шкло матавае. Але што яшчэ прыдумаць? Я спусціўся на сярэдні ярус. Трэба было прайсці міма радыёстанцыі. Яе дзверы былі шырока адчынены. Снаўт сядзеў у крэсле ў той жа позе, у якой я яго пакінуў. Спаў. Ад маіх крокаў ён здрыгануўся і расплюшчыў вочы.
567 Не ведаю, чаму я лічыў, што Хэры паслухаецца. Сапраўды, яна моўчкі ўзяла ў мяне шклянку і выпіла яе залпам. Я паставіў пустую шклянку на столік і сеў у кут паміж шафай і кніжнай паліцай. Хэры няспешна падышла да мяне, уселася на падлозе ля крэсла, яна рабіла гэта і раней, падкурчыла ногі і добра знаёмым рухам адкінула валасы назад. Хоць я ўжо больш не верыў, што гэта Хэры, усё адно кожны раз, калі я пазнаваў яе прывычкі, штосьці сціскала маё горла. Гэта было незразумела і страшна, а страшней за ўсё тое, што я і сам паводзіў сябе вераломна, робячы выгляд, што прымаю яе за Хэры, але ж яна сама лічыла сябе Хэры, і, згодна з яе разуменнем, тут не было ніякай хітрасці. Не магу растлумачыць, як я здагадаўся, што ўсё менавіта так, але я быў упэўнены ў гэтым, калі наогул яшчэ магла існаваць хоць нейкая ўпэўненасць!
568 Несумненна, Хэры не магла ні ведаць, ні чуць пра яго ад мяне: ён вярнуўся са сваёй экспедыцыі сама малае гады праз тры пасля яе смерці. Я таксама не ведаў яго раней і нават уяўлення не меў, што ён, калі старшынюе на сходах Інстытута, неверагодна зацягвае гэтыя пасяджэнні. Яго прозвішча Пеле Віліс, што скарочана ўтварае мянушку, якую да яго вяртання таксама ніхто не ведаў. Хэры абаперлася локцямі на мае калені і пазірала мне ў твар. Я правёў далонямі па яе руках, плячах, шыі, адчуў пульсуючыя жылкі. Гэта можна было лічыць ласкай. Мяркуючы па яе позірку, яна менавіта так гэта ўспрыняла. А я проста хацеў пераканацца, што дакранаюся да звычайнага цёплага чалавечага цела, што пад яе скурай ёсць мускулы, косці, суставы. Пазіраючы ў яе спакойныя вочы, я адчуў неадольнае жаданне з усяе сілы схапіць яе за горла.
569 Бертан: Не. Калі нарэшце выбраўся з туману, я падумаў, што Фехнер, магчыма, у нейкай лейцы. Бязглуздзіца? Вядома. Але я так думаў. Калі тут гэткае творыцца, лічыў я, то, мажліва, мне ўдасца знайсці і Фехнера. Таму я вырашыў, што даследую столькі дзірак у тумане, колькі здолею. Але трэцім разам я ўбачыў такое, што, калі набраў вышыню, зразумеў: болей я не вытрымаю. Не вытрымаю! Павінен сказаць, зрэшты, вам гэта вядома. Мне стала блага, мяне ванітавала. Дагэтуль я ніколі не адчуваў нічога падобнага. Мяне ніколі так не нудзіла. Камісія: Гэта быў сімптом атручэння, Бертан. Бертан: Магчыма. Але тое, што я ўбачыў трэцім разам, я не выдумаў. Гэта не было сімптомам атручэння. Камісія: На якой падставе ты гэта сцвярджаеш? Бертан: Гэта была не галюцынацыя. Бо галюцынацыю стварае мой уласны мозг, праўда?
570 Я паклаў Хэры на стол, разарваў на яе грудзях халат, зірнуў на заледзянелы дрыготкі твар, кроў замерзла ў роце, чорным налётам запяклася на растуленых губах, на языку блішчалі крышталікі лёду... Вадкі кісларод. У лабараторыі быў вадкі кісларод, у сасудах Дзюара. Калі я паднімаў Хэры, у мяне пад рукамі хруснула шкло. Колькі яна магла выпіць? Усё адно спалены трахея, гартань, лёгкія; вадкі кісларод мацненшы за канцэнтраваную кіслату. Яе скрыпучае, сухое, як гук разарванай паперы, дыханне замірала. Вочы былі расплюшчаны. Агонія. Я паглядзеў на вялізныя зашклёныя шафы з інструментамі і лекамі. Трахеатамія? Інтубацыя? Але ж лёгкіх ужо няма! Яны спаленыя. Лякарства? Колькі лякарстваў! Паліцы застаўлены шэрагамі каляровых бутэлечак і пакецікаў. Хрыпенне напаўняла ўсё памяшканне, з адкрытага рота Хэры ішла пара.
571 Я адчуваў, што ад учарашняга дня між намі ўтварылася нейкая трэшчына і што трэба праявіць хоць крыху чуласці, але не мог пераадолець абыякавасці. Нават не ўяўляю, што магло б вывесці мяне з гэтай апатыі. Мы вярталіся па калідоры, затым па схіле спусціліся ў маленькі тамбур з трыма дзвярыма, паміж імі за шклом раслі вазоны. Сярэднія дзверы, што вялі ў бібліятэку, былі з абодвух бакоў абабіты шурпатай штучнай скурай; адчыняючы іх, я кожны раз стараўся не зачапіць яе. У вялікай круглай зале з бледна-срабрыстай столлю, з сімвалічнымі выявамі сонечнага дыска было крыху халадней. Я дакрануўся рукой да збору класічных прац па салярыстыцы і ўжо хацеў дастаць першы том Гізэ, той, з гравюрай на франтыспісе, якую прыкрывала папяросная папера, але раптам убачыў не заўважаны раней тоўсты, восьмага фармату том Гравінскага.
572 Ці ж тут не цудоўна? Стары белы і невялікі дом, з зялёным плотам і зялёнымі дзвярамі, ды і наогул, уся зямля навокал зялёная, у траве то там, то тут можна было ўбачыць маргарыткі. Побач, усыпаныя кветкамі, стаялі бэз і вішнёвыя дрэвы. А вакол усяго гэтага была мураваная сцяна, невялікая шэрая сцяна з ружовымі кветкамі на ёй. Вы маглі б лёгка пераскочыць яе, але ў сядзібе вы адчуваеце, што знаходзіцеся пад аховай гэтай невысокай сцяны. Фактычна там былі два будынкі, дакладней, не зусім адзін, хаця другі быў хутчэй за ўсё стайняй ці нечым падобным. Яны стаялі пад вуглом адзін да аднаго; у тым месцы, дзе будынкі сыходзіліся, стаяла лаўка, якая, здаецца, прыйшла сюды з каменнага веку. І тым не менш, гэта была добрая лаўка. Так і хацелася прысесці на яе, пасядзець, падумаць, паглядзець на птушак або папіць соку.
573 Бо ў другім выпадку быў бы я не чалавек, а проста мярзотнік. І Джанатан расказаў мне, што ён надумаў. А надумаў ён вызваліць Орвара з пячоры Катлы. Орвар вельмі многа значыць, нават больш, чым Сафія, без Орвара, напэўна, ужо зялёным далінам Наджыялы быў бы канец. Было ўжо цёмна, агонь у каміне патух, настала ноч. Калі надышоў новы дзень, я ўжо стаяў каля брамы і назіраў, як ад'язджае Джанатан, паступова знікаючы ў тумане; так тою раніцай у Вішнёвай Даліне паўсюдна слаўся туман. Паверце мне, калі Джанатан пачаў аддаляцца, а потым і зусім знік удалечыні, сэрца ў мяне гатова было разарвацца. Я застаўся адзін. Гэта было невыносна. Ад гора я проста траціў розум. Тады я кінуўся ў стайню, адвязаў Ф'ялара, ускочыў у сядло і паскакаў наўздагон за братам. Мне трэба было ўбачыць яго яшчэ раз, перш чым згубіць назаўсёды.
574 Мне чуўся роспачны крык, крычаў Джанатан! Ён клікаў мяне, яму патрэбна была мая дапамога. Я зразумеў гэта. Мне хацелася кінуцца тут жа ў цемру, каб прыйсці яму на дапамогу, дзе б ён ні быў. Але я разумеў, што гэта немагчыма. Што я мог зрабіць? Не было, пэўна, чалавека больш бездапаможнага, чым я. Мне нічога не заставалася, як залезці зноў у пасцель і ляжаць, трасучыся ад страху і адзіноцтва. Але тым не менш настала раніца, і пачаўся сонечны, ясны дзень. Цяпер, вядома, было цяжэй падрабязна ўспомніць, які страшны быў мой сон, але тое, што Джанатан клікаў на дапамогу, я не мог забыць. Мой брат клікаў мяне, дык ці ж я не павінен быў хоць паспрабаваць памагчы яму? Гадзінамі я сядзеў каля маіх трусоў і думаў, што я павінен зрабіць. Параіцца не было з кім, не было ў каго спытаць. Трэба было штосьці вырашаць самому.
575 Трое з іх, здавалася, былі крыху здзіўлены, а астатнія скакалі вакол, быццам не верачы, што гэта было праўдай. Потым яны паскакалі прэч і зніклі сярод зялёных валатовак. Я заспяшаўся дахаты, каб сабрацца. Я ўзяў коўдру, каб загарнуцца нанач, крэсіва, каб развесці агонь, кашолку з аўсом для Ф'ялара, сумку з прадуктамі для мяне. Хаця ў мяне, акрамя хлеба, нічога не было, але гэта быў добры хлеб, хлеб, які спякла Сафія. Я напакаваў хлебам сумку да самага верху. Бо я буду ў дарозе доўга, і калі хлеб скончыцца, мне давядзецца есці траву, як трусам. Сафія абяцала прынесці на наступны дзень супу, але да таго часу я буду ўжо далёка. Бедная Сафія, ёй давядзецца самой есці свой суп, але мне так не хацелася, каб яна здагадалася, куды я пайшоў. Яна, вядома, даведаецца, але даведаецца надта позна, каб спыніць мяне.
576 У Тэнджыла не здрыгануўся ні адзін мускул. Ён толькі зрабіў жэст рукой, і салдат, што стаяў бліжэй, падняў свой меч. Я ўбачыў, як меч бліснуў на сонцы, але ў гэты час Джанатан схапіў мяне і прытуліў да грудзей, схаваўшы мой твар так, каб я нічога не бачыў. Але я адчуваў і, магчыма, чуў рыданні ў грудзях Джанатана, а калі мы ішлі дадому, ён плакаў, чаго раней ніколі з ім не было. У гэты дзень у Даліне Дзікай Ружы была жалоба. Гаравалі ўсе. Усе, акрамя Тэнджылавых салдат. Ім, наадварот, вельмі падабалася, калі Тэнджыл прыходзіў у Даліну і наладжваў ім свята. Не паспела кроў няшчаснага чалавека, якога забілі на плошчы, высахнуць, як сюды была прывезена вялізная бочка піва, на вогнішчах смажыліся свіныя тушы, і па ўсёй Даліне Дзікай Ружы разносіліся гэтыя пахі. Тэнджылавы людзі елі, пілі і хвалілі Тэнджыла.
577 Пакуль я быў з Ф'яларам, мне прыходзілі ў галаву проста страшныя думкі. Няхай ён зваліцца мёртвым, той чалавек, што павінен прыйсці і забраць майго каня. Няхай ён загіне, перш чым пераедзе раку. Было, канечне ж, жахліва жадаць некаму такое, сапраўды жахліва, але каб гэта і спраўдзілася, нішто ўжо не дапамагло б. Пэўна, той чалавек ужо быў на пароме, і на гэтым пароме яны адвязуць усё нарабаванае. А можа, ён ужо тут, на беразе? А можа, ён якраз цяпер праходзіць браму і будзе тут з хвіліны на хвіліну? Ах, Ф'ялар, калі б мы толькі маглі знікнуць адсюль разам! Як толькі я падумаў пра гэта, хтосьці адчыніў стайню і штосьці выгукнуў. Я спалохаўся. Але гэта быў Маціяс. Ён хацеў даведацца, што я так доўга тут раблю. Добра, што ў стайні было цёмна і ён не мог бачыць маіх слёз. Але ён усё-такі, відаць, здагадаўся.
578 Не пярэчце. Гутарцы нашай канец. Акцёр пайшоў, пасміхаючыся, а Маша задумалася, што і сапраўды ўсё навакол і вельмі простае і адначасна незвычайнае. У Ленінградзе, у інстытуце, гэта не так заўважалася, як цяпер, у дарозе. Магчыма, гэта і была тая раней схаваная, а цяпер адкрытая ёй часціна паэзіі, што ёсць у кожным дні існавання. На Волзе кожны дзень дзьмуў вецер. Па рацэ і па бартах парахода пралятала, пераліваючыся хвалямі, паветраная сінеча. Машы здавалася, што вецер гулліва праносіць перад ёю ўсе гэтыя летнія дні, адзін за адным. Вечарамі вецер аціхаў. Рака несла свае хвалі з цемры ў цемру. Толькі параходныя агні вырывалі з гэтай чарнаты невялікае кола асветленай вады. Машы было добра і часамі журботна. Яна ніяк не магла паверыць, што яе новае жыццё, пачаўшыся так хораша, можа стаць іншае.
579 Лясныя пасадкі зеленаватай мелкай ракой пераліваліся цераз пагоркі і адыходзілі ў сухія стэпы, дзе над шырокімі шляхамі курыўся чырванаваты пыл. Было многа работы. Трэба было ўзорваць зямлю паміж маладымі дубкамі, саджаць акацыю. Маша рабіла гэта з асаблівай заклапочанасцю, нават з пяшчотай да маладых дрэўцаў. Маша загарэла. Косы яе выгаралі на сонцы. Яна стала падобная на стэпавае дзяўчо. Сукенка, рукі, усё вакол прапахла палыном. Палыном пахла таксама ад калматай шкуры чорнага сабакі Нарзана, які вартаваў вагончык, калі ўсе супрацоўнікі ішлі ў стэп на работу. Вартавалі вагончык Нарзан і сямігадовы хлопчык Сцёпа, сын начальніка ўчастка. Увесь дзень яны сядзелі ўдвух у цяньку вагончыка і слухалі свіст суслікаў і шум ветру ў карэлай грушы-дзічцы. Яна звінела так моцна, нібы адлітая з бронзы.
580 Шкадуючы, што не змог хутка згатаваць якую-небудзь праўдападобную гісторыю, Гары пакінуў бібліятэку. Яны ўсе трое з самога пачатку вырашылі, што спадарыню Пінс лепш не ўмешваць у пошукі Нікаласа Фламеля. Без сумневу, яна падказала б, дзе знайсці патрэбную інфармацыю, але тады чуткі аб іх пошуках маглі б дайсці да Снэйпа, і сябры вырашылі, што лепей не рызыкаваць. Гары сноўдаўся па калідоры ў надзеі, вельмі, зрэшты, слабой, што Рону або Герміёне пашчасціць больш. У рэшце рэшт, хоць пошукі і працягваліся ўжо цэлых два тыдні, але шукаць ім атрымоўвалася толькі ўрыўкамі, так што, пэўна, няма нічога дзіўнага ў адсутнасці бачных поспехаў? Вось калі б атрымалася правесці ў бібліятэцы столькі часу, колькі запатрабуецца, без спадарыні Пінс за спінай! Праз пяць хвілін падышлі Рон з Герміёнай, адмоўна матляючы галовамі.
581 Ён правёў іх унутр. Яйка ляжала на стале. Па шкарлупіне ішлі глыбокія расколіны. Усярэдзіне нешта варушылася, і адтуль даносіліся пацешныя гукі, якія нагадвалі пстрычкі. Усе ўчатырох яны прысунулі крэслы бліжэй да стала і, імкнучыся не дыхаць, сталі назіраць. Нягледзячы на пільнае чаканне, яны тым не менш здрыгануліся, калі раптам раздалося гучнае храбусценне, пасля чаго шкарлупіна развалілася на часткі. На стол выпаў немаўля-дракон. Толькі з вялізнай нацяжкай можна было назваць яго прыгожым. Гары падумалася, што больш за ўсё ён падобны на чорны, складзены, мяты парасонік. Драцяныя крылы падаваліся вялізнымі ў параўнанні з кашчавым кампактным цельцам, у яго было доўгі лычык з шырокімі ноздрамі, зачаткавыя ражкі і вытарашчаныя памяранчавыя вочкі. Дракончык чхнуў. З ноздраў выляцелі іскрынкі.
582 З мяне даволі, кажу вам! Трымлівайцеся за мной, Потэр! Гары змрочна памахаў рукой Амаль Безгаловаму Ніку і паплёўся за Філчам уніз, у зваротным кірунку, тым самым падвоіўшы колькасць брудных слядоў на палу. Гары яшчэ ні разу не трапляў у кабінет да Філча; гэтага месца ўсё імкнуліся пазбягаць. Змрочны, пазбаўлены вокнаў пакой асвятляўся адной-адзінай газавай лямпай, якая калыхалася пад столлю. Уздоўж сценаў стаялі высокія драўляныя картатэчныя шафы; судзячы па надпісах, у іх утрымоўваліся дасье на тых вучняў, якіх Філч калі-небудзь караў. Для Фрэда з Джорджам быў адведзены асобная скрыня. Калекцыя да бляску адпаліраваных ланцугоў і наручнікаў вісела на сцяне ззаду пісьмовага стала. Было агульнавядома, што Філч неаднаразова ўгаворваў Дамблдора дазволіць яму падважваць тых, хто правініўся, да столі за ногі.
583 Ён цяжка ўздыхнуў, пажадаў Рэдлу дабранач і выдаліўся. Рэдл праназіраў, як той хаваецца з выгляду, а затым імкліва накіраваўся да ўваходу ў падзямелле, па пятах праследуемы згараюшчым ад цікаўнасці Гары. Аднак, да глыбокага расчаравання Гары, Рэдл павёў яго не ва ўтоены пераход і не ў сакрэтны тунэль, а ў то самае падзямелле, дзе праходзілі заняткі па зеллеварэнню. Паходні не гарэлі, і, калі Рэдл злёгку прыадчыніў дзверы, Гары мог бачыць толькі яго аднаго, стаяўшага нерухома і пільна назіралага за калідорам. Так яны стаялі цэлую гадзіну, прынамсі, Гары так здалося. Усё, што ён мог бачыць, была нерухомая як статуя фігура Рэдла, які ні на хвіліну не спыняў назірання. Як раз у тую хвіліну, калі Гары канчаткова перастаў чаго-небудзь чакаць і захацеў вярнуцца ў сучаснасць, ён пачуў за дзвярамі нейкі рух.
584 Гары скончыў пісаць аб Вэндэліне Ракавой і зноў супыніўся, каб шчэ раз прыслухацца. Цішыню ў ухутаным цемраю доме парушалі толькі рохкаючыя храпакі, яго неверагодна тлустага стрыечанага брата Дадлі. Было ўжо вельмі позна. Вочы хлопца пачалі гарэць ад стомы. Напэўна прыйдзецца дапісваць сачыненне наступнай ноччу... Гары закруціў накрыўку на чарніліцы, дастаў з-пад ложка старую навалачку, паклаў у яе ліхтарык, Гісторыю Магіі, сваё сачыненне і чарніліцу. Потым апусціўся на падлогу і схаваў ўсё за дрэнна закрэпленнымі масніцамі пад сваім ложкам. Хлопчык падняўся на ногі, пацягнуўся і зірнуў на будзільнік са светлавым цыферблатам, што стаяў на століку ля яго ложку. Была першая гадзіна па апоўначы. У гарыным жываце заказытала. Ён ужо цэлую гадзіну, як быў трынаццацігадовым і нават забыўся на гэта.
585 Хлопец адклаў скураны куфэрак ў бок і прыняўся за апошні пакунак. Па нязграбных крамзолях на абготцы Гары адразу пазнаў віншавальніка. Гэта быў Хагрыд, хагрытскі ляснічы. Хлопец сарваў верхні слой паперы і пабачыў нешта зялёнае і скурападобнае, але не паспеў ён разгарнуць ўсё належным чынам, як падарунак пачаў дзівосным чынам дрыжэць, а тое што было ўсярэдзіне гучна пстрыкнула, як тыя сківіцы. Гары змярцвеў. Канечне ён ведаў, што Хагрыд ніколі не дашле яму штось небяспечнае, але ж хлопчык таксама ведаў, што разуменне аб небяспечнасці ў Хагрыда адрозніваецца ад звычайнага чалавека. Агульнавядома што той мог найпроста сябраваць з гіганцкімі павукамі, набыць у выпадковага знаёмага злоснага трохгаловага сабаку ці таямніча пранесці ў сваю хацінку забароненнае законам яйка дракона. Гары нярвуючыся штурхнуў пакунак.
586 Але Пятунья з Вернанам неяк падазрона паглядзелі ў гарын бок, таму хлопец вырашыў не чакаць пудзінга, а сыйсці з-за стала, як мага хутчэй. Выйшаўшы ў гасцёўню, хлопец цяжка дыхаючы прытуліўся да сцяны. Ён у першыню за доўгі час настолькі страціў самакантроль, каб нешта разруйнаваць. Ён не мог дазволіць, каб нешта падобнае здарылася зноўку. І справа не толькі ў Хогсмідзе, калі ён працягне ў гэткім жа духу, яго чакаюць цяжкасці з Міністэрствам Магіі. Гары быў шчэ непаўнагадовым, таму па вядзьмарскіх законах ня меў права чараваць па-за межамі школы. Да таго ж яго характарыстыка ўжо была не надта добрай. Мінулым летам ён атрымаў афіцыйнае папярэджанне з Міністэрства, дзе было ясна паведамлена, што, калі на Прайвет Драйв адбудзецца новы выпадак магічнай актыўнасці, хлопцу пагражае выключэнне з Хогвартса.
587 Чаму ніхто не казаў яму аб гэтым? Ані Дамблдор, ані Хагрыд, ані містэр Візлі, ані Карнэліюс Фадж... Чаму яны ніколі не казалі аб тым, што яго бацькі загінулі праз здраду лепшага сябра? Рон з Герміёнаю падчас вячэры нервова пазіралі на Гары, не адважваючыся пачаць размову аб пачутым у Трох Мётлах, бо паблізу ад іх сядзеў Персі. Калі яны дасягнулі Грыфіндорскай гасцёўні, яны знайшлі там Фрэда і Джорджа, якія, святкуючы заканчэнне семестра, падарвалі з паўтузіна гноебомб. Не гледзячы на тое, што блізняты вельмі цікавіліся ці дабраўся ён да Хогсміда, Гары адразу ж рушыў да спальні і кінуўся да сваёй камоды. Ён адштурхнуў у бок падручнікі, шукаючы падараваны два года таму Хагрыдам альбом, поўны фотакартак яго бацькоў. Хлопчык прысеў на ложку і пачаў гартаць старонкі альбому, акуль на адной іх не знайшоў...
588 Гары разумеў, што Герміёна жадала зрабіць, як лепей, аднак гэта не бракавала хлопцу злавацца на яе. Колькі кароткіх гадзін ён быў уладаром лепшай мятлы ў свеце, а цяпер з-за герміёнінага ўмяшальства, хлопчык ня ведаў, ці пабачыць Вогненую Стралу колісь яшчэ. Ён быў упэўнены, што з мятлою ўсё было добра, але баяўся, што анты-сурочныя тэсты могуць пашкодзіць Страле. Рон таксама злаваўся на Герміёну. Ён быў ўпэўнены, што разборка зусім новай мятлы, нішто іншае, як злаўмысная шкода. Герміёна, якая па ранейшаму была пераканана, што зрабіла правільна, пачала пазбягаць грыфіндорскай гасцёўні. Гары з Ронам былі ўпэўнены, што яна сядзіць ў бібліятэцы, але нават не збіраліся ўгаворваць яе вярнуцца. І яны былі вельмі рады таму, што пасля новага году ў школу пачалі вяртацца людзі і ў гасцёўне зноўку стала шумна.
589 Усё аб чым Гары мог зараз думаць, гэта пашкодзіць Блэку, як мага мацней. І яму было ўсёроўна, колькі шкоды ён атрымае наўзамен... Гарына ўзрушанае атакаванне, магчыма, было настолькі бязглуздым, што Блэк не паспеў сваячасова скарыстацца палачкамі. Хлопчык адной рукою схапіў чэзлае запясце Блэка, каб адхіліць палачкі, а другой моцна ляпнуў таго ў галаву і яны абодва паваліліся да супрацлеглай сцяны... Герміёна закрычала, Рон завыў, а з палачак, што тымала рука Блэка падняліся бруйкі асляпляльных іскраў, якія толькі на цалю не дасягнулі гарынава твару. Гары адчуваў, як друзлая рука мужчыны шалёна выкручваецца, каб асвабадзіцца ад захопа, але хлопчык шчыльна трымаў яе, у гэты ж час іншай рукою шалёна калоцячы Блэка туды, куды толькі мог трапіць. Тут вольная рука Блэка схапіла Гары за горла...
590 Было незразумела, жыве тут хто-небудзь або не; сцены хаткі параслі мохам, з даху адсыпалася чарапіца, агаліўшы месцамі кроквы. Усё вакол парасло крапівой, мяцёлкі якой даставалі да самых акенцаў, маленькіх і абкуродымленых. Урэшце, толькі Гары канчаткова запэўніўся, што ў такой халупе ніхто жыць не можа, як адно з акенцаў з шумам расхінулася, і адтуль вырваўся тонкі струменьчык не то дыму, не то пару. Падобна, унутры хтосьці нешта гатаваў. Огдэн павольна і, як здалося Гары, небяспечна зрушыўся наперад. Апынуўшыся ў густым цені дрэў, ён зноў спыніўся і паглядзеў на ўваходныя дзверы, да якіх была прыбіта дохлая змяя. Раптам нешта зашамацела, затрашчала, і з самага блізкага дрэва прама пад ногі Огдэну зваліўся нейкі чалавек у зносках. Огдэн спрытна адскочыў назад, наступіў на крысы свайго сурдута і пахіснуўся.
591 Джынні не засмучалася з-за растання з Дынам, наадварот, была сэрцам і душой каманды і стала ўсіх бавіла. Яна то перадражнівала Рона, які, згледзеўшы квафл, пачынаў скакаць у тычак, быццам паплавок, то адлюстроўвала, як Гары, нема прагукаўшы нешта МакЛагану, падае на зямлю і губляе прытомнасць. Гары смяяўся разам са ўсімі, цешачыся нявіннай падставе палюбавацца Джынні, і, паколькі яго думкі былі занятыя зусім не гульнёй, ён некалькі разоў даволі сур'ёзна папакутаваў ад удараў мячоў. У яго галаве па-ранейшаму ішло бітву: Джынні або Рон? Часам яму здавалася, што пасля Лаванды Рон не павінен моцна пярэчыць жаданню Гары сустракацца з Джынні... але потым ён успамінаў, як Рон глядзеў на Джынні і Дына, якія цалаваліся, і разумеў, што, толькі крануўшы рукі Джынні, адразу будзе абвешчаны падступным здраднікам...
592 Расколіна хутка ператварылася ў тунель, які падчас прыліву, відавочна, запаўняецца вадой. Шырынёй ён быў фута тры, не больш; сцены, пакрытыя сліззю, бліскацелі ад святла чарадзейнай палачкі, як сапраўды мокры гудрон. Трохі далей тунель паварочваў налева і сыходзіў глыбока ў скалу. Гары засяроджана плыў за Дамблдорам, то і справа дакранаючыся кончыкамі пальцаў грубіянскай паверхні каменя. Нарэшце Дамблдор падняўся з вады. Серабрыстыя валасы і доўгая адзежа вільготна бліскацелі ў цемры. Якалі Гары падплыў да яго, ён ўбачыў прыступкі, якія вялі ў вялікую пячору. Ён так-сяк ускараскаўся па іх, адчуваючы, як з адзежы бруямі сцякае вада. Паветра было спакойнае і вельмі халоднае; Гары латашыла дрыготка. Дамблдор стаяў пасярод пячоры і, высока трымаючы палачку, павольна круціўся на месцы, аглядаючы сцены і столь.
593 І будзь асцярожны, не дакранайся да вады. Дамблдор адступіў у бок, і Гары асцярожна перабраўся ў лодку. Дамблдор рушыў услед за ім, кольцамі абклаўшы на дно ланцуг. Было вельмі цесна; Гары не мог нармалёва сядзець і ўвесь сціснуўся, упіраючыся каленамі ў борт лодкі; тая адразу адплыла ад берага. Вакол не раздавалася ні гуку, акрамя нежнага шоргату, з якім нос лодкі разрэзаў ваду; яна плыла да цэнтра возера сама, нібы яе прыцягвала нябачная вяроўка. Неўзабаве сцены пячоры зніклі ўдалечыні; здавалася, што вакол мора, толькі без хваль. Гары паглядзеў уніз. Па чорнай паверхні вады, пабліскваючы, слізгаў залаты праменьчык, адлюстроўвальны ад яго палачкі. Ад носу лодкі па вадзе расхадзіліся глыбокія разоры, якія нагадваюць драпіны на цёмным люстэрку... Раптам Гары ўбачыў у глыбіні нешта мармурова-белае.
594 Гары імкнуўся не трапляцца яму на вочы. У хлопчыка было прыкрае пачуцце: Скрымжэр шукае яго. Сярод акружэння міністра, ён разглядзеў рудыя валасы і акуляры ў рагавой аправе Персі Уізлі. Рон не паказаў, што заўважыў яго, толькі люта размінаў кавалачкі рыбы. За сталом Слізэрына Крэб і Гойл аб чымсці барматалі. Яны выглядалі вельмі адзінокімі без высокай бледнай фігуры Малфоя, што раней кіраваў імі. Гары мала думаў аб Малфоі. Ён ненавідзеў Снэйпа, але не мог забыть страх у голасе Драка на вежы, ні таксама той факт, што ён апусціў палачку раней, чым прыбылі астатнія Пажыральнікі смерці. Ён пагарджаў Малфоем за сляпое захапленне Цёмнымі мастацтвамі, але зараз кропля жалю дадалася да яго антыпатыі. Гары цікавіла: дзе зараз слізэрынец, і што Валан дэ Морт прымушае яго рабіць пад страхам смерці бацькоў.
595 Пакой быў поўны людзей, якія ў маўчанні сядзелі за доўгім дэкаратыўным сталом. Астатняя мэбля была абыякава прыдвінута да сцен. Крыніцай свету ў пакоі быў палыхаючы агонь у прыгожым мармуровым каміну, над якім вісела пазалочанае люстэрка. Снэйп і Якслі на імгненне затрымаліся на парозе. Паколькі іх вочы станавіліся больш прывычнымі да паўзмроку, то іх увагай завалодвала самая дзіўная асаблівасць усёй сцэны: фігура чалавека, які відавочна страціў прытомнасць і вісеў галавой уніз над сталом. Марудна верцячыся, быццам прывязаная нябачнай вяроўкай, фігура адлюстроўвалася ў люстэрку і ў голай адпалірованнай паверхні стала. Ніхто з людзей за сталом не глядзеў на фігуру. Выключэннем быў бледны малады чалавек, які сядзеў акурат пад ей. Ён, здавалася, быў няздольны забараніць сабе глядзець уверх кожную хвіліну.
596 І яго крык быў крыкам Гары, яго боль быў болем Гары... гэта здарылася там, дзе гэта было раней, каля хаты, дзе ён усутыч падышоў да таго, каб пазнаць, што значыць памерці... памерці... боль быў такім жудасным... проста раздзіраў яго цела... Але калі ў яго не было цела, чаму яго галава балела так моцна, калі ён мёртвы, як ён можа пачувацца так агідна, няўжо боль не спыняецца пасля смерці, няўжо ён не сыходзіць... Волкая і легкадумная ноч, двое дзяцей, апранутых у гарбузы крочаць праз плошчу, вокны крамы, пакрытыя папяровымі павукамі, усе танныя маглаўскія атрыбуты міру, у які яны не вераць... і ён слізгае па паветры, гэтае пачуццё мэты, моцы і правасці ў ім, і ён заўсёды ведаў аб гэтай магчымасці... не злосць... гэта для тых, чые душы слабей... але Трыюмф, так... Ён чакаў гэтага, спадзяваўся на гэта...
597 Водціск лані ў яго вачах згасаў, пакуль Гары стаяў тут, маргаючы, прыслухваючыся да гукаў лесу, да падаленага патрэсквання галінак, слізгаценню снега. Ці павінны былі на яго напасці? Ці прывабіла яна яго ў пастку? Ці стаяў хтосьці ў цемры, па-за межамі, асветленымі палачкай, гледзячы на яго? Гары падняў палачку вышэй. Ніхто не кідаўся на яго, з-за дрэва не ляцеў у яго сноп зялёнага святла. Навошта тады яна прывяла яго сюды? Нешта бліснула ў святле палачкі, і Гары звярнуўся, але гэта было проста маленькае, змёрзлае возера, чорная патрэскваючая паверхня якога бліснула, калі ён прыпадняў сваю палачку, каб разглядзець яе. Ён асцярожна наблізіўся і паглядзеў уніз. Лёд адлюстраваў яго пераламаны цень і святло ад палачкі, але глыбока пад тоўстым, мутным, шэрым панцырам, бліснула нешта яшчэ. Вялікі срэбны крыж.
598 Ідэя не спадабалася б Герміёне... Але яна ж і не верыла... Ксенафіліюс меў рацыю па-свойму... Абмежаваная. Недалёкая. З вузкімі паданнямі... Яна баялася праўды, думкі пра Рэліквіі Смерці, асабліва Камень Уваскрашэння... і Гары зноў прыціснуў вусны да Снітча, цалуючы яго, амаль праглынаючы, але халодны метал не паддаваўся... Ужо амаль святлела, калі ён успомніў пра Луну, якая сядзела адна за рашоткай у Азкабане, акружаная Дэментарамі, і раптам яму стала сорамна за сябе. Ён забыў пра яе з-за ліхамаланкавага захаплення Рэліквіямі. Калі б ён мог выратаваць... але ён бы не змог прайсці праз такую колькасць Дэментараў. Цяпер, калі гэтая думка заняла яго, ён зразумеў, што не спрабаваў выклікаць Патронуса цярновай палачкай... трэба было паспрабаваць раніцай... Калі б ён мог дастаць палачку лепей...
599 Яго шнар гарэў, але ён кіраваў болем, ён адчуваў яго, але быў аддзелены ад яго. Ён нарэшце навучыўся таму, чаму Дамблдор жадаў, каб навучыў яго Снэйп: кантраляваць сваю прытомнасць, зачыняць яе ад Вальдэморта. Гэтак жа як Вальдэморт не мог авалодаць прытомнасцю Гары, калі той скарбіў па Сірыюсе, так і зараз яго думкі не маглі пранікаць у мозг Гары, пакуль ён сумаваў па Добі. Боль згубы быццам адганяла Вальдэморта, хоць, Дамблдор, вядома, назваў бы гэта каханнем. Не звяртаючы ўвагі на боль у шнары, Гары працягваў капаць, усё глыбей і глыбей уразаючыся ў цвёрдую, халодную зямлю, топячы сваё гора ў поце. У цемры, акружаны толькі гукам свайго ўласнага дыхання і шумам хваль, Гары думаў пра тое, што здарылася ў Малфоеў, успамінаў, што чуў, і да яго прыйшло разуменне, нібы прамень святла які атачаў яго ў цемры...
600 Гары часта блукаў па замку ноччу, але ніколі падчас начных вылазак сэрца так ашалела не білася, ніколі гэтулькі не залежыла ад удалага зыходу мерапрыемства. Гары і Луна павольна ішлі па клетках месяцовага святла на падлозе, міма даспехаў, якія з рыпаннем паварочвалі свае шаломы на гукі іх лёгкай хадзьбы, паварочваючы за куты, за якімі магла ўтойвацца засада, стала зазіраючы ў Карту Марадзёраў у тыя моманты, калі асвятленне дазваляла ім нешта ўбачыць. Двойчы ім прыйшлося спыніцца, прапускаючы прывіды, якія праляталі міма, каб выпадкова не прыцягнуць да сабе іх увагу. Гары баяўся, што ў любую секунду яны могуць на каго-небудзь натыкнуцца або сустрэць нечаканую перашкоду, і больш за ўсё асцерагаўся Піўза, таму з усіх сіл напружваў слых, каб паспець улавіць першыя, відавочныя прыкметы набліжэння палтэргейсту.
601 Аднаго разу, калі я думаў пра гэта, мне прыйшла ў галаву ідэя, якая і прывяла мяне пасля ў гэтую лякарню. Я зайшоў у сабор святога Марка і, сеўшы за лаўку, засяроджана разглядаў каштоўны мармур і мазаікі, што аздабляюць гэты цуд мастацтва. Золата, там разлітае, зіхоткая раскоша, якая ператварыла царкву ў поўны чароўнасці грот, загіпнатызавалі мяне. Побач з такімі скарбамі я яшчэ больш быў прыгнечаны ўласнай беднасцю. І тут раптам, сам не ведаю чаму, мне згадаўся змест старых гарадскіх дакументаў, якія я раніцай гэтага ж дня гартаў у архіве. Гэта была запіска інквізітараў пра нейкага нямецкага авантурыста Ганса Глуксбергера, які сцвярджаў, што валодае таямніцамі ператварэння металаў у золата. Ён прыехаў, каб заняцца гэтым, у сярэдзіне васемнаццатага стагоддзя ў Венецыю, дзе знайшоў шмат паслядоўнікаў!..
602 Я сказаў гэта, каб быць справядлівым, хоць малога і не любіў. У яго быў занадта далікатны, амаль дзявочы твар, які цяпер ад пакуты і жаху скрывіўся так, што ўсе рысы яго перакроіліся да непазнавальнага. Тры дні назад гэта была прыгожая, саладжавая лялька, некаторым гэта падабаецца, але цяпер ён нагадваў хутчэй старую раскудзеленую анучу, і я падумаў, што ён ніколі ўжо не будзе зноў малады, нават калі яго і адпусцяць. Можа, яго сапраўды няблага было б пашкадаваць, але шкадаванне ў мяне заўжды выклікала агіду, і глядзець на яго мне было, праўду кажучы, брыдка. Ён болей нічога не прамаўляў і ўвесь разам сшарэў: і твар, і рукі ў яго зрабіліся зусім шэрыя. Ён сеў і ўтаропіўся ў дол круглымі вачыма. Том быў заўсёды добры хлопец, ён хацеў узяць яго за руку, але малы рэзка вырваўся і скурчыў грымасу.
603 Люсьен прыдумаў новую гульню: раніцай, адзін, як дарослы, падмываючыся ў прыбіральні, ён любіў уяўляць, што за ім хто-небудзь падглядае ў замочную шчыліну: Касціль, ці Жэрмена, ці дзядзька Буліго. Тады ён нібы незнарок пачынаў паварочвацца то так, то сяк, каб яго ўбачылі з усіх бакоў, а часам ставаў на карачкі і, павярнуўшыся да дзвярэй задам, выпінаў яго, каб ён зрабіўся круглы і смешны; а пан Буфардзье быццам па-воўчы падкрадваўся, каб прыставіць яму клізму-анэму. Аднойчы, седзячы ў прыбіральні, Люсьен пачуў нейкае шорганне: гэта Жэрмена вашчыла ў калідоры буфет. Сэрца ў яго спынілася, ён ціха адчыніў дзверы і выйшаў са спушчанымі на пяты штанамі і задранаю да паясніцы кашуляй. Каб не страціць раўнавагі, ён вымушаны быў рухацца невялікімі скачкамі. Жэрмена зірнула на яго безудзельным вокам.
604 Краіна, у якую занесла бура Гулівера, называлася Ліліпуція, а жылі ў гэтай краіне ліліпуты. Самыя высокія дрэвы ў Ліліпуціі былі не вышэй, чым у нас куст парэчак, самыя вялікія дамы былі ніжэй за стол. Такога велікана, як Гулівер, у Ліліпуціі ніхто ніколі не бачыў. Імператар загадаў прывезці яго ў сталіцу. Для гэтага Гуліверу і падсыпалі соннага парашку. Пяцьсот цесляроў па загаду імператара змайстравалі велізарныя калёсы на дваццаці двух колах. Калёсы былі гатовы за некалькі гадзін, але ўзваліць на іх Гулівера было не так проста. І вось што выдумалі для гэтага ліліпуцкія інжынеры. Яны паставілі калёсы побач з веліканам, ля самага яго боку. Потым убілі ў зямлю восемдзесят слупкоў з блокамі наверсе і накінулі на гэтыя блокі тоўстыя канаты з кручкамі на канцах. Канаты былі таўшчынёй са звычайную аборку.
605 Але Гулівер гэтага яшчэ не ведаў. Ён ляжаў на сваіх калёсах, а з усіх бакоў да яго беглі натоўпы ліліпутаў. Конная варта адганяла цікаўных, але ўсё-такі тысяч дзесяць чалавечкаў паспелі пагуляць па Гуліверавых нагах, па яго грудзях, плячах і каленях, пакуль ён ляжаў звязаны. Нешта стукнула Гулівера па назе. Гулівер крышку прыўзняў галаву і ўбачыў некалькіх ліліпутаў з закасанымі рукавамі і ў чорных фартухах. Малюсенькія малаточкі блішчалі ў іх руках. Гэта прыдворныя кавалі закоўвалі Гулівера ў ланцугі. Ад сцяны замка да яго нагі яны працягнулі дзевяноста адзін ланцужок такой таўшчыні, як звычайна робяць для гадзіннікаў, і замкнулі іх у яго вышэй костачак трыццаццю шасцю вісячымі замкамі. Ланцужкі былі такія доўгія, што Гулівер мог гуляць па пляцоўцы перад замкам і свабодна запаўзаць у свой дом.
606 Чалавечак у шлеме пад'ехаў да чаравіка Гулівера і спыніў свайго каня. Конь захроп і стаў дыбам. Зараз жа некалькі афіцэраў падбеглі з двух бакоў да конніка, схапілі яго каня за аброць і асцярожна адвялі далей ад Гуліверавай нагі. Коннік на белым кані і быў імператар Ліліпуціі, а ў залатой карэце сядзела імператрыца. Чатыры пажы разаслалі на лужку аксамітную стужку, паставілі маленькае пазалочанае крэселка і расчынілі дзверцы карэты. Імператрыца выйшла і села ў крэсла, расправіўшы сукенку. Вакол яе на залатых лавачках паселі яе прыдворныя дамы. Яны былі так разадзеты, што ўвесь лужок стаў падобны на разасланую спадніцу, вышытую золатам, срэбрам і каляровым шоўкам. Імператар саскочыў з каня і некалькі разоў абышоў вакол Гулівера. За ім ішла яго світа. Каб лепш разгледзець імператара, Гулівер лёг на бок.
607 Адны аглядалі абцасы Гулівера, другія шпурлялі ў яго каменьчыкамі або цэліліся з лукаў у яго гузікі. Адна страла абадрала Гуліверу шыю, другая страла ледзь не трапіла яму ў левае вока. Начальнік варты загадаў злавіць свавольнікаў, звязаць іх і выдаць Куінбусу Флестрыну. Гэта было страшней за ўсякае іншае пакаранне. Салдаты звязалі шэсць ліліпутаў і, падштурхоўваючы тупымі канцамі пікаў, прыгналі да ног Гулівера. Гулівер нагнуўся, згроб усіх адной рукой і паклаў у кішэню сваёй камізэлькі. Толькі аднаго чалавечка ён пакінуў у руцэ, асцярожна ўзяў двума пальцамі і пачаў разглядаць. Чалавечак ухапіўся аберуч за Гулівераў палец і дзіка закрычаў. Гуліверу стала шкада чалавечка. Ён ласкава ўсміхнуўся яму і дастаў з кішэні складны ножык, каб разрэзаць вяроўкі, якімі былі звязаны рукі і ногі ліліпута.
608 Другія даказвалі, што забіваць Куінбуса Флестрына гэтак жа небяспечна, як і пакінуць яго жывым. Ад разлажэння такога велізарнага трупа можа пачацца чума не толькі ў сталіцы, але і па ўсёй імперыі. Дзяржаўны сакратар Рэльдрэсель папрасіў у імператара слова і сказаў, што Гулівера не трэба забіваць, ва ўсякім выпадку да таго часу, пакуль не будзе пабудавана новая крапасная сцяна вакол Мільдэнда. Чалавек-Гара з'ядае хлеба і мяса больш, чым тысяча семсот дваццаць восем ліліпутаў, але затое ён, відаць, і працаваць будзе за дзве тысячы ліліпутаў. Акрамя таго, у выпадку вайны ён можа абараніць краіну лепш, чым пяць крэпасцей. Імператар сядзеў на сваім троне пад балдахінам і слухаў, што гавораць міністры. Калі Рэльдрэсель скончыў, ён кіўнуў галавой. Усе зразумелі, што словы дзяржаўнага сакратара яму спадабаліся.
609 Швачкі знялі з Гулівера мерку, калі ён ляжаў у пасцелі. Адна з іх стала яму на шыю, другая на калена. Яны ўзялі за канцы доўгую вяроўку і туга нацягнулі яе, а трэцяя швачка маленькай лінеечкай змерала даўжыню гэтай вяроўкі. Гулівер разаслаў на падлозе сваю старую кашулю і паказаў яе швачкам. Яны некалькі дзён аглядалі рукавы, каўнер і складкі на грудзях, а потым за адзін тыдзень вельмі акуратна пашылі кашулю якраз такога ж фасону. Гулівер быў вельмі рады. Нарэшце ён мог з ног да галавы адзецца ва ўсё чыстае і цэлае. Цяпер яму не хапала толькі капелюша. Але тут яго выручыў шчаслівы выпадак. Аднойчы да імператарскага двара прыбыў ганец з весткай, што непадалёк ад таго месца, дзе быў знойдзены Чалавек-Гара, пастухі заўважылі велізарны чорны прадмет з круглым гарбом пасярэдзіне і з шырокімі плоскімі краямі.
610 Жадаючы дагадзіць імператару і хутчэй выйсці на волю, Гулівер прыдумаў незвычайную забаву. Ён папрасіў прывезці яму з лесу некалькі тоўстых і вялікіх дрэў. На другі дзень сем возчыкаў на сямі калёсах прывезлі яму бярвенні. Кожныя калёсы цягнулі восем коней, хоць бярвенні былі таўшчынёй са звычайны кіёк. Гулівер выбраў дзевяць аднолькавых кійкоў і ўбіў іх у зямлю, размясціўшы правільным чатырохвугольнікам. На гэтыя кійкі ён туга, быццам на барабан, нацягнуў сваю насоўку. Атрымалася роўная, гладкая пляцоўка. Вакол яе Гулівер паставіў поручні і прапанаваў імператару наладзіць на гэтай пляцоўцы ваеннае спаборніцтва. Імператару вельмі спадабалася гэта забава. Ён загадаў, каб дваццаць чатыры лепшыя кавалерысты ў поўным узбраенні рушылі да старога замка, і сам прыехаў глядзець на іх спаборніцтвы.
611 Гулівер па чарзе падняў усіх кавалерыстаў разам з коньмі і паставіў на пляцоўку. Затрубілі трубы. Коннікі падзяліліся на два атрады і пачалі ваенныя дзеянні. Яны пускалі адзін у аднаго тупыя стрэлы, калолі сваіх праціўнікаў тупымі коп'ямі, адступалі і нападалі. Імператар быў так задаволены ваеннай пацехай, што пачаў наладжваць яе кожны дзень. Адзін раз ён нават сам камандаваў атакай на Гуліверавай насоўцы. Гулівер у гэты час трымаў на далоні крэсла, у якім сядзела імператрыца. Адсюль ёй было лепш відаць, што робіцца на насоўцы. Усё ішло добра. Толькі аднойчы, у час пятнаццатых манеўраў, разгарачаны конь аднаго афіцэра прабіў капытом насоўку, спатыкнуўся і скінуў свайго ездака. Гулівер падставіў левую руку пад дзірку ў насоўцы, а правай асцярожна спусціў на зямлю ўсіх кавалерыстаў аднаго за другім.
612 Часам імператар прымушае ўсіх сваіх міністраў і прыдворных танцаваць на канаце разам з навічкамі, каб праверыць лоўкасць людзей, якія кіруюць краінай. Кажуць, што ў час гэтых забаў часта бываюць няшчасныя выпадкі. Міністры і навічкі падаюць з каната і скручваюць сабе галовы. Але на гэты раз імператар вырашыў танцы на канаце наладзіць не ў палацы, а пад адкрытым небам, перад замкам, у якім жыў Гулівер. Яму хацелася здзівіць Чалавека-Гару майстэрствам сваіх міністраў. Сама лепш умеў скакаць на канаце дзяржаўны казначэй Флімнап. Ён падскочыў вышэй за ўсіх астатніх прыдворных не менш як на паўгалавы. Нават дзяржаўны сакратар Рэльдрэсель, вядомы ў Ліліпуціі як майстар круціцца і скакаць, не мог пераўзысці яго. Потым імператару падалі доўгую палку. Ён узяў яе за адзін канец і пачаў хутка падымаць і апускаць.
613 Хто не чуў, той прачытаў. Хто не прачытаў, той пачуў. Гулівер зняў кафтан, каб не зачапіць крысом комін ці карніз якога-небудзь з дамоў і не змесці незнарок на зямлю каго-небудзь з цікаўных гараджан. А гэта лёгка магло здарыцца, бо сотні і нават тысячы ліліпутаў паўзлазілі на дахі дзеля гэткага дзівоснага відовішча. У адной скураной камізэльцы падышоў Гулівер да гарадскіх варот. Усю сталіцу Мільдэнда акружалі старадаўнія сцены. Яны былі такія тоўстыя і шырокія, што па іх свабодна магла праехаць ліліпуцкая карэта, запрэжаная парай коней. Па рагах сцен узвышаліся спічастыя вежы. Гулівер пераступіў цераз вялікія Заходнія вароты і вельмі асцярожна, бокам, прайшоў па галоўных вуліцах. У завулкі і маленькія вулачкі ён і не думаў ісці: яны былі такія вузенькія, што Гулівер баяўся засесці паміж дамамі.
614 Перастаўляючы табурэткі ўсё далей і далей, Гулівер дайшоў па іх да пакояў яго вялікасці. Імператар праводзіў у гэты час ваенную нараду са сваімі міністрамі. Убачыўшы Гулівера, ён загадаў шырока расчыніць акно. Увайсці ў залу Гулівер, зразумела, не мог. Ён лёг на двары і прыклаў вуха да акенца. Міністры абмяркоўвалі, калі найбольш выгадна пачаць вайну з варожай імперыяй Блефуску. Адмірал Скайрэш Балгалам устаў са свайго крэсла і далажыў, што флот непрыяцеля стаіць на рэйдзе і, відаць, чакае толькі спадарожнага ветру, каб напасці на Ліліпуцію. Тут Гулівер не вытрымаў і перабіў Балгалама. Ён спытаў у імператара і міністраў, за што, уласна кажучы, збіраюцца ваяваць дзве такія вялікія і слаўныя дзяржавы. З дазволу імператара дзяржаўны сакратар Рэльдрэсель адказаў на пытанне Гулівера. Справа была такая.
615 Ён працягнуў да іх рукі, і матросы, не памятаючы сябе ад страху, пачалі скакаць з бартоў у мора. Як жабкі, плюхаліся яны ў ваду і плылі да свайго берага. Гулівер зняў з пляча вязку канатаў, зачапіў усе насы баявых караблёў кручкамі, а канцы канатаў звязаў у адзін вузел. Толькі цяпер блефускуанцы зразумелі, што Гулівер хоча забраць іх флот. Трыццаць тысяч салдат разам нацягнулі свае лукі і пусцілі ў Гулівера трыццаць тысяч стрэл. Больш за дзвесце з іх трапіла яму ў твар. Кепска давялося б Гуліверу, калі б у яго ў патайной кішэні не было акуляраў. Ён хуценька надзеў іх і закрыў ад стрэл вочы. Стрэлы стукалі аб шкло акуляраў, упіваліся яму ў шчокі, лоб, у падбародак, але Гуліверу было не да гэтага. Ён з усяе сілы тузаў за канаты, упіраўся ў дно нагамі, а блефускуанскія караблі не краналіся з месца.
616 А Гулівер зразумеў, што з гэтай мінуты ён назаўсёды страціў яго міласць: уладар, які марыць заваяваць свет, ніколі не даруе тым, хто асмельваецца стаць яму ўпопёрак дарогі. І сапраўды, пасля гэтай размовы Гулівера пачалі радзей запрашаць у палац. Ён хадзіў адзін вакол замка, і прыдворныя карэты больш не спыняліся ля яго парога. Толькі аднойчы пышная працэсія выйшла з варот сталіцы і накіравалася да жылля Гулівера. Гэта было блефускуанскае пасольства, якое прыбыло да імператара Ліліпуціі для заключэння міру. Вось ужо некалькі дзён, як гэта пасольства, якое складалася з шасці пасланнікаў і пяцісот чалавек світы, знаходзілася ў Мільдэнда. Яны спрачаліся з ліліпуцкімі міністрамі аб тым, колькі золата, жывёлы і хлеба павінен аддаць імператар Блефуску за вяртанне хоць бы паловы флоту, які прывёў Гулівер.
617 Вечарам, калі Гулівер ужо сабраўся класціся спаць, у дзверы яго замка ціхенька пастукалі. Гулівер выглянуў за парог і ўбачыў перад сваімі дзвярыма двух людзей, якія трымалі на плячах крытыя насілкі. На насілках у аксамітным крэсле сядзеў чалавечак. Твару яго не было відаць, таму што чалавечак захутаўся ў плашч і насунуў на лоб капялюш. Убачыўшы Гулівера, чалавечак адправіў сваіх слуг у горад і загадаў ім вярнуцца апоўначы. Калі слугі пайшлі, начны госць сказаў Гуліверу, што хоча адкрыць яму вельмі важную тайну. Гулівер падняў насілкі з зямлі, схаваў іх разам з госцем у кішэню свайго кафтана і вярнуўся да сябе ў замак. Там ён шчыльна зачыніў дзверы і паставіў насілкі на стол. Толькі тады госць адхінуў свой плашч і зняў капялюш. Гулівер пазнаў аднаго з прыдворных, якога ён нядаўна выручыў з бяды.
618 Пад вечар Гулівер даплыў да маленькага скалістага астраўка, на якім жылі адны смаўжы. Гэта былі самыя звычайныя смаўжы, якіх Гулівер тысячу разоў бачыў у сябе на радзіме. Ліліпуцкія і блефускуанскія гусі былі трошкі меншыя за гэтых смаўжоў. Тут, на астраўку, Гулівер павячэраў, пераначаваў і раніцой рушыў далей, узяўшы па сваім кішэнным компасе курс на паўночны ўсход. Ён спадзяваўся знайсці там населеныя астравы ці сустрэць карабель. Але мінуў дзень, а Гулівер па-ранейшаму быў адзін у пустынным моры. Вецер то надзімаў ветразь яго лодкі, то зусім сціхаў. Калі ветразь абвісаў і матляўся на мачце, як ануча, Гулівер браўся за вёслы. Але цяжка было грэбці маленькімі, нязручнымі вёсламі. Гулівер хутка выбіўся з сілы. Ён пачаў ужо думаць, што яму ніколі болей не ўбачыць радзімы і сапраўдных людзей.
619 Гулівер задраў галаву, каб паглядзець на верхавіны дрэў, і ажно ахнуў. Гэта былі не сосны, а сцябліны ячменю вышынёй з дрэва! Напэўна, была пара жніва. Спелыя зярняты велічынёй з вялікую яловую шышку раз-пораз балюча білі Гулівера па спіне, па плячах, па галаве. Гулівер прыбавіў крок. Ён ішоў, ішоў і нарэшце дабраўся да высокай агароджы. Агароджа была разы ў тры вышэйшая, чым самыя высокія сцябліны, і Гулівер ледзь мог разгледзець яе верхні край. Трапіць з гэтага поля на суседняе было не так лёгка. Для гэтага трэба было спачатку ўзабрацца па каменных замшэлых прыступках, а потым пералезці цераз вялікі, урослы ў зямлю камень. Прыступак было ўсяго чатыры, але кожная з іх была нашмат вышэйшая за Гулівера. Толькі стаўшы на дыбачкі і высока ўзняўшы рукі, ён з цяжкасцю мог дацягнуцца да краю ніжняй прыступкі.
620 Гулівер вельмі стаміўся. Вочы ў яго зліпаліся, і, як толькі гаспадыня пакінула яго аднаго, ён накрыўся з галавой сваёй грубай палатнянай коўдрай і моцна заснуў. Ён спаў больш за дзве гадзіны, і яму снілася, што ён дома, сярод родных і сяброў. Калі ж ён прачнуўся і зразумеў, што ляжыць на ложку, якому канца-краю не відаць, у велізарным пакоі, які не абыдзеш і за некалькі гадзін, яму стала вельмі сумна. Ён зноў заплюшчыў вочы і пацягнуў вышэй рог хусцінкі. Але на гэты раз заснуць яму не ўдалося. Ледзь толькі ён задрамаў, як пачуў, што нехта цяжка саскочыў з полага на пасцель, прабег па падушцы і спыніўся каля яго, не то пасвістваючы, не то сапучы. Гулівер хуценька прыўзняў галаву і ўбачыў, што над самым яго тварам стаіць нейкі даўгаморды вусаты звер і глядзіць яму проста ў вочы чорнымі, бліскучымі вачыма.
621 Ён адразу ж спытаў у іх, ці праўда, што яны знайшлі нейкага дзівоснага звярка, і гаспадары загадалі сваёй дачцэ прынесці Грыльдрыга. Дзяўчынка пабегла, прынесла Гулівера і паставіла яго на крэсла. Гуліверу давялося паказаць усё, чаму яго навучыла Глюмдалькліч. Ён маршыраваў удоўж і ўпоперак стала, па камандзе даставаў з ножан сваю шпагу і засоўваў яе назад, кланяўся госцю, пытаўся ў яго, як ён пажывае, і прасіў прыходзіць часцей. Старому спадабаўся дзівосны чалавечак. Каб лепш разгледзець Грыльдрыга, ён надзеў акуляры, і Гулівер, зірнуўшы на яго, не мог стрымацца ад смеху: вельмі ўжо яго вочы былі падобныя на месяц-поўнік, калі ён зазірае ў каюту праз круглае карабельнае акенца. Глюмдалькліч таксама зразумела, штб так рассмяшыла Гулівера, і таксама чмыхнула. Госць пакрыўдзіўся і падабраў губы.
622 Народ валам паваліў у гатэль. Гулівера паставілі на стол, а Глюмдалькліч узлезла на табурэтку, каб падстрахоўваць яго і падказваць, што ён павінен рабіць. Па камандзе дзяўчынкі Гулівер маршыраваў узад і ўперад, даставаў з ножан сваю шпагу і размахваў ёю. Глюмдалькліч дала яму саломінку, і ён выконваў з ёю, быццам з кап'ём, розныя практыкаванні. У самым канцы ён узяў напарстак, напоўнены віном, выпіў за здароўе публікі і запрасіў усіх прыйсці да яго зноў у наступны базарны дзень. У пакоі, дзе ішло прадстаўленне, змяшчалася не больш трыццаці чалавек, а паглядзець на дзівоснага Грыльдрыга хацеў амаль увесь горад. Гуліверу давялося дванаццаць разоў запар паўтараць адно і тое ж прадстаўленне для новых і новых гледачоў. Да вечара ён так змучыўся, што ледзь варочаў языком і ледзь перастаўляў ногі.
623 Сталіца знаходзілася якраз пасярэдзіне краіны, і, каб трапіць у яе, Гуліверу і яго вялізным спадарожнікам давялося пераправіцца цераз шэсць шырокіх рэк. У параўнанні з імі рэкі, якія ён бачыў у сябе на радзіме і ў іншых краінах, здаваліся вузенькімі, мелкімі ручайкамі. Падарожнікі праехалі васемнаццаць гарадоў і мноства вёсак, але Гулівер амаль і не бачыў іх. Яго вазілі па кірмашах не для таго, каб паказваць яму ўсялякія дзівосы, а для таго, каб яго самога паказваць, быццам дзіва. Гаспадар заўсёды ехаў конна, Глюмдалькліч сядзела ззаду і трымала на каленях скрынку з Гуліверам. Але перад гэтым падарожжам дзяўчынка абабіла сценкі скрынкі тоўстай, мяккай тканінай, падлогу заслала сеннікамі, а ў куток паставіла ложачак сваёй лялькі. І ўсё роўна Гулівер стамляўся ад бясконцага гайдання і штуршкоў.
624 Замок на дзверы быў зроблены па настойлівай просьбе Гулівера: ён вельмі баяўся, каб да яго ў дом не залезла якая-небудзь цікаўная мыш ці прагны пацук. Пасля некалькіх няўдач слесар нарэшце змайстраваў самы малюсенькі замочак з усіх, якія яму калі-небудзь даводзілася рабіць. А між тым у сябе на радзіме Гулівер толькі адзін раз у жыцці бачыў замок такіх памераў. Ён вісеў на варотах адной панскай сядзібы, гаспадар якой славіўся выключнай скупасцю. Ключ ад замка Гулівер насіў у кішэні, таму што Глюмдалькліч баялася згубіць такую малюсенькую рэч. Ды і навошта ёй патрэбен быў гэты ключ? Праз дзверы яна ўсё роўна прайсці не магла, а каб паглядзець, што робіцца ў доміку, ці дастаць адтуль Гулівера, даволі было прыўзняць дах. Каралева паклапацілася не толькі аб жыллі свайго Грыльдрыга, але і аб новым адзенні для яго.
625 Карлік хадзіў па палацы хмуры, сярдзіты, злаваўся на ўсіх, а больш за ўсё, зразумела, на самога Гулівера. Ён не мог спакойна глядзець на тое, як цацачны чалавечак стаіць на стале і, чакаючы выхаду каралевы, свабодна размаўляе з прыдворнымі. Злосна ўхмыляючыся і крыўляючыся, карлік пачынаў падсмейвацца з новага каралеўскага любімчыка. Але Гулівер не звяртаў на гэта ўвагі і на кожны жарт адказваў двума, яшчэ больш дасціпнымі. Тады карлік пачаў думаць пра тое, як бы інакш насаліць Гуліверу. І вось аднойчы ў час абеду, падлавіўшы момант, калі Глюмдалькліч пайшла па нешта ў другі канец пакоя, ён узлез на падлакотнік крэсла каралевы, схапіў Гулівера, які спакойна сядзеў за сваім столікам, размахнуўся і кінуў яго ў срэбны кубак са смятанкай, а сам кулём выкаціўся з пакоя і зашыўся ў нейкі цёмны куток.
626 Але карлік затаіўся, ён толькі чакаў зручнага выпадку, каб расквітацца разам за ўсё са сваім шчаслівым сапернікам. І гэты выпадак, як і першы раз, трапіўся яму ў час абеду. Каралева паклала сабе на талерку костку з мазгамі, мазгі дастала, а талерку адсунула ўбок. Глюмдалькліч якраз пайшла да буфета, каб наліць Гуліверу віна. Карлік падкраўся да стала, і не паспеў Гулівер апамятацца, як карлік засунуў яго па самыя плечы ў пустую костку. Добра яшчэ, што костка паспела астыць. Гулівер не апёкся, але ад крыўды ледзь не заплакаў. Болей за ўсё крыўдна было тое, што каралева і прынцэсы нават не заўважылі, што ён знік, і спакойна гаманілі са сваімі прыдворнымі дамамі. Клікнуць іх на дапамогу і прасіць, каб яго выцягнулі з каровінай косткі, Гулівер не хацеў. Ён вырашыў маўчаць, што б ні было далей.
627 Кароль і каралева часта падарожнічалі па сваёй краіне, і Гулівер звычайна суправаджаў іх. За час гэтых падарожжаў ён зразумеў, чаму ніхто ніколі не чуў пра дзяржаву Брабдынгнег. Краіна веліканаў размяшчалася на вялізнай паўвыспе, якую ад вялікай зямлі аддзяляў ланцуг гор. Горы гэтыя такія высокія, што перабрацца цераз іх зусім немагчыма. Яны стромыя, абрывістыя, і сярод іх шмат дзеючых вулканаў. Патокі вогненнай лавы і гарачы попел адсякалі шлях да гэтага вялізнага горнага хрыбта. З астатніх трох бакоў паўвыспы быў акіян. Але берагі паўвыспы былі так густа ўсыпаны вострымі скаламі, а мора ў гэтых мясцінах такое бурнае, што прыстаць да берагоў Брабдынгнега не змог бы нават самы вопытны марак. Толькі, нейкі шчаслівы выпадак дазволіў караблю, на якім плыў Гулівер, падысці да гэтых непрыступных скалаў.
628 Часам Гуліверу хацелася пабыць аднаму. Тады Глюмдалькліч выносіла яго ў сад і пускала пахадзіць сярод званочкаў і цюльпанаў. Гулівер любіў такія адзінокія прагулкі, але часта яны заканчваліся вялікімі непрыемнасцямі. Аднойчы Глюмдалькліч пакінула яго аднаго на зялёным лужку, а сама са сваёй настаўніцай пайшла ў глыбіню саду. Непрыкметна насунулася хмара, і буйны часты град пасыпаўся на зямлю. Першы ж парыў ветру збіў Гулівера з ног. Градзіны, вялізныя, як тэнісныя мячы, лупілі яго па ўсім целе. Так-сяк, на карачках, яму ўдалося дабрацца да градак з кменам. Там ён уткнуўся тварам у зямлю і, схаваўшыся пад нейкім лістом, перачакаў непагадзь. Калі бура сціхла, Гулівер памераў і ўзважыў некалькі градзін. Ён пераканаўся, што яны ў тысячу восемсот разоў большыя і цяжэйшыя за тыя, якія яму даводзілася бачыць дома.
629 Глюмдалькліч маўчала, бо і сама баялася, каб каралева не раззлавалася на яе, а Гуліверу таксама не хацелася, каб прыдворныя смяяліся з яго і расказвалі адзін другому пра тое, як ён пабываў у зубах нейкага шчанюка. Пасля гэтага выпадку Глюмдалькліч цвёрда вырашыла не адпускаць ад сябе Гулівера ні на хвіліну. Гулівер даўно ўжо баяўся такога рашэння і таму ўтойваў ад сваёй нянечкі розныя дробныя прыгоды, якія раз-пораз здараліся з ім, калі яе не было паблізу. Аднойчы каршун, які лётаў над садам, раптам каменем рынуўся на яго. Але Гулівер не разгубіўся, выхапіў з ножан сваю шпагу і, размахваючы ёю, кінуўся ў кусты. Калі б не гэты спрытны манеўр, каршун, напэўна, панёс бы яго ў сваіх кіпцюрах. Другі раз у час прагулкі Гулівер залез на вяршыню нейкага пагорка і раптам праваліўся ў нару, выкапаную кротам.
630 А то неяк адзін смелы дрозд, весела цырыкнуўшы, падскочыў да беднага Грыльдрыга і выхапіў у яго з рук кавалак пірага, які Глюмдалькліч дала яму на снеданне. Калі Гулівер спрабаваў злавіць якую-небудзь птушку, яна спакойна паварочвалася да яго і старалася дзеўбануць у галаву ці ў працягнутыя рукі. Гулівер мімаволі адскокваў. Але неяк ён усё-такі злаўчыўся, запусціў тоўстую дубіну ў адну непаваротлівую канаплянку, і тая ўпала як нежывая. Гулівер схапіў яе аберуч за шыю і ўрачыста пацягнуў да нянечкі, каб хутчэй паказаць ёй сваю здабычу. І раптам птушка ажыла. Аказалася, яна не была забіта, а толькі аглушана моцным ударам палкі. Канаплянка пачала крычаць і вырывацца. Яна біла Гулівера крыламі па галаве, па плячах, па руках. Ударыць яго дзюбай яна не магла, бо Гулівер трымаў яе на выцягнутых руках.
631 Ночвы добра прасмалілі і паставілі ў адным з пакояў палаца. Кожныя два-тры дні ваду з іх вылівалі, і двое слуг за паўгадзіны напаўнялі іх свежай вадой. Па гэтым цацачным моры Гулівер часта катаўся на сваёй лодцы. Каралева і прынцэсы вельмі любілі глядзець, як спрытна працуе ён вёсламі. Часам Гулівер ставіў ветразь, а прыдворныя дамы, размахваючы сваімі веерамі, то наганялі спадарожны вецер, то ўздымалі цэлую буру. Калі яны стамляліся, на ветразь пачыналі дзьмуць пажы, і Гуліверу не так проста было справіцца з такім моцным ветрам. Пасля катання Глюмдалькліч несла лодку да сябе ў пакой і вешала на цвік, каб яна прасохла. А аднойчы Гулівер ледзь не ўтапіўся ў сваіх ночвах. Вось як гэта здарылася. Старая прыдворная дама, настаўніца Глюмдалькліч, узяла Гулівера двума пальцамі і хацела пасадзіць у лодку.
632 Нарэшце некалькі лесвіц было прыстаўлена да сцен будынка з розных бакоў. Два прыдворныя пажы і чацвёра слуг пачалі падымацца наверх. Малпа зразумела, што яе акружаюць і што на трох лапах яна далёка не ўцячэ. Яна кінула Гулівера на дах і, зрабіўшы некалькі скачкоў, апынулася на даху суседняга будынка, дзе і схавалася ў паддашкавым акенцы. Гулівер застаўся ляжаць на пакатым, гладкім даху, з хвіліны на хвіліну чакаючы, калі вецер скіне яго ўніз, як пясчынку. Але ў гэты час адзін з пажоў паспеў перабрацца з лесвіцы на дах. Ён знайшоў Гулівера, сунуў яго сабе ў кішэню і шчасліва спусціўся ўніз. Глюмдалькліч была страшэнна рада. Яна схапіла свайго Грыльдрыга і панесла дамоў. Гулівер ляжаў у яе на далоні, як мышаня, замучанае кошкай. Агідная жвачка, якую малпа напхала яму ў рот, не давала дыхаць.
633 Яму было вельмі цікава даведацца, як адчуваў сябе Гулівер у лапах малпы, ці спадабаўся яму яе пачастунак і што б ён рабіў, калі б такое здарылася ў яго на радзіме, дзе не знайшлося б чалавека, які паклаў бы яго ў кішэню і спусціў на зямлю. Гулівер адказаў каралю толькі на апошняе пытанне. Ён сказаў, што ў яго на радзіме малпы не водзяцца. Іх часам прывозяць з гарачых краін і трымаюць у клетках. Калі ж якой-небудзь малпе ўдалося б вырвацца на волю і яна асмелілася б накінуцца на яго, ён лёгка справіўся б з ёю. Ды і не з адной малпай, а з цэлым тузінам малпаў звычайнага росту. Ён упэўнены, што і гэтую велізарную малпу ён змог бы адолець, калі б у час нападу ў яго руках была шпага, а не пяро. Варта было толькі пракалоць гэтай пачвары лапу, і гэта назаўсёды адбіла б у яе ахвоту нападаць на людзей.
634 Неяк раніцой ён прадстаўляўся каралю. Караля ў гэты час галіў прыдворны цырульнік. Гаворачы з яго вялікасцю, Гулівер мімаволі пазіраў на мыльную пену, у якой чарнелі тоўстыя, быццам кавалачкі жалезнага дроту, валаскі. Калі цырульнік скончыў сваю справу, Гулівер папрасіў у яго кубак з мыльнай пенай. Цырульніка вельмі здзівіла такая просьба, але ён выканаў яе. Гулівер выбраў з белай пены сорак самых тоўстых валаскоў і паклаў на акенца сушыцца. Потым ён знайшоў гладкую трэсачку і выстругаў з яе спінку для грэбеня. Самай тонкай іголкай з ігольніцы Глюмдалькліч ён асцярожна прасвідраваў у драўлянай спінцы на роўнай адлегласці адна ад другой сорак вузкіх адтулін і ў гэтыя адтуліны ўставіў валаскі. Затым падрэзаў іх, каб яны былі зусім роўныя, і завастрыў ножыкам іх канцы. Атрымаўся цудоўны грэбень.
635 Потым, злёгку пагойдваючыся, ён узняўся ўгору, і дзённае святло пакрысе прабілася ў пакой. Па сценах, выгінаючыся, прабеглі светлыя цені. Такія цені дрыжаць на сценах каюты, калі ілюмінатары залівае вадой. Гулівер стаў на ногі і агледзеўся. Так, ён быў у моры. Домік, абабіты знізу жалезнымі пласцінкамі, не страціў у паветры раўнавагі і не перакуліўся. Але ён быў вельмі цяжкі і глыбока асеў у вадзе. Хвалі даставалі амаль да паловы акон. Што будзе, калі іх магутныя ўдары разаб'юць шыбы? Яны ж прыкрыты толькі лёгкімі жалезнымі рашоткамі. Але не, пакуль што яны вытрымліваюць напор вады. Гулівер уважліва агледзеў сваё плывучае жыллё. На шчасце, дзверы ў доміку былі не на завесах, а выстаўныя. Яны не прапускалі вады. Але ўсё ж вада патроху прасочвалася ў скрынку праз ледзь прыкметныя шчыліны ў сценах.
636 Гулівер быў рады, што не бачыў гэтага. Сумна бачыць, як ідзе на дно дом, у якім ты пражыў шмат дзён і начэй, хай сабе і невясёлых. Гэтыя некалькі гадзін у каюце капітана Гулівер праспаў моцна, але неспакойна: яму сніліся то велізарныя восы з краіны веліканаў, то заплаканая Глюмдалькліч, то арлы, якія б'юцца ў яго над галавой. Але ўсё-такі сон асвяжыў яго, і ён ахвотна згадзіўся павячэраць разам з капітанам. Капітан быў гасцінным гаспадаром. Ён сардэчна частаваў Гулівера, і Гулівер еў з задавальненнем, але яму смешна было глядзець на маленькія талерачкі, блюды, графіны і шклянкі, якія стаялі на стале. Часам ён браў іх у рукі і разглядаў, ківаючы галавой і ўсміхаючыся. Капітан заўважыў гэта. Спачувальна паглядзеўшы на Гулівера, ён спытаў у яго, ці здаровы ён і ці не пашкодзілі яго розум стомленасць і няшчасці.
637 Кожная нацыя своеасаблівая і ўнікальная. Кожная прыносіць нешта сваё, каштоўнае, у адзіную сям'ю нацыяў. Кожная нацыя абумоўлівае самавызначэнне сваіх сябраў, таму што яе спецыфічная культура фармуе асобу. Ключом да гэтай культуры з'яўляецца гісторыя, пачуццё гістарычных архетыпаў, якія перадаюцца да новых і новых пакаленняў. Гістарычная культура, нібы ланцуг, звязвае сучасныя і будучыя пакаленні з усімі папярэднікамі і такім чынам фармуе характар і звычаі нацыі. Чалавек вызначае сябе, у адпаведнасці з нацыянальнай ідэяй, праз сваю сувязь з продкамі і папярэднікамі, а таксама з падзеямі, якія сфармавалі іх светаўспрыняцце. Нацыянальная ідэя, такім чынам, прадугледжвае як успрыняцце свету, падзеленага на паралельныя і вызначаныя нацыі, так і культуру, што паўстае на грунце ўнікальных гістарычных падзеяў.
638 Ад канца васемнаццатага стагоддзя да сённяшняга дня нацыянальная ідэя пашыралася і распаўсюджвалася, стаўшы сама моцнай і пластычнай з усіх сучасных ідэалогіяў. Яна пачала сваё жыццё ў выніку імкнення сярэдняга класу да сацыяльнай эмансіпацыі і згуртаванасці супраць жорсткага права дэспатаў. Хутка яна стала зброяй у абароне прывілеяў і пазней апраўданнем дзяржаўнай экспансіі і заморскага імперыялізму. У той жа час, яе ўзяла на ўзбраенне інтэлігенцыя этнічных меншасцяў, якія імкнуліся праз нацыянальнае самавызначэнне аддзяліцца ад вялікіх імперыяў і аб'яднаць усіх, хто належыць да іхняй культуры, у адзінай дзяржаве. Напрыканцы дзевятнаццатага стагоддзя нацыяналізм аб'яднаўся з папулізмам, каб агітаваць нядаўна ўрбанізаванае і неўкаранёнае насельніцтва за неабходнасць вяртання да сваіх каранёў.
639 Інтэрнацыяналізм, такім чынам, існуе ў стане няспыннага напружання з новымі і сепаратысцкімі нацыяналістычнымі рухамі. Ненавідзячы сепаратызм, ён павінен трактаваць такія рухі як прыклады міжнароднага краху. Падобна да гэтага, тыя, хто падтрымлівае міжнародны парадак нацыянальных дзяржаваў, павінны з падазронасцю ставіцца да спробаў аб'яднаць дзяржавы ў панрухах, што дзейнічаюць на аснове крытэрыяў, далёкіх ад дзяржаўных прынцыпаў, якія забяспечваюць прыняцце ў міжнародную сістэму. Аб'ядноўчыя панрухі не толькі нясуць пагрозу існуючаму балансу ўлады, глабальнаму і рэгіянальнаму; яны таксама падрываюць гістарычную і законную аснову міжнароднага парадку. Такім чынам, міжнародны парадак як такі заўсёды выступае апірышчам нацыяналізму нацыянальных дзяржаваў супраць нацыяналізму недзяржаўных адзінак.
640 З агідай жуючы тоўсты кавалак, Максім узяў паперу і адлюстраваў ляшча анфас. Яна ўважліва вывучыла малюнак і паклала ў кішэню халата. Усе малюнкі, якія рабіў Максім, яна забірала і некуды выносіла. Максім маляваў шмат, ахвотна і з задавальненьнем: у вольны час і па начах, калі не спалося, рабіць тут было зусім няма чаго. Ён маляваў жывёлаў і людзей, чарціў табліцы і дыяграмы, рэпрадуктаваў анатамічныя разрэзы. Ён адлюстроўваў прафэсара Мэгу падобным на бегемота і бегемотаў, падобных на прафэсара Мэгу, ён вычэрчваў унівэрсальныя табліцы лінкосу, схемы машынаў і дыяграмы гістарычных пасьлядоўнасьцяў, ён пераводзіў масу паперы, і ўсё гэта зьнікала ў кішэні Рыбы без усялякіх бачных наступстваў для працэдуры кантакту. У прафэсара Мэгу, ён жа Бегемот, была свая мэтода, і ён ня меў намеру ад яе адмаўляцца.
641 У Гая ўсё паплыло перад вачыма, і ён апусьціўся на падножку машыны. Ногі яго не трымалі. У вушах яго ўсё яшчэ гучаў агідны шчыльны хруст, зь якім кулі ўваходзілі ў цела гэтага дзіўнага і любімага чалавека. Потым ён апамятаўся, але яшчэ нейкі час сядзеў, не рызыкуючы падняцца на ногі. Карычневае цела Мака ляжала сярод бела-ружовых камянёў і само было нерухомае, як камень. Пан ротмістр стаяў на ранейшым месцы і, трымаючы пісталет напагатове, курыў, прагна зацягваючыся. На Гая ён не глядзеў. Потым ён дакурыў да канца, да самых вуснаў, абпальваючыся, адкінуў недакурак і зрабіў два крокі ў бок забітага. Але ўжо другі крок быў вельмі кароткі. Пан ротмістр Чачу так і не наважыўся падысьці ўшчыльную. Ён зрабіў кантрольны стрэл зь дзесяці крокаў. Ён прамахнуўся. Гай бачыў, як каменны пыл пырснуў побач з галавой Мака.
642 Уважлівы позірк Дзіка слізгаў па сценах; на твары ў яго адно за адным адбіваліся самыя супярэчлівыя пачуцці: здзіўленне, сумненне, падазрэнне, радасць. Але мала-памалу, па меры таго як розум яго прасвятляўся, падазрэнні перамаглі; неўзабаве ён быў ужо зусім упэўнены ў самым горшым. Ён узняў галаву і ўздрыгнуў. На дыване, што закрываў сцяну, была выткана выява лютага паляўнічага. Адной рукой ён трымаў рог, у які трубіў; у другой трымаў дзіду. Твар у яго быў чорны, таму што ён адлюстроўваў афрыканца. Вось гэты афрыканец і напалохаў Рычарда Шэлтана. Сонца, якое сляпуча зіхацела ў вокнах залы, зайшло за хмарку. Акурат у гэтае імгненне агонь у каміне ярка ўспыхнуў, асвятліўшы столь і сцены, што да гэтага часу былі ахутаны паўзмрокам. І раптам чорны паляўнічы міргнуў вокам, як жывы; і павека ў яго было белым.
643 Як бы там ні было, Дэкуорт адсутнічаў, і ў Шорбі яго падмяняў Рычард Шэлтан. Ён схіліўся над талеркай, заклапочаны сваімі думкамі. Яны дамовіліся з лордам Фоксгэмам сягоння вечарам нанесці рашучы ўдар і вызваліць Джаану сілай. Аднак цяжкасці ў гэтай справе былі велізарныя. Разведчыкі, што з'яўляліся да яго з дакладам, прыносілі самыя несуцяшальныя весткі. Сэр Дэніэл быў устрывожаны ўчарашняй сутычкай на марскім беразе. У маленькім доміку ён павялічыў гарнізон; больш таго, ён расставіў коннікаў на ўсіх прылеглых вулічках, загадаўшы ім пры першым жа трывожным сігнале адразу скакаць да яго. У двары гарадскога дома стаялі асядланыя коні, і воіны, узброеныя з галавы да ног, чакалі толькі знаку, каб выехаць. Задуманая справа з кожнай гадзінай здавалася ўсё менш ажыццявімай. Раптоўна твар Дзіка прасвятлеў.
644 Калі парадак быў сяк-так узноўлены, Дзік з купкай самых адборных воінаў рушыў уперад. На беразе было яшчэ цямней: у моры там-сям бялела пена, у той час як морак, што вісеў над сушай, здаваўся шчыльным, непранікальным; выццё ветру заглушала ўсе гукі. Але не паспеў Дзік дайсці да канца мола, як вецер раптоўна сціх; у нечаканай цішыні яму пачуўся конскі тупат і бразгат зброі. Дзік спыніў сваіх спадарожнікаў і саскочыў на берагавы пясок; калі прайшоў некалькі крокаў, ён пераканаўся, што ўперадзе сапраўды рухаюцца коні і людзі. Ён моцна засмуціўся. Калі ворагі падсцерагалі іх, калі воіны сэра Дэніэла акружылі канец мола, што ўпіраецца ў бераг, ім з лордам Фоксгэмам будзе вельмі цяжка абараняцца, таму што ззаду ў іх толькі мора і ўсе іх воіны збіліся ў кучу на вузкім моле. Асцярожным свістам ён падаў умоўны сігнал.
645 На жаль, гэты сігнал выклікаў зусім не тыя вынікі, на якія ён разлічваў. З начной цемры вылецеў град наўдачу пушчаных стрэл. Воіны на моле стаялі так цесна, што некаторыя стрэлы трапілі ў цэль; пачуліся крыкі спалоху і болю. Лорд Фоксгэм быў паранены і ўпаў. Хокслі зараз жа распарадзіўся аднесці яго на карабель. Воіны лорда Фоксгэма засталіся без усялякага кіраўніцтва. Адны прымалі бой, іншыя зусім разгубіліся. У гэтай разгубленасці і хавалася галоўная прычына катастрофы, якая не замарудзіла наступіць. Дзік са жменькай храбрацоў на працягу цэлай хвіліны ўтрымліваў канец мола, што ўпіраўся ў бераг. З абодвух бакоў было паранена па два, па тры чалавекі, сталь звінела аб сталь. Спачатку ні таму, ні другому боку не ўдавалася дамагчыся поспеху; але неўзабаве шчасце канчаткова здрадзіла прыхільнікам Дзіка.
646 Але, неразумнае дзіця, я злодзей па рамяству, па нараджэнні і па звычках. Калі б мая бутля была пустая і ў мяне перасохла б у роце, я абрабаваў бы вас, дарагое дзіця, і гэта такая ж праўда, як тое, што я люблю вас, паважаю вас і захапляюся вамі! Ці можна сказаць ясней? Не! І, хруснуўшы сваімі вялікімі пальцамі, ён пайшоў прэч і знік у кустарніку. Дзіку не было калі ламаць галаву над супярэчлівай натурай свайго таварыша. Як толькі ён застаўся адзін, ён паспешліва выцягнуў свае паперы, перачытаў іх і закапаў. Толькі адну ён захапіў з сабою, таму што яна ніяк не магла пашкодзіць яго сябрам, а пры выпадку паслужыла б доказам супраць сэра Дэніэла. Гэта было ўласнаручнае пісьмо тэнстолскага рыцара да лорда Ўэнслідэла, пасланае раніцай пасля паражэння пры Райзінгэме і знойдзенае Дзікам на целе забітага ганца.
647 Тут, на верхнім паверсе, панавала цішыня, толькі зрэдку яе парушалі шыпенне агню ды патрэскванне сырых дроў у каміне; але зараз да напружанага слыху Дзіка даляцеў гук чыіхсьці асцярожных крокаў. Затым дзверы адчыніліся, і чарнаваты карлік, у вопратцы колераў лорда Шорбі, прасунуў у пакой спярша галаву, а потым сваё скрыўленае цела. Ён адкрыў рот, здавалася, для таго каб лепш чуць, вочы яго, вельмі бліскучыя, хутка і неспакойна бегалі па баках. Ён абышоў увесь пакой, пастукваючы па дыванах, што закрывалі сцены. Аднак Дзік нейкім цудам пазбегнуў яго ўвагі. Потым карлік заглянуў пад мэблю і агледзеў лямпу; і, нарэшце, відаць, глыбока расчараваны, збіраўся ўжо выйсці гэтак жа ціха, як і зайшоў; але раптам, апусціўшыся на калені, падняў штосьці з падлогі, разгледзеў і радасна схаваў у сумку на поясе.
648 Калі б я мог схапіць нягодніка, які ўкраў гэтае пісьмо, ён зараз жа ўпрыгожыў бы шыбеніцу. Але перш за ўсё трэба загарадзіць усе выхады з дома. Клянуся святым Георгіем, хопіць мне бед! Вакол дома і саду расставілі каравулы; на кожнай пляцоўцы лесвіцы стаяў вартавы, цэлы атрад воінаў дзяжурыў ля галоўнага ўвахода; другі атрад сядзеў вакол агню ў пуні. Воіны лорда Шорбі далучыліся да воінаў сэра Дэніэла. Людзей і зброі хапала і для абароны дома і для таго, каб злавіць ворага, калі ён яшчэ хаваецца ў доме. А труп шпіёна пранеслі пад снегападам праз сад і паклалі ў манастырскай царкве. І толькі калі ўсё сціхла, дзяўчаты выцягнулі Рычарда Шэлтана з яго тайніка і расказалі яму аб тым, што адбываецца ў доме. Са свайго боку, Дзік расказаў ім, як шпіён пракраўся ў пакой, як заўважыў яго і як быў забіты.
649 Чалавек, якому Дзік кінуўся памагаць, замест таго каб зараз дапамагчы яму, адскочыў убок і зноў затрубіў яшчэ пранізлівей і мацней, чым раней. Праціўнікі зноў накінуліся на яго, і ён зноў лётаў, нападаў, скакаў, наносіў смяротныя ўдары, падаў на адно калена, карыстаючыся то кінжалам і мячом, то нагамі і рукамі з нязломнай смеласцю, ліхаманкавай энергіяй і хуткасцю. Але рэзкі заклік быў нарэшце пачуты. Даляцеў заглушаны снегам тупат капытоў, і ў шчаслівую для Дзіка хвіліну, калі мячы ўжо зіхацелі над яго галавой, з лесу з двух бакоў хлынулі патокі ўзброеных вершнікаў, закаваных у жалеза, з апушчанымі забраламі, з дзідамі наперавес, з узнятымі мячамі. У кожнага вершніка за спіной сядзеў стралок; гэтыя стралкі адзін за адным саскоквалі на зямлю. Тыя, што нападалі, убачыўшы сябе акружанымі, моўчкі пакідалі зброю.
650 Тая частка горада, якую па парадзе Дзіка заняў Рычард Гластэр, складалася з пяці маленькіх вулічак з убогімі хацінкамі, дзе тулілася бедната, і ляжала на невялікім узвышшы, а за ім пачыналася адкрытае поле. Кожную з гэтых пяці вулічак даручылі ахоўваць моцным каравулам; рэзерв, гатовы падаспець на дапамогу, калі спатрэбіцца, умацаваўся ў цэнтры, воддаль ад выстралаў. Гэтая частка горада была такая бедная, што ні адзін ланкастэрскі лорд не жыў тут, нават іхнія слугі яе пазбягалі. Жыхары гэтых вуліц адразу пакідалі свае дамы і, крычучы на ўсё горла, пабеглі прэч, пералазячы цераз платы. У цэнтры, дзе сыходзіліся ўсе пяць вуліц, стаяла мізэрная харчэўня з шыльдай у выглядзе шахматнай дошкі. Гэтую харчэўню герцаг Гластэр выбраў сваёй галоўнай кватэрай. Дзіку ён даручыў ахову адной з пяці вуліц.
651 Вельмі многія з гэтых воінаў былі апрануты ў сіняе і цёмна-чырвонае адзенне, а ў конным рыцары, які строіў іх у рады, Дзік адразу пазнаў сэра Дэніэла. Потым наступіла зацішша, і раптам у чатырох канцах горада адначасова затрубілі чатыры трубы. Пятая труба адказала ім з рыначнага пляцу, і адразу ж шэрагі войск прыйшлі ў рух. Град стрэл пераляцеў праз барыкаду і пасыпаўся на сцены абодвух умацаваных дамоў. Па агульным сігнале воіны сэра Дэніэла абрынуліся на ўсе пяць вуліц. Гластэр быў акружаны з усіх бакоў, і Дзік зразумеў, што яму трэба разлічваць толькі на свае сто чалавек. Сем залпаў стрэл адзін за адным сыпнуліся на барыкаду. У самы разгар стральбы хтосьці крануў Дзіка за руку. Ён убачыў пажа, які працягваў яму скураную куртку, не прабіваемую стрэламі, таму што яе пакрывалі металічныя пласцінкі.
652 Між тым непрыяцель упарта ішоў у наступ; ворагі былі ўжо так блізка, што Дзік загадаў адказваць на выстралы. Зараз жа з-за барыкады і з акон дамоў на ворага паляцеў у адказ град смертаносных стрэл. Але ланкастэрцы, як па сігнале, дружна закрычалі, і іх пяхота рушыла ў наступ. Кавалерыя ішла за ёй з апушчанымі забраламі. Пачаўся ўпарты рукапашны бой, не на жыццё, а на смерць. Тыя, што нападалі, трымаючы меч у адной руцэ, другой расцягвалі барыкаду. Тыя, хто абараняў барыкаду, у сваю чаргу, вольнай ад зброі рукою з адчайнай упартасцю яе ўзнаўлялі. Нейкі час барацьба ішла амаль у поўным маўчанні; целы воінаў падалі адзін на аднаго. Але разбураць заўсёды лягчэй, чым абараняць, і калі гук трубы падаў нападаючым знак да адступлення, барыкада была ўжо амаль развалена, стала ўдвая ніжэй і пагражала зусім абваліцца.
653 Дзік неспакойна глядзеў па баках, стараючыся здагадацца, дзе ж крыецца небяспека. І раптам з акон і дзвярэй маленькага дома, што стаяў у цэнтры вуліцы, хлынуў паток ланкастэрскіх стралкоў. Выскачыўшы адтуль, яны хутка пастроіліся ў шарэнгі, нацягнулі лукі і пачалі абсыпаць стрэламі атрад Дзіка з тылу. І адразу ж тыя, што нападалі на Дзіка з рыначнага пляцу, узмацнілі стральбу і пачалі рашуча падступаць да барыкады. Дзік выклікаў з дамоў усіх сваіх воінаў, пастроіў іх, сказаў ім некалькі бадзёрых слоў, і атрад яго пачаў адстрэльвацца, хаця варожыя стрэлы цяпер сыпаліся з двух бакоў. Між тым усё ў новых і новых дамах адчыняліся насцеж дзверы і вокны, і адтуль з пераможнымі клікамі выбягалі і выскоквалі ўсё новыя і новыя ланкастэрцы, і нарэшце ў тыле ў Дзіка стала амаль столькі ж ворагаў, колькі іх было спераду.
654 Час набліжаўся да апоўдня; дзень быў сонечны, снег аж зіхацеў. Дзік паглядзеў вакол і, як на далоні, убачыў усе вынікі бітвы. Невыразны, глухі шум стаяў над вуліцамі, то тут, то там зрэдку чуўся бразгат сталі. Ніводнага карабля, ніводнай лодкі не засталося ў гавані, затое ў адкрытым моры было мноства парусных і вёславых суднаў, напоўненых уцекачамі. А на сушы, па засыпаных снегам лугах, імчаліся купкі вершнікаў; адны з іх стараліся прабіцца ў лясы, а іншыя, без сумнення, йоркісты, смела спынялі іх і гналі назад у горад. Усюды, куды ні кінеш позірк, валяліся трупы коней і людзей, выразна бачныя на снезе. Пехацінцы, якія не змаглі схавацца на суднах, усё яшчэ працягвалі адстрэльвацца ў порце пад прыкрыццем прыбярэжных шынкоў. Многія дамы палалі; у марозным сонечным ззянні дым падымаўся высока і адлятаў у мора.
655 На наступную раніцу Дзік падняўся да світання, прыбраўся як мага лепш, скарыстаўшы гардэроб лорда Фоксгэма, і, распытаўшы аб Джаане, вырашыў прайсціся, каб зменшыць сваё нецярпенне. Ён паблукаў сярод салдат, якія апрануліся ў свае даспехі пры святле зімовай зары і чырвоным бляску факелаў; выйшаў у поле, абышоў аванпасты і накіраваўся адзін у замерзлы лес, чакаючы ўзыходу сонца. Думкі яго былі спакойныя і шчаслівыя; ён не шкадаваў, што так хутка страціў прыхільнасць герцага. Маючы такую жонку як Джаана і такога заступніка як лорд Фоксгэм, ён мог глядзець на сваю будучыню з надзеяй. Аб мінулым ён шкадаваў мала. Ён ішоў, паглыбіўшыся ў роздум, а ранішняя зара разгаралася ўсё весялей і ярчэй, і рэзкі ветрык падымаў марозны снежны пыл. Ён павярнуўся, каб ісці дамоў, і раптам заўважыў нейкага чалавека за дрэвам.
656 Калі яна сабралася сыходзіць, Пьетра нават не спрабаваў утрымаць яе. Праз некалькі дзён яна прыйшла зноў. Сустрэча была сапраўды такая ж: тыя ж пачцівыя запэўненні ў адданасці і вечнай удзячнасці. Ваніна зараз зусім не імкнулася астудзіць захапленні юнага карбанарыя: наадварот, яна баялася, што ён не падзяляе яе кахання. Дзяўчына, колішне такая ганарлівая, з горыччу адчула, наколькі вялікае яе вар'яцтва. Яна старалася здавацца вясёлай, нават абыякавай, стала бываць радзей, але ніяк не магла адважыцца зусім адмовіцца ад наведванняў хворага. Місірыллі гарэў каханнем, але, памятаючы аб сваім нізкім паходжанні і ахоўваючы свая годнасць, вырашыў, што дазволіць сабе загаварыць аб каханні толькі ў тым выпадку, калі цэлы тыдзень не ўбачыць Ваніны. Ганарлівая князёўна абаранялася ўстойліва настойліва.
657 Тым болей не звярталі яны ўвагі на сігналы ночы, якія лавіў я. Бо гэтая завіруха, якая, відаць, рыхтавалася і магла ўскладніць мой першы палёт, цікавіла саму маю плоць. Зоркі гаслі адна за адной, але якая справа была да іх гэтым мінакам? Аднаму мне давяралася тайна. Напярэдадні бою мне дакладвалі пра пазіцыі ворага... Між тым гэтае данясенне, якое ўскладвала на мяне такую сур'ёзную адказнасць, я прымаў каля асветленых вітрын, дзе ззялі навагоднія падарункі. Здавалася, там, сярод ночы, былі выстаўлены напаказ усе скарбы зямлі, і я п'янеў ад таго, што выракаюся іх. Мне, ваяру, пагражала небяспека: навошта здаўся мне гэты зіхоткі крышталь, прызначаны для вячэрніх баляванняў, гэтыя люстры, гэтыя кнігі? Я ўжо купаўся ў завоблачных вышынях, я, паштовы лётчык, ужо ўпіваўся зубамі ў гаркавую мякаць начных палётаў.
658 Мне таксама помняцца такія моманты, калі апынаешся па-за межамі рэальнага свету: аднойчы радыёпеленгі, падаваныя сахарскімі пасадачнымі пляцоўкамі, былі памылковыя на працягу ўсёй ночы, і мы, мой радыст Неры і я, былі зусім збітыя з тропу. Нечакана ўнізе ў разрыве туману бліснула вада, я рэзка скіраваў да ўяўнага берага, але мы не маглі ведаць, як далёка заляцелі ў адкрытае мора. Мы ўжо не былі ўпэўнены, што дабяромся да берага, бо магло не хапіць бензіну. Але і дасягнуўшы берага, трэба было яшчэ адшукаць пасадачную пляцоўку. А тут акурат і месяц пачаў заходзіць. Без паказчыкаў адхілення, ужо глухія, мы спакваля і слеплі. Поўня пагасала ў тумане, як бледная галавешка ў гурбе снегу. Неба над намі таксама зацягвалася хмарамі, і мы ляцелі паміж хмарамі і туманам, у нейкім цьмяным, мёртвым свеце.
659 Сеўшы на вышыні чатыры тысячы метраў на плато з вертыкальнымі адхонамі, ён разам са сваім механікам два дні сіліўся вырвацца адтуль. Дарма: яны былі ў пастцы. Тады яны паставілі на карту апошні свой шанец, скіравалі самалёт у бок прорвы, пракалаціліся па камяністым грунце і сарваліся ў бяздонне. Падаючы, самалёт нарэшце набраў хуткасць, дастатковую, каб зноў падпарадкавацца кіраванню. Мермоз выраўняў яго акурат насупраць нейкай скалы, але ўсё-такі зачапіў яе вяршыню і, разліваючы ваду з усіх лопнутых ад марозу ўначы патрубкаў, ужо пашкоджаны, пасля сямі хвілін лёту, як да зямлі абяцанай, дабраўся да чылійскай даліны. На другі дзень ён пачаў усё спачатку. Калі Анды былі належна асвоены, калі была добра вывучана тэхніка пералётаў, Мермоз перадаў гэты маршрут свайму таварышу Гіёмэ і ўзяўся асвойваць ноч.
660 І ты ўжо адчуў, як холад атрутай разліваецца па ўсім целе і, нібы морфій, поўніць цябе асалодай. Тваё жыццё прытаілася там, глыбока ўнутры. Свядомасць спакваля пакідала аддаленыя куточкі гэтага цела, якое, нібы звер, да адвалу накормлены пакутамі, цяпер пачынала ўжо набываць абыякавасць мармуру. Прыціхлі нават твае згрызоты сумлення. Нашы воклічы ўжо не дападалі да цябе, ці, дакладней, яны гучалі, як у сне. І ў сне ты адгукаўся, ты, шчаслівы, уяўна крочыў нам насустрач лёгкімі бязважкімі крокамі, і перад табой ужо разнасцежваліся жаданыя прасторы раўнін. З якой лёгкасцю ляцеў ты ў свет, які раптам стаў для цябе такі зваблівы! Гіёмэ, скнара, ты намерыўся адабраць у нас радасць свайго вяртання! З глыбіні тваёй свядомасці ўсплылі згрызоты сумлення. У забыццё раптоўна ўварвалася цвярозая думка.
661 Я не быў знаёмы з капітанам Банафу, камандзірам атрада мехарыстаў з лёгкай кавалерыі Атара. Але я ведаў, якая вялікая слава ходзіць пра яго сярод маўраў. Яны з гневам гавораць пра яго, але гавораць як пра бога. Ягоная прысутнасць надае каштоўнасць пяскам. Вось і сёння ён зноў няведама якім чынам узнік у тыле атрада няскораных арабаў, які рухаўся на поўдзень, адбіваючы ў іх сотні вярблюдаў, вымушаючы іх, каб зберагчы свае скарбы, уступаць у бой тады, калі яны лічылі сябе ў бяспецы. І цяпер, выратаваўшы Атар гэтым архангельскім з'яўленнем, разбіўшы свой лагер на высокім вапняковым плато, ён бясстрашна стаіць там як сведчанне, як залог таго, што гатовы да схваткі, і такая праменнасць зыходзіць ад яго, што плямёны самі кідаюцца на пошук ягонага мяча. Муян глядзіць на мяне яшчэ суровей і зноў нешта кажа.
662 І я таксама, як астраном, чытаю кнігу нябеснай механікі. Я таксама засяроджаны і далёкі да ўсяго зямнога. У вонкавым свеце ўсё быццам вымерла. А тут толькі Прэво, які пасля доўгага змагання з сабой нарэшце ўсё-такі здаўся і задрамаў, і цяпер яшчэ паўней я адчуваю адзіноту. Тут толькі роўнае ракатанне матора ды гэтыя спакойныя зоркі на прыборнай дошцы перада мною. І ўсё-такі я задумваюся. Месяц нам сёння не саюзнік, радыё ў нас няма. Ніводная сама тоненькая нітачка не звяжа нас са светам, пакуль мы не выйдзем да ланцужка агнёў на Ніле. Мы цяпер па-за ўсім на свеце, адзін толькі матор утрымвае нас і не дае прапасці ў гэтай смале. Як у казцы, мы перасякаем мёртвую даліну, чорную даліну выпрабаванняў. Тут не спадзявайся на дапамогу. Тут не спадзявайся на прабачэнне сваім пахібкам. Мы аддадзены волі лёсу.
663 Дарослыя параілі мне не маляваць удаваў ні звонку, ні знутры, а лепей больш цікавіцца геаграфіяй, гісторыяй, арыфметыкай і правапісам. Вось так, у шэсць гадоў, мяне пераканалі адмовіцца ад бліскучай кар'еры мастака. Я быў збіты з панталыку няўдачай з малюнкамі. Дарослыя ніколі і нічога не могуць зразумець самі, а дзецям надта ж утомна вечна тлумачыць ім, што да чаго. Такім чынам, мне трэба было выбраць якую-нубудзь іншую прафесію, і я пайшоў у лётчыкі. Дзе мне толькі не давялося быць! І геаграфія сапраўды спатрэбілася мне. Я мог з першага погляду адрозніць Кітай ад Арызоны. Гэта вельмі карысна, калі часам заблудзішся ўночы. За сваё жыццё мне давялося сутыкнуцца з многімі сур'ёзнымі людзьмі. Я многа часу пражыў з дарослымі, быў вельмі блізка знаёмы з імі. Не скажу, каб пасля гэтага я стаў лепей думаць пра іх.
664 У тэрмах пачыналася балаўство й распуста, якое інспектар не спыняў, бо й сам часта ў падобнай гульні ўдзельнічаў. Дагадваўся аб іх і Пятроні, але як чалавек паблажлівы ды не любячы караць глядзеў на гэта праз пальцы. Асталася ў унктуарыюме толькі Эўніка. Праз хвіліну наслухоўвала адыходзячыя ў кірунку ляконікума галасы й смех, пасля, узяўшы выкладзены бурштынам і слановаю косцю столяк, на якім сядзеў перад хвілінаю Пятроні, прысунула яго да ягонай статуі. Поўна было ў унктуарыюме сонца й красак, што адбіваліся ад вясёлкавых мармураў, якімі вылажаны былі сцены. Эўніка ўспялася на столяк і, зраўняўшыся з статуяй, раптоўна закінула ёй рукі на шыю ды плечы, пасля, адкінуўшы назад свае залатыя валасы ды прытуляючы ружовае цела да белага мармуру, пачала прыціскаць захопна губкі да халодных вуснаў Пятронія.
665 Для Лігіі была ў гэтым пэўная пацеха, дый Пампонія была рада, што можа яе забяспечыць службаю ўласнага выбару. Дык апрача Урсуса вызначыла ёй старую ўбіральніцу, дзве цыпрыйкі-часальніцы ды дзве купальніцы-германкі. Выбрала толькі вызнавальнікаў новае навукі, а калі і Урсус вызнаваў яе ўжо некалькі год, Пампонія магла спадзявацца на вернасць гэтае службы дый пацяшацца адначасна думкай, што зерне праўды будзе пасеяна і ў цэзаравым доме. Напісала таксама пару слоў Нэронавай вызвольніцы Актэ, паручаючы ейнай апецы Лігію. Пампонія не спатыкала яе, праўда, на зборышчах новае навукі, чула, аднак, ад іх, што Актэ ім спрыяе й чытае прагавіта лісты Паўла з Тарсу. Адыж ведамым ёй было, што маладая вызвольніца заўсёды сумуе, што ёсць асобай іншай, чым усе жанчыны Нэрона, і што наагул ёсць добрым духам палацу.
666 Громы воплескаў укаранавалі змаганне, а Кратон, паставіўшы ступу на плячах пакананага ды ўзяўшыся пад бокі з відам трыўмфатара, вадзіў вокам па залі. Увайшлі пасля гэтага прадстаўляцелі звярат і галасоў іхніх, балаўнікі й блазны, але на іх мала ўжо звярталі ўвагу, віно бо ўжо марочыла вочы глядзельнікаў. Банкет паступова ператвараўся ў прайдацкую папойку. Сірыйскія баханткі палезлі за сталы. Музыка змянілася ў бязладны дзікі бразг цытраў, лютняў, армянскіх цымбалаў, егіпскіх цытраў ды труб, а хто жадаў пачаць гутарку, дык выў на музыкантаў, каб ішлі прэч. Паветра, перасычанае пахам кветак, водарам алівы, якою прыгожыя дзетанькі скраплялі бяседнікам ногі, бо паветра, насычанае людскім потам і шафранам, пачынала аж душыць. Прыцьміліся лямпы, пакрывіліся вянкі на галовах, твары пабляднелі ды папацелі.
667 Сілы, аднак, ейныя слабелі. Дарма адхілялася, хавала твар, каб абараніцца ад ягонага цалунку. Ён сарваўся, схапіў яе ў абедзве рукі, прыцягнуў да сябе голаў ды пачаў расціскаць, сапучы, ейныя збялелыя вусны сваімі вуснамі. Але ў той жа момант нейкая страшэнная сіла адгарнула яго рукі з ейнае шыі так лёгка, як бы тое былі дзіцячыя рукі, а яго адсунула на бок, бы сухую былінку ці кволы лісток. Што сталася? Вініць працёр аслупелыя вочы і бачыць над сабою магутную постаць ліга, званага Урсусам, якога бачыў у Аўлаў. Ліг стаяў спакойна і толькі глядзеў на Вініція так дзівосна, што маладому чалавеку аж кроў замірала ў жылах, пасля ўзяў на рукі сваю князёўну і мерным ціхім крокам выйшаў з трыклініюма. Актэ ў той жа хвіліне выйшла за імі. Вініць на міг вока стрымаўся, бы скамянелы, пасля схапіўся й пабег да дзвярэй.
668 Вярнуўшыся, загадаў пахаваць цела Гула, якога ніхто не смеў дагэтуль крануць, пасля тых нявольнікаў, у якіх адабрана Лігія, загадаў выслаць на вёску да эргастулаў, дзе праца на плантацыях была карай, страшнейшай за смерць, бадай. У канцы кінуўся на пасланую лаву ў атрыюме ды пачаў хаатычна раздумоўваць, якім чынам знойдзе ды забярэ Лігію. Зрачыся яе, страціць, не бачыць яе болей здавалася яму немагчымым, і на самы ўспамін аб гэтым ахапляла яго шалёнасць. Самавольная натура маладога ваяра першы раз магла суцяміць, як гэта можа быць, каб хто смеў станавіцца ўпоперак ягонай жады. Хай бы лепш свет і горад разваліліся ў друзы, чым жаданні ягоныя не маглі збыцца. Адхапілі яму чару раскошы амаль з вуснаў, дык здавалася яму, што сталася нешта незвычайнае, выклікаючае помсту права боскага й людскога.
669 Так магло здарыцца і з Лігіяй. Цэзар углядаўся на яе падчас банкету, і Вініць ані на момант не сумняваўся, што мусіла яму выдавацца найпрыгажэйшаю з жанчын, якіх дагэтуль бачыў. Як жа інакш магло быць? Праўда, Нэрон меў яе на Палатыне і мог проста затрымаць, але, як казаў Пятроні, цэзар не меў адвагі ў злачынствах і, могучы дзеяць адкрыта, дзеяў заўсёды таемна. Гэтым разам магло яго да гэтага схіліць пабойванне Папеі. Вініцію прыйшло цяпер у голаў, што Аўлюсы, можа, б і не смелі гвалтам адбіраць падараванай яму дзяўчыны. Дый хто ж бы адважыўся? Няўжо той вялігурны ліг з блакітнымі вачыма, які, аднак, адважыўся ўвайсці да трыклініюма ды вынесці яе на руках з банкету? Але дзе ж бы ён з ёю схаваўся, куды б яе мог занесці? Не, нявольнік не адважыўся б на гэта. Дык зрабіў гэта ніхто іншы, як цэзар.
670 Абягай сабе вечарамі горад, пераапрануўшыся, учашчай нат разам з сваім філёзафам да хрысціянскіх малельняў. Усё, што родзіць надзею ды запаўняе час, годнае пахвалы. Але, у імя мае прыязні, зрабі адну рэч: той Урсус, нявольнік Лігіі, мабыць, незвычайнае сілы чалавек, дык наймі Кратона ды шукайце ўтрох. Так будзе беспячней ды разумней. Хрысціяне, калі да іх належаць Пампонія Грэцына ды Лігія, не такія хіба разбойнікі, як гэта ўсім здаецца, паказалі аднак, адбіраючы Лігію, што ў абароне авечак свайго статку не жартуюць. Як знойдзеш Лігію, то ж напэўна захочаш яе забраць з сабою, а ці ж даканаеш гэта з самым толькі Хіланідам? А Кратон дасць рады, хоць бы яе бараніла дзесяцёх такіх Урсусаў. Не дайся Хілону смактаць, але Кратону грошай не шкадуй. Ад усіх радаў, якія магу табе пераслаць, гэта найлепшая.
671 Пры браме два фосары правяралі меты. Неўзабаўкі Вініць і ягоныя спадручнікі знайшліся ў месцы даволі прасторным, зачыненым з усіх бакоў мурам. Дзе-нідзе стаялі тут асобныя помнікі, а на сярэдзіне бачны быў гіпагеўм або крыпта, ніжэйшая частка якое ўваходзіла пад зямлю, дзе былі гробы; перад уваходам у крыпту шумеў вадаліў. Відаць было, што сам гіпагеўм няшмат мог змясціць людзей, дык Вініць здагадаўся, што абрад адбывацімецца пад адкрытым небам на двары, дзе ўжо многа сабралося народу. Як вокам згледзець, лятарня мігацела пры лятарні, а многія з прыйшоўшых не мелі ніякага святла. Толькі некалькі галоў было раскаптураных, усе, баючыся здраднікаў ці холаду, заставаліся ўкрытымі, і малады патрыцый маркоціўся, каб не засталіся так да канца, нельга бо будзе ў такой суталоцы пры слабым асвятленні распазнаць Лігію.
672 Гэта быў найлепшы спосаб. Пятроні быў чалавекам апанованым, і Хілон прынамсь мог мець надзею, што хоць выслухае яго да канца. Пятроні, які ведаў справу ад пачатку, хутчэй уверыў бы ў нявіннасць Хілона, чым прэфекты. Але перш чым ісці да яго, трэба было б даведацца напэўна, што сталася з Вініціем. Хілон жа гэтага не ведаў. Бачыў, праўда, ліга, скрадаючагася да рэчкі з целам Кратона, але і ўсяго толькі. Вініць мог быць забітым, але мог быць і раненым або схопленым. Цяпер вось толькі прыйшло ў голаў Хілону, мо хрысціяне пэўна не адважыліся б забіць так дастойнага чалавека, аўгустыяніна і высокага ўрадаўца вайсковага, бо такі праступак мог бы выклікаць на іх пераслед. Было праўдападобнейшым, што яны затрымалі яго гвалтам, каб даць час Лігіі зноў схавацца ў новым мейсцы. Думка гэта крыху ўліла Хілону ў душу льгі.
673 Аж пабялеў з гневу й аслаблення. Лігія, чуючы гэта з бакоўкі і будучы пэўнай, што ён гатовы гэта зрабіць, спалохалася. Не жадала ні за што ягонай смерці. Безабаронны ранены выклікаў толькі літасці яе пра ахвяры, пасвяту й міласэрнасць без межаў, сама ўпаілася тым новым духам да таго, што забылася й аб доме, і аб бацькох, і аб згубленым шчасці, зрабілася з яе адна з такіх маладых хрысціянак, якія пазней змянілі старую душу свету. Вініць так ужо ўрэзаўся ў ейную долю, так накінуўся, што нельга ўжо было пра яго забыць. Думала пра яго цэлымі днямі й не раз маліла Бога, каб спаслаў такую хвіліну, у якой, ідучы за подыхам навукі, магла б яму выплаціцца дабром за зло, міласэрнасцю за пераслед, зламаць яго, здабыць для Хрыста, збавіць. І цяпер вось, здавалася ёй, такая хвіліна прыйшла, малітвы, знача, Бог выслухаў.
674 Пасля чаго, узяўшы накідку, борзда выйшаў. Знайсці яго ў Рыме не было лёгка, нат пры найлепшым адрасе, але Урсусу ў такіх выпадках дапамагаў інстынкт ляснога чалавека ды адначасна добрая абазнанасць з горадам, так што незабаўна знайшоўся ў памяшканні Хілона. Не пазнаў яго, аднак. Упярод бачыў яго толькі раз у жыцці, дый тое ўначы. Той пастаўны й самаўпэўнены старац, які набухторваў яго забіць Глаўка, так быў непадобны да гэтага згорбленага ў абцас са страху грэка, што нельга было падумаць, каб гэта яны былі адной асобай. Хілон таксама, скеміўшы, што Урсус глядзіць на яго, як баран на новыя вароты, ахрабрэў. Не пагражала яму, знача, падазрэнне, што ўвёў яго наўмысна ў бяду. Прытым здагадаўся, што хрысціяне не забілі Вініція, мабыць, дзеля таго, што не асмеліліся падняць рукі на паважаную асобу.
675 Ты ж у мяне князёўна і прыбранае дзіця Плаўтаў! І перамогся да таго, што, калі зноў Назарка вярнуўся ў хату, абяцаў яму пару паваў або фламінгаў, якіх меў повен агарод. Лігія зразумела, колькі яму каштавала падобная перамога сябе. І чым часцей перамагаў сябе, тым больш сэрца ейнае ліпла да яго. Заслуга ягоная адносна Назаркі была, аднак, меншай, чым спадзявалася. Вініць мог перад хвілінай абурыцца на яго, але не мог быць зайздросным. Бо сын Мырыям іставетна мала больш значыў у вачах ягоных, чым сабака, дый быў жа ён яшчэ дзіцём, якое калі й любіла Лігію, дык нясведама і хутчэй з прывязанасці. Большую барацьбу з сабою мусіў весці малады трыбун, калі прыходзілася паддацца, хоць моўчкі, той пачэснасці, з якою ставіліся прысутныя да Хрыста й ягонай навукі. У гэнай справе дзеяліся ў Вініцію рэчы дзіўныя.
676 Хапіўшы ў далоні ягоную галаву, хацела падняць ды замест таго сама нахілілася над ім так, што аж вуснамі даткнулася да ягонай чупрыны, і праз хвіліну змагаліся ўпойна так з сабою ды з каханнем, якое штурхала адно да другога. Лігія ўсхапілася ды ўцякла, чуючы полымя ў жылах і заварот у галаве. Гэта была ўжо кропля, якая канчаткова перапоўніла чару. Вініць не дадумаўся, колькі каштаваціме яму тая шчасная хвіліна, але Лігія зразумела, што цяпер яна сама патрабуе ратунку. Наступная ноч прайшла бяссонна, у слязах і малітве, у пачуцці нягоднасці, што малітва ейная не будзе выслухана. Назаўтра раненька выйшла з кубікулюма ў агародзец і, заклікаўшы Крыспа, адкрыла яму ўсю душу, молячы яго адначасна, каб дазволіў ёй пакінуць дом Мырыям, бо не давярае сабе і не можа перамагчы ў сабе кахання да Вініція.
677 Пятроні быў чалавекам адважным і смерці не баяўся, але, нічога ад яе не спадзеючыся, не хацеў яе выклікаць. Пасля доўгай надумы вырашыў: найлепш і найбеспячней будзе выслаць Вініція з Рыму ў дарогу. Ах, каб мог даць яму Лігію ў дарогу на дадатак, даў бы з радасцю! Але й так спадзяваўся, што не надта цяжка будзе яго намовіць. Тады распусціў бы на Палатыне вестку пра хваробу Вініція і аддаліў бы ад яго небяспеку дый ад сябе. Аўгуста хіба ж не ведала, ці Вініць пазнаў яе; магла думаць, што не, дык самагоднасць не надта ўцярпела. Інакш, аднак, магло быць у будучыні, і трэба было б забяспечыцца. Пятроні перадусім маніўся справу адвярнуць, бо меркаваў, што калі цэзар раз ужо рушыць у Ахайю, тады Тыгэлін, прафан мастацтва, сыйдзе на другі план і страціць уплыў... У Грэцыі Пятроні не меў сабе канкурэнтаў.
678 І, не чакаючы адказу, усунуў яму ў руку павады і далучыўся з Вініціем да ідучае грамады. Цераз хвіліну ўвайшлі ў падзямелле і сунуліся прыцемкам праз калідор, пакуль не дайшлі да абшырнае пячоры, з якое няйначай выбіралі камень, бо сцены ейныя мелі сляды адломаў. Там было відней, чым на калідоры, бо апрача святлікоў і лятарняў гарэлі светачы. Пры іхнім святле Вініць бачыць цэлую грамаду людзей на каленях, з рукамі ўзнесенымі ўгару. Лігіі, Апостала Пятра і Ліна не мог нідзе дагледзець, замест іх акружалі яго паважныя твары, расхваляваныя. У некаторых вычытвалася чаканне, трывога, надзея. Бляск адбіваўся ў бялкох паднесеных вачэй, пот сплываў па белых, як мел, лбах; некаторыя пяялі песні, іншыя гарачкава паўтаралі імя Езус, некаторыя біліся ў грудзі. З настрою ўсіх відаць было, што напружана чагось чакаюць.
679 Прыйдзі ў элеотэзіюм намасціць мне рукі. На пояс Кіпрыды! Ніколі шчэ не выдавалася ты мне так прыгожай. Загадаю табе зрабіць ванну на манер слізяніцы, а ты будзеш у ёй, бы каштоўная перла... Прыйдзі, залатавалосанькая! І пайшоў. А цераз гадзіну пазней абое ў ружовых вянках і з мутнымі вачыма ляжалі пры стале, застаўленым залатым сервізам. Прыслужвалі ім хлапчаняты, прыбраныя за амуркаў, а яны, папіваючы віно з азялененых кружаў, слухалі гімну да Апалона, пяянага пад акампанемент гарфаў пад батутаю Антэмія. Не клапаціліся тым, што навокал віллы тырчалі на пажарышчы коміны дамоў ды што вецер разносіў попел згарэўшага Рыму. Пачуваліся шчаслівымі і думалі толькі пра каханне, якое акрасіла й змяніла ім жыццё ў боскі сон. Гімн яшчэ не быў скончаны, як уваходзіць на залу нявольнік, загадчык атрыюма.
680 Увесь цырк аж дрыжэў ад воплескаў ды людскога рыку. Для тых, што ставілі стаўкі на Календыё, быў ён у той хвіліне вялікшым, чым цэзар, але якраз дзеля таго згасла ў іх заўзятасць і супраць Ланьёна, які коштам собскае крыві напоўніў ім кішэні. Дык раздвоіліся жаданні народу. На ўсіх лавах паказаліся напалову галасы смерці і галасы злітавання, але сетнік глядзеў толькі ў ложа цэзара й вясталак, чакаючы, што яны прысудзяць. На жаль, Нэрон не любіў Ланьёна, бо на апошніх ігрышчах перад пажарам, закладаючыся супраць яго, прайграў Ліцынію немалую суму, дык высунуў руку з подыюма і паказаў вялікім пальцам у зямлю. Вясталкі воміг паўтарылі тое самае. Тады Календыё стаў каленам на грудзёх гала, выняў кароткі нож з-за пояса і, адгарнуўшы панцыр на шыі праціўніка, усунуў яму па самае трымальна нож у горла.
681 Падкуплены за вялікую суму даглядчык Гнілых Ямаў прыняў яго ўрэшце ў чараду свае чэлядзі, якую штоноч высылаў па трупы ў вязніцу. Небяспека быць пазнаным існавала малая. Спагадала гэтаму ноч, вопратка нявольніцкая ды благое асвятленне вязніцы. Дый каму ж магло прыйсці ў голаў, каб патрыцый, унук і сын консулаў, мог знайсціся між грабарскаю чэляддзю, нюхаючаю смурод вязніц і Гнілых Ямаў, каб узяўся за працу, да якое змушала толькі няволя або крайняя бяздоліца! Але ён, калі настаў жаданы вечар, падперазаўся й акруціў галаву анучай, імпрэгнаванай шкіпінарам, ды з сэрцам скачучым пайшоў разам з супрацоўнікамі на Эсквілін. Прэторыянская варта не рабіла ім перашкод, бо ўсе мелі адпаведныя тэсары, якія цэнтурыён правяраў пры святле ліхтарыка. Па хвіліне вялікія жалезныя дзверы адчыніліся перад імі. Увайшлі.
682 Звер паваліўся на зямлю з каркам, скручаным насмерць. Тады волат воміг разблытаў матузы з ягоных рог і, узяўшы дзяўчыну на рукі, пачаў борзда адсопвацца. Твар ягоны збялеў, валасы пазлепліваліся ад поту, рукі й лапаткі былі як бы злітыя вадою. Праз момант стаяў, як паўпрытомны, пасля, аднак жа, падняў вочы і пачаў глядзець на публіку. А амфітэатр шалеў! Сцены будынку дрыжалі ад крыку шматтысячнага натаўпу. Ад пачатку існавання відовішчаў ніхто не памятаў такога ўздыму настрою. З найвышэйшых шэрагаў беглі ў ніжэйшыя, таўкучыся ў праходах між лаўкамі, каб бліжэй прыгледзецца асілку. Адусюль адзываліся галасы пра ласку, заядлыя, упартыя, якія незабаўна змяніліся ў адзін агульны вокрык. Той вялігур стаўся цяпер дарагім для гэтага раскаханага ў фізічнай сіле народу, стаўся першаю ў Рыме асобаю.
683 Смерць Віндэкса і разлад збунтаваных легіяў, казаў бы, зноў перацягвалі шалю на ягоны бок. Ужо новыя банкеты, новыя трыумфы і новыя прысуды запавешчаны былі ў Рыме, калі нечакана аднае ночы на запененым ліхачы прылятае з прэторыянскага лагеру пасланец з дакладам, што ў самым горадзе войска падняло сцяг бунту і агалосіла Гальбу цэзарам. Цэзар спаў падчас прыбыцця пасланца і, прачнуўшыся, дарэмна клікаў прыбочнае варты, што ахоўвала начамі ягоную камору. У палацы была ўжо пустка. Нявольнікі толькі рабавалі ў далейшых куткох усё, што трапляла пад руку. Але ягоная прысутнасць напалохала іх, а ён блукаўся адзінокі па ўсім доме, напаўняючы яго крыкам трывогі і роспачы. Урэшце, аднак, вызвольнікі Фаон, Спірус і Эпафродыт прыскочылі яму на ратунак. Намаўлялі, каб уцякаў воміг, як стаіць, але ён дурыўся шчэ спадзевай.
684 Усе звяры, птушкі і насякомыя дружна накінуліся на ненавісных паліцэйскіх сабак. Вожык, вожычыха, вожыкава цешча, дзве вожыкавы незамужнія цёткі і маленькія вожычкі згортваліся ў клубкі і з хуткасцю кракетнага шара білі іголкамі бульдогаў у морду. Чмялі, шэршні з налёту джалілі іх атрутнымі джаламі. Сур'ёзныя мурашкі не спяшаючыся залазілі ў ноздры і там пускалі ядавітую мурашыную кіслату. Жужалі і жукі кусалі за пупок. Каршун дзёўб то аднаго сабаку, то другога крывой дзюбай у чэрап. Матылькі і мухі шчыльным воблачкам таўкліся перад іх вачыма, засланяючы святло. Жабы трымалі напагатове двух вужоў, гатовых памерці геройскай смерцю. І вось, калі адзін з бульдогаў шырока разявіў пашчу, каб вычхнуць атрутную мурашыную кіслату, стары сляпы вуж кінуўся галавой наперад яму ў горла і вінтом пралез у страўнік.
685 Час-ад-часу напружаны слых лавіў нейкія гукі, але яны здаваліся гэткімі далёкімі, глухімі і таямнічымі, быццам замагільная стагната і крык, і былі яшчэ страшней, чымся дамавіннае маўчаньне, якое яны трывожылі. Сьпярша хлопчык думаў застацца тут на ўвесь дзень; але хутка холад ахапіў яго распаленае ад борздае хады цела, і ён павінен быў пусьціцца ў дарогу, каб сагрэцца. Ён прабіраўся лесам з надзеяй выйсьці на дарогу, але рахунак яго не апраўдаўся. Ён усё йшоў ды йшоў; чым далей, тым гушчар здаваўся большым. Надходзіў вечар; кароль заўважыў, як пакрысе надходзіць ноч. Жудасна зрабілася яму, калі падумаў, што давядзецца начаваць у гэткім страшным месцы. Ён яшчэ паддаў шагу, але гэта было дарэмна, таму што ён ня бачыў, што пад нагамі, і бесьперастанку чапляўся за карані дрэваў, за павітыя расьліны.
686 Ён выказаў сваю монаршую ласку судзьдзі, пашкадаваўшаму яго, калі над ім вісела абвінавачаньне ў кражы парасяці, і яму прыемна было бачыць, як судзьдзя падняўся ў грамадзкай опініі, дасягнуў высокага палажэньня й чэсьці. Да канца жыцьця кароль ахвотна спамінаў і расказваў гісторыю сваіх прыгодаў, з тае самае мінуты, як вартаўнік адпіхнуў яго ад брамы палацу, да тае памятнае ночы, калі ён, паціху ўмяшаўшыся ў натаўп рабочых, прайшоў у абацтва, схаваўся ў дамавіне Спаведніка і заснуў гэткім сном, што ледзь быў не прапусьціў самога абраду каранацыі. Ён цьвярдзіў, што памятка аб гэтых каштоўных лекцыях паслужыла на карысьць яму й дзеля дабра народу, і што пакуль будзе жывы, ён не пакіне паўтараць сумнага расказу, каб ня даць памізарнець абразом перажытага, ня даць вычарпацца спачуцьцю да ўсіх няшчасных і ганімых.
687 На пачатку нашага расповеду колькасьць прымежнікаў, як іх называлі, значна павялічылася. Тут і там пасельнікі скардзіліся на чужынцаў ды ўсялякіх пачвараў, што шлындаюць ля межаў ці нават па-за імі. Бо падступалі часы небясьпечныя, вядомыя толькі з даўніх паданьняў ды казак. Зрэдку хто зьвяртаў увагу на трывожныя прыкметы пераменаў, нават і сам Більба. Шэсьцьдзесят гадоў мінула зь ягонай помнай вандроўкі, ён сягнуў узросту вельмі старога нават паводле хобіцкіх вымярэньняў, бо хобіты звычайна дажывалі да сотні й болей. Скрыні з здабыткам, прывезеным з той вандроўкі, відавочна, былі далёка да спусташэньня, а ў якой ступені далёка, Більба не распавядаў нікому, нават свайму самаму ўлюбёнаму пляменьніку Фрода. А яшчэ Більба захоўваў, анікому не паказваючы, дзівосны пярсьцёнак, які прыдбаў падчас той вандроўкі.
688 Пачынаўся файны дзень, і хобіты ўзбадзёрыліся. З дальняга боку паляны прыкмецілі праход і яўную сьцежку за ім. Даволі далёка было відаць, як яна ўецца па лесе, месцамі шырокая й адкрытая, хоць сям-там тоўстыя галіны дрэваў, што расьлі побач, захілялі яе. Па той сьцежцы й паехалі. Яшчэ ехалі ўгору, але нахіл быў невялікі, рухаліся нашмат хутчэй і ў лепшым настроі, бо, падавалася, пушча вырашыла ўсё-ткі іх прапусьціць. Аднак з часам зрабілася сьпякотна. Дрэвы прысунуліся бліжэй, і далёка наперад ужо не было відаць. Ліхая воля пушчы адчулася знову, і мацней, чым раней. Было так зацішна, што слабы пошчак капытоў поні, шоргат па старым лісьці ды выпадковае скрыгатаньне па непрыкметных каранях адбіваліся громам увушшу. Фрода быў засьпяваў, каб узьняць настрой, але ягоны голас хутка ператварыўся ў шэпт.
689 Хутка, аднак, праца дала плён, хобіцкія сэрцы й брушкі ўзрадаваліся, і хобіты зноў пачалі жартаваць ды сьмяяцца. Тады Злата сьпяяла ім мноства песьняў. Яны пачыналіся з гор і заціхалі ў далінах, і ў цішыні хобітам уяўляліся азёры й разьлівы нябачанай шырыні, і пад самымі нагамі адлюстроўваліся нябёсы, і зоры дыямантамі зьзялі з глыбіняў. Потым гаспадыня знову пажадала кожнаму дабраначы й сышла, пакінуўшы іх ля агменю. Але ж тут абудзіўся Том і заваліў хобітаў пытаньнямі. Высьветлілася, што ён шмат ведаў і пра іх саміх, і пра іхнія сем'і, дый увогуле пра шырскія падзеі з тых дзён, пра якія й самі хобіты наўрад ці памяталі. Яны ўжо не дзівіліся, а ён і не хаваў, што ведамі пра самыя раньнія падзеі абавязаны, галоўным чынам, старому Блазну, які падаваўся Тому асобай нашмат істотнейшай, чым уяўлялася хобітам.
690 Калі сутонела, набрылі на крыніцу, якая, пятляючы, сьцякала з пагоркаў, каб згубіцца сярод застаялых багнаў і дрыгвы. Пайшлі ўздоўж берагоў, пакуль зусім не сьцямнела. Зь цемраю нарэшце прыпыніліся на ноч пад крывымі асінамі на беразе. Наперадзе чарнелі ў змрочных нябёсах пустыя, лысыя вяршыні пагоркаў. У гэтую ноч паставілі вартавых. А Швэндал, падавалася, і зусім ня сьпіць. Блядны месяц ліў на зямлю халоднае шэрае сьвятло. Раніцою рушылі зноў на досьвітку. Марозіла, нябёсы былі ясныя, сьветла-блакітныя. Хобіты адчувалі сябе надзіва пасьвяжэлымі, нібы праспалі нармалёва й бесклапотна ўсю ноч. Ужо, відавочна, прызвычаіліся да добрага шпацыру ды сьціплай ежы. У Шыры нават не паверылі б, што гэткія крыхі ўвогуле здольныя ўтрымаць на нагах хобіта. А Піпін абвесьціў, што Фрода ўдвая пакрапчэў.
691 Па Шляху краем пагор'я ад Апошняга мосту да Бруйненскага броду шмат вёрстаў. Але я пакуль і ня думаў, як пераправіцца цераз яе. Зараз трэба турбавацца пра Шэрань. Неверагодна пашанцуе, калі ніхто не падпільнуе нас ля Апошняга мосту. Наступнай раніцою, зь першым сьвятлом зноў падступіліся да Шляху. Сэм і Швэндал пайшлі наперад разьведаць, але не заўважылі аніякіх прыкметаў Чорных Вершнікаў ці іншых вандроўнікаў. Дажджыла. Тут, ля ўзножжаў, дождж, напэўна, ішоў і раней. Швэндал палічыў, што два дні таму, і вадой пазмывала ўсе сьляды. З таго часу, падавалася, аніякі вершнік тут не праяжджаў. Па Шляху ледзь ня беглі й празь вярсту ці дзьве пабачылі наперадзе пад кароткім крутым схілам Апошні мост. У жаху чакалі чорных зданяў, але нікога не было. Швэндал загадаў схавацца ў кустах ля Шляху, а сам пайшоў.
692 Не, не, ён не пасьпее да броду. Перахопяць. Вось яны, бачныя выбітна й ясна: ужо бяз чорных плашчоў, апранутыя ў шэрае, бляднае. Аголеные мечы блішчаць у касьцістых руках, галовы ўвянчаныя шаломамі, зіхацяць ільдзяныя вочы. Прывіды злосна лямантавалі, клікалі яго, скачучы. Жах авалодаў розумам Фрода. Ён забыўся на корд. Скакаў анямеўшы, заплюшчыўшы вочы, учапіўшыся ў грыву. Вецер сьвісьцеў увушшу, дзіка й тонка брэнькалі званочкі на вупражы. Лядзяны подых дротам працінаў ягонае цела, але, ірвануўшыся на ўсю моц, бліскаўкай белага полымя эльфаў конь, як на крылах, пранёсься перад носам найбліжэйшага Вершніка. Фрода пачуў усплёск вады. Яна бурліла й пеніла ля самых ног. Адчуў, хіснуўшыся ў сядле, як конь выскачыў з вады, паскакаў па пятлястай, камяністай сьцежцы ўгору. Усё, наверсе. Брод застаўся за сьпінай.
693 Мноства эльфаў і магутных людзей, мноства іх паплечнікаў забрала вайна. Загінулі Анарыён і Ісільдар, ня стала Гіль-Галяда з Элендылем. Аніколі болей не паўстане зноў такі зьвяз людзей і эльфаў, бо людзі памнажаюцца, а Першанароджаных застаецца ўсё меней і меней, і два народы ўсё чужэй глядзяць адзін на другога. Кроў Нумэнору вадчэе, і людзкія гады скарачаюцца. На Поўначы пасьля вайны й бяды на Квятных Панізьзях людзей Захаду засталося няшмат, і паступова горад Анумінас ля возера Сутоні запусьцеў. Нашчадкі Валандыля закінулі яго й перабраліся ў Форнаст на Паўночным пагор'і. Цяпер і ён ляжыць у руінах. Людзі завуць яго Мерцьвяковай Гародняй і баяцца заходзіць туды. Бо народ Арнару вымер, ворагі вынішчылі людзей, час зруйнаваў муры, і ўлада ягоная сышла, пакінуўшы толькі зарослыя травою курганы на пагор'і.
694 Аднак я не прыкмеціў анічога падазронага ў ягоным голасе ці позірку падчас нашай сустрэчы. Калі прыкмеціў бы, наўрад ці накіраваўся б прама да Ізенградку ці, верагодна, рушыў бы асьцярожней, падрыхтаваўшыся. Тое Саруман ведаў і таму не адкрыўся Радагасту, падмануў яго. Ва ўсялякім выпадку Радагаста пераконваць ды схіляць да здрады бессэнсоўна. Ён шукаў мяне, таму што шчыра жадаў дапамагчы, і таму я паверыў. Таму й абрынуліся Саруманавы разьлікі. Бо Радагасту й да галавы не прыйшло б ня выканаць абяцаньня. Ён скіраваўся да Ліхалесься, да сваіх даўніх сяброў. Горныя арлы ўжо даўно заўважылі паўсюль мноства трывожных прыкметаў: зборы ваўчыных зграяў ды оркавых натоўпаў, бачылі, як Дзевяцёра гарцуюць па зямлі. Дайшлі да арлоў і весткі пра ўцёкі Глыкса. З Радагаставай нарады арлы паслалі да мяне ганца з навінамі.
695 Праблема ў тым, што я яшчэ ня ведаю, дзе мы. Калі не зусім заблукаў, мы троху на поўнач ад Вялікай брамы й нашмат вышэй за яе. Шлях ня так проста адшукаць. Напэўна, лепей ісьці ўсходнім калідорам. Аднак перш за ўсё лепей уважліва агледзецца. Прапаную спачатку пайсьці да паўночнага праходу, дзе сьвятло. Файна, калі знойдзем там акно. Хоць, баюся, і туды промень трапляе аднекуль зь сьвідравіны пад стольлю. За Гэндальфам сьледам вандроўнікі крочылі за паўночную арку. Апынуліся ў шырокім калідоры. Сьвятло мацнела. Нарэшце зразумелі, што выходзіць яно з-за дзьвярэй праваруч. Яны былі высокія, прамыя й каменныя, прачыненыя й яшчэ добра трымаліся на завесах. За дзьвярыма ўбачылі вялікі пакой, слаба асьветлены, але для вачэй, звыклых з доўгай цемрай, сьвятло падалося асьляпляльным. Нават заміргалі, увайшоўшы.
696 Ты мусіў нас папярэдзіць. Бо трэба перш за ўсё паклапаціцца пра цябе, хоць бы ўсё оркі Морыі гналіся за намі! Крыху далей ёсьць месца, дзе можна перадыхнуць. Там я паспрабую табе дапамагчы, як толькі здолею. Давай, Барамір, паднясем іх! Неўзабаве напаткалі яшчэ адзін струменік, што, бегучы з захаду, бурліва ўліваўся ў Срабрынку. Сустрэўшыся, абодва струмені саскоквалі вадаспадам з прыступкі зеленаватага каменю ды, пырскаючы пенаю, беглі па расколіне з стромымі схіламі, зарослымі аленевым языком і чарніцамі. На дне расколіны там і тут стаялі пакрыўленыя нізенькія елкі. Ля самога ж струменю, які гаманліва каціў па бліскучым жвіры, месца была роўнае й прыдатнае для адпачынку. Там і прыпыніліся. Сонца ўжо хілілася на захад, бо сканчалася трэцяя гадзіна пасьля полудня, а ад брамы адышлі ўсяго на некалькі вёрстаў.
697 Здароўя й дабрабыту старому спадару! За тое люблю яго шчэ болей. Спадзяюся, нам самім пашанцуе распавесьці яму пра тое асабіста! На Фродавым правым баку й грудзёх чарнеў вялізны сіняк. Кальчуга мела пад кольцамі яшчэ й падбіўку зь мяккай скуры, але ў месцы ўдару кольцы праціснулі яе й упіліся ў цела. Левы Фродаў бок, якім пад дзідай бразнуўся аб каменную сьцяну, таксама быў падрапаны ды пасінелы. Пакуль астатнія гатавалі ежу, Арагорн прамыў драпіны ўзварам ацэласу. Сакавіты водар паплыў над цясьнінай. Усе, хто нахіліўся над рондалем з узварам, удыхаючы пару, адчулі, што й бадзёрасьці, і сілаў дадалося. Неўзабаве й Фродаў боль адступіў, і дыхаць стала лягчэй, хоць кранаць сінякі й драпіны яшчэ цягам многіх дзён было балюча. Каб ад вопраткі не балела, Арагорн прыбінтаваў да сінякоў кавалкі мяккай тканіны.
698 Узабраўся на п'едэстал ды глянуў у цьмяную ваду. Адразу ж паверхня праясьнілася й выступіла змрочная зямля. Далёка ўздымаліся чорныя цені гор. Наперадзе вілася доўгая шэрая дарога, зьнікаючы па-за межамі зроку. Здалёк на дарогу крочыла, павольна рушыла постаць, маленькая, няясная спачатку, але, наблізіўшыся, яна нарысавалася выразьней. Раптам Фрода зразумеў, што яна надта нагадвае Гэндальфа. Амаль ужо й вы гукнуў чараўнікова імя, але заўважыў: постаць апранутая ня ў шэрае, а цалкам у белае, якое крыху зьзяла ў прыцемках. У руцэ невядомы трымаў белы чараўнікоў кій. Галава была нахіленая так, што Фрода ня бачыў твару. А неўзабаве постаць збочыла з дарогі й зьнікла па-за межамі зроку. Сумнеў закраўся ў Фродаву душу: ці гэта Гэндальф падчас адной з сваіх шматлікіх самотных вандровак мінуўшчыны, ці Саруман?
699 Над галавою віселі шэрыя нябёсы, па-ранейшаму зацягнутыя хмарамі, вецер дзьмуў з усходу. Надвячоркам, аднак, на захадзе праясьнілася й заходнае сонца зазьзяла ў прарэхах аблокаў жоўтым ды бледна-зялёным сьвятлом. А потым і бялюткі скрыдлік маладзіку заблішчэў на вадзе. Сэм пазіраў на яго й хмурыў бровы. Наступным днём берагі пачалі хутка мяняцца. Узьняліся, ашчэрыліся камянямі. Неўзабаве вандроўнікі паплылі праз камяністае пагор'е, строма падымаліся ўгару абодва берагі, іхнія схілы шчыльна зарасьлі цернем ды іншымі калючкамі, пераплеценымі плюшчом і ажыньнікам. Ззаду тырчэлі невысокія шчарбатыя скалы з крохкага выветранага каменю, цёмныя ад плюшчу, а за імі высіліся грабяні хрыбта, што зарос елкамі, перакрыўленымі ветрам. Вандроўнікі набліжаліся да шэрага пагор'я Эмін Мюйлу, паўднёвай ускрайны Дзіказем'я.
700 Усе налеглі на вёслы, нават Сэм. Кожны чакаў, што ягоная чарнапёрая сьмерць вось-вось прыляціць зь цемры. Мноства іх прасьвісьцела над галовамі або пляснулася ў ваду побач, ды аніводная ня ўлучыла. Вядома, было цёмна, але ж ня так, каб добры начны зрок оркаў ды зорнае сьвятло не далі ворагам пацэліць. Напэўна, шэрыя лорыйнскія плашчы ды шэрае дрэва эльфскіх чоўнаў падманулі ліхое майстэрства лучнікаў Мордару. Грабок за грабком рушылі наперад. У цемры цяжка было разабраць, ці прасоўваліся ўвогуле, аднак паступова бурленьне вады сьцішылася й цень усходняга берагу распусьціўся ў начы. Нарэшце, як падалося, сягнулі сярэдзіны струменю, добра адсунуўшы ад сябе чорныя скалы-іклы. Тады павярнулі й з усёй моцы загрэблі да заходняга берагу. Пад прыкрыцьцём кустоў, якія навісалі над вадою, прыпыніліся перадыхнуць.
701 Сьветлаю й яснаю раніцою пад птушыныя сьпевы сягнулі падарожнікі струменю. Ён спрытна выбягаў на роўнядзь, перакрываючы шлях да Эдорасу, і ля ўзножжаў узгор'я шырокім паўколам паварочваў на ўсход, каб там, у далечыні, далучыцца да Энтуі між зарослых асотам панізьзяў. Мясьціны тут былі зялёныя, вільготныя. Цягнуліся ўздоўж ракі паплавы, на іх расло мноства вербаў. Ужо чырванелі кончыкі іхніх пругкіх галінак, адчуваючы надыход вясны. Непадалёк цямнеў і брод паміж нізкімі берагамі, надта стаптанымі капытамі. Падарожнікі перайшлі раку й рушылі шырокім набітым ды каляіністым шляхам угару па даліне. Ля ўзножжа абнесенага сьцяною ўзгорку шлях праходзіў побач з мноствам курганоў, высокіх і зялёных. Траву на іхніх заходніх баках нібы прысыпала сьнегам: маленькія незьлічоныя кветкі зьнічкамі зьзялі сярод травы.
702 Поўнач мінула. Павісла вусьцішная цемра, сьпякотнае паветра абяцала блізкую навальніцу. Зьнянацку хмары разадрала асьляпляльная бліскавіца. Галінастая маланка абрынулася на ўсходнія горы. На адзін зыркі момант прастору ад замкавых сьценаў да валу заліло бялюткім сьвятлом, і вартавыя на сьценах пабачылі: уся яна кішыць чорнымі постацямі, кароткімі й каранастымі ці высокімі й суворымі, у высокіх шаломах ды з чорнымі тарчамі. А праз вал лезьлі, беглі праз праход яшчэ сотні й сотні. Чорны прыліў захлынуў даліну ад скалаў да сьценаў. Пракаціліся грымоты. Тады шматхвостаю пугаю лупцанула зьліва. Гусьцей за яе ўзьляцелі стрэлы над замкам. Пападалі, бразгаючы й сьлізгаючы па камянёх. Некаторыя ўлучылі. Напад на Хельмаў Яр пачаўся, але з крэпасьці ў адказ не даляцела нічога: ані выклікаў ці пагрозаў, ані стрэлаў.
703 Паколькі ані ўцякаць, ані хавацца сэнсу не было, Сэм і Фрода ўскочылі, стаўшы сьпіна да сьпіны й выцягнуўшы корды. Калі яны зьдзівіліся з таго, што пабачылі, дык паляўнічыя на іх зьдзівіліся нашмат болей. Чатыры высокія чалавекі стаялі побач. Два трымалі ў руках дзіды з шырокімі зыркімі лёзамі. Два мелі вялізныя, амаль у чалавечы рост, лукі й вялізныя ж сагайдакі, поўныя доўгіх зеленапёрых стрэлаў. Ва ўсіх на пасах віселі мечы, усе былі апранутыя ў бурае й зялёнае розных адценьняў, каб лепей прабірацца нябачнымі праз зарасьці Ітыльёну. Зялёныя пальчаткі прыкрывалі іхнія рукі, а твары хаваліся за зялёнымі каптурамі й маскамі, так што адтуль толькі бліскалі вочы, надта пранізьлівыя. Фрода адразу падумаў пра Бараміра, бо гэтыя людзі надта нагадвалі яго рысамі твараў і постацямі дый манераю гаворкі.
704 Я не хачу, каб яго баяліся, але каб ставіліся да яго з глыбокай павагаю й пашанаю, як шануюць людзі годнасьць найстарэйшага й наймудрэйшага сярод іх. Таму не палохайся мяне! Я не прашу цябе распавядаць мне болей. Я не прашу нават пацьвердзіць, ці блізкая мая здагадка да праўды. Але ж калі ты даверысься мне, то, магчыма, я дапамагу табе парадаю ў тваёй справе, якой яна ні была б, а можа, і ня толькі парадаю. Фрода не адказаў. Хоць амаль паддаўся спакусе, бо так прагнуў дапамогі й добрай рады, так хацеў падзяліцца з гэтым суворым юнаком, чые словы падаваліся мудрымі й шчырымі, усім, што ляжала на сэрцы й у розуме. Аднак нешта стрымала яго. Страх перапаўняў яго, страх і далеч: калі ён з Сэмам, як падалося, засталіся адзінымі з усяго Зьвязу Пярсьцёнка, дык толькі на Фрода й ляжыць цяпер адказнасьць за таемнасьць.
705 Падчас трэцяга пераходу, калі падступаў ужо надвячорак, лес парадзеў, дрэвы зрабіліся большымі й стаялі далей адно ад другога. Вялізныя падубы з таўшчэзнымі стваламі, змрочныя й велічныя, высіліся пасярод шырокіх палянаў, трапляліся там і тут паміж імі старыя пасівелыя асіны, на магутных дубах якраз распускаліся бура-зялёныя пупышкі. Між імі ляжалі доўгія лужкі зялёнай травы, сьпярэшчанай падтыньнікам ды анямонамі, блакітнымі й белымі, якія ўжо зачынялі кветкі на ноч. Цэлыя валокі былі занятыя лістамі лясных гіяцынтаў, і іхнія гонкія кветкавыя сьцябліны ўжо ўзьнімаліся над мохам і цвільлю, праціналі іх. За дарогу хобіты не заўважылі аніводнай істоты, ні птушкі, ні зьвера, але ж на адкрытых прасторах Глыкс непакоіўся, там рушылі ўдвая асьцярожней, перабягалі ад аднаго доўгага ценю да другога.
706 Хобіты ўцята крочылі поплеч па сьцежцы, Глыкса бачылі наперадзе толькі калі ён прыпыняўся й прысьпешваў іх. Тады ягоныя вочы зьзялі бела-зялёным полымем, люструючы моргульскі гнільны бляск альбо запальваючыся ад нейкага адпаведнага Глыксавага настрою. А магільнае сьвятло й позірк чорных правалаў, што засталіся за сьпінамі, Фрода з Сэмам заўжды адчувалі, нават і азіраліся раз-пораз ад страху, і кожны раз зь цяжкасьцю адводзілі позіркі, каб пабачыць наперадзе сьцежку пад нагамі. Рухаліся павольна й складана. Калі падняліся над смуродам і парай атрутнага струменю, дыхаць стала лягчэй і ў галовах праясьнілася. Аднак рукі й ногі пацяжэлі сьмяротнаю стомаю, нібы ўсю ноч цягнулі непасільную пакладу ці доўга змагаліся супраць моцнай плыні. Нарэшце хобіты зьнясілелі зусім і не маглі ісьці далей без адпачынку.
707 Яшчэ раніцаю яны крыху размаўлялі, шапталі ў забыцьці, і назіральнікі прыслухоўваліся, спадзеючыся вызнаць што-кольвек, што дапамагло б у разуменьні іхніх пашкоджаньняў ды ранаў. Але неўзабаве хворыя паглыбіліся ў цемру, і калі сонца схілілася да захаду, шэры цень напоўз на іхнія твары. А Фарамір палаў ліхаманкаю, і яна не адступала. Гэндальф, заклапочаны, хадзіў з кута ў кут, і лекары распавядалі яму, што чулі. Гэтак і мінуў дзень, пакуль вялікая бітва за мурамі вагалася, прыносячы дзівосныя зьвесткі, то аднаўляючы, то хаваючы надзею, а Гэндальф усё чакаў ды назіраў, і ня йшоў анікуды, пакуль барвяны заход не заліў нябёсы й сьвятло з вокнаў ня ўмыла шэрыя твары хворых. Тады тым, хто стаяў побач, падалося: твары паружавелі, нібы жыцьцё вярталася да іх, аднак тое было толькі кпінай з надзеі.
708 Таму кожнадзённа тройчы герольды абвяшчалі імя караля. Аднак на выклік ніхто не адказаў. Усё-ткі, хоць рушылі нібы ў спакоі, на сэрцы ў кожнага ваяра, ад найвышэйшага да найніжэйшага, было маркотна, і з кожнаю вярстою прадчуваньне ліха ўціскала цяжэй. Напрыканцы другога дня зь пераходу ад Скрыжаваньня сустрэлі нарэшце першы выклік і бітву. Моцны шыхт оркаў і ўсходнікаў спрабаваў напасьці з засады на перадавыя разьдзелы ў тым самым месцы, дзе Фарамір упаляваў людзей з Хараду й дзе шлях ішоў праз вузкую цясьніну, вычасаную ў доўгім адгор'і. Правадыроў Захаду своечасова папярэдзілі выведнікі, дасьведчаныя сьледапыты з Хэнет Ануну, якіх вёў Маблунг, і засада сама патрапіла ў пастку. Бо вершнікі далёка аб'ехалі з захаду спрат дый ударылі ў бок ворагу й ззаду, вынішчылі й адагналі на ўсход, у горы.
709 А на поўдні, зусім блізка, луналі дужыя муры Кірыт Гаргару й Чорная Брама сярод іх, і дзьве вежы-іклы высіліся чорна й пагрозьліва пааберуч. На апошні пераход правадыры сышлі з старога шляху там, дзе ён паварочваў на ўсход, каб не набліжацца да злавесных схілаў, і таму падбіраліся да Маранану з паўночнага захаду, як і Фрода калісьці. Дзьве вялізманыя жалезныя палавіны Чорнай Брамы пад цяжкаю выгбаю былі шчыльна зачыненыя. Анічога не праглядвалася на бастыёнах. Усё чакала маўкліва й насьцярожана. Ваяры Захаду сягнулі самай мяжы дзёрзкасьці, па-за ўсялякім цьвярозым разуменьнем, і стаялі цяпер, замярзаючы, бязмэтава й бессэнсоўна, перад мурамі й вежамі, на якія, спадзеючыся на перамогу, ня здолелі б напасьці, нават калі б прывезьлі абложную зброю вялікай моцы, а Вораг меў сілаў толькі на абарону Брамы й сьцяны.
710 Прыйшоў нарэшце назад, да каменных дзьвярэй орцкага тунэлю, так і ня здолеў адшукаць засаўку ці замок, што зачыняў іх, таму ўскараскаўся, як і раней, і асьцярожна саскочыў з другога боку. Тады пракраўся да выхаду з Шэлабінага тунэлю, дзе яшчэ матляліся на халодным ветры абрыўкі яе гіганцкага павуціньня. Вецер падаўся Сэму лядзяным толькі з-за душнай цемры скляпеньняў, ягоны подых аднавіў сілы. Асьцярожна хобіт выпаўз вонкі. Вакол панавала пагрозьлівая ціша. Сьвятла было не болей, чым позьнім сутоньнем напрыканцы змрочнага дня. Дыміскі, што падняліся з Мордару й плынелі на захад, віселі нізка над галавою набухлым чэравам хмараў і смугі, падсьветленыя зьнізу злавеснаю барваю. Сэм зірнуў на орцкую вежу, і зьнянацку зь яе вузкіх акенцаў палыхнулі агні, што маленечкія чырвоныя вочкі. Падзівіўся: мо тое які сыгнал?
711 Дом пракаветны, дзе заўжды нас чакае радзіна! Так сьпяваючы, Ляголас спусьціўся па схіле. За ім і астатнія разышліся, і Фрода з Сэмам вярнуліся да ложкаў і паклаліся спаць. А раніцаю падняліся ў спакоі, абнадзееныя, і прабавілі яшчэ шмат дзён у Ітыльёне. Бо Кармаленскае поле, дзе стаяла лягерам войска, ляжала непадалёк ад Хэнет Ануну, і па начах чуваць былі сьпевы ручаю, што струменіў ад ягоных вадаспадаў праз скалістую цясьніну й далей, скрозь лугі ў квецені да плыняў Андуйну ля выспы Кайр Андрас. Хобіты шпацыравалі тут і там, наведвалі мясьціны, якія праходзілі раней, і Сэм заўжды спадзяваўся ў якім лясным ценю ці таемнай палянцы хоць бы адным вочкам заўважыць вялізнага аліфаўнта. А калі даведаўся, што пры аблозе Мінас Тырыту мноства гэтых зьвяроў вынішчылі, засмуціўся ад такой горкай страты.
712 Напрыканцы наступнага дня Фродаў боль і непакой паменшалі, і Фрода зноў узрадаваўся, быццам і ня памятаў учорашняй чарноты. Пасьля таго вандроўка праходзіла нармалёва. Дні міналі хутка, бо ехалі на сваё задавальненьне й часьцяком прыпыняліся ў прыгожых лясох, дзе лісьце зьзяла золатам і чырваньню пад восеньскім сонцам. Нарэшце сягнулі Наветранай стромы. Ужо сутонела, і цень гары ляжаў плямаю на шляху. Тады Фрода папрасіў пасьпяшацца й на гару не глядзеў, а праехаў скрозь цень з пахіленаю галавою, шчыльна загарнуўшыся ў плашч. Уночы надвор'е зьмянілася. З захаду прыляцеў халодны вецер, прыгнаў хмары, завыў уголас, закружыў жоўтыя лісты, нібы птушак, у паветры. Калі сягнулі Чыцкага лесу, галіны дрэваў агаліліся амаль цалкам, і Прыгор'е ад позірку вандроўнікаў засланіла шчыльная завеса зьлівы.
713 Перад імі паўсталі вялізныя коміны, а калі наблізіліся да старой вёскі за Вадою, пабачылі праз шэрагі агідных будынкаў абапал шляху новы млын ва ўсім ягоным мярзотным і пагрозьлівым звыродзтве: вялізазны цагляны гмах поперак струменю. З гмаху ў раку ліўся смуродны бруд. А вакол прырэцкага бальшаку не засталося ніводнага дрэва. Калі хобіты перайшлі па мосьце й зірнулі на Строму, то вохнулі. Нават для Сэма, які глядзеў у Люстэрка, пабачанае стала неспадзяванкаю. Старую мызу на заходнім баку разбурылі, на яе месцы стаялі шэрагі абсмоленых халупаў. Усе каштаны зьніклі. Насыпы й жывыя агароджы былі парушаныя. На полі, здратаваным ушчэнт, у беспарадку стаялі вялікія вазы. На месцы слабады зеўрала яміна, адкуль цяпер бралі пясок і каменьне. А саму Торбу-пад-Стромай закрывала купа вялізных хацінаў.
714 Шыпенне раздалося зусім блізка. Хобіт павярнуўся і ўбачыў Глыксавы вочы, як два зялёныя ліхтарыкі. Спужаўшыся, ён паспрабаваў бегчы хутчэй, але раптам зачапіўся нагою за вы-шчарбіну ў падлозе і пляснуўся, накрыўшы сабою свой маленькі меч. У момант Глыкс апынуўся побач. Але не паспеў Більба зрабіць што-небудзь, перавесці дыханне, узняцца ці мячом махнуць, як пачварань прабег міма, шэпчучы праклёны. Хобіта ён не заўважыў. Што б гэта значыла? Глыкс жа бачыў у цемры. Більба мог нават ззаду назіраць, як цьмянае святло яго вачэй ззяе праз чарнату. Скрывіўшыся ад болю, хобіт узняўся, сунуў у похвы меч, які зараз злёгку свяціўся, і вельмі асцярожна пакраўся следам за Глыксам. А што яшчэ было рабіць? Не вяртацца ж назад да Глыксавага возера. Можа, Глыкс куды-небудзь гэткім чынам і выведзе, сам таго не падазраючы.
715 Ужо і людзі скакалі ў ваду з усіх мастшў. Жанчын ды дзяцей садзілі ў чоўны на кірмашовым пляцы. Зброю пакідалі. Плакалі і стагналі цяпер там, дзе зусім нядаўна спявалі старыя вясёлыя песні пра будучае багацце і гаомаў. Цяпер людзі пракліналі гномсюя імёны. Сам Бурмістр спяшаўся да свайго вялікага пазалочанага карабля, спадзеючыся ў агульнай мітусні адплыць прэч і ўратавацца. Хутка і ўвесь горад быў бы пакінугы і згарэў бы да самай паверхні возера. Вось на гэта цмок і спадзяваўся. Няхай усе пасядуць у чоўны. Калі ласка. А ён выкшталцона павесяліцца, палюючы на іх ці ганяючы іх, пакуль не перамруць з голаду. Няхай паспрабуюць прыстаць да берага, і вось тут будзе ім! Хутка ён спапяліць усе лясы ўздоўж берагоў, кожнае поле, кожны луг. Нішчыць горад надзвычай забаўляла яго, ён ужо доўгія гады так не весяліўся!
716 Беарн хутка вярнуўся. Шаленства ягонае падвоілася, зда-валася, аніякая зброя не можа яму пашкодзіць, і ніхто не здольны спыніць яго. Ён раскідаў гвардыю, сцягнуў на зямлю самога Больга ды раздушыў яго. Тады роспач завалодала гоблінамі, яны пачалі разбягацца ва ўсіх напрамках. Убачыўшы гэта, гномы ды людзі з эльфамі адчулі новую надзею, стома пакінула іх, яны кінуліся наўздагон, і не шмат ворагаў уцякло. Мноства загналі ў Струмяніцу, а на тых, хто пабег да поўдня ці захаду, палявалі ў балотах уздоўж Лясной Ракі. На ўзбярэжжы большасць гоблінаў і загінула. А тых, хто дабраўся да межаў каралеўства эльфаў, забілі там, ці загналі паміраць у змрочныя, глухія глыбіні Ліхалесся. У песнях спяваюць, што тры чвэрці гоблінскіх ваяроў Поўначы загінула ў той дзень, і доўгія гады пасля таго ў гарах было спа-койна.
717 Потым эльфы выйшлі насустрач, прывіталі іх і правялі праз раку да дому Элранда. А там ужо прынялі іх на славу! Усім нецярпелася пачуць аб прыгодах. Распавядаў Гэндальф, бо Більба, добра пад'еўшы, пачаў дзяўбці носам і ўвогуле быў сонны ды стомлены. Шмат што ён і так ведаў, бо сам прымаў удзел ці чуў аповед Гэндальфа падчас падарожжа альбо ў доме Беарна. Але раз-пораз дый расплюшчваў то адно, то другое вока і прыслухоўваўся, калі чараўнік баіў частку гісторыі, зусім незнаёмую. Так і даведаўся Більба з гутаркі чараўніка з Элрандам, дзе ж Гэндальф прападаў і што рабіў. Сталася, што быў Гэндальф на вялікай нарадзе белых чараўнікоў, майстроў добрай магіі і найвыдатнейшых знаўцаў самых розных ведаў, і што гэтыя чараў-нікі, нарэшце, здолелі выгнаць Некраманта з ягонага чорнага берлагу на поўдні Ліхалесся.
718 Таму і голас прагучаў так глуха. Але не гэта ўразіла місіс Хол. Лоб незнаёмца, пачынаючыся ад краю сініх акуляраў, быў абвязаны белым бінтам, а другі бінт закрываў яго вушы, непрыкрытым заставаўся толькі ружовы востры нос. Нос быў такі ж ружовы і бліскучы, як у тую хвіліну, калі незнаёмец з'явіўся ўпершыню. Апрануты ён быў у карычневую аксамітавую куртку; высокі чорны каўнер, падшыты палатном, быў падняты. Густыя чорныя валасы, выбіваючыся з-пад перакрыжаваных бінтоў, тырчалі пучкамі ў розныя бакі і надавалі незнаёмцу надзвычай дзіўны выгляд. Гэтая захутаная і забінтаваная галава так ашаламіла місіс Хол, што ад нечаканасці яна на хвіліну здранцвела. Ён не адняў сурвэтку ад твару і, па-ранейшаму прытрымліваючы яе рукой у карычневай пальчатцы, глядзеў на гаспадыню праз непранікальныя сінія акуляры.
719 Пастаялец у царкву не хадзіў і не рабіў ніякай розніцы паміж нядзеляй і буднямі, нават апранаўся заўсёды аднолькава. Працаваў ён, па думцы місіс Хол, вельмі нерэгулярна. У некаторыя дні ён спускаўся рана і доўга карпеў над сваімі даследаваннямі. У другія ж уставаў позна, хадзіў па пакоі, цэлымі гадзінамі гучна бурчэў, курыў ці драмаў у крэсле каля каміна. Зносін са знешнім светам у яго не было ніякіх. Настрой яго па-ранейшаму быў надзвычай няроўны: больш за ўсё ён трымаў сябе, як чалавек, які знаходзіцца ва ўладзе крайняга раздражнення, а разы два ў яго былі прыпадкі шалёнай злосці, і ён кідаў, рваў і ламаў усё, што траплялася пад руку. Прывычка яго размаўляць напаўголасу з самім сабою ўсё ўзмацнялася, але місіс Хол нічога не магла зразумець з гэтых мармытанняў, хаця і старалася падслухоўваць.
720 Місіс Банцінг выйшла на пляцоўку. Было каля чатырох гадзін. Начны змрок радзеў. У холе ўжо развіднівалася, але дзверы кабінета зеўрылі чорнай прорвай. У поўнай цішыні чутна было толькі слабае рыпенне прыступак пад нагамі містэра Банцінга і лёгкі рух у кабінеце. Потым штосьці шчоўкнула, пачулася, як адчынілася скрынка і зашамацелі паперы. Потым пачулася лаянка, чыркнула запалка, і кабінет асвяціўся жоўтым святлом. У гэты час містэр Банцінг быў ужо ў холе і ў прачыненыя дзверы разгледзеў пісьмовы стол, высунутую скрынку і свечку, што гарэла на стале. Але злодзея ён не ўбачыў. Ён стаяў у холе, не ведаючы, што рабіць, а ззаду яго павольна спускалася з лесвіцы бледная напалоханая місіс Банцінг. Адна акалічнасць падтрымлівала мужнасць містэра Банцінга: упэўненасць, што злодзей належыць да ліку мясцовых жыхароў.
721 Сам не ведаю чаму, я вярнуўся і загаварыў з ёй. Яна аказалася самым звычайным стварэннем. Усё маё знаходжанне на старым папялішчы было падобна на сон. Я не адчуваў тады, што я адзінокі, што я перайшоў з жывога свету ў пустыню. Я ўсведамляў, што згубіў цікавасць да навакольнага. Але прыпісваў гэта агульнай пустаце жыцця. Вярнуцца ў свой пакой азначала для мяне зноў забыць сапраўдную рэчаіснасць. Тут было ўсё тое, што я ведаў і любіў: апараты, падрыхтаваныя доследы. Амаль усе перашкоды былі ўжо ліквідаваны, заставалася толькі абдумаць некаторыя дробязі. Калі-небудзь, Кемп, я апішу вам усе гэтыя вельмі складаныя працэсы. Не станем зараз уваходзіць у падрабязнасці. У большасці, за выключэннем некаторых пунктаў, якія я лічу за лепшае захоўваць у памяці, усё гэта запісана шыфрам у тых кнігах, якія сцягнуў валацуга.
722 Мы цягнуліся міма кніжнай крамы М'юдзі; тут нейкая высокая жанчына, нагружаная пачкамі кніг у жоўтых вокладках, паклікала майго рамізніка, і я ледзьве паспеў выскачыць, амаль не трапіўшы пры гэтым пад вагон конкі. Я накіраваўся да Блумсберы-сквер, маючы намер звярнуць за музеем на поўнач, каб дабрацца да малалюдных кварталаў. Я скалеў ад холаду, і недарэчнасць майго становішча так прыгнятала мяне, што я бег і ўсхліпваў. На вуглу Блумсберы-сквер з канторы Фармацэўтычнага таварыства выскачыў белы сабачка і адразу ж пагнаўся за мной, абнюхваючы зямлю. Раней я ніколі не задумваўся, што для сабакі нос тое ж, што для чалавека вочы. Сабакі чуюць носам рух чалавека таксама, як людзі бачаць яго вачамі. Агіднае стварэнне стала брахаць і скакаць вакол мяне, занадта дакладна паказваючы, што яно ведае пра маю прысутнасць.
723 Мае ўцёкі крыху сагрэлі мяне, і я стаў прабірацца цераз сетку малалюдных вулачак і завулкаў ужо ў больш бадзёрым настроі. Спіну ламала, пад вухам ныла ад пальцаў рамізніка, скура была разадрана яго пазногцямі, ногі моцна балелі, і з-за парэзанай ступні я накульгваў. Да мяне наблізіўся нейкі сляпы, але я своечасова прыкмеціў яго і кінуўся ўбок, асцерагаючыся яго тонкага слыху. Раз ці два я выпадкова сутыкаўся з прахожымі, і яны спыняліся ў неўразуменні, аглушаныя лаянкай, якая немаведама адкуль пачулася. Потым я адчуў на твары штосьці мяккае, і плошча стала пакрывацца тонкім слоем снегу, які паволі падаў зверху. Я, напэўна, прастудзіўся і не мог утрымацца, каб час ад часу не чхнуць. А кожны сабака, які трапляўся мне на шляху і, выцягнуўшы морду, пачынаў з цікаўнасцю абнюхваць мае ногі, выклікаў у мяне жах.
724 Я вырываўся, крычаў, упрошваў магільшчыкаў, але яны стаялі нерухома і слухалі адпяванне; дзядок вікарый таксама, не спыняючыся, манатонна чытаў малітвы і перапыняў сваё чытанне чханнем. Я ўсведамляў, што мяне не бачаць і не чуюць і што я ва ўладзе сіл, якія адолелі мяне. Барацьба мая была дарэмнай: мяне кінулі ў магілу, і я, падаючы, ударыўся аб труну, а зверху мяне сталі засыпаць зямлёй. Ніхто не заўважаў мяне, ніхто не падазраваў аб маім існаванні. Я сутаргава завалтузіўся і прачнуўся. Бледная лонданская зара ўжо разгаралася; праз шчыліны паміж аконнымі шторамі пранікала халоднае шэрае святло. Я сеў і доўга не мог уцяміць, што гэта за велізарнае памяшканне з жалезнымі слупамі, з прылаўкамі, грудамі згорнутых матэрый, кучай коўдраў і падушак. Затым успомніў усё і тут жа пачуліся нечыя галасы.
725 Спачатку я прыдумаў было нафарбаваць і напудрыць твар, каб зрабіць яго бачным, але тут жа ўцяміў, што ў гэтым ёсць вялікая нязручнасць: для таго, каб зноў знікнуць, мне спатрэбіўся б шкіпінар і некаторыя іншыя сродкі, і гэта забірала б шмат часу. Нарэшце я выбраў маску, злёгку карыкатурную, але не ў большай ступені, чым многія чалавечыя твары, цёмныя акуляры, бакенбарды з сівізной і парык. Бялізну я не знайшоў, але яе можна было купіць пазней, а пакуль што я захутаўся ў каленкоравае даміно і белы шарсцяны шалік; шкарпэтак не было, затое чаравікі гарбуна падышлі амаль якраз. У касе аказалася тры савярэны і на трыццаць шылінгаў срэбра, а ўзламаўшы шафу, я знайшоў восем фунтаў золатам. Забяспечаны такім чынам, я змог зноў выйсці на белы свет. Тут мяне апанавала сумненне: ці сапраўды мая знешнасць праўдападобная?
726 Я шукаю прытулак, Кемп, мне патрэбны чалавек, які памог бы мне, схаваў мяне, мне патрэбна месца, дзе я мог бы спакойна, не выклікаючы ніякіх падазрэнняў, есці, спаць і адпачываць. Словам, мне патрэбны саўдзельнік. Тады магчыма ўсё. Да гэтага часу я дзейнічаў наўздагад. Цяпер мы абмяркуем усе выгады, якія дае нябачнасць, і ўсе звязаныя з ёю цяжкасці. Для падслухоўвання і таму падобнага ў ёй мала карысці: цябе таксама чуваць. Красці яна памагае, але мала. Хаця злавіць мяне цяжка, але, злавіўшы, лёгка пасадзіць у турму. Нябачнасць карысная, калі трэба бегчы ці, наадварот, падкрадвацца. Значыць, яна карысная і пры забойстве. Як бы чалавек ні быў ўзброены, я лёгка магу выбраць найменш ахаванае месца, ударыць, схавацца і ўцячы, як і куды жадаю. Кемп пагладзіў вусы. Здаецца, хтосьці рухаецца ўнізе.
727 Аб падрабязнасцях гэтай сутычкі мы, зразумела, нічога не ведаем. Адбылася яна на краю пясчанага кар'ера ярдаў за двесце ад варот вілы лорда Бэрдака. Усё паказвае на адчайную схватку: утаптаная зямля, шматлікія раны Ўіксціда, яго зламаная палка; але што магло стаць прычынай нападу, акрамя маніі забойства, цяжка сабе ўявіць. Думка аб вар'яцтве напрошваецца сама сабой. Містэр Уіксцід, кіраўнік спраў лорда Бэрдака, чалавек гадоў сарака пяці, быў самай бяскрыўднай істотай на свеце і ўжо, вядома ж, ніколі першым не нападаў бы на такога страшнага ворага. Раны, відаць, былі нанесены містэру Ўіксціду жалезным прутом, выцягнутым са зламанай агароджы. Невідзімка спыніў гэтага мірнага чалавека, напаў на яго, хутка зламаў яго слабае супраціўленне, перабіў яму руку, паваліў яго на зямлю і размаджэрыў яму галаву.
728 Затым, паслухаўшы мяне, яны пачалі гуляць у квача, бегаючы вакол дарослых. Сярод прысутных былі два веласіпедысты, садоўнік-падзёншчык, якога я тады-сяды наймаў, дзяўчына з дзіцём на руках, мяснік Грэг са сваім сынам, некалькі гулякаў і хлопчыкаў, што прыслугоўвалі ў гульні ў гольф і звычайна сноўдалі каля станцыі. Гаворка была скупою. У той час у Англіі нямногія з простых людзей мелі ўяўленне пра астраномію. Большасць назіральнікаў спакойна глядзела на плоскую накрыўку цыліндра, якая знаходзілася ў тым жа становішчы, у якім яе пакінулі Оджылві і Гендэрсан. Я думаю, што ўсе былі расчараваныя, убачыўшы замест абгарэлых целаў нерухомую грамадзіну цыліндра; многія адпраўляліся дамоў, замест іх прыходзілі іншыя. Я спусціўся ў яму, і мне падалося, што я адчуваю слабае ваганне пад нагамі. Накрыўка была нерухомая.
729 Ад нябачнага полымя загараліся сосны; патрэскваючы, успыхвала сухое жаўстазелле. Нават у далечы, каля Нэп-Хіла, запалымнелі дрэвы, платы, драўляныя забудовы. Гэта вогненная смерць, гэты нябачны, непрадухільны палаючы меч наносіў імгненныя, меткія ўдары. Калі ўспыхнула кустоўе, я зразумеў, што ён набліжаецца да мяне, але ўцякаць, ратавацца я не мог: вельмі моцнае было здранцвенне. Я чуў гудзенне агню ў пясчаным кар'еры і раптоўна абарванае ржанне каня. Як быццам чыйсці нябачны распалены палец рухаўся па пустыры паміж мною і марсіянамі, выкрэсліваючы вогненную крывую, і паўсюль кругом дымілася і шыпела цёмная зямля. Штосьці з грукатам упала воддаль, недзе злева, там, дзе выходзіць на пустку дарога да ўокінгскай станцыі. Шыпенне і гул скончыліся, і чорны купалападобны прадмет паволі апусціўся ў яму.
730 Гэтай ноччу каля сарака чалавек ляжалі пад зорамі паблізу ямы, абгарэлыя і знявечаныя да непазнавальнасці, і ўсю ноч пустка паміж Хорселам і Мэйбэры была бязлюдная і над ёю плыло зарыва. У Чобхеме, Уокінгу і Отэршоў, магчыма, у адзін і той жа час даведаліся аб катастрофе. Ва Ўокінгу лаўкі ўжо былі зачынены, калі гэта адбылося, і групы людзей, зацікаўленых пачутым, ішлі па Хорселскім мосце і па дарозе, акаймаванай дрэвамі, кіруючыся на пустку. Моладзь, скончыўшы дзённыя клопаты, выкарыстала гэту навіну, пэўна, як прапанову пайсці пагуляць і пафліртаваць. Вы можаце сабе ўявіць, якім быў гул галасоў на цёмнай дарозе... Ва Ўокінгу толькі нямногія ведалі, што цыліндр адкрыўся, хоць бедалага Гендэрсан адправіў пасыльнага на веласіпедзе ў паштовую кантору са спецыяльнай тэлеграмай для вячэрняй газеты.
731 Прайшло даволі часу, пакуль ён супакоіўся і змог адказваць на мае пытанні. Ён гаварыў адрывіста і блытана. Ён быў ездавым у артылерыі і прыняў удзел у баі толькі каля сямі гадзінаў вечара. У гэты час страляніна на пустцы была ў поўным разгары; гаварылі, што першая партыя марсіянаў паволі паўзе да другога цыліндра пад прыкрыццем металічнай брані. Потым гэта металічная браня ператварылася ў трыножак, відаць, у тую першую ваенную машыну, якую я ўбачыў. Зброя, пры якой знаходзіўся мой госць, была ўстаноўлена бліз Хорсела для абстрэлу пясчанага кар'ера, і гэта паскорыла падзеі. Калі ездавыя з лафетам ад'язджалі ўбок, яго конь спатыкнуўся і ўпаў, скінуўшы яго. У тую ж хвіліну пушка ўзляцела ў паветра разам са снарадамі; усё было ахоплена агнём, і ён апынуўся пад кучай абгарэлых трупаў людзей і коней.
732 Густыя воблакі пары ўзнімаліся над месцам падзення, і праз іх рваную мігатлівую павалоку час ад часу я глядзеў на вялізныя органы пачвары, якая ўздрыгвала і выкідвала ў паветра фантаны гразі і пены. Шчупальцы размахвалі і біліся, як рукі, і калі б не бязмэтнасць гэтых рухаў, то можна было б падумаць, што нейкая раненая істота змагаецца за жыццё сярод хваляў. Чырванавата-бурая вадкасць з гучным шыпеннем струменем біла ўверх з машыны. Мая ўвага была адцягнута ад гэтага відовішча магутным рэвам, нібы раўла паравая сірэна. Нейкі чалавек, стоячы па калені ў вадзе каля берага, нешта крычаў мне, паказваючы пальцам, але я не мог зразумець яго слоў. Азірнуўшыся, я ўбачыў другіх марсіянаў, якія вялізнымі крокамі рухаліся ад Чэртсі да берага ракі. Пушкі ў Шэпертоне адкрылі агонь, але на гэты раз безвынікова.
733 Якраз у той час, калі святар вёў са мною бессэнсоўную размову каля агароджы ў полі пад Галіфордам, а брат глядзеў на паток бежанцаў, што рухаўся па Вестмінстэрскім мосце, марсіяне зноў перайшлі ў наступ. Калі верыць блытаным распаведам, большасць марсіянаў заставалася да дзевяці гадзін вечара ў яме на Хорселскай пустцы, выконвала нейкую спешную работу, якая суправаджалася ўспышкамі зялёнага дыму. Стала вядома, што трое марсіянаў выйшлі адтуль каля васьмі гадзін і, асцярожна прасоўваючыся праз Вайфліт і Пірфард да Рыплі і Ўэйбрыджа, нечакана паявіліся перад вартавымі батарэямі на фоне неба, асветленага заходам сонца. Марсіяне ішлі не шарэнгаю, а ланцужком, на адлегласці прыкладна паўтары мілі адзін ад аднаго. Яны перамаўляліся якімсьці дзікім рэвам, падобным на выццё сірэны, то высокае, то нізкае.
734 У пачатку дзесятай гадзіны да гэтых трох вартавых далучыліся яшчэ чатыры марсіяніны, узброеныя вялікімі чорнымі трубамі. Гэткія ж трубы былі ўручаны кожнаму з трох першых. Пасля гэтага ўсе сем марсіянаў расцягнуліся ланцугом на роўнай адлегласці адзін ад аднаго, па крывой між Сент-Джордж-Хілам, Уэйбрыджам і Сэндам, на паўднёвым захадзе ад Рыплі. Як толькі яны рушылі з месца, з пагоркаў узвіліся сігнальныя ракеты, папярэджваючы батарэі каля Дзітана і Эшэра. У той жа час чатыры баявыя машыны з чорнымі трубамі пераправіліся цераз раку; дзве з іх паявіліся перад мною і святаром, выразна вырысоўваючыся на фоне неба пасля заходу сонца. Мы, стомленыя і знясіленыя, імкліва ішлі па дарозе на поўнач ад Галіфорда. Нам здавалася, што яны рухаюцца па аблоках, бо малочны туман ахінуў палі і ўзнімаўся да трэці іх росту.
735 Такім чынам ён выбраўся з ахопленага панікай горада і к сямі гадзінам дасягнуў Эджуэра, галодны і знямоглы, але затое значна апярэдзіў паток бежанцаў. Паўз дарогу стаялі мясцовыя жыхары, цікаўныя і збітыя з панталыку. Яго абагналі некалькі веласіпедыстаў, некалькі коннікаў і два аўтамабілі. За мілю ад Эджуэра лопнуў вобад кола, ехаць далей было немагчыма. Ён кінуў веласіпед каля дарогі і пяшком дабраўся да вёскі. На галоўнай вуліцы было адчынена некалькі лавак; жыхары тоўпіліся на тратуарах, стаялі каля дзвярэй і вокнаў, здзіўлена глядзелі на незвычайнае шэсце бежанцаў, якое толькі яшчэ пачыналася. Брату пашанцавала перакусіць у гасцініцы. Ён хадзіў па Эджуэры, не ведаючы, што рабіць далей. Натоўп бежанцаў усё павялічваўся. Многія, як і брат, хацелі б застацца там. Аб марсіянах нічога новага не паведамлялася.
736 У сераду, пасля начлегу ў пшанічным полі, трое бежанцаў дасягнулі Чэлмсфарда, дзе некалькі жыхароў, якія назваліся камітэтам грамадскага харчавання, адабралі ў іх поні і не выдалі нічога ўзамен, але паабяцалі даць долю пры раздзеле поні на другі дзень. Па чутках, марсіяне былі ўжо каля Эпінга; гаварылі, што парахавыя заводы ва Ўолтхем-Эбі разбурыліся пры няўдалай спробе ўзарваць аднаго з марсіянаў. На царкоўных званіцах былі ўстаноўлены вартавыя пасты. Брат, на шчасце, як выяснілася пазней, вырашыў ісці пешшу да мора, не чакаючы выдачы харчовых прыпасаў, хоць усе трое былі вельмі галодныя. Апоўдні яны прайшлі цераз Цілінгхем, які здаваўся вымерлым; толькі некалькі марадзёраў мышкавалі па дамах у пошуку яды. За Цілінгхемам яны раптам убачылі мора і вялізнае скопішча ўсялякіх суднаў на рэйдзе.
737 Але я вырашыў усё ж дабрацца да Лезерхэда і з наступленнем цемнаты рушыць далей. Я прабраўся праз кустоўе, прайшоў міма вялікага дома з прыбудоўкамі і выйшаў на дарогу на К'ю. Святара я пакінуў у гумне, але ён неўзабаве дагнаў мяне. Цяжка сабе ўявіць што-небудзь больш неразумнае, чым гэта спроба. Было відавочна, што мы акружаны марсіянамі. Ледзь святар дагнаў мяне, як мы зноў убачылі ўдалечыні, за палямі, што цягнуліся да К'ю-Лоджа, баявы трыножак, магчыма, той самы, а можа, і другі. Чатыры ці пяць маленькіх чорных фігурак беглі ад яго па шэра-зялёным полі: відаць, марсіянін даганяў іх. За тры крокі ён іх дагнаў; яны пабеглі з-пад яго ног у розныя бакі па радыусах. Марсіянін не пусціў у ход цеплавы прамень і не знішчыў іх. Ён проста падабраў іх усіх у вялікую металічную карзіну, што вісела ззаду.
738 Акно было завалена рыхлай зямлёю, якая насыпалася на стол, дзе мы вячэралі, і пакрывала падлогу. Звонку зямля была ўзрыхлена і, відаць, засыпала дом. У верхняй частцы ваконнай рамы відаць была скурожаная дажджавая труба. Падлога была засыпана металічнымі абломкамі. Канец кухні, бліжэйшы да жылых пакояў, асеў, і калі развіднела, нам стала ясна, што большая частка дома разбурана. Рэзкім кантрастам з гэтымі развалінамі была чысценькая кухонная шафа, пафарбаваная ў бледна-зялёны колер, шпалеры ў белых і блакітных квадратах і дзве размаляваныя карцінкі на сцяне. Калі зусім развіднела, мы праз шчыліну ўбачылі марсіяніна, які стаяў, як я потым зразумеў, на варце над яшчэ не астылым цыліндрам. Мы асцярожна папаўзлі з зацемненай кухні ў цёмнае памяшканне для мыцця посуду. Раптам я зразумеў, што здарылася.
739 Узмоцненая работа лёгкіх з прычыны больш шчыльнай зямной атмасферы і павелічэння сілы прыцягнення была відавочнай нават па канвульсіўных рухах скуры марсіянаў. Такім быў арганізм марсіянаў. Нам можа здацца дзіўным, што ў іх абсалютна не было прыкметаў складанага апарата для стрававання, які з'яўляецца адной з галоўных частак нашага арганізма. Яны мелі толькі галаву. У іх не было ўнутранасцяў. Яны не елі, не пераварвалі страву. Замест гэтага яны бралі свежую жывую кроў іншых арганізмаў і ўпырсквалі сабе ў вены. Я сам бачыў, як яны гэта рабілі, і ўспомню пра гэта ў свой час. Пачуццё агіды перашкаджае мне падрабязна апісаць тое, на што я не мог нават глядзець. Справа ў тым, што марсіяне, упырскваючы сабе невялікай піпеткаю кроў, у большасці выпадкаў чалавечую, бралі яе непасрэдна з жылаў жывой істоты...
740 У кожным цыліндры было, здаецца, па дзве ці па тры такія істоты, але ўсе яны былі забіты яшчэ да прыбыцця на Зямлю. Яны ўсё роўна загінулі б на Зямлі, бо як толькі б паспрабавалі ўстаць на ногі, зламалі б сабе косці. Калі я ўжо пачаў гэта апісанне, то дадам тут пэўныя падрабязнасці, што ў той час не былі вядомыя для нас і якія памогуць нашаму чытачу мець больш яснае ўяўленне пра гэтых грозных марсіянаў. У трох адносінах іх фізіялогія рэзка адрознівалася ад нашай. Іх арганізм быў пастаянна бадзёры, як людское сэрца, не ведаў сну. Ім не трэба было адпачываць пасля мускульнага напружання, яны перыядычна дзейнічалі, без спачыну. Яны ніколі не стамляліся. На Зямлі яны перамяшчаліся з вялікімі намаганнямі, але нават і тут яны пастаянна дзейнічалі. Як мурашкі, яны працавалі ўсе дваццаць чатыры гадзіны ў суткі.
741 Я схапіў сякач, што вісеў на сцяне, і кінуўся за ім. Ад страху мяне ахапіла шаленства. Я дагнаў яго пасярод кухні. Паддаючыся апошняму парыву чалавекалюбства, я павярнуў вастрыё нажа на сябе і стукнуў святара ручкаю. Ён упаў ніцма на падлогу. Хістаючыся, я пераступіў цераз яго і спыніўся, цяжка дыхаючы. Ён ляжаў нерухома. Раптам я пачуў шум звонку, як быццам абсыпалася тынкоўка, і трохвугольная адтуліна ў сцяне закрылася. Я зірнуў уверх і ўбачыў, што мнагарукая машына рухаецца міма шчыліны. Адно са шчупальцаў варушылася сярод абломкаў. Паказалася другое шчупальца, заслізгала па абваленых бэльках. Я замёр з жаху. Потым я ўбачыў нешта накшталт празрыстай пласцінкі, якая прыкрывала пачварны твар і вялікія цёмныя вочы марсіяніна. Металічны спрут выкручваўся, шчупальца паволі прасоўвалася ў праём.
742 Ён памёр імгненна. Аднак рацэ спатрэбіўся яшчэ нейкі час, каб звалачы яго з плыткага, міма прышвартаваных лодак, на большую быстрыню, і толькі рана раніцай гарбар Грымаль, ці хутчэй яго набрынялы труп, ціха сплыў уніз па рацэ, на захад. Калі ён праплываў міма моста Мяняйлаў, бясшумна, не чапляючыся за апоры, Жан-Батыст Грануй за дваццаць метраў над ім якраз укладваўся спаць. Яму быў пастаўлены тапчан у заднім кутку майстэрні Бальдзіні, і цяпер ён збіраўся легчы, тым часам як яго былы гаспадар, распластаўшыся, плыў уніз па халоднай Сене. Грануй з прыемнасцю згарнуўся і зрабіўся маленькі, нібы клешч. Засынаючы, ён усё глыбей апускаўся ў самога сябе і трыумфальна ўязджаў у сваю ўнутраную фартэцыю, дзе ён свяктаваў у крозах нейкую перамогу нюху, гіганцкую оргію з густым дымам ладану і міры ў свой гонар.
743 Спачатку ён пашукаў нюхам вады і знайшоў яе ў расколіне пад вяршыняй, дзе яна тонкай плевачкай сцякала па скале. Яе было мала, але калі ён цярпліва хлябтаў цэлую гадзіну, дык спатольваў усю сваю дзённую патрэбу. Ён знайшоў і ежу: гэта былі маленькія саламандры і змеі, якім адрываў галовы і глытаў цалкам, са скурай і касцямі. Ён заядаў іх сухім лішайнікам, і травою, і журавінамі. Гэты рацыён, неверагодны ў вачах абываталя, ані яго не бянтэжыў. Апошнія тыдні і месяцы ён ужо больш не карміўся гатаванай чалавекам ежай, такою як хлеб, і каўбаса, і сыр, а, пачуўшы голад, пажыраў усё спажыўнае, што ў рукі давалася. Менш за ўсё ён быў гурманам. Ён наогул не ведаў ніякай асалоды, акрамя асалоды ад бесцялеснага паху. Ён і пра камфорт не здагадваўся і задаволіўся б голым каменем, каб легчы. Але ён знайшоў нешта лепшае.
744 У студзені ўдава Арнульфі законна пашлюбілася са сваім першым чаляднікам Дамінікам Друо, які, такім чынам, зрабіўся мэтрам Друо, майстрам пальчатачных і парфумных спраў. Была дадзена вялікая гасціна майстрам гільдыі, больш сціплы абед чаляднікам, мадам купіла новы матрац на ложак, які яна з гэтага часу афіцыйна дзяліла з Друо, і дастала з шафы свае яркія сукенкі. У астатнім усё засталося, як і было. Яна пакінула сабе добрае старое імя Арнульфі, захавала непадзеленую маёмасць, фінансавае кіраўніцтва справамі і ключы ад падвала; Друо дзень у дзень выконваў сваю сексуальную павіннасць, а потым асвяжаўся віном; а Грануй хоць і аказаўся першым і адзіным чаляднікам, нёс на сабе асноўную частку працы, якая раптам навалілася на яго, за ўсё тое ж самае старое жалаванне, сціплы харч і гаротнае жытло.
745 Пачуўшы гэта, пастар пакапаўся ў сваёй памяці. Борд Бордсан быў добры чалавек. Праўда, крыху праставаты, але не з-за гэтага ж яму трывожыцца на смяротным ложы. Ну, а калі разважыць па-чалавечы, то святар сказаў бы, што Борд Бордсан быў адным з тых, хто пакрыўджаны богам. Апошнія сем гадоў селяніна даймалі розныя беды і няшчасці. Сядзіба згарэла, а жывёла або падохла ад павальнага мору, або яе задралі дзікія звяры. Мароз спустошыў раллю, так што Борд збяднеў, як Іоў. Пад канец жонка яго прыйшла ў такую роспач ад усіх гэтых бядот, што кінулася ў возера. А сам Борд перабраўся ў пастухову хаціну ў глухім лесе; гэта было адзінае, чым ён яшчэ валодаў. З таго часу ні сам ён, ні дзеці яго не хадзілі ў царкву. Аб гэтым неадночы гаварылі ў пастарскім маёнтку, не разумеючы, ці жывуць яшчэ Бордсаны ў іх прыходзе, ці не.
746 Калі ж яны апынуліся пасярод балота, дзе з усіх бакоў іх акружала толькі зыбкая багна, Інгільберт пачаў падаваць пастарскага каня назад. Здавалася, ён хацеў прымусіць яго зваліцца з вузкай грэблі. Конь стаў на дыбкі, а пастар, які з цяжкасцю ўтрымліваўся ў сядле, закрычаў правадніку, каб той пабаяўся бога, адпусціў павады. Але Інгільберт, здавалася, нічога не чуў, і пастар убачыў, як ён, пацямнеўшы тварам, сцяўшы зубы, спрабуе адолець каня, каб спіхнуць яго ўніз у багну. І жывёліну і конніка чакала немінучая смерць. Тады пастар выцягнуў з кішэні саф'янавую торбачку і шпурнуў яе прама ў твар Інгільберту. Той адпусціў павады, каб злавіць торбачку, і адчуўшы свабоду, пастарскі конь з перапуду рвануўся наперад па вузкай грэблі. Інгільберт застыў на месцы, не зрабіўшы ніякай спробы дагнаць пастара.
747 І ўздыхі гэтыя былі вельмі падобныя на тыя ўздыхі майго нябожчыка бацькі, калі яго мучылі старэчыя недамаганні. Мне нават падалося, што ён стаіць у мяне за спіной. І я падхапіўся з месца. Зразумела, нікога і нічога я не ўбачыў, але быў перакананы, што чуў майго бацьку. Мне не захацелася больш садзіцца за стол, і я прасядзеў тут увесь наступны час у адзіноце, разважаючы аб гэтай справе. І мне вельмі хацелася б пачуць, што думаеце наконт гэтага вы, мой высокапаважаны брат. Тыя жаласныя ўздыхі аб украдзеным скарбе, якія я чуў... Ці быў гэта мой нябожчык бацька? Калі б я быў упэўнены, што ён усё яшчэ знемагае ад тугі з-за гэтага пярсцёнка! Ды я лепей бы хадзіў па дварах, праводзячы дазнанне, чым дапусціў, каб ён хоць адзін міг пакутаваў жорсткай скрухай, як аб тым сведчаць ягоныя жаласныя ўздыхі.
748 Але яны палічылі яго патрабаванне натуральным і крыху адышлі ўбок, пакуль чалядзінцы абшуквалі кішэні мерцвяка. Ягоныя чаравікі, торбу, кожнае шво ягонай вопраткі. Спачатку ротмістр з велізарнай увагай сачыў за вобыскам, але раптам ён нечакана зірнуў на сялян, і яму падалося, быццам тыя абмяняліся насмешлівымі позіркамі, нібы былі перакананы, што ён усё роўна нічога не знойдзе. Так яно і выйшла. Пошукі давялося спыніць, а пярсцёнак так і не знайшоўся. Тады падазрэнні ротмістра зусім справядліва леглі на сялян. Гэтае ж самае падумалі і чалядзінцы. Куды падзеўся пярсцёнак? Калі Інгільберт рашыўся ўцякаць, то ён абавязкова ўзяў яго з сабой. Дзе ён? Хоць і цяпер ніхто з іх не бачыў генерала, але ўсе адчувалі ягоную нябачную прысутнасць. Стоячы ў натоўпе, ён паказваў на ўсю тройцу з Ольсбю. Пярсцёнак у іх!
749 Першы раз Паўлю Эліясану выпала найменш, а Івару Іварсану найбольш ачкоў. Значыць, яму першаму і патрэбна было пачынаць. Трое абвінавачваемых былі апрануты ў тое ж самае адзенне, якое было на іх, калі яны, спускаючыся з гор, са свайго летняга сэтара, сустрэлі ротмістра. Цяпер гэта адзенне было бруднае і ўсё падранае. Такі ж зношаны выгляд, як у кафтанаў, быў і ў іх гаспадароў. Аднак усім падалося, быццам Івар Іварсан трымаўся з трох як бы лепш за ўсіх. Відаць, таму, што ён былы салдат, загартаваны шматлікімі пакутамі баёў і палону. Трымаўся ён усё яшчэ прама, і выгляд у яго быў мужны і бясстрашны. Калі Івар Іварсан выйшаў наперад да барабана і ўзяў кубак з касцямі з рук ленсмана, то хацеў быў паказаць яму, як патрэбна трымаць кубак і як гуляць у косці. На вуснах старога мільганула ўсмешка.
750 Малады барон Адрыян ляжаў бледны і нерухомы ў вялікім бацькоўскім ложку. Памацаўшы ягоны пульс, можна было адчуць, што кроў яшчэ струменіцца ў ягоных жылах, але амаль непрыкметна. Ён не ачуняў пасля глыбокай непрытомнасці, аднак жыццё ў ім яшчэ тлела. Лекара ў прыходзе Бру не было, але ў чатыры гадзіны раніцы ў Карлстад паехаў вярхом слуга, каб паспрабаваць каго-небудзь прывезці. Язды было туды шэсць міль, і калі б лекар быў дома і пагадзіўся адразу ж выехаць, то яго можна было б чакаць з горада самае ранняе праз дванаццаць гадзін. Але трэба было таксама быць гатовым да таго, што пройдзе дзень, а тое і два, пакуль ён прыедзе. Баранэса Лёвеншольд сядзела збоку на ложку, не зводзячы вачэй з сынавага твару. Яна верыла, што кволая іскра жыцця ў ім не згасне, калі яна будзе сядзець тут, пільна аберагаючы яго.
751 Дзяўчына Спак пабрыла на могілкі пасля дзесяці гадзін вечара. Клунак, які ёй дала Марыт, яна несла з сабой. Ішла яна, праўда, наўдачу. І літаральна не ўяўляла сабе, як ёй удасца апусціць рэчы ў генеральскі склеп. Барон Лёвеншольд прыехаў вярхом разам з доктарам адразу ж пасля таго, як пайшла Марыт, і аканомка спадзявалася, што доктару ўдасца вярнуць Адрыяна да жыцця і ёй не давядзецца нічога больш рабіць. Але доктар адразу ж заявіў, што нічым не зможа дапамагчы. Ён сказаў, што маладому чалавеку засталося жыць усяго толькі некалькі гадзін. Тады, сунуўшы клунак пад паху, дзяўчына Спак рушыла ў дарогу. Яна ведала, што няма ніякай магчымасці прымусіць барона Лёвеншольда загадаць зняць магільныя пліты і адкрыць замураваны склеп толькі для таго, каб пакласці туды некалькі старых рэчаў барона Адрыяна.
752 Той не стаў адрываць ёй астатніх ног і пагардліва адкінуў яе цела ў бок Карсана. Мёртвая яшчарка ўпала ля самых яго ног. Яна мінула бар'ер! Бар'ера болей няма! Карсан імгненна ўсхапіўся, моцна сціскаючы ў руцэ нож, і скочыў уперад. Зараз ён з ім расправіцца! Калі бар'ера няма... Але бар'ер быў. Ён пераканаўся ў гэтым на горкім вопыце, наляцеўшы на яго галавой і ледзь не страціўшы прытомнасць ад удару. Яго адкінула назад, і ён упаў. Калі ён зноў сеў, трасучы затуманенай галавой, ён заўважыў, што ў яго бок нешта ляціць, і, каб ухіліцца, распластаўся на пяску. Ён убярог сваё тулава, але адчуў раптоўны востры боль у левай лытцы. Не зважаючы на боль, ён адкаціўся назад і падняўся на ногі. Цяпер ён бачыў, што ў яго папаў камень, а Прышэлец ужо падняў другі, захапіўшы яго двума шчупальцамі, і замахнуўся.
753 Але ж павінен быць які-небудзь спосаб! Ён паспрабаваў прыпомніць, што ён чытаў у кнігах па археалогіі пра тое, як ваявалі калісьці, да з'яўлення металу і пластыкаў. Першай зброяй быў як быццам камень для кідання. Ну, гэта ў яго ўжо было. Адзіным удасканаленнем гэтай зброі была катапульта, накшталт той, якую змайстраваў Прышэлец. Але Карсан ніколі не зможа такой зрабіць: кусты маглі даць толькі малюсенькія галінкі, даўжынёй не болей як фут. Ён, вядома, мог бы прыдумаць што-небудзь і з іх, ды на гэта спатрэбілася б некалькі дзён, а ў яго ўжо мала сілы. Некалькі дзён? Але ж Прышэлец яе збудаваў. Няўжо прайшло некалькі дзён? Але тут ён успомніў, што ў Прышэльца шмат шчупальцаў і што ён, несумненна, можа працаваць хутчэй. Акрамя таго, катапульта не вырашае зыходу барацьбы. Трэба прыдумаць што-небудзь лепшае.
754 Дрэўка было цяжэй зрабіць, чым наканечнік. Але раскалоўшы ўздоўж і злучыўшы сама тоўстыя ствалы чатырох кустоў і абвязаўшы сучляненні тонкімі, але моцнымі вусікамі, ён зрабіў трывалае дрэўка футы на чатыры даўжынёй і да канца яго прывязаў каменны наканечнік. Выйшла нязграбна, але надзейна. Цяпер вяроўка. З тонкіх, моцных вусікаў ён сплёў вяроўку футаў на дваццаць даўжынёй. Вяроўка была лёгкая і здавалася слабой. Але ён ведаў, што яна лёгка вытрымае яго вагу. Адзін канец яе ён прывязаў да дрэўца гарпуна, а другі абвязаў вакол правага запясця. Цяпер, кінуўшы гарпун праз бар'ер, ён ва ўсякім разе зможа выцягнуць яго назад, калі прамахнецца. Калі ён зацягнуў апошні вузел і не ведаў, што рабіць далей, ён адчуў, што гарачыня, стома, боль у назе і страшная смага сталі раптам у сто разоў мацнейшыя.
755 Мы вырашылі пачаць спярша даследаваць менавіта гэтую планету. Прыборы атрымалі новую праграму, і зоркалёт хутка выйшаў на пастаянную арбіту. Тут, спыніўшы рухавікі, мы маглі добра прыгледзецца да нашай абранніцы. Праз тэлескоп былі бачныя моры і кантыненты. Наш карабель быў дрэнна прыстасаваны пад пасадкі на планеты. Дзеля гэтага былі прадугледжаны тры маленькія ракетапланы, якія мы называлі катэрамі. У адным з іх мы і размясціліся ўтрох, прыхапіўшы некаторыя вымяральныя прыборы, а таксама Гектара; у шымпанзэ, як і ва ўсіх нас, быў скафандр, да якога ён ужо прызвычаіўся ў час палёту. Што ж да зоркалёта, дык мы пакінулі яго на пастаяннай арбіце непадалёк ад планеты. Там ён быў у большай бяспецы, чым карабель на якарнай стаянцы ў порце, мы ведалі, што аўтаматыка не дасць яму адхіліцца ад арбіты.
756 Нашы водныя забавы працягваліся досыць доўга, мы ўжо трохі стаміліся, калі мяне раптам збянтэжыў дзіўны, недарэчны ў гэтай сітуацыі выраз твару ў дзяўчыны: ён быў абсалютна сур'ёзны. Незнаёмая з відавочным задавальненнем плюхалася з намі, забаўляючыся прапанаванай ёю самою гульнёй, аднак на твары ў яе так і не прамільгнула ўсмешка. Вось ужо некалькі хвілін мне не давала спакою нейкае цяжкае цьмянае пачуццё, і толькі цяпер я зразумеў, што турбавала мяне: дзяўчына не смяялася і не ўсміхалася, хіба што час ад часу з яе горла вырываўся нягучны віск, якім яна, мусіць, перадавала сваё захапленне. Я вырашыў зрабіць дослед. Калі дзяўчына наблізілася да мяне, я паглядзеў ёй у самыя вочы і, пакуль яна не паспела павярнуць назад, шырока ўсміхнуўся з усёй пяшчотаю і зычлівасцю, на якія толькі быў здольны.
757 Адны спалохана ўскрыквалі, другія пагрозліва размахвалі рукамі. Твары ў іх былі такія скажоныя, што мы з Левэнам устрывожыліся і пачалі падбірацца да зброі. Толькі мудры Антэль захоўваў спакой і шэптам пераканаў нас не толькі не страляць, але нават не хапацца за стрэльбы, пакуль гэтыя людзі трымаюцца ўдалечыні. Не спускаючы з іх вачэй, мы пачалі таропка адзявацца. Але толькі паспелі нацягнуць штаны і накінуць кашулі, як узбуджанасць дзікуноў перайшла ледзь не ў істэрыку. Выдавала на тое, што яны проста бачыць не маглі без раздражнення адзетых людзей! Некаторыя кінуліся ўцякаць, астатнія наблізіліся да нас, выставіўшы рукі з пагрозліва скручанымі пальцамі. Я схапіўся за карабін. І, як ні дзіўна, гэтыя тупыя істоты зразумелі, напэўна, што гэта мусіць значыць, бо ўмомант зніклі ў лясным гушчары.
758 Знікла мая апошняя надзея сустрэць на Сароры цывілізаваных людзей, і ўсю астатнюю дарогу я праседзеў здранцвелы і змрочны. Неўзабаве наша машына яшчэ раз запаволіла ход. Я адразу ж прыкмеціў, што за ноч караван істотна скараціўся: засталіся толькі два трактарныя прычэпы, астатнія, напэўна, рушылі ў іншым кірунку. Перад намі адчыніліся глухія вароты, і мы ўехалі ў двор. Малпы адразу ж акружылі нас. Палонныя пачалі хвалявацца, і малпам прыйшлося ўтаймоўваць іх дзідамі. Двор з усіх бакоў замыкаўся шматпавярховым будынкам з радамі аднолькавых вокнаў. Больш за ўсё будынак з яго тэрыторыяй выдаваў на бальніцу, і гэтае ўражанне толькі ўзмацнілася, калі насустрач нашым вартаўнікам выйшлі з будынка новыя малпы. На іх былі белыя халаты і маленькія шапачкі, як у нашых санітараў. Гэта зноў-такі былі малпы.
759 Як я памыліўся! Адзін вартаўнік пакорпаўся ў сябе ў кішэнях, пасля падаў сваёй начальніцы нейкі белы кубік. А тая ў сваю чаргу з чароўнай усмешкаю паклала кубік мне на далонь. Гэта быў кавалачак цукру. Кавалачак цукру! Я так высока ўзнёсся ў сваіх марах, што расчараванню майму не было мяжы. Нікчэмная падачка здалася мне такой абразлівай, што я ледзь не шпурнуў яе шымпанзэ ў пысу. Але я своечасова ўспомніў пра свае добрыя намеры і стрымаўся. Пакланіўшыся, я ўзяў цукар і пачаў грызці яго з сама разумным выглядам, які толькі мог напусціць на сябе. Так мы пазнаёміліся. Шымпанзэ, як я неўзабаве даведаўся, звалі Зіра. Яна была загадчыцай аддзялення, у якое мяне памясцілі. Нягледзячы на горкае расчараванне ад яе падачкі, я ацаніў яе розум і ўжо прадчуваў, што ў будучым мне ўсё ж удасца ўсталяваць з ёю кантакт.
760 Бясспрэчна, менавіта пра нешта падобнае і разважалі цяпер арангутаны на сваім вучоным жаргоне, я ж адно скрыгатаў зубамі ад злосці. Магчыма, я не вытрымаў бы і выбухнуў новым прыступам, калі б не заўважыў своечасова позірк Зіры. Было ясна, што яна нязгодная з арангутанамі і проста саромеецца, што яны вярзуць перада мною такую лухту. Калі вучоны калега Заюса выйшаў, несумненна, выклаўшы наконт мяне сваю катэгарычную думку, арангутан пачаў новыя доследы. Спачатку ён абышоў усё памяшканне, спыняючыся перад кожнаю клеткаю і ўважліва разглядаючы палонных. Пакуль ён рабіў заўвагі, Зіра іх запісвала. Мяркуючы па выразе яе пысачкі, усіх нас чакалі вялікія перамены. Хутка я здагадаўся, у чым сутнасць Заюсавага плана, і зразумеў сэнс заўваг, якія ён рабіў, параўноўваючы пэўныя якасці тых або іншых мужчын і жанчын.
761 Мая перавага над астатнімі палоннымі, якой я не выяўляў больш да такой ступені, каб палохаліся вартаўнікі, зрабіла мяне важнаю персонаю. Гэтая акалічнасць, мушу прызнацца, на мой сорам, поўнасцю задавальняла маё самалюбства, і нават напаўняла мяне гонарам. Зарам і Занам абыходзіліся са мною па-сяброўску: ім падабалася, калі я ім усміхаўся, рагатаў ці прамаўляў асобныя словы. Пераспрабаваўшы на мне ўсе класічныя тэсты, яны стараліся вынайсці новыя, больш складаныя, і мы разам радаваліся, калі мне ўдавалася вырашыць пастаўленую задачу. Яны ніколі не забываліся прынесці мне які-небудзь ласунак, і я ахвотна дзяліўся ім з Новаю. Мы лічыліся прывілеяванай параю. Аслеплены, я ўяўляў, нібыта мая сяброўка ўсведамляе, што ўсім гэтым яна абавязана маім талентам, і большую частку часу выпінаўся перад ёю.
762 Але праз некалькі тыдняў мне стала моташна. Можа, вінаватыя былі вочы Новы, якія здаліся мне тады асабліва бязглуздымі, а можа, кавалачак цукру, якім мяне пачаставала Зіра, раптам здаўся горкім? Я пачырванеў ад сораму, усвядоміўшы, што гатовы ўжо быў, апусціўшыся, скарыцца. Што падумае пра мяне прафесар Антэль, калі ён выпадкова ўцалеў і знойдзе мяне ў такім стане? Толькі адна гэтая думка была ўжо мне невыносная, і я цвёрда вырашыў адразу ж, неадкладна, пачаць паводзіць сябе як належыць цывілізаванаму чалавеку. Пагладжваючы ў знак удзячнасці лапку Зіры, я асцярожна завалодаў яе блакнотам і ручкаю і, не звяртаючы ўвагі на яе ласкавыя папрокі, усеўся на салому і пачаў маляваць Нову. Я няблага некалі маляваў, дый мадэль мяне натхняла, і мне ўдалося зрабіць прыстойны эскіз, які я працягнуў шымпанзэ.
763 Гэты горад, сталіцу адной з буйнейшых абласцей малпавай дзяржавы, я бачыў толькі з клеткі ў дзень прыбыцця, і цяпер мне даводзілася нанова прывыкаць да таго, што ён населены малпамі-мінакамі, малпамі-кіроўцамі, малпамі-гандлярамі, малпамі-дзялкамі, малпамі-паліцэйскімі, аднымі малпамі! Калі б не гэта, горад не ўяўляў бы сабою нічога асаблівага. Дамы былі падобныя на нашыя дамы, вуліцы такія ж бруднаватыя, як і ў нас... Рух быў менш напружлівы за наш. Што ўразіла мяне найболей, дык гэта спосаб, якім мінакі пераходзілі вуліцы. Замест пешаходных дарожак тут былі паветраныя пераходы з металічнай, з буйнымі ячэйкамі, сеткі, за якую малпы чапляліся ўсімі чатырма лапамі, абутымі ў пальчаткі з тонкай скуры, якія дазвалялі малпам карыстацца ніжнімі канечнасцямі гэтаксама ж свабодна, як і верхнімі.
764 Тады я пачаў разглядаць жрацоў навукі. У адрозненне ад простых смяротных, якія размясціліся на лаўках і крэслах, акадэмікі сядзелі ў чырвоных аксамітавых фатэлях. Усе акадэмікі былі вельмі падобныя на Заюса. Згорбіўшыся, уцягнуўшы галовы ў плечы і сагнуўшы ў локцях доўгія рукі, арангутаны з мудрым выглядам запісвалі нейкія заўвагі, а можа, проста што крэмзалі. У параўнанні з узбуджанымі гледачамі верхніх радоў выгляд у іх быў нейкі тупы. Мне здалося, што толькі маё з'яўленне, пра якое аб'явілі па радыё, трохі абудзіла іх. Дальбог, памятаю, як тры арангутаны літаральна падскочылі і вылупіліся на мяне, нібыта іх вырвалі раптам са сну. Словам, больш ужо не драмаў ніхто. Відаць, дэманстрацыя мяне Заюсам была гваздом праграмы: тысячы малпавых вачэй, захопленых або проста цікаўных, праціналі мяне з усіх бакоў.
765 Ну а я цяпер удзельнічаў у работах Карнэлія не як падвопытны трус, а як супрацоўнік. Праўда, Карнэлій дамогся гэтага з вялікай цяжкасцю, зламаўшы супраціўленне Вялікага Савета. Відаць, улады дагэтуль вельмі неахвотна прызнавалі маю сапраўдную сутнасць і паходжанне. Я хутка адзеўся, выйшаў са свайго пакоя і накіраваўся да будынка інстытута, у якім сам колісь быў палонным, да сектара Зіры, якім яна ўсё яшчэ кіравала, нягледзячы на свае новыя абавязкі. Са згоды Карнэлія я вёў там сістэматычныя назіранні за людзьмі. І вось я ў зале з клеткамі, спакойна іду па праходзе паміж імі як адзін з гаспадароў гэтае планеты. Ці ж трэба казаць, што я заходжу сюды часта, нашмат часцей, чым гэта неабходна для маіх даследаванняў? Часам акружэнне малпаў пачынае стамляць мяне, і я знаходжу тут своеасаблівы спакойны прыстанак.
766 Дапусцім, разважаў я, што некалі людзі былі паўнаўладныя гаспадары гэтай планеты. Уявім, што больш за дзесяць тысяч гадоў назад на Сароры квітнела чалавечая цывілізацыя, падобная да нашай... Але цяпер гэта ўжо не проста неабгрунтаваная гіпотэза, у яе прыхільнікаў ёсць доказы. Ледзь сфармуляваўшы сваю думку, я адразу ж адчуў тое асаблівае ўзбуджэнне, якое ахапляе цябе, калі ты знаходзіш у лабірынце заблытаных сцежак адзіную правільную. Упэўнены, менавіта гэты шлях і прывядзе да раскрыцця тайны малпавай эвалюцыі. Недарма ж я заўсёды шукаў падсвядома адказ прыкладна ў гэтым напрамку. Я вяртаюся самалётам у сталіцу разам з сакратаром Карнэлія, маўклівым шымпанзэ. Але мне і не хочацца гаварыць з ім. У самалёце заўсёды добра падумаць. Дый наўрад ці мне яшчэ выпадзе лепшая магчымасць разабрацца ў сваіх думках.
767 Як і раней, я павольна абыходжу ўсю залу. Утрымліваюся, каб не кінуцца бегчы да клеткі, дзе сядзіць Нова. Хіба ж мае права пасланнік лёсу вызначаць абраннікаў? Я звяртаюся да кожнага падапечнага... Няхай не сёння, але яны загавораць, гэтая вера суцяшае мяне. Усё жыццё я аддам гэтай вялікай місіі. З наўмыснай абыякавасцю крок за крокам набліжаюся да маёй былой клеткі, скоса пазіраючы на яе. Але я не бачу працягнутых мне з-за кратаў рук Новы, не чую яе радасных крыкаў, якімі яна пачала вітаць мяне апошнім часам. Мною авалодвае цяжкае прадчуванне. Я больш ужо не магу стрымліваць сябе, кідаюся наперад... Клетка пустая... Уладным тонам, ад якога ўздрыгваюць усе палонныя, я клічу вартаўнікоў. Прыбягае Занам. Яму не надта даспадобы быць маім падначаленым, але Зіра строга загадала выконваць усе мае ўказанні.
768 Сірыус ужо гаворыць даволі хутка, і Нова амаль гэтаксама. Яны прыйшлі да гэтага амаль адначасна. О цуд мацярынства, цуд, творцам якога стаў я! У мяне не было магчымасці абудзіць усіх людзей Сароры ад жывёльнай апатыі, але вопыт з Новаю ўдаўся бліскуча. Сонца няспынна павялічваецца. Я ўжо спрабую разгледзець у тэлескоп планеты і даволі лёгка арыентуюся. Вось Юпітэр, Сатурн, Марс... а вось і Зямля. Зямля! Слёзы льюцца ў мяне з вачэй. Трэба пажыць столькі і так, як я на планеце малпаў, каб зразумець мае пачуцці... Прайшло ўжо семсот гадоў, як я пакінуў Зямлю, і я ведаю, што не ўбачу ўжо ні бацькоў, ні сяброў, але як жа хочацца ўбачыць людзей! Дапаўшы да ілюмінатараў, мы глядзім на Зямлю, якая ўсё набліжаецца і набліжаецца. Ужо не патрэбен тэлескоп, каб разгледзець мацерыкі. Карабель выходзіць на арбіту.
769 Ён нічога не адказаў, але калі яна адняла руку, ён саслізнуў на снег. Некалькі секунд яна разважала: можа, праўда, пакінуць яго тут? Яна пераконвала сябе: ён жа не пашкадаваў бы яе, не чакаў бы яе. Але ж ёй не пагражала такая вялікая небяспека, як яму. Яна нахілілася над ім, глянула ў яго збялелы маршчыністы твар і ўбачыла на яго вусах кроў. Пачуліся галасы, і яна зразумела, што ў яе няма часу прыняць рашэнне. Доктар Цынер сядзеў, прыхінуўшыся спіной да драўляных дзвярэй, зачыненых на засаўку. Яна ўцягнула яго ўсярэдзіну і зноў зачыніла дзверы, але не рызыкнула засунуць засаўку на месца. Нехта прабег міма, непадалёк шумеў рухавік машыны. Потым машына забурчала мацней, і, аддаляючыся, бурчанне перайшло ў ледзьве чутны шоргат. Пуня была без вокнаў. Зрабілася зусім цёмна, і пакідаць доктара цяпер ужо было позна.
770 Калі ўжо ён стварыў аж такі сьвет з такімі людзьмі, чаму ж бо яму й ня прыдумаць сябе ў двух відах ці нават у трох? Юны Айцэн разумее, што яны гавораць пра Бога й пра вялікую містэрыю, і яго злуе, што робяць яны гэта без патрэбнай пачцівай багавейнасьці, і ўсё ж ён падазрае, што яны маглі б пра тое ведаць больш, чым ён і яго настаўнік Мэланхтон, больш нават за вялікага доктара Марцінуса, пра якога яны сама цяпер распачынаюць спрэчку. Цяжкае віно дае яму ў галаву як мядовасьць. Яно затуманьвае мазгі й адначасова робіць яго празарліўцам. Ён чуе, як жыд нахвальвае Лютэра: ніхто так, як ён, не ўспасобіў сьвет, не разбурыў парадак, заведзены на тысячагодзьдзі, ніхто так не ўзарваў будынак вучэньня й вал закона; цяпер патоп папёр, ён парывае ўсё з сабою, нясе да прорвы, і дарма дабро супрацівіцца гэтаму працэсу.
771 Ён ідзе й заклінае духаў, якія ўсяліліся ў хворых, і выганяе іх зь цела, так што тыя ўстаюць здаровенькія, але ацаліць самога сябе ён ня можа й ня можа выгнаць духа, які трымае яго на ягонай дарозе, як пагоншчыкава вяроўка трымае асла. Мне шкада цябе, рэбэ Ёшуа. Маё сэрца горнецца да цябе, бо ты быў адзін у пустыні, і я падышоў да цябе, а ты сказаў: Які анёл ты ёсьць? А я сказаў: Я Агасфэр, адзін з адкінутых. А ты сказаў: Бацька мой нябесны прыме цябе да сябе. Але Бог ня ёсьць Бог любові; Ён ёсьць Усё, якое ня ведае пачуцьця, а злучае сьвятло са сьвятлом і сілу зь сілай, і ахінаюць яны самі сябе ўзаемна. Пра што рэбэ Ёшуа нічога ня ведае; затое ён верыць, што быў голас, які, калі ён вынырнуў з ракі Ярдан на руках у Хрысьціцеля Яна, сказаў людзям, кажучы: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны, Яго Я ўпадабаў.
772 І што тады? Аж так далёка ён ня думае. Ах, рэбэ Ёшуа, небарака сябар, чаму ты не папытаешся калі-колечы, ніводнага разу, пра самае простае, што на руцэ ляжыць: Калі я ўсё сказаў і зрабіў, як сказаў, што ж я перамяніў? Я стаяў у натоўпе й бачыў, як ён уваходзіць у Ерусалім, седзячы на асьляняці, як і прадказаў прарок, і яго доўгія худыя ногі заграбалі дарожны пыл, пакуль людзі не пачалі кідаць пад ногі яго жывёлы сваю вопратку. І я чуў, як людзі крычалі асанну, і некаторыя называлі яго сынам Давідавым і патрабавалі, каб ён павёў іх, як Давід павёў народ Ізраіля як цар і прарок, і многія беглі сьледам за ім, сярод іх і ўзброеныя, і казалі, блізіцца судны дзень, блізіцца канец іхняга прыгнёту. І я бачыў твар ягоны, і быў над ім як бы сьветлы німб, і адначасова як бы нейкім вэлюмам акрыты, і як бы вялікай журбою.
773 Пакінь гэта па-за гульнёй, браце, сказаў я Люцыпару, заходзіцца тут пра Бога й пра ўсіх, якія ў Ягоным вобразе бездапаможна поўзаюць і шамшурацца навакол, і ты прыйдзеш з трыццацьцю срэбранікамі. Ах ты анёлачак, сказаў ён мне тады, ты ўжо добра-такі выцерабіўся з глыбіні, ты ўжо па ўсіх пунктах сапраўдны збаўца чалавецтва. Я ведаю таксама, што нам той тут не патрэбен, шпіцалі высокіх установаў цікуюць за кожным крокам твайго рэбэ Ёшуа й перадаюць кожнае ягонае слова; але чаму нехта, хто ўкладвае ў справу сваё, не павінен зарабіць на гэтым грош-другі? І з гэтым ён павярнуўся да Юды Іскарыёта й сказаў яму: Вось, мой сябар тут думае, што я даю табе дрэнную раду. Дык вось я кажу табе, слухайся свайго настаўніка; калі ён хоча, каб ты здрадзіў яму, дык здрадзь яму, а не, дык не; твой настаўнік ведае, чаго хоча.
774 Пасьля ён зноў апрануўся й вярнуўся на сваё месца, і я паклаў галаву яму на грудзі, быццам быў яго любімы вучань, і гаварыў зь ім. Рабі, сказаў я, тваё прыніжэньне агіднае мне. Твой здраднік ужо сядзіць сярод гэтых і той, хто ад цябе адрачэцца, і іншыя нічым ня лепшыя. Я ведаю, сказаў ён. Кола ня можа выбіраць сабе каляіну, па якой коціцца, сказаў я, але фурман, які паганяе быкоў, можа яе памяняць. Таму не рабі так, быццам твой лёс табе прадвызначаны, а паўстань і змагайся. Ты бачыў, як народ зьбіраўся вакол цябе каля гарадзкое брамы й як людзі ішлі за табою, і ты чуў, як яны віталі цябе й што яны крычалі табе. Але калі яны ўбачаць, што ты даешся, як авечка, весьці сябе на закол, яны адвернуцца ад цябе, і ні ты ні я ня зможам закінуць ім гэтага ў віну. Я прапаведаваў любоў, сказаў ён, любоў мацнейшая за меч.
775 І я бачу яшчэ, быццам тое было сёньня, твар рабі, які ён бледны пад кроплямі крыві, і чую, як ён кажа: Сын чалавечы йдзе, як напісана ў прарока, а ты застанешся і чакацьмеш мяне, пакуль я вярнуся. Пасьля гэтага ён пайшоў далей і зьнік за паваротам, дзе дарога павяла ўгору на Галгофу, і за ім увесь люд, і люд шумеў і скакаў, быццам аплаціў пацеху яму сапраўдны цар. А пасьля была вялікая ціша, і сьвятло лілося на лісьце майго вінаграду, які віўся па слупах ганка, і цені лістоў дрыжалі на каменьні двара, і я сядзеў і думаў пра рабі, які цяпер паміраў на крыжы, і пра яго словы, якія ён сказаў мне, і пра марнасьць усіх намогаў. І тады прыйшоў Юда Іскарыёт і стаў перад мною з машною ў руцэ й сказаў мне: Ты той, хто клаў галаву сваю на грудзі рабі на трапезе, калі ён прычашчаў нас ад свайго цела й крыві.
776 А я абяртаю аблічча сваё ўгору ў пазахмар'е, адкуль прыйшоў голас, і кажу: Я найперш сумняваюся ў чалавеку, пра якога сказана, што яго стварыў Ты паводле твайго вобразу, паводле вобразу Божага, і сумняваюся ў Сыне чалавечым, пра якога кажуць, што ён пасланы Табою за грахі іншых, і на чые грудзі я клаў сваю галаву падчас апошняй вячэры. І зноў узвысіўся голас і сказаў: Сьвет поўніцца цудамі з раніцы да вечара. Адна адзіная малекула ўжо мае такую складаную канструкцыю і адначасова так геніяльна простая ў сваёй канцэпцыі, што яе мог толькі нехта прыдумаць, і менавіта Я. І ты ўсё яшчэ сумняваешся? Тады схіліўся я перад Богам і сказаў: Далёкі я быў ад таго, каб сумнявацца ў Тваіх цудах, о Госпадзе, і ў Тваіх малекулах; я сумняваюся ў Тваёй справядлівасьці і ў богападабенстве чалавека, якога Ты стварыў.
777 А я сказаў: Можна будзе яшчэ папытацца, Госпадзе. Ты адкінуў мяне ў шосты дзень а трэцяй гадзіне й асудзіў мяне бадзяцца па глыбінях аж да суднага дня, а пасьля падыходзіць Твой Сын па дарозе на Галгофу й праклінае мяне таксама. Ці ж аднаго разу было мала? Альбо ж, калі ўжо Вы трыадзіныя, Ты й Твой Сын і Дух, пра якога мала гаворыцца, Ты думаеш, двайное больш надзейнае? І вось падняўся Бог са свайго трона й падышоў да мяне, бліскучыя вочы, у гневе сваім, як у славе, але я раскінуў рукі, каб прыняць яго ў абдымкі, як той, хто любіць, бо я любіў яго сапраўды, і тут Ён нарэшце страціў свой боскі спакой, і я дараваў бы яму, калі б ён пракляў мяне трэйці раз. Але ён раптам павагаўся і ўсьміхнуўся, а пасьля растварыўся ў паласу туману, і пасьля расплыўся, і толькі трон стаяў у сваёй пустой раскошасьці.
778 Натуральна, і я ахвотна прызнаю Вашу рацыю, можна лічыць недахопам, што чалавечая душа, якая была б у стане вызваліцца ад сваёй цялеснай абалонкі, не існуе. Што няма такога тонкага інструмента, здольнага радасць і боль, любоў і нянавісць і да таго падобныя эмоцыі больш чым адчуваць, мяняючы іх у долі секунды, гэта сапраўды шкада; але навукоўцы, якія абавязаны служыць аб'ектыўнасці, павінны мірыцца з гэтым фактам, як і з усведамленнем таго, што ўсе мы з'яўляемся толькі грудачкай, праўда, высокаарганізаванай, матэрыі, якая ўтварылася ў працэсе маруднага, але цалкам натуральнага працэсу. Пры гэтым разглядзе не трэба таксама забываць, што насамрэч неіснуючая бессмяротная душа з даўняга часу была выпрабаваным сродкам суцяшаць людзей за пот і кроў, якія на гэтым свеце пралівалі з разлікам на лепшы лёс на тым свеце.
779 Мая бяда. Ад гэтых слоў, ад музыкі Барбара глыбока заглядвае ў вочы Лёйхтэнтрагеру, а магістр у вочы лэдзі, і ўжо яны ведаюць, чаго хочуць, бо прычасьціліся ад дабраславёнага віна. Сэр Агасфэр дае знак, і цёмная заслона на задняй сьцяне рассоўваецца, адна палавіна налева, другая палавіна, значыцца, направа, і вачам адкрываецца шырокая памяшкальня, такая ж шыкоўная, як і тая, дзе банкетавалі, але крыху меншая, пасярэдзіне якое шырокі ложак зь мяккімі падушкамі й балдахінам, так званым нябесным дахам над ім, расшытым золатам з кутасамі па краях. А цяпер, абвяшчае сэр, пара, пара павязаць маладую пару, па ўсіх законах гонару, натуральна: ён і лэдзі будуць за сьведак, а ягоны прыяцель Лёйхтэнтрагер, як прынята, цэлебруе шлюб паводле рытуалу, каб усё як сьлед, што й сам магістр лепш ня ўчыніў бы.
780 Я толькі баюся, брат Люцыпар, кажу я, твая пагібель сьвету можа аказацца канчатковай, а дзе ж узяць новага Бога для новага сьветатварэньня? Мы лунаем. У гэтай прасторы, якая ня мае пачатку й ня мае канца й ні Сьвятла ні Цемры, а фарбай і тонам, думкай і пачуцьцём усё жывое павінна ўліцца ў нешта й зрабіцца нічым па волі Люцыпара. Маё Не табе не падабаецца, кажа Люцыпар. Не патрэбнае, як і Так, і з процілегласьці абодвух паўстае Чын. Дык ты пойдзеш да яго, кажа ён. А я падумаў пра рэбэ Ёшуа, як ён дазволіў мне пакласьці яму на грудзі голаў на апошняй вячэры й як я прывёў яму параўнаньне з колам, якое ня можа зьмяніць сваю каляіну, а вось фурман, які кіруе валамі, можа яе зьмяніць. Як жа мне гаварыць яму супроць Бацькі, кажу я, калі яны ёсьць адно, Бацька й Сын, зь Сьвятым Духам як трэцім у зьвязцы?
781 Але я сказаў: Калі мы сустрэліся з табою ў пустыні й ты быў голы й пакінуты, павёў я цябе на высокую гару й паказаў табе царствы сьвету й як у кожным зь іх панавала беззаконьне, і сказаў я табе, ты павінен узяць гэта пад сваю руку й ніз перавярнуць угору, бо прыйшоў час узьвесьці сапраўднае царства Божае. Але ты прагнаў мяне й сказаў, што тваё царства не ад сьвету гэтага. І зноў на яго твары была гэтая ўсьмешка, пра якую ніхто ня мог бы сказаць, журботлівая яна ці іранічная, і ён адказаў: Ты сказаў. Але я гаварыў далей: І калі ты шукаў ценю ў маіх дзьвярах, ідучы на Галгофу, з крыжам на плячах, я загаварыў з табою пра меч Божы, які я хацеў падаць табе, каб ты згуртаваў вакол сябе народ Ізраіля і павёў яго на бітву. Але ты зноў прагнаў мяне й сказаў, што хочаш выпіць чару, якую даў табе твой Бацька.
782 Слухай, сказаў ён, я вісеў на крыжы на пагорку Галгофе ў дзённую сьпёку й разважаў, пакуль яшчэ кроў была ў маім мозгу, і пра тое, што ты мне сказаў; але ня дзеля гэтых мэтаў паслаў мяне Бацька, а каб я адпакутаваў і памёр, каб спраўдзілася слова й прыйшло царства для ўсіх. І вось устаў я перад ім і спытаўся: І спраўдзілася слова? І прыйшло царства? Ён маўчаў. І сьвятло, у якім ён сядзеў на троне, перамянілася, і бляск заміранасьці зьнік зь яго аблічча, і ён павярнуў галаву, каб глянуць за сабою, быццам там нехта стаяў і падслухваў. І зноў спытаўся я: Прыйшло яно, царства? І вось адкрыў ён вочы свае шырока, як у страху, і ўсклікнуў: Адыдзі ад мяне, сатана! Але я засьмяяўся і сказаў: Я ня той, з кім ты гаворыш, хоць многае зьвязвае мяне зь Люцыпарам; я іншы анёл, які ведае ісьціну. Ісьціна, сказаў ён, у Богу.
783 Рабі, адказаў я, вера, якая перастаўляе горы, горы ж і стварае; ты толькі павінен цьвёрда верыць, тады ты знойдзеш Бацьку. І вось, рассунулася шэрань перад нашымі вачыма, і зазьзяла сьвятло, і асьвятліла нам шлях, і падняўся палац у канцы шляху, і быў ён з золата й срэбра й кедровай драўніны, усё каштоўнага вырабу, і каля сямі брамаў палаца стаялі сем брамнікаў у латах, і ў кожнага быў агнявы меч; але рабі прайшоў празь сёмую браму ў сёмую залу, у якой стаяў трон з каштоўных камянёў, якія блішчалі ўсімі колерамі сьвету, і на троне сядзеў нехта, ён быў апранены ў бліскучы шоўк і быў прыгожы, як анёл, з кучаравымі валасамі, на пальцах пярсьцёнкі, і сказаў: Я цар цароў, і я даўно ўжо чакаю цябе, сыне мой. Рабі, сказаў я, калі той там твой Бацька, пагавары зь ім. Але рабі сказаў: Гэты для мяне нішто.
784 Рабі, зноў сказаў я, калі той там твой Бацька, пагавары зь ім. Але рабі сказаў: І гэты для мяне нішто. І сказіў гнеў твар у сьвятога сьвятых, і сем яго сьвятароў падышлі й схапілі рабі й выгналі яго прэч зь сёмага двара ў пустыню. Але шлях, асьветлены нам сьвятлом, зрабіўся вузешы й круцейшы, і абапал яго разьзеўрыліся прорвы; а ў канцы шляху ляжаў камень, на якім сядзеў Нехта, які быў вельмі стары й трымаў у руцэ кій і пісаў на пяску пад сваімі нагамі канцом кія. І я сказаў трэйці раз: Рабі, калі той там твой Бацька, пагавары зь ім. Але рабі нізка схіліўся да таго, што пісаў, і спытаўся: Што ты тут робіш, стары? Але той сказаў, не даючы перашкодзіць сабе ў працы: Ці ж ты ня бачыш, што я пішу Кнігу жыцьця за сямю пячаткамі, сыне мой? Але ты пішаш яе на пяску, сказаў рабі, і прыйдзе вецер і ўсё садзьме.
785 Гірш: Званіла жанчына. Яна гэта заўважыла, калі па радыё білі званы. Была вялікая кампанія. А як па радыё далі званы, яна хацела сказаць тост, а яго не было. А перад тым яшчэ быў. Тады пачалі шукаць. І знайшлі пралом. Служба: А ён што, не мог пайсці праз дзверы? Гірш: Я спытаўся і ў жонкі. А яна сказала, навошта ж тады пралом? Тады я паехаў на Ляйпцыгештрасэ з таварышам Рудэльманам. Служба: І?.. Гірш: Стаяў натоўп каля дома. І сапраўды там быў вялікі пралом, чорная дзірка там, наверсе, добра відаць. Але ўнізе не было нічога, ніякага трупа, ні крыві на бруку, нічога. Служба: А ў кватэры? Гірш: Пралом быў цёмны па краях, як бы апалены, быццам сцяну прашыла ракета, з адпаведнай тэмпературай. Але госці кажуць, што нічога не чулі, ні стрэлу, ні выбуху. Яно канечне, вонкі ж быў феерверк, грукату хапала.
786 Што чалавек можа ісьці няправільным шляхам і ўпадаць у памылкі; ці ж за гэта ён робіцца чортавым і павінен быць пракляты на векі вечныя? Так, я памыляўся, бо я намагаўся пабудаваць на зямлі царства, якое сутнасьцю падобнае да нябеснага, дзе мае значэньне толькі адна рада і ўсё робіцца паводле адной волі; чалавек не павінен хацець чыніць, падобна Богу, ён толькі жменька праху. І паколькі Лёйхтэнтрагер складвае рукі на грудзях і маўчыць, пакуль жыд ківае так, быццам успамінае словы, сказаныя ім Ісусу, калі той падышоў да ягоных дзьвярэй, Айцэн падазрае, што ён на правільным шляху, і калі крыху патрэніруецца ў самапрыніжэньні, альбо наогул знойдзе каго-небудзь, на каго мог бы перакласьці сваю віну, яму, дадаўшы крыху лёгкай рыторыкі, удалося б пазьбегнуць выраку, які яму пагражае, альбо, прынамсі, памякчыць яго.
787 Прабач, што звяртаюся ў справе, вырашаць якую маеце права толькі ты і твой бацька. Я ведаю, дарагое дзіця, што ты пазбываешся сервізу і срэбра, бо сама, зрэшты, мне пра гэта казала. Ведаю я таксама і тое, што знайшоўся пакупнік, які прапануе вам пяць тысяч рублёў, а гэта, паводле майго меркавання, мала, хоць у цяперашні час цяжка спадзявацца на большае. Пасля размовы, аднак, наконт гэтага з Кшэшоўскаю, я пачынаю непакоіцца, каб цудоўныя фамільныя каштоўнасці не перайшлі ў нявартыя іх рукі. Мне б хацелася гэта прадухіліць, дык я прапаную табе, калі згодзішся, тры тысячы рублёў пазыкі пад заклад памянёнага сервізу і срэбра. Мяркую, што цяпер лепш яму захоўвацца ў мяне, калі твой бацька мае такія клопаты. Забраць зможаш, калі захочаш, а ў выпадку маёй смерці нават не трэба будзе вяртаць пазыку.
788 Панну Ізабэлу ахоплівае нервовая ўзбуджанасць, яна ліхаманкава стараецца засяродзіць думкі, напружвае памяць, каб адгадаць, што значыць карта, якую трымае гэты чалавек. Ці гэта грошы, якія той прайграў яе бацьку ў пікету? Хіба, не. Можа, гэта ахвяраванне таварыству дабрачыннасці? І гэта не тое. Можа, тая тысяча рублёў, якую ён даў на цётчын сіроцкі прытулак, ці, можа, гэта чэк на фантан, птушак і дываны для ўпрыгожання Труны Гасподняе?.. Таксама не, нішто з гэтага яе не трывожыла б. Паступова панну Ізабэлу апаноўвае жах. Можа, гэта вэксалі яе бацькі, якія нядаўна нехта выкупіў?.. Тады, як толькі атрымае грошы за срэбра і сервіз, яна сплаціць гэты доўг у першую чаргу і будзе вольная ад такога крэдытора. Але чалавек, ахутаны дымам, працягвае глядзець ёй у вочы і карты не кідае. Дык, можа... Ах!..
789 Нарэшце, ён дабраўся да месца і зноў прайшло з дзесяць хвілін, пакуль слуга вярнуўся з касы з білетам. Каляску акружыў натоўп бясплатных гледачоў, і Вакульскаму здавалася, што ў шматгалосай гамане ўсе размовы толькі пра яго кабылу і кпіны з купца, які бавіцца скачкамі. Нарэшце каляску прапусцілі ў сярэдзіну кола. Вакульскі саскочыў на зямлю і пашыбаваў да свае кабылы, стараючыся ўдаваць абыякавага гледача. Пасля доўгіх пошукаў ён знайшоў яе на сярэдзіне поля для скачак, а пры ёй паноў Мілера і Шульца, а таксама жакея з тоўстаю цыгараю ў зубах, у жоўтай з блакітным шапцы і ў паліто, накінутым на плечы. Кабыла яго на вялізным полі сярод незлічонага тлуму падалася яму гэткаю малою і лядашчаю, што ў роспачы ён хацеў ужо ўсё кінуць і вярнуцца дадому. Але фізіяноміі паноў Мілера і Шульца яснелі надзеяй.
790 Шкада толькі, што амаль адразу ж у яе паклонніку азваўся сапраўдны нуварыш, які кінуў на квесце цэлы скрутак паўімперыялаў. Ах, як гэта было па-купецку!.. І як ён ані слова не разумее па-англійску, нават уяўлення не мае пра мову, гэтак модную цяпер!.. Трэцяя фаза. Яна пабачыла Вакульскага ў салоне цёткі на першы дзень Вялікадня і заўважыла, што ён на галаву вышэйшы за ўсіх у таварыстве. Арыстакраты самі імкнуліся пазнаёміцца з ім, а ён, гэты брутальны нуварыш, адрозніваўся ад іх, як агонь ад дыму. Хадзіў ён там нязграбна, але ўпэўнена, нібы салон быў яго неаспрэчнаю ўласнасцю, і са змрочным выглядам слухаў кампліменты, якія гучалі з усіх бакоў. Потым паклікала яго да сябе самая важная з матрон, старшынёва, і праз некалькі хвілін размовы горка заплакала... Няўжо гэты нуварыш з чырвонымі рукамі?
791 Ва ўсякім разе, нагадваў бы Тросці, палкоўніка стральцоў, і, сапраўды, скульптуру гладыятара-пераможцы. Тым часам ад панны Ізабэлы аддаліліся амаль усе. Праўда, старыя паны яшчэ засыпалі яе кампліментамі пра яе прыгажосць і элегантнасць, затое маладыя, асабліва тытулаваныя ды заможныя, ставіліся да яе з прахалодаю і стрымана, а калі яна, стомленая ад адзіноты і банальнасцяў, крыху жывей да некага з іх азывалася, дык той пазіраў на яе з яўным страхам, нібыта баяўся, што яна схопіць яго за карак і зараз жа пацягне да алтара. Салоннае жыццё панна Ізабэла любіла да смерці, сысці з яго магла толькі ў магілу, але з кожным годам, а нават месяцам, яна ўсё больш пачынала пагарджаць людзьмі, бо не разумела, як кабету гэткае прыгажосці, дабрыні і выхавання свет пакідаў толькі з-за таго, што яна засталася без грошай!..
792 Яны з паннаю Ізабэлаю пакінулі кабінет і перайшлі ў салон. З уласціваю ёй выключнай грацыяй яна села ў фатэль, паказваючы яму на другі, які стаяў усяго за пару крокаў. Вакульскаму, калі ён апынуўся з ёю сам-насам, кроў стукнула ў галаву. Яго ўзбуджанасць узрасла, калі ён заўважыў, што панна Ізабэла глядзіць на яго нейкім дзіўным позіркам, нібы жадаючы дасягнуць ажно дна ягонай душы і прываражыць да сябе. Гэта ўжо не была панна Ізабэла з велікоднае квесты, нават не тая, са скачак, гэта была ўжо асоба, якая ўсё разумее і ўсё адчувае, якая мае да яго важнае пытанне і сама хоча нешта асаблівае яму паведаміць. Вакульскаму гэтак важна было, што яна скажа, і ён гэтак страціў панаванне над сабою, дык, здаецца, забіў бы кожнага, хто ў гэты момант перашкодзіў бы ім. Ён глядзеў на панну Ізабэлу моўчкі ды чакаў.
793 Словам, пачаўся гэткі вэрхал у доме, што Ясь Мінцаль спаў з цела, хоць піў усё больш піва, а я ўжо думаў: адно з двух... або звольнюся ад Мінцля, або адмоўлю ў кватэры Вакульскаму. Адкуль, ліха на яе, даведалася пра маю заклапочанасць пані Малгажата? Уявіць сабе не магу. Але зайшла яна раз увечары да мяне ў пакой, заявіла, што я яе вораг і, відаць, вельмі паганы чалавек, калі адмаўляю гэткаму добраму чалавеку, як Вакульскі... Потым яна заявіла, што яе муж паганы, што Вакульскі паганы, што ўсе мужчыны паганыя і, нарэшце, на маёй уласнай канапе пачаліся ў яе канвульсіі. Сцэны гэткія паўтараліся ўжо ледзьве не кожны дзень, і не ведаю, да чаго б дайшло, каб не паклаў ім канец адзін з самых дзіўных выпадкаў, якія давялося мне бачыць. Аднаго разу запрасіў мяне з Вакульскім да сябе на вечар Махальскі.
794 Але тут іншыя густы... Гэтак я рады, што ты прыехаў, пяцьдзясят тысяч рублёў, ці нават больш, нешта сабой уяўляюць... Вось, бачыш, Опера, а вось бульвар Капуцынаў, а вось і наша хата. Вакульскі бачыць вялізны шасціпавярховы гмах у форме кліна, абкружаны жалезнаю балюстрадаю на вышыні трэцяга паверха, які стаіць на шырокай вуліцы, абсаджанай не вельмі старымі дрэвамі, поўнай омнібусаў, калясак, людзей конных і пешых. Рух такі, нібы палова Варшавы раптам пабегла паглядзець на нейкі выпадак, а вуліца гладкая, як падлога. Ён бачыць, што знаходзіцца ў самым цэнтры Парыжа, але не адчувае ані ўзрушанасці, ані цікаўнасці. Усё яму абыякава. Каляска заязджае ў прыгожую браму, лёкай адчыняе дзверцы, яны выходзяць. Сузін бярэ Вакульскага пад руку і заводзіць у малы пакойчык, які праз момант пачынае падымаць іх угару.
795 Абыякавы назіральнік мог бы назваць гэткія дні аднастайнымі і нават нуднымі. Ахоцкі хадзіў пахмурны і з ранку да вечара або клеіў, або запускаў арыгінальнае формы лятаўцы. Пані Вансоўская з паннай Феліцыяй чыталі або шылі рызы для мясцовага пробашча. Старскі са старшынёвай і баронам гулялі ў карты. Гэткім чынам, Вакульскі і панна Ізабэла не толькі засталіся самі па сабе, але мусілі быць пастаянна разам. Яны хадзілі па парку, часам па полі, сядзелі пад стогадоваю ліпаю на падворку, але часцей плавалі на чоўне па сажалцы. Ён веславаў, яна час ад часу крышыла печыва лебедзям, якія ціха плылі за імі. Не адзін падарожны затрымаўся на гасцінцы за сажалкаю, каб паглядзець на незвычайную кампазіцыю, якую яны ўтваралі: белы човен, а ў ёй пара, і побач два белыя лебедзі з крыламі, паднятымі, як ветразі.
796 Панна Ізабэла слухала яго з усмешкаю. Яна не хацела развейваць бацькавы ілюзіі, але была ўпэўненая, што рой візіцёраў ушаноўвае яе, не бацьку. Вось жа, пан Навіньскі, самы элегантны распарадчык баляў, найчасцей танцаваў з ёю, не з бацькам. Пан Мальбарг, узор добрых манер і аракул моды, з ёю гутарыў, не з бацькам. А пан Шастальскі, прыяцель гэтых дваіх, не з-за бацькі, а з-за яе адчуваў сябе няшчасным ды несуцешным. Пан Шастальскі выразна прызнаўся ёй у гэтым і, хоць не быў лепшым танцорам, як пан Навіньскі, ды аракулам моды, як пан Мальбарг, быў усё ж прыяцелем паноў Навіньскага і Мальбарга. Жыў ён побач з імі, разам з імі абедаў, разам з імі замаўляў сабе англійскія або французскія гарнітуры, а дамы сталага веку, якія не маглі заўважыць за ім нічога выключнага, называлі яго, прынамсі, паэтычнаю натураю.
797 Ён здаваўся мне адным з тых людзей, якія ўяўляюць у грамадстве сілу, што творыць дабро і карае нягоднікаў. Абысціся з Марушэвічам так, як Вакульскі, мог кожны ксёндз... Баюся, гэты чалавек траціць сваю энергію. Насамрэч Вакульскі не страціў энергіі, але шмат у чым змяніўся. Напрыклад, крамаю ён не займаўся, нават адчуваў агіду да яе, бо тытул галантарэйнага купца шкодзіў яму ў вачах панны Ізабэлы. Але ён пачаў больш займацца суполкаю гандлю з імперыяй, бо яна прыносіла вялікі даход, і гэтым павялічвала маёнтак, які ён збіраўся ахвяраваць панне Ізабэле. З тае хвіліны, калі ён папрасіў рукі і атрымаў згоду, апанавала яго дзіўнае замілаванне і спагадлівасць. Яму здавалася, што ён не толькі не мог зрабіць нікому прыкрасці, але нават сам не мог бараніцца ад крыўдаў, калі яны не тычыліся, вядома, панны Ізабэлы.
798 Мне і праўда нядужыцца, хоць Шуман кажа, што ўсё добра. Забараніў ён мне піва, каву, віно, шпаркую хаду, хваляванне... Разумнік!.. Гэтакі рэцэпт і я здолею выпісаць, а паспрабуй ты яго выканаць... Ён размаўляе са мною так, нібы мае падазрэнне, што я занепакоены лёсам Стаха. Дзівак чалавек!.. Хіба Стах не паўнагадовы або ці не развітваўся я з ім на сем гадоў? Гады мінулі, Стах вярнуўся і зноў пачаў шукаць прыгодаў. І цяпер так будзе: як нечакана знік, гэтак нечакана і вернецца. Але як цяжка жыць на свеце. І часта я думаю: ці сапраўды ёсць план, паводле якога чалавецтва рухаецца да лепшага, або яно проста сунецца туды, куды цягне большая сіла?.. Калі добрыя бяруць верх, тады свет рухаецца да дабра, а калі галганы мацнейшыя, дык усё ідзе да кепскага. А скончаць і злыя, і добрыя жменяю попелу.
799 Застаўшыся адзін пасярод непрыветнай цішы і спакою ў цёмнай краме трунара, Олівер даў волю пачуццям; можна сабе ўявіць, якія пачуцці абудзіліся ў зусім яшчэ дзіцячай душы Олівера. З пагардай выслухоўваў ён крыўдныя рэплікі, без адзінай слязінкі выносіў лупцоўку, таму што адчуваў, што яго сэрца поўніцца гонарам, які даў бы яму сілы маўчаць да апошняга, нават калі б яго пачалі смажыць жыўцом. Але цяпер, калі яго ніхто не чуў і не бачыў, ён упаў на калені і, хаваючы твар у руках, заплакаў так, як мала хто ў такім узросце меў падставу плакаць; такія слёзы пасылае Бог дзеля выкуплення грахоў нашых. У такой паставе Олівер заставаўся доўгі час. Калі ён узбіўся на ногі, свечка ў падсвечніку ўжо дагарала. З перасцярогай аглядаючыся і ўважліва ўслухоўваючыся, ён паціху адамкнуў дзверы і выглянуў на вуліцу.
800 Хоць Олівер ужо не спаў, але ён яшчэ не прачнуўся як мае быць. Бывае такі дрымотны стан паміж сном і чуваннем, калі вы з напаўраскрытымі вачыма, напалову ўсведамляючы ўсё, што адбываецца навокал, сніце за пяць хвілін больш, чым за пяць начэй са шчыльна заплюшчанымі вачыма і свядомасцю, моцна спавітай непрытомным сном. У такую часіну смяротнаму дастаткова толькі ведаць, чым заняты ягоны розум, каб займець першаснае, цьмянае ўяўленне пра свае магутныя магчымасці, пра тое, як ён можа вызваліцца з-пад улады зямлі і адрынуць час і прастору, вольны ад повязяў, накінутых цялеснай абалонкай. Олівер якраз і быў у такім стане. Ён бачыў габрэя напаўзаплюшчанымі вачыма, чуў нізкі гук свісту, пазнаваў стук лыжкі аб сценкі рондаля, і ў той самы час яго свядомасць напружана аднаўляла вобразы бадай што ўсіх, каго ён ведаў.
801 Калі-нікалі ён спыняўся то ля агменя, то ля дзвярэй, падаючы выгляд, нібыта ён з усяе сілы разглядае вітрыны. У гэты час ён абавязкова азіраўся, баючыся злодзеяў, і па чарзе шлёпаў па ўсіх сваіх кішэнях, каб упэўніцца, што нічога не згубіў. І ўсё гэта так натуральна і камічна, што Олівер рагатаў, аж пакуль слёзы не пакаціліся па твары. Увесь гэты час хлопчыкі не адставалі ад яго, а калі ён азіраўся, то тыя гэтак спрытна знікалі з поля зроку, што нельга было ўсачыць. Нарэшце Махляр наступіў яму на нагу, а можа, і выпадкова за яго зачапіўся, а Чарлі Бэйц наскочыў на яго ззаду, і за гэты адзін момант яны паспелі зняць з яго табакерку, нататнік, гадзіннік, ланцужок, шпільку, насоўку, нават акулярніцу. Калі стары джэнтльмен адчуваў, у якой кішэні рука, то ён крычаў, у якой, і гульня пачыналася спачатку.
802 Калі стары пайшоў, Олівер абапёрся галавой на рукі і з трымценнем у сэрцы думаў пра тое, што толькі што пачуў. Чым больш ён разважаў пра габрэева папярэджанне, тым менш зразумелым станавіўся для мальца ягоны сэнс. Ён не мог даўмецца, чаму яго хочуць дзеля ўчынення чагосьці дрэннага паслаць да Сайкса і чаму гэта не зможа адбыцца, калі ён застанецца ў Фэджына. Пасля доўгіх разваг ён прыйшоў да высновы, што яго адсылаюць да хатняга злодзея, каб ён выконваў там паўсядзённую брудную працу да таго часу, пакуль не знойдуць іншага хлопчыка, больш прыдатнага для гэтых мэтаў. Ён перанёс шмат пакутаў і зашмат пакутаваў тут, каб наракаць на нейкую перамену і перажываць праз яе. Некалькі хвілін ён быў заглыбіўся ў роздум, потым цяжка ўздыхнуў, зняў са свечкі лішні воск і пачаў чытаць кніжку, якую яму пакінуў габрэй.
803 Потым конюху было загадана адпусціць каня, а калі яго адпусцілі, той пакарыстаўся з гэтага скрайне непрыемным чынам: ён з выразам вялікай пагарды матляў галавой, на другім баку вуліцы заглянуў у некалькі вокнаў; учыніўшы гэтыя подзвігі, ён падняўся на дыбы, потым панёс і з грукатам вылецеў на гасцінец. Ноч была вельмі цёмная. Над ракой і балацянкай вакол яе падымаўся туман і расцякаўся голымі палямі. Холад працінаў да касцей, панаваў пануры змрок. Ніхто не казаў ні слова. Вазніцу пацягнула на сон, а ў Сайкса не было настрою, каб завязваць размову. Олівер, скукожыўшыся, сядзеў у кутку вазка, прыгнечаны страхам і кепскімі прадчуваннямі: яму мроіліся нейкія злавесныя здані замест ніцых дрэў, голле якіх паважна гойдалася, быццам у нейкім вымарачным захапленні ад пагрозлівай змрочнасці краявіду.
804 Сядзелка выканала ўказанне, хітаючы між тым галавой: жанчына, маўляў, не памрэ так лёгка. Потым яна падсела да другой сядзелкі, якая на той час ужо вярнулася. Місіс Корні з нецярплівым выглядам захуталася ў сваю шарсцяную хустку і села ў нагах ложка. Вучань аптэкара, закончыўшы вытворчасць зубачысткі, усеўся перад агменем і грунтоўна выкарыстоўваў інструмент на працягу хвілін дзесяці, а можа, і болей; потым ён, відаць, занудзіўся, пажадаў місіс Корні плёну ў працы і на пальчыках выйшаў. Нейкі час усе сядзелі моўчкі. Абедзве старыя ўсталі ад ложка і пайшлі да агменя. Схіліўшыся над цяпельцам, яны цягнулі свае выпетралыя рукі да агню, каб улавіць якога цяпла. Полымя высвечвала на іх маршчакаватых тварах вычварныя цені; іх агіднасць выглядала проста страшнай. Старыя пачалі пра нешта перашэптвацца.
805 Годны джэнтльмен гэтак з хвіліну трымаў полаг у руцэ і моўчкі глядзеў на хлопчыка. Пакуль ён назіраў за пацыентам, маладая лэдзі праслізнула міма яго, прысела на крэсла збоку ложка іадкінула Оліверавы валасы з ягонага лба. Калі яна нахілялася над ім, яму на лоб упала некалькі яе слязінак. Хлопчык паварушыўся і ўсміхнуўся ўва сне, як быццам гэтая праява жалю і спачування навеяла яму прыемны сон любові і патолі, якіх ён ніколі не ведаў; так лагодная музыка, цурчанне вады ў цішыні, водар кветкі або нават згадка пра знаёмае слова часамі выклікаюць раптоўны няпэўны ўспамін пра тое, чаго ў гэтым жыцці ніколі не было і што знікае, як дыханне, абуджанае нейкай кароткай думкай пра больш шчаслівае існаванне, якое прамінула ўжо даўно і якое нельга выклікаць ва ўяўленні, спецыяльна напружваючы дзеля гэтага свой розум.
806 Хутка надышлі прыцемкі. Ён вярнуўся дадому, нагружаны кветкамі, якія збіраў з асаблівай стараннасцю, каб упрыгожыць імі пакой хворай. Ён бадзёра крочыў па дарозе і тут пачуў, што ззаду едзе нейкі экіпаж і што набліжаецца ён з шалёнай хуткасцю. Олівер азірнуўся і ўбачыў, што да яго хутка набліжаецца паштовая карэта; паколькі коні імчалі галопам, а дарога была вузкая, ён прыціснуўся да брамы, каб прапусціць экіпаж. Калі карэта праязджала паўз яго, Олівер паспеў заўважыць мужчыну ў доўгім начным каўпаку, твар якога падаўся яму знаёмым; аднак экіпаж прамільгнуў так хутка, што ён не паспеў пазнаць чалавека. Праз секунду ці дзве каўпак высунуўся ў акно карэты, і гучны голас загадаў кучару спыніцца, што той выканаў, як толькі яму ўдалося ўправіцца з коньмі. Той самы голас аклікнуў Олівера па імені.
807 Так яны імчаліся наперад, ні разу не спыніўшыся, каб аддыхацца, пакуль іхні лідэр не павярнуў на ўказаны Оліверам куток поля і не пачаў уважліва абшукваць канаву і агароджы, якія да яе прымыкалі. Гэта дало іншым час яго дагнаць, а Олівер змог расказаць містэру Лосбэрну пра абставіны, якія спрычынілі такую імклівую пагоню. Аднак пошукі не далі ніякіх вынікаў. Не было нават якіх-небудзь свежых слядоў. Цяпер усе стаялі на невысокім узвышшы, адкуль можна было агледзець навакольныя палі на тры-чатыры мілі. Злева ў лагчыне знаходзілася вёска, але каб дабрацца да яе па дарозе, указанай Оліверам, прыхадням трэба было б зрабіць круг па адкрытай мясцовасці, і яны наўрад ці маглі б схавацца за такі кароткі час. З другога боку луг межаваў са старым густым лесам, але і там яны не маглі праскочыць незаўважанымі.
808 Рыззё, якое было на іх апранутае, мела на ўвазе дзве мэты: абараніць ад дажджу і не прыцягваць увагі дапытлівых вачэй. Муж трымаў у руках ліхтар, які, аднак, не свяціў, і трухаў на некалькі крокаў паперадзе, быццам хацеў даць магчымасць жонцы ступаць у яго глыбокія сляды: дарога была гразкая. Яны ішлі ў поўным маўчанні; час ад часу містэр Бамбл запавольваў хаду і паварочваў галаву, быццам хацеў упэўніцца, што ягоная спадарожніца яшчэ ідзе следам; потым, убачыўшы, што яна амаль наступае на пяты, ён паскараў хаду і яшчэ шпарчэй рушыў да месца прызначэння. Рэпутацыя гэтага месца не выклікала сумненняў: даўно ўжо яно было вядомае як прытулак для розных нягоднікаў, бандзюгаў, якія рабілі выгляд, быццам жывуць са сваёй працы, а насамрэч падтрымлівалі існаванне галоўным чынам за кошт рабункаў і злачынстваў.
809 Неўзабаве пасля вяселля маладых людзей шляхетны доктар вярнуўся ў Чэрсі, дзе, пазбаўлены ўзаемінаў са сваімі старымі сябрамі, ён мог бы захандрыць, каб быў схільны да гэтага з-за свайго тэмпераменту, і мог бы стаць старым буркатуном, калі б ведаў як. Два ці тры месяцы ён абмяжоўваўся намёкамі, што баіцца, ці не пашкодзіць мясцовы клімат яго здароўю, потым упэўніўся, што месца гэтае перастала быць для яго тым, чым было раней, і перадаў сваю практыку памочніку, пасяліўся ў халасцяцкім асабняку на выселках ля вёскі, дзе яго малады сябра быў святаром, і адразу ж выздаравеў. Тут ён пачаў займацца садаводствам, пасадкай дрэваў, рыбалоўствам, сталярствам, а таксама многімі іншымі справамі накшталт гэтых, і ўсё гэта з характэрным імпэтам, і ў кожнай справе ён стаў адным з найбольшых аўтарытэтаў ва ўсёй акрузе.
810 Госць, аднак-жа, закрануў больш падзеі ўнутранага свету. Прыраўняў сваё жыццё да судна пасярод мораў, якое гоняць адусюль вераломныя вятры; успомніў пра тое, што павінен быў перамяніць многа пасад, што многа пацярпеў за праўду, што нават само жыццё яго было не раз у небяспецы з боку ворагаў, і многа яшчэ расказаў ён такога, што паказвала яго хутчэй як практычнага чалавека. У заканчэнні прамовы, высмаркаўся ён у белую батыставую хустачку так гучна, як Андрэю Іванавічу яшчэ і не здаралася чуць. Часамі трапляецца ў аркестры такая пройда-труба, якая калі рэзне, дык здасца, што грымнула не ў аркестры, але ва ўласным вуху. Такі вось гук пачуўся ў абуджаных пакоях дрымотнага дома, і зараз-жа ўслед за ім павеяў водар адэкалона, які быў непрыкметна пашыраны спрытным патрэсваннем насавой батыставай хустачкі.
811 Акрамя таго, мяне мучыла жаданне даведацца што-небудзь пра гэтага незвычайнага пасажыра; я прагледзеў суднавыя спісы ў пошуках прозвішча, прыглядваўся да людзей, намагаўся адгадаць, ці маюць яны да яго дачыненне; цэлы дзень я быў ва ўладзе ліхаманкавага нецярпення і чакаў вечара, спадзеючыся зноў сустрэцца з незнаёмым. Псіхалагічныя загадкі неадольна прыцягваюць мяне; яны хвалююць надзвычайна, і я не супакойваюся, пакуль мне не ўдаецца раскрыць іх таямніцу; людзі з дзівацтвамі адною сваёю прысутнасцю могуць выклікаць у мяне такую прагу заглянуць ім у душу, якая не шмат чым адрозніваецца ад неадольнага жадання жанчыны завалодаць чым-небудзь. Дзень здаўся мне бясконца доўгім. Я не мог знайсці сабе ніякага занятку. Я рана лёг спаць, бо ведаў, што апоўначы прачнуся, што нейкая сіла разбудзіць мяне.
812 І барон, дасведчаны ў такога роду справах, заўважыў у Эдгаравай маці адзнакі гэтага небяспечнага вагання. Яна ніколі не ўспамінала ў размове пра мужа і амаль не ведала ўнутранага жыцця дзіцяці. Цень нуды, завуаляваны меланхоліяй, ляжаў на яе міндалепадобных вачах і толькі крыху прыглушаў захаванае ў іх палкае пачуццё. Барон вырашыў ісці да мэты імкліва і разам з тым не выказваць ніякай паспешнасці. Наадварот, як рыбак, што прынаджвае здабычу і адпускае лёску, ён разыгрываў абыякавасць, каб прымусіць яе імкнуцца да збліжэння, хоць сапраўды імкнуўся да яго сам. Ён вырашыў паводзіць сябе крыху высакамерна, падкрэсліваць адрозненне ў грамадскім становішчы; яго спакушала думка авалодаць гэтай пышнай спелай прыгажуняй, разлічваючы толькі на свой выгляд, гучнае арыстакратычнае імя і халоднае абыходжанне.
813 Ён засыпаў захопленага знянацку барона, які не хаваў свайго кепскага настрою, сотняй надакучлівых дзіцячых пытанняў. Да іх ён дамешваў бурнае выяўленне сваёй любові, не помніў сябе ад шчасця, што, нарэшце, ён зноў сам-насам са сваім сябрам, якога чакаў з самага ранку. Барон адказваў непрыветліва. Гэтае вечнае высочванне, наіўныя хлопчыкавы пытанні і яго празмерная, няпрошаная любоў рабіліся для яго цяжарам. Яму надакучыла дзень пры дні важдацца з дванаццацігадовым дзіцём і балбатаць усякую лухту! Барон хацеў цяпер толькі аднаго: каваць жалеза, пакуль гарачае, застацца з Эдгаравай маці сам-насам, а гэта з-за хлопчыкавай назойлівасці было нялёгкаю задачаю. Упершыню ён падумаў з прыкрасцю, што зрабіў неасцярожна, узбудзіўшы такое гарачае сяброўства, але пакуль што ён не бачыў, як адвязацца ад дакучлівага сябра.
814 Пэўна, яны цяпер смяюцца з мяне, праклятыя, але апошні буду смяяцца я. Як недарэчна, што я дазволіў замкнуць сябе тут, даў ім волю хоць на хвілінку, замест таго каб прыліпнуць да іх і сачыць за кожным іх рухам. Я ведаю, дарослыя наогул вельмі неасцярожныя, і яны таксама выдадуць сябе. Яны заўсёды думаюць, што дзеці яшчэ зусім маленькія і ўвечары моцна спяць. Яны забываюць, што можна прыкінуцца сонным і падслухоўваць, што можна прыкінуцца дурным, а быць вельмі разумным. Нядаўна, калі ў цёткі нарадзілася дзіця, яны гэта ведалі загадзя, а пры мне прыкінуліся, што вельмі здзіўленыя. Але я таксама ведаў, бо даўно чуў іх размову, аднаго разу ўвечары, калі яны думалі, што я сплю. І цяпер я зноў злаўлю іх, нягоднікаў. О, каб мне толькі падгледзець, паназіраць за імі ў шчыліну цяпер, калі яны адчуваюць сябе ў бяспецы!
815 Цяпер жа ён, мабыць, апынуўся ў страшным свеце, і гэтая думка ўзрушыла яго да глыбіні душы. Хто такі таямнічы незнаёмы, які раптоўна ўварваўся ў іх спакойнае жыццё? Ці сапраўды ён забойца? Ён жа ўсё імкнуўся адасобіцца і стараўся заманіць маму ў цёмнае месца. Страшная небяспека пагражала ім. Што ж яму рабіць? Заўтра ён абавязкова напіша тату або пашле тэлеграму. Але ці не здарыцца жахлівае, страшнае, загадкавае цяпер, а не заўтра? Бо мамы ўсё яшчэ няма ў пакоі, яна ўсё яшчэ з гэтым ненавісным чужым чалавекам. Паміж унутранымі і лёгкімі знадворнымі дзвярамі быў вузкі прамежак, не шырэй за адзежную шафу. Уціснуўшыся ў гэты цёмны закутак, хлопчык прыслухоўваўся да крокаў у калідоры. Ён вырашыў ні на хвіліну не пакідаць маму адну. Калідор апоўначы быў пустэльны, яго цьмяна асвятляла адна лямпачка.
816 Пан Самуэль любіў пабурчэць, але, кажучы так, ён усё ж не перашкаджаў пастару лячыць зраненую душу выхаванца гаючымі казанямі. А калі слова Божае чаканай палёгкі так і не прынесла, пан маршалак узяўся за справу сам. Не даючы княжычу ні хвіліны для суму, Пуцята займаў увесь яго час рыцарскімі забавамі і муштрой. Зразумела, што Радзівілу было не да весялосці і ўсе забавы праходзілі без патрэбнага запалу і жадання, але выхавацель не адступаўся. Прыходзіў да хлопца на досвітку, быў з ім цэлы дзень, прыдумляючы новыя і новыя заняткі, і сыходзіў, калі Богусь быў такі знясілены ад стомы, што адразу ж засынаў, ледзь галава краналася падушкі... Час лечыць нават раны, якія здаюцца невылечнымі, і на твар Багуслава нарэшце вярнулася ўсмешка. Вядома, ён ціха абураўся чэрствасцю пана Самуэля, лічачы таго бяздушным паленам.
817 Ян трохі супакоіўся, але і за абедам, і за вячэрай падсвядома чакаў ад Саковіча якога-небудзь паскудства. Аднак дзень прайшоў на дзіва спакойна. Адам, здавалася, вырашыў, што сапраўды сам згубіў княжацкія лісты, быў маўклівейшы, чым звычайна, напэўна, у думках дакараючы сябе за няўважлівасць. У Невяроўскага трохі нядобра было на душы, бо пан Пуцята не толькі падрабязна распісаў князю-гетману гэты прыкры выпадак, але і даклаў аб дзеўцы, якую калісьці злавіў у пакоях Багуслава, а завяршыў сваё пасланне слёзнымі просьбамі, каб князь Крыштаф неадкладна пазбавіў пляменніка таварыства нявартага прыяцеля. Аднак пачуцце віны хутка прайшло, бо княжыч, даведаўшыся пра падступны ўчынак выхавацеля, адразу ж дараваў Адаму выпадак з лістамі і абвясціў абуранаму пану Самуэлю, што папросіць за Саковіча ў дзядзькі.
818 У справядлівасці гэтага сцвярджэння Багуслаў і яго спадарожнікі пераканалася ўжо ў Гданьску. Адтуль вандроўнікі меркавалі адплыць гандлёвым суднам да Любека, а там ехаць па сушы ў Нідэрланды, наведаўшы дарогай нямецкіх сваякоў князя. Але калатнеча з выплатай гандлёвага мыта паміж гданьцамі і каралеўскімі ўраднікамі прывяла да таго, што купецкія караблі баяліся заходзіць у порт, а тыя адчаюгі, што рашаліся выпрабаваць лёс, рабіліся закладнікамі. Падарожнікі два месяцы нудзіліся ў горадзе, чакаючы прыдатнага судна. А калі такое нарэшце знайшлося і выйшла ў мора, дык трапіла ў моцны шторм, які насіў іх па хвалях аж восем дзён. Ветразі былі безнадзейна сапсаваныя, і капітан аддаў загад вяртацца ў Гданьск. Праклінаючы ўсё на свеце, Радзівіл з таварышамі сышлі на бераг, ледзь трымаючыся на нагах.
819 І ў Пікардыі таксама неспакойна! На шчасце, сутыкненні паміж французскімі і габсбургскімі войскамі ў Пікардыі і Артуа на час падарожжа Багуслава спыніліся. Паназіраўшы, як французская армія трыумфальна ўваходзіць у здабыты ёю Эсдэн, князь без усялякіх прыгод працягнуў падарожжа. Падняўшыся ў Кале разам з шумным початам на борт нанятай галандскай шхуны, Багуслаў упэўнена падумаў, што за нейкі тыдзень ужо сыдзе на галандскі бераг. Але добры спадарожны вецер ператварыўся ў шторм. Некалькі дзён князю і яго людзям давялося качацца на хвалях у прасякнутай рыбным пахам каюце на жорсткіх, набітых багавіннем матрацах, стрымліваючы млоснасць, што падступала да горла. Калі шторм пачаў сціхаць, Багуслаў ледзь выпаўз на палубу хапянуць свежага паветра і з найвялікшым здзіўленнем убачыў перад сабой зямлю.
820 Пакуль у доме ліхвяра працягваліся баталіі, Стаброўскі з Невяроўскім адкрыта нудзіліся. Каб пазабаўляць сябе, Самуль пачаў шпурляць снежкі ў мінакоў, а калі тыя з гучнымі праклёнамі азіраліся ў пошуках вінаватага, рабіў выгляд, што гэта не ён. Зрэшты, хутка гэтая хлапечая забава яму надакучыла, ды і марозік пачаў прыпякаць. На шчасце, дом шаноўнага яўрэя стаяў проста на рынкавай плошчы, дзе заўсёды было поўна народу і можна было сагрэць душу віном і пацешыцца цікавым відовішчам. Сёння публіку забаўляў вучоны мядзведзь, які танцаваў на задніх лапах пад цыганскі бубен. Нацешыўшыся прадстаўленнем і сагрэўшыся ў бліжэйшым шынку, сябры паспяшаліся назад, каб не прапусціць Радзівіла. Князя яшчэ не было, а каля дома Майсеевіча стаялі багатыя сані, каля якіх хадзіла надзвычай прыгожая жанчына. Стаброўскі разявіў рот.

Связаться
Выделить
Выделите фрагменты страницы, относящиеся к вашему сообщению
Скрыть сведения
Скрыть всю личную информацию
Отмена